ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАРАДЫГМА:

РАКУРС КАНЦЭПТУАЛЬНАЙ ПЕРАМЕНЫ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыі 3—4

Лекцыя 5

Лекцыі 6—7

Лекцыі 8—9

План:

1. Зачын

2. Дзяржава і нацыя

3. Вайна

4. Урбанізацыя

5. Літаратура

 

1. Зачын

Беларусь усё яшчэ знаходзiцца ў сiтуацыi адсутнасцi будучынi, прынамсі — пэўнай. З гэтай сiтуацыi шмат чаго вынiкае, але найперш тое, што на Беларусi (i з Беларуссю) пакуль усё магчыма. Беларусь яшчэ магчымая як самастойная еўрапейская дзяржава i як шараговая правiнцыя адноўленай Расейскай iмперыi, як лакальны фрагмент глабальна ўладкаванага свету i як прамотар агрэсiўнай каалiцыi "славянскiх" дзяржаў...

Аднак пры ўсёй цьмянасцi, невыразнасцi, шматварыянтнасцi магчымасцей нашай будучынi, няма сумневу, што ў Беларусi ёсць не толькi доля, але i лёс. I вось чаму. Цягам апошняга тысячагоддзя еўрапейскай гiсторыі Беларусь як суб'ект гэтай гiсторыi раз-пораз хавалася ў сваю адсутнасць, але яна нiколi не знiкала як суб'ект еўрапейскай прасторы. Незалежна ад таго, якiя дзяржаўныя ўтварэннi апаноўвалi гэтай прасторай (Полацкае княства, ВКЛ, Рэч Паспалiтая, Расейская iмперыя, СССР), Беларусь заўсёды вымагала для сябе адметнага прасторавага статусу. Нават забаранiўшы назоў "Беларусь", Расейская iмперыя мусiла вынайсцi для яе апрычоную пазнаку ("Северо-Западный край"); нават адсекшы лязом "Брэсцкага мiру" Заходнюю Беларусь, Польшча не магла не вылучыць яе з свайго цэлага — і вылучыла яе як "крэсы всходне"... I колькi б разоў за апошняе тысячагоддзе гэтая прастора не разрывалася на кавалкi рознымi дзяржаўнымi, iдэалагiчнымi, канфесiйнымi ўтварэннямi, яна рана цi позна зноў гуртавалася ў нейкую топасную цэласнасць, канфiгуратыўна блiзкую да сваёй протатапалагiчнай мадэлi. Усё гэтае разам пераконвае, што прастора, цяпер пазначаная этнонiмам "Беларусь", мае сваё сакральнае паклiканне, а значыць, i надалей не стане чакаць сабе хоць якога месца ў будучым, а будзе патрабаваць i займаць яго сама для сябе.

Зусім іншая рэч, якiм зместам пабярэцца гэтая сакральна вылучаная прастора, якiя каштоўнасцi на ёй запануюць? На вялiкi жаль, адказы на гэтыя пытаннi пакуль залежаць хутчэй ад пажаданняў таго, хто адказвае, а не ад наперад яўленых бачнасцей, якiя самi яшчэ чакаюць будучынi, каб аб'явiцца для нас.

2. Дзяржава і нацыя

На самым пачатку гаворкі, адзначаючы выключную ролю Францішка Багушэвіча і газеты “Наша ніва” ў фармаванні ідэалагемы беларускай нацыі, я казаў, што “з іншага боку, у канцэптуальным плане мы мелі б прыблізна тое самае, што маем, і без Багушэвіча, і без “Нашай нівы”. Было б залішне рамантычна (ці містычна) звязваць такія анталагічныя падзеі, як нараджэнне нацыі, з несістэмнымі выпадкамі прыватнага кшталту. Сувязь тут хутчэй цалкам адваротная: і Багушэвіч, і “Наша ніва” — гэта ўсяго толькі адметныя моманты фармалізацыі новай нацыі, якая ўжо саспела, каб выйсці з латэнтнага стану ў сітуацыю культурнай і геапалітычнай рэальнасці”.

Прыкладна тое самае я хачу сказаць і адносна факта паўставання Беларускай дзяржавы. Раз-пораз у публікацыях самых розных аўтараў робіцца акцэнт на выпадковасць, збег абставін, сітуацыйнасць, палітычны валюнтарызм і г.д., якія радыкальным чынам паўплывалі на вылучэнне Беларусі ў аб'ект (яшчэ пакуль толькі аб'ект) еўрапейскай геапалітыкі. Маўляў, каб на Радзе Усебеларускага кангрэса (сакавік 1918 г.) перамаглі “аўтаномнікі”, а не “незалежнікі”, то нічога такога і ўвогуле не было б. А з іншага боку, каб не было БНР, то ніхто не ўздумаў бы ствараць БССР. Ці вось яшчэ, каб згодна “Брэсцкага міру” да палякаў не адпала ўся Заходняя Беларусь (4 мільёны насельніцтва), то Маскве і не да галавы было б узбуйняць здрабнелую ў нішто БССР паветамі Віцебскай ды Гомельскай губерняў (і гэтак далей — усяго не пералічыць).

Кожная падобная версія сапраўды мае пад сабой падставы, і часам досыць грунтоўныя. Але ўвесь вэрхал з прылучэннямі / адлучэннямі тэрыторый, зменамі назваў і дзяржаўна-палітычных канструкцый краіны (з 1918 па 1922 год Беларусь была і Беларускай Народнай Рэспублікай, і Літоўска-Беларускай рэспублікай, і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, і базавай складовай Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік) сведчыць якраз пра адваротнае: пасля развалу Расейскай імперыі гэтая прастора настойліва патрабавала для сябе апрычонага геапалітычнага статусу ў “сваіх этнаграфічных межах”. Дзівіць хутчэй іншае: як у такіх, цалкам неспрыяльных абставінах, не маючы ўнутры сябе дастатковых палітычных сіл для самапаўставання, наш край змог выразніцца сярод іншых у палітычна-адміністрацыйнай канфігурацыі, якая ў асноўным ахоплівала аўтэнтычную Беларусь.

“Было б залішне рамантычна (ці містычна)” звязваць паўставанне Беларускай дзяржавы з выпадкам, палітычнымі інтрыгамі, суб'ектыўнымі памкненнямі тых ці іншых асоб. Тое, што (і як) адбылося, найлепей сведчыць пра невыпадковасць таго, што адбылося і што адно пацвердзіла тую тысячагадовую тэндэнцыю, у якой Беларусь ніколі не знікала як суб'ект “еўрапейскай прасторы”. З адной толькі розніцай (але звышкардынальнай) — цяпер гэтая прастора зноў пачала вяртаць сабе статус суб'екта “еўрапейскай гісторыі”.

Зыходзячы з гэтага, далей я прапаную змінімізаваць “адвечную” (і жорсткую) апазіцыю БНР — БССР. Бо калі ацэньваць сітуацыю ў вялікім вымеры паўставання Дзяржавы, то БНР і БССР пачынаюць выглядаць не як дзве смяротна варожыя паміж сабой падзеі, а як адна і тая самая, толькі ў розных варыянтах палітычнай фармалізацыі. Калі заўгодна, дык што ідэалагемна, што ідэалагічна БНР з БССР — блізнюкі. І тое, і другое дзяржаўнае ўтварэнне абапіралася на тыя самыя базавыя пастулаты: сацыял-дэмакратыю і нацыяналізм. Рассунула іх у розныя, варожыя бакі палітыка. У барацьбе за ўладу над Беларуссю бальшавікі (расейскія ў хаўрусе з беларускімі) адолелі не толькі беларускіх незалежнікаў, але, урэшце, і палякаў, якія з не меншым, чым бальшавікі, імпэтам імкнуліся падцягнуць да сябе гэтую прастору.

Істотнасць палітычнай барацьбы за Беларусь, менавіта як за Беларусь, мусіць быць зразуметая не праз вынік перамогі (ці паразы) тых альбо іншых палітычных сіл (стратэгій), а праз сам факт гэтай барацьбы, які яскрава засведчыў сітуацыю чарговага паўставання Беларусі ў геапалітычным кантэксце Еўропы.

Чытаючы БНР і БССР як дзве зусім розныя падзеі, мы зыходім са свайго цяперашняга ведання, чым на практыцы для Беларусі (і не толькі для яе) падрахаваўся “союз нерушимый республик свободных”, а не з самой ідэі БНР і БССР у сітуацыі іх запачаткавання. Згадаем дзеля прыкладу хаця б той вядомы факт, што недзе да 1929 года савецкая Беларусь цалкам разгортвалася ў нацыяналістычнай мадэлі (“беларусізацыя”), з чаго многія нацыянальна заангажаваныя дзеячы палітыкі і культуры вярнуліся на Беларусь і нават узнікла пытанне аб скасаванні БНР і яе ўрада на эміграцыі*.


* “Да сярэдзіны 1920-х гадоў бальшыня беларусаў на эміграцыі спакваля прыходзіла да высновы: адбудова беларускай дзяржаўнасці найбольш рэальная ў Савецкай Беларусі. Прызнанне Менска адзіным цэнтрам нацыянальнага адраджэння адбылося на так званай II Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Берліне 12—16 кастрычніка 1925 года, наладжанай Аляксандрам Цвікевічам з відавочнай мэтай: роспуск урада БССР на карысць БНР” (Язэп Янушкевіч, “За архіўным парогам”).

 

Дарэчы, праблема стасункаў паміж “нацыяналізмам” і “камунізмам” і сама па сабе надзвычай цікавая. І нацыяналізм, і камунізм — дзеці адной і той самай падзеі, а менавіта Вялікай французскай рэвалюцыі з яе канцэптуальнай тэзай: “свабода, роўнасць, братэрства”. Паўстаўшы з агульнай рошчыны, яны і разгортваліся ў адну пару і ў адной прасторы. Здаралася, што ў іх нават “ворагі” былі тыя самыя (манархізм, дынастычная дзяржава, каланіялізм...). Хаця ў сваёй сутве гэта дзве рашуча супрацьлеглыя адна адной ідэалагемы. У сваім канцавым варыянце камунізм з яго базавай ідэяй інтэрнацыяналізму (“У рабочага няма Айчыны”) татальна адмаўляў нацыяналізму ў праве на існаванне. Зрэшты, яны радыкальна разышліся ўжо на самым пачатку свайго паўставання праз стаўленне да капіталізму. Для камунізму капіталізм з'яўляўся ворагам па азначэнню, а нацыяналізм, наадварот, сам быў спараджэннем капіталізацыі грамадства і адной з самых выразных яе форм.

У праблематыцы гэтай апазіцыі, бадай, найбольш цікавае тое, што камунізм, зважаючы на неверагодную папулярнасць ідэі нацыяналізму, у тактычным плане змушаны быў дэманстраваць да яго плюралістычнае стаўленне, з чаго і ўзнік гэты дзіўны сімбіёз — нацыянал-камунізм — з вядомаю тэзаю аб праве нацый на самавызначэнне.

Формула нацыянальнай ідэі спакваля выявілася настолькі актуальнай, прадуктыўнай і універсальнай, што менавіта пад яе рэфармаваліся старыя і ўтвараліся ўсе новыя дзяржаўныя ўтварэнні ХІХ і ХХ стагоддзяў. І ўжо адно последам, у другую чаргу, на сфармаваны нацыяналізмам грунт пакладаліся камуністычная (сацыял-дэмакратычная) ідэалогія ды практыка, прынамсі там, дзе гэта атрымлівалася зрабіць. Натуральна, што па гэткай мадэлі будаваліся і ўсе будучыя савецкія рэспублікі (улучна з РСФСР, толькі там сітуацыя была больш “пакручастай”), і пазней усе краіны “камуністычнага блока”. Зазіраючы наперад, заўважым, што ў сярэдзіне ХХ стагоддзя камуністычная ідэя на нейкі момант адолела нацыяналістычную, але ўжо канец гэтага ж стагоддзя засведчыў яе татальную паразу, калі ўвесь магутны камуністычны блок у адначассе распаўся на мноства нацыянальных дзяржаў.

Аднак вернемся назад, у 20-я гады. На тую пару Беларусь з неверагоднай інтэнсіўнасцю будавала нацыянал-камуністычную дзяржаву. Зразумела, гэтая дзяржава не была эканамічна самастойнай, не мела палітычнай незалежнасці, у яе адсутнічалі шмат якія сімвалы і атрыбуты дзяржаўнасці (сцяг, герб, грошы, войска...), але гэта ўжо была Беларуская рэспубліка са сваімі межамі, сваёй адміністрацыйна-гаспадарчай структурай, сваёй культурай, літаратурай і мастацтвам. (Між іншым, другая палова Беларусі ў складзе Польшчы тады нічога падобнага не мела.)

У чыста тэарэтычным плане можна паразважаць, што каб зададзеная стратэгія саюза нацыянальных (а яшчэ б і “свабодных”!) рэспублік не была перапыненая рэпрэсіўным кашмарам, які татальна ахапіў усю прастору камуністычнай імперыі ва ўсіх яе праявах і чынніках, то ў скутку мы, верагодна, мелі б і не самы горшы з магчымых варыянтаў мегадзяржавы (нешта накшталт “еўрасаюза”, толькі з сацыялістычнымі формамі эканомікі і грамадскага ўладкавання). Але падобныя тэарэтычныя развагі былі б проста інтэлектуальнай гульнёй у “дапушчэнні”, бо якраз тэорыя што камунізму, што нацыяналізму сведчыць аб іх непрымірымай варажнечы, закладзенай у саму прыроду і таго і другога. І гэты смяротны антаганізм рана ці позна не мог не выявіцца, што і пацвердзілі трыццатыя гады.

Тактычны хаўрус з нацыяналізмам быў гвалтоўна перапынены, як толькі камунізм увабраўся ва ўласную моц. Сфармаваныя па нацыянальнаму прынцыпу рэспублікі адыгралі сваю ролю ў паўставанні СССР і цяпер маглі быць скасаванымі.

Напэўна адказаць, чаму Сталін, для якога не было праблемай фізічна перасяліць цэлы народ з адной прасторы ў зусім іншую, не прарабіў гэтай, хай сабе і складанай, але ўсяго толькі фармальнай працэдуры, — досыць складана. Версій тут можа быць колькі заўгодна, я проста ў гэты віртуальны суплёт дадам яшчэ адну...

Барацьба з “нацдэмаўшчынай”, якую камуністы пачалі разгортваць толькі напрыканцы дваццатых гадоў, нечакана выявіла эфектыўныя магчымасці нацыянальных рэспублік у вынішчэнні... нацыянальнага. Лакалізаваныя ў межах канкрэтнай адміністрацыйна-палітычнай сістэмы нацыі апынуліся пад татальным наглядам і кантролем, што давала магчымасць рэгуляваць усе нацыянальныя працэсы ў бок іх мінімізацыі, а затым праз тыя ж рэспубліканскія палітыка-адміністрацыйныя і карныя механізмы рэпрэсаваць нацыяналізм як з'яву і персанальна зніштажаць найбольш актыўных яго герояў.

Інакш кажучы, нацыянальныя рэспублікі былі ператвораныя ў своеасаблівыя гета, дзе лакалізаваныя і замкнутыя ў саміх сабе нацыі цягам часу мусілі быць вынішчаныя “на корню”. А своеасаблівасць гэтых гета азначаная тым, што іх заўсёды можна было пакінуць — але толькі пакінуўшы там сваю нацыянальную сутву. Да таго ж зусім не абавязкова было выбірацца з нацыянальных гета ў фізічным сэнсе. Дастаткова было змяніць сваю ідэнтыфікацыю — перайначыць сябе з нацыянальнага чалавека ў савецкага, і ты адразу апынаўся на шырокай і вольнай прасторы. (Ужо іншая рэч, што ідэя “савецкага чалавека”, акрамя ўсяго астатняга, а хутчэй і перадусім астатнім, у сваёй функцыянальнасці мелася быць інструментам па пераапрацоўцы нацыянальнага чалавека — праз савецкага — у “рускага”.)

Калі б у васьмідзесятыя гады ХХ стагоддзя ідэалогія і практыка камунізму не апынуліся ў сістэмным крызісе, то ўжо ў першай палове ХХІ стагоддзя татальная анігіляцыя нацыянальнага камуністычным была б завершаная. Але крызіс апынуўся настолькі глыбокім і ўсеахопным, што неўзабаве ад яго пачатку камуністычны свет разваліўся ў сваім цэлым, пакінуўшы пасля сябе адно некалькі лакальных фрагментаў (Куба, Паўночная Карэя...) і адзін глабальны — Кітай.

Вышэй ужо згадвалася, што распад камуністычнага свету абярнуўся паўставаннем мноства незалежных краін, у аснову якіх была пакладзеная ідэя нацыі. У ліку гэтага мноства і Рэспубліка Беларусь, нягледзячы на тое, што тут працэсы камунізацыі (і, адпаведна, дэнацыяналізацыі) зайшлі далей, чым дзе яшчэ.

Гэты раздзел мы пачалі з гаворкі, што ў ХХ стагоддзі Беларусі ўжо было наканавана выявіцца ў нейкай форме дзяржаўнага ўтварэння пры любым збегу гістарычных абставін. Таму досыць распаўсюджаная формула, што без БССР не было б і РБ, па сутнасці, нічога нам не кажа. Разам з тым, дзякуючы менавіта наяўнасці БССР адразу пасля распаду СССР мы займелі цалкам сфармаваную і функцыянальна дзеяздольную Дзяржаву. Заставалася вырашыць толькі ўнутрыпалітычныя праблемы: выбраць ідэалагічную ды сацыял-эканамічную мадэлі і адпаведна гэтых мадэлей публічна запрэзэнтаваць сваю дзяржаўнасць у сцягу, гербе, гімне, валюце, знешнепалітычным курсе...

Дэрэчы, у 1991 годзе, годзе беларускай незалежнасці, канцэпцыя “Беларусі ў яе этнаграфічных межах”, з якой пачынаўся наш шлях да дзяржаўнасці, ужо нават не згадвалася ў якасці мадэльнай, бо гэтыя межы сягалі ў цэлы шэраг суседніх краін: Расею (Смаленшчына), Украіну (Чарнігаўшчына), Літву (Віленшчына), Польшчу (Беласточчына)... Натуральна, ніводная з нашых суседак і думаць не думала вяртаць нам нашыя “этнаграфічныя землі” (аб чым сцішана мроіла купка нацыянальных рамантыкаў). Зрэшты, як і мы ім не збіраліся вяртаць тое, што на іх думку належала ім...

2. Другая сусветная вайна

Другая сусветная вайна для Беларусі выявілася не толькі самай трагічнай, але, бадай, і самай істотнай (пасля стварэння дзяржавы) падзеяй у вымеры ўсяго ХХ стагоддзя. З аднаго боку, загінуў кожны чацвёрты беларус (ёсць версіі і пра кожнага трэцяга), былі разбураныя гарады, селішчы, заводы ды фабрыкі, раскалолася на драбкі ўся сацыяльная інфраструктура, на доўгія гады заняпала эканоміка, інтэлектуальнае і культурнае жыццё. А з другога — і праз гэтыя страты, а яшчэ ў большай меры праз збройны партызанскі чын адбылася легітымацыя Беларусі як праўнага суб'екта сусветнай супольнасці, фармальным пацвярджэннем чаго сталася членства ў ААН — ды яшчэ ў статусе аднаго з заснавальнікаў (абмінем тут праблему палітычнай кан'юнктуры, з якой мы і займелі гэты “статус”).

Аналізуючы гэтую падзею, перадусім будзем зважаць, што для Беларусі другая сусветная вайна абярнулася некалькімі войнамі. Першая з іх — гэта тая, якую Савецкі Саюз вёў з Германіяй і ў якой беларусы (звыш мільёна чалавек) у складзе савецкіх войскаў ваявалі па законах татальнай мабілізацыі, аднолькавай для ўсяго савецкага грамадства. Але для беларусаў галоўнай сталася не першая, лёсавызначальная для ўсяго чалавецтва, а другая вайна, якая табарылася на іх уласнай, акупаванай немцамі тэрыторыі. (А была ж яшчэ адна “беларуская вайна”, у якой заходнія беларусы ваявалі ў складзе польскага войска — але мы яе пакінем абок гаворкі.) Якраз гэтая партызанская вайна і зрабіла Беларусь вядомай у свеце. І, што не менш істотна, суб'ектызавала і міфалагізавала беларусаў для саміх сябе.

Савецкая “партызанка” (па афіцыйных звестках — звыш 440 тысяч партызанаў і падпольшчыкаў) — першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Бо Нацыя як “уяўная супольнасць” набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя — гэта не што іншае, як міф пра Нацыю.

Але разумеючы ўсю каштоўнасць міфаў для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць гэтае Вялікае паданне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое шматлікімі дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць не дзеля забаўкі (маўляў, што там спадсподу?), а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасць, на якой ён паўстаў.

Як гэта ні дзіўна, аднак у праблеме беларускай “партызанкі” звычайна застаюцца ўбаку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытанні гэтай падзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух на Беларусі — штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі, ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэалагічных патрэб.

На пачатак паспрабуем давесці, што ідэя змагання з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле небеларускага паходжання, бо ў праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна пацверджанага генезісу, прынамсі, ужо не мела яго на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХVII стагоддзя (“крывавы патоп”). Яе пазнейшая як бы наяўнасць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненнем вылучыць гераічную плынь у бытаванні беларускага народа і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1812, 1830, 1863, 1918 гадоў, паўсталым на парэштках традыцыі шляхецкай вольнасці, надаецца значэнне ўстойлівай тэндэнцыі, што і “сацыялагічна”, і “агіяграфічна” ніяк не адпавядае агулу рэальнасці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі.

Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова негераічны. Масавы збройны гераізм народа — аксюмаран. Калі б гэтая з'ява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыння, то народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм — з'ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой страта народам найважнейшага з інстынктаў — інстынкту самазахавання.

Невыпадкова ў мове беларускага народа няма слова, якое акрэслівала б гэтую тэндэнцыю. Больш таго, нават сінгулярныя праявы гэтай тэндэнцыі не абапіраюцца на ўстойлівыя лексемы, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, “герой” у жывым вымаўленні беларусаў гучыць не інакш, як іранічна.

Няма слова — няма і з'явы. У лакальным змесце падобнае сцвярджэнне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасць, не можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народа, то ў нас з'яўляюцца сур'ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык? Бо не факт і лічба, а ўтаймаванне факта і лічбы ў слове выяўляе іх сапраўдны сэнс альбо ягоную адсутнасць.

Адсюль вынікае наступнае пытанне: ці з'яўляецца імкненне да волі адметнай рысай беларусаў? Для рамантыка нават пастанова гэтага пытання, напэўна, гучыць абразліва. Толькі чалавецтва ведае не шмат народаў, сярод якіх гэтая якасць дамінуе. А, скажам, для Усходу катэгорыя волі, у сэнсе свабоды, як яе разумее еўрапейская ментальнасць, амаль увогуле адсутнічае... Толькі мы гэтую тэму, у яе універсальнай праекцыі, пакінем па-за далейшым разглядам і вернемся да вылучанага раней зусім канкрэтнага сцверджання: ідэя збройнага супраціву нямецка-фашыстоўскай акупацыі небеларускага паходжання.

Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай вынішчаная войнамі з Масковіяй Беларусь была ўжо ў нейкай ступені “акупаваная” Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а на пачатку, у прамежку і потым — расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў, і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.

Зноў жа звернем увагу, як факт татальнай залежнасці ад чужаземцаў адбіўся ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы звычайна кажуць: (гэта было) за палякамі, за немцамі, за Саветамі. Мова народа ўжо не ўтрымлівала катэгорый самастойнага бытавання на сваёй зямлі.

Дык адкуль тады феномен збройнага супраціву апошняй нямецкай акупацыі? З чаго раптам гэтая ідэя апанавала ўсім народам, які даволі абыякава трываў папярэднія прышэсці чужынцаў, хаця б тых жа самых немцаў яшчэ дваццаць год назад?

Адказ навідавоку: мадэль жорсткага супраціву акупацыі была навязаная беларусам Расеяй. Для расейцаў, якія ад захопу польска-беларускімі войскамі Масквы на самым пачатку ХVІІ стагоддзя зведалі толькі паспешлівы “візіт” Напалеона, чужынец са зброяй у руках сапраўды быў нечым нязвыклым, дысгарманічным, варожым у той апошняй меры, якая вымагала змагання да скону (свайго ці ворага). Тут яшчэ трэба адзначыць, што падобнае стаўленне да акупацыі вынікала не толькі з ментальнасці расейскага чалавека, але і з ягонага ўсведамлення моцы сваёй дзяржавы, якая здольная і мусіць перамагчы кожнага ворага. А з адваротнага боку — з адмаўлення Расейскай імперыяй якой-кольвек каштоўнасці за жыццём асобнага чалавека.

Вось гэткае разуменне акупацыі і было “вменено” паноўнай расейскай ментальнасцю пабраным Расеяй народам, і беларускаму таксама. Адсюль і збройны супраціў, адсюль і акцэнт на зніштажэнне ворага, а не на ратаванне чалавека, адсюль — “перамога альбо смерць”.

Аднак тое, што для Расеі было Вялікай Айчыннай вайной, для нас — самазніштажэннем. Інспіраваная Масквой “партызанка”, з аднаго боку, правакавала немцаў на дадатковую, “пазапланавую” жорсткасць, а з другога, што, можа, яшчэ горш, саміх беларусаў да ненатуральнага ім, непатрэбнага і ўрэшце згубнага змагання з акупацыяй.

Здаецца, і па сёння мы не ўсвядомілі, што для нас і для Расеі гэта былі дзве зусім розныя вайны, і таму ўсё яшчэ ніяк не выпрацуем сваю сістэму ацэнак тых падзей, зыходзячы са свайго разумення каштоўнасці жыцця. Будзем спадзявацца, што некалі такое здарыцца, а пакуль звернем увагу вось на што... Нягледзячы на магутны, татальны ўціск, беларускі народ (падкрэслім яшчэ раз — народ, а не пэўныя зпалітызаваныя групоўкі насельніцтва) не прыняў “партызанку”. Так, не прыняў. І хай нас не ўводзяць у зман усе лічбы і факты ідэолагаў і “сацыёлагаў”, успаміны ветэранаў і безліч твораў у мастацкай ды публіцыстычнай літаратуры, якія як бы адлюстроўвалі рэальную барацьбу з ворагам.

Калі б так яно было папраўдзе, калі б папраўдзе ўвесь народ узняўся на змаганне з акупацыяй, гэта азначала б толькі адно — інстынкт самазахавання этнасу выпетрыўся да тых рэшткаў, за якімі ўжо нічога няма.

“Партызанку” зладзілі пакінутыя ў тыле савецкія функцыянеры, падпольныя райкомы, гаркомы, абкомы, дыверсійныя групы, рэйдавыя брыгады, акружэнцы, больш за дзвесце атрадаў НКУС... І ўтрымлівалася яна ідэалагічна, арганізацыйна і матэрыяльна коштам Вялікай Зямлі. А для самога беларускага народа “партызанка” была чужароднай, марнай і пераважна варожай справай. Яна несла небяспеку смерці ў значна большай ступені, чым сама акупацыя, бо гэтая небяспека была не гіпатэтычнай, а непасрэднай і вынікала як з карных аперацый пасля партызанскіх актаў, так і з гвалтоўнай сутнасці самой “партызанкі”.

Фактаў варожасці шараговага насельніцтва да “партызанкі”, не кажучы ўжо пра абыякавасць да яе, дакументамі, успамінамі, літаратурай назапашана таксама даволі, аднак яны яшчэ нікім не сістэматызаваныя і на іх ніколі не рабіўся акцэнт. Толькі для нашых “даследзінаў” гэта і не істотна, бо мы звернем увагу на іншае, а менавіта на скептычную і нават здзеклівую афарбоўку слова “партызан” у жывым вымаўленні. І на захадзе Беларусі (Гарадзеншчына), і на ўсходзе (Віцебшчына — партызанскі край) у непасрэднай, незаідэалагізаванай гаворцы ў слове “партызан” гучыць што заўгодна, ад з'едлівага скепсісу да панылай абыякавасці, толькі не “беларускія сыны”. (Іранічна-паблажлівае “Маўчыць, як партызан на допыце”, можа, найвышэйшая мяжа станоўчай адзнакі, усе астатнія ніжэй.) За выключэннем нешматлікіх, асобных фактаў, народная свядомасць адраклася “партызанкі”, і таму нам не знайсці паважлівых, удзячных, пазначаных гонарам за мужную дзею інтанацый у семантычнай афарбоўцы ўсяго комплексу слоў, якія яе вызначаюць.

Ні з сацыяльна-палітычнага гледзішча (якое-такое вялікае шчасце яны мелі за Саветамі), ні з натуральнага памкнення зберагчы сябе, сям'ю, род — ідэя змагання з акупацыяй не магла быць успрынята народам як жыццёвая неабходнасць. І яшчэ. У масавай народнай свядомасці воля — не абстрактная катэгорыя, яна мае выразна акрэслены духоўна-сацыяльны абрыс. Калі мае... На той час беларусы так доўга не карысталіся воляй, што наўрад ці ведалі яе сэнс. А змагацца ні за што, толькі сабе на згубу, не будзе ні адзін народ.

Дык ці была для беларусаў другая сусветная вайна Вялікай Айчыннай вайной, у кантэксце якой і быў сфармаваны міф пра мужны партызанскі народ? Верагодна, падобнае пытанне нетактоўна ставіць перад тым канкрэтным беларусам, які лічыў тады і застаецца перакананым да сёння, што змагаўся з фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне. Аднак яшчэ больш нетактоўна і нават абразліва яно гучыць у адносінах да ўсяго народа, нацыі, якую прымусілі самазніштажацца, змагаючыся на баку адной хцівай імперыі супраць такой жа другой. Тут трэба дадаць яшчэ вось што. Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеяння: “свае” — “чужыя”. І ў дадатак надае вайне высакародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.

Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры. І калі наша свядомасць яшчэ не можа абысціся без ідэі гераічнага на вайне, то няхай паспрабуе перанесці сваё ўяўленне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасць (як гэта зрабіла хрысціянства).

Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы яе элемент — ідэалагічная маніпуляцыя. Ніякі грамадскі інстытут не здольны быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага ладу і стану, у якім ён існуе. Ён можа дэклараваць найцнатлівыя маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але дзейнічаць будзе на тых, якія выснаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару бытавання і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу, адным словам, падпарадкоўвалася пульсу рэальнага жыцця. Больш ці менш маральнай можа быць асоба, але не грамадскі інстытут, не тая ці іншая грамадска-палітычная супольнасць. У вайну ўсе некага забівалі. Забівалі “немцы”, забівалі “рускія”, забівалі “паліцаі”, забівалі “партызаны”. Якое з забойстваў лічыць маральным, а якое амаральным? І што значыць увогуле маральна апраўданае забойства?

Акупант і той, каго ён акупаваў, нкусавец і партызан, калабарант і паліцай — усе яны выклятыя лёсам, усе яны вартыя жалю. Верагодна, такі ўтапічна-пацыфісцкі падыход да праблемы шмат у каго выкліча абурэнне, бо ў маральнай тоеснасці паміж забойцам і ягонай ахвярай праглядваецца здзек з самой сутнасці маральнасці. Але на вайне няма забойцаў, ці наадварот — на вайне ўсе забойцы. “Калі ты выбраў вайну, то гэта твая вайна” (Сартр). І таму ўсё залежыць толькі ад тых абставін, у якія патрапіў чалавек. Той, хто апынуўся там, дзе даводзілася забіваць, — забіваў. І ўся розніца паміж грэшным і нявінным у тым, што аднаму з іх пашанцавала не патрапіць туды, дзе ён вымушаны быў забіваць, а другому не пашанцавала, і ён забіваў (магчыма, таго, каму пашанцавала не забіваць). Кім стаўся для германцаў той беларус, які, перажыўшы акупацыю і “партызанку”, быў “завербаваны” ў савецкае войска і страляў немцаў на іх зямлі, бурыў ушчэнт Кёнігсберг і Берлін? Натуральна, што для паспалітых жыхароў Нямеччыны ён быў акупантам, ворагам, забойцам. Гэта ідэолагі прыхарошылі ягоную ролю паганскім словазлучэннем “святая помста”. Помста не бывае святой, прынамсі, яна перастала быць ёю з таго часу, як Ісус узышоў на Галгофу.

Вайна — гэта паганства, вайна — гэта вяртанне чалавека ў задушлівае лона першабога, жорсткага і помслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыва, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю.

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

Выразайце людаедаў,

Каб не стала іх і следу…

Рыйце загадзя магілы,

Вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць!

Янка Купала.

(Тлустым выдзеліў радкі. — В.А.)

Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызан ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленні бога помсты і чалавечых ахвяр і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь. Аднак, як гэта часта бывае ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэт, неўзабаве ці пазней выяўляе сваю значнасць у радыкальна іншай перспектыве, часам зусім і не пажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовыя пакласціся ўсім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, меліся на мэце гэтым міфам яшчэ раз сцвердзіць вартасць сваёй Іідэі, але ніяк не высокую вартасць беларускага народа як апрычонага суб'екта еўрапейскай гісторыі... Ды атрымалася, што атрымалася...

У праблемы гераічнай беларускай “партызанкі” ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы аспект. Згодна натуральнай логіцы, гэты міф мусіў распушыцца ў нішто адразу пасля дэскрэдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла. Аднак нічога такога не здарылася (хаця на самым пачатку “дэмакратычных” дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур'ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю “гераічнай партызанкі”, амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо як бы незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Тут найперш трэба звярнуць увагу на той факт, што “партызанка” ў тых жа самых формах і не з меншай актыўнасцю ладзілася і на Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыму, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводны з гэтых рэгіёнаў не стаўся “партызанскім краем” і ніводны з тых народаў не атрымаў мянушку “народ-партызан”...

Тут мы не ў стане заглыбляцца ва ўвесь абсяг гэтай неверагодна цікавай тэмы, якая сёння так актыўна апрабоўваецца ў інтэлектуальнай эсэістыцы, маладзёвай музыцы і актуальным мастацтве, дзе “партызан” выступае адначасна як канцэптуальны персанаж і як канцэптуальная метафара. Таму адно мімаходзь заўважым, што для беларусаў панятак “партызан” ужо даўно набрыняў пэўным сакральным значэннем, якое не змагла спрафанаваць нават савецкая “партызанка”... “Партызан” ці не найлепей люструе нейкую анталагічную сутнасць беларуса як у яго прыватным жыцці, так і ў яго пражыванні гісторыі.

Партызан — гэта той, хто ўвесь час хаваецца (хованкі — бадай адзіная нацыянальная гульня беларусаў); партызан — гэта той, хто заўсёды кажа пра сябе — “мяне няма”; партызан — гэта той, хто выяўляецца толькі ў момант дыверсіі, а потым зноў знікае ў адсутнасць самога сябе...

Хвала савецкім ідэолагам, што яны адчулі “анталагічную” сутнасць беларусаў і ў патрэбны для сябе момант скарысталіся ёю на ўсю ейную моц. Шкада толькі (і ганебна), што яны скарысталіся ёю гэтак вычварна, кінуўшы ў ненажэрную пашчу молаха сваёй партызанскай вайны сотні тысяч беларусаў.

P.S. У гэтым раздзеле цалкам застаўся па-за ўвагай феномен нацыянальнай “партызанкі”, якая пасля вайны часткова перарасла ў антысавецкую і доўжылася да пачатку пяцідзесятых гадоў. Безумоўна, гэта вельмі цікавая з'ява, але ў вялікім вымеры нацыянальнай гісторыі яна выглядае, з майго гледзішча, усяго толькі лакальнай падзеяй. Куды больш істотнай бачыцца праблема шырокай "калабарацыі", хаця, па вялікаму рахунку, "беларускі калабарант" тыпалагічна не розніцца ад "савецкага партызана", таму асобна тут і не кранаўся*.


* Цікавую версію “калабарацыі і партызанкі” выказаў Васіль Быкаў у гутарцы з Юрасём Залоскай “Рэцэпт напою багоў”:

“Тое, што мы называлі калабарацыянізмам і калабарантамі і адпаведна да іх ставіліся, як цяпер бачыцца, было куды больш складаней. Існавалі і калабаранты, і калабарацыя — даволі значныя на Беларусі. Я заўсёды пра гэта гаварыў. Калі ў Беларусі было каля мільёна партызан, і яны ваявалі, дык з кім яны ваявалі? Гэта камуністы рабілі такую падмену, што, маўляў, партызаны ваявалі быццам з немцамі. На самай справе якія немцы — у той час як фронт стаяў пад Масквой?.. Немец быў у лепшым выпадку адзін на раён, у раённай адміністрацыі. З кім жа тады ваявалі шматтысячныя партызанскія арміі? Зразумела, з кім — з паліцэйскімі фармаваннямі, каторыя, як і партызанскія злучэнні, рэкрутаваліся з беларусаў альбо з суседзяў — літоўцаў ці ўкраінцаў. Гэта ж атрымалася абсалютна спантанна — Хатынь. Трагедыю Хатыні спрабавалі аднесці на рахунак немцаў, а папраўдзе яе спаліў канкрэтны 118 украінскі паліцэйскі батальён. Дык вось, што датычыць калабарацыі: прыблізна столькі ж, колькі партызан, было і калабарантаў. І тое, што тут адбывалася, мела ўсе прыкметы грамадзянскай вайны. Нямецкія рэгулярныя войскі ў гэтую справу ўлезлі тады, як фронт падышоў к Полацку. Тады яны акружылі і зліквідавалі ўсю партызанскую зону. “Прарыў” — гэта эўфемізм: разгром быў заменены на “прарыў”. Які прарыў? Прарваліся рэшткі… Немцы ўмелі гэта рабіць, гэта не Чачня, партызаны для іх не ўяўлялі ніякай небяспекі… Яны іх акружылі і задушылі меней чым за месяц. Рэшткі, каторыя прарваліся з блакады, пасля хаваліся ў Селіцкай пушчы, я пра гэта пісаў. У густых хвойках яны прывязваліся рамянямі да вершалін і там сядзелі. Ды немцы пусцілі сабак, каторыя аблайвалі дрэвы. Немец падыходзіў і даваў уздоўж ствала некалькі чэргаў… Пасля вайны, у 1947 годзе, калі я прыязджаў на радзіму, на тых хвойках яшчэ бялелі партызанскія косці, абгладаныя вараннём…”


 

4. Урбанізацыя

Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі збольшага ўкладваецца ў некалькі слоў: Вайна, Саветызацыя, Індустрыялізацыя, Урбанізацыя, Меліярацыя, Чарнобыль, Незалежнасць. За кожным з гэтых слоў стаяць амаль апакаліптычныя падзеі, нават калі гаворка ідзе пра такую мірную справу, як меліярацыя. Бо пасля глабальнай меліярацыі ў нас няма і ўжо ніколі не будзе той краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь...

Каб ператварыць жывую зямлю ў тапаграфічную мапу, толькі ў 1976 годзе штодня ўлягаліся ў працу 11 тысяч трактароў, больш як тры тысячы экскаватараў, амаль тры тысячы бульдозераў і безліч іншай тэхнікі. Ніякі землятрус не змог бы нагэтулькі змяніць ландшафт Беларусі, як змяніла яго меліярацыя. Раней сарамліва схаваная за хмызамі, балацінамі і купамі дрэў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай, як планшэт, на якім пад транспарцір накрэсленыя прамыя лініі канаў.

Але ж ці толькі ландшафт зрабіўся іншым? Меліярацыя не была адно касметычнай дзеяй, гэта была аперацыя па змене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасля гэтай тэхналагічнай інтэрвенцыі Беларусь развіталася са сваёй вільготнай, заблукалай у самой сабе жаночай сутнасцю і, грукаючы жалеззем, рушыла напрасткі ў “фалацэнтрычную” будучыню.

Натуральна, меліярацыя сталася не адзіным чыннікам тых “фалацэнтрычных” перамен, што адбыліся на Беларусі (і з Беларуссю) цягам ХХ стагоддзя. Яна, як і урбанізацыя (і як індустрыялізацыя ва ўсім сваім цэлым), толькі дадатна засведчыла, што Беларусь падхапіў агульны “цывілізацыйны майстрым”, ад якога яе не змагла адлучыць нават татальная саветызацыя краіны.

Дарэчы, што да нашай рэспублікі, дык саветызацыя тут хутчэй наадварот максімальна паспрыяла разгортванню цывілізацыйных працэсаў. Пасля таго як ХІV з'езд ВКП(б) (снежань 1925 года) абраў курс на сацыялістычную індустрыялізацыю, тэмп развою Беларусі ў прамысловасці цягам першых трох пяцігодак амаль удвая пераўзыходзіў сярэднесаюзныя паказчыкі. Але прыкладна так было і потым, аж да распаду Савецкага Саюза (за выключэннем адной сямігодкі (1959—1965), калі мы не апярэджвалі агульнасаюзных дасягненняў).

Зразумела, што сістэмны тэхнакратычны прарыў не мог быць абумоўлены выпадковым збегам акалічнасцей. Беларусь і ўсім сваім еўрапейскім прамінулым, і той сваёй сучаснасцю, з якой яна сустракала ХХ стагоддзе, патэнцыйна была падрыхтаваная да цывілізацыйнага лідэрства (супольна з мегаполісамі Масквы і Ленінграда) у адной з дзвюх супердзяржаў другой паловы гэтага ж стагоддзя.

Дарэчы, гэта быў не першы выпадак, дзе нам даводзілася выконваць падобную ролю. Згадаем хаця б ВКЛ у пару “залатога веку”, калі Беларусь была цывілізацыйным лідэрам ва ўсім кірылічным свеце, забяспечваючы гэты свет супермадэрновай на той час друкаванай прадукцыяй і самымі сучаснымі тэхналогіямі па яе вырабу.

Магутным фактарам паскарэння цывілізацыйных працэсаў сталася і само геапалітычнае месца Беларусі. Усю гэтую прастору ў ХХ стагоддзі скалануў глабальны “камунікатыўны выбух” (Філіп Брэтон, Серж Пру), і яго магутная хваля накрыла разам з цэнтральнай Еўропай і Беларусь, між іншым, ужо загадзя падрыхтаваную да гэтай “апакаліптычнай” падзеі. Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя тэрыторыя Беларусі была спрэс пакрытая сеткай чыгунак, якія інтэнсіўна злучылі яе з усімі краінамі Еўрапейскага кантынента (на тую пару агульная працягласць чыгунак па тэрыторыі Беларусі складала лічы 3000 вёрстаў). Станоўчую ролю тут адыграла і супрацьстаянне Расеі і Еўропы, якія скарыстоўвалі топас Беларусі для прасоўвання (адзін супраць аднаго) сваіх інфармацыйна-камунікатыўных патокаў.

Тое, з якой хуткасцю і з якім плёнам наўсцяж вясковая нацыя засвоіла тэхналогію індустрыяльнай цывілізацыі, не можа не выклікаць здзіўлення і сведчыць пра моцную генетычную памяць народа, які ў лепшыя для сябе часы гэтак актыўна выяўляў сваю здольнасць да самых розных інавацый... Але самой вёсцы гэты тэхнакратычны прарыў дорага каштаваў — яна цалкам страціла сваю сацыяльную і культурную актуальнасць.

Беларуская вёска сфармавала этнічны грунт, дала нацыі мову, эстэтычны канон і этычны кодэкс... Нават некалькі першых пакаленняў палітыкаў, навукоўцаў і дзеячаў культуры ўжо спрэс індустрыялізаванай Беларусі было адтуль, “з-пад саламяных стрэх”. Аднак тры катастрофы запар, кожная апакаліптычнага памеру, амаль ушчэнт разбурылі вёску. Кажучы пра катастрофы, я маю на ўвазе індустрыялізацыю, калектывізацыю і урбанізацыю. Апошняя давершыла працэс разбурэння — горад, як біблейны кіт Іону, праглынуў знямоглую вёску.

Праўда, мы памятаем, што Іона выйшаў з чэрава кіта адноўленым і духоўна, і фізічна. Бадай, нешта падобнае робіцца і з вёскай. Тут, у горадзе, згуртаваная горадам, яна даводзіць да ладу тое, чаго не магла зрабіць, калі была раскіданая па пясчаных выспах, заслоненых адна ад адной хмызам і туманамі — завяршае працэс кансалідацыі беларусаў і фармалізацыі іх уласнай дзяржавы.

Метафара, хай сабе і біблейная, усяго толькі паэтычны троп. Але ў нашым выпадку паэтычная метафара грунтоўна ўцялесненая ў рэальнасць, за што сведчыць такая досыць дакладная навука, як сацыялогія. Толькі паміж 1950 і 1970 гадамі колькасць гарадскога насельніцтва на Беларусі ўзрасла на 57% і ў асноўным за лік беларускіх вяскоўцаў, якія ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў ужо склалі палову гарадскога насельніцтва, а горад на той час увабраў у сябе больш за палову насельніцтва рэспублікі. І што яшчэ больш істотна, упершыню ад ХVІІ стагоддзя горад зноў робіцца пераважна беларускім. Нагадаем яшчэ раз, што, згодна перапісу 1897 года, у гарадах і мястэчках Беларусі жыло толькі 17,1% беларусаў (тут дамінавалі габрэі — 57,5%). А вось дынаміка росту беларусаў сярод гарадчукоў у БССР: 1926 г. — 39,3%, 1959 г. — 67,0%, 1970 г. — 69,3%, 1979 г. — 71,5%. (Бадай кожнаму зразумела, што пакуль беларускі горад не стаўся пераважна беларускім, ні пра якую нацыю, а тым болей пра нацыянальную дзяржаву, не магло быць і гаворкі.)

Вышэй ужо не аднойчы казалася, што для паўнавартаснага паўставання нацыі (прынамсі ў яе кананічным разуменні) неабходныя шматлікі сярэдні клас, добра капіталізаванае грамадства і ладна урбанізаваны соцыум.

Дык вось, гэтую “класічную трыяду” ў яе завершаным выглядзе беларусы склалі адно ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Праўда, “класічнай” і “завершанай” яе можна лічыць усяго ў тым выпадку, калі мы пагодзімся на месца “шматлікага сярэдняга класа” паставіць “шырокія масы савецкай інтэлігенцыі” (кожны чацвёрты працаўнік рэспублікі ў гэтую пару быў звязаны з разумовай працай), а на месца “капіталізаванага грамадства” — “грамадства, індустрыялізаванае на савецкі лад”.

Адсюль вынікае, што толькі ў згаданую пару Беларусь рэальна займела ўсе сацыяэканамічныя падставы, каб фармалізавацца як паўнавартасная нацыя. Аднак гэтага не адбылося. І мы ўжо ведаем чаму. У смяротным двубоі нацыяналізму з камунізмам на Беларусі татальна перамог апошні і амаль да тла згамаваў усё ўласна нацыянальнае: ад гісторыі да культуры і мовы.

Далей мы яшчэ вернемся да гэтай сітуацыі, бо менавіта на ёй закрываецца перспектыва “моўна-этнічнай” мадэлі для нацыянальнага ўладкавання Беларусі і... адкрываецца перспектыва Беларусі як “грамадзянскай супольнасці”.

А скончыць гаворку, распачатую ў гэтым раздзеле, хацелася б тэмай “сталіцы”, на якую чамусьці амаль не звяртаюць увагі, хаця яна зазвычай адыгрывае досыць значную ролю ў фармаванні Нацыі, але яшчэ больш істотную — у паўставанні Дзяржавы.

Выключная роля сталіцы ў нашым тыпе цывілізацыі абумоўленая тым, што да самага апошняга часу прасторавае ўладкаванне соцыуму мела ў сваім подзе выразна цэнтрапалеглую (і, адпаведна, логацэнтрычную) канструкцыю, пры якой сталіца арганізоўвала і структуравала ўвесь топас бытавання чалавека як дадатак да самой сябе. У такой пабудове велічыня цэнтра вызначала памеры перыферыі. Чым больш магутным быў цэнтр, тым шырэй разгортвалася перыферыя і тым далей адсоўвалася мяжа як месца страты цэнтрам самога сябе. Ці была б магчымай Вялікая Рымская імперыя з заканадаўчым мястэчкам на ўскраіне ўладнага дыскурса? І таму, як толькі заняпаў Вялікі Рым, згарнулася амаль у нішто ўся імперыя. У гэткім тыпе цывілізацыі без вялікай сталіцы можна было заваяваць палову свету, як тое зрабіў Аляксандр Македонскі, але на другі дзень пасля сыходу войскаў ад усіх заваёў заставаўся толькі міф (аналагічны выпадак — гісторыя збройнай экспансіі манголаў).

Геапалітычная трагедыя Беларусі і беларусаў (крэваў, ліцвінаў, русінаў) верагодна і паходзіць перадусім з таго, што прастора іх бытавання не была ўцэнтраваная і з гэтага канструктыўна структураваная Вялікай сталіцай. Не ў пару занядужыў Полацак, не акрыяў у сапраўдную моц Наваградак, зашылася ў перыферыю (адносна ўсёй поліэтнічнай прасторы) Вільня.

Калі па вялікаму рахунку, то наш край ніколі і не меў сапраўднай сталіцы як цэнтра ўлады на ўвесь падлеглы ёй абшар. Тыя месцы, што пазначаліся як цэнтр, сутнасна, ды і зместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя іншага, сведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Феномен беларускага мястэчка, пэўна, і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку трэба было браць да выканання многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае “цэнтр”.

Найбольш наглядна аблуду намінатыўнасці люструе Вільня — горад-падман, горад-пастка, фатальны для беларусаў горад.

Вільня стагоддзямі спакушала беларусаў надзеяй, што ў гэтых мурах і мураванках яны маюць сваю сталіцу, і нашыя лепшыя людзі ва ўсе тыя стагоддзі спрабавалі знайсці саміх сябе на яе вулках — Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства). Але хутка пачыналі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да беларусаў места і кідаліся прэчкі. А каму не патрапіла ў пару знікнуць, як Каліноўскаму ці Аляхновічу, ападалі тут мёртвымі на дол.

Няма Мінска акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасці цэнтра этнанацыянальнага дыскурса мог яшчэ падацца за выпадковасць хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэнні спрабавалі здзейсніцца іншыя месты (Смаленск, Слуцк, Гародня, тая ж Вільня), але сёння ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зніклай Нямігі, не магла быць аб'яўленай і спраўджанай БНР, пасля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ, як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі не змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тым самым перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва сталіцы Беларусі паўз перыметр краіны...

Нарэшце этнанацыянальная прастора намацала і зацвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасць раней незбалансаванага змесціва, якое з гэтага моманту даволі хутка пачало набываць уласную форму праз крышталізацыю структуры, абумоўленую ўзаемадачыненнямі цэнтра і перыферыі. Апошняму істотна спрыяў і той факт, што цэнтр (Мінск) апынуўся ў сітуацыі раўналежнасці да ўсяго дыскурса перыферыі. Сёння прасторавая фігура Беларусі, у плане маштабавай сумернасці цэнтра з ягонымі перыферыямі, выглядае адной з самых згарманізаваных у Еўропе.

Беларусь як цэльнае культурнае, эканамічнае і палітычнае ўтварэнне немагчымая без фармуючага гэтае ўтварэнне Мінска. Але тут адразу ўзнікае пытанне: а ці магчымы Мінск (скажам, як Вільня) без Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у цэнтрапалеглым значэнні і наканаванні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцвінаў, яцвягаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер пазначаем словам Беларусь?

Верагодна — не! Без Беларусі не было б Мінска (у ягонай цяперашняй ролі), але без Мінска не было б і Беларусі як суверэннай дзяржавы.

Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь!

Літаратура:

1. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 2003.

2. Этнаграфія Беларусі. Мінск: Навука і тэхніка, 1985.

3. История философии. Минск: Книжный дом, 2002.

4. Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава, 1998.

5. Янка Запруднік. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск: Бацькаўшчына, 1996.

6. Язэп Янушкевіч. За архіўным парогам. Мінск: Мастацкая літаратура, 2002.

 

 

Лекцыі 3—4

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY