ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

ПАВАЛ БАРКОЎСКІ. КАНЦЭПТ АЎТАРА ДЫ ЧЫТАЧА Ў

СУЧАСНАЙ ФІЛАСОФІІ І ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВЕ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

ЛЕКЦЫЯ 2

План:

1. Апазіцыя эксперымент-традыцыя: класіка, мадэрнізм, постмадэрн.

2. Мадэрнісцкі бунт супраць класікі: аўтаматычнае пісьмо, злом кампазіцыі, выдаленне персанажа.

3. Постмадэрны зрух: ананімнае пісьмо, смерць аўтара, выхад за межы апазіцыі.

 

2. Эксперымент i традыцыя ў лiтаратуры

Апрача значных змяненняў, якiя зазнае сучаснае мысленне праз пераасэнсаванне асноватворных фiласофскіх iдэй, што месцiлiся ў падмурку шматлiкiх тэарэтычных ды побытавых уяўленняў пра свет i мiжчалавечыя зносiны, у галiне лiтаратуры мы можам гэтаксама адзначыць буйныя зрухi па зломе традыцыi.

Апошн i прымеркаваны да пошукаў новых спосабаў ды формаў мастацкага выражэння i храналагiчна суадносiцца з эпохай мадэрна, што дае назву такому напрамку, як мадэрнiзм. Няма нiчога дзiўнага ў тым, што плён ягоных вышукаў быў добра асэнсаваны не спачатку, i таму сапраўднае iнтэлектуальнае прызнанне мадэрнiзм як сукупнасць спецыфiчных лiтаратурных практык атрымаў толькi ў другой палове ХХ ст. А большую частку сваiх аргументаў супраць паняццяў класiчнай лiтаратуры той самы структуралiзм запазычыў з лiтаратурнай спадчыны менавiта згаданага напрамку.

Эксперыменты з формай, зместам i стылем, якiя вызначаюць навiзну плыні мадэрнiзму ў лiтаратуры, гэтаксама як i ў жывапiсе ды iншых мастацтвах (гаворка, аднак, пойдзе i надалей пра лiтаратуру), трапна вызначаюць сутнасць канфлiкту памiж класiчным разуменнем таго, чым ёсць пiсьменства, i новым пераапiсаннем яго.

Раней гаворка iшла пра тое, што класiчная эстэтыка ўяўляецца збольшага перцэптыўнай, што да чытача, ды прыроджана-генератыўнай, што да аўтара. Гэта значыць, што аўтар свядома творыць згодна свайму таленту i прапануе публiцы творы адпаведна правiлам густу, у той час як чытач непасрэдна заняты чытаннем ды ўспрыманнем таго, што напiсана ў тэксце, і тым самым спрабуе зразумець аўтара. На сёння можна было б сказаць, што аўтар i чытач класiчнай эстэтыкi выконваюць дакладна прапiсаныя функцыi па спараджэнню i спажыванню лiтаратурных прадуктаў, карыстаючыся ўсталяваным спiсам правоў i абавязкаў.

Бунт мадэрнiстаў быў накіраваны на тое, каб выйсцi за межы гэтых класiчных функцыянальных наканаванасцей i здабыць навiзну ўласнай творчасцi праз рэабiлiтацыю ўсяго таго, што супярэчыла канону. Так, аўтар ад часоў Арыстоцеля павiнен быў дакладна праводзiць iнтрыгу апавядання, сачыць за разгортваннем дзеi i стымуляваць яе развiццё, а таксама выпiсваць i паслядоўна раскрываць сваiх персанажаў, што разам дазваляе разглядаць па-мастацку напiсаны тэкст як цэласны твор. Важным ёсць і тое, што аўтарская функцыя не была абмежаваная адно тэхнiчным бокам лiтаратурнага працэсу, але мела на ўвазе закладанне пэўнага паслання для будучых чытачоў: гэта i шматлiкiя сэнсы, i розныя пазiцыi, якiя ўводзiлiся ў тэкст (асаблiва з перспектывы апавядання ад трэцяй асобы), або праз словы цi ўчынкi персанажаў i iх прэзентацыю (як адмоўных альбо станоўчых).

Найбольш радыкальная форма бунту супраць аўтарскага “сэнсанавязвання”, да якой часта апелюе структуралiсцкi дыскурс, гэта так званае “аўтаматычнае пiсьмо”, калектыўная альбо iндывiдуальная спроба пiсання без запланаванай сэнсавай аформленасцi ды праз адпрэчванне якой-небудзь лiтаратурнай школы.

Запiс “плынi думак”, як яна ўзнiкае ў галаве ды фiксуецца на паперы, павiнен быў, на думку заўзятараў падобных практык, разняволiць аўтарскае пiсьмо i дапамагчы яму пазбавiцца ад функцыянальных кайданаў, што змушаюць пiсаць пэўнымi культурнымi кодамi. Сiтуацыя, да таго ж, пагаршаецца, калi поруч з рабскiмi сэнсамi да працы заступаюць службiт-граматыка i наймiт-стыль. “Аголеныя думкi”, без апранах ды масак, павiнны былi выправiць становiшча ў бок вызвалення “чыстых сэнсаў” ад культурнага шкарлупiння, даць мове шанц на бесперашкоднае самавыяўленне.

Выключэнне свядомасцi альбо запiсванне “сырога матэрыялу” без далейшае яго апрацоўкi (метады аўтаматычнага пiсьма) выкрываюць дзеянне несвядомых цi недаўсвядомленых механiзмаў чалавечае псiхiкі ды змушаюць чалавека, незалежна ад яго ўласнага пажадання, спараджаць думкі. І паколькi з падобнага пiсьма амаль цалкам выпадае стрыжань сэнсазбiрання, а тэкст больш зусiм не цэнтруецца паводле пэўнай задумы, то, з пункту гледжання структуралiстаў, такое пісьмо ў плоскасцi маўлення дэманструе тэзу аб “смерцi аўтара”.

Мастацкую вартасць ды асэнсаванасць атрыманых з дапамогай “аўтаматычнага пiсьма” тэкстаў можна аспрэчваць, але несумніўным застаецца факт таго, што рэсурс маўлення дазваляе нам разглядаць нават гэткiм чынам атрыманы прадукт у якасцi тэксту. Гэта робіць магчымым сама мова праз наладжаную ў ёй (на ўзроўнi граматыкі) сувязь слоў. Так, выпадковым чынам сабраныя разам словы альбо гукi могуць зусiм адмыслова сфарміраваць пэўны кантэкст, якi будзе, дарэчы, цалкам нечаканы для яго аўтара, але прыдатны для дзейнасцi ўяўлення чытача. Створаны такiм чынам тэкст страчвае, бадай канчаткова, сваё ўласнае гучанне i аддаецца на выкуп чытачам, якiя ў стане забяспечыць яму iмгненнае жыццё праз iнтэрпрэтацыю. Роля чытача ў такiм разе змяняецца з перцэптыўнай на генератыўную, а роля аўтара ёсць у тым, каб сябе найлепей выкраслiць.

Але бунт супраць традыцыi не абмежаваўся адно вышукамi ў галiне прынцыповай перамены мастацкага зместу, бо фронт барацьбы праходзiў таксама і ўздоўж лiнii формы. Фармальнае адзiнства кампазiцыi, празрыстая сюжэтная хада ды сканструяваная цэласнасць персанажаў як прыёмы класiчнага мастацтва маюць быць аспрэчанымi ды перайгранымi.

Найперш, што датычыць захавання фармальнага адзiнства кампазiцыi, варта адзначыць, што яно нiколi не было прынцыповым запатрабаваннем лiтаратуры. Так, да прыкладу, у вершаскладаннi эрзац кампазiцыi можна адшукаць бадай што ў дакладным пераследаваннi пэўных формаў вершаў (санет, рандо i г.д.) на карысць несфарміраванаму (рыфмапляткарству), паколькi нават верлiбр цi японскае хоку падначальваюцца пэўнай рытмiцы, якая злучае разам амаль адвольныя радкi. Апавядальны жанр у такiм разе, на думку класiчнай эстэтыкi, таксама павiнен мець пэўны рытм, паводле якога разгортваецца дзея.

Радыкальным бунтам супраць традыцыi вытрымлiваць кампазiцыю твора з'яўляюцца і спробы канчатковай адмовы ад усялякай магчымасцi падзелу тэксту на паасобныя структурныя часткi. Тут маюцца на ўвазе практыкi бесперапыннай нарацыi, калi тэкст падаецца ў якасцi адзiнага сэнсавага блока, напрыклад, бясконцы маналог ад няпэўнай асобы без вызначаных маркераў прасторы ды часу альбо працяглае апiсанне пэўнага стану цi з'явы без пачатку i канца. Падобнымi прыкладамi багатыя шматлiкiя тэксты мадэрнiзму, адзiн з найбольш знакамiтых — “Хаўтуры па Фiнегану” Джойса.

Але страта кампазiцыi як сэнсавай наканаванасцi не прыводзiць аўтаматычна да знiкнення ўсялякiх слядоў аўтарства. Можна нават казаць, што падобныя парушэннi кампазiцыi ёсць збольшага аўтарскiмi. У большасцi выпадкаў падобныя спробы пiсання суправаджаюцца ўзгодненымі парушэннямі сюжэтнай хады, калi пра развiццё дзеi можна здагадвацца адно паводле ўскосных прыкмет без дакладна прапiсаных момантаў змены iнтрыгi. Гэта мае на ўвазе прынцыповую адсутнасць сюжэта як пэўным чынам арганiзаванай хады падзей ва ўяўнай прасторы ды часе. Збольшага гэта апелюе да вынiшчэння дакладнай прасторава-часавай структуры тэксту — знiкнення ўнутранай логiкi развiцця падзей. Аўтарская задача ў такiм разе — стварыць такі тэкст, у якiм любы чытач можа мець працу па стварэнню сэнсаў ды iх размеркаванню ў адзiнстве прасторы твора.

Апошняй трывалай “крыгай” традыцыйнага пісьма застаецца тады толькі персанаж літаратурнага твора, які пераважна ёсць аўтарскім праектам забеспячэння сэнсавага адзiнства твора. Асоба галоўнага героя альбо другасныя персанажы зазвычай знiтоўваюць мастацкi тэкст у цэлае, праз тое, што ва ўчынках ды дыялогах лiтаратурных герояў вiдавочна цi невiдавочна закладзены падмурак для паспяховага суаднясення другасных сэнсаў тэксту з сэнсам жыццёвага праекта галоўнага персанажа. Тэкст пачынае набываць закладзеную асэнсаванасць, калi вобраз лiтаратурнага героя пачынае захопліваць усе астатнiя моманты апавядання на карысць уласнага самаразгортвання.

Безумоўна, лiтаратурны персанаж не ёсць тым, хто замінае свабодзе чытання, але часта менавiта гэтая літаратурная крэатура абiралася аўтарамi для скрайняй прэзентацыi ўласнага пункту гледжання,— у якасці носьбіта маралi, праўды, тым самым пакiдаючы замала месца для вольнай iнтэрпрэтацыi тэксту па-за яго аўтарскiмi пасланнямi.

Свядома абраная пазiцыя мадэрнiстаў на разняволенне чытацкай аўдыторыi i ператварэнне лiтаратуры з працэсу бясконцага спажывання ў працэс бесперапыннай творчасцi i ўзаемаўзбагачэння сталася дзейсным фактарам барацьбы i з нявольным службiтам функцыяналiсцкай канцэпцыi аўтара-чытача класiчнай эстэтыкi — лiтаратурным персанажам. У выніку, пачынае знiкаць герой не сам па сабе, але тое, што прынята называць “стрыжнем” ягонай асобы — чалавечае “я” ў ягоным кантынуальным адзiнстве: персанаж расчляняецца, стаецца носьбiтам пэўных роляў ды наканаванасцей; ягоная свядомасць паказваецца збольшага ў шызафрэнiчным аспекце, ягонае iмя не называецца ды пол/адукацыя/узрост/сацыяльны стан нявызначаныя.

Гэта толькі невялiкi пералiк прыёмаў, з дапамогай якiх у мадэрнiсцкiх творах дасягаецца размытасць персанажаў як носьбiтаў аўтарскага пачатку.

У абарону абранай пазiцыi мадэрнiсты ўжываюць шматлiкiя аргументы, галоўны з iх — непразрыстасць чалавека самому сабе. Тэорыi кшталту фрэйдаўскай падказвалi iндывiду, што ён не ў праве лiчыць сябе цалкам адказным нават за ўласную псiхiку i не можа праз гэта вызначыць, кiм ён ёсць насамрэч. Таксама iснуе i меркаванне пра небяспеку атаясамлівання чалавечае iдэнтычнасцi з яго сацыяльнасцю. Гаворка iдзе тут пра тое, што навязаная нам грамадствам роля, што мы звыклiся выконваць (напрыклад, “я” як iнжынер, пiсьменнiк цi прэзiдэнт), ёсць адно сурагатам нашае самаiтасцi, ёсць проста маска, якую мы штораніцы нацягваем на твар, каб не зведаць уласных глыбiнь.

У гэткiм разе самаатаясамліванне чытача з лiтаратурным персанажам робiцца немагчымым праз недакладнае веданне таго, кiм я ёсць, а таксама, кiм ёсць той, пра каго мне гавораць — цi ёсць ён насамрэч альбо адно адлюстроўвае пэўную грамадскую функцыю. Найблiскучы прыклад падобнай няпэўнасцi — персанажы некаторых твораў Ф.Кафкi.

Падсумаванне вынiкаў тае барацьбы, што распачынаецца мадэрнiсцкiм мастацтвам супраць мастацтва класiчнага, вядзе да высновы, што апазiцыя “традыцыi — эксперымент” — вайна крайнасцей у лiтаратуры. Функцыi аўтара i чытача, такiя, як iх задае класiчная эстэтычная праграма, вызначаюць пэўнае кола правоў ды абавязкаў па спараджэнню i спажыванню лiтаратурных сэнсаў, што мiнiмiзуе магчымасці выбару суб'ектамi дзеяння (магчымасці выбару як аўтара, так і чытача).

Але канцэпцыя аўтара ды чытача мадэрнiсцкай эстэтыкi стварае падобную ж функцыянальную залежнасць, адно што з адваротным знакам. Большая свабода ўяўлення дадзена тут чытачу, якi праз змушаную нястачу аўтарскiх сэнсаў мае прадукаваць свае ўласныя, каб успрыняць твор як мастацкае цэлае. Па-за разглядам, як правіла, пакідаецца тое, што чытач мадэрнiсцкага тэксту застаецца пераважна ў межах класiчнай мадэлi, а таму нават уласную сэнсатворчасць схiльны будзе змяняць на згатаваныя штампы, iсныя ўжо ў лiтаратурных тэкстах.

І ўсё ж пераход ад большай няволi да меншай адбываецца. Праўда, чытач можа патрапіць не толькі ў бязмежную прастору творчасцi, але прыйсці і ў стан раз'юшанасцi з прычыны шматвымернай незавершанасці тэксту.

Функцыянальны крызіс, што авалодвае свядомасцю чытачоў, стаецца, мабыць, адным з асноўных чыннiкаў постмадэрнага пераасэнсавання канцэптаў аўтара ды чытача ў лiтаратуразнаўстве, гэтак жа сама, дарэчы, як i ў фiласофii.

Літаратура

1. Алькоўскi-Лэтц Д. Постмадэрная мова ў мастацтве // ARCHE. 1999. № 1.

2. Барт Р. Дидро, Брехт, Эйзенштейн // Как всегда об авангарде... —М., 1992.

3. Барт Р. От произведения к тексту // Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. —М.: Прогресс-Универс, 1994.

4. Мукаржовский Я. Исследования по эстетике и теории искусства. —М., Искусство, 1994.

5. Рикер П. Повествовательная идентичность // www.philosophy.ru

 

 

Канцэпт аўтара ды чытача ў сучаснай фiласофii i лiтаратуразнаўстве
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY