ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАРАДЫГМА:

РАКУРС КАНЦЭПТУАЛЬНАЙ ПЕРАМЕНЫ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыі 3—4

Лекцыя 5

Лекцыі 6—7

Лекцыі 8—9

План:

1. Зачын

2. Без нас

3. Беларусь як прастора сакральнага

4. Вялікая здрада

5. Апошні эпілог

6. Літаратура

 

1. Зачын

За свабоду можна змагацца, але яе нельга заваяваць (у адрозненне ад улады).

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца).

Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (Спартак, Ян Гус, Пугачоў, Каліноўскі, Чэ Гевара…), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Вялікай французскай рэвалюцыі, Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікіх лацінаамерыканскіх рэвалюцый, у прыватнасці — кубінскай…

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца. Але свабоды можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць і чакаць менавіта як свабоду.

Аднак не трэба блытаць чаканне з пасіўным перабываннем у абыякавасці. Калі мы моцна некага чакаем, хочам, то мы рыхтуемся яго сустрэць. Чаканне свабоды — гэта падрыхтоўка да сустрэчы са свабодай, якая абавязкова адбудзецца…

Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. Таму яна і не з'явілася на Беларусі пасля распаду савецкай імперыі. Адсюль і паўстае задача кожнага, хто заангажаваны прыйсцем свабоды на Беларусь: мацаваць і вялічыць дыскурс чакання. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцый. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсведамляць, што сэнс і культурніцкай працы, і працы палітычнай не ў здабыванні свабоды, а ў стварэнні сітуацыі яе масавага чакання. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоды — яна нас не праміне…

2. Без нас

За палітычнымі мітынгамі, шэсцямі, палемікамі, рэпрэсіямі міналі гады. Беларуская нацыянальная апазіцыя, адна з найбуйнейшых у тагачаснай Еўропе, якая цягам амаль дзесяцігоддзя магла сістэмна выводзіць на вуліцы Мінска дзесяткі тысяч людзей, пакрысе пачала знясільвацца, марнець, чэзнуць і напрыканцы дваццатага стагоддзя ў шырокім публічным плане згарнулася амаль у нішто. Але ніхто з лідэраў некалі ўплывовай апазіцыі так і не схацеў заўважыць ні сваёй паразы, ні таго (куды больш істотнага), што краіна Беларусь ужо спрэс жыве без нас — нацыянальна заангажаваных.

Без нас яна садзіць бульбу, ладзіць вяселлі, стварае тэлепраграмы і знешнюю палітыку, без нас абірае сабе куміраў і прэзідэнтаў... Краіна Беларусь жыве без нас. Калі б не колькі палітычных перадач на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, якія не стамляюцца ганіць “нацыяналістаў”, то сёння ўжо мала хто б ведаў, што ў Беларусі, акрамя проста тутэйшых, ёсць яшчэ нейкія сапраўдныя (“шчырыя”, “свядомыя”, “зацятыя” і да т.п.) беларусы, гэта значыць — мы. Тыя некалькі нашых радыёстанцый за межамі краіны і тыя некалькі “нашых” газет і часопісаў унутры яе працуюць на нас і дзеля нас, а не на Беларусь і дзеля Беларусі. Тое самае можна сказаць і пра ўсе нашыя публічныя акцыі, мітынгі, шэсці, пікеты, перформансы, графіці...

Натуральна, нашай віны ў гэтым аніякай. Мы лепей ад пацераў ведаем, хто адасобіў нас ад беларускага народа — Крэмль, КДБ, Лукашэнка, але найперш сам нацыянальна несвядомы (спаланізаваны, скаланізаваны, зрусіфікаваны, засаветызаваны, манкуртызаваны, халопскі, быдлянскі, задраны і задрыпаны) беларускі народ.

Зразумела, што з такім народам мы (як толькі “мы” з'явіліся напрыканцы 80-х) не жадалі мець нічога супольнага. Але паколькі зусім без народа абыходзіцца не выпадала, то нам нічога іншага не заставалася, акрамя як улегчыся ў адраджэнне скампіляванай з размаітых парэшткаў былога ідэальнай, вясёлкавай Беларусі, дзе, згодна з нашымі меркаваннямі, мы мелі шанц натрапіць на сапраўдны беларускі народ, якому ў асалоду было б і служыць, і маліцца...

На першы погляд, не ідэя, а цуд, але менавіта з гэтага цуду і распачаўся наш шлях упрочкі ад тутэйшага народа ў ідэальнае нікуды, бо гэтак сфармуляваная ідэя Адраджэння адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасці. За патрабаваннем вяртання гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досведу мінулага хавалася жорсткая ідэалагічная канструкцыя, у якую не ўпісваліся здабыткі і каштоўнасці тагачаснага беларускага грамадства, бо ўсе ягоныя перамогі, плёны і радасці мелі альбо камуністычнае, альбо каланіяльнае паходжанне. Згодна з выпрацаванай у падпольных галовах канцэпцыяй, права “чалавекам звацца” мелі адно героі супраціву расейскай каланізацыі і ахвяры камуністычнага тэрору.

Дзіўна, але глыбока рэпрэсіўную сутнасць ідэі Адраджэння не заўважылі ні яе адэпты, ні яе апаненты — уся ўвага канцэнтравалася на той частцы ідэі, дзе вялося аб “люстрацыі” вынікаў расейскай культурнай і палітычнай экспансіі. Але паколькі асноўным аб'ектам расейскай культурнай і палітычнай экспансіі быў “беларускі народ”, то ён і стаўся першай і галоўнай ахвярай адраджэнскіх рэпрэсій, якія, дарэчы, амаль і не кранулі сутвы самога расейскага імперыялізму, супраць якога былі скіраваныя па задуме.

Болей за тое, Адраджэнне сталася своеасаблівым інтэлектуальным генацыдам тагачаснага беларускага грамадства, яно адмаўляла ў праве на вартасную ацэнку свайго жыцця не толькі сучаснікам, але і дзесяткам папярэдніх пакаленняў, якія без супраціву жылі пад ярмом усходняга каланізатара. Праўда, у адрозненне ад памерлых, сучаснікі яшчэ мелі шанц рэабілітавацца. Дзеля гэтага трэба было праклясці сваё жыццё за камуністамі, прачытаць кніжку Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, перавучыцца з нармальнай беларускай на “клясічную” мову, уступіць у БНФ і падпісацца на газету “Свабода”.

