|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
ЮРАСЬ БАРЫСЕВІЧ. ПАМІЖ НЯМА Й НЯМА |
Лекцыя 1 |
Плян: 1. Форум як літаратурны жанр. 2. Нічыйнае сэрца. 3. Самвыдат і Інтэрнэт.
1. Літаратурныя форумы Яшчэ нядаўна літаратурнымі творамі лічыліся кнігі й публікацыі ў спэцыялізаваных, кантраляваных дзяржавай (ці рынкам), выданьнях. Але сама эпоха — крызыс кнігавыданьня й традыцыйных часопісаў — змусіла пашырыць сфэру літаратуры на новыя формы. Папяровая прастора беларускай літаратуры сёньня ўвачавідкі сьціскаецца: бальшыня выдавецтваў прыпыніла выпуск мастацкай літаратуры (за выключэньнем клясыкі), а літаратурныя часопісы альбо пазачыняліся, альбо трапілі пад жорсткі ідэалягічны кантроль (за выключэньнем, хіба, “Маладосьці”), і тым дыскрэдытавалі сябе ў вачох бальшыні ранейшых аўтараў і чытачоў. Галоўнае ж тое, што шмат хто з таленавітых аўтараў зьняверыўся (у словах і нават — ува ўласным існаваньні). З гэтага гледзішча выдае на тое, што айчынная літаратура аказалася ў найглыбейшым за апошнюю сотню гадоў крызысе. Аднак, з іншага,— менавіта ў наш час яна квітнее, як ніколі раней: паменшала аўтараў, прадукаваных твораў і чытачоў, затое заўважна пабагачала разнастайнасьць усяго памянёнага. Яшчэ ніколі ў беларускай літаратуры не зьяўлялася столькі таленавітых і адукаваных аўтараў, не было такога шырокага дыяпазону жанраў і тэм. Вызваленая ад манаполіі папяровага фармату, літаратура сёньня атабарваецца ў новых формах існаваньня, якія раней лічыліся другаснымі, прамежкавымі, альбо былі наагул недасяжнымі. Літаратары выстаўляюць свае творы ў мастацкіх галерэях, ладзяць пэрформансы, запісваюць магнітаальбомы й мультымэдыйныя дыскі, пішуць тэксты для радыё (яно цяпер сталася найбольш істотнай крыніцаю ганарараў), выдаюць самаробныя часопісы… Сярод новых жанраў — форумы ў Інтэрнэце (ня толькі тыя, на якіх абмяркоўваюцца ўласна літаратурныя праблемы). У Старадаўнім Рыме Форумам называлі палітычны цэнтар гораду й усяго Міжземнамор'я — плошчу, на якой адбываліся народныя сходы й публікаваліся (вывешваліся дзеля агульнага агляду) тэксты законаў. Журналісты ўжываюць гэты тэрмін, калі распавядаюць пра міжнародныя сустрэчы прадстаўнікоў навуковай, палітычнай ці бізнэс-эліты. Аднак зь нядаўняга часу словам “форум” найчасьцей называюць адзін з папулярных спосабаў грамадаваньня ў віртуальнай прасторы. Інтэрнэтаўскі форум нагадвае пашыраны колісь на замежных радыёстанцыях, а цяпер на тэлебачаньні жанр ток-шоў. Гэта свайго кшталту “Гайд-джунглі”, свабодная трыбуна, дзе кожны прысутны мае мажлівасьць публічна й, пры жаданьні, ананімна выказацца зь любой нагоды ці папросту ад няма чаго рабіць. Найбольш папулярныя тэмы — каханьне, палітыка, мясцовыя цікавосткі, героі шоў-бізнэсу. Некаторыя з гэтых завочных дыскусій доўжацца месяцамі, і лік удзельнікаў дасягае некалькіх дзясяткаў, а чытачоў — некалькіх тысяч. Каля паловы і аўтараў, і чытачоў жывуць у замежжы: для іх форумы — лепшы спосаб абмяняцца жыцьцёвым досьведам з былымі суайчыньнікамі (дый папрактыкавацца ў роднай мове). Зрэшты, нават тыя аўтары, што жывуць на радзіме, мала чым розьняцца ад эмігрантаў. На беларускіх сайтах гэта асабліва заўважна: шмат хто з удзельнікаў форумаў у рэальным жыцьці карыстаецца расейскай моваю, у Інтэрнэце ж пераходзіць на беларускую. Вялікую частку ўдзельнікаў форумаў (у тым ліку — літаратурных) складаюць праграмісты ды іншыя тэхнары: яны бавяць час у віртуальных спрачальнях, пакуль іхныя кампутары апрацоўваюць пастаўленыя задачы альбо выцягваюць патрэбныя праграмы (ці, напрыклад, пірацкія копіі кінафільмаў) з Інтэрнэту. Калі чытаеш форумы, прысьвечаныя сучаснай літаратурнай сытуацыі,— складаецца ўражаньне, што ледзь ня ўсе прысутныя ненавідзяць пісьменьнікаў і кнігавыдаўцоў, якія быццам бы марнуюць паперу на нічога ня вартыя творы. Пагарда да аўтарскіх правоў, прышчэпленая Інтэрнэтам, перацякае ў пагарду да аўтараў. Зрэшты, тыя нешматлікія пісьменьнікі, што любяць бавіць час на форумах, самі не вылучаюцца ветлівасьцю й павагай да чытачоў. Такая, мабыць, прырода ў завочна-публічных спрэчак празь Сеціва: ствараць атмасфэру “кірмашу пыхлівасьці” — псаваць паветра адносін паміж людзьмі. Адзін з найбольш цікавых форумаў на “Беларускай палічцы” зь “віндаўскай” назвай “Сьметнік” заснаваў гаспадар і мадэратар сайту Андрусь Жвір. Пачынаўся ён як калекцыя найбольш абразьлівых і “сьмярдзючых” рэплік, назьбіраных Жвірам на іншых форумах “Палічкі”, але паступова ў гэтай рубрыкі зьявілася каманда аўтараў (мабыць, зь ліку ахвяр юнацкіх боек у прыбіральнях). Глёбус параўноўвае “Сьметнік” то з музэем, то зь філязофскімі дыялёгамі Плятона. Удзельнікі форумаў, у бальшыні выпадкаў, абмяркоўваюць кнігі, якіх не чыталі й нават ня бачылі. Сучасная літаратура для іх абмяжоўваецца тымі творамі, якія можна знайсьці ў Інтэрнэце. Калі нічога на свой густ не знаходзяць,— абмяркоўваюць, напрыклад, унітазы, але не сыходзяць на іншыя, нелітаратурныя форумы: “Няма чаго абмяркоўваць, вось і гамонім пра ўнітазы” (Палівач). “Літара.нэт” стваралася, найперш, для абмеркаваньня кніжных навінак, але раз кнігі не чытаюцца (трэба яшчэ ўлічыць, што палова наведнікаў сайту жыве далёка ад Менску, і, нават маючы жаданьне, прачытаць тых кніг ня можа),— даводзіцца “перамываць косткі” ня тэкстам, дык аўтарам. А калі чалавеку й ёсьць што сказаць — у ананімна-публічным фармаце гэта рэдка атрымліваецца ўдала (паводле Ганны Кісьліцынай, гаварыць пра літаратуру на форумах — як займацца каханьнем у ліфце). “Літара.нэт” мусіла б займацца літаратурнай крытыкай, якой цяпер зусім мала ў папяровых выданьнях і на іншых сайтах, ды замест гэтага займаецца крытыкай літаратараў. На форумах нараджаецца шмат цікавых ідэй, але яны практычна ніколі не разьвіваюцца, прынамсі,— не вырастаюць за межы віртуальнай прасторы, амаль адразу патанаючы ў лаянцы й марнаслоўі. Атмасфэра карнавалу спрыяе гарэзьлівасьці, змушае практыкавацца ў дасьціпнасьці. Аднак разумець чужыя жарты тут яшчэ цяжэй, чым у рэальным жыцьці. Адсюль бясконцыя высьвятленьні адносін замест разьвіцьця тэмы, прапанаванай да абмеркаваньня. Сяргей Дубавец заснаваў на сайце litara.net, а потым перадрукаваў у часопісе “Дзеяслоў” калектыўнае аўтаінтэрвію “Мой народ”. Каб падтрымаць гутарку на форуме, культуроляг стварыў пэўную колькасьць віртуальных удзельнікаў дыскусіі, пераўвасабляючыся, па чарзе, у кожнага зь іх. Вынік экспэрымэнту Інтэрнэт-супольнасьці падаецца няўдалым — занадта эгацэнтрычным: бальшыню чужых меркаваньняў і жартаў пачынальнік форуму прыбраў альбо выкарыстаў бяз згоды аўтараў у нечаканым для іх кантэксьце. Пісьменьнікі пішуць на форумах тое, што рэдактары не прапусьцілі б у друк, цешацца з поўнай свабоды слова, а тут усё ж знайшоўся рэдактар. Тым, хто пакаштаваў свабоды слова на форумах, ужо ня так цікава пісаць для папяровых выданьняў (тым больш, што ганарараў там таксама почасту ня плоцяць). Зьявілася тэндэнцыя наагул ігнараваць часопісы (з этычных ці эстэтычных меркаваньняў) і публікаваць новыя творы адразу ў віртуальнай бібліятэцы. Прафэсійныя аўтары ўсё ж аддаюць перавагу паперы: калі зьяўляецца магчымасьць,— перадрукоўваюць Інтэрнэтаўскія тэксты ў часопісах і кнігах, пачаткоўцы ж (а шмат хто зь іх працуе журналістам у папяровых выданьнях) публікуюць свае лепшыя, найбольш інтымныя думкі менавіта ў электроннай прасторы. Першыя літаратурныя сайты прызначаліся, пераважна, для публікацыі тэкстаў вядомых аўтараў — клясычных і зусім новых. Сайты новага пакаленьня нагадваюць не бібліятэку, а кавярню пры ёй, дзе чытачы й выпадковыя наведнікі абмяркоўваюць ня столькі кнігі, колькі ўласныя праблемы й сьвежыя плёткі. Бальшыня актыўных удзельнікаў віртуальных “спрачальняў” — графаманы, расчараваныя ў кнігах і часопісах. Ці не найбольш папулярны форум на “Літары” меў характэрную назву “Абы пра што”. Ягоны заснавальнік, тульскі беларус з падобным да псэўданіму прозьвішчам Палівач, аднойчы (26.07.2002, 07:17) так сфармуляваў крэда прыхільнікаў віртуальнай літаратуры, што выдаткоўваюць на Інтэрнэт тыя грошы, на якія раней куплялі кнігі: “Перачытаўшы ў дзяцінстве масу кніг, у рэшце рэштаў стаміўся, і ўжо некалькі год практычна нічога новага не чытаю. Дый кнігі сталі нейкія нецікавыя. Ці, можа, я старэю? Зусім іншая справа — сецявыя форумы. Мысьля ў іх так і б'е ключом. І ўсё па галаве”. На форумах можна займець гучны псэўданім, але нельга здабыць гучнае імя, вартае чаго-небудзь па-за межамі Інтэрнэту, і нават немагчыма захаваць былы аўтарытэт: тут усе роўныя, як у лазьні. У першыя месяцы існаваньня “Літары” на ейных форумах ледзь не штодня публікаваліся й палемізавалі такія аўтарытэтныя аўтары, як С.Дубавец, А.Глёбус, І.Бабкоў, А.Аркуш, Г.Кісьліцына. Ня менш цікавымі былі й рэплікі некаторых малавядомых альбо закансьпіраваных удзельнікаў спрэчак. Здавалася, што літаратура зноў знайшла сабе жывую дыскусійную прастору замест пэрыядычных папяровых выданьняў, кожнае зь якіх разьлічана на сваю вузкую аўдыторыю (і таму цураецца друкаваць супрацьлеглыя меркаваньні). “Літара.нэт” мелася стацца вольнай трыбунаю для аўтараў і, найперш, крытыкаў, якім з розных прычын не даюць дастатковай свабоды слова ў папяровых выданьнях. Аднак цяпер і на гэтым сайце няма адчуваньня свабоды й бясьпекі. “Халодная вайна” паміж кланамі знайшла сабе вельмі зручны інтэрфэйс — віртуальную прастору, дзе лаяцца лягчэй, чым на паперы, і бясьпечней, чым падчас асабістай сустрэчы. Наўрад ці можна зрабіць карысную справу праз цкаваньне альбо дэманстратыўнае ігнараваньне канкурэнтаў, паліваньне спэрмаю й фэкаліямі ўжо ня толькі апанэнтаў, але й іхных жонак зь дзецьмі. Праблема ня ў тым, што чытаць усё гэта брыдка (з кожнага брыдкага качаняці можа, у пэўных умовах, вырасьці лебедзь), а ў тым, што з форумаў фактычна зьніклі дыскусіі, абмен талковымі думкамі й прапановамі. Урэшце рэшт прафэсійныя літаратары стаміліся спрачацца з надта нахабнымі чытачамі й рэдка цяпер бяруць удзел у дыскусіях. Усьлед за імі з форумаў зьнікла й бальшыня мосяк, што любілі гаўкаць на сланоў. Тым ня менш, ужо нікуды не падзецца ад факту, што ў літаратуры зьявіўся новы пэрспэктыўны тупік — глябальная Сеціва інтэрактыўных экранаў. Стваральніца litarа.net Аліса Бізяева ганарыцца тым, што на сайце практычна адсутнічае мадэрацыя. На іншых сайтах рэдактары, хай сабе час ад часу, выразаюць лаянку й допісы, што не адпавядаюць тэме форуму. У Алісы ж “рука не падымаецца” рабіць тое ж самае зь літаратурным флэймам, на якім трымаюцца форумы “Літары”. Не кранае яна й звычайнае балбатні — маўляў, нават пустыя словы таленавітых людзей ня менш каштоўныя за іхныя творы. У выніку даводзіцца захоўваць усё запар, бо адрозьніць сталых аўтараў ад выпадковых наведнікаў не заўсёды магчыма. Пэрспэктыву эвалюцыі форумаў Бізяева бачыць у тым, каб даць прафэсійным літаратарам больш правоў, чым звычайным карыстальнікам, ці, яшчэ лепш, абмежаваць у правох менавіта сталых аўтараў — зрабіць так, каб іхныя думкі на форумах мог перапісаць альбо зьнішчыць кожны шэраговы чытач. Дубавец мяркуе, што права рэдагаваць форумы павінны мець толькі іхныя заснавальнікі (а ня аўтары й не гаспадары сайту). Калі форум робіцца нецікавы ягонаму заснавальніку,— ён хутка выраджаецца ў пустую балбатню. Тое самае, здаецца, здарылася й з самім праектам “Літара.нэт”, на які ўскладалася столькі надзей. Са слоў Алісы Бізяевай, “Літара” стваралася як свабодная ад ідэалягічных абмежаваньняў пляцоўка для гутаркі паміж аўтарамі, крытыкамі ды аматарамі літаратуры. Дзеля падтрымкі гэтае гутаркі меркавалася ўрабляць інфармацыйнае поле, якое мелася складацца з навін літаратурнага жыцьця, рэцэнзій на новыя кнігі, інтэрвію зь літаратарамі, даведачных матэрыялаў пра сучасных аўтараў, часопісы й выдавецтвы. Аліса спадзявалася, што ўсё гэта будуць рабіць (зь ейнай дапамогаю) самі пісьменьнікі, якія, да таго ж, будуць публікаваць свае дзёньнікі, чарнавікі новых твораў, а галоўнае — скарыстаюць магчымасьці сайту для экспэрымэнтаў у галіне сецявай літаратуры. І што з таго атрымалася? Ахвотнікаў рэгулярна пісаць бясплатныя рэцэнзіі, рассакрэчваць творчыя задумы й інтымныя дзёньнікі не знайшлося (прынамсі, сярод прафэсійных аўтараў, абцяжараных інэрцыяй папяровай літаратуры — цэхавым кодэксам павагі да працы са словам). Сапраўды, які сэнс публікаваць за ўласным подпісам недаробленыя тэксты й крытычныя развагі, якія аўтар звыкся хаваць нават ад сяброў? Ганарару няма, слава сумнеўная, а праблем ад такой публікацыі можа быць шмат (найперш, на самім сайце). На такіх умовах заўсёды гатовы падзяліцца парадамі й спамінамі хіба тыя, для каго — не прафэсія, а забава. Ня дзіва, што асноўным зьместам сайту вельмі хутка сталіся ананімныя тусоўкі на форумах. І тым ня менш, у першыя месяцы свайго існаваньня “Літара.нэт” мела ашаламляльны посьпех: на сайце штодня публікаваліся (без уліку даволі частых рэцэнзій) дзясяткі допісаў вядомых аўтараў, і бальшыня тых нататак была значна цікавейшая за тэксты ў папяровых пэрыёдыках. Фэномэну “Літары” паспрыяў зьбег абставін: у выніку пэўных палітычных падзей захісталася ідэалёгія нацыянальнага адраджэньня, якой сымпатызавалі, бадай, усе беларускамоўныя аўтары; шмат якія выдавецтвы, часопісы, газэты пазачыняліся, альбо, з розных прычын, дыскрэдытавалі сябе ў вачох былых аўтараў і чытачоў; нарэшце таямніча прыпыніў працу сайт “Беларуская палічка”, на якім раней дыскутавалі прыхільнікі беларускай культуры. “Літара” завабіла аўтараў ускладнёнай сыстэмай доступу да ўдзелу ў форумах, якая мусіла абараніць іх ад брыдкаслоўя (хоць урэшце тая сыстэма ўсё адно нікога не абараніла ад крыўдаў, а кола патэнцыйных аўтараў істотна звузіла). Інтэрнэт вельмі зручны ня толькі для плягіяту, але й для містыфікацый: “Калі няма свайго, няма чужога” (Т.Сьлінка). “Паміжаны” пакрыўдзіліся на мяне за тое, што на “Літара.нэт” зьявілася крытычная рэцэнзія на іхны часопіс, падпісаная маім прозьвішчам, хоць аўтарам таго тэксту быў, хутчэй за ўсё, хтосьці зь іх саміх: для рэклямы выданьня адмоўная рэцэнзія дае больш плёну, чым станоўчая. Гэты інцыдэнт змусіў рэдактара “Літары” забараніць аўтарам падпісваць постынгі, а тым больш артыкулы, чужым прозьвішчам. “Літара.нэт” магла б зьбіраць бібліятэку ненадрукаваных рукапісаў (цяпер некаторыя зь іх публікуюцца на “Беларускай палічцы”). Але сярод гэтых твораў, калі выстаўляць іх на сайт безь ніякай сэлекцыі, будуць пераважаць малацікавыя тэксты, адхіленыя рэдакцыямі папяровых выданьняў. Тады ўсім сталася б відочна, што на сайце (як, зрэшты, і ва ўсім Інтэрнэце) пануе графаманія. На жаль, у Сеціве найбольш актыўныя менавіта непрызнаныя геніі, а ня тыя літаратары, што маюць вядомае імя ў папяровай прасторы. Прафэсійныя аўтары не публікуюць (за рэдкім выключэньнем) сваіх твораў у Сеціве. Найперш таму, што ў віртуальнай прасторы ўсё робіцца віртуальным, і нават цалкам бездакорны тэкст зноў пачынае выглядаць чарнавіком, які патрабуе дапрацоўкі. Графаману ж ніколі ня сорамна за ягоныя тэксты, ён шчасьліва не заўважае розьніцы паміж творамі й чарнавікамі, бо вызнае толькі адно правіла: “як хочацца, так і пішацца”. Што да спэцыфічна сецявага пісьменства, не прызначанага для тыражаваньня на паперы, то гэты накірунак літаратуры ў нас пакуль што не атрымаў заўважнага разьвіцьця — за выключэньнем, хіба, форумаў (я ўсё ж схільны лічыць іх літаратурным жанрам). Адам Глёбус зьмясьціў сярод форумаў “Літары” сэнтымэнтальныя нататкі пра блізкіх людзей, якія ён лічыць “першым беларускім Інтэрнэт-раманам”, бо бальшыню фрагмэнтаў скапіяваў з іншых форумаў, заснаваных ім самім раней. Глёбус разглядае (і мае рацыю) сайт “Літара” як свой “працоўны стол”, беспапяровы чарнавік. Аўтар не выключае, што зьменіць кампазыцыю свайго рамана “Дом”, дапоўніць яго новымі нататкамі й уласнымі ілюстрацыямі. І ўсё ж наўрад ці раман можна разглядаць як узор сецявай літаратуры. У гэтым пляне тэкст занадта праўдзівы й нарцысічны (пра што кажа й падзагаловак: “Раман-аўтапартрэт у сямейным інтэр'еры”). Буйнамаштабны сецявы твор, як мне здаецца, ня можа мець аднаго аўтара, а тым больш — аднаго наратара. Глёбусу варта было б, прынамсі, пісаць раман ад імя розных віртуальных асоб, але ж ён ня любіць хавацца пад маскамі-нікамі. І тэму ён абраў надта інтымную, каб можна было запрасіць каго-небудзь у суаўтары альбо самому падзяліцца на некалькі розных апавядальнікаў. Больш удалым правобразам Інтэрнэт-рамана, на мой погляд, зьяўляюцца кнігі Сьвятланы Алексіевіч, у якіх аўтар раствараецца ў шматгалосьсі ананімных наратараў і, па сутнасьці, выконвае функцыі, хутчэй, ня аўтара, а рэдактара (у сецявай тэрміналёгіі — мадэратара). Яшчэ бліжэй да жанру Інтэрнэт-рамана некаторыя форумы, заснаваныя самім Глёбусам (напрыклад, “сУчасьнікі”). Гэта, дарэчы, найдаўжэйшы літаратурны форум, дзе аўтар скарыстоўвае некалькі подпісаў і вядзе жывую палеміку з камэнтатарамі — у тым ліку, зь непасрэднымі героямі ягоных нататак. Форум (і наагул сецявы тэкст) — гэта не калектыўны твор, а калектыўны чарнавік. Адрозна ад форуму, ідэальны сецявы твор мусіў бы мець безьліч варыянтаў: права дапаўняць і рэдагаваць яго (у тым ліку, зьмяняць назву) павінен мець ня толькі ўладальнік сайту, але й кожны чытач. Усе вэрсіі тэксту маюць захоўвацца паралельна. Каб зьдзейсьніць запаветную мару прыхільнікаў постмадэрнізму пра “сьмерць аўтара”, трэба адмовіцца ня толькі ад публічнага агучваньня сваіх тэкстаў, раздачы аўтографаў ды інтэрвію, але й ад занатоўкі тэкстаў на паперы ды іншых інэртных матэрыялах — трэба перанесьці прадукаваньне й спажываньне тэкстаў на плыткі інтэрактыўны экран. Паводле куратаркі сайту Litara.net Алісы Бізяевай, у сецявай літаратуры няма аўтараў, ёсьць толькі віртуальныя асобы, якія пра што-небудзь распавядаюць (“Крытыка як інтэрпрэтацыя літаратурнага твору”). Больш за тое, “сама віртуальная асоба і яе жыццё ў прасторы Сеціва ёсць літаратурны твор”. У артыкуле “Літаратурныя паводзіны ў Інтэрнэце” Бізяева сьцьвярджае, што са зьяўленьнем сайту “Літара.нэт” у беларускай літаратуры сталася больш аўтараў. Я сказаў бы, сталася больш тэкстаў, а наконт аўтараў — гэта яшчэ пытаньне. Зрэшты, Аліса таясаміць асобу аўтара з сукупнасьцю створаных ім тэкстаў. Сецявы твор адрозьніваецца ад традыцыйнага найперш тым, што аўтар піша яго разам (па чарзе) з чытачамі. Па сутнасьці, гэта той самы форум. У яго ёсьць свае перавагі перад папяровым тэкстам (мінімум выдавецкіх праблем, большая свабода ў тэматыцы, лексыцы, артаграфіі, шчыльнейшы кантакт паміж аўтарам і аўдыторыяй), але й заган ня меней. Тэксты, народжаныя ў Сеціве й перадрукаваныя на паперы, выглядаюць гэтак жа ненатуральна, як выглядала б спроба вядомага пісьменьніка пераказаць слова ў слова на сустрэчы з чытачамі сваю новую кнігу. Сецявая словатворчасьць настолькі ж адрозьніваецца ад папяровай літаратуры, наколькі тая — ад вуснага фальклёру. Тэхнічныя магчымасьці Сеціва дазваляюць ператварыць тэкст у інтэрактыўны фільм: аздобіць яго рухомай графікай, музыкай, галасамі пэрсанажаў, аўтараў і чытачоў; прапанаваць спажыўцом на выбар некалькі вэрсій сюжэту й некалькіўзроўневую складанасьць думак; скарыстаць у максымальнай ступені суаўтарскія амбіцыі чытача. Кібэрлітаратура мусіць адрозьнівацца ад іншых кампутарных гульняў хіба крыху большым ужываньнем шрыфтавога тэксту. 2. Нічыйнае сэрца Удзельнікі форумаў амаль ніколі ня могуць паразумецца, прыйсьці да агульных высноваў, зладзіць які-небудзь супольны праект. Прычына гэтага палягае, мабыць, у тым, што прыхільнікі сецявай культуры (адрозна ад культуры кніжнай ці тэлевізійнай) ня вераць, што можа існаваць якая-небудзь агульная для ўсіх праўда ці, шырэй,— агульны для ўсіх нас сьвет. Яны перакананы, што кожны чалавек мае права на ўласную рацыю, уласную праўду. І нават калі чалавек ня можа зьвязаць двух слоў, ягоная думка ўсё адно лічыцца ня менш грунтоўнаю, чым меркаваньне якога-небудзь клясыка ці палітычнага лідэра. Інтэрнэт — гэта рай для сарамлівых летуценных асоб, прыхільнікаў сухіх тэрактаў і бескантактнага сэксу. Пакаленьне сэксуальнае рэвалюцыі бессаромна кахалася (і працягвае кахацца) перад натоўпам людзей на тэлеэкране (цалавацца вучыліся ў кінатэатры). Перад інтэрактыўным і бястварым экранам кампутару мы сядзім у поўнай самоце (у тым ліку, таму, што клявіятура разьлічана на аднаго карыстальніка). Кампутарная рэвалюцыя спарадзіла сэксуальную контрарэвалюцыю. “Гэта як каханьне: мне блага безь цябе, але як спаткаемся — дык робіцца яшчэ горай” (Г.Драгун. “Паміж”. № 2). Донжуан-практык сказаў бы дзяўчыне: “Мне добра й безь цябе, а як спаткаемся — робіцца яшчэ лепей”. Кахаць не рэальных, а ўяўных ці недасяжных партнэраў уласьціва, найперш, дзяўчатам, але часам у гэтую пастку трапляюць і мужчыны. Інтэрнэт дазваляе зрабіць гэткія пакуты больш бясьпечнымі — кахаць не сваім, а нічыйным сэрцам (слова “нічыйны” цяпер паходзіць ад слова “нік”). Некаторыя аўтары форумаў заўсёды карыстаюцца адным нікам (і нават прапаноўваюць увесьці адпаведную графу ў пашпарт — прысвойваць чалавеку нік пры нараджэньні, разам з прозьвішчам), іншыя выбіраюць сабе кожны раз новы нік, які лепш пасуе тэме чарговага форуму. Зазвычай нік адлюстроўвае пэўную рысу асобы ці сьветагляду гаспадара, якую ён старанна хавае ад знаёмых у рэальным жыцьці. Здараецца, нік пераносіцца ў рэальнае жыцьцё, ператвараецца ў мянушку, якою карыстаюцца нават тыя людзі, што ніколі не сустракаліся з гаспадаром ніка ў Інтэрнэце. Псэўданім (маска) дазваляе чалавеку ня толькі беспакарана хлусіць, але й выказаць набалелую праўду, якую не адважыўся б падпісаць уласным імем. Інтэрнэт — прастора ня столькі вертыкальная, колькі гарызантальная, нават пляскатая. Уласьцівыя форумам (і наагул сецявай культуры) анархічнасьць, татальная роўнасьць правоў, адсутнасьць гіерархічнай сыстэмы каштоўнасьцяў аб'ектыўна спрыяюць больш нахабным аўтарам. Менавіта таму адпачатку разумныя й дасьціпныя размовы непазьбежна выраджаюцца ў перабрэх і ўзаемныя пагрозы. Нік — гэта не аўтапартрэт, але аўтакарыкатура. Натуральна, што абмен думкамі паміж карыкатурамі непазьбежна ператвараецца ў клёўнаду. Ананімнасьць несумяшчальная з гіерархічнасьцю, бо тая будуецца на падставе ранейшых, даўніх заслуг таго ці іншага аўтара, а за маскамі іх нябачна. На форумах усе мы робімся маладзейшымі — больш агрэсіўнымі, крыўдлівымі, сэксуальна заклапочанымі, чым нас ведаюць у рэальным жыцьці. А на бальшыні форумаў папросту спрабуюць каго-небудзь распрануць. Мала хто з нашых далёкіх продкаў паказваў натуральныя рысы твару (зазвычай яны “перапісваліся” татуіроўкамі ці рытуальнымі шнарамі). І сёньня ў Інтэрнэце амаль кожны аўтар хаваецца за нікамі, як лес за дрэвамі. “Атрымоўваецца дыялёг масак, у якім галоўнае — не забывацца, што твая маска — гэта ня ты” (Т.Сьлінка). Каб натуральна выглядаць (дый пачувацца) у першабытнай пячоры ці ў Інтэрнэтаўскім форуме, трэба быць штучным. Дакладней кажучы, нік — гэта дыягназ, які чалавек ставіць сам сабе. Маска паступова прырастае да твару. Са свайго боку, і твар прырастае да маскі. Калі рэгулярна выступаць у Сеціве ў пэўным віртуальным (тэатральным) вобразе,— абраны імідж зь цягам часу эвалюцыянуе, падладжваецца да гаспадара (да таго, што засталося ад ягоных ранейшых іміджаў), і аўтар постынгаў усё больш утульна адчувае сябе ў абранай ролі, нават сам пачынае верыць у свае напрыдумляныя гісторыі. Праблема, аднак, у тым, што аматары бавіць час на форумах маюць кожны па некалькі масак (і адрасоў — паштовых скрынак). Тацяна Сьлінка параўноўвае Інтэрнэтаўскія форумы з дыялёгам масак, у якім галоўнае — “не забывацца, што твая маска — гэта ня ты, і не крыўдаваць на іншых. Той, хто крыўдуе, блытае сябе й маску. У гэтым дыялёгу масак мы ня ўдзельнічаем, нас ня бачаць за маскай. Мы — прывіды. Тым, хто выступае супраць масак, наіўна хочацца ведаць, хто менавіта іх абражае ці падтрымлівае. Гэта сьмешна, бо абражае ці падтрымлівае якраз маска. Форумы — дыялёг масак, пад якімі ніхто не хаваецца. Пад маскамі — пустата” (форум “Паляваньне на прывідаў”). Псэўданім дапамагае аўтару хавацца ня столькі ад публікі, колькі ад самога сябе. Форумы нагадваюць сюррэалістычны тэатар, у якім, да таго ж, граюць сьляпыя акторы: ёсьць сцэна і назва спэктаклю, але няма гатовага тэксту, які трэба агучыць, няма й перадвызначанага складу роляў. Кожны ўдзельнік размаўляе ня столькі з іншымі нікамі, колькі зь віртуальным сабою — з рознымі праекцыямі сваёй асобы на іншы пол і ўзрост. А таму зь некаторых форумаў сапраўды маглі б атрымацца цікавыя радыёп'есы. “Ячэйка грамадзтва” ў Інтэрнэце — не асоба, а “сям'я” розных масак, за якімі хаваецца адзін чалавек. Некаторыя маскі скарыстоўваюцца рознымі людзьмі — па чарзе (неўпрыкмет для астатніх) і без чаргі (са скандалам). А найбольш небясьпечныя для форумаў тыя аўтары, якія без дазволу карыстаюць чужыя нікі-маскі. “Інтэрнэт зьмяшчае ў сабе бясконцую колькасьць магчымасьцяў,— кажа Тацяна Рублеўская ў тэксьце “Інтэрнэт: спрадвечны пошук чалавека” (Паміж, № 1). — Асноўным прынцыпам існаваньня такой патэнцыйнай неабмежаванасьці зьяўляецца абсалютная адсутнасьць якіх-кольвек маральных установак. Завітаўшы ў Інтэрнэт, можна пакінуць у бабуліным куфры ўсе свае “добра”, “дрэнна”, “нельга”. Тут жывуць згодна са словам “магчыма”. Гэта, калі хочаце, прастора па-за дабром і ліхам”. Інтэрнэт дае нам магчымасьць выглядаць кім заўгодна, але стацца кім-небудзь мы можам толькі з гэтага боку экрану — у сваім целе, а не ў электронным муляжы. Сучасная цывілізацыя разьвіваецца такім чынам, каб вызваліць чалавека ўжо ня толькі ад фізычнай, але й ад інтэлектуальнай працы. У цудоўнай кампутарызаванай будучыні ў бальшыні выпадкаў за нас будуць думаць, размаўляць і ліставацца машыны, дакладней,— нашыя інфармацыйныя агенты ў Інтэрнэце. Кожная фірма й кожны чалавек (мабыць, нават насуперак ягонаму жаданьню) будзе мець, прынамсі, аднаго афіцыйнага прадстаўніка ва ўсясьветным Сеціве. Гэтая праграма-робат будзе круглыя суткі (нават пасьля нашай сьмерці) ліставацца з іншымі робатамі й жывымі людзьмі, вышукваць патрэбную інфармацыю й рассылаць сваю, весьці спраўныя перамовы з агентамі партнэраў ды інтымныя гутаркі з намесьнікамі блізкіх нам людзей, балбатаць замест нас на форумах, пакуль мы сьпім (цяжка нават уявіць сабе, да якіх памераў тыя форумы разрастуцца). Цалкам верагодна, што з карэспандэнцыі й дзёньнікаў сецявых робатаў (прынамсі, некаторых зь іх) могуць скласьціся самакаштоўныя тэксты ў добра вядомых нам і зусім новых літаратурных жанрах. Можна ўявіць сабе, што нашыя віртуальныя рэінкарнацыі-нікі будуць пісаць і публікаваць у Інтэрнэце кнігі не на беларускай ці ангельскай, а на сваёй электроннай мове, будуць самі чытаць і камэнтаваць свае бэстсэлеры. І бальшыню людзей (за выняткам, хіба, пісьменьнікаў) такая сытуацыя цалкам задаволіць. І ўсё ж хацелася б верыць, што побач зь віртуальнай будзе існаваць і традыцыйная вэрбальна-жэстуальная літаратура, сувымерная парамэтрам чалавечага цела. 3. Самвыдат і інтэрнэт Першы сецявы часопіс для “прасунутай” беларускамоўнай моладзі Farba.net акрэсьлівае сябе амаль эсхаталягічна: “часопіс перадапошняй генэрацыі”. Рэдакцыя прапаноўвае чытачом “усё тое, пра што вы жадаеце й не жадаеце ведаць, усё тое, што вы здольныя выдаваць за сваё. Неабавязкова ўсё чытаць, а тым больш — разумець, толькі бяз гэтага вам не абысьціся”. Інтэрнэт-выданьні разьняволены яшчэ больш, чым колішні самвыдат. Гэта кідаецца ў вочы нават на ўзроўні артаграфіі: хто як хоча — так і піша, і ніякіх памылак прынцыпова не выпраўляе. Некаторыя аўтары падпольных выданьняў, якія ў свой час рызыкавалі асабістай свабодай дзеля свабоды слова, цяпер перанесьлі свае рабінзонаўскія выспы з паперы ў Сеціва. Гэтыя аўтарскія сайты — накшталт “Духахраму” сябра ТВЛ Лявона Вашко — пакідаюць жадаць лепшага ў пляне дызайну, але выгодна адрозьніваюцца ад Інтэрнэт-выданьняў новай генэрацыі памерамі й ахайнасьцю тэкстаў. Вашко распрацаваў уласны “дыялект” беларускай мовы, і напачатку можа каму падацца, што ён таксама малапісьменны аўтар, аднак літаратурную норму ён парушае сьвядома й пасьлядоўна, а не з пагарды да акадэмічных слоўнікаў. Бальшыня новых аўтараў лічыць добрым тонам ставіцца з агідаю да ўсялякай складанай думкі. Напрыклад, у артыкуле “Самвыдат” “фарбаўскі” аўтар Мікалай Зосімаў кажа: “Асабіста ў мяне дзевяностыя гады асацыююцца з трыма рэчамі: псэўда-беларускасьцю моладзі (піва, лаўка, даўгія валасы, бел-чырвона-белая значка на куртцы са штучнай скуры), дэманстрацыямі й самвыдатам. Апошняе ў мяне выклікала асаблівую агіду. Ад слова “вершы” мяне цягнула ванітаваць, ад тупога аптымізму праймалі дрыжыкі. А колькі сіл ды паперы марнавалася на гэты нікому не патрэбны ананізм!” Папяровы самвыдат у наш прагматычны час пакінуў быць актуальным, але здолеў стацца модным: цяпер ён прызначаны ня столькі для чытаньня, колькі для сузіраньня. Арыгінальная форма перамагла арыгінальны зьмест. Сярод стваральнікаў (дый спажыўцоў) цяперашняга самвыдату пераважаюць ужо не пісьменьнікі й апазыцыйныя палітыкі, а дызайнэры. У заможных краінах самаробныя часопісы вядомых мастакоў могуць каштаваць да 500 даляраў (найдаражэйшы ў Беларусі мае назву “Некролог” і каштуе 25). У “фарбаўскім” артыкуле “Пачні сваю тусоўку” сьцьвярджаецца, што для “ўплыву на нутраныя працэсы беларускай культуры” дастаткова згуртаваць вакол сябе людзей з прыемнымі тварамі, надрукаваць для іх клюбныя карткі-пасьведчаньні (вядома, што ня кнігу ці газэту) і выбраць кавярню для супольнага спажываньня кавы ці абсэнту. На маю думку, каб сапраўды пакінуць сьлед у гісторыі — без сваёй адметнай ідэалёгіі не абысьціся: не тусоўкі, а суполкі ўплываюць на працэсы культуры. Аўтары “Фарбы” разглядаюць у якасьці патэнцыйнага кантынгенту моднага клюбу ня толькі раўналеткаў з падобнымі густамі, але й усіх суайчыньнікаў: нацыя — гэта тусоўка. Марына Войдуч у артыкуле “Пра поп-культуру й нацыянальную ідэю” бязь ценю гумару прапаноўвае на ролю нацыянальнай ідэі, якую нястомна шукае акадэмічная навука, права грамадзян бесьперашкодна танчыць усю ноч навылёт. Сярод незарэгістраваных выданьняў новай хвалі, якія маюць дачыненьне да беларускай культуры, у пляне дызайну й паліграфічнага выкананьня (непараўнальна лепшага, чым у дзяржаўных часопісаў) асабліва зачароўваюць pARTisan i “Зямля N”, Nihil і “Правінцыя”. Па вялікім рахунку, гэта не часопісы, але альманахі: рэдкія выданьні можна аздобіць нашмат цікавей, чым рэгулярныя, але гэтыя высілкі эксклюзіўнага афармленьня замарожваюць на год ці два выхад новых нумароў. PARTisan, першы беларускі часопіс па праблемах сучаснага мастацтва, распавядае пра андэграўдных мастакоў і літаратараў, якіх ігнаруюць у традыцыйным друку. Сярод тэм першага нумару — пошук паралеляў паміж актуальным мастацтвам і традыцыйным беларускім мэнталітэтам, міжнародныя фэстывалі канцэптуалістаў In-Formation у Віцебску, Бум-Бам-Літ, эпатажны праект мастака Ігара Цішына “Лёгкі партызанскі рух”. Амаль увесь немалы наклад разышоўся за месяц па выхадзе з друку, хоць прадаваўся часопіс, пераважна, з рук. На прэзэнтацыі pARTisan'у ў Беларускім калегіюме рэдактар Артур Клінаў атрымаў падарунак ад чытачоў — гліняны аўтамат. Бадай, найлепш удалося згарманізаваць дэкаратыўную форму й інтэлектуальны зьмест часопісу “Зямля N” (рэдактары — Вольга Каменева й Лія Кісялёва). Nihil i pARTisan, газэта “Навінкі” таксама выглядаюць як самакаштоўны дызайнэрскі твор, канцэптуальны ці поп-артаўскі аб'ект, але ў “Зямлі N” вёрстка менш агрэсіўная, яна амаль не замінае ўспрыманьню тэкстаў. Тэма першага нумару — эміграцыя, зразуметая як уцёкі чалавека ня толькі за мяжу, але й у нетры свайго ўяўленьня ці наагул — у іншы сьвет (зрэшты, у рэдакцыйным артыкуле сьмерць параўноўваецца і з эміграцыяй, і зь вяртаньнем дахаты — “гэта ўжо як каму падабаецца”). Асаблівай увагі ў “Зямлі N” заслугоўвае матэрыял таямнічага Nemo, прысьвечаны закаханасьці нацыянальна сьвядомай моладзі ў рамантычную мінуўшчыну й заакіянскую (эмігранцкую) Беларусь: “…Прыдумай сабе свой край!” — сьпяваюць “энэрэмаўцы” на сваіх канцэртах ува ўнісон з сотнямі й тысячамі тынэйджэрскага ўзросту аматарамі віртуальшчыны”. На мой погляд, найбольш выбітны праект такога кшталту — конкурс “Беларусь праз 100 гадоў” у газэце “Наша ніва”, на погляд Nemo — фэст “Каралеўства Беларусь”, зладжаны некалькі гадоў таму сябрамі той самай газэты ў нейкай польскай вёсачцы: “Краіна, што паўстала там, была поўная тонкага мастацкага пачуцьця й мусіла стацца антытэзай “неэстэцкай” РБ. Але ў “Каралеўстве Беларусь” не было (і не плянавалася) месца для якіх-кольвечы жыхароў”. Побач з паліграфічным самвыдатам працягвае існаваць і рукатворны, але й ён цяпер робіцца не на друкарцы, а на хатнім кампутары, які дазваляе, пры жаданьні, ператварыць рукапіс у мастацкі альбом. Найбольш адметная зьява ў гэтым пляне — псыхадэлічны часопіс “Вясковыя могілкі”, які робяць Ленін, Джэці й Нехта Трэці (Віктар Жыбуль, Вера Бурлак і Віка Трэнас). Адзін з апошніх нумароў (№ 18) аформлены як сэанс працы на кампутары (у апэрацыйнай сыстэме Windows — “не вядома, якой вэрсіі, але дакладна пірацкай”). Рэдактары сьцьвярджаюць, што прачытаць часопіс без клявіятуры, мышкі ды іншай пэрыфэрыі можа толькі “ну вельмі прасунуты хакер”. Дарэчы, слова “Інтэр-нэт” у рэдакцыйным артыкуле дасьціпна інтэрпрэтуецца як “паміж-няма”. Мне таксама часам здаецца, што Сеціва прызначана для зносін паміж прывідамі, але ўсё ж сярод іх можна сустрэць і жывых суразмоўцаў. Красамоўная сама назва часопісу: ягоныя героі й аўтары жывуць на могілках, і гэтыя могілкі — усясьветныя, бо, як вядома, у эпоху глябальных камунікацый увесь сьвет ператвараецца ў адну вёску. У “ВМ” №19 Ленін і Джэці даюць карысную параду чытачом: “Калі табе сумна і адзінока, заходзь у Інтэрнэт. Калі ж табе і там сумна і адзінока, то застаецца толькі павесіцца”. Побач надрукаваны здымкі віртуальнага самагубства саміх аўтараў (у якасьці вяроўкі для гэтай справы яны, кажуць, скарысталі электронную пошту). Юбілейны 20-ы нумар часопісу — таксама “мультымэдыйны”: выдаўцы папярэджваюць, што сярод ягоных старонак хаваецца вірус, які можа пашкодзіць іншыя выданьні — рукапісныя, друкаваныя альбо электронныя. У віншавальных артыкулах раскрываецца прызначэньне часопісу: “спрыяць пахаваньню культурнай спадчыны краіны”, “быць какай літаратуры і мастацтва Беларусі”, а таксама “напоўніць пустыя магілы талентаў сапраўднымі мерцьвякамі”. Прадмова да “ВМ” №21 заклікае чытачоў “як найхутчэй схаваць часопіс і нікому яго не паказваць, нават самім сабе”: гэта, маўляў, падвысіць магічную вартасьць і зьмешчаных у ім твораў, і сучаснага пісьменства наагул. На мой погляд, шанцы ператварыцца ў скарб мае ня кожны схаваны тэкст: магія хованак можа праявіцца хіба ў тым выпадку, калі ён напісаны больш старанна й таленавіта, чым тэксты, якія мы пішам на продаж. На Інтэрнэтаўскім партале tut.by існуе папулярны форум “Допісы ў нікуды” (аўтары дасылаюць туды прыватныя лісты, якія не адважыліся б даслаць — нават бяз подпісу — канкрэтным адрасатам). Дык вось нельга сказаць, што тыя тэксты вылучаюцца чымсьці асаблівым сярод тэкстаў на суседніх форумах, хіба што дыяпазон тэм шырэйшы. Па вялікім рахунку, бальшыня форумаў (і пераважны аб'ём кожнага зь іх) пішацца ў “нікуды” й зь “ніадкуль”. Каб не адчуваць сябе прывідам, дастаткова не адмаўляцца ад адказнасьці за свае словы, нават калі яны выглядаюць поўным трызьненьнем. У культуралягічным дадатку да “Вясковых могілак” — самвыдатаўскай газэце “ЛЮМІНАЛ” (Літаратура Юных Маньякаў, Ідыётаў, Нэкрафілаў, Алькаголікаў, Людажэраў) — пазначана, што “рэдактар, карэктар і іншыя адказныя асобы паходзяць з брацкай магілы і таму невядомыя”. Аўтары папярэджваюць: “Мы не адказваем за тое, што мы тут напісалі, таму што гэта ня мы напісалі, нас наогул няма й не бывае, бо мы здані, а зараз такі час, што ў нас ня вераць”. Лёгіка, трэба адзначыць, дзіўная: мы ўсё жыцьцё верым менавіта ў тое, чаго няма й не бывае (і гэтая вера, мажліва,— адзінае, што дазваляе быць нам самім). Калі аўтары самахоць разьвіталіся з гэтым няўдзячным сьветам,— няма гарантыі, што іх не ўматэрыялізуе сабе на забаву які-небудзь дасьціпны чытач. Тэма ўласнай адсутнасьці дамінуе й у часопісе Nihil. Напрыклад, у прадмове да другога нумару (“Сьмецьцекаханьнесьмерць”) рэдактар Міхась Баярын гэтак малюе сучасны беларускі краявід: “Нічога і нікога не існуе. Існаваньне ня проста страціла сэнс, але рашчынілася ў актыўна небытуючым і ня ёсьць болей ніяк”. У чацьвёртым нумары (яго можна пагартаць толькі ў Інтэрнэце) у нізцы “Паэзія для паэтаў” Франціш Богуш (пад гэтым парадыйным псэўданімам, калі не памыляюся, схаваўся таленавіты публіцыст і перакладнік М.Ш.) зьмясьціў такі верш: “Адкрыю вам адну таямніцу, // Паколькі мы ўсе тут свае: // Можаце на мяне забыцца. // Мяне — не існуе” (“Таямніца”). Адзіны спосаб пакінуць хай сабе нейкі сьлед у сучаснай літаратуры, паводле Богуша,— адмовіцца ад сваіх слоў раней, чым іх зьнявечыць і зьняважыць публіка: “…Памятайце: лепш самому падцерціся рукапісам, // Чым чакаць, што гэта за вас зробяць іншыя!” (“Парада паэтам”). Часопіс публікуецца на сайце Terra Nihil, які заснавалі Міхась Баярын і філёзаф Валянцін Акудовіч (некалькі тыдняў Terra Nihil быў адным з найпапулярных сайтаў у Белнэце). Мэта гэтага “геаграфічнага” праекту — “адкрыць Беларусь у яе адсутнасьці”. На сайце, сярод іншага, плянуецца зьмясьціць “Анталёгію сусьветнага нігілізму”, якую зьбірае Акудовіч. Славутая назва кнігі філёзафа “Мяне няма” сталася, можна сказаць, дэвізам найноўшай генэрацыі літаратараў. Прынамсі, ягоныя вучні — студэнты Беларускага калегіюму, што выдаюць часопіс “Паміж”,— почасту сьпяваюць у сваёй кампаніі гімн “Я хачу ў Няма”. Вера ў сваё існаваньне зьнікае разам з даверам да словаў. У артыкуле “Флірт з катам па дарозе на шыбеніцу” Акудовіч сьцьвярджае, што мы ўжо ня здольны сказаць адно аднаму што-небудзь істотнае: “на пачатак трэцяга тысячагодзьдзя не засталося ніводнага жывога слова, ніводнай жывой думкі, ніводнага жывога сэнсу”. Цяпер “бальшыня спосабаў моўнай дзейнасьці ёсьць адно своеасаблівай формай вывяржэньня вэрбальных шлакаў, якія застаюцца ад працэсу рэалізацыі такой функцыянальнай патрэбы чалавека, як маўленьне”. Штосьці падобнае сапраўды можна назіраць у бальшыні Інтэрнэтаўскіх форумаў, а тым больш — чатаў: схаваныя за маскамі людзі не размаўляюць, а балбочуць, выпаражняюць перагружаныя фантазіямі й псэўдаўспамінамі кішкі свайго мозгу. І ўсё ж, насуперак Акудовічу, некаторыя словы (і ў размовах, і ў кнігах, і ў сецявых форумах) кранаюць — напрыклад, мяне — больш за іншыя. Каб ня ўсе чужыя (дый свае) думкі й сэнсы выглядалі пустымі, дастаткова аднаго — не адчуваць безнадзейна мёртвым самога сябе. У тэксьце Эльзы Андрушкевіч “Разбурэньне Сусьвету” (Паміж, №2) таксама сустракаецца параўнаньне літар на паперы з экскрэмэнтамі. Аднак маюцца на ўвазе ня ўсе літары, а тыя, што мы крэсьлім безь любові. Бадай, найбольш маштабнае ўвасабленьне тэма мастацкай дэфэкацыі атрымала ў акцыі “Верш пра какашкі”, якую Ленін і Джэці, лідэры музычнага гурту “За…ралі казарму”, наладзілі на партале tut.by. Нягледзячы на скептычнае стаўленьне некаторых карэспандэнтаў (маўляў, тутэйшая Інтэрнэт-прастора й без таго засьмечана грунтоўна, неабсяжна й ня толькі какашкамі), чытачы завалілі форум сваімі экзэрсысамі на гэтую актуальную тэму, у тым ліку,— у такіх зграбных формах, як хоку, лімэрыкі, эпіграмы, аднарадкоўі, вершы ў прозе, санэт, трыялет, нават паэма (“Кака”). Ленін і Джэці цяпер выдаюць сваю калекцыю сэрыяй кніжак (прэзэнтацыі, адпаведна, ладзяцца ў экзатычных прыбіральнях). Сэнс усёй (к)акцыі відавочны — прадэманстраваць, што для паэзіі няма непрыстойных тэм, натхняцца можна чым заўгодна. Зьмест твору малаістотны, галоўнае — каб твор прыцягваў увагу. У прадмове да №19 “Вясковых могілак” Ленін і Джэці кажуць, што паўсюдна шукаюць ісьціну, якую яны калісьці нават бачылі на ўласныя вочы, але цяпер нічога ня памятаюць пра яе, апроч таго, што яна вельмі прыгожая. Яны шукаюць ісьціну самі (і запрашаюць чытачоў да ўдзелу ў гэтых пошуках), бо ім “падабаецца ўсё прыгожае, нават калі гэта какашкі”. Рэдактары абяцаюць публікаваць у часопісе тэксты, напісаныя чытачамі на якой заўгодна мове: “хочаце — на санскрыце, а хочаце — на іўрыце, а хочаце — на паскалі (ці яшчэ на чым вас там паднатаскалі)”. Адсюль лягчэй зразумець выснову, да якой яны прыйшлі на згаданым форуме: “Какашкі — гэта таксама мова, інтэрнацыянальная знакавая сыстэма”. Такога ж гледзішча прытрымліваюцца й аўтары газэты “Навінкі” (аднойчы там надрукавалі сыстэму расшыфроўкі знакаў, якімі піша арганізм ува ўнітазе). Улетку 2003 г. “Навінкі” абскардзілі ў Вышэйшым Гаспадарчым судзе забарону ад Міністэрства інфармацыі ўжываць на старонках газэты словы “ж…па” й “адсасаць”. Разгляд справы атрымаўся вясёлы: слова “ж…па” прагучала больш за 20 разоў, пад канец першай часткі паседжаньня сьмяяліся ўсе — і судзьдзя, і сакратарка. І ўсё ж суд адхіліў скаргу “Навінак”. Карпаратыўная салідарнасьць прадстаўнікоў улады перамагла спачувальнае стаўленьне да газэты. Аднак мне хацелася б вымяраць свабоду друку іншымі словамі. Бадай, найбольш засмучае (але зусім не зьдзіўляе) у гэтай гісторыі тое, што матэрыял “Ж…па Хэнка”, за які пацярпела газэта, быў перадрукаваны з Інтэрнэту. Паводле аглядальніка “Навінак” Зьмітра Серабракова, тэкст лунаў у Сеціве ўжо добрыя пяць гадоў, рэдакцыя надрукавала тое, што й так было ўсім вядома й ніякім чынам не пашырыла б беларускі літаратурны кантэкст. Максім Шчур у артыкуле “Сучаснае заходняе буржуазнае мастацтва і ягоны заняпад” (“Фрагмэнты”. №10 — гэты часопіс таксама “эміграваў” у Інтэрнэт), камэнтуючы вядомае пагардлівае выказваньне Леніна на адрас інтэлігенцыі й параду Бродзкага штодня задаваць сабе пытаньне: “А ці не г… я?”,— прыходзіць да высновы, што толькі агіднае й непрывабнае можа сёньня прэтэндаваць на статус высокага мастацтва. Шчур спадзяецца, што калі-небудзь мастацтва зноў навучыцца ратаваць сьвет хараством, але спачатку грамадзтва мусіць абжэрціся постмадэрновымі забавамі да такой ступені, калі “агіда постмастацкага чалавека да сябе й свайго існаваньня станецца большай за ягоную агіду да ўласных экскрэмэнтаў”. На мой погляд, нетаварны выгляд мастацкага прадукту яшчэ не гарантуе ягонай здольнасьці разьнявольваць уяўленьне. Амэрыканскі беларус Раман Кардонскі мяркуе, што аўтары лірычных і мэмуарных тэкстаў (а зь іх і складаецца асноўны масіў беларускай літаратуры) калупаюцца ў мазгох праз азадак: “Ад гэтага “блуканьня ў сабе” столькі, часамі, смуроду бывае, што хоць сьвятых вынасі. А што можна накалупаць у азадку? Адказ усім вядомы”. Кардонскі ўжо ці ня пяць гадоў штодня выказвае ў Інтэрнэце абурэньне нізкімі спажывецкімі якасьцямі тэкстаў, што ствараюць беларускія аўтары (эстэтычныя вартасьці яго не цікавяць). Сарамлівы чалавек шукае сьляды экскрэмэнтаў у сваіх тэкстах, бессаромны — у чужых. А ў Інтэрнэце амаль усе аўтары страчваюць сорам. Напрыклад, форум на тэму “Сучасная беларуская літаратура” на “Палічцы” ператварыўся спачатку ва ўзаемнае паліваньне слоўнымі фэкаліямі, а затым — у абмеркаваньне прадукцыі розных фірм, што вырабляюць сантэхніку. Міжволі прыгадваецца адзін з эпізодаў будаўніцтва рымскага Форуму: каб асушыць балота, на месцы якога мелася паўстаць цэнтральная плошча гораду, будаўнікі выкапалі канал з красамоўнаю назвай Cloaca Maxima. Мне здаецца, дэманстратыўны нігілізм, што пануе ў андэграўндзе,— ня надта шчыры ці, лепш сказаць, перабольшаны: хіба можна верыць кожнаму слову людзей, якія старанна робяць выгляд, што самі ня вераць нікому? Акудовіч — мой сябра, але праўда даражэй. Некаторыя ягоныя высновы надта нагадваюць анатацыю да фільму жахаў: “Чалавек — ахвяра мовы, ён зь немаўляцтва ўблытаны ў мову, як у павуту. Вялізны чорны павук мовы, які ў адной старой кнізе названы Словам, усё жыцьцё сасе з чалавека жыцьцядайную энэргію, пакуль той, ссохлы ўшчэнт, не струпянее” (“Паміж”, №1. Гутарка са студэнтамі “Кожны мой тэкст — гэта фрагмэнт шляху да Няма”). Вось ужо сапраўды антытэза хрэстаматыйнай перасьцярозе Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай, каб ня ўмёрлі!”. На мой погляд, мова ўсё ж часьцей ратуе нас, чым катуе (найбольш відочна гэта на прыкладзе тэлефону). Рэкамэндаваныя крыніцы 1. Інтэрнэт-рэсурсы: litara.net, tut.by, nihil.knihi.com, farba.net, knihi.com, svaboda.org 2. Адамовіч М. Этот виртуальный мир // Новый мир. 2000. № 4. 3. Паміж. №№ 1, 2. 4. Вясковыя могілкі. № 18—21. 5. Зямля N. 2002. № 1.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||