|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
Андрэй ШУМАН. ЮДАІЗМ І ВЕЧНЫЯ САЦЫЯЛЬНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ |
|
Лекцыя 3 |
План: 1. Сацыяльны канструктывізм Век чалавечы не доўгі, і кожны дзень яго няўмольна скарачае. Здаецца, яшчэ ўчора я быў дзіцём, слухаў на сон казкі, чытаныя бацькам, а сёння гэта ўсяго толькі спаміны. І, магчыма, не пра мяне, а пра некага зусім іншага... Чалавек спяшае жыць. Бо таго, што маеш сёння, заўтра ўжо не знойдзеш. Дык навошта адмаўляцца ад спакус і асалод? Навошта абмяжоўваць сябе нейкімі ўмоўнасцямі? Бяры ад жыцця ўсё, на што здатны. Дзейнічай і не марнуй часу ў бясплённасці мрой. Умоўнасці і забароны, якімі цябе стрымлівалі ў дзяцінстве, толькі замінаюць поспеху. Таму іх належыць пераадолець. Пры тым, трэба ясна ўсведамляць, што ўсе гэтыя перашкоды — адно нейкі канструкт, створаны іншымі людзьмі дзеля таго, каб ты не змог спажыць зямных даброт напоўна. Кожнаму вядома: слодычаў жыцця на ўсіх не стае. Заўсёды ж нехта будзе баляваць, а іншы — аб'едкі з чужога стала падбіраць. І выходзіць, што бальшыня маральных абавязкаў — усяго толькі нечыя прыдумка, каб маніпуляваць табой. Каб шчыльна пражываць уласнае жыццё, я мушу прыняць сацыяльны канструктывізм [У сучаснай сацыялогіі сацыяльны канструктывізм займае паноўныя пазіцыі. Больш падрабязна пра гэта гл. Berger P., Luckmann Th. The Social Construction of Reality. Garden City (N.Y.): Anchor Books. 1971.] — ідэю, з якой вынікае, што ўсе сацыяльныя нормы выдуманы людзьмі, а значыць, я магу іх мяняць пад свае жаданні. Інакш жаданні тыя ніколі не споўняцца. Хто сказаў, што занятак жанчыны — толькі сям'я, што жанчына не можа мець сваёй справы ўпоравень з мужчынам? Чаму да здрады мужчыны грамадства ставіцца больш лаяльна, чым да здрады жанчыны? Жанчына гэтаксама народжана напоўніцу цешыцца жыццём. (Сацыяльны канструктывізм, вызнаваны жанчынамі, атрымаў назву фемінізм.) Існуе безліч праяў сацыяльнага канструктывізму. Дзе толькі гаворка тычыцца пераадолення ўмоўнасцяў, паўстаюць праявы сацыяльнаканструктывісцкага светагляду. А як жа абысціся без эмансіпацый ды свабод, да якіх заклікае ідэалогія сацыяльнага канструктывізму? Давайце ўявім сабе наступную сітуацыю. Твая дзяржава апынулася ў цяжкім становішчы, і ты з ёй таксама. Пры гэтым ты перакананы, што з'яўляешся прадстаўніком вялікага народу з адметным гістарычным лёсам. Няўжо застанешся абыякавым, не станеш змагацца? Ты ж абсалютна ўпэўнены: твой народ варты лепшай долі. А таму ён павінен паўстаць з каленяў і адваяваць сабе столькі прасторы і ўлады, колькі належыць. Прыкладна так разгортваліся развагі, а затым падзеі ў Нямеччыне. Мы памятаем, як “белокурые бестии”, вольныя ад законаў маралі, крочылі па дарогах Еўропы, і з вуснаў іх гучала: Deutschland überalles. Гэтыя людзі былі здатныя асягаць вялікія мэты, і нішто — ні знутры, ні звонку — не магло іх спыніць, бо яны, адважныя і рашучыя, адваёўвалі жыццёвую прастору свайму народу. Але менавіта яны стварылі фашызм — адну з самых жахлівых форм сацыяльнага канструктывізму за ўсю гісторыю ХХ ст. Сучасныя праявы сацыяльнага канструктывізму ўжо не такія пачварныя. Самымі выразнымі з іх з'яўляюцца лібералізм і талерантнасць: ты вольны рабіць што заўгодна, адмахнуцца ад усялякіх маральных норм, адно не абмяжоўвай свабоды іншых людзей. Ты можаш быць гомасексуалістам, наркаманам, вычварэнцам — адно не кранай прыватнай уласнасці і праў астатніх. Але жыццё хуткаплыннае. І вось цябе апаноўваюць думкі пра вечнае. Толькі ў гэтым сацыяльны канструктывізм табе не падмога. Бо, згодна з яго ідэалогіяй, няма нічога вечнага. Як давёў М.Фуко, з цягам часу трансфармуюцца нават сексуальныя памкненні. Уяўленні пра псіхічныя нормы, юрыдычная ацэнка злачынстваў — усё некалі было іншым. Многае з таго, што раней лічылася адхіленнем ад нормы, цяпер ужо ёсць нормай, а што калісьці ўспрымалася за ліхое, сёння выглядае ўсяго толькі забаўкай. Сучаснікі ацэньвалі маркіза дэ Сада як паталагічную асобу, і таму засадзілі яго за краты. А цяпер яго лічаць прарокам эмансіпацыі, чалавекам, які значна апярэдзіў свой час. Сапраўды, звонку выдае, быццам няма нічога вечнага. Прыкладам, хаўруснік Гітлера Адольф Карл Эйхман таксама верыў у сацыяльны канструктывізм і марыў пра новае ўладаванне свету. Эйхман быў рашучым чалавекам, і займаў адказную пасаду. У 1934 г. яго прызначылі экспертам па пытаннях сіянізму Галоўнага ўпраўлення бяспекі Германіі, а затым ён узначаліў Габрэйскі аддзел выведкі ў гестапа. Менавіта Эйхман стварыў канцлагеры і гета для габрэяў, адказваў за карныя акцыі з мэтай этнічных чыстак. На ягоным сумленні — загубленыя жыцці шасці мільёнаў габрэяў. На той час гэта складала тры чвэрці ад усяго габрэйскага насельніцтва Еўропы. Пасля паразы фашызму Эйхман пад імём Рыкарда Клемента схаваўся ў Аргенціне. Але ў студзені 1959 г. ізраільская выведка МАССАД выявіла ягонае месцазнаходжанне. Судзілі Эйхмана ў Ізраілі. Судовы працэс пачаўся 11 сакавіка 1962 г. Па ўсіх пунктах абвінавачання падсудны быў прызнаны вінаватым, і яго выраклі да смяротнага пакарання. 31 траўня ў 0 гадзін ночы Эйхмана павесілі ў турме Рампле. Пэўна ж, і ў жахлівым сненні не магло сацыяльнаму канструктывісту Эйхману падацца, што габрэйскі народ не толькі выжыве, але й створыць сваю незалежную краіну, у якой яго застане карная смерць дзяржаўнага злачынцы! Прысак цела Эйхмана быў развеяны над морам, за межамі тэрытарыяльных вод Ізраілю. Падчас гэтай цырымоніі кіраўнік ізраільскай выведкі МАССАД Ісер Харэль сказаў пра ворагаў габрэйскага народу наступнае: “ЙМІНХО АШЕМ НЭДДОРI БАКОАХ ЙМІНХО АШЕМ ТIР'АЦ ОЙЕЙВ …”; (Шмот 15, 6—18) [1]. [1. У перакладзе на беларускую мову гэта гучыць прыкладна так: 6. Дзясніца твая, Божа, прыўкрасная ў магуце, дзясніца твая ворага нішчыць. 7. Велічу сваёй нішчыш ты паўсталых супраць цябе; насылаеш гнеў свой і ён спальвае іх, як салому. 8. І ад гняўлівага дыхання твайго паўздымаліся воды, выпрасталіся, як сцяна, струмяні, зледзянелі глыбіні ў сэрцы мора. 9. Сказаў вораг: кінуся ў пагоню, схаплю, падзялю набытак, дасхочы напоўніцца душа мая, выхаплю меч мой, знішчыць іх рука мая. 10. Ты падзьмуў духам сваім — і накрыла іх мора, патанулі, як волава, у воды глыбінныя. 11. Хто, як Ты, сярод магутных, Божа, хто, як Ты, славуты святасцю, чынім хвалу ў трымценні, творца цудаў! 12. Ты ўзняў дзясніцу сваю — праглынула іх зямля. 13. Ты кіруеш міласцю сваёй народ гэты, які Ты выбавіў, вядзеш сілай сваёй да святога прытулку твайго. 14. Пачулі народы і скалануліся, жах ахапіў людзей Плешэта [палесцінцаў]. 15. Тады перапалохаліся князі Эдому, старшыні Моава затрымцелі, зніякавелі ўсе жыхары Кнаану. 16. Апалоняць іх жах ды вусціш, ад велічы дзясніцы Тваёй змоўкнуць яны, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Божа, пакуль праходзіць народ гэты, які Ты стварыў. 17. Скіруеш іх і аселіш у гарах прытулку Твайго, на месце, якое жытлом Ты зрабіў Сабе, Божа, — у свяцілішчы, Гасподзь, што ўладкавалі рукі Твае. 18. Бог цараваць будзе ва ўсе вякі.] Упершыню гэтыя словы былі прамоўлены Машэ раббейну (прарокам Майсеем) больш за ХХХІІІ ст. таму, перад вяртаннем габрэяў у зямлю абетаваную. Што гэта было? Прароцтва на тысячагоддзі наперад? 2. Сутнасць вечных сацыяльных тэхналогій Эйхман быў не адзіным какнструктывістам, які мерыўся знішчыць габрэйскі народ. У святой кнізе Мегілат Эстер распавядаецца пра гістрыю Амана, які з сваім сямействам планаваў вынішчыць габрэяў. Аман быў галоўным візірам пры двары Ахашвероша (Артаксерса), магутнага цара Персідскай імперыі, і яму гэта было, без сумневу, пад сілу. Але праз некалькі дзён пасля таго, як план быў падрыхтаваны, з загаду цара Аман быў павешаны, а ягоны род зніштожаны. У памяць пра тыя падзеі габрэі да гэтага часу святкуюць ПУРЫМ. Як бачым, Эйхман дакладна наследаваў лёс Амана, таму словы ТОРЫ аб пагібелі ворагаў габрэйскага народу й да сёння гучаць як прарочыя. Ісель Харэль, кіруючы аперацыяй затрымання Эйхмана, не мог, у пэўным сэнсе, не праецыраваць на сябе місіі Мардэхая, які яшчэ ў далёкую першапару не дазволіў Аману знішчыць габрэйскі народ. Таму зусім не выпадкова пасля выканання сваёй місіі кіраўнік МАССАД прачытаў адпаведныя словы ТОРЫ. Такім чынам, супрацьстаянне Мардэхая і Амана паўтарылася, і яно не знянацнае, але сталася вынікам адметных сацыяльных тэхналогій, безупынна трансляваных сярод габрэйскага народу яшчэ з часоў Мошэ раббейну. Бясконцы паўтор схем пабытовых паводзін, якія трымаюць традыцыю, і ёсць прыкладам вечных сацыяльных тэхналогій. Нішто не вечнае, і я — таксама. Затое вечныя сацыяльныя тэхналогіі, якія захаваюць сваё сутво не толькі пасля маёй смерці, але й пасля смерці маіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Бо над імі ніхто не мае ўлады. Нават час ходзіць паўз іх — і знікае. Яны ж застаюцца. На пачатку нашага роздуму мы адцемілі: у свеце няма нічога заўсёднага, усё сыходзіць у нябыт. Але цяпер бачым: з вечнасцю можна злучыцца праз сацыяльныя тэхналогіі, праз адметныя сацыяльныя практыкі з механізмам сістэмнай рэплікацыі ўласных схем. У чым супраціў двух тыпаў арганізацыі жыццядзейнасці чалавека — сацыяльнага канструктывізму і вечных сацыяльных тэхналогій? Наколькі яны супярэчаць адно аднаму? Першы спакушае нас загрузнуць у штодзённых мітрэнгах дзеля прыватных спраў і пошуку персанальнай асалоды, другі — лучыць з сакральнай прасторай вечнасці, дзе час спыняе сваю хаду. Такая радыкальная апазіцыя двух тыпаў арганізацыі жыццядзейнасці не магла не спарадзіць між іх смяротнай варожасці. Ад моманту атрымання габрэямі вечных сацыяльных тэхналогій праз Мошу раббейну габрэйскі народ сутыкнуўся з агрэсіяй стыхійнага сацыяльнага канструктывізму, ачоленага Амалекам — царом Кнаану (Палесціны). Амалек першы пачаў змагацца з Ізраілем: “РЭЙШІС ГОІМ АМОЛЕК ВЕАХАРIСОЙ АДІ ОЙВЕД”, “Першы з народаў Амалек, а канец яго — да знікнення”; (Бэмідбар 24, 20). Гэтак, пра Амалека выснавана: ён — першы і апошні з народаў. Але мы памятаем, што Ўсявышні таксама прагалошвае: “АНІ РIШОЙН ВААНІ АХАРОЙН”, “Я — першы, і Я — апошні”; (Йешайа 44, 6). Таму Амалек —не проста адзін з цароў, а духоўнае апірышча, лідэр усіх сямі паганскіх народаў Кнаану. Ён — трываласць, РЭЙШIС АГОІМ — валадар народаў. 3. Супрацьстаянне сацыяльнага канструктывізму і вечных сацыяльных тэхналогій Яшчэ да пачатку агрэсіі Амалека пра народ Ізраілю хадзілі неверагодныя чуткі: выбавіліся з егіпецкага палону, містычным чынам перайшлі праз мора, былi абсыпаны маннай нябёснай і г.д. Усе асцерагаліся Ізраілю, бо ведалі, што з гэтым народам Бог. Ведаў пра гэта й Амалек, але ўсё роўна вырашыў адужаць Ізраіль. Безумоўна, Амалек быў перакананы ў моцы сацыяльнага канструктывізму. Да таго ж, яму падабалася быць дзёрзкім, адважным і адольваць ворагаў рашучай воляй. Добра прапрацаваны ім план вайны абяцаў перамогу. Аднак Амалек пацярпеў паразу, бо ліха чыстага канструктывізму не здольнае на канцэптуальныя перамогі. У кабалістычных вучэннях чалавечае ліха называецца КЛІПО — “скарынка”, “абалонка”. Пры гэтым зважаецца, што ліха — такі стан, калі ў сэрца не можа патрапіць святло Ўсявышняга, бо яно ёсць замкнёным на самім сабе, жыве ў адмаўленні нармальных чалавечых стасункаў, вяршэнстве эгаізму. Як толькі мы пачынаем успрымаць маральныя абавязкі як форму маніпулявання намі, — мы ўжо КЛІПО, мы ўжо адлучаны ад боскага святла. У хасідызме сацыяльны канструктывізм называецца КЛІПАС АМОЛЕК — “скарынка Амалека”. Гэта самая нізкая КЛІПО, крыніца абсалютна ўсіх КЛІПОЙС. Усё чалавечае ліха сваім пачаткам мае сацыяльны канструктывізм — самадастатковасць волі, ганарлівасць; КЛІПО заўсёды ўтрымлівае ў сабе ТОЙКЕФ ВООЙЗ — “моц і дзёрзкасць”. Амалек быў адным з самых яркіх прадстаўнікоў сацыяльнага канструктывізму за ўсю біблейную гісторыю і кепска скончыў сваё жыццё. Але нягледзячы на гэта, у яго знайшліся паслядоўнікі. Адным з іх быў Аман, які паходзіў з роду Амалека. Паводле юдзейскага падання, многія сыны Амана вывучалі ТОРУ. Гэтае пазнанне, хаця й абмяжоўвалася яно “ХОХМОЙС БАХУЦ ТОРОЙНО”, “Мудрасць агалошваецца на вуліцы”; (Мишлей 1, 20), не выключала духоўнага ўзвышэння праз рэлігійныя штудыі. Дарэчы, Эйхман таксама быў неблагім габрэістам, добра ведаў культуру і звычаі габрэйскага народу… Аднак, нязважна на здабытыя веды, сыны Амана ўсё роўна задумалі знішчыць габрэйскі народ. Ліха не можа існаваць доўга, бо ў КЛІПОЙС няма сутнасці, няма МАМОШУС — “рэальнасці існавання”, а ёсць толькі МЦІЮС ГАЭДЭР — “існаванне адсутнасці”. Усялякае ліха абапіраецца на ПСОЙЛЕС ДЭКДУШО — “адкіды святасці”, і раней альбо пазней дарэшты знішчаецца. Кожны чыста канструктывісцкі план чакае параза. Таму, з цягам часу, усе КЛІПОЙС будуць канчаткова зніштожаны. І настане пара вечных сацыяльных тэхналогій. Пачатак гэтай пары пазначыцца з'яўленнем Мошіаха (Месіі). Пра гэта сказана: “Але схамянуўся, быццам пасля сну Гасподзь”, (Тэілім 78, 65), “Ачніся, чаму спіш Ты, о Бог”, (Тэілім 44, 24). Абуджэнне Ўсявышняга будзе азначаць поўнае выяўленне ОЙР ЭЙН СОФ — Боскага святла, калі Ўсявышні адкрые ўсю Сваю сутву ва ўсёй Сваёй славе праз Сваю волю: “Асвятліць нас тварам Сваім”; (Тэілім 67, 2). Падкрэслім яшчэ раз: КЛІПО — аснова душы тых людзей, якія вызнаюць сацыяльны канструктывізм. З іншага боку, святасць (КДУШО) знаходзіць сябе ў тых, хто наследуе вечныя сацыяльныя тэхналогіі. Пры гэтым лічыцца, што душы ХАСІДЭЙ УМОЙС ОЙЛОМ (“праведнікаў народаў свету”), якія добраахвотна ратавалі габрэяў падчас халакосту, паходзяць з КЛІПО НОЙГО — прамежкавай ступені паміж святасцю і КЛІПО. Вечныя сацыяльныя тэхналогіі немагчыма прыдумаць ці сканструяваць. Яны ёсць заўсёды, іх трэба адно ўбачыць. Яны акрэсліваюць межы нашага мыслення і нашых паводзін. За межамі сацыяльных тэхналогій ужо нічога няма — толькі пустэча і вар'яцтва. Да прыкладу, калі я не буду паважаць сваіх бацькоў, дык гэта разбурыць мяне самога. Таму адвеку кажуць, што вечная сацыяльная тэхналогія ёсць вынікам Адкрыцця. Іншымі словамі, крыніцай вечных тэхналогій з'яўляецца Ўсявышні — Той, хто стаіць над усім сусветам, над усімі тыпамі сацыяльных практык і сістэм. Як сказана: “Бо ўзвышана імя Яго аднаго”; (Тэілім 148, 13). 4. Юдаізм як прыклад вечнай сацыяльнай тэхналогіі На іўрыце вечная сацыяльная тэхналогія называецца ТОРА — (у старажытнагабрэйскай мове ТОЙРО). Пры гэтым маецца на ўвазе, што Пяцікніжжа Майсея (ХАМІШО ХУМШЭЙ СОЙРО) ёсць заканадаўчай асновай ТОРЫ. Лічыцца, што духоўнымі крыніцамі ТОРЫ з'яўляюцца інтэлектуальныя атрыбуты Ўсявышняга, а духоўнымі крыніцамі свету — эмацыйныя. Розніца між гэтымі атрыбутамі Бога добра відна праз чалавека. Інтэлект не патрабуе наяўнасці другога чалавека. Нават калі чалавек застаецца сам-насам і яму няма каму распавесці сваі ідэі, ён можа працягваць працэс мыслення. А вось эмоцыі заўсёды патрабуюць партнёра. Таму, вывучаючы ТОРУ, чалавек як бы заглыбляецца сам у сябе і наўпрост сумоўнічае з Усявышнім. ТОРА (Пяцікніжжа Майсея) мае два вымеры: АГАДА і ГАЛАХА. Першы вымер — АГАДА — утрымлівае гістарычныя факты, звязаныя з дарункам габрэйскаму народу ТОРЫ, з вяртаннем іх у зямлю абетаваную ды іншымі падобнымі падзеямі, другі вымер — ГАЛАХА — утрымлівае збор законаў, якія мусіць дакладна выконваць кожны габрэй. Гэтыя законы раскіданыя па кнігах Святога Пісання і выяўляюцца адно паводле граматычнай формы: “І сказаў Бог: “Рабіце/не рабіце тое і тое””. Усе гэтыя законы згадваюцца ў кантэксце розных гістарычных падзей. Да прыкладу, першым МІЦВО (“запаветам”), дадзеным чалавеку Богам, з'яўляецца наступны: “ПРУ УРВУ”, “нараджайце і памнажайцеся”; (Брейшіт 1, 28). Гэты МІЦВО быў дарованы Адаму и Хаве (Еве) яшчэ да іх грэхападзення. Такім чынам, АГАДА (у дадзеным выпадку гісторыя аб стварэнні Адама і Хавы) мусіць дэманстраваць толькі гістарычны кантэкст таго ці іншага запавету, а значыць заўсёды адыгрывае падначаленую ролю адносна ГАЛАХЕ. Тым не менш, падчас павярхоўнага знаёмства з Святым Пісаннем складаецца ўражанне, што Пяцікніжжа Майсея — гэта найперш гістарычныя кнігі. Бо там разгортваецца досыць паслядоўная гісторыя ад пачатку стварэння свету. І гэта можа заблытаць нас, бо АГАДА не мае ніякага самастойнага значэння. Паводле талмудычнага аўтарытэту рабі Іцхака, ТОРУ трэба было б пачынаць з слоў “Гэты месяц для вас — галоўны месяц”; (Шмот 12, 2), раз яны ўтрымліваюць самы першы запавет, дарованы габрэям. Тое, што ТОРА пачынаецца з расповеду аб стварэнні свету, Рашы — самы выбітны каментатар кніг Святога Пісання — тлумачыць наступным чынам: так было зроблена дзеля таго, каб паказаць магуту Бога, які ўладарыць над зямлёй і сам вырашае, каму перадаваць уладу над ёй. Сказана: “Моц спраў Сваіх явіў Ён народу Свайму, каб даць яму ў валоданне плямёны”; (Тэілім 111, 6). Таму калі скажуць народы свету Ізраілю: “Злачынцы вы, захапіўшыя землі сямі народаў”, дык габрэі адкажуць ім: “Уся зямля належыць Святому, дабраславёны будзе Ён. Ён стварыў яе і даў яе таму, да каго ласку мае” [Дарэчы, на старажытнагабрэйскай мове адно з выслоўяў “стварыў неба і зямлю” (“КОЙНЭ ЭС АШОМАІМ ВЕЭС ООРЭ Ц”) дакладна перакладаецца як “купіў неба і зямлю”]. У хрысціянстве зусім іншае стаўленне да кніг Святога Пісання. Там вымер ГАЛАХІ цалкам выдалены, і яно разглядаецца як гістарычны аповед, хай сабе нават і пра сакральныя падзеі. Усе Боскія запаветы маюць толькі характар рэкамендацый. Яны перастаюць разумецца літаральна і трактуюцца метафарычна ці праз аналогіі. Да прыкладу, хрысціянскі запавет: “Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую, а таму, хто забраў у цябе апранаху, не замінай адабраць і кашулю” (Ад Лукі 6, 29) ніяк не можа разумецца літаральна. Другі прыклад. З пазіцый юдаізму манаства з'яўляецца грахом, бо самы першы запавет, дарованы людзям: “нараджайце і памнажайцеся”. Як бачым, гэты запавет цалкам супярэчыць адмаўленню шлюбу ў манастве. А для хрысціянскай экзагезы тут няма ніякай супярэчвы. У хрысціянстве лічыцца, што закон цалкам, усе МІЦВОЙС, у сваю пару выканаў Ісус Хрыстос, таму просты хрысціянін, які верыць ва ўваскрасенне Ісуса, не павінен трымацца габрэйскага закону. З гэтага здараюцца цікавыя казусы. Да прыкладу, у кнігах Святога Пісання жорстка патрабуецца выконваць правілы гігіены. Прыгадаю толькі некаторыя сітуацыі, калі габрэі мусяць мыць рукі: (1) пасля прабуду са сну, (2) пасля прыбіральні, а таксама пасля стрыжкі, галення, абразання пазногцяў, (3) пасля могілак ці ўдзелу ў пахаванні, (4) пасля кранання рукой абутку, ног ці тых частак цела, якія зазвычай пакрыты адзеннем, і г.д. Да таго ж, падчас мыцця трэба прамаўляць адмысловае БРОХО — “дабраславенне”. Між іншым, яшчэ адзначым: перад кожным надыходам суботы рэкамендуецца абмываць усё цела. Мяркую, што дактары, якія заклікаюць трымацца гігіены, мусяць быць задаволены такім стўленнем да чысціні. А ў хрысціянстве ўсяго гэтага няма. Кожны сам мяркуе, як яму вырашаць праблемы чысціні цела і ці вырашаць іх хоць як. Таму няма нічога дзіўнага, што ўсе гігіенічныя нормы сучаснай цывілізацыі ёсць вынікам развою свецкай культуры, і з гэтага не маюць сакральнага статусу. Вядома, што ў сярэдневеччы хрысціяне спрэс грэбавалі самымі простымі гігіенічнымі працэдурамі. Нават каранаваныя асобы ставіліся да гігіены, як да нечага ганебнага. Прыкладам, каралева Іспаніі Ізабэла Кастыльская (канец ХV ст.) казала, што купалася ўсяго двойчы за жыццё — першы раз яе цалкам абмылі пры нараджэнні, а другі — перад вяселлем. У Луўры, паводле Дзюма, не было прыбіральняў, і кожны спраўляў патрэбу там, дзе знаходзіў для гэтага месца. У гарадах нечыстоты выплюхваліся на вуліцы. А ў габрэяў побач з фекаліямі і памыямі забаранялася нават размаўляць, не кажучы ўжо пра тое, каб маліцца. Многія хрысціянскія святыя ўвогуле ніколі не мыліся. Пра Бенедыкта Авеньянскага распавядалі, што “мноства вошай поўзала па яго грубай скуры, кусаючы ягонае цела, зняможанае пастамі”. Згодна з статутам манаскага ордэна цыстарыянцаў, той, хто мыўся без дазволу, адлучаўся ад прычасця, а паводле статуту манаскага ордэна картэзіянцаў, забаранялася купацца ў рэках і запрудах. Манахам Монтэ-Касіна дазвалялася мыцца ў самых скрайніх выпадках, але й для гэтага патрабаваўся дазвол генеральнага капітула. Зазвычай каталіцкім манахам можна было мыцца не болей за два разы на год. Грэбаванне гігіенай спараджала жахлівыя эпідэміі чумы і халеры. Да прыкладу, у 1347—1350 гг. падчас эпідэміі чумы памерла каля 25 мільёнаў людзей. На тую пару гэта была чвэрць насельніцтва Еўропы! У юдаізме мы знаходзім дакладнае прадумванне таго, як мусяць выконвацца запаветы ў залежнасці ад пэўных жыццёвых сітуацый. Прыкладам, у выпадку адсутнасці вады рэкамендавалася ачышчаць рукі дробным пяском, які ў кліматычных умовах Бліжняга Ўсходу быў амаль усюды. У ісламе, як і ў юдаізме, існуюць падобныя законы, якія мусяць абавязкова выконвацца. Гэтаксама вернікі павінны сачыць за гігіенай і ў варунках адсутнасці вады чысціць рукі дробным пяском. “Вы, якія паверылі! Не чыніце малітвы ў п'яным стане, [і чакайце], пакуль не ўсвядоміце таго, што кажаце. [Не чыніце малітваў] у апаганеным стане, пакуль не здзейсніце [прадпісанага] абмывання, калі толькі вы не знаходзіцеся ў дарозе. Калі ж вы хворыя ці знаходзіцеся ў дарозе, калі нехта з вас вярнуўўся з прыбіральні ці меў зносіны з жанчынай і калі вы не знойдзеце вады, дык умыйцеся чыстым дробным пяском і пасыпце ім ваш твар і рукі [да локцяў]. Сапраўды, Алах выбачае, даруе. (Сура 4, Жанчыны, 43)”Той факт, што арабы ў рытуальных мэтах часам абмываюцца дробным пяском, мы знаходзім у каментары Рашы на наступныя словы: “Хай будзе ўзята трохі вады, абмыйце ногі вашыя і схіліцеся пад дрэвам”; (Брэйшіт 18, 4; сінод. Быццё 18, 4). Гэтымі словамі Аўраам запрашае трох незнаёмых яму людзей зайсці ў ягоны шацёр, але перадусім прапаноўвае абмыць ім ногі. Рашы тлумачыць гэта тым, што Аўраам прыняў вандроўных людзей за арабаў, якія пакланяюцца праху (дробнаму пяску) на сваіх нагах. Аўраам жа вельмі строга сачыў, каб у ягоны дом не трапіла нічога ад культу пакланення ідалам. З гэтым, з меркавання Рашы, пагоднена таксама й тое, што Лот, не такі праведнік, як Аўраам, які не надта пільна сачыў, каб ідалы не патраплялі ў ягоны дом, прапанаваў незнаёмцам спачатку зайсці ў шацёр, а ўжо затым абмыць ногі: “пераначуйце і абмыйце вашыя ногі”; (Брейшіт 19, 2; сінод. Быццё 19, 2). Чужыя юдаізму рэлігійныя рытуалы — ідалапаклонства (ОВОЙДО ЗОРО) (дакладны пераклад: “чужая праца”) і рытуал ачышчэння ног пяском у арабаў ёсць таксама. Каментар Рашы цікавы яшчэ й тым, што, на першы погляд, тлумачэнне тут падаецца нейкім недарэчным, раз арабы як народ паходзяць ад Аўраама, а калі больш дакладна, дык з’яўляюцца нашчадкамі Ішмаэля (Ісмаіла), а таму падчас згаданых падзей было ўсяго нейкіх 13 гадоў. Да таго ж, рытуальнае ачышгчэнне дробным пяском у арабаў было прынята толькі пасля пропаведзі Мухамеда. Рашы жыў у Францыі, і таму быў добра знаёмы з арабскай культурай і ўсе гэтыя гістарычныя складовыя добра ведаў. Чаму ж ён дазволіў сабе відочную гістарычную недакладнасць? Тлумачыцца гэта тым, што АГАДА, г.зн. гістарычны аповед, не адыгрывае самастойнай ролі. ТОРА (Пяцікніжжа Майсея) —не гістарычны аповед, але адно вечнае сучаснае. У гэтым плане юдзейскае разуменне біблейных кніг радыкальна розніцца ад хрысціянскага. У аснову кладзецца не гістарычны аповед (АГАДА), а закон (ГАЛАХА), для якога падзеі з розных часоў праецыруюцца на адну агульную плашчыню, дзе час не мае ніякага значэння. Маўляў, “закон ёсць законам”. Таму для Рашы істотная не гістарычная, а лагічная сувымернасць розных месцаў ТОРЫ. Аўраам прапануе незнаёмцам на пачатку абмыць ногі, а потым зайсці ў дом, а Лот — наадварот. Супрацьлеглая паслядоўнасць дзеянняў відочная. Хай гэта будзе для нас першай тэзай дзеля развагі. Затым нам вядома, што Лот хаця й быў пляменнікам Аўраама, але асаблівай праведнасцю не вылучаўся. А вось Аўраам быў бездакорным праведнікам. Хай гэта будзе для нас другой тэзай. Заўважым, што, дзякуючы апошняй, мы ўпэўнены ў бездакорнасці дзеянняў Аўраама з пазіцыі ГАЛАХІ (а менавіта ўсіх 613 габрэйскіх запаветаў). Цяпер нам трэба зрабіць выснову з абедзвюх тэзаў, якая й стане тлумачэннем памянёнага біблейнага эпізоду. Дзеля таго належыць адказаць на пытанне: які запавет з 613-ці ў дадзеным выпадку выканаў Аўраам, але парушыў Лот, г.зн. суаднесці ўчынкі Аўраама і Лота з ГАЛАХОЙ. Найлепшым, бадай, тут будзе наступнае тлумачэнне: пясок на нагах чужынцаў мог быць рытуальна забруджаным і тым самым апаганіць жытло Аўраама, таму гаспадар на ўсялякі выпадак прапанаваў ім абмыць ногі. Варта зважыць, што ўсе каментары Рашы ёсць вынікам лагічнай апрацоўкі біблейных тэкстаў, і ў бальшыні выпадкаў уяўляюць з сябе юрыдычныя канструкты, якія суадносяць канкрэтныя паводзіны біблейных персанажаў з ГАЛАХОЙ (законам). Такую любоў да логікі, якую мы бачым у Рашы, немагчыма сустрэць у хрысціянскіх багасловаў — для іх мае значэнне толькі гістарычная паслядоўнасць. Лагічная прапрацоўка самых дробных дэталяў у працах юдзейскіх аўтарытэтаў рэзка кантрастуе з захопленасцю светам хрысціянскіх мысляроў. Для хрысціянства дэталі і падрабязнасці, як і лагічнае дапасаванне з'яў увогуле, не маюць асаблівага значэння. Прыкладам, ні адзін хрысціянскі багаслоў ніколі не зможа памысліць, ці спраўляў Ісус Хрыстос натуральныя патрэбы, альбо ці меў ён семявывяржэнне і г.д. Аднак у разе, калі Ісус усяго названага не рабіў, ён быў цалкам вольным ад чалавечай прыроды, што супярэчыць дагматам хрысціянства. А вось для юдаізму няма нічога саромнага ў высвятленні, скажам, такіх пытанняў, як спосаб рытуальнага ачышчэння пасля спантаннага семявывяржэння, правілы пабудовы прыбіральняў і нормы паводзін у іх. Карацей кажучы, у юдаізме абсалютна ўсе праявы чалавечай цялеснасці мусяць быць прааналізаванымі з пазіцыі ГАЛАХІ. Двайная мараль тут абсалютна немагчымая. 5. Логіка як падмурак вечнай сацыяльнай тэхналогіі Адсутнасць двайной маралі магчымая толькі ў адным выпадку — калі ўсе дэталі дапасаваны між сабой з пазіцыі логікі. Логіка валодае самай высокай мерай прымусу. Гэта адзіная навука, якая за ўсю гісторыю свайго афіцыйнага існавання (а гэта больш за дзве з паловай тысячы гадоў) ніяк не змянілася ў сваіх асновах. Нават матэматыку закранулі істотныя перамены — на пачатку яна базавалася на геаметрыі (старажытнагрэцкая матэматыка), затым на алгебры (класічная матэматыка), а цяпер у яе аснове палягае матэматычная логіка (у прыватнасці, катэгарыяльная ці алгебраічная логіка). Кожная навуковая веда трансфармуецца і адмірае, акрамя логікі. Толькі гэтая навука акрэслівае мяжу нашага мыслення, за якой нічога няма — адно моўча. Логіка — гэта вечная навука. Таму вечная сацыяльная тэхналогія будуецца на аснове логікі. І больш за тое — на аснове фармальнай логікі. Сама па сабе пісьмовая ТОРА (Пяцікніжжа Майсея) як крыніца ГАЛАХІ выкладаецца не лішне ўцямна для непадрыхтаванага чытача, таму патрабуе дадатковай працэдуры каментавання і аналізу: “Бог не жадаў пісаць ТОРУ настолькі ясна, каб яна не патрабавала ніякіх тлумачэнняў” [Моше Хаим Луцатто. Очерк об основах иудаизма / Перевод Е.Разжывинай и А.Шклярова. — СПб., Академический проект, 2001. — С. 39.]. З гэтага логіка робіцца галоўным апірышчам вуснай ТОРЫ — фундаментам галахічнага дыспуту, які вызначае, што з'яўляецца законам Усявышняга, а што — не. З цягам часу вусная ТОРА аформілася ў шматтомны збор кніг, які называецца Талмудам. Ці не самы вядомы равін сучаснасці, Адзін Штэйнзальц, параўноўваючы логіку Талмуду з матэматычнай логікай, сцвярджае, што талмудычная логіка, адрозна ад матэматычнай, апісвае і тлумачыць усё, што ёсць, з улікам любых магчымых кантэкстаў (casestudies), г.зн. на падставе аналізу ўсіх роўнаверагодных выпадкаў, калі тым часам матэматычная логіка абстрагуецца ад канкрэтных кантэкстаў. “Такая дакладнаць і пільнасць (логікі Талмуду — А.Ш.) нагадвае дакладныя навукі. (Напрыклад, добра вядома, што ў матэматыцы не бярэцца ў разлік амаль даведзенае цверджанне: каб яно было прынятае, матэматык мусіць падаць доказ кожнага з пунктаў.) Але строгасць Талмуду не сувымерная з матэматычнай, бо ён уводзіць прынцып абсалютна дакладнага разгляду для ўсіх існых у свеце аспектаў, незалежна ад таго, належаць яны да матэрыяльнай сферы ці духоўнай” [Рав. Адин Штейнзальц. Введение в Талмуд. —М., Изд-во Российский научный центр “Курчатовский институт”, 1993. —С. 3.]. Многія законы, апісаныя ў Талмудзе, выведзены непасрэдна з пісьмовай ТОРЫ. Але ёсць і лагічна дамысленыя. Такія законы называюцца законамі Мудрацоў. “Можна было б уключыць законы Мудрацоў у саму ТОРУ, але Бог вырашыў, што яны мусяць паходзіць ад нас” [Моше Хаим Луцатто. Очерк об основах иудаизма / Перевод Е.Разжывинай і А.Шклярова. —СПб., Академический проект, 2001. —С. 45.]. Такім чынам, калі пісьмовая ТОРА ёсць вынікам Адкрыцця, дык вусная ТОРА — гэта логіка-дыскурсіўнае асэнсаванне ўсяго, што ёсць, г.зн яна яўляе з сябе логіку, якая улічвае ўсе роўнаверагодныя выпадкі. Асноўны дэвіз вуснай ТОРЫ выяўлены ў закліку: “ВААСУ СЙОГ ЛЕСОЙРО”, “і рабіце агароджу для вучэння (ТОРЫ)”; (Піркей Авот 1, 1). Гэты заклік цвердзіць, што патрэбна лагічна дабудоўваць законы ТОРЫ. Іншымі словамі, “агароджай вучэння” называецца лагічнае дапасаванне ўсіх дэталяў і выдаленне магчымых суярэчнасцяў. Прыгадаю прыклад таго, як выдалялася, здавалася б, неадольная супярэчнасць у судовай заяве. “Два чалавекі стаяць перад судом, трымаючыся за ТАЛІС [ТАЛІС (на іўрыце ТАЛІТ) — хусціна мужчын-габрэяў, якая цяпер скарыстоўваецца адно ў якасці малітоўнай прыналежнасці]. Адзін з іх сцвярджае, што менавіта ён знайшоў яго. А другі пярэчыць, кажучы, што знайшоў яго ён” (Бава Мецыа 1, 1). Да таго ж, кожны даводзіць, што ТАЛІС цалкам належыць яму, і кожны клянецца, што хаця б палова ТАЛІСУ з'яўляецца ягонай уласнасцю. У такім разе суд павінен вырашыць, што кожны з падалых скаргу мае права на палову ТАЛІСУ, таму ТАЛІС мусіць быць падзелены на дзве паловы. Гэта азначае: не маючы магчымасці вырашыць супярэчнасць, мусяць прыйсці да ўзаемнага кампрамісу. У Талмудзе былі выпрацаваны вельмі складаныя схемы лагічных разваг. Прыкладам, маецца своеасаблівы аналаг класіфікацыі ўсіх разваг — на аналітычныя і сінтэтычныя a priori. І гэтак, упершыню падобная класіфікацыя з'явілася не ў Э. Канта, а ў Талмудзе. Паводле Канта, аналітычнай развагай называецца такая, у якой усе выкарыстаныя паняткі маюць агульны род, г.зн. між імі лёгка ўстанавіць родавідавыя сувязі. Да прыкладу, аналітычнай будзе развага “чалавек ёсць жывёлінай”, раз “жывёліна” з'яўляецца родам для панятку “чалавек”, а “чалавек” ёсць адным з відаў “жывёл”. Сінтэтычнай a priori называецца такая развага, у якой між паняткамі не існуе родавідавых сувязяў, але пры гэтым між іх лёгка праглядаюцца прычынна-паследныя сувязі: “калі ёсць агонь, дык ёсць і дым”. У логіцы Талмуду аналітычным развагам адпавядаюць (1) правілы “частковае последам за агульным” (КЛОЛ УФРОТ) і “агульнае последам за частковым” (ФРОТ УКЛОЛ), тады як сінтэтычным apriori адпавядаюць (2) правілы “звужэнне последам за пашырэннем” (РЫБУЙ УМІУТ) і “пашырэнне последам за звужэннем” (МІУТ УРЫБУЙ). 1. Правіла “частковае последам за агульным” азначае: калі частковая пазіцыя згадваецца пасля агульнай, дык улічваецца толькі частковая. Прыкладам, ахвяры мусяць быць з “жывёл, з буйной рагатай скаціны, з дробнай скаціны...” (Ваікра 1, 2). Гэта не азначае, што ахвяры могуць быць з любых жывёлаў, але толькі з буйной і дробнай скаціны. Паводле правіла “агульнае последам за частковым”, калі агульнае згадваецца адразу за частковым, дык бярэцца пад увагу