На пачатку дзевяностых (ХХ стагоддзя) шмат хто з паспалітых беларусаў (ці то з сораму за ганебнае мінулае, ці то з гонару за наноў скампіляваную гісторыю, ці то з крыўды за занядбаную Бацькаўшчыну) ступіў на пакаянны шлях да Ідэальнай Беларусі... Але далёка не кожны дайшоў нават да рыштаванняў, а з тых, што дайшлі, мала хто там застаўся.

Рэч у тым, што канцэпцыя Ідэальнай Беларусі, змацаваная на крыжы любові да свайго краю і нянавісці да тых, хто дратаваў яго, добра пасавала для палымяных публічных прамоў (на мітынгах, у вершах, публіцыстыцы), але выявілася цалкам непрыдатнай для рэальнага жыцця. Бо яна змушала ўсіх іншых тоесніцца ў агульнай любові і нянавісці з тымі, хто яе зладзіў і запрапанаваў. А ў кожнага з “іншых” сэрца яшчэ балела за нешта сваё: за каханую, грошы, уладу, экалогію, Бога, братоў нашых меншых, камунізм, ядзерную пагрозу, несмяротнасць, перпетуум мобіле... Таму пакрысе і сыходзілі са шляхоў да Ідэальнай Беларусі тыя, чые сэрцы спачатку адгукнуліся на палымяны покліч, а потым услухаліся ва ўласнае тухканне і зразумелі: нам у іншы бок...

Але ў адзіноце “свядомыя” засталіся не таму, што ад ідэі Адраджэння нехта адступіўся, а таму, што абсалютная бальшыня жыхароў дзяржавы, у якой “нацыяналісты” туліліся па завуголлю, і не збіралася выпраўляцца на адкрытую імі “новую зямлю”. Нават калі б па нечым загадзе іх заштурхалі туды рулямі аўтаматаў, то яны ўсё роўна ўпотайкі паразбягаліся б адтуль па сваіх абжытых засценках. Бо тут усё ім было спрэс незнаёмае і нясвойскае. Вакол нейкія Альгерды, Вітаўты, Сапегі, ВКЛ, БНР, СБМ і безліч няўцямнага іншага. Ну добра, да незнаёмага спакваля можна прызвычаіцца. Але як жыць без таго, што раней напаўняла жыццё сэнсам і значэннем — без майскіх і кастрычніцкіх свят; без гонару за трактарны і аўтамабільны заводы, якія ты колісь збудаваў і на якіх адпрацаваў ладны кавалак веку; без пашаны за перамогу ў вялікай вайне, якую выйграў асабіста ты; без успамінаў пра палёты ў космас Гагарына і свайго роднага Кавалёнка... Дый увогуле, што ты забыўся на гэтай голай выспе, адкрытай усім скразнякам свабоды, калі ў цябе была магутная звышдзяржава, якую ты стварыў уласнымі крывёю і потам і якая праз сваю веліч надавала веліч і табе?..

Дарэчы, тут да пары будзе заўважыць, што наш канцэптуальны разрыў з “беларускім народам” паходзіў не столькі з рознага стаўлення да мовы, гісторыі, ідэалогіі, колькі з вызначэння таго месца, дзе беларусы жылі апошнія дзвесце гадоў. Мы лічылі, што ўсю гэтую пару беларусы заставаліся беларусамі і цяпер займелі свабоду і незалежнасць толькі дзякуючы перманентнаму супраціву расейскай каланізацыі лепшых з нашых продкаў (і трохі — сучаснікаў). А вось “беларускі народ” (і гэта пераважная бальшыня насельніцтва Беларусі), у адрозненне ад нас, меркаваў, што ніякай свабоды ён не займеў, але затое страціў вялікую дзяржаву, з якой лічыўся ўвесь свет. “Беларускаму народу” смешна было нават слухаць пра нейкае там шматгадовае рабства ў расейска-камуністычнай імперыі, бо ладную частку палітычнай, эканамічнай ды інтэлектуальнай эліты Расеі складалі беларусы па паходжанню, а сама Беларусь у канфігурацыі імперыі займала адно з самых паважных месцаў, была індустрыяльна мадэрнізаванай і мела ці не найвышэйшы ўзровень дабрабыту сярод астатніх рэспублік Савецкага Саюза. Нельга сказаць, што “беларускі народ” быў рашуча настроены супраць незалежнасці, але і адмаўляцца ад сваёй вялікай гісторыі ў супольнасці з Расейскай імперыяй ён не жадаў. Тым болей, што мы яму прапанавалі памяняць ролю вялікага воя і вялікага дойліда (які за гэтыя два стагоддзі ці то пабраў, ці то вызваліў палову свету, засвоіў касмічнае прадонне і збудаваў першую ў свеце камуністычную цывілізацыю) на ганебную ролю скаланізаванага раба, які сам з гэтага рабства нават вызваліцца не здолеў.

Карацей кажучы, мы паклікалі “беларускі народ” у краіну, дзе ніхто не жыве, акрамя гістарычных і літаратурных зданей ды прывідаў. І зусім натуральна, што ён не адгукнуўся на наш покліч у нікуды. А мы яго за гэта незалюбілі і нават трохі ўзненавідзелі. Якімі толькі словамі мы ні бэсцілі гэтага балотнага народа, што не хацеў караскацца за намі на голыя выспы свабоды! “Народ” нейкі час абыякава трываў нашую лаянку, а потым узяў ды адсунуўся ад нас падалей. І, здаецца, назаўжды.

Але ці магло быць інакш, ці магла хада падзей разгарнуцца ў спрыяльным для нас накірунку? Бадай што, не. І найперш таму, што іншымі не маглі быць мы самі. Падмурак, на які мы абапіраліся ў сваім паўставанні над вярэдзівам часу, мацаваўся трымf кутнымі камянямі: антыкамунізмам, антыкаланіялізмам і нацыяналізмам. Без гэтых двух “анты-” тады быў немагчымы трэці складнік. Калі фармавалася ідэя Адраджэння (Ідэальнай Беларусі), хіба можна было ўявіць сабе такую канцэпцыю Беларускай дзяржавы, якая б адначасна спалучала ў сабе плён супольнай беларуска-савецкай і нацыянальна-гістарычнай спадчыны. Хіба што як здзек тады магла быць успрынятая прапанова задзіночыць у межах аднаго дыскурса ВКЛ і БССР, Слуцкае паўстанне і савецкую “партызанку”, Астрожскага і Жукава, Рэч Паспалітую і СССР, Скарыну і трактар “Беларусь”, Грунвальд і вясну 45-га... Жорсткае размежаванне з “беларускім народам” з аднаго боку па лініі “антыкамунізму”, а з другога — па лініі “антыкаланіялізму” было наканаванае нам тым часам, у якім мы падымаліся з каленяў. І памяць пра тое, чым мы падымаліся, будзе трымаць нас да скону (прынамсі, ідэалагічнага), нават калі гэты скон прыспешыцца ўчэпістасцю нашай памяці.

3. Беларусь як прастора сакральнага

Будзем карэктнымі, на той час (самы канец васьмідзесятых — пачатак і сярэдзіна дзевяностых) каштоўнасці роднай мовы, уласнай гісторыі, аўтэхтоннай культуры, незалежнай нацыянальнай Дзяржавы выглядалі відавочнымі не адно для адэптаў Адраджэння, але і для досыць шырокіх “грамадскіх мас”. Таму высілкі адпаведных палітычных згуртаванняў былі скіраваныя нават не столькі на папулярызацыю і прапаганду нацыянальнай ідэі, колькі на супраціў расейскай каланізацыі і камунізацыі, якія бачыліся галоўнымі перашкодамі для вольнага і натуральнага самавыяўлення раней зрэпрэсаванай нацыянальнай свядомасці.

Зрэшты, сама хада палітычных падзей мацавала ўпэўненасць у каштоўнасці нацыянальнага як канцэптуальнай вартасці для ўсяго беларускага грамадства. Распад камуністычнага блока, а затым і Савецкага Саюза на мноства незалежных нацыянальных дзяржаў, шматтысячныя шэсці пад бел-чырвона-белым сцягам ды “Пагоняй”, стварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь, старшынёй Вярхоўнага Савета якой становіцца дэмакрат і свядомы беларус, дзяржаўнасць беларускай мовы і выразная тэндэнцыя да глабальнай беларусізацыі і г.д., і да т.п.

Карацей кажучы, бальшыня тагачасных фактаў і падзей як быццам адназначна сведчыла, што, нягледзячы на адчайны супраціў старой партнаменклатуры і геапалітычныя інтрыгі Масквы, ідзе актыўнае фармаванне грамадскай думкі на грунце нацыянальнай ідэі. І нават змена, на фармальна бязглуздай падставе, залішне нацыянальна свядомага і залішне дэмакратычнага старшыні Вярхоўнага Савета (Станіслава Шушкевіча) на трохі менш свядомага і трохі менш дэмакратычнага (Мечыслава Грыба), а затым выбары (заакцэнтуем — адносна свабодныя выбары) першым прэзідэнтам чалавека (Аляксандра Лукашэнку), які пабудаваў сваю праграму на радыкальнай мінімізацыі дэмакратыі і незалежнасці, як і наступныя рэферэндумы аб скасаванні нацыянальнай сімволікі ды (фактычна) беларускай мовы праз наданне статусу дзяржаўнай мовы расейскай, падтрыманыя грамадствам, — не схілілі нацыянальную палітычную эліту да ўзважлівай ацэнкі таго, што насамрэч адбываецца. Але і цяпер, калі ад нацыянал-дэмакратычных партый, рухаў ды аб'яднанняў засталіся адно руіны, калі на выбары прэзідэнта яны нават не адважваюцца высунуць свайго выразна знацыянаванага кандыдыта, не відаць, каб нехта ўсур'ёз задаўся пытаннем, а чаму гэта беларускае грамадства ў сваёй пераважнай большасці адхіліла нацыянальную ідэю як фарматворную дамінанту пабудовы новага ладу жыцця? Іншымі словамі, чаму ідэя, па ўсіх класічных канонах прыдатная легчыся ў аснову фармавання салідарнай грамадскай думкі, у канкрэтнай сітуацыі Беларусі выявілася ў форме навязвання грамадству рэпрэсіўнай ідэалогіі Адраджэння, на што зважалася ў папярэднім раздзеле?

Але даводзячы, што абраны ідэолагамі Адраджэння фармат нацыяналізму апынуўся не прыдатным для беларускай сітуацыі, я зусім не маю намеру сцвярджаць, што на Беларусі мае шанц запанаваць нейкая іншая выразная ідэалогія: камуністычная, ліберальная, славянафільская... Ні ў якім разе.

Рана ці позна, але ўсім (нацыяналістам, камуністам, лібералам, дэмакратам, анархістам, глабалістам, хрысціяністам, западнікам, русафілам...) давядзецца змірыцца з тым, што іншай, акрамя як сацыяльнай, беларуская дзяржава быць не можа, бо для абсалютнай бальшыні насельнікаў нашай краіны прыярытэтнымі як былі, так і застануцца не нацыянальна-культурныя ці ідэалагічныя, а сацыяльныя каштоўнасці. Адсюль лагічна вынікае, што асобам, заангажаваным Беларуссю як вялікім цэлым, трэба было б паспрабаваць скансалідаваць грамадскую думку на падставе сакралізацыі той рэальнасці, якую мы маем, гэта значыць не выдумляць нейкія апрычоныя праекты новага Беларускага Дома, а памкнуцца ўсім разам сакралізаваць тую Беларусь, якая ў нас ёсць, і такой, якая яна ў нас ёсць.

Як нацыянальна заангажаванага беларуса мяне наяўная рэальнасць Беларусі глыбока абражае сваёй здэнацыяналізаванасцю; як апалагета дэмакратычнага ўладкавання соцыуму яна мяне ўсур'ёз трывожыць сваёй антыдэмакратычнасцю; як прыхільніка лібералізацыі эканомікі і ўсяго дыскурса грамадскага жыцця яна мяне засмучае адсутнасцю рэальнай лібералізацыі. Але ўсё гэта разам (і безліч не згаданага тут іншага) бачыцца мне значна меншай праблемнай бядой, чым татальная прафанацыя Беларусі, як у кожным яе лакальным фрагменце, так і ў фармаце універсальнага цэлага.

Традыцыя прафанацыі Беларусі мае даўнюю гісторыю, згадаем хаця б кансервацыю максімальна зніжанага міфа пра Беларусь, у сваю пару створанага Францішкам Багушэвічам. Але мы не станем наноў вяртацца да ўсёй неабсяжнасці гэтай тэмы, а заакцэнтуем увагу толькі на адным яе невялічкім фрагменце, зусім блізкім нам па часе.

Калі Аляксандр Лукашэнка займеў уладу, то апазіцыя (у мностве сваіх ідэалагічных мадыфікацый), каб яго перамагчы, не змагла прыдумаць нічога лепшага, як ва ўсіх зручных для яе формах і тэхналогіях, але найперш у падуладных СМІ, пачаць з дня ў дзень ганіць і ганьбіць не столькі ўладу і непасрэдна Лукашэнку, колькі ўсю краіну, усё грамадства, пэўна, спадзеючыся, што чым больш жахлівым будзе выглядаць той свет, у якім мы жывём, і тыя людзі, сярод якіх мы жывём, тым хутчэй народ паўстане супраць таго, хто ўжахлівіў нашае жыццё. Каб падмацаваць гэтую тэзу прыкладамі, няма патрэбы кудысьці заглыбляцца, даволі нагадаць хоць колькі з безлічы тых слоганаў, што ва ўсіх на слыху: “балота”, “быдляндыя”, “хамскі народ”, “жлобская нацыя”, “саветыкусы”, “калгаснікі”, “саўкі”, “крэолы” і да т.п.

Беларусь мусіць быць удзячнай сваім грамадзянам, што яны амаль забыліся на апазіцыйныя газеты, перасталі хадзіць на апазіцыйныя мітынгі і галасаваць за апазіцыйных кандыдатаў. Бо з гэтага пазбягання паспалітым людствам хоць якіх ініцыятыў палітычнай апазіцыі вынікае спадзеў, што апазіцыя сваімі вербальнымі вывяржэннямі забрудзіла не ўсю краіну, а толькі ўласныя глузды і душы.

Ужо даўно зразумела, што “Луку на муку” перамелюць не жорны апазіцыі, а ветракі часу. І некалі ж гэта здарыцца. Але калі мы разам не вывернем устойлівую стратэгію шальмавання ўсіх і ўсяго на шляхі павагі да сваіх суайчыннікаў і гонару за тую рэальную Беларусь, якой яна ёсць цяпер, то і пасля Лукашэнкі не выкараскаемся з таго бруду, які плённа прадукавалі ўсе папярэднія гады. Здаецца, не цяжка зразумець, што ў сітуацыі татальнай спрафанаванасці ўсёй сацыяльнай прасторы такія сакральныя рэчы, як Дзяржава, не паўстаюць.

Звяртаючы ўвагу на татальную прафанацыю Беларусі як на рэальную пагрозу яе дзяржаўнасці не толькі сёння, але і заўтра, я не хацеў бы, каб мае словы палічылі чымсьці накшталт закліку да перайменавання чорнага на белае, а белага на ружовае (гэтым дастаткова актыўна займаецца кожная паноўная ўлада). Праблема палягае не ў перамене знакаў, а ва ўсведамленні, што інтэнсіўная прафанацыя беларускай рэальнасці адбываецца зусім не таму, што яна насамрэч ёсць такой, а таму, што пэўным суб'ектам глабальнага палітычнага поля як знадворку (з Усходу ці Захаду), так і знутры (нацыянал-дэмакратам, сацыял-дэмакратам, лібералам, камуністам...) неабходна нагружаць Беларусь прафанным зместам, бо толькі ў прасторы прафаннага яны могуць спадзявацца некалі аб'явіць свой апрычоны праект Беларускага Дома як адзіную форму яе сакралізацыі.

На жаль, ні досвед паразы ідэі Адраджэння, ні досвед іншых ідэалагемных параз, як і гістарычны досвед увогуле, не спыняюць марных спадзяванняў нашых палітыкаў на ідэалагемную манапалізацыю гэтага краю, хоць шмат хто з іх добра ведае, што цягам усёй сваёй гісторыі прастора Беларусі лічы ніколі не была монаэтнічнай, монарэлігійнай, монасацыяльнай, монамоўнай і г.д.

Таму нам нічога не застаецца, як меркаваць, што і ў перспектыве:

— Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай, але і ніколі яна не будзе толькі расейскай ці польскай...

— Беларусь ніколі не будзе толькі праваслаўнай, але і ніколі яна не будзе толькі каталіцкай ці пратэстанцкай...

— Беларусь ніколі не будзе толькі празаходняй, але і ніколі яна не будзе толькі праўсходняй ці якой там яшчэ...

Гэтую гульню ў адмаўленне хоць якіх татальнасцей на Беларусі можна доўжыць і доўжыць, аднак мы тут прыпынімся, каб сказаць наступнае.

Асноўны цяжар праблем сучаснай Беларусі паходзіць з таго, што бальшыня нашых палітыкаў, інтэлектуалаў і проста актыўных грамадзян лічыць, быццам тая Беларусь, якую мы маем, гэта толькі руіны каланізацыі, калектывізацыі, камунізацыі і г.д., на якіх адно некалі ў будучым магчыма зладзіць спраўны Беларускі Дом. Іншымі словамі, амаль усю папярэднюю хаду падзей на Беларусі яны ўспрымаюць як суму скажэнняў яе нейкай віртуальна сапраўднай гісторыі.

Я ж, са свайго боку, не даю веры такому падыходу, бо схільны лічыць усе ранейшыя паразы, акупацыі, генацыды ды ўсялякае падобнае іншае не скажэннямі беларускай гісторыі, а самой гісторыяй, аднолькава сапраўднай, аднолькава нашай, як і нашыя перамогі, здзяйсненні, здабыткі. Таму для мяне тая Беларусь, якую мы цяпер маем, выяўляецца не руінамі лакальных дэфармацый апошніх некалькіх соцень гадоў, а сакральным вынікам усёй тысячагадовай (як мінімум) гісторыі гэтай прасторы. А ўсё сакральнае варта шанаваць такім, якое яно ёсць. Бо той, хто не шануе сакральнае, абірае сабе радзімай прафаннае.

4. Вялікая здрада*


* Мне не аднойчы даводзілася кранаць праблему “беларускай здрады” як такой. Але гэтым разам я хацеў бы спаслацца на развагі Пятро Васючэнкі, выказаныя ім у эсэ “Беларус вачыма беларуса”: “Уладзімір, князь кіеўскі, здрадзіў бацьку і братоў Рагнеды на сваім крывавым вяселлі. Рагнеда здрадзіла свайго бацьку і братоў тым, што пайшла за іх забойцу. Потым яна і на мужа ўзняла меч. Сын яе, Ізяслаў, таксама замахнуўся мечам на бацьку. Але пасля ён з бацькавых рук прыняў спадчыну — Полацак. Уладзімір безліч разоў здраджваў Рагнедзе з палюбоўніцамі, якіх у яго было не менш, чымся ў цара Салямона, аж пакуль па хрысціянскім звычаі не павянчаўся з візантыйскай царэўнай, а верную жонку аддаў у манашкі.

Кароль нашае здрады — Ягайла. Ён здрадзіў свайго дзядзьку Кейстута ў бруднай крэўскай справе, а заадно здаў і Беларусь дзеля польскае кароны. Гісторыкі скажуць, што гэтым ён Беларусь адначасова і адратаваў. Падчас Грунвальдскае бойкі невядома хто каго здраджваў — Ягайла Вітаўта, або Вітаўт Ягайлу. Польскія храністы цвердзілі, што з беларусамі атрымаўся канфуз, і яны на чале з Вітаўтам уцякалі ажно да Вільні.

Нехта невядомы здрадзіў Вітаўтаву карону.

Апанас Філіповіч здрадзіў уласнага вучня Яна Лубу. Вучыў, выхоўваў чарговага Ілжэдзімітрыя, каб пасля здаць маскоўскаму пасольству. Яшчэ Апанас Філіповіч клікаў Міхаіла Раманава, каб ішоў з вайною на родную Апанасу Літву, дзяліўся з маскоўскім царом дзяржаўнымі таямніцамі, павучаў караля Уладзіслава IV, канцлера Льва Сапегу. Кароль ды канцлер глядзелі на гэтыя штукі паблажліва. Апантаны Апанас вырабляў у гэтай дзяржаве што хацеў — і ўрэшце даскакаўся. Царква зрабіла са здрадніка святога.

Аднойчы ў беларускай Акадэміі навук збіраліся ўшанаваць памяць самых знакамітых дзеячаў старажытнасці — паставіць стэлы. Абмеркаванне кандыдатур было, па дэмакратычным часе, адкрытае. Павесілі на дошцы даўгі спіс кандыдатаў на стэлу, і кожны з навукоўцаў вольны быў паставіць “плюс” альбо “мінус”.

Насупраць прозвішча Сімяона Полацкага якісь максімаліст напісаў: “Здраднік. Перакінуўся на бок цара маскоўскага”.

Небарака Сімяон Полацкі заблукаў на мяжы канфесіі ды Радзімы, не ведаў, што галоўнае, але і ў сваёй “здрадзе” імкнуўся захаваць сумленнасць. Спрабаваў перарабіць маскоўскага Навухаданосара на цывілізаванага еўрапейскага манарха, але не ўдалося. Сімяон Полацкі стаўся для Масковіі культуртрэгерам, навучыў маскоўцаў складаць вершы, падараваў ім першы літаратурны стыль (барока), але ягоных высілкаў не ацанілі як след ані тутэйшыя, ані тамтэйшыя. Добра, што яшчэ на палю не пасадзілі.

Падчас кампаніі Напалеона Банапарта ў Беларусі пачалася суцэльная здрада — мяшчане віталі супастата хлебам ды соллю, а шляхта запісвалася ў напалеонаўскія харугвы, каб разам ваяваць Маскву. Як быццам вярнуліся часы Альгерда.

Кастусь Каліноўскі вызваляў “дзецюкоў”, “братоў сваіх, мужыкоў родных” ад няволі, а тыя браты адлоўлівалі ды здавалі каліноўцаў царскім жандарам за тое, што “хаваюць ад народу царскую волю”.

XX стагоддзе было росквітам здрады, тут і кветачкі цвілі, “зялёны ліст, чырвоны цвет”, і ягадкі крывавыя спелі. На нашым матэрыяле можна складаць анталогію здрадніцтва”.


 

Колькі (не падлічыць) беларусаў за апошнія паўтара стагоддзі ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля аплікацыі нацыянальнай ідэі ў штодзённае жыццё краю!? Зазвычай яны цяжка жылі і нядобра паміралі, закатаваныя (калі не фізічна, дык маральна) чарговай паноўнай уладай. Але як бы ні складваліся лёсы, усе тыя героі (добра вядомыя ўсім нам і нікому зусім не вядомыя) свята верылі, што рана ці позна іх мара ўцялесніцца ў існую рэальнасць, і беларуская мова, культура, гісторыя будуць дамінаваць на кожным лапіку роднай зямлі, атуленай ад злыбяды гісторыі сваёй нацыянальнай Дзяржавай.

Гэтай надзеяй яны і трымаліся — і ў самім жыцці, і на самым апошнім яго краі. І сваёй трываласцю ўздымалі да веры ўсё новых ахвяравальнікаў уласных лёсаў... Аднак, падобна, надыходзіць пара вялікай здрады ўсім тым высокім мроям і спадзяванням, дзеля ўвасаблення якіх праз стагоддзі не ашчаджалі сваіх жыццяў лепшыя з беларусаў (а значыць, і здрада кожнаму з іх персанальна).

Формула гэтай здрады кранальна простая — Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай!

Што і казаць, у гэтай роспачнай казані няма нічога арыгінальнага — “ворагі беларушчыны” вунь калі ўжо сцвярджалі гэтаксама і нават куды больш радыкальна, бо заўжды праміналі ўвагай слова “толькі”.

І ўсё ж такі навіна тут ёсць — і не абы-якая. Бачыце, у маўленні істотна не што гавораць (усе людзі ад веку прамаўляюць прыблізна адно і тое самае), а хто гаворыць і ад імя каго. Дык вось, за ўжо досыць доўгую гісторыю айчыннага нацыяналізму разуменне, што “Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай”, адно ў наш час пачало фармавацца ўнутры яго самога і публічна абнаяўлівацца не супраціўнікамі ці “калабарантамі”, а зацятымі апалагетамі нацыянальнай ідэі. З рознай мерай абачлівасці і ў кожным разе з адметнай інтэрпрэтацыяй уласнага здумлення, але ўсе яны (пакуль не шматлікія) сведчаць за сістэмны перакрут у ацэнцы магчымасцей разгорткі нацыянальнага на Беларусі. І хаця футурыстычныя прыкіды наступных шляхоў і перспектыў беларускага нацыяналізму пакуль адбываюцца ўроссып, аднак сам гэты, увогуле гранічна сумны факт радыкальнага злому абнадзейвае, бо кажа пра развітанне з вялікай рамантычнай ілюзіяй, якая ўжо даўно набрыняла згубай для ўсёй беларушчыны.

Натуральна, што калі з досведу трагічнага прамінулага пачало выспяваць досыць прыкрае ўсведамленне: відаць, збеларусіць усю Беларусь ніяк не атрымаецца, то перад кожным, хто гэтак думаў, рубам паўстала пытанне: а тады як?

(Між іншым, апошняе ўжо само па сабе сталася надзвычай істотным, бо ва ўсе ранейшыя часы праблема выглядала безальтэрнатыўнай: альбо ўсё, альбо нічога. І тады капец Беларусі, паколькі ніякія іншыя, сінтэтычна-кампрамісныя варыянты нацыянальнага ўладкавання нават не браліся пад увагу. А адсюль і адчай, і расчараванні, і сыход упрочкі былых вернікаў нацыянальнай ідэі, як толькі сітуацыя ў сваёй безальтэрнатыўнасці апыналася тупіковай).

Гэты раздзел (зрэшты, як і ўвесь тэкст), уласна, і прысвечаны маёй візіі праблемы, сфармаванай рашучым запытам: “калі не ўсё, то тады як?”. Але перад тым, як ужо наўпрост адказаць на радыкальны запыт, канспектыўна падсумуем усё раней сказанае, толькі ўжо ў праекцыі паразы татальнасці традыцыйнай нацыянальнай ідэі.

Гістарычна і геапалітычна Беларусь належыць да еўрапейскага лагатопа. Менавіта там (тут) быў дэтэрмінаваны інтэграл яе кону. Але пазней наш Край будзе пабраны Расейскай імперыяй і тым самым надоўга апынецца адлучаным ад свайго натуральнага месца. Далей усё заладзіцца яшчэ больш пакручаста... Пакуль Расея, праз русіфікацыю краю, занурыцца ў вызваленне ліцвінаў (беларусцаў) ад плёну польскага каланіялізму, ва ўлонні беларускай вёскі неўпрыкмет дафармуецца ўжо ўласна беларускі этнас. Дзякуючы яму неўзабаве ў суплёт нацый Расейскай імперыі дадасца і беларуская. Аднак расейскі нацыяналізм (у нейкі перыяд пад гаслам камунізму) у змаганні за ўласную манаполію пакрысе вынішчыць беларушчыну амаль дарэшты. Толькі і ў яго не атрымаецца вынішчыць пакліканне гэтай прасторы да ўласнай суб'ектнасці, якая была дэтэрмінаваная ёй конам...

Вось з усяго гэтага разам у 1991 годзе мы атрымаем уласную Дзяржаву ў сярэдзіне Еўропы, але без хоць якіх выразных прыкмет нацыі ў яе аснове.

Калі добра ўдумацца, то па-свойму гэта была жахлівая сітуацыя. Яе, бадай, можна параўнаць з сітуацыяй чалавека, які раптам заўважыў, што ён не мае ценю. Як быццам усё ў яго, як у людзей, але ценю няма, і таму чалавек не дае веры свайму жытву.

Таму зноўку паўсталай Беларускай дзяржаве, каб займець хоць якую матывацыю ўласнай канстытуяванасці, трэба было тэрмінова запоўніць пустату ўнутры самой сябе чымсьці нацыянальным (як вядома, у ХХ стагоддзі толькі наяўнасць нацыянальнага легітымізавала дзяржаву). Аднак Рэспубліка Беларусь здарылася залішне хутка, каб у каго быў час падумаць, а што ва ўмовах нашай сітуацыі можа быць вылучанае ў якасці інтэгральнай формулы нацыянальнага?

Зрэшты, каб час на гэта нават і быў, то пра нешта падобнае ўсё роўна б ніхто не думаў, бо тады нацыянальнае ў нас як бы a priori таясамілася з мовай, гісторыяй, культурай... А паколькі ўсяго гэтага на тую пару мы не мелі ці мелі зусім мала, то і не ўяўлялася іншага выйсця, як тэрмінова ўлегчыся ў адраджэнне зніклага ды вынішчанага.

Хваля нацыянальнага Адраджэння была магутнай, але “верхавой” — яна не скаланула глыбінь шараговага побыту. Здаецца, Аляксандр Лукашэнка адным з першых палітыкаў зразумеў (нутром адчуў?), што як толькі “вецер аціхне”, хваля акуратненька ўкладзецца ў звычаёвую роўнядзь тутэйшасці і ад “нацыянальнай пены” не застанецца ані знака. А з гэтага вынікала, што Дзяржава зноў будзе нічым не легітымізаванай, акрамя як фармальнай атрыбутыкай самой дзяржаўнасці... І тады ён пачаў шукаць апірышча Дзяржаве не ўнутры яе “пустаты”, а вонкі, гандлюючы з Расеяй адзіным, што ў яго было — голай атрыбутыкай дзяржаўнасці.

Цікава, што два самыя знаныя беларускія палітыкі 90-х гадоў аднолькава спатыкнуліся на тым самым — на паразе ідэі нацыянальнага Адраджэння (і нават аднолькавым чынам!). Уся розніца хіба ў тым, што як толькі дынаміка нацыянальнага руху пайшла на спад, Зянон Пазняк эміграваў за мяжу сам-насам, а Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў зрабіць гэта разам з усёй краінай. Але і ў тым, і ў другім выпадку латэнтнай матывацыяй быў фактар “нацыянальнай пустаты”, якую яны не ведалі чым яшчэ можна запоўніць, акрамя як нацыянальным Адраджэннем.

Не станем зноў вяртацца да пытання, чаму так сталася, што ў нас ніхто нават не дапускаў магчымасці хоць якой яшчэ формы нацыянальнага ўладкавання, акрамя “моўна-этнаграфічнай” (хаця гэты феномен, бясспрэчна, і патрабуе асобнага доследу)… Бо далей я маю намер без усялякіх перадумоў адразу і катэгарычна заўважыць, што гэтая форма нацыянальнага ўладкавання на Беларусі ўжо не жыццядайная і, значыць, не прыдатная да фармавання паўнавартаснай Нацыі.

Як засведчыў досвед паразы апошняга Адраджэння, у дыскурсе БССР усе базавыя чыннікі ўласна беларушчыны былі вылегчаныя да той меры, за якой яны страцілі здольнасць да самагенерацыі нават у спрыяльных для іх умовах. Гэта значыць, што цяпер канцэптуальна яны могуць існаваць адно ў сітуацыі штучнай падтрымкі, а самі з сябе — толькі ў фармаце лакальных падзей маргінезу. Адсюль заканамерна вынікае, што “моўна-этнаграфічны” канцэпт ужо не можа быць пакладзеным у інтэгральную формулу беларускай Нацыі. А калі мы станем далей трымацца ранейшай практыкі і акумуляваць усе свае сілы на перамогу этнаграфізму, то сваёй упартасцю самі данішчым беларушчыну дарэшты.

Даволі! “Трэба шукаць на іншых шляхох” (Ігнат Абдзіраловіч).

Як ужо казалася, формаў і спосабаў нацыянальнага ўладкавання мноства. І пра гэта напісана мноства артыкулаў і кніг (ахвочых да іх і адсылаю). Я ж тут у прыклад згадаю толькі досвед Лацінскай Амерыкі, дзе нацыі (і, адпаведна, дзяржаўныя ўтварэнні) фармаваліся і не на сваёй мове, і не на аўтэхтоннай культуры, і не ў “этнаграфічных межах”, а, з нашага гледзішча, увогуле на чорт ведае чым. Імя таму дзіву — “крэольскі нацыяналізм” (Бенедыкт Андэрсан). Гэта значыць, што не карэнныя індзейцы, і нават не мецісы (плён “сяброўства” беласкурых мужчын з цёмнаскурымі гаспадынямі кантынента), а крэолы, нашчадкі іспанцаў, пазбаўленыя сваёй “гістарычнай радзімы”, панастваралі ў Лацінскай Амерыцы розных нацыянальных дзяржаў (Аргенціна, Бразілія, Калумбія, Мексіка, Перу, Чылі...), якіх сёння ў свеце ведаюць куды лепш за Беларусь.

Тут нехта можа заўважыць, маўляў, ты яшчэ згадай афрыканскія племянныя нацыяналізмы ці ісламскі транснацыяналізм... Насамрэч, “экзатычны” досвед Лацінскай Амерыкі, нягледзячы на папулярнасць праблематыкі “крэольства” ў беларускіх інтэлектуалаў, наўрад ці дапаможа нам у вырашэнні ўласных спраў. Але мне згадка пра крэольскі феномен спатрэбілася не дзеля пераймання, а каб праз “экзотыку” больш выразна патлумачыць, што ёсць (і магчымыя) іншыя шляхі ад таго адзінага, які для нас ператварыўся ў “ідэю-фікс”. І за прыкладамі няма патрэбы далёка хадзіць. Я ўжо не аднойчы згадваў побач з “моўна-этнаграфічнай” (гэтак званай “нямецкай”) мадэллю нацыянальнага ўладкавання — “французскую” (мадэль “грамадзянскай супольнасці”).

На старонні беларускі погляд, у нацыянальным аспекце паміж немцамі і французамі няма аніякай, прынамсі прынцыповай, розніцы: і там і там дамінуюць уласная мова, культура, гісторыя, атрыбутыка... Але насамрэч розніца ёсць — і розніца прынцыповая.

“Французская” мадэль найперш трымаецца двух базавых пастулатаў: роўнае для ўсіх чальцоў супольнасці грамадзянства і агульнае для ўсіх права. Усе астатнія чыннікі (этнічнае паходжанне, мова, культурны код, etc.) — другога плана, недамінантныя. Яны могуць быць, прысутнічаць, а могуць і не вытыркацца. Нязменнымі і абавязковымі застаюцца толькі роўнасць у грамадзянстве і аднолькавае падпарадкаванне ўсіх аднаму і таму ж Закону. Адсюль і не этнічны (расавы), а грамадзянскі (паспаліты) нацыяналізм, які перадусім фармуецца супольнай прыналежнасцю да агульнага цэлага.

Натуральна, і “французская”, і “нямецкая” мадэлі — гэта толькі схемы, якія рэальнае нацыянальнае жыццё ўжо так пазаблытвала, што ў кожным канкрэтным выпадку бывае цяжка разрозніць: дзе тут што? Але ж у нашай сітуацыі якраз пакуль і гаворыцца не пра канкрэтыку, а пра асновапалеглую базавую схему, на якой будзе магчыма аформіць нацыю ўжо ў завершанае цэлае.

Дык вось, улічваючы, што беларушчына як такая ў асноўных сваіх атрыбутах (найперш мовы і нацыянальнай культуры) вынішчаная настолькі, што яе паўнавартаснае ўзнаўленне не ўяўляецца магчымым, я б хацеў прапанаваць тэарэтыкам нацыянальнага будаўніцтва (і найперш — нацыянальна заангажаваным) перанесці сваю ўвагу з “нацыянальна-этнаграфічнай” мадэлі на мадэль “грамадзянскай супольнасці”.

Так, у гэтым выпадку мы здрадзім нашым папярэднікам, але злагодзім беларусаў (і сябе саміх) з той рэальнасцю, у якой беларускае грамадства ўжо знаходзіцца цяпер. Парадокс нашай сітуацыі палягае ў тым, што нацыянальнае ўладкаванне Беларусі самахоць (інакш — праз прымус гістарычных падзей) ужо адбылося па схеме “грамадзянскай супольнасці”. А падваліны яе заклалі... бальшавікі: і тым, што згамавалі да звання этнічную складовую беларускага нацыяналізму, і тым, што аформілі прастору бытавання беларусаў у трывалую і зграбную адміністрацыйную адзінку — БССР.

Напярэдадні перабудовы беларусы, у асноўнай сваёй масе, ментальна ўжо амаль не вызнавалі сябе за беларусаў, аднак сваёй радзімай лічылі не Савецкі Саюз, не Расею, а менавіта Беларусь. (Я — той, хто жыве на Беларусі.) Гэта значыць, што ў дыскурсе БССР адбылася яшчэ адна істотная метамарфоза: тут беларусы перасталі быць не толькі беларусамі (у “моўна-этнаграфічным” аспекце), але і “тутэйшымі”. І калі пра першае толькі і гаворкі, то на другое, здаецца, ніхто і ўвогуле не звяртаў увагі. А дарэмна, бо, верагодна, у будучым гэты момант апынецца куды больш істотным за ўсе астатнія.

Пры ўсёй размаітасці нацыяналізмаў, для кожнага з іх (бадай, акрамя габрэйскага і трансісламскага) на першы план выходзіць праблема “ўласных межаў”. “Тутэйшы” мог лічыць сябе нават беларусам, аднак паколькі “тутэйшасць” не ведае мяжы, то яна і не ведае нацыянальнасці. А вось “тутэйшы”, які гэтую мяжу ведае, перастае ім быць і, значыць, становіцца патэнцыйным нацыяналістам (чаго і каго — гэта ўжо іншая рэч).

Сітуацыя БССР сістэмна падрыхтавала Беларусь да ўласнай дзяржаўнасці, а тутэйшых беларусаў да нацыяналізму, толькі не этнічнага, а паспалітага кшталту. Вось гэтага і не схацелі (ці не змаглі) угледзець тэарэтыкі і практыкі нацыянальнага будаўніцтва, калі ў 1991 годзе Беларусь атрымала дзяржаўную незалежнасць.

Уласна, кароткая эпоха Адраджэння — гэта латэнтны двубой этнічнага нацыяналізму з паспалітым. Цікава, што першы яшчэ напярэдадні распаду СССР прыдбаў сабе тэарэтыкаў, ідэолагаў і прыхільнікаў (у мностве), але пазней так і не выявіў адпаведнага патэнцыялу, каб татальна заканстытуяваць сваю візію нацыянальнага ў якасці паноўнай ідэалогіі і практыкі грамадскага жыцця. А другі — цалкам наадварот. Паспаліты нацыяналізм ужо на тую першапачатковую пару меў дастатковы патэнцыял, каб неўзабаве аформіцца ў дамінуючую форму нацыянальнага ўладкавання, толькі тады ніхто не звярнуў нават увагі на ягоныя магчымасці.

Раней я пісаў: “...іншай, акрамя як сацыяльнай, беларуская дзяржава быць не можа, бо для абсалютнай бальшыні насельнікаў нашай краіны прыярытэтнымі як былі, так і застануцца не нацыянальна-культурныя ці ідэалагічныя, а сацыяльныя каштоўнасці”. Калі ў гэтак радыкальна сфармуляванай выснове ёсць рацыя, то, напэўна, я маю рацыю і ў тым, што звязваю нацыянальнае будучае Беларусі не з “этнаграфізмам”, а з “грамадзянскай супольнасцю” і, адпаведна, з паспалітым нацыяналізмам. Гэта значыць, што рана ці позна, але нам давядзецца нацыяналізаваць не што іншае, як нашу сацыяльнасць, і адначасна самім нацыяналізавацца праз сацыяльнае, якое для беларусаў уяўляецца галоўнай каштоўнасцю.

Дзеля таго, злагоджанага з наяўнай рэальнасцю будучага, нам перадусім трэба перапыніць нябачную вайну двух беларускіх нацыяналізмаў — “моўна-этнаграфічнага” і “паспалітага”. І першым запрасіць міру мусіць этнанацыяналізм: і таму, што ён пераможаны, і таму, што гэта ён распачаў вайну, і таму, што яму давядзецца прасіць у пераможцы літасці і паразумення, каб знайсці сабе месца і застацца ў той канфігурацыі беларускага грамадства, якая пакрысе сфармуецца на канцэпце паспалітага нацыяналізму.

Адным словам, адраджэнцам самы час зразумець, што іх манаполія на нацыяналізм скончылася. І незваротна.

5. Апошні эпілог

Жыць нацыянальнай iдэяй — гэта iдэалогiя.

Жыць з нацыянальнай iдэi — гэта тэхналогiя.

У эпоху краху ўсiх iдэалогiй, калi быццё цалкам згарнулася да памераў тэхналагiчнага бытавання, нацыяналiзм марна аналізаваць, шанаваць i берагчы з гледзiшча ягонай iдэалагiчнасцi...

Уласна, у звязку з праблемай нацыяналiзму ў тэхнакратычным грамадстве, ёсць, бадай, толькi адно сапраўды iстотнае запытанне: наколькi нацыяналiзм тэхналагiчны? Гэта значыць, наколькi ён вартасны не як iдэалогiя адбывання быцця, а як тэхналогiя адбывання быцця?..

На гэтае запытанне маецца цалкам станоўчы адказ. Насамрэч, нацыяналізм у сваім цэлым ужо даўно зусім не ідэалогія, а толькі тэхналогія арганізацыі соцыуму. Да таго ж на сёння гэта самая універсальная і найбольш эфектыўная тэхналогія, за што сведчыць ягоная прысутнасць паўсюль на зямной кулі.

Цi тэхналагiчны ў гэтым сэнсе беларускi этнанацыяналізм? Гэта канцэптуальнае пытанне. Бо калi — не, не тэхналагiчны, то колькi б мы не ўлягалiся ў адраджэнне мовы, гiсторыi, культуры, колькi б не ладзiлi мiтынгаў, пiкетаў, шэсцяў, колькi б не ганiлi кожную новую ўладу за яе абыякавасць да ўласна беларускай візіі нацыянальнага праекта — усё будзе марна. Сучасная цывiлiзацыя не бярэ пад увагу нетэхналагiчныя iдэi, а тым болей не прымае iх да рэалiзацыi.

Вiдавочна, што сёння на Беларусi ёсць сферы, дзе этнанацыянальная iдэя — дастаткова тэхналагiчная iдэя. Тут найперш згадваюцца лiтаратура, часткова — адукацыя, фрагментарна — культура, у асобных праявах — палiтыка, гісторыя, беларускамоўная журналiстыка i да т.п. I хаця гэткiх сфер вельмі мала, яны лакальна разасобленыя, пераважна не прэзентатыўныя, аднак iх наяўнасць сведчыць, што пакуль этнанацыянальнай iдэяй можна не толькi жыць (эмацыйна, духоўна), але што з яе таксама можна i жыць (матэрыяльна, прагматычна).

Разам з тым, у беларускага этнанацыяналізму як сістэмнай і самастойнай падзеі, падобна, няма будучыні. Засталося трохі пачакаць, каб убачыць, як яго прыгарне да сябе і ўжо ніколі не адпусціць з абдымкаў паспаліты нацыяналізм. З гэтага можна моцна нурыцца, а можна і хоць трохі ўсцешыцца. Ужо хаця б таму, што паспаліты нацыяналізм ніяк не абыдзецца без складовай этнаграфізму, асабліва тых яго фрагментаў, што забяспечаныя тэхналагічнасцю. А значыць, беларушчына і надалей застанецца на Беларусі, прынамсі, у тым яе патэнцыяле, які яна рэальна зможа сама з сябе выявіць. Міне яшчэ колькі часу і пад беларускім нацыяналізмам пачнуць разумець зусім не тое, што разумеюць сёння. У ім мала застанецца ўласна беларушчыны, але затое будзе ўся Беларусь. І ў той Беларусі аб'явіцца процьма беларускіх нацыяналістаў, якім не да галавы будзе ні беларуская мова, ні нацыянальная культура, ні ўласная гісторыя...

Так яно станецца. Ужо ж напэўна.

Адно не пытайцеся мяне, ці добра гэта?

Не бывае правільных адказаў, правільнымі бываюць толькі пытанні.

Літаратура:

1. История философии: Энциклопедия. Минск: Книжный Дом, 2002.

2. Постмодернизм: Энциклопедия. Минск: Книжный Дом, 2001.

3. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 2003.

4. Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава, 1998.

5. Энтані Сміт. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. Мінск: Беларускі фонд Сораса, 1995.

6. Жана Эрш. Філасофскае здумленне. Мінск: Беларускі фонд Сораса, 1996.

 

 

Лекцыі 8—9
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY