|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАРАДЫГМА: |
|
Лекцыя 5 |
План: 1. Зачын 2. Расея і Мы 3. Францішак Багушэвіч і Адам Міцкевіч 4. Мы і Расея
1. Зачын Распад кожнай вялікай імперыі надзвычай актуалізуе праблему ацэнкі, стаўлення і стасункаў кожнага з яе адпалых фрагментаў да былой “метраполіі”, гэта значыць да таго, што палягала ў цэнтры гэтай імперыі, было яе формастваральным чыннікам. У выпадку з распадам камуністычнай імперыі перадусім паўстала задача ацэнкі камунізму як такога, і ў прыватнасці — камуністычнай ідэі ды адпаведнай ідэалогіі. Няма нічога дзіўнага, што пастскрыптум камуністычная ідэалогія і практыка былі азначаныя ў цалкам негатыўным вымеры, іначай — як “імперыя зла”. Для такой паэтычнай высновы хапала і рэальных фактаў — гісторыя людства не ведала, каб дзе і калі гэтак татальна рэпрэсаваўся і масава зніштажаўся чалавек. Але спадсподу супольнага рэзюме праглядаўся і даўні канфлікт помстаў: яшчэ нядаўна спрэс пераможаны, але раптам перамогшы нацыяналізм жорстка помсціў камунізму праз гранічна адмоўнае вызначэнне яго месца і ролі ў гісторыі. У крызе, а затым і татальнай паразе камунізму ёсць яшчэ адзін досыць цікавы момант, дзе варта было б некалі грунтоўна абседзецца. А менавіта: калі, з чаго і ў які момант камуністычная ідэя, якую Расея падахвоцілася рэалізоўваць на практыцы, ператварылася ўсяго толькі ў інструмент расейскага нацыяналізму дзеля ягонай экспансіі на ўсю зямную кулю? Бо насамрэч нацыяналізм перамог імперыю камунізму не пасля распаду апошняга на мноства нацыянальных дзяржаў, а значна раней, яшчэ ў тую пару, калі сфармаваўся і запанаваў прыярытэт “рускага” над “камуністычным” — спачатку ў самой Расеі, затым у Савецкім Саюзе, а пасля і ва ўсім камуністычным блоку. Словы “рускі” і “камуніст”, “рускае” і “камуністычнае” (“савецкае”) пакрысе сталіся сінонімамі з тэндэнцыяй да замацавання “рускага” на ўсім “камуністычным”. І ці не тут, ці не ў гэтым дамінаванні латэнтна ўгрунтаванага рускага нацыяналізму ў толькі фармальна прэзентаваным камунізме і ёсць сапраўдная прычына сістэмнага крызісу і пазней татальнай паразы камуністычнай ідэі? Зусім верагодна, што менавіта так. (Між іншым, праз вышэй названую глабальную метамарфозу для камунізму адбылося і нешта значна горшае за паразу — яго канцэптуальная дыскрэдытацыя.) З папярэдне сфармуляванага вынікае, што ў кожнага чальца былой камуністычнай імперыі пасля пераацэнкі камуністычных каштоўнасцей мусіла адбыцца і рэвізія свайго стаўлення да Расеі і ўсяго расейскага як такога. Натуральна, не маглі ўнікнуць падобнай працэдуры і мы. Тым болей, што праблема “Расеі” для нас заўсёды была абцяжараная эсхаталагічнымі канатацыямі. (Ды і зараз на яе асялку ўсё яшчэ вагаецца нашае “быць ці не быць” — этнасу, нацыі, дзяржаве.) 2. Расея і Мы Сказаць, што для Беларусі “праблема Расеі” сягае ў сівую даўніну — значыць нічога не сказаць. Верагодна, мы з ёю і нарадзіліся, як бывае нараджаецца чалавек з нейкай генетычна абумоўленай апрычонасцю, якая ў такім выпадку становіцца ягонай нормай. І трэба ясна ўсведамляць, што выдаліць з сябе гэтую праблему ў нас ніколі не атрымаецца, нават калі знадворку Расея перастане адыгрываць хоць-якую ролю ў нашым лёсе. Бо Расея не на ўсход ад земляў Беларусі, Расея — усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея пэўным сваім контурам (як і Еўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасці. Але было б вялікай памылкай лічыць, што з гэтага мы часткова “Расея”, а часткова “Еўропа” (ці хай сабе нават сума папярэдніх складнікаў)… Ні першае, ні другое, ні трэцяе… Мы — беларусы. Іншымі словамі, у нечым надзвычай істотным мы рашуча адрозныя ад усіх астатніх (як і ўсе астатнія міжсобку). І складнік “Расеі” ў самасці беларусаў ёсць якраз адным з чыннікаў нашай адрознасці. Дарэчы — у першую чаргу ад непасрэдна Расеі. Апошняе зусім не ёсць парадоксам. Гэтаксама “Азія”, “азійства” ў целе Расеі не набліжае Расею да ўласна Азіі, а перадусім адсланяе — у супраціўным экспансіянізме і непераадольным антаганізме. Хапала і ў нас гэтага “экспансіянізму і непераадольнага антаганізму”. Ні з кім нашыя продкі столькі не ваявалі, як з тымі, каго сёння мы называем расейцамі. Толькі ў сярэдзіне семнаццатага стагоддзя падчас “крывавага патопу” ў вайне з “маскалямі” загінуў кожны другі жыхар нашага краю: было 4,9 мільёна, засталося 2,5 (між іншым, цягам вайны з нямецкім фашызмам, якая чамусьці лічыцца самай крывавай у нашай гісторыі, загінуў кожны чацвёрты беларус)… …Тады і пагасла сонца над Вялікай Літвой і ўзышло над Вялікай Расеяй. Вядома, і да гэтай падзеі ў расейцаў (маскоўцаў) ужо была ідэя Трэцяга Рыма і Града Божага на зямлі, але канчатковае замацаванне ў расейскай свядомасці сваёй месіянскай ролі адбылося не раней, чым Юры Пераможца на ўздыбленым кані працяў дзідай сэрца Рэчы Паспалітай і двухгаловы арол распасцёр крылы над усёй Усходняй Еўропай. “Я памятник себе воздвиг нерукотворный...”, і далей самы вялікі паэт тады маладой і яшчэ вясёлай імперыі пералічвае пабраныя народы, што прыйдуць схіліцца перад ягоным помнікам за тыя добрыя пачуцці, якія ён лірай абуджаў у сэрцах людзей. “Я не паэта. Крый мяне Божа...”, і далей пра тое, што паколькі беларусы нікога не маюць, то хай будзе хаця б Янка Купала. У гэтых “помніках” двух нацыянальных геніяў куды больш сугестыўна, чым у лічбах, прачытваецца адказ на пытанне: каму якімі здабыткамі ды стратамі (фізічнымі і духоўнымі) адгукнулася эпоха тых войнаў. Гэта надзвычай істотны момант, на які ніколі не варта забывацца, бо менавіта на памянёных “здабытках” (расейцы) і “стратах” (беларусы) далей будуць фармавацца (у супрацьлеглых вектарах) ментальнасці рускага і беларускага чалавека. Верагодна, тут нехта заўважыць, што не зусім слушна (а можа, і зусім не слушна) звязваць выспяванне этнічнага светапогляду з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі. Я і сам гэтак мяркую, але ў дадзеным выпадку мне падаецца досыць верагодным, што катастрафічны вынік супрацьстаяння з Расеяй шмат у чым паспрыяў замацаванню ў свядомасці беларусаў філасофіі стыхійнага фаталізму. (Вось ягоная формула ў народным вымаўленні: рабі, што робіш, і хай будзе, як будзе). Фаталізм — глыбока індывідуалістычны светапогляд, ён вымагае не толькі добраахвотнага падпарадкавання фатуму (кону), даверлівай згоды з тым, што ёсць і якім яно ёсць, але і тоеснасці суб'екта з самім сабой. На апошняе трэба звярнуць асаблівую ўвагу, паколькі сэнсавы цэнтр беларускага варыянта фатальных стасункаў з рэальнасцю менавіта тут. Імкненне да тоеснасці з самім сабой, да нявыхаду за межы гэтай тоеснасці ў знешні, духоўна іншы кантэкст сталася вызначальным у светапоглядзе беларусаў. Але вызначаючы істотную ролю “крывавага патопу” ў рассыпанні беларусаў на адзінкавыя саматоеснасці, пагодзімся, што гэтаму спрыяла і ўся астатняя гісторыя краю. Беларусь ужо ў пару фармавання ВКЛ была шматрэлігійнай і шматканфесійнай краінай. Які агульны сабор (і якая саборнасць) можа быць у праваслаўных, уніятаў, каталікоў, пратэстантаў, іудзеяў, мусульман, паганцаў?.. І якую “абшчыну” з іх можна скласці, калі яны і працуюць, і святкуюць у розныя дні, да таго ж робяць усё гэта кожны па-свойму. Істотна паўплываў на дэкалектывізацыю і такі сацыяльны феномен, як беларуская шляхта. Па некаторых ацэнках навукоўцаў, яе колькасць сягала 15% ад агульнага складу насельніцтва. Натуральна, у абсалютнай сваёй большасці шляхта была “дробнай”, збяднелай і матэрыяльна часам амаль не рознілася ад сялян, аднак пры гэтым радыкальна асобілася і ад простага люду, і паміж сабой. І хаця ў фармаванні ўжо ўласна беларускага этнасу шляхта лічы не ўдзельнічала, але ў фактары сацыяльнай дэкалектывізацыі яе роля была досыць значнай. Дарэчы, знакамітая беларуская “талака” сведчыць якраз не за калектывізм, а зусім наадварот. Разбэрсаныя рэлігійна і сацыяльна людзі сыходзіліся разам на дзень-другі, каб зладзіць непад'ёмную для кагосьці аднаго справу, і зноў разбрыдаліся кожны ў сваю паасобкавасць. Гэтую сітуацыю не перамяніла і прымусовая калектывізацыя, якая толькі фармальна паяднала натуральна раз'яднаных паміж сабой беларусаў. Таму Беларусь для беларусаў і па сёння задзіночваецца ў кансалідаванае цэлае толькі (і выключна) праз інстынкт тэрыторыі, а не праз ідэю калектыўнага “я”. Усё радыкальна інакш у расейцаў. У анталагічным сэнсе паміж беларусамі і расейцамі — ментальная бездань. Расейцы ніколі не ведалі (і не шукалі) сваіх “этнаграфічных межаў”, ды і ўвогуле не былі прывязаныя да хоць якога пэўнага месца на зямлі (не лічыць жа такім неабсяжную і амаль умоўную прастору “ад Брэста да Камчаткі”). Наўрад ці хоць у які перыяд Расейскай імперыі расейскі шараговец больш-менш дакладна і тым больш сістэмна ўяўляў яе геаграфічную фігуру. Праблема ўласнай геаграфічнай прасторы паўставала перад ім толькі ў момант чарговага ваеннага канфлікту, звязанага з абаронай ці пашырэннем межаў імперыі. (“Расея, як вядома, вяла ў ХVІІІ—ХІХ стагоддзях трыццаць тры вайны, галоўным чынам захопніцкія”, Генры Мілер.) А ў астатнюю пару яму дастаткова было ведання пра цэнтр улады і яе персаналізаванае імя (месца імперыі знаходзіцца не ў дыскурсе топаса, а ў дыскурсе ўлады). Зрэшты, у іншым выпадку (лакалізаваная канкрэтным топасам) “руская ідэя” ніколі б не набрыняла месіянізмам і “сабор” не ператварыўся б са звычайнай культавай забудовы на пагорку ў “саборнасць” як патэнцыйную (віртуальную) тэрыторыю для Града Божага на зямлі. “Да д'ябла ўсе! Расея апрычоны свет”, — гэтая версіфікацыя Пагодзіна на тэму чаадаеўскага азарэння засведчыла, што ў расейскім грамадстве сакральная ідэя месіянства ўжо на пачатку ХІХ стагоддзя скаланізавала і прастору прафаннага. Таму далей на яе аднолькава будуць абапірацца ў сваім адбыванні быцця што звычайны шараговец, што апрычоны інтэлектуал: “Расея — адметная краіна, не падобная ні на якую краіну свету” (Бярдзяеў). Расея не Азія, Расея не Еўропа, Расея — сёмы мацярык, адным словам, “адметны” ад усіх астатніх свет. Падазраваць місію Расеі як вызначальную для лёсу ўсяго чалавецтва пакрысе сталася натуральна і нават “обыденно” для рускай свядомасці. “Мала таго — за ёю (Расеяй. — В.А.) прытоена нейкая боская задума, ад якой мы не маем права адмовіцца і ад якой мы не здолелі б адмовіцца, нават калі б гэтага захацелі...” (І.Ільін). 3. Францішак Багушэвіч і Адам Міцкевіч Камуністычная ідэя, безумоўна, была боскім дарункам Расеі ў яе месіянскім рушэнні, якому распад дынастычнай (манархічнай) дзяржавы пагражаў доўгім перапынкам. Болей за тое, яна (камуністычная ідэя) надала новай энергіі і паскоранай дынамікі гэтаму рушэнню, у якое апынулася ўцягнутай і Беларусь. Тое, што ўнёсак Беларусі (і беларусаў) у інтэрвенцыі камунізму як на іх уласную прастору, так і на прастору ўсяго сусвету апынуўся досыць ладным, зусім не азначае, што яны ў гэтай падзеі выконвалі сваю ролю. Праз прылучэнне да экспансіі камунізму на ўсю зямную кулю беларусы кампенсавалі для сябе адсутнасць той высокай Беларусі (Вялікай Літвы), якой пазбавіў іх неміласэрны лёс (ці мілажальны кон?). Гэты момант мне бачыцца досыць істотным, таму паспрабуем разгарнуць яго ў некалькіх перспектывах. Паўсталая ў разрыве гістарычных дыскурсаў на тэрыторыі “татальнага мораку” ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў этнічная Беларусь ні ў адной са сфер улады не мела не толькі ўласных эліт, але нават легітымных (замацаваных непасрэдна за ёй) каналаў, па якіх яе “агенты” маглі патрапіць у хоць якія ўладныя структуры. На тую пару ўся наяўная Беларусь цалкам магла быць апісанай у “нізавой” мадэлі. Гэтую сітуацыю і зафіксаваў Францішак Багушэвіч, стварыўшы сваю Беларусь паводле формы паэтычнага міфа, цалкам закааптаванага ў под сацыяльнага быцця. А далей заўважым, што прыдуманая паэтам краіна гнілых хатак і дурных, як варона, мужыкоў займела дзіўны, фантастычны лёс. Усе наступныя пакаленні беларускіх паэтаў, краязнаўцаў, публіцыстаў, якія і сфармавалі ідэалагему нацыі (прымроілі яе ў газетах і кніжках, з чаго я неяк і назваў беларусаў “папяровай нацыяй”), пачыналі і завершвалі афармленне свайго відзежу Беларусі ў фармаце таго паэтычнага міфа, які распавёў напрыканцы ХІХ стагоддзя адвакат з Вільні. Гэта з ягонай прыдумкі з'явіліся і знямоглыя беларусы, што нясуць на худых плячах сваю гаротную долю (Янка Купала), і “пяць лыжак заціркі” ў прыклад самай вялікай мары тутэйшага чалавека (Змітрок Бядуля), і лапаць дзеда Талаша як адзіная аўтэнтычная зброя гераізаванага беларуса (Якуб Колас), і каўтун на галаве палешука як нацыянальная адметнасць, і гнілое балота як конгеніяльны жабрацкаму ладу пейзаж... Першым паўстаў супраць татальнай экспансіі “нізавога” міфа Вацлаў Ластоўскі, стварыўшы насупраціў Багушэвічу міфалагему магутнай “крыўскай цывілізацыі” як папярэдніцы і крыніцы не толькі народа беларусаў, але і антычнага свету (ні больш, ні менш!). Міф Ластоўскага займеў досыць шырокі розгалас і папулярнасць (асабліва ў Заходняй Беларусі і на эміграцыі ў 30—50-я гады ХХ стагоддзя), але так і не здолеў заняць цэнтрапалеглага месца ў свядомасці беларускага грамадства. Былі і іншыя спробы супраціву, згадаем хаця б знакамітае эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам”, дзе філосаф запрапанаваў сінтэтычна складаны, але інтэлектуальна вельмі адметны вобраз Беларусі. Аднак усё было марна. Міналі дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі, Беларусь зрабілася індустрыяльнай краінай, прыдбала сабе міжнародны імідж нязломнага змагара з фашызмам, патрапіла ў заснавальнікі ААН, пачала экспартаваць свае тавары па ўсёй зямной кулі (да прыкладу, толькі трактары — у восемдзесят краін), цалкам мадэрнізавала лад свайго жыцця па максіму тэхнакратычных магчымасцей адной з дзвюх супердзяржаў свету, але да 70-х гадоў ХХ стагоддзя (да Караткевіча) гэты міф пра адвечна занядбаную, змарнелую і нішчымную Беларусь, які апанаваў нацыянальную свядомасць, ніхто нават і не спрабаваў пераадолець. Чаму, з чаго гэткая трывушчасць аднойчы паныла вымаўленага слова “Беларусь”? Адказаў на гэтае запытанне ўжо ж, напэўна, можа і павінна быць шмат. Мы тут звернем увагу толькі вось на што: міф Багушэвіча апынуўся універсальна прыдатным для самых розных ідэалагічных і палітычных сітуацый ад прыканца ХІХ і наўсцяж усяго ХХ стагоддзя (ён і сёння, на пачатку ўжо трэцяга тысячагоддзя, па сутнасці, дамінуе). Спачатку прыдумка Багушэвіча ў самую дакладную меру прыклалася да ідэалагічных інавацый дэмакратаў (і стыхійных, і сістэмных) канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якія заангажаваліся “маленькім чалавекам” у стане сацыяльнай няроўнасці; затым казка пра згалелы край і прыгнечаны народ як найлепей дапасавалася да аргументацыі бальшавікоў (і ўсіх “левых” увогуле) на карысць рэвалюцыйных перамен. Але найбольш цікавае пачалося потым, калі бальшавікі перамаглі і з гэтага ім спатрэбілася дэманстрацыя плёну сваёй перамогі на прыкладзе канцэптуальных перамен да лепшага на Беларусі. Пра тое, як Беларусь за камуністамі адужала, расквітнела, збагацела, спявалася штодня з ранку да вечара, толькі нейкім цудам атрымлівалася, што гэтыя хваласпевы аніяк не краналі Багушэвічавага міфа. Як лёг, так непарушным і ляжаў на ўсе шыркі свядомасці. Аб некаторых прычынах гэтага феномена за бальшавікамі мы, па сутнасці, нядаўна казалі. Ужо з трыццатых гадоў (ХХ ст.) расейскі нацыяналізм пакрысе, як іржа, пачынае выядаць сэрцавіну камунізму (неўзабаве ад апошняга застанецца толькі маска) і неўпрыкмет вяртаць свае пазіцыі ў “нацыянальных акраінах”. Зразумела, што новаму расейскаму нацыяналізму (гэтаксама як і ранейшаму) зусім не патрэбная была Беларусь, выяўленая ў высокіх парываннях, учынках ды мэтах. З гэтага ўсё высокае і значнае, што тут было раней і адбывалася цяпер, альбо выкрэслівалася да пустога знака, альбо залічвалася на супольны рахунак камуністычнай імперыі, каб потым быць прыўлашчаным Расеяй як сваё ўласнае. Таму ў астачы беларусам заставаўся ўсё той жа “нізавы” Багушэвічаў міф з адзіным хіба дадаткам — рэвалюцыйнай постаццю Кастуся Каліноўскага. Да таго ж гэты міф як стратэгічна найлепшы сродак у барацьбе з беларускім нацыяналізмам перманентна актуалізоўваўся праз самыя розныя ідэалагічныя маніпуляцыі. Не думаю, што выкладзеныя тут развагі нават збольшага вычэрпваюць праблему. Толькі з усяго гэтага, прынамсі для мяне асабіста, становіцца зразумелым, чаму міф пра высокую Беларусь, які яшчэ да Багушэвіча стварыў Адам Міцкевіч, застаўся беларусамі незапатрабаваным. Праўда, Міцкевіч сваю краіну называў не Беларуссю, а Літвой, і пісаў па-польску. Але па сутнасці ён усё жыццё толькі і рабіў, што перакладаў Беларусь на польскую мову (“Дзяды”, “Пан Тадэвуш” і г.д.)… І як радзіма наваградскага паэта не падобная да той, якую намаляваў нам паэт з Кушлян! Беларусь Міцкевіча — гэта краіна прыгожых жанчын і гераічных мужчын, высакародных шляхціцаў і самаахвярных святароў, вялікіх паэтаў і апантаных містыкаў... Тут пануюць высокі дух і чыстыя парыванні, і таму ідэя новага месіянізму, прапанаваная Еўропе паэтам-містыкам з нашых краёў, зусім не будзе выглядаць авантурай на злом галавы, прынамсі ў тым этычным кантэксце, які ён сам і стварыў. (Гэтаксама як некалі потым не выкліча пярэчанняў і тыпалагічна падобнае сцверджанне Уладзіміра Караткевіча — “На Беларусі Бог жыве”, — уся творчасць якога, у пэўным сэнсе, ёсць адмысловым перакладам Міцкевіча ўжо на беларускую мову.) Дарэчы, лёсы Міцкевіча і Багушэвіча на дзіва падобныя. Абодва са збяднелай шляхты і прыкладна з аднолькавай адукацыяй. У кожнага на шляхах жыцця Вільня, Санкт-Пецярбург, паўстанне, эміграцыя, і кожны з іх прыдумаў сваю літаратурную версію Беларусі, толькі Міцкевічаву Беларусь назвалі Польшчай, а Багушэвічава сталася Беларуссю. Дык вось, вяртаючыся да пытання, чаму той гожы міф пра Беларусь, які так паэтычна сфармуляваў Адам Міцкевіч, не быў запатрабаваны на ягонай Бацькаўшчыне ні адразу, ні потым, мы знаходзім адказ, які, па сутнасці, ёсць люстраным адбіткам феномена трываласці таго міфа, што стварыў Багушэвіч. Адразу гэткага не атрымалася, бо на тую пару працэсы этнічнай кансалідацыі беларусаў адбываліся ў сацыяльным подзе (вёска, плебейская частка мястэчак і гарадоў), дзе па азначэнню не было месца хоць якім элітам, а значыць, і высокай, шляхетнай, арыстакратычнай духам Беларусі. Потым гэткага не атрымалася, бо беларусы, ужо як нацыя, паўсталі ў эпоху, калі і ідэалагічна, і палітычна дамінавалі сілы (дэмакраты, анархісты, сацыял-дэмакраты, бальшавікі і г.д., і да т.п.), сфармаваныя на грунце таго ж самага сацыяльнага пода (плебейства, люмпенства). І тут зноў не было і не магло быць месца Міцкевічу. Натуральна, праблема не толькі і не столькі ў Міцкевічу, геніяльнай постаццю якога мы скарысталіся адно дзеля больш выразнага адлюстравання той амбівалентнай сітуацыі, у якой нават глыбока мадэрнізаваная Беларусь заставалася (у нацыянальным дыскурсе) замкнутай на архаіку “нізавога”, “плебейскага” міфа. Гэтая несумернасць, амбівалентнасць ментальнага і рэальнага светаў і штурхала найбольш энергетычных, амбітных ды адораных беларусаў (а такіх хапала) у авангард расейскага (камуністычнага) месіянізму. Касыгін на верхатурах Крамля, Шастаковіч на музычным алімпе, Кавалёнак на касмічнай арбіце — усё гэта толькі кампенсацыя адсутнай Вялікай Літвы. Ужо іншая рэч, што самі ў сабе беларусы не мелі і не маглі мець інстынкту месіянізму, таму іхняя прысутнасць у розных месіянскіх рушэннях была не чым іншым, як усё тым жа актам сублімацыі высокай Беларусі. 4. Мы і Расея Хоць якая кансалідаваная ідэя можа стацца ментальнай рэальнасцю адно тады, калі ў досведзе народа актыўна і сістэмна прысутнічаюць падзеі кшталту “богаабранасці”, “саборнасці”, “абшчыннасці” і да т.п. У беларусаў нічога падобнага (сістэмна) ніколі не было. Таму зусім неверагодна, каб беларусы запрапанавалі (як габрэі), а тым болей спрабавалі рэалізаваць (як расейцы) агульную для ўсяго чалавецтва канструкцыю светабудовы. Яны такое і прысніць не змаглі б — не тое, што ўцялесніць. А вось што ў іх заўсёды добра атрымлівалася, дык гэта здаваць прастору свайго бытавання ў арэнду пад розныя месіянскія і проста глабалісцкія канцэпты ды праекты. Паганства, хрысціянства (ва ўсіх ягоных версіях), мусульманства, іудаізм, рэнесанс, рэфармацыя і контррэфармацыя, сацыялізм, інтэрнацыяналізм, камунізм, глабалізм... Усё, што мела хэнць і волю займець месца на гэтых абшарах, знаходзіла тут сабе ўтульнае месца. Талерантнасць беларусаў, безумоўна, мацнейшая за інстынкт самазахавання, з чаго так і карціць яе звузіць. Але, здаецца, апошняе якраз і немагчыма. На немагчымасці звузіцца ў талерантнасці тут заўсёды будзе спатыкацца кожная татальная ідэалогія — і нацыяналістычная таксама. Ідэя сябе ў нацыі, а не нацыі ў сабе, ідэя гамагеннай нацыі, адгароджанай ад іншых нацыянальнай дзяржаўнасцю, наўрад ці калі пераадолее ўстаялую ментальнасць беларусаў, зарыентаваную фатальным светапоглядам на паасобкавыя, але пры гэтым спавітыя талерантнасцю саматоеснасці. Мы — Францішак Скарына, а не Сімяон Полацкі, хаця Сімяон Полацкі — гэта таксама мы. Дзве велічныя постаці зямлі беларускай — гэта два нашыя шляхі, аднак не трэба быць асабліва відушчым, каб зразумець, куды вёў нашых продкаў першы шлях і чым абярнуўся для нас другі. Не заўсёды і зусім неабавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Расейская культура з уласнай волі да панавання знішчыла іншых культур болей, чым усе войскі Расейскай імперыі знішчылі іншых войскаў. Мілажальнасць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсіўныя, чым іх носьбіты — народы (гэтая тэза аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культур перапынкаў не бывае. Дык вось, калі запытацца: чаму сёння большасць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе з беларускай культурай, то адказ будзе наступным: таму што на нашых землях ужо безліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай і беларускай культур, у выніку якой апошняя апынулася амаль усцяж пераможанай. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы. Мова — той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, развівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыннікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёння шмат дзірак, але ў нас ён знішчаны амаль цалкам, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнай культуры як ад сцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касмічнага холаду метакультуры камунікатыўна адкрытага грамадства. Адсюль, з перамогі расейскай культуры (на штыках і без штыкоў), і была зманіпуляваная прыдумка, што беларусы вельмі падобныя да рускіх — ну амаль што блізнюкі... Падабенства з расейцамі, найперш праз агульную прыналежнасць да славянства, у нас, відавочна, даволі. Да таго ж істотную ролю ў прыпадабненні народаў адыграла і праваслаўе — апошнія некалькі стагоддзяў дамінавання “рускай” царквы на нашых землях добра прыклаліся да “русіфікацыі” беларусаў... Але ўсё гэта разам (і шмат чаго іншага) не дае нам права забывацца, што мы два зусім розныя народы з апрычонымі шляхамі і адметнымі гістарычнымі лёсамі — і будзем такімі да таго часу, пакуль будзем. (Чамусьці ніхто не лічыць “братамі” французаў і немцаў толькі таму, што яны належаць да аднаго раманскага свету?!) У сувязі з навуковымі і не надта навуковымі тэарэтызаваннямі на тэму аб'яднання двух братніх народаў (мне гэта нагадвае аб'яднанне ўдава з кролікам) успомнім колькі слоў старэйшага з братоў Кірэеўскіх: “Некаторыя думаюць, што пазнейшае засваенне іншаземнай адукацыі можа з часам перастварыць усяго рускага чалавека... Ці патрэбна абвяргаць падобныя меркаванні. Зніштожыць адметнасці разумовага жыцця народа гэтак жа немагчыма, як немагчыма зніштожыць яго гісторыю. Падмяніць літаратурнымі тэрмінамі перакананні народа не прасцей, чым адцягненай думкай перасунуць косці маладога арганізма”. Тое самае можна сказаць і пра беларусаў у праекцыі на вайну культур. Толькі тут яшчэ трэба дадаць, што немагчыма і “перасунуць” беларусаў з Еўропы на сёмы мацярык — у Расею. Можна было на нейкі час адлучыць іх ад “гістарычнай бацькаўшчыны”, аднак рана ці позна павінен быў настаць час вяртання. І тут не лішне будзе падкрэсліць, што вяртанне да еўрапейскіх сацыяльных, інтэлектуальных ды культурных каштоўнасцей не ёсць для беларусаў модай, геапалітычным свавольствам ці часовай прыхамаццю. І збочваць у бок Еўропы беларусы будуць не таму, што там вальней і абаранкі задарма даюць, а таму, што там “карэнныя перакананні народа”, нават калі сам народ “у сілу гістарычных абставін” забыўся на гэта. Вяртанне Беларусі ў Еўропу — гэта шлях, ад якога “мы не маем права адмовіцца” і ад якога “мы не здолелі б адмовіцца, нават каб гэтага захацелі”. Расея наш фатум, але не наш кон. Пра фатальную ролю Расеі ў лёсе Беларусі ўжо даволі казалася вышэй. Аднак Расеяй мы толькі спутаныя, а зацугляныя Еўропай. Усім сваім целам мы ўпісаныя ў прасторавую фігуру Еўропы, больш за тое, у сваю пару (Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая) продкі беларусаў былі не апошнім стваральным чыннікам гэтай фігуры і яе цывілізатарскім фарпостам у славянскім свеце. І хаця пазней гэты “фарпост” лязом расейскай экспансіі на Захад быў адсечаны ад свайго вялікага цэлага, яго натуральнае месца заўсёды застаецца за ім. І менавіта згаданым фактарам найперш абумоўлена тое, што нават больш чым два стагоддзі каланізацыі, русіфікацыі і мэтаскіраванай асіміляцыі не далі рады з гэтай зачараванай на ўласную ролю прасторай, якая сёння зноў патрабуе сабе статусу суб'екта еўрапейскай гісторыі. Вось чаму наастачу тэмы я зноў хацеў бы паўтарыць: Расея наш фатум, але не кон. Літаратура: 1. Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш. Мінск: Мастацкая літаратура, 1985. 2. П.Я. Чаадаев. Избранные сочинения и письма. Москва: Правда, 1991. 3. Анталогія беларускай паэзіі. Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. 4. История русской философии. Ленинград: Эго, 1991. 5. Вехи. Интеллигенция в России (1909—1910). Москва: Молодая гвардия, 1991. 6. Н.А. Бердяев. Истоки и смысл русского коммунизма. Москва: Наука, 1990. 7. Філіп Брэтон, Серж Пру. Выбух камунікацыі. Мінск: Тэхналогія, 1995. 8. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 1993.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||