|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
ЮРЫ ВАШКЕВІЧ. АД РЭВАЛЮЦЫІ ДА "ВЯЛІКАГА ПЕРАЛОМУ" — |
|
Лекцыя 3 |
План: 1. Навука і рэлігія 2. Нацыянальная палітыка 3. Тэрор і рэпрэсіі як метад саветызацыі 4. Высновы
1. Навука і рэлігія Усе навуковыя веды ў СССР кантраляваліся з пазіцый тэорыі марксізму-ленінізму і адпаведных пастаноў камуністычнай партыі, зыходзячых з таго, што навуковымі могуць лічыцца толькі тыя тэорыі, якія згодныя з афіцыйным “навуковым светапоглядам”. Тое, што з'яўляецца “навуковым светапоглядам”, і якім чынам можна спраўдзіць ступень “згоднасці з праўдай” — вырашалі партыйныя інстанцыі на падставе ўласцівых ім крытэрыяў і ацэнак. Да найважнейшай групы г.зв. кантраляваных навук належалі: філасофія, сацыялогія, палітычная эканомія і гісторыя. Гэтыя дысцыпліны, на думку прадстаўнікоў сістэмы, мелі ключавое значэнне, паколькі іх прадметы тычыліся не толькі пытанняў, істотных для стабілізацыі і функцыянавання камуністычнай сістэмы, але і для самой марксісцка-ленінскай ідэалогіі, якая была асновай легітымізацыі рэжыму. Філасофія і палітэканомія павінны былі абгрунтоўваць камуністычную міфалогію, а сацыялогія як навука ў вялікай ступені эмпірычная ўяўляла пагрозу для рэалізацыі гэтых мэтаў. З пазіцый індактрынацыі і прапаганды істотнае значэнне мела канструяванне і папулярызацыя пэўнага асацыятыўнага вобразу мінуўшчыны, які павінен быў апраўдаць існаванне сістэмы і нібыта гістарычна абгрунтаваныя прэтэнзіі бальшавіцкай партыі на ўладу. Таму спасылкі рабіліся на адпаведным чынам прэпараваную інтэрпрэтацыю гістарычнай традыцыі. Пры такім падыходзе савецкім гісторыкам трэба было напісаць уласныя гістарычныя творы, у якіх нацыянальны чыннік павінен быў быць падпарадкаваны “аб'ектыўным тэндэнцыям развіцця грамадства”, і хутчэй служыць іх ілюстрацыяй згодна з патрабаваннямі пануючай дактрыны. Асаблівае месца ў камуністычнай ідэалогіі займае рэлігія. Марксісцка-ленінская дактрына прыводзіць два аргументы, якія адмаўляюць рэлігію і змагаюцца з ёй — з аднаго боку, гэта няправільнае вучэнне, а з другога, — шкодная ідэалогія. Такі вобраз рэлігіі распаўсюджвала савецкая прапаганда, дзейнічаючы паводле прынцыпаў, распрацаваных Леніным. Ён заўсёды называў рэлігію “падманам мас”, “тупасцю”, “цемрашальствам”, “філістэрствам”, “духоўнай сівухай”. Няма нічога больш агіднага, чым рэлігія, — пісаў ён. Усякая рэлігійная ідэя ёсць небяспечнай найнеймавернейшай агіднасцю, найнікчэмнейшай заразай. Менавіта погляды Леніна мелі вырашальны ўплыў на фармаванне савецкай палітыкі ў дачыненні да царквы і рэлігіі, на ступень атэістычнай прапаганды. Пасля здабыцця ўлады бальшавікі прыступілі да ўвасаблення тэорыі ў жыццё. Была і яшчэ адна акалічнасць, што ўплывала на варожае стаўленне савецкай дзяржавы да рэлігіі і царквы. У іх яна бачыла небяспечнага канкурэнта, успрымала іх як “ідэалагічных” праціўнікаў. Пераслед і ўціск царквы пачаліся з падкопвання эканамічных асноваў яе існавання. Ужо ў 1917 г. царква была пазбаўлена права ўласнасці на зямлю. Амаль што адначасова былі зроблены захады, скіраваныя на адхіленне царквы ад удзелу ў грамадскім жыцці, асабліва ў сферы адукацыі і выхавання. Адметная ваенна-палітычная і грамадска-эканамічная сітуацыя на Беларусі ў 1918—1920 гг. зрабіла немагчымым паслядоўнае ажыццяўленне на яе тэрыторыі выдадзеных у РСФСР дэкрэтаў, якія знішчалі асновы існавання царквы. Яны пачалі дзейнічаць толькі пасля выдання ў 1922 г. беларускага дэкрэту “Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы”, практычная рэалізацыя якога была даручана спецыяльнай камісіі, створанай пры аддзеле культаў Народнага камісарыята асветы БССР. У 1922 г. улады распачалі сапраўднае наступленне на царкву. Канфіскаваліся каштоўнасці і вартасныя рытуальныя прадметы. Гэта было зроблена з нагоды барацьбы з голадам, які наступіў у выніку дэзарганізацыі эканомікі, выкліканай бальшавіцкім пераваротам і справакаванай ім грамадзянскай вайной. Кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Вацлаў Багуцкі ў 1923 г. заявіў, што адной з найважнейшых кампаній ЦК была канфіскацыя царкоўнай маёмасці, і што партыя ўзяла ў гэтым “самы актыўны і руплівы ўдзел”. Канфіскацыі выклікалі абурэнне вялікай часткі святароў і вернікаў, а ў некаторых мясцовасцях дайшло да хваляванняў, зрэшты, жорстка падаўленых. Святароў пазбаўлялі грамадзянскіх правоў, арыштоўвалі, без прысуду ўтрымлівалі ў турмах, каралі смерцю. Адначасна са знішчэннем эканамічных і прававых асноваў царквы пачаўся пераслед самой веры. Рэлігійнае выхаванне адмянялася, яго месца заняла атэістычная прапаганда. Пачалася масаваная антырэлігійная кампанія, узніклі “спецыялізаваныя выданні”, а з 1924 г. пачало сваю дзейнасць надзвычай агрэсіўнае “Таварыства ваяўнічых бязбожнікаў”. У вёсках і гарадах арганізоўваліся антырэлігійныя арганізацыі (гурткі), якія актыўна падтрымлівалі закрыццё і разбурэнне храмаў, увядзенне новых святаў і абрадаў. Сістэма камуністычных дзяржаўных святаў фармавалася цягам 1918—1921 гг. і ўжо не была звязана з рэлігійнымі ўрачыстасцямі, традыцыйнымі народнымі звычаямі. Тры з іх: “Дзень пралетарскай рэвалюцыі”, “Новы год”, “Дзень абароны сацыялістычнай айчыны”, з трохі змененымі назвамі, адзначаюцца ў Беларусі дасюль. У Беларусі вядучай грамадскай арганізацыяй, створанай дзеля барацьбы з царквой, быў “Саюз ваяўнічых бязбожнікаў”, заснаваны ў 1926 г. па ініцыятыве ЦК КП(б)Б. Аднак яго дзейнасць аказалася не надта эфектыўнай. У 1928 г. сакратар ЦК Вільгельм Кнорын прызнаваў, што “задачу распаўсюджання антырэлігійных уплываў” камуністычная партыя Беларусі вырашыць не здолела. Трэба адзначыць, што гэта быў толькі пачатковы этап палітыкі, якая ў далейшым прывяла да вынішчэння духоўнага жыцця. 2. Нацыянальная палітыка Насуперак часта ўжыванай інтэрнацыянальнай рыторыцы, бальшавікі заўсёды былі прыхільнікамі асіміляцыі нацыянальных меншасцей савецкай імперыі, бо паводле Леніна гэта павінна было аблегчыць існаванне дыктатуры пралетарыяту, “які не меў айчыны”. Таму былі адкінуты ўсе варыянты вырашэння нацыянальнага пытання, якія рэальна ўзмацнялі б або інстытуцыяналізавалі нацыянальныя адметнасці. Адначасова прысутнічала разуменне, што ва ўмовах нестабільнасці бальшавіцкага рэжыму на пачатковым этапе яго існавання падтрымка з боку нацыянальных меншасцей, якія складалі амаль палову насельніцтва расейскай імперыі, было неабходнай умовай канчатковай перамогі бальшавікоў. Каб не страціць такой важнай падтрымкі “нацыянальных акраін”, па чыста практычных меркаваннях быў узняты лозунг “аб праве нацый на самавызначэнне”. З аднаго боку, гэта павінна было падмацаваць папулярнасць бальшавікоў сярод нерасейскіх народаў Расеі, а з другога — паслужыць своеасаблівым выбуховым матэрыялам, які меўся раскалоць падмурак унітарнай адзінаўладнай дэспатыі. Але пасля распаду імперыі і захопу камуністамі ўлады наваствораныя нацыянальныя ўрады былі нізрынутыя ваеннай сілай. Былыя акраіны зноў заваёўваліся і далучаліся да новай, ужо савецкай імперыі. Новае заключалася адзіна ў тым, што савецкія квазінацыянальныя ўтварэнні надзяляліся знешнімі элементамі дзяржаўнасці, але пры ўмове, што іх установы і дзейнасць будуць кантралявацца Масквой. У выніку ўзнік бутафорскі федэралізм, што імітаваў існаванне нацыянальных дзяржаў. У прапагандысцкім сэнсе яны павінны былі пераконваць, што нацыянальныя памкненні нерасейскага насельніцтва СССР здзейсніліся і былі ажыццёўлены на прынцыпах самавызначэння і права на ўтварэнне ўласнай дзяржаўнасці ў межах саюза раўнапраўных савецкіх рэспублік. На самай справе за гэтым хавалася жорсткая і строга цэнтралізаваная дыктатура Крамля. Менавіта такая мадэль была ад самага пачатку пакладзена ў аснову СССР. Таму савецкая таталітарная сістэма заўсёды падаўляла нацыянальнае развіццё заваяваных народаў новай імперыі. Аўтэнтычныя праявы нацыянальнага жыцця, яго развіццё ў рэчышчы інтарэсаў паасобных народаў супярэчылі мэтам дыктатуры бальшавікоў. Камуністычная ідэалогія афіцыйна дэкларавала імкненне да стварэння новай чалавечай супольнасці — “савецкага народа”. Зыходзячы з гэтых пазіцый, усе “нацыянальныя бар'еры” былі перашкодай у рэалізацыі савецкай інтэграцыйнай палітыкі. Стварэнне “новай супольнасці” Масква планавала ажыццявіць, абапіраючыся выключна на расейскую нацыянальную базу, што фактычна азначала савецкі варыянт русіфікацыі. Ужо ў 1930-я гг. крамлёўскае кіраўніцтва адмовілася ад сімулявання дзяржаўнага самавызначэння саюзных рэспублік і абмежаванага самастойнага нацыянальнага развіцця, характэрнага для 1920-х гг. Ім на змену прыйшоў мадыфікаваны варыянт расейскага нацыяналізму. Але пачаткова камуністычная ўлада не магла абысціся без падтрымкі мясцовага насельніцтва “акраін”, яе нацыянальнай інтэлігенцыі, і мусіла здабыць яе сімпатыю. Вайна 1918—1920 гг. выразна пераканала бальшавікоў, што калі яны хочуць панаваць на нерасейскіх абшарах, дык павінны пайсці на саступкі нацыянальным рухам. Таму было вырашана правесці безадкладную акцыю “нацыяналізацыі”, сутнасць якой палягала ва ўключэнні прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ў структуры лакальнага партыйнага і дзяржаўнага апарату (г.зв. карэнізацыя). Яна павінна была таксама выконваць важную функцыю экспарту бальшавіцкай рэвалюцыі і распаўсюду яе ідэй. Таму не выпадкова пачатковы перыяд існавання Беларусі ў складзе СССР, які доўжыўся да канца 1920-х гг., праходзіў пад знакам “беларусізацыі”. Гэтая палітыка хавала ў сабе жаданне здабыцця сімпатыі карэннага насельніцтва да савецкіх уладаў праз пашырэнне нацыянальнай мовы ва ўсіх галінах грамадскага жыцця (у той час гэта ўспрымалася большасцю насельніцтва як станоўчая з'ява). Афіцыйна асноўнай задачай савецкай дзяржаўнай “беларусізацыі” лічылася пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы і развіццё нацыянальнай культуры. У сапраўднасці ж акцыя гэтая была ініцыяваная зусім не дзеля нацыянальнага адраджэння беларусаў. Прыхаваным намерам гэтае палітыкі была шырока задуманая саветызацыя, згодна з тэзісам Леніна аб “нацыянальнай форме і сацыялістычным змесце”. Пацверджаннем гэтаму могуць служыць партыйныя дырэктывы пачатковага перыяду беларусізацыі. Кіруючыся імі, органы асветы Беларусі ў сваёй працы павінны былі не дапускаць “адыходу ад агульнаасветнай палітыкі, вызначанай партыяй”. Пастанова нарады ЦК РКП(б) ад чэрвеня 1923 г. акрэслівала гэтую палітыку як разгортванне “з непралетарскіх і паўпралетарскіх элементаў аўтахтоннага насельніцтва маладых камуністычных арганізацый нацыянальных рэспублік, усебаковую дапамогу гэтым арганізацыям, каб яны маглі стаць на ногі, атрымаць сапраўднае камуністычнае выхаванне”. Партыйныя функцыянеры забавязваліся да “...выхаду насустрач элементам, якія з'яўляюцца рэвалюцыйна-дэмакратычнымі ці нават проста лаяльнымі ў адносінах да савецкай улады, саступак на карысць тых мясцовых нацыянальных элементаў, якія хочуць і могуць лаяльна працаваць у рамках савецкай улады”. Мікалай Бухарын наступным чынам выказваў пазіцыю партыі па гэтым пытанні: “...на нацыянальных акраінах стаіць падвойная задача: з аднаго боку, вылучэнне з абарыгенаў сапраўдных камуністычных кадраў, з другога боку, фактычны блок з дэмакратычна-рэвалюцыйнай часткай абарыгенаў. Апошняе неабходна цягам адносна доўгага перыяду”. Менавіта ў гэтым і была справа. Ставілася мэта прыцягнення на свой бок беларускіх мас і інтэлігенцыі, заваяванне іх сімпатыі дзеля справы савецкага камунізму. Варта адзначыць, што ўся “беларусізацыйная” кампанія была праведзена па-майстэрску, ствараючы ілюзію адраджэння беларускасці і пабудовы дзяржаўнасці на аснове нацыянальных культурных вартасцей. Пэўная гаспадарчая адліга ў перыяд новай эканамічнай палітыкі 1920-х гадоў, а таксама спектакулярныя поспехі БССР у галіне пабудовы “нацыянальнай дзяржавы” пасадзейнічалі таму, што пэўная частка ўплывовай беларускай палітычнай эміграцыі перайшла ад канфрантацыі з савецкай уладай да супрацоўніцтва з ёй. У сапраўднасці ж камуністы ніколі не разглядалі сур'ёзна сваю часовую, абсалютна кан'юктурную і прытворную палітыку “нацыяналізацыі”. Яны з самага пачатку не мелі даверу да рухаў нацыянальных меншасцей і зусім не мелі намеру спрыяць іх нацыянальнаму развіццю, чакаючы толькі адпаведнага моманту, каб нанесці апошні смяротны ўдар. Пра гэта сведчыць не толькі трагічны канец “беларусізацыі”, але таксама факты і дакументы. Ужо ў 1922 г. у БССР пачаліся пошукі “контррэвалюцыянераў” сярод інтэлігенцыі. У тайных данясеннях ГПУ 1920-х гг. Масква інфармавалася, што дзейнасць “контррэвалюцыйных груп” засяроджвалася нібыта вакол Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульта), у якім працавалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія дзейнічалі на карысць справы адраджэння беларускай культуры. Яны абвінавачваліся ў распаўсюджанні сярод моладзі нацыянальнай свядомасці, у прапагандаванні ідэй дззяржаўнай незалежнасці і палітычнай самастойнасці Беларусі ў яе этнічных межах. Іх вінавацілі таксама ў папулярызацыі погляду, што савецкая ўлада на Беларусі мае русіфікацыйны характар і абмяжоўвае развіццё беларускай культуры. У якасці асноўных цэнтраў дзейнасці называліся універсітэты, тэхнікумы і педагагічныя курсы, беларускія школы. “Назіраецца нацыяналістычная работа беларускага настаўніцтва ў школах” — даносілі чэкісты. “Дзеці выхоўваюцца ў нацыянальным духу”. Да сярэдзіны 1920-х гг. на ўліку ў ГПУ стаяла большая частка нацыянальнай інтэлігенцыі. У тагачасных савецкіх дакументах Янка Купала, Якуб Колас, Язэп Лёсік і Змітрок Бядуля характарызаваліся як беларускія інтэлігенты-шавіністы, “якія прыўносяць у літаратуру настроі, чужыя рэвалюцыі, а калі-некалі і контррэвалюцыйныя тэндэнцыі”. У 1926 г. намеснік упаўнаважаннага прадстаўніка ОГПУ ў БССР І. Апанскі рапартаваў Маскве, што Народны камісарыят асветы ў Мінску з'яўляецца стрыжнем, вакол якога развіваецца беларускі “шавіністычны” рух. Надалей крытычна ацэньвалася галоўная тагачасная ўстанова краіны — Інстытут беларускай культуры. Сцвярджалася, што гэта “штаб” усяго беларускага нацыянальнага руху, што ён варожа ставіцца да КП(б)Б і не хоча працаваць пад яе кіраўніцтвам. У якасці “актыўных праціўнікаў савецкай улады” былі ўзяты на ўлік 70% супрацоўнікаў Інстытуту. Характар дзеянняў ГПУ ў адносінах да беларускай інтэлігенцыі акрэсліваўся як дзеянні, скіраваныя на яе аслабленне шляхам агентурнай распорацоўкі з мэтай прыцягнення да правядзення савецкай палітыкі. Адзначым, што ўсё гэта адбывалася ў кульмінацыйны момант “беларусізацыі”. Аналіз дакументаў і дзейнасці камуністычнай партыі па нацыянальным пытанні паказвае, што нарастанне нацыянальна-вызваленчага руху і сапраўднае развіццё нацыянальных супольнасцей у СССР не ўваходзілі ў планы бальшавіцкай дыктатуры. Саступкі пачатковага перыяду яе існавання мелі мэтай не нацыянальнае адраджэнне беларусаў, а далёкасяжныя палітычныя планы. Гэтая палітыка не прадугледжвала доўгатэрміновага паступовага развіцця нерасейскіх нацыянальнасцей, паколькі такі сцэнар супярэчыў яе асноўнаму ідэалагічнаму тэзісу “аб будучым інтэрнацыянальным з'яднанні пралетарыяў усіх краін”. Беларусізацыя мела на мэце паскораную саветызацыю беларускага насельніцтва шляхам выкарыстання нацыянальных, моўных і культурных асаблівасцей. Яе канчатковай мэтай была дэнацыяналізацыя, першы этап якой заключаўся ў адсячэнні ад традыцыйных дасавецкіх нацыяўтваральных чыннікаў. З'яўляючыся часткай палітычнай традыцыі партыі, гэтая палітыка не мела нічога агульнага са спробай ліберальнага вырашэння нацыянальнага пытання, была тактычнай саступкай у працэсе нацыянальнага паняволення. Таму ў гэтым выпадку можна казаць хутчэй пра пэўны тактычны манеўр савецкіх улад, ці часовую палітычную хітрасць, чым пра задавальненне нацыянальных памкненняў беларусаў. Тым не менш, кароткі перыяд беларусізацыі пазітыўна паўплываў на развіццё культуры. Трэба адзначыць, што сярод савецкіх партыйных дзеячоў БССР было нямала тых, хто шчыра верыў у магчымасць адраджэння ва ўмовах СССР. Паступова гэта прывяло да сітуацыі, у якой мясцовая інтэлігенцыя пачала ўсё больш выразна праяўляць схільнасць да незалежнасці ад Масквы, імкнуцца да здабыцця большай свабоды дзеянняў, перадусім у галіне культуры. З другога боку, савецкая дзяржава ўмацавалася настолькі, што магла лёгка здушыць нацыянальна-культурны рух. Напрыканцы 1920-х і на пачатку 1930-х гг. палітыка “беларусізацыі”, якую бальшавікі скарыстоўвалі для ўмацавання сваёй улады ў рэспубліцы, была цалкам згорнута. Наступіў перыяд жахлівых рэпрэсій у адносінах да інтэлігенцыі і беларускай культуры, беларускай мовы, усяго таго, што было звязана з аўтэнтычнай беларускасцю. Ініцыявала рэпрэсіі ЦК ВКП(б), а кіраўніцтва беларускай камуністычнай партыі выступіла як непасрэдны выканаўца гэтых задач. Таму вельмі хутка ў рэспубліцы была “выкрыта” фікцыйная нацдэмаўская антысавецкая арганізацыя, якую ОГПУ назвала “Саюзам вызвалення Беларусі”. З гэтае нагоды былі арыштаваны 108 выдатных беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў і іншых вядучых прадстаўнікоў нацыянальнай эліты. 3. Тэрор і рэпрэсіі як метад саветызацыі Пры таталітарным ладзе тэрор з'яўляецца штодзённай практыкай улады. Яго задача — утрымліваць грамадства ў перманентным страху. Мэтай бальшавіцкага тэрору, які суправаджаўся шырокамаштабнымі індактрынацыйнымі захадамі, было татальнае запалохванне і прадухіленне ўсялякай магчымай апазіцыі — знішчэнне і паняволенне мільёнаў, скарэнне рэшты грамадзян. Бо масавыя забойствы былі патрэбныя бальшавікам не толькі для таго, каб пазбавіцца ад рэальных і патэнцыяльных праціўнікаў, але таксама і для таго, каб ажыццяўляць псіхалагічны ўціск з мэтай застрашвання і пацыфікацыі грамадзян. Масавы тэрор даваў людзям зразумець, што нават адсутнасць віны не ёсць гарантыяй захавання жыцця, а гэта значыла, што праіснаваць можна толькі адмаўляючыся ад грамадскай дзейнасці, паколькі гэтая сфера непадзельна адводзілася дзяржаве. Па сутнасці, гэта быў адзіны спосаб, пры дапамозе якога абсалютная меншасць магла панаваць над мільённымі масамі. Насуперак абвешчанай дактрыне тэрор быў скіраваны супраць усіх без выключэння сацыяльных груп, а не толькі супраць “эксплуататараў”. Пры гэтым першымі пацярпелі ад яго нацыянальныя эліты. З пункту гледжання марксісцка-ленінскай тэорыі наогул не магло быць усеагульнай законнасці, паколькі ў арганізаваным грамадстве, што ўтварае дзяржаву, усе з'явы маюць выразны класавы характар. З гэтага рабілася выснова, што законнасць магла быць толькі буржуазнай, “фальшывай”, “абмежаванай”, “неэфектыўнай” або сацыялістычнай, “сапраўднай” законнасцю, якая служыць інтарэсам працоўных класаў і паклікана спрыяць пабудове камуністычнага грамадства. Звядзеннем закона да ролі інструмента класавага ўціску і праўлення марксісцка-ленінская тэорыя і практыка парвала са шматгадовай традыцыяй, згодна з якой прававая сістэма функцыянавала ў акрэсленых межах этычных абмежаванняў. Зыходзячы з такой канцэпцыі бальшавікі ставіліся да закону як да працягу палітычнай улады. Адмаўленне бальшавікамі прынцыпу прыярытэту закона і, як след, адмаўленне савецкай улады ад механізму законнасці як сродку прававога рэгулявання ў галіне грамадска-палітычных адносін азначала перадусім якасную змену ў стаўленні да традыцыйных інстытутаў грамадства, права і асобы, калі заканатворца не бачыць у чалавечай асобе суб'екта пэўных правоў і навата не імкнецца гэтага заўважаць. Пры гэтым прызнавалася магчымым прымяненне рэпрэсіўных сродкаў у адносінах да “класавых ворагаў” не толькі ў выпадку іх рэальнай віны, але таксама і з мэтай прадухілення небяспечных, на думку бальшавікоў, дзеянняў. Адмаўленне ад прынцыпу прызумпцыі невінаватасці зрабіла магчымым прымяненне рэпрэсій нават пры адсутнасці складу злачынства ці прыкмет індывідуальнай віны. У выпадку г.зв. “контррэвалюцыйных” злачынстваў, што ахоплівалі, па сутнасці, усе дзеянні, якія не адпавядалі ўладам, віна магла быць устаноўлена шляхам доказу аб'ектыўна зразуметага намеру, а не фактычных учынкаў. Такая крымінальная палітыка тлумачылася складанасцю палітычнай сітуацыі, неабходнасцю “падаўлення класа эксплуататараў”, а таксама барацьбы з “прыхаванай контррэвалюцыяй”. Кульмінацыяй падзей, што вынікалі з гэтага тыпу перадумоваў, стала ўхваленне Саветам народных камісараў РСФСР дэкрэту ад 5 верасня 1918 г. “Аб чырвоным тэроры”, у якім падкрэслівалася, між іншым, што “у сённяшней сітуацыі гарантаванне тылоў шляхам тэрору з'яўляецца безумоўнай неабходнасцю”, і што трэба ўберагчы рэспубліку саветаў ад класавых ворагаў “праз іх ізаляванне ў канцэнтрацыйных лагерах”. Такім чынам, вышэйшы выканаўчы орган савецкай дзяржавы легалізаваў увядзенне ў ёй тэрарыстычнага праўлення. Феномен новай бальшавіцкай улады заключаўся, такім чынам, у тым, што гэтая дыктатура змясціла сябе па-за правам, што азначала адсутнасць легітымнасці яе інстытутаў, а таксама суцэльнае свавольства ў выбары функцый і адвольнасць прысябечаных паўнамоцтваў. У гэтай сітуацыі страчвалі свой сэнс такія паняткі, як перавышэнне ўлады, захаванне канстытуцыйных нормаў і іншых прававых прадпісанняў. Адной з ключавых устаноў новага ладу, роля якой пастаянна ўзрастала, была палітычная паліцыя. Свой будучы выгляд яна набыла ў снежні 1917 г., пасля ўтварэння славутай ВЧК — Усерасейскай надзвычайнай камісіі па справах барацьбы з сабатажам і спекуляцыяй. Яе называлі “мячом пралетарыяту”, паколькі ў хуткім часе прыярытэтным напрамкам яе дзейнасці стала барацьба з палітычнымі праціўнікамі. Сетка гэтых надзвычайных камісій пакрывала ўсю савецкую дзяржаву. Гэтыя органы самі арыштоўвалі, самі вялі дазнанне і следства, самі прыгаворвалі і самі ж выконвалі прысуды. Смяротнае пакаранне, за адмену якой у царскай Расеі змагаліся бальшавікі, была афіцыйна адноўлена ўжо ў чэрвені 1918 г., і да таго ж у маштабах, якіх яно ніколі не дасягала пры папярэднім рэжыме. Стварэнне ВЧК было неабходным і важным для Леніна этапам у яго палітыцы камунізацыі краіны, а традыцыя нялюдскіх адносінаў да палітычных вязняў стала для савецкіх карных органаў традыцыйнай і шырока прымянялася ў практыцы дзейнасці паслядоўнікаў “чэка”. Адносная лібералізацыя, звязаная з перыядам новай эканамічнай палітыкі, прывяла да інстуцыянальных зменаў у сістэме апарату гвалту. У 1922 г. ЧК была пераўтворана ў Галоўнае палітычнае ўпраўленне (ГПУ). Услед за расейскай была рэфармаваная беларуская ЧК. У сакавіку 1922 г. у сістэме Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР было створана ДПУ Беларусі, якое ў сваёй дзейнасці кіравалася заканадаўствам РСФСР. Пасля стварэння СССР 30 снежня 1922 г. ГПУ перайменавалі ў ОГПУ (Аб'яднанае галоўнае палітычнае ўпраўленне), узнімаючы яго статус да ўзроўню камісарыяту, ці ранга міністэрства пры Савеце народных камісараў. ГПУ саюзных рэспублік уваходзілі ў склад ОГПУ ў якасці структурных адзінак. Трохі абмяжоўваючы размах тэрору, гэтая спецслужба захавала, тым не менш, шырокія магчымасці ў галіне прымянення сродкаў прымусу і гвалту, якія рабілі рэальным фізічнае знішчэнне палітычных праціўнікаў. Апроч ссылак і заключэння ў канцэнтрацыйныя лагеры практыкаваліся таксама нелегальныя сродкі ліквідацыі. Ідэалагічна бальшавіцкі тэрор абгрунтоўваўся ленінскай канцэпцыяй аб неабходнасці фізічнага знішчэння буржуазіі. Сам гэты тэрмін быў вельмі цьмяны і змяшчаў зусім невыразны сэнс. Фактычна бальшавікі прылічвалі да “эксплуататараў” тых, хто з увагі на свае погляды, незалежна ад сацыяльнага паходжання і маёмаснанга стану, не пагаджаліся з камуністычнай палітыкай. Ленін усялякімі спосабамі заахвочваў да “народнага тэрору”. У 1918 г. ён востра крытыкаваў петраградскіх бальшавікоў за стрымліванне рабочых ад масавага тэрору: “Рашуча пратэстую. — пісаў Ленін. — Мы кампраметуемся, пагражаем нават у рэзалюцыях Савета дэпутатаў масавым тэрорам, а калі даходзіць да справы, тармазім рэвалюцыйную ініцыятыву мас, цалкам слушную. Гэта недапусціма! (...) Трэба заахвочваць энергію масавага тэрору...” Выказваўся ён і больш дэталёва. У дэпешы, накіраванай да камуністаў Пензы, Ленін загадваў: “Таварышы! Паўстанне пяці валасцей кулацтва павінна прывесці да бязлітаснага падаўлення. (...) 1) Павесіць (абавязкова павесіць), каб народ бачыў не менш за 100 яўных кулакоў, багацееў, крывасосаў. 2) Апублікаваць іх імёны. 3) Забраць у іх увесь хлеб. 4) Вызначыць закладнікаў”. Такім чынам, уводзілася таксама сістэма закладнікаў, невядомая ў дарэвалюцыйнай Расеі. Сістэма закладнікаў дапаўнялася іншым, датуль невядомым метадам рэпрэсій — канцэнтрацыйнымі лагерамі. Гэтае акрэсленне ўпершыню скарыстаў Троцкі ў загадзе ад 4 чэрвеня 1918 г. Ён прапанаваў тады заключыць былых афіцэраў у “канцэнтрацыйныя лагеры”, а ў жніўні таго ж года хадайнічаў аб пашырэнні катэгорыі вязняў, якія ў іх утрымоўваліся. У гэтым жа месяцы Ленін дае распараджэнне аб правядзенні бязлітаснага масавага тэрору супраць кулакоў, папоў і белагвардзейцаў, прапануючы “падазроных заключыць у канцэнтрацыйныя лагеры за горадам”. Канцэнтрацыйныя лагеры становяцца пастаянным універсальным сродкам тэрору супраць уласных грамадзян. Гэты сродак рэпрэсій быў узаконены ў верасні 1918 г., але ў шырокіх маштабах пачаў прымяняцца ў 1919 г. па ініцыятыве Дзяржынскага. У гэтым жа годзе Цэнтральны выканаўчы камітэт адобрыў структуру сістэмы лагераў, канчаткова і падрабязна вызначыўшы ўмовы прымусовай працы ў іх. Ад моманту ўтварэння і ва ўсе перыяды далейшага існавання савецкіх канцэнтрацыйных лагераў заключаныя ў іх вязні прымушаліся да выканання цяжкай фізічнай працы. Паступова ў савецкай дзяржаве паўстала лагерная імперыя, якой да таго не ведала гісторыя чалавецтва. 4. Высновы У момант, калі Беларусь агарнулі расейскія рэвалюцыйныя працэсы, у краіне яшчэ не наступіла кансалідацыя нацыянальных сіл, а іх уплыў на беларускае грамадства быў нязначны. Разам з вонкавай агрэсіяй гэта зрабіла немагчымым стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. А паўставанне беларускай савецкай рэспублікі было абумоўлена тактычнымі меркаваннямі, што вынікалі з унутранай і замежнай палітыкі, а таксама ідэалогіі бальшавіцкай Расеі. У гэтым дзяржаўным утварэнні адразу былі забаронены ўсе палітычныя партыі і незалежныя грамадскія інстытуты. Адначасна ўводзіўся таталітарны лад. Упершыню ў гісторыі была ажыццёўлена дыктатура монапартыі, якая манапалізавала ўладу, дзейнічаючы па-над урадам, грамадствам і не падлягаючы ніякаму кантролю. У галіне эканомікі палітыка бальшавікоў заключалася ў імкненні да цэнтралізацыі і манапалізацыі вытворчасці. Як аксіёма прызнаваўся тэзіс аб неабходнасці адмены прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці. Была таксама зроблена спроба навязвання краіне “ваеннага камунізма”, які быў лагічным наступствам ажыццяўлення марксісцкіх догмаў, што канчаткова падарвала гаспадарку. Былі зроблены першыя спробы яе комплекснага дырэктыўнага планавання. Мэтай савецкай ідэалогіі было навязванне камуністычнай палітычнай практыкі і радыкальная змена грамадства згодна з марксісцка-ленінскімі догмамі. Ад пачатку існавання савецкай дзяржавы яна выконвала ў ім важную функцыю, пераконваючы, што жыццё без ідэалогіі немагчымае. Ніколі дагэтуль правіцелі не прысвячалі столькі ўвагі прапагандзе, і ніколі яна не займала такога значнага месца ў жыцці краіны, як у Савецкім Саюзе, дзе яе задачай была падмена рэчаіснасці ўяўным светам міфаў і ўтопіі. Каб пазбегнуць іх абвяржэння, патрабавалася беспрэцэдэнтная ізаляцыя савецкіх грамадзян ад атачаючага свету. Культура таксама мела для бальшавікоў прапагандысцкую вартасць, а творчасць у гэтай сферы была аб'ектам уздзеяння дзяржавы. Адзяржаўленне і ідэалагізацыя культуры выклікалі разрыў дагэтуль бесперапыннага культурнага працэсу, паколькі бальшавіцкі рэжым стварыў сістэму кантролю і цэнзуры, якія не мелі аналогіі ў гісторыі чалавецтва. Падмуркі гэтай сістэмы ў СССР былі закладзены ў 1920-х гадах ХХ стагоддзя. У галіне навукі на той час яшчэ не былі выпрацаваны эфектыўныя механізмы кантролю з боку палітычнай улады. Яна задаволілася паступовым пазбаўленнем ад навукоўцаў старой школы. Марксісцка-ленінская дактрына разглядала рэлігію як ідэалагічнага саперніка, таму стаўленне савецкай дзяржавы да рэлігіі і царквы быў рашуча варожае. Палітыка савецкай улады з самага пачатку была скіравана на выцясненне царквы з грамадскага жыцця і татальную прымусовую атэізацыю грамадства. Неад'емным інструментам, які ўжываўся ў ходзе будаўніцтва камунізму, быў тэрор. Ён суправаджаў камуністычную дыктатуру ад моманту яе ўстанаўлення ў якасці аднаго з асноўных элементаў гэтай сістэмы і меў перманентны характар. Яго пачатак датуецца момантам скасавання традыцыйнай прававой сістэмы дзяржавы і законнасці, пачаткам скажэння паняцця правасуддзя. Ужо ў 1918 г. існавалі ў асноўным усе характэрныя прыкметы “ладу новага тыпу”, мадэлі, паводле якой павінна было адбывацца развіццё савецкага грамадства да самага распаду СССР. На пачатку 1920-х гадоў ХХ стагоддзя ў савецкай дзяржаве ўзніклі, у прынцыпе, усе асноўныя інстытуты саветызму, быў вызначаны іх характар і кшталт. Менавіта ў тыя гады быў закладзены фундамент савецкага ладу ў тым выглядзе, у якім ён існаваў да свайго падзення. Літаратура 1. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2000). Мінск, 2003. 2. Нарысы гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1995. 3. Гісторыя Беларусі. Т. 5 (Беларусь у 1917—1945 гг.). Мінск, 2006. 4. Пайпс Р. Русская революция. Москва, 2005. 5. Верт Н. История советского государства 1900—1991. Москва, 2002. 6. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000. 7. Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941) . Минск, 2002. 8. Глыбінны Ул. Доля беларускай культуры пад саветамі. Мюнхен, 1958. 9. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ—ХХ ст. Мінск, 2003. 10. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925—1928 гг.). Отражение времени в архивных документах. Минск, 2001. С. 172. 11. Декреты советской власти. Т. 1—17. Москва, 1957—2006. 12. Архивы Кремля. Политбюро и церковь 1922—1925 гг. Кн. 1. Москва, 1997. 13. ЦК РКП(б) — ВКП(б) и национальный вопрос, книга 1 (1918—1933 гг.). Москва, 2005. 14. Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі (выданне другое, выпраўленнае). Смаленск, 2007. 15. Кузнецов И. Конвеер смерти. Минск, 1997. 16. Репрессивная политика советской власти в Беларуси, Выпуски 1—3. Минск, 2007. 17. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. Москва, 1999.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||