logo English version English




ПАРТНЭРЫ

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў

Belintellectuals

Гіт-парад Тузін Гітоў. Слухай ды выбірай!

НАШ БАНЭР

Банэр БК

НАДВОР'Е

Официальный сайт Белорусского Гидрометеорологического центра

Ігар БАБКОЎ. ФРАГМЭНТЫ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА МЫСЬЛЕНЬНЯ

Лекцыя 9. Перспектыва мыслення

План:

1. Антрапалагічная перспектыва (Ляхніцкі, Галухоўскі, Даленга-Хадакоўскі)

2. Пазітывісцкая перспектыва (Ян Снядэцкі)

1. Антрапалагічная перспектыва (Ляхніцкі, Галухоўскі, Даленга-Хадакоўскі)

Паўставанне антрапалагічнай перспектывы мыслення адбываецца ў "часы рамантызму". Але ёсць пэўныя канцэптуальныя праблемы з тым, каб трактаваць "рамантызм" як новую парадыгму альбо нават як новую эпоху. Сама назва найбольш зазначаная ў літаратуры, дзе яна звязаная са з’яўленнем новых жанраў, новай тэматыкі і новага светагляду. У меншай ступені рамантызм "працуе" ў філасофіі, а яшчэ менш — у сацыяльнай і культурнай гісторыі. Таму акрамя назвы эпоха рамантызму мы будзем ужываць як сынонімы постасветніцкае мысленне і, больш канкрэтна, антрапалагічная перспектыва. Бо "рамантычная рэвалюцыя" якраз і пачынаецца з рэвізіі базавых катэгорыяў асветніцкага мыслення, катэгорыяў Чалавек — Грамадства — Прырода, і замены іх на іншую катэгарыяльную сетку: Асоба — Народ — Гісторыя. У выніку адбываецца рэканфігурацыя ўсёй сістэмы філасафічнай веды, якая вымушаная ўпісваць сваю прадметнасць у новую сістэму вартасцяў, а таксама ў новы спазнаўчы далягляд.

І ў гэтай новай перспектыве практычна цалкам знікае эпістэмалагічная праблематыка, адыходзіць на другі план анталогія, а ўсю авансцэну мыслення займае інтэлектуальная канфігурацыя, якую мы можам акрэсліць як філасофская антрапалогія. Гэтая новая веда ўжо не пытаецца пра месца чалавека як такога ў сьвеце, у агульным ладзе прыроды і грамадства, — а гаворыць пра асобу, індывідуальнасць, — як пра частку больш вялікай, але таксама асабістасці — народу. І народ, і асоба знаходзяць сябе ўжо не ў прыродзе, а ў гісторыі.

Гэты паварот да гісторыі, які адбыўся напрыканцы 18 — першай палове 19 ст., быў з’явай агульнаеўрапейскай. Французская рэвалюцыя, рэвалюцыйныя і потым напалеонаўскія войны, спробы рэстаўрацыі старога рэжыму і безліч іншых масавых гістарычных падзеяў паўплывалі як на індывідуальную свядомасць чалавека, так і на тэарэтычную рэфлексію.

Для большасці людзей гісторыя стала рэальнасцю, а часам і адзінай рэальнасцю. Чалавечае жыццё з ягонымі спадзяваннямі, верай і ведай, раптам убачылася ў якасці маленькага чоўна, які нясецца па хвалях гісторыі немаведама куды.

Асветніцкія спробы займацца агульным дабром сярод гістарычных катаклізмаў прыводзілі да парадаксальных вынікаў. Як пісаў Ян Чачот з Кізыла: "Цяпер маеце вобраз жыцця бедных лiтаратараў, якiя сядзяць сярод турмаў за сваiмi столiкамi i працуюць на агульнае дабро, якога самi не могуць зведаць".

У гэтай новай перспектыве чалавек, асобнае чалавечае жыццё анічога не значыць у гісторыі. Суб’ектам гістарычнага працэсу можа выступаць толькі народ як пэўная калектыўная індывідуальнасць, з’яднаная агульным паходжаннем, агульнымі каштоўнасцямі і агульнай воляй.

Постасветніцкае мысленне якраз і займаецца гэтымі пытаннямі: у чым сэнс гісторыі, якая ідэя народу, у чым таямніца асобы? Пры гэтым класічная асветніцкая рацыянальнасць, уцэнтраваная вакол ідэі розуму, звязаная з навукай як практыкай рацыяналізацыі (адчаравання) свету, разглядаецца як састарэлая, няздольная пранікнуць на новыя тэрыторыі, на якіх выяўляюць сябе сапраўдныя таямніцы свету: адзінства чалавечай асобы, у якім знаходзяць сабе месца розум і неразумнае; прызначэнне народа, у якім рацыянальнае суіснуе з трагічным, добрае са злым; і сэнс гісторыі, які не зводзіцца да ідэі прагрэсу як механічнага паляпшэння чалавечага грамадства, а ўладна патрабуе "вышэйшых мэтаў", якія былі б вартыя самой ідэі чалавека.

І ўсе гэтыя зрухі так альбо інакш былі звязаныя з выяўленнем і спробамі легітымацыі прасторы, якая для класічных асветнікаў выступала як неразумнае, альбо надзвычайнае (звышнатуральнае). Істотная роля ў гэтым працэсе належала Ляхніцкаму і ягонаму часопісу "Паментнік магнетычны".

Эмануэль Ляхніцкі (1793—1826) нарадзіўся ў сям’і Антонія і Веранікі Ляхніцкіх. Скончыў Віленскі універсітэт, у якім у 1812 г. прадставіў на конкурс даклад з галіны хіміі "Аб распушчанні". Неўзабаве стаўся доктарам філасофіі й прафесарам гэтага ж універсітэта. Падчас побыту Аляксандра І у Вільні атрымаў чын камерюнкера Імператарскага двара. У Пецярбургу зацікавіўся А.Пошманам, а таксама магнетызмам. У Вільню вярнуўся ў 1815 г. Ад 1816 года пачаў выдаваць часопіс "Паментнік магнетычны, віленьскі". У 1817 г. надрукаваў кнігу "Статыстыка літоўска-гарадзенскай губерніі", а ў 1821 — "Паведамленне аб спосабе лячэння вар’яцтва праз магнетычнае яснабачанне".

 "Паментнік магнетычны віленьскі" з’явіўся ў Вільні напачатку 1816 г., у невялічкім сшытку, і быў анансаваны як перыядычнае выданне. Пасля трох год бесперапыннага выхаду напрыканцы лістапада 1818 г. Ляхніцкі паведаміў чытачам, што "Паментнік..." перастае выходзіць перыядычна і будзе выходзіць раз на год альбо часцей, у залежнасці ад абставінаў.

Трэба адзначыць, што распачаўшы выданне часопіса, Ляхніцкі ўвайшоў у адкрыты канфлікт з віленскімі лібераламі, а напрыканцы выхаду часопіса ўвайшоў у канфлікт і з полацкімі езуітамі. Адзін час у Вільні нават ішла п’еса "Авантура на зялёным мосьце, альбо Магнетыста, вучань Мэсмэра", з’едлівую справаздачу з якой надрукаваў у першым выпуску "Вулічных навінаў" Енджэй Снядэцкі.

Большасць матэрыялаў часопіса напісана альбо замоўлена самім Ляхніцкім, кола аўтараў досыць абмежаванае. Пакуль мы не ведаем гісторыі паўставання часопіса, ды мала што вядома і пра кола падпісчыкаў (можна гіпатэтычна меркаваць, што яно часткова складалася з "свецкай" публікі, якой былі адрасаваныя "магнетычныя" матэрыялы, часткова з дробнай, магчыма, правінцыйнай, шляхты, якая чытала матэрыялы па рыбалоўству, паляванні, карысныя гаспадарчыя парады й г.д.). Вядома толькі, што рашэнне спыніць выпуск часопіса было часткова звязана з той "вайной", якую распачалі супроць Ляхніцкага і магнетызму "Вядамосці бруковэ" і "Дзеннік Віленьскі".

Праграма "Паментніка магнетычнага" фармулюецца Ляхніцкім у двух аспектах: пазітыўным і палемічным. І калі ў пазітыўным полі Ляхніцкі знаходзіць сябе на тэрыторыі Асветніцтва, ягоных вартасцяў і ягонай эпістэмалогіі, дык у вымушанай палеміцы з віленскай асветніцкай элітай ён выходзіць за гэтыя межы і фармулюе некаторыя ідэі, якія будуць пазней скарыстаныя рамантызмам.

Безумоўнай вартасцю Ляхніцкі прызнае імкненне да "агульнага дабра". Але сам змест гэтай ідэі ў Ляхніцкага істотна змяняецца. Калі для асветніцкіх элітаў "агульнае дабро" звязанае пераважна з ідэямі нацыі як такой, ейнага месца ў агульным прагрэсе чалавецтва, з ідэямі ўдасканалення грамадства, дык для Ляхніцкага "агульнае дабро" з неабходнасцю мусіць пацвярджаць сваю вартасць і на мікрасацыяльным узроўні — на ўзроўні штодзённага жыцця розных сацыяльных стратаў.

Другім праграмным аспектам праграмы Ляхніцкага ёсць крытычная рэдэфініцыя ідэі розуму. Для Ляхніцкага "розум" ужо не ёсць вартасцю абсалютнай: піянерамі даследавання "надзвычайнага" могуць выступаць і іншыя здольнасці чалавека.

Акрамя таго, мяняецца статус "надзвычайнага", якое трактуецца як неспазнанае.

У палемічным аспекце Ляхніцкі фармулюе ідэю ўяўлення і ідэю ўваходжання ў надзвычайнае ды карыстання з неспазнанага. Так, у палемічным адстойванні ідэяў магнетызму ён адзначае: "Мы шмат маем такіх з’яваў у прыродзе, наступствы якіх відавочныя, а прычына застаецца схаванай. Такія выпадкі як даўно, так і ў нядаўнія часы разглядаліся як надзвычайныя. Але прырода заўсёды ідзе аднымі і тымі ж, уласцівымі ёй, шляхамі; мусім толькі... знайсці гэтую скрытую прычыну, а калі праз ужо вядомыя законы яе знайсці немагчыма, мусім часова перастаць выказваць пра яе меркаванні, а проста карыстацца з наступстваў".

Уласна матэрыялы па магнетызму складаліся з перакладных артыкулаў і арыгінальных твораў, а таксама са справаздачаў з магнетычных сэансаў у Вільні. Сярод "скандальных" гісторыяў асабліва выдзяляецца выпадак "лекара Антоські".

Інфармацыя пра Антоську Голеца з вёскі Дэрэва, прыгоннага Чаркоўскага, выклікала сапраўдны скандал. У артыкуле "Аб асаблівым лекары з-пад Навагрудка" "Паментнік магнетычны" паведамляў, што нехта Антоська Голец, сустрэўшы выпадкова ў лесе старога, аброслага сівымі валасамі, які сядзеў пад дубам, атрымаў ад яго незвычайную здольнасць лячыць хваробы датыкненнем рукі. Перадача сілы адбылася, калі стары дакрануўся да яго рукой (у месцы дакранання засталася пляма) і паведаміў, што ад гэтага часу і на працягу адзінаццаці год Антоська валодае незвычайнай здольнасцю. Калі на працягу гэтых год Антоська будзе карыстацца сваёй сілай, дапамагаючы іншым, дык потым яна ўзновіцца.

Ляхніцкі праінтэрпрэтаваў гэтую гісторыю як выпадак натуральнага магнетызму, віленскія асветнікі — як класічны прыклад ірацыянальнай веры ў звышнатуральнае. Голец апынуўся ў цэнтры грамадскіх дыскусіяў, і ў 1817 г. Ляхніцкі даў справаздачу з дзейнасці ўрадавай камісіі на чале з гарадзенскім губернатарам Станіславам Урсынам Нямцэвічам, разам са сведчаннямі розных асобаў.

У тым жа 1816 г. Ксаверы Плятэр апісаў у часопісе надзвычайнае здарэнне з маладым непісьменным яўрэем Меерам (паходзіў з Віцебскай губерні), у выніку якога Меер атрымаў здольнасць гаварыць у сне на "незнаёмай мове", якая была апазнаная аўтарытэтнай камісіяй як мова Старога запавета.

У чацвёртым нумары выдання за 1816 г. з’явіўся пераклад (ці, больш дакладна, пераказ) французскага артыкула пад назвай "Літаратура аб алгебраманіі". Артыкул быў скіраваны супраць захаплення матэматыкай, што ў тагачаснай Віленскай сітуацыі адназначна трактавалася як выпад супроць Яна Снядэцкага і рэшты лібералаў. У артыкуле распавядаецца гісторыя чалавека, няздольнага скончыць курс навучання лаціны і літаратуры, які ў якасці кампенсацыі пачынае інтэрпрэтаваць жыццё выключна ў "матэматычных" тэрмінах, ужываючы іх без ладу і складу. Напрыканцы артыкула аўтар пераходзіць ад гулліва-іранічнага апісання (якое можна трактаваць як апрычонае маралітэ) да больш агульных высноваў. Фармулюючы пытанне "Навошта патрэбная матэматыка ў звычайным жыцці? Навошта імкнуцца, каб рахунак вызначаў наш густ, а цыркуль вымяраў нашыя прыемнасці?", аўтар сцвярджае, што сэнс і значэнне дакладных навук — пераважна практычныя. Паводле аўтара, дакладныя навукі мусяць займацца практычным паляпшэннем канкрэтнага жыцця, а не шукаць уласнае легітымацыі ў агульных словах пра "плён асветы".

Для асветніцкіх элітаў Ляхніцкі з ягонымі цікавасцямі да магнетызму з’яўляўся яскравым прадстаўніком псеўданавуковых "прымхаў і забабонаў", а з перспектывы пазнейшых гісторыкаў моду на магнетызм лёгка палічыць кур’ёзам, псеўданавуковым анахранізмам, уфундаваным выключна ў бунце "сэрца і ўяўлення" супроць сухога рацыяналізму 18 ст.

І сапраўды, калі казаць пра навуковасць часопіса, дык яна выклікае сумневы не толькі з-за самой тэорыі магнетызму, але й з-за відавочна ненавуковага дыскурсу.

І ўсё ж сэнс і значэнне "Паментніка..." ляжыць у чымсьці іншым. А менавіта ў смелым пранікненні на тэрыторыю таго, што для класічнага асвечанага розуму з’яўлялася "надзвычайным" і ў смелым карыстанні з гэтага надзвычайнага. І ў гэтым сэнсе магнетызм пачатку 19 ст. — сімптом, знак новых магчымасцяў чалавека і чалавечага, якія ўладна імкнуліся да рэалізацыі. Напоўніцу гэтыя новыя магчымасці праявяцца ў 30-х — 40-х гг., праз выбух містыцызму ў творчасці Тавянскага і Міцкевіча.

Адной са сфераў "надзвычайнага" у першай траціне 19 ст. сталася й традыцыйная (этнічная) культура. Адпаведны сюжэт звычайна разглядаецца ў межах гісторыі этнаграфіі і трактуецца як перадгісторыя дысцыпліны, у якой яшчэ не выпрацаваліся навуковыя метады даследавання і аналізу матэрыялу. Але станаўленне этнаграфіі як навукі было звязанае таксама і з пэўным эпістэмалагічнымі зрухамі, з пэўным разломам у сістэме познеасветніцкай рацыянальнасці, у выніку якога адбылася пераарыентацыя ад ідэі "палітычнага" (шляхецкага) народа на ідэю народа як этнакультурнай супольнасці і, у далейшым, легітымацыя традыцыйнай (народнай) культуры ў супрацьпастаўленні з культурай асвечаных элітаў. Піянерам гэтых новых перспектываў стаўся Даленга-Хадакоўскі.

Зарыян Даленга-Хадакоўскi (Адам Чарноцкi) нарадзiўся 24 снежня 1784 г. Не толькi ў сваiх творах, але й у сваёй бiяграфii ён належыць да цалкам iншага культурнага тыпу. Нарадзiўшыся ў сям'i збяднелага шляхцiца, ён, тым не меней, пазней спасылаўся на сваё "вясковае паходжанне". Ён так i не змог атрымаць унiверсітэцкую адукацыю i па сутнасцi быў аўтадыдактам. Займаючыся прыватнай адвакатурай, а потым служачы намеснiкам i кiраўнiком маёнтка Варончы, Даленга-Хадакоўскi ўважлiва сачыў за iнтэлектуальнымi дыскусіямi свайго часу, быў знаёмы з познеасветнiцкiмi праграмамi вывучэння традыцыйнай культуры. Пасля вядомых здарэнняў (суд, уцёкі, служба ў войску Напалеона, нелегальнае вяртанне) Даленга-Хадакоўскi рэшту свайго жыцця прысвяцiў прапагандзе й рэалiзацыi сваiх iдэяў на шырокiх прасторах славянскай зямлі: ад Кракава да расейскай поўначы.

Што тычыцца творчага наробку, дык мы мусiм згадаць працу "Аб славяншчыне перад хрысцiянствам", якая была напiсаная ў студзені — сакавiку 1918 г. i з'явiлася ў друку двойчы: у "Цвiчэнi Науковым" у 1918 г. i ў "Паментнiку Львоўскiм" у 1919 г.

Уплыў Даленгі-Хадакоўскага на славянскую фалькларыстыку даўно даследаваны, ягоныя археалагiчныя й этналагiчныя гiпотэзы й iнтуiцыi (гарадзiшчы, праблемы тапанiмікi) не ёсць прадметам нашага разгляду. У нашым кантэксце iстотная тая новая трактоўка традыцыйнай культуры (новая ў параўнаннi з познеасветнiцкiм бачаннем), якую ён прапанаваў у сваёй працы.

"У народзе першабытным, што каля двух дзесяткаў стагоддзяў налiчвае на гэтай зямлi, заўсёды якое-небудзь паданне быць павiнна. З-за недахопу пiсьменнiкаў альбо тагачасных сведчанняў, здольнае яно шмат рэчаў нам адкрыць... Трэба пайсцi i знiзiцца пад страху селянiна ў розных далёкiх краях, трэба спяшацца на яго частаваннi, гуляннi й розныя прыгоды. Там, у дыме, што ўзносiцца над галовамi, жывуць яшчэ старыя абрады, спяваюцца даўнiя песнi i сярод простых скокаў чутны iмёны забытых багоў".

Гэтая цытата вельмi паказальная для стылю й мыслення Даленгi-Хадакоўскага. Традыцыйная культура для яго не выступае як нешта мёртвае й аджылае, вартае выключна перадгiсторыі чалавецтва, а наадварот, як жывое й старажытнае паданне, якое захоўвала й захоўвае каштоўны досвед, якога так не хапае сучаснасцi. Калi асветнiцкая праграма была скiраваная на пад'ём традыцыйнай культуры да вышыняў асвечанага розуму, Даленга-Хадакоўскi прапанаваў адваротную хаду, "знiзiцца пад страху селянiна" i пачуць "iмёны забытых багоў". Ягонае ўласнае жыццё й было ўвасабленнем гэтай праграмы.

Пасля Даленгi-Хадакоўскага ягоная праграма была падхопленая дзесяткамi даследчыкаў i аматараў. Як пiсаў Вiнцэнт Поль, "Зарыян Хадакоўскi, выйшаўшы аднойчы на гэты шлях, абудзiў такi вялiкi iнтарэс ва ўсiм народзе, што такога роду даследаваннi з гэтай пары сталi арганiчна неабходнымi ў лiтаратуры. I праз некалькi дзесяткаў год ўся моладзь таго часу пайшла гэтым шляхам".

Такім чынам, адным з вынікаў станаўлення этнаграфіі як навукі сталася ўсведамленне сацыякультурнай лакалізацыі асветніцкага розуму ў асяроддзі асветніцкіх элітаў і супрацьпастаўленне гэтых элітаў традыцыйнай культуры і традыцыйнаму грамадству, у якім яшчэ жывуць "душа і сэрца", і дзе ўсё яшчэ гучаць "імёны забытых багоў".

Усе гэтыя новыя з'явы рыкашэтам вярталіся ў філасофію, нараджаючы памкненне да рэфлексіі не над абстрактным розумам, а над рэальнымі практыкамі і рэальным досведам жывых людзей і (пакуль яшчэ) жывых народаў.

І таму, калі Юзэф Войцех Галухоўскі, вярнуўшыся з Эрлангена ў Вільню, распачаў свае лекцыі з "новай" філасофіі, найвялікшая заля Віленскага універсітэта не змагла ўмясціць усіх слухачоў. І справа была не толькі ў скандальнасці — на першай жа лекцыі Галухоўскі назваў асветнікаў 18 ст. "бандай мярзотнікаў", якія анічога не разумелі ў філасофіі — але і ў тым, што філасофія, паводле Галухоўскага, мусіла шукаць сабе месца не ў абстрактным прагрэсе ўсяго чалавецтва, а ў рэальным жыцці "цэлых народаў і асобнага чалавека". Філасофія мусіла стацца перадусім антрапалогіяй.

Юзэф Галухоўскі нарадзіўся ў Заходняй Галіцыі ў 1797 г. (11 альбо 14 красавіка) у Лончках Кухарскіх Тарноўскага павета. Ва ўзросце 11 год застаўся без бацькі. У 1809 г. быў аддадзены ў Венскую шляхецкую Тэрэзіанскую акадэмію (Terezyanum). Скончыў там сямігадовы гімназічны курс і вышэйшыя штудыі на філасофскім аддзяленні. Захапляўся матэматыкай і ў 1816 г. надрукаваў (па-нямецку) першую сваю працу "Аб уплыве матэматыкі на выхаванне чалавека", за якую атрымаў пахвальны ліст і стыпендыю. У 1816 — 1817 гг. друкаваўся ў Венскім часопісе "Wanderer". Надалей выкладаў матэматыку і старагрэцкую мову ў Варшаўскім ліцэі, адначасова вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, дзе атрымаў ступень магістра абодвух правоў і адміністрацыі.

У 1821 г. распачаў пазапланавыя (бясплатныя) выклады з натуральнага права ў Варшаўскім універсітэце. У гэтым жа годзе разам з Доўгірдам і Вішнеўскім узяў удзел у конкурсе на катэдру філасофіі Віленскага універсітэта, выйграў яго (13 супраць 1) і ў чаканні вынікаў выехаў за мяжу (напачатку ў Парыж на сустрэчу з Чартарыйскім, потым у Нямеччыну на філасофскія штудыі). Напрыканцы 1821 паводле іспытаў summacumlaude атрымаў дактарат па філасофіі ў Гайдэльбергу, прадставіўшы працу "Пра рэспубліку Платона". Канец 1821 і ўвесь 1822 г. жыў у Эрлянгене, дзе слухаў лекцыі (і стаўся прыяцелем) Шэлінга. У Эрлянгене надрукаваў сваю працу "Філасофія ў стасунку да жыцця цэлых народаў і асобнага чалавека", якая ў Нямеччыне атрымала шырокі розгалас.

Вяртаецца ў Варшаву ў 1823 і распачынае там часовыя выклады, але ўжо 27 верасня 1823 г. чытае ў Віленскім універсітэце сваю першую лекцыю "аб задачах філасофіі".

У сувязі з надзвычайнай папулярнасцю лекцыяў, расейскія ўлады запатрабавалі тлумачэнняў ад рэктара, а на саміх лекцыях размясцілі паліцэйскіх агентаў, якія запісвалі кожнае падазронае слова. Урэшце Навасільцаў запатрабаваў спынення лекцыяў, і 29 студзеня 1824 г. загад быў выкананы. У верасні 1824 г. Галухоўскі быў звольнены з універсітэта (разам з І. Лялевелем, І. Даніловічам і М. Бароўскім).

 Ён едзе ў Варшаву, дзе чытае даклад "Аб пакутах", спрабуе працягнуць кар’еру навукоўцы. У 1824 г. стаецца сябрам-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства сяброў навук. Але нечакана вяртаецца на вёску (у радавы маёнтак Garbaczu), дзе вядзе ўзорную гаспадарку. У 1830 г. ажаніўся. Падчас паўстання 1830 г. — у Варшаве, у 1835 г. 5 месяцаў адсядзеў у вязніцы. Надалей зноў на вёсцы. Адмаўляўся ад супрацоўніцтва з часопісамі.

У 1845 г. выязджае за мяжу (Італія, Швейцарыя, Нямеччына, Англія, Галандыя). У Нямеччыне сустракаецца з Шэлінгам (23 лістапада 1845 г.), прамаўляе на банкеце з нагоды 71-годдзя філосафа.

Вяртаецца да філасофіі за некалькі год да смерці. Працуе на "Роздумамі...", рукапіс якіх ужо пасля смерці Галухоўскага рыхтуе да друку і выдае E. Ziemiecka. Памёр 22 лістапада 1858 г. у Гарбачу.

Калі 27 верасня 1823 г. Галухоўскі распачаў выкладанне ў Вільні, праграма курса ўлучала ў сябе антрапалогію, логіку і маральную філасофію, заняткі мусілі адбывацца 6 раз на тыдзень.

Задачай нашага разгляду не ёсць рэканструкцыя ўсёй філасофіі Галухоўскага. Мы адзначым толькі тыя аспекты, якія істотныя для станаўлення новай, постасветніцкай перспектывы мыслення, што знайшлі сваё выяўленне ў ягонай "Філасофіі ў стасунку да жыцця цэлых народаў і асобнага чалавека".

Адмова ад верхавенства розуму. Паводле Галухоўскага, галоўным інструментам філасофскага пазнання выступае не розум, а непасрэдная інтуіцыя, задачай якой ёсць не столькі аналіз альбо сінтэз, колькі паглыбленне ў таямніцу асобнай рэчы і ўсяго свету. Менавіта інтуіцыя дазваляе пераадольваць той узровень веды, на якім ідэі вечнасці, Бога, бясконцасці сусвету выступаюць як антыноміі. Інтуіцыя ёсць "прыхаванай таямніцай" розуму, якая дазваляе разгледзець за асобнасцю навук і дыскрэтнасцю чалавечае веды ўзровень праеднасці, на якім веда, чалавек і свет набываюць сваю завершанасць і гарманічнасць. Паводле Галухоўскага гэты ўзровень ёсць адначасова ўзроўнем любові, гармоніі і шчасця.

Прадмет філасофіі. У выніку, паводле Галухоўскага, прадметам філасофіі ёсць усё тое, "што верагодна можа знайсціся... ва ўнутраным досведзе асобы". І галоўнае, што філасофія мусіць шукаць у гэтым досведзе, — гэта ідэя Боскага. Толькі гэтая ідэя можа даць чалавечае суб’ектыўнасці надзейны фундамент, з якога можна ўбачыць "праеднасць" усіх навукаў. Ідэя Боскага з’яўляецца "незнішчальнай сутнасцю" чалавека і праяўляецца як у індывідуальным жыцці, так і ў жыцці цэлых народаў, альбо ў гісторыі.

Філасофія і навукі. Асобныя ж навукі маюць дачыненне з расцятымі, дыскрэтнымі, "другаснымі" фрагментамі рэчаіснасці. Іх метад працы з гэтымі фрагментамі абапіраецца на аналіз разнастайных дэтэрмінацыяў і выяўляецца ў эмпірызме і "практыцызме" навук. Вынікам гэтага ёсць з’яўленне розных антыноміяў (жыццё і розум, культура альбо цывілізацыя і прырода, прырода і гісторыя ) і дысгарманізацыя свету, пры якой "рэчы і паняткі аб іх апынуліся ў нязгодзе".

Філасофія і асоба: вяртанне да ідэі мудрасці. У гэтым сэнсе задачай філосафа выступае вяртанне да перашапачатковай еднасці, альбо інтуітыўнае пранікненне па той бок дыскрэтнасці свету. Гэтая задача даступная толькі сапраўднай, аўтэнтычнай філасофіі, а не пустым і павярхоўным разумаванням, гульні ў паняткі. Пранікненне ў праеднасць патрабуе ўдзелу не толькі розуму альбо інтуіцыі але й суцэльнай поўніцы духу.

Такім чынам, тая перспектыва мыслення, якую прапанаваў Галухоўскі, было не проста постасветніцкай, але й антыасветніцкай. Больш за тое, надзвычайная папулярнасць Галухоўскага ў Вільні, выбух рамантызму, які распачаўся амаль сінхронна, дазваляе выказаць меркаванне, што гэтыя тэндэнцыі прысутнічалі ў культурнай свядомасці ўжо ад самага пачатку 19 ст. У такой сітуацыі патрабавалася не проста карэкціроўка асветніцкіх вартасцяў, дапрацоўка асветніцкай эпістэмалогіі, — патрабаваўся перагляд усей сістэмы асветніцкага светагляду ды абарона асветніцкіх каштоўнасцяў.

Гэты выклік прыняў Ян Снядэцкі.

2. Пазітывісцкая перспектыва (Ян Снядэцкі)

Пазітывісцкая перспектыва мыслення з’яўляецца як рэакцыя асветніцкай эпістэмалогіі на выклікі эпохі і ў гэтым сэнсе мае не столькі "актыўны", колькі "рэактыўны" характар. Тыя альбо іншыя элементы новага, пазітыўнага светаўспрымання характэрныя для ўсёй генерацыі асветнікаў. Але менавіта Ян Снядэцкі разгарнуў гэтыя элементы ў паслядоўную праграму рэдэфініцыі філасофіі, у якой тая мусіць набыць новую ролю і новую легітымнасць.

Ян Снядэцкі — перадусім навуковец-натуразнаўца, матэматык і астраном, а таксама арганізатар, ідэолаг, філосаф і літаратурны крытык. Снядэцкі належыць да познеасветніцкай генерацыі, якая прыняла актыўны ўдзел у рэалізацыі адукацыйных рэформаў Камісіі нацыянальнай адукацыі на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, перажыла яе падзел і напачатку 19 ст. знайшла сябе на паграніччы асветніцкага праекта як такога.

Нарадзіўся 29 жніўня 1756 г. у мястэчку Жнін у Вялікапольшчы. З васьмі год быў аддадзены ў Калегіюм Любраньскі ў Пазнані, які на той час з’яўляўся філіяй Кракаўскага універсітэта. У 1772 г. Снядэцкі сдае экзамэн на бакалаўра філасофіі ў Кракаве, а двума гадамі пазней стаецца магістрам вызваленых навук і доктарам філасофіі. У 1776 г. ён выкладае алгебру ў Кракаўскай акадэміі. Праз пэўны час Снядэцкі ўжо выкладчык 6 ступені ў гімназіі Навадворскага, дзе ён выкладае эканоміку, логіку, механіку, гідрастатыку і гідраўліку. Менавіта тады Снядэцкі знаёміцца з Калантаем, які паспрыяў працягу ягоных штудыяў у Гетынгене, Лэйдзе, Ульрэхце і Парыжы (1778 — 1781).

У Гетынгене Снядэцкі акрамя матэматычных штудыяў "не знайшоў для сябе нічога карыснага". Менавіта ад гэтага першага ўражання, магчыма, ідзе тая непрыязнасць да нямецкай культуры, якая яскрава праявілася ў віленскі перыяд. Пасля невялікага галандскага перыяду Снядэцкі патрапляе ў Парыж, дзе слухае лекцыі ў Калеж дэ Франс, спецыялізуючыся ў астраноміі і матэматыцы, знаёміцца з Кузэнам і Лапласам.

Пасля вяртанне ўзначаліў у зрэфармаванай Кракаўскай акадэміі (якая сталася Галоўнай школай Кароннай) катэдру вышэйшай матэматыкі і астраноміі, у якой працаваў да 1803 г. Адзін з першых сярод кракаўскіх прафесараў пачаў выкладаць не на лаціне, а па-польску. У 1782—1787 гг. быў сакратаром Галоўнай школы, займаўся таксама школьніцтвам. У 1787 г. выязджае ў Францыю, Англію і Нямеччыну, дзе наведвае астранамічныя асяродкі.

Супрацоўнічае з "Калантаеўскай кузніцай", бярэ ўдзел у апошнім сейме Рэчы Паспалітай у Гародні. Падчас паўстання Касцюшкі выконвае абавязкі сябра Камісіі публічнага парадку ў Кракаве.

У 1805 г. Снядэцкі атрымаў прапанову ўзначаліць Віленскую астранамічную абсерваторыю і стацца рэктарам Віленскага універсітэта. У 1807 г. ён пагаджаецца на прапазіцыю і пераязджае ў Вільню, дзе на працягу васьмі год з’яўляецца рэктарам Віленскага універсітэта. У 1815-м сыходзіць з пасады рэктара, але да 1824 г. працуе як астраном.

Філасофіяй Снядэцкі заняўся ўжо ў віленскі перыяд свайго жыцця, і ягоны статус як філосафа, а таксама ацэнка ягоных філасафічных набыткаў надзвычай кантраверсійныя.

З аднаго боку, творчасць Снядэцкага ў Вільні лічыцца падсумаваннем і вяршыняй позняга асветніцтва, а тыя палемікі, якія той запачаткаваў — палеміка з Кантам і палеміка з рамантычнай школай — сталіся знакавымі, сімвалічнымі падзеямі для культуры пачатку 19 ст. З іншага боку, часцяком філасафічная спадчына Снядэцкага ацэньваецца як эпігонская: у дачыненні да шатландскай філасофіі здаровага розуму, прыхільнікам якой той з’яўляўся, альбо ў дачыненні да філасофіі класічнага асветніцтва.

Гэткая кантраверсійнасць бярэ пачатак ад самой віленскай сітуацыі пачатку стагоддзя, калі для адных Снядэцкі выступаў у якасці асветніцкага святога, які стаіць на варце асветніцкіх прынцыпаў ды ідэалаў, для другіх жа ён быў сухі, рацыянальны, зласлівы "мудрэц", які не хоча бачыць жывога жыцця за абстрактнымі прынцыпамі. Прынамсі, у вобразе гэткага "мудраца" з міцкевічавай "Рамантычнасці" шмат хто пазнаваў менавіта Снядэцкага.

Зварот Снядэцкага да філасофіі ў віленскі перыяд ягонага жыцця (і ўвогуле, паўставанне познеасветніцкай эпістэмалогіі) быў абумоўлены наступнымі фактарамі:

— актывізацыяй старой схаластыкі, якая ў межах Полацкай езуіцкай акадэміі спрабавала палемізаваць з віленскімі лібераламі і канкуравала з імі не толькі інтэлектуальна, але й у пошуку падтрымкі імператарскага двара, а таксама за кантроль над "постезуіцкай" сістэмай адукацыі;

— зменамі ў статусе самой філасофіі, якая відавочна вяртала сабе месца ў інтэлектуальным і культурным жыцці, згубленае за часы Асветніцтва, і якая патрабавала рэдэфініцыі;

— паўставаннем "кансерватыўнага павароту" ў філасофіі (Шаняўскі), які ў сваім развіцці ішоў паралельна з "рамантычным паваротам" у літаратуры;

— выклікам "трансцэндэнтальнага ідэалізму" Канта, які разгарнуў асветніцкую эпістэмалогію на 180 градусаў.

Асобна трэба адзначыць рэабілітацыю "традыцыйнай культуры" і этнаграфічна-народніцкі паварот у мысленні, што праявіўся ў творчасці Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага.

Усе гэтыя фактары паспрыялі на працягу 1814—1821 гг з’яўленню чатырох "філасафічных" твораў Снядэцкага: "Пра метафізіку" (1814), "Пра класічнасць і рамантычнасць" (1819), "Пра філасофію" (1819) з "Дадаткам" (1920) і "Філасофія чалавечага розуму" (1821).

backward Лекцыя 8
ЗЬМЕСТ

Лекцыя 1. Прадмет і мэтадалёгія гісторыі думкі Беларусі

Лекцыя 2. Ад "мудрасьці без сылягізмаў" да "Арыстотэлевай брамы"

Лекцыя 3. Францішак Скарына, пратэстанцкая этыка і дух капіталізму

Лекцыя 4. Будны, пратэстанцкая этыка і "Дух Божы"

Лекцыя 5. Сармацкая цывілізацыя і яе крытыкі

Лекцыя 6. Віленская філязофская школа: позьняя схаластыка

Лекцыя 7. Асьветніцтва

Лекцыя 8. Позняе Асветніцтва як эпоха думкі

Лекцыя 9. Перспектыва мыслення

 

ПОШУК