|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАРАДЫГМА: |
|
Лекцыя 2 |
План: 1. Зачын 2. Межы Айчыны і мовы 3. Расея — калыска беларускай нацыі 4. Паўстанне аўтсайдэраў 5. Літаратура
1. Зачын І па форме, і па сутнасці паўсталая ў другой палове ХІХ стагоддзя беларуская нацыянальная ідэя не мае ў сабе нічога беларускага ў тым сэнсе, што яна была аформленая пад стандарт “моўна-этнаграфічнай” мадэлі (гэтак званай “нямецкай”, сфармуляванай Ёганам Гердэрам), — бадай, самая распаўсюджаная на нашым кантыненце. Таму, у канцэптуальным плане, перад беларусамі стаялі тыя ж самыя задачы, што і перад іншымі еўрапейскімі народамі. Нацыянальнае ўладкаванне свету нарадзіла некалькі праблем, якіх не ведаў папярэдні, “дынастычны” тып гуртавання супольнасцей. Па-першае, гэта выбар самой нацыянальнай мадэлі і затым мера яе мадыфікацыі, бо як мадэль “грамадзянскай супольнасці”, так і “моўна-этнаграфічная” мадэль патрабавалі дапаўнення адна адной і да таго ж яшчэ і ўлучэнне ў сябе шэрага несістэмных, у кожным разе апрычоных, элементаў. А па-другое, — пошук сваіх межаў. “Дынастычны” тып дзяржавы ніводнай з гэтых праблем не ведаў. Першая ў ім адсутнічала па азначэнню. А другая вырашалася праз каланізацыю ці збройны чын. Груба кажучы, колькі дзяржава магла паняволіць прастораў і народаў, столькі яна іх і мела (ідэалагічная матывацыя гэтых захопаў/падзелаў / прылучэнняў выкарыстоўвалася адно ў якасці фармальнага дадатку “волі да ўлады”)*. * Як, скажам, у выпадку паслання вялікага князя Вітаўта імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі, напісанага 11 сакавіка 1420 года, калі Вітаўту спатрэбілася легітымізаваць валоданне Жамойціяй: “Вы выказаліся і прынялі пастанову наконт зямлі Жамойтаў, якая ёсць нашай спадчынай і ўласнасцю як законная спадчына ад прадзедаў і дзядоў нашых, якою валодаем і цяпер ды якая ёсць і заўсёды была адзінай з зямлёй Літвы, бо ж адна тая самая гаворка і тыя самыя людзі” (Паўла Урбан, “Старажытныя ліцьвіны”). Падобныя ідэалагічныя “аргументы” скарыстоўвала і Кацярына ІІ, далучаючы ўжо беларускія землі Вітаўта да Расіі пры падзеле Рэчы Паспалітай, хаця ў той самы час захоп уласна польскіх земляў абышоўся без хоць якой уцямнай аргументацыі.
Ідэя Нацыі запатрабавала радыкальна іншага падыходу да прасторавага ўладкавання. Яшчэ ў 1792 годзе Дантон звярнуўся да Францыі з заклікам знайсці свае “натуральныя межы”. Вось гэтае пытанне “ўласных межаў” станецца самым вострым і балючым для нацыянальных дзяржаў. Дарэчы, яно так ніколі і не будзе станоўча вырашаным, незалежна ад фармата нацыянальнай ідэі. Бо ў тым выпадку, калі базавай абіралася “грамадзянская супольнасць”, рэпрэсаваліся моўна-этнічныя чыннікі, асабліва на краях дзяржаўнага дыскурса. А калі за аснову браўся “моўна-этнічны” прынцып, то ён не мог адэкватна рэалізавацца з таго, што амаль заўсёды нейкія фрагменты “тытульных” этнасаў (і часам досыць ладныя) заставаліся за межамі краіны, і ніхто іх аддаваць камусьці, дзеля далучэння да асноўнага масіву, не збіраўся. Сюды далучым і эсхаталагічныя праблемы малалікіх нацыянальных утварэнняў у дыскурсе дамінуючых. Але перадусім гэтыя калізіі апынуліся невырашальнымі таму, што хаця ў справе гуртавання супольнасцей Дзяржава і саступіла вершнасць Нацыі, аднак пазіцыі Дзяржавы заставаліся досыць моцнымі, каб у канфлікце супрацьстаяння з Нацыяй не толькі трымаць парытэт, але і раз-пораз перамагаць, гэта значыць раскатваць Нацыю ў памер уласнай мяжы. (Хельсінская хартыя аб непарушнасці існуючых дзяржаўных межаў, падпісаная кіраўнікамі ўсіх еўрапейскіх краін, у пэўным сэнсе засведчыла контррэфармацыйную перамогу ідэі Дзяржавы над ідэяй Нацыі.) Аднак як бы там сітуацыя не складвалася ў кожным канкрэтным выпадку, з пачаткам паўставання нацыянальнага логаса, актуалізоўвалася і праблема нацыянальнага топаса. Беларусь тут не выключэнне. У знакамітай прадмове Францішка Багушэвіча да зборніка вершаў “Дудка беларуская” ўвага даследчыкаў звычайна акцэнтуецца на “мове” (“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”), хаця не менш, а можа і больш істотны фрагмент гэтай прадмовы звернуты да вызначэння абрысу “ўласных межаў”. “Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкай напасці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў Літоўскіх, а пасля Вітэнэса Літоўскі князь Гедымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўздоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмна; ад Камянца места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь!” Абрыс “уласных межаў”, прапанаваны Францішкам Багушэвічам, досыць абстрактны, гэта хутчэй яшчэ толькі пастаноўка праблемы і першая спроба яе прамацвання. А канчаткова метадалогія маркіроўкі нацыянальнага дыскурса была сфармуляваная Вацлавам Ластоўскім на гістарычным пасяджэнні Рады БНР 25 сакавіка 1918 года: “Няхай жыве незалежная Беларусь у сваіх этнаграфічных межах!”. (За колькі дзён да гэтай гістарычнай падзеі Выканаўчы Камітэт Рады 1-га Усебеларускага з'езда выдаў Другую ўстаўную грамату, якая абвяшчала Беларусь “у рубяжох рассялення і лічбавай перавагі беларускага народу”.) Нягледзячы на публіцыстычны пафас выказвання Ластоўскага, гэты заклік не быў усяго толькі рытарычнай фігурай. Рэч у тым, што на тую пару шматлікімі доследамі, найперш расейскіх навукоўцаў, этналінгвістычны арэал беларусаў быў акрэслены досыць выразна і пераканаўча. Калі параўнаць этнаграфічныя мапы Беларусі, складзеныя на пачатку ХХ стагоддзя Карскім, Доўнар-Запольскім і Канчаром, то пры ўсіх несупадзеннях (часам і досыць значных) абрысу яны адназначна перагукаюцца паміж сабой адносна выявы Беларусі як цэлага. Для той пары, калі палітычныя рухі, захопленыя нацыянальнай ідэяй, спрабавалі пабудаваць нацыянальную дзяржаву амаль з ”чыстага ліста”, тэарэтычная формула “Беларусь у сваіх этнаграфічных межах” бачыцца ўдалай, асабліва што да публічнай прэзентацыі ідэі. Але яна адразу выявілася залішне ідэалістычнай, як адносна рэальнай палітычнай сітуацыі, так і для ўласнага станаўлення ва ўжо зусім іншых умовах канца ХХ стагоддзя. 2. Межы Айчыны і мовы Гісторыя Беларусі — гэта суплёт разрываў паміж яе рознымі гісторыямі. Здаецца, наспела пара, каб нехта ўдумлівы паспрабаваў наўсцяж абнаявіць “хроніку” гэтых разрываў, бо яны, што відавочна, у лёсе нашага краю адыгрывалі куды больш істотную ролю за тыя фрагменты ўласна гісторыі, якімі мы спрабуем азначыць свой несупынны тысячагадовы шлях. На самой справе ніякага паслядоўнага поступу не было. Пасля кожнага радыкальнага разрыву пачыналася штосьці цалкам адметнае, раўнуючы з тым, што мелася раней. Вялікае княства Літоўскае — гэта нешта зусім іншае ад Полацкага княства, а Рэч Паспалітая — ад ВКЛ. “Паўночна-Заходні край” не меў амаль нічога агульнага ні з першым, ні з другім, ні з трэцім. А БССР, здаецца, увогуле была пазбаўленая хоць якіх аналагаў з усім папярэднім... Бадай, толькі Рэспубліка Беларусь, прынамсі хаця б на юрыдычна-адміністрацыйным узроўні, наўпрост наследуе сваю папярэдніцу — БССР. (І гэта вельмі добры знак!) Кожны раз, суб'ектна ўзнікаючы наноў, мы паўставалі не проста ў іншай геапалітычнай рэальнасці — мы паўставалі ў іншай рэальнасці цывілізацыйнай. Чамусьці тэарэтыкі праблемы нацыянальнага на гэты фактар найменей звяртаюць увагу. Хаця кожнаму зразумела, што ідэалы грамадства, якое жыве, скажам, патрыярхальным ладам, мусяць быць моцна не падобнымі да тых, што апаноўваюць нас у тэхнагеннай цывілізацыі. З гэтага шмат чаго вынікае, але як да нашай гаворкі, то перадусім заўважым: чалавеку ранейшых эпох мысліць у катэгорыях нацыянальнага было гэтаксама немагчыма, як старажытнаму вершніку ў катэгорыях сучаснага дарожнага руху. Улегшыся ў адбудову гістарычнай рэтраспектывы, мы ў сваёй нацыянальнай апантанасці вельмі часта не абачліва нагружаем нашых далёкіх продкаў уласнай, толькі нам актуальнай праблематыкай. У гэтым сэнсе ці не найбольшай ахвярай стаўся перыяд фармавання беларускага этнасу, які, па агульнаму меркаванню, прыпадае на пару ВКЛ. Паколькі доўгі час лічылася, што паўставанне нацыі немагчымае без сфармаванага этнасу, то ідэалагемна этнас і нацыя амаль не разрозніваліся і прачытваліся ўсяго толькі як розныя перыяды агульнай падзеі. Аднак насамрэч і па форме, і па сутнасці гэта зусім розныя феномены. “У тыя часы магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага не мыслілі ў нацыяналістычных катэгорыях (курсіў мой. — В.А.), характэрных для эпохі пасля Французскае рэвалюцыі; яны хутчэй мелі свае ўласныя патрыятычныя каштоўнасці і пачуццё асобнасці, якога не хацелі пазбыцца ў новаўтворанай федэрацыі (маецца на ўвазе Рэч Паспалітая пасля Люблінскай уніі 1569 года. — В.А.), — слушна заўважае Янка Запруднік у кнізе “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях”. Бясконца цытуючы Францішка Скарыну (“чалавек, дзе нарадзіўся, … да таго месца вялікую ласку мае”, “мяне літасцівы Бог з гэтае мовы на свет пусціў”), Васіля Цяпінскага (“з любоўю да маёй Айчыны”, “занядбанне сваёй слаўнай рускай мовы”) ці Льва Сапегу (“законы нашыя выдадзеныя не на нейкай чужыннай мове, а на сваёй роднай”), мы зазвычай пакідаем абапал увагі межы як тады дэклараванай “Айчыны”, так і “роднай мовы”. А каб не праміналі ўвагай гэтае пытанне (ці то спехам, ці то наўмысна), то адразу б зацемілі, што для Васіля Цяпінскага “Айчына” — гэта абстрактная “Слаўная славянская манархія”, для Францішка Скарыны — усяго толькі ягоны “родны кут” Полацак, а для Льва Сапегі зусім наадварот — хай сабе і не заканстытуяваная, але вялізная імперыя ад Балтыйскага да Чорнага мора, у аблогах якой табарыўся гурт народаў, сярод якіх яшчэ не было і знака таго, які потым з узгляду на свой этнонім назаве і тую краіну, і тую мову старабеларускімі. Падкрэслім, пытанне не ў тым, што “беларусы” тады сістэмна не згадваліся ні ў якасці этноніма, ні, на худы канец, палітоніма (хаця для этна- і нацыяўтваральных працэсаў гэта надзвычай істотны момант), а ў тым, што для пары ВКЛ і “Айчына”, і “мова” — гэта пакуль усяго толькі тапаграфічны патрыятызм і лінгвістычная прагматыка (узмоцненыя красамоўнай рыторыкай і паэтычнымі тропамі). Любоў да места, дзе “ўскормлены суть по Бозе” (Скарына), — абсалютна натуральнае пачуццё для кожнага чалавека ў якіх заўгодна геаграфічных каардынатах і ў якую заўгодна эпоху. Але калі пэўны “местачковы” ці “дзяржаўны” патрыятызм мы праз стагоддзі таясамім з нашай любоўю да “ўяўнай супольнасці”, то паводзім сябе, далікатна кажучы, зусім не карэктна. Бо хаця з фармальна-выяўленчага боку “любоў да маёй Айчыны” Васіля Цяпінскага і “О, Літва, Айчына мая!” Адама Міцкевіча нічым асабліва не розняцца, але па сутнасці гэта дзве канцэптуальна іншыя любові, амаль ні ў чым не сумерныя адна адной. Да з'яўлення Нацыі калектыўна-салідарнай любові грамадства падлягала толькі адна універсалія — Бог. Што да “Айчыны”, то яе, у нашым разуменні, не ведалі не толькі паспалітыя, але і самыя “прасунутыя” героі тых эпох. Той жа Скарына за межамі ВКЛ у адных дакументах называе сябе “ліцвінам”, у другіх — “русінам”, а ў трэціх — проста “палачанінам”. Этнанімічная дыферэнцыяцыя насельніцтва Вялікага княства Літоўскага была неверагодна размаітай і разбэрсанай. У тагачасных дакументах на роўных пералічваюцца так званыя экзаэтнонімы (літва, татарва, ляхі, немцы, жамойты, угры, латыгове, ліфлянты, славакі, чэхі) з зямляцкімі этніконамі (палачане, віцябляне, смаляне, случане, дручане, валыняне, бранцы, кіяне). У гэтым шэрагу на парытэтных умовах былі і політэтнонімы, і тое, што можна з пэўнай доляй умоўнасці ўжо залічыць у этнонімы: “…а послу из нашее земли из Литовскоъ, и гостю — или Ляхъ, или Литвинъ, или Русинъ, или Полочанинъ, или Витеблянинъ, или Смолянинъ...” (“Этнаграфія Беларусі”). Ці яшчэ адтуль жа прыклад: “…родом он литвин латыш белорусец Оршанского повету». Як бы мы сказалі сёння, у тую пару ў кожнага чалавека была свая “малая радзіма”, а вось “Вялікай Радзімы” на зямлі ніхто не меў, бо для ўсіх агулам яна знаходзілася “на нябёсах”. І гэта нам уявіць бывае настолькі цяжка, што нават такі ўдумлівы даследчык, як Янка Запруднік, зусім слушна заўважыўшы, што магнаты і шляхта ВКЛ “не мыслілі ў нацыяналістычных катэгорыях”, праз некалькі старонак піша: на Беларусі ХVІ ст. “…і вясковыя жыхары, і значная большасць месцічаў заставаліся праваслаўнымі. Прычына гэтага супраціву рэфармацыйным плыням ляжала ў спольшчанасці большай часткі магнатаў, так што адданасць веры продкаў была для большасці беларусаў справаю нацыянальнага выжывання (курсіў мой. — В.А.). Тут так і хочацца ўсклікнуць: якое “нацыянальнае выжыванне” ў тую пару?! Скуль яно, “нацыянальнае”, тым болей у жыхароў вёсак, якія і праз тры стагоддзі, калі ідэалогія нацыяналізму ахопіць і перафармуе ўсю Еўропу, будуць на Беларусі ўнікаць гэтага “нацыянальнага” як нячысцік ладану… У метадалагічным плане праблема “межаў мовы” не шмат чым розніцца ад праблемы “межаў Айчыны”. Словы “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Францішка Багушэвіча (ХІХ ст.) і “мяне літасцівы Бог з гэтай мовы на свет пусціў” Францішка Скарыны (ХVІ ст.), пры фармальным падабенстве, абапіраюцца на два рознавымерныя ідэалагемныя канцэпты, і таму ў першым выпадку гэта сапраўды фатальная дылема, бо ў межах “моўна-этнаграфічнай” мадэлі нацыянальнага смерць і жыццё Нацыі наўпрост залежаць ад стану мовы. А вось любоў Скарыны, Буднага, Цяпінскага... да старабеларускай (рускай, славянскай, русінскай, ліцьвінскай — як па-рознаму называлі яе тады) мовы, хаця і не пазбаўленая патрыятычных эмоцый, не мае (і не можа мець) эсхаталагічнага пафасу, бо яна заснаваная не на ідэаматыцы, а на прагматыцы бытавання. Як вядома, старабеларуская (руская) мова “выкарыстоўвалася ў княжай канцылярыі з самага яе заснавання ў ХІV ст., беларускую мову трэба лічыць адной з найдаўнейшых дзяржаўных моў у Еўропе. Напрыклад, кастыльскую мову было загадана ўжываць у гішпанскіх урадавых дакументах у ХІІІ ст., англійская набыла афіцыйнае прызнанне ў 1362 г., а парыжскі дыялект французскай дамогся такога статусу ў 1400 г.” (Янка Запруднік). Тое, што мова княжацкай канцылярыі з'яўлялася яшчэ і мовай нейкай (хай сабе і вялікай) часткі паспалітага насельніцтва ВКЛ, было на тую пару зусім не істотна ні для каго (ну, хіба для некалькіх найбольш празарлівых “асветнікаў”). Істотным выяўлялася адно тое, што гэта была мова Улады (ад палітычнай і рэлігійнай да фінансавай і культурнай). Таму на ёй, незалежна ад этнічнай ці племянной прыналежнасці, размаўлялі, пісалі (ці хаця б збольшага яе ведалі) усе, хто быў пры ўладзе альбо імкнуўся заняць пэўнае месца ў яе структурах. Але як толькі мовай Улады стала рабіцца польская, дык старабеларуская адразу і заняпала, бо яна была каштоўнай не сама па сабе (не як тое, што ідэнтыфікуе і суб'ектывізуе пэўную супольнасць), — яна была каштоўнай толькі як камунікатыўны сродак зносін паміж рознымі ўладамі і ўнутры кожнай з іх. І выцясненне беларускай мовы польскай не казала ні пра што іншае, акрамя як пра змену ўладных эліт. Апошнім і былі выкліканыя ноткі трагізму ў часткі палітычных, рэлігійных і культурных дзеячаў ВКЛ, якія ў сітуацыі змены палітычных прыярытэтаў апыналіся ў ролі аўтсайдэраў (найперш тыя, што не змаглі — ці не схацелі — мадэрнізавацца, г.зн. у патрэбны час “скаталічыцца” ды “спольшчыцца”, каб патрапіць, хай сабе і не на першых ролях, ва ўладныя эліты Кароны). Адсюль і палымяныя заклікі да магнатаў не пакідаць “здавна славного языка словенского” (Будны), супрацьстаяць “занядбанню сваёй слаўнай рускай мовы” (Цяпінскі) і да т.п. Пэўна, далёка не ўсе гэтыя красамоўствы былі абумоўленыя толькі персанальным эгаізмам, хапала тут і футурыстычнай трывогі за заняпад усяго таго сусвету, у якім і шляхта, і паспалітыя жылі сваім звычаем ужо некалькі стагоддзяў. Але як у адным, так і ў другім выпадку не трэба блытаць іхні непакой з сучаснай нам трывогай за “Айчыну”, “мову”, “народ”. Будзем памятаць, што сацыякультурна тады ўся еўрапейская шляхта складала агульную і досыць цэласную супольнасць, якая толькі ўладна і маёмасна тоесніла сябе з мовай і Айчынай, а са сваімі паспалітымі падданымі дык і ўвогуле жыла ў розных сусветах — хаця і на адной зямлі (па сутнасці, уся тагачасная еўрапейская арыстакратыя ўяўляла з сябе асобную і досыць гамагенную цывілізацыю — Норберт Эліяс назваў яе “куртуазнай”). Іншае пытанне, наколькі мова княскай канцылярыі, усіх дзяржаўных і рэлігійна-культурных інстытуцый супадала з мовай сялян, рамеснікаў, гандляроў? Тут магчымыя розныя прачытанні сітуацыі, але мы абмінем гэтую праблему, бо істотная для нас выснова ўжо зробленая: з таго, што старабеларуская пісьмовая мова была мовай Улады і толькі Уладай трымалася, то яна натуральна знікла адначасна са змарненнем апошняй (дакладней, з канцэптуальнай пераменай ейнага фармата). І знікла амаль адразу, уся, цалкам, татальна. І ніколі ўжо не адрадзілася. І не магла адрадзіцца, нават калі б Напалеон выканаў свае абяцанкі і аднавіў ВКЛ, бо цывілізацыйна гэта была ўжо іншая пара, якая патрабавала ўжо іншай мовы (і структурна, і лексічна). Лінгвістычна мы можам колькі заўгодна шукаць і знаходзіць лакальныя падабенствы паміж старабеларускай і ўжо ўласна беларускай мовамі. Але хто б колькі не даводзіў пра іхнюю пераемнасць — у прасторы тэксту ніякай пераемнасці паміж імі няма. І нават не таму, што паміж ВКЛ і “нацыянальнай дзяржавай” татальны (без хоць якой лучвы) разрыў у паўтара стагоддзі, а таму, што старабеларуская мова (прынамсі, пісьмова) фармавалася як камунікатыўны ды ўладны інструмент Дзяржавы, а пісьмова ўжо ўласна беларуская мова паўставала як сутнастваральны чыннік Нацыі. Праўда, гістарычная наяўнасць старабеларускай мовы ў паўставанні ўласна беларускай адыграла вельмі істотную ідэалагічную ролю. Абапіраючыся на славутае прамінулае, было значна прасцей і абгрунтоўваць, і даводзіць патрэбу ва ўласнай мове. Але гэтым уся “пераемнасць” і завершвалася. Ні структурна, ні лексічна, ні культуралагічна старабеларуская мова не падтрымала беларускую ў пару яе фармавання. Асноўную ролю тут адыгралі лінгвістычныя канструкты суседзяў, якія, як лекала, былі пакладзеныя на вербальны дыскурс нашай вясковай цывілізацыі і па форме якіх выціналіся схемы будучага функцыянавання літаратурнай беларускай мовы. 3. Расея — “калыска” беларускай нацыі Упартае трыманне за ідэю “пераемнасці” (што да праблем мовы, што да праблем нацыянальнага будаўніцтва ўвогуле) завязанае на ўсё яшчэ дамінуючую эвалюцыйную канцэпцыю лінейна-паслядоўнай хады гісторыі, дзе кожнае паўставанне нацыі было ўгрунтаванае ў папярэдні працэс этнагенезу. Але, па-першае, для фармавання нацыянальнай ідэі зусім не абавязковая этнічна скансалідаваная супольнасць. Прыкладаў тут колькі заўгодна — тая ж амерыканская нацыя. А, па-другое, —працытую трохі ўласных радкоў з эсэ “Горад, якога няма”: “...магчыма пару нашага існавання было б слушна падзяліць на дзве эры, і другую, якая пачалася пасля татальнага мораку ХVII—XVIII стст., чытаць не толькі як новую гісторыю адной і той самай нагоды, але і як гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы — гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, ліцвінаў, русінаў.., узятых як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь нешта зусім адрознае ад усяго, што было раней на гэтых абшарах”. Якраз, што да нацыянальнага выспявання (і нацыянальнай мовы), то асабіста мне падаецца куды больш істотным не перыяд ВКЛ з яго “залатым” шаснаццатым стагоддзем, а вось гэтая пара “татальнага мораку” ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Больш за тое, я схільны лічыць (хай сабе пакуль толькі ў фармаце версіі), што не ў часы ВКЛ, а менавіта ў гэтую “нічыйную” пару і сфармаваліся беларусы як этнас, маючы на ўвазе ўжо ўласна беларускі этнас. Не адмаўляючы традыцыйнай этналагічнай канцэпцыі, якая актуалізуе працэсы этнагенезу з ХІІІ—ХІV стст., гэта значыць з пачатку фармавання ВКЛ, я адважуся памеркаваць, што гэтыя працэсы былі скіраваныя не зусім у той бок, дзе потым аб'явяцца “беларусы”. Калі б нехта паспрабаваў мадэльна сканструяваць сітуацыю ВКЛ, якая — пры ўсіх магчымых гістарычных трансфармацыях — не страціла сваёй дзяржаўнасці да нашага часу, то ўжо напэўна ў той мадэльнай сітуацыі не знайшлося б амаль ні знака ні сённяшняй беларускай нацыі, ні сённяшняй беларускай мовы (іншая рэч, што з узгляду на сучасны стан і першага, і другога гэтай віртуальнай рэтраспектывай нікога не ўстурбуеш — хутчэй наадварот). Але мы тут зусім не пра тое, як было б лепш, каб было не так, як было. А пра тое, што калі мераць ад таго, як сталася (і што сталася), то версія аб іншым часе фармавання беларускага этнасу, магчыма, і не будзе выглядаць авантурай “на злом галавы”. Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай усе тыя працэсы этнагенезу, што з ХІІІ стагоддзя падтрымліваліся інстытутамі ўсіх форм улады (ад палітычна-фінансавых да рэлігійна-культурных), натуральна здэградавалі і заняпалі, як толькі пазнікалі ўсе гэтыя ўладныя інстытуты. Жыццё краю мусіла радыкальна мяняць і свае вектары, і свае арыенціры ўжо хаця б таму, што цэнтр улады апынуўся ў зусім іншым баку, і формы гэтай улады былі цалкам непадобнымі да ранейшых. А значыць, у той ці іншай ступені змянілі свае формы і накірункі тыя працэсы этнагенезу, якія раней абапіраліся ці падтрымліваліся ўладнымі дыскурсамі ВКЛ. Усё гэта і дае падставы для меркавання, што ўласна беларускі этнас (як толькі беларускі) распачаў сваё фармаванне і выспеў да памеру Нацыі ўжо адно ў прасторы і кантэксце Расейскай імперыі, якая ідэалагічна і адміністрацыйна адмовіла ліцвінам, русінам, беларусцам... у праве на легітымнае існаванне. Дарэчы, у гэтага непрыкметнага выспявання ёсць адзін цікавы момант. Яно адбывалася ў цені змагання (праз русіфікацыю) расейскай дзяржавы з апалячваннем нашага краю. Але паколькі што “апалячванне”, што “русіфікацыя” (што іхні двубой) пераважна выяўляліся ў дыскурсах улады, то нішто не замінала беларускаму этнасу фармавацца ў пазбаўленай каналаў хоць якой улады вёсцы. Магчыма, мая версія пра час і месца абнаяўлення беларускага этнасу трохі авантурная. Але бадай ніхто не стане спрачацца, што беларусы як Нацыя аформіліся менавіта ў дыскурсе Расейскай імперыі. Між іншым, не мы адныя, а і самі расейцы, і палякі, і латышы, і эстонцы, і грузіны, і ўкраінцы... І дзейна заманіфеставалі сваё права на “нацыянальнае самавызначэнне” амаль усе разам (улучна з расейцамі) і прыблізна ў той самы час (1917—1920 гг.), гэта значыць, калі ляснула дынастычная імперыя Раманавых. Ясная рэч, што расейскі нацыяналізм узнік значна раней, але пакуль існуе дынастычная дзяржава, казаць пра паўставанне нацыі і нацыянальнай дзяржавы (у дадзеным выпадку, расейскай) — гэта аксюмаран. Аднак мы трохі запабеглі наперад... Калі землі нашай бацькаўшчыны былі пабраныя ў склад Расейскай імперыі, то тут Беларусі яшчэ не было, але ўжо не было і ВКЛ. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ад 3 мая 1791 года супольную з ВКЛ дзяржаву называе толькі Польшчай, і ніводзін народ, акрамя палякаў, там не згадваецца. Пры ўсёй фармальнай і юрыдычнай федэратыўнасці Рэчы Паспалітай насамрэч яна досыць хутка ператварылася ў інструмент каланізацыі (праз каталізацыю і паланізацыю) усёй прасторы ВКЛ. Інакш кажучы, яшчэ да таго, як на нашыя землі прыйшлі расейцы, мы ўжо былі грунтоўна скаланізаваныя палякамі. Таму калі адбыўся канчатковы падзел Рэчы Паспалітай, то, па-першае, гэтым распачалася расейская каланізацыя менавіта прасторы Рэчы Паспалітай і палякаў (а не ВКЛ і ліцвінаў), а па-другое, наследуючы фармальнай логіцы, расейская экспансія якраз і вызваляла ВКЛ ды ліцвінаў-беларусцаў (“народ издревле нам родной”) з-пад польскай каланізацыі. За што, з сённяшняга досведу, мы мусілі б быць Расеі нават удзячнымі, бо ў ХVІІІ стагоддзі ніякіх тэндэнцый да будучага паўставання незалежнай Беларусі ў Рэчы Паспалітай аніяк не праглядвалася... Між іншым, пазней гэтаксама. Згадаем прылучэнне Заходняй Беларусі да Польшчы ў міжваенны перыяд ХХ стагоддзя, дзе беларушчыну ніштожылі, не раўнуючы нават з бальшавікамі. Схема, у якой Беларусь прадстаўленая апалоненай і скаланізаванай Расейскай імперыяй, відаць, наўпрост скалькаваная з уласна польскай сітуацыі, дзе падобнае насамрэч адбылося. Гэта значыць, што элементарная бінарная апазіцыя “каланізацыя — супраціў”, цалкам прыдатная для палякаў, была запазычаная беларусамі без крытычнай рэфлексіі, адно з узгляду на вызвольныя парыванні Польшчы 1831, 1863, 1921 гадоў. Расея была не толькі турмой народаў, але і калыскай нацый. Прынамсі, для беларусаў апошняе не менш істотнае за першае. І тут не трэба шукаць супярэчнасцей. Метафара “турмы” можа быць цалкам слушнай для пабраных Расейскай імперыяй прастораў і паняволеных ёю народаў. Але калі мы наўпрост таясамім прастору, народ і нацыю, то шмат чаго заблытваем, і з гэтага атрымліваем “скаланізаваную беларускую нацыю”, што ніяк не адпавядае сапраўднасці. Мы проста па чужой завядзёнцы таясамім Расейскую імперыю з уласна расейскім нацыяналізмам, які бязлітасна ніштожыў сваіх бліжэйшых канкурэнтаў. (Беларусы не скаланізаваныя Расеяй як нацыя, яны як нацыя зрэпрэсаваныя расейскім нацыяналізмам — а гэта зусім розныя рэчы.) 4. Паўстанне аўтсайдэраў У плане этнагенезу мы сапраўды вясковая нацыя, бо ўсе нашыя эліты папярэдніх эпох перманентна знікалі ў тых ці іншых, але спрэс не нашых (па сённяшнім вымеры) уладных ці культурных дыскурсах. І толькі вёска, як казалася вышэй, пазбаўленая каналаў хоць якой улады, няўзнак для самой сябе спеліла патэнцыял беларускай прышласці. А далей нам істотна зразумець, што ў адрозненне ад этнасу, які паступова гуртуецца натуральным ходам сацыяльна-культурных узаемадачыненняў і стасункаў, Нацыя паўстае толькі праз волю да ўлады нейкай цывілізацыйна новай сілы, што выспела для гэтай ролі ва ўлонні этнасу ці свядома абрала яго як пляцоўку дзеля рэалізацыі свайго ўладнага патэнцыялу. Гэта значыць, Нацыя не з'яўляецца сама па сабе, а ствараецца пэўнымі інтэнцыямі: спачатку праз фармуляванне ідэалагемы Нацыі, а затым — праз палітычную барацьбу ці збройны супраціў. Што да беларускай Нацыі, то пытанне пра тыя новыя цывілізацыйныя сілы, якія неўпрыкмет набрынялі воляй да ўлады, — надзвычай складанае. Рэч у тым, што ніводнага з базавых складнікаў (шматлікі сярэдні клас, капіталізацыя і урбанізацыя), неабходных для паўставання Нацыі, Беларусь і ў ХІХ, і на пачатку ХХ стагоддзя не мела. Сярэдні клас, нават у сваёй этнічна беларускай частцы, ментальна тоесніў сябе альбо з расейцамі, альбо з палякамі; у тых жа дыскурсах, толькі з дадаткам габрэйскага, адбывалася і капіталізацыя грамадства. Яшчэ больш неспрыяльнай сітуацыя выглядала ў вымеры трэцяй базавай кампаненты — урбанізацыі. Згодна перапісу 1897 года, у гарадах і мястэчках жыло толькі 17,1% беларусаў (тут дамінавалі габрэі — 57,5%; расейцаў было 16,7%, палякаў — 6,1%), да таго ж беларусы пераважна належалі да ніжэйшых класаў у сацыяльнай іерархіі горада. Адсутнасць ментальна беларускага сярэдняга класа сваімі наступствамі мела яшчэ і тое, што менавіта сярэдні клас з'яўляецца радовішчам інтэлектуалаў, якія адно і могуць сфармуляваць ідэалагему Нацыі і тым самым запачаткаваць яе станаўленне. Гэта разумелі і тыя піянеры нацыянальнага руху, якія пісалі ў першым нумары падпольнага часопіса “Гоман” (Санкт-Пецярбург, 1884 г.): “Беларускі народ, як нацыя плебейская, чакае яшчэ з'яўлення сваёй інтэлігенцыі. Да гэтага часу ён выдзяляў з сябе сілы, якія служылі або польскай, або велікарускай культуры. Глуха, але настойліва пратэставаў ён супраць здрадніцкіх спроб паланізаваць ці абвелікарусіць яго, і абедзве сілком навязаныя яму культуры праходзілі міма, не прышчапіўшыся да яго. Свята захоўвае ён асновы свайго жыцця ў чаканні сваёй інтэлігенцыі, якая будзе не ламаць гэтыя асновы, а развіваць і ўдасканальваць іх...” Пытанне аб прычынах з'яўлення ў прасторы “плебейскай” нацыі інтэлектуалаў (публіцыстаў, паэтаў, гісторыкаў), палітыкаў і нават бізнесоўцаў ёсць адным з самых інтрыгуючых пытанняў станаўлення беларускай Нацыі. Найперш мы мусім адзначыць, што ніводны з піянераў і будучых герояў нацыянальнай будоўлі не быў, так бы мовіць, чыстым плёнам жыццядайнасці самога беларускага народа. Усе яны вярталіся на сваю этнічную радзіму з нейкіх іншых этнакультурных абсягаў — найперш расейскага, польскага і ўкраінскага. Гэта значыць, што яны атрымалі адукацыю, пэўны сацыяльны статус, ідэнтыфікацыйную легенду як гадаванцы небеларускіх нацыянальных кодэксаў. Што і зразумела, бо беларусы на тую пару не мелі ўласных інстытуцый ні ў культуры, ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы (гэта нягледзячы на тое, што ў 1897 г. працэнт пісьменных людзей на Беларусі складаў 32%, тым часам як у Расіі і на Украіне — адпаведна 29,6 і 27,9%). Дарэчы, вось гэтая сітуацыя вяртання застанецца дамінуючай і праз усё ХХ стагоддзе. Бо хаця ў 20-я гады і будзе створаная сістэма нацыянальнай адукацыі і пакрысе сфармуюцца сферы (пераважна гуманітарныя), дзе можна будзе жыць амаль паўнавартасным нацыянальным жыццём, але выбар нацыянальнай формы жыцця на Беларусі да гэтага часу залежыць ад персанальнага выбару, які кожны мусіць зрабіць сам. Ці не зрабіць, што “масаваму” чалавеку больш натуральна. Далей мы зацікавімся вось якім пытаннем: а чаму гэта беларусы (з сярэдзіны ХІХ стагоддзя) пачалі вяртацца на сваю этнічную радзіму? Раней жа не вярталіся? Так, не вярталіся, бо не было куды. Аднак не ў тым сэнсе, што раней беларусаў як этнаса не было, — было, прынамсі ўжо ладны кавалак часу. Не хапала іншага: усведамлення этнасу (нацыі) як універсальнай каштоўнасці, якая адначасна надае высокую каштоўнасць і твайму сінгулярнаму кону. А падобнае разуменне не магло з'явіцца да таго, пакуль не запанавалі ідэі “свабоды, равенства, братэрства” ўсіх саслоўяў. Толькі адсюль “плебейская” нацыя ўжо магла быць убачанай як ахвяра на гвалце збудаванага свету, вартая і спагады, і любові, але найперш — вызвалення з-пад гэтага гвалту. Як ужо казалася, хваля пераўладкавання свету на нацыянальны капыл абрынулася на Еўропу з канца ХVІІІ стагоддзя і досыць хутка захліснула і нашыя землі, чаму найбольш выразным сведчаннем паўстанні 1830 і 1863 гадоў. Але прэсінг вялікага палітычнага стылю — гэта толькі неабходная перадумова для з'яўлення такога феномена, як сістэмнае вяртанне на этнічную радзіму. А вось сам акт вяртання (у кожным разе звязаны з персанальным выбарам) быў абумоўлены мноствам самых розных псіхалагічных, сацыяльных, палітычных і культурных матывацый. Сярод гэтага мноства мы, з аднаго боку, выдзелім высокі рамантызм, а з другога — інтуітыўны (ці свядомы) прагматызм. Першы выпадак мае за грунт натуральны патрыятызм. У тую пару, калі ў розных кутках Еўропы ўсе народы памкнуліся ўцялесніваць уласную нацыянальную ідэю, мы, маючы славутую гістарычную спадчыну і сфармаваны этнас, не маглі калісьці не апынуцца ў гэтым універсальным працэсе любові да свайго і да саміх сябе ў гэтым сваім. Значна больш складана патлумачыць, што я разумею пад “інтуітыўным прагматызмам”. Вышэй ужо казалася, што кожны, хто потым навярнуўся на беларушчыну, да гэтага меў пэўны сацыяльны статус і нейкую перспектыву. Аднак з прычыны іхняй, хай сабе і адаптаванай, але “іншасці”, бальшыні з этнічных беларусаў было наканавана заставацца сярод аўтсайдэраў ва ўладным полі метраполіі, як бы высока яны не падымаліся па іерархічнай лесвіцы (для прыкладу згадаем хаця б Фадзея Булгарына). У стабільныя эпохі аўтсайдэры, звычайна, моўчкі трываюць свой кон, затое калі пачынаецца пара вялікай крызы, яны актыўна выходзяць на авансцэну гісторыі. Беларускі нацыянальны рух быў сфармаваны аўтсайдэрамі з іншых нацыянальна-ўладных дыскурсаў. Гэта досыць абразлівая выснова для нашага гонару, але суцешым сябе тым, што яна тыпалагічная, калі вядзецца пра паўставанне новых нацый (і ўвогуле новых дыскурсаў). Лідэры не вяртаюцца. Тыя, што патрапілі ва ўладныя эліты метраполіі, ніколі не вяртаюцца на сваю этнічную правінцыю. Вяртаюцца адно аўтсайдэры, якія не маюць шанцаў займець адпаведнага сваім амбіцыям месца ва ўжо сфармаваных кастах эліт. Так амбіцыі Кастуся Каліноўскага падштурхнулі разыграць “беларускую карту” ў “польскім” паўстанні, дзе яму не было першай ролі нават сярод рэгіянальных кіраўнікоў; так далучыўся да збройнага чыну БНР Булах-Балаховіч, так Янка Купала пакінуў вершаваныя практыкаванні ў польскай мове, а Максім Багдановіч — у рускай, так было ў безлічы самых розных іншых выпадкаў; і так працягваецца да гэтага часу (бальшыня сёння вядомых апазіцыйных палітыкаў, якія абапіраюцца на нацыянальна заангажаваны электарат — гэта аўтсайдэры дыскурса паноўнай улады). Я не належу да адэптаў псіхааналізу, бо не люблю корпацца ў сутарэннях чужых свядомасцей і, тым болей, падсвядомасцей (а да таго ж яшчэ паважаю суверэннасць асобы). Вось чаму мае адсылкі да персаналій, што тут згаданыя дзеля канкрэтных прыкладаў да абстрактнай версіі пра ”комплекс аўтсайдэра як нацыястваральны чыннік”, прашу a priori лічыць некарэктнымі. І рэч тут не толькі ў маім скептычным стаўленні да псіхааналізу як такога. У кожным асобным выпадку выбар на карысць вяртання да этнічнай радзімы адбываецца праз збег мностваў матывацый — сітуацыйных, прагматычных, палітычных, сацыяльных, рамантычных, містычных, метафізічных і г.д., і да т.п. Таму вылучэнне з гэтага багатага суплёту матывацый нейкай адной з іх ужо па азначэнню ёсць хібай. Але я гатовы адстойваць вышэй згаданую “прагматычную” версію ў якасці адной з базавых схем нацыянальнай рэвалюцыі, бо гэтаксама сацыяльныя аўтсайдэры рабілі рэлігійныя, феадальныя, буржуазныя, а затым і пралетарскія рэвалюцыі. Уласна кажучы, усе вялікія перамены ў гісторыі чалавецтва зробленыя аўтсайдэрамі... Амбітнымі аўтсайдэрамі, якіх ужо назапасілася столькі, што яны вымагаюць сабе новых прастораў (геаграфічных, палітычных, культурных), дзе ім будзе даволі месца для выяўлення сваёй волі да ўлады. Літаратура: 1. Статут ВКЛ. Мінск: БСЭ, 1989. 2. Паўла Урбан. Старажытныя ліцьвіны. Мінск: Тэхналогія, 2001. 3. Янка Запруднік. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск: Бацькаўшчына, 1996. 4. Этнаграфія беларусаў. Мінск: Навука і тэхніка, 1985. 5. Фадзей Булгарын. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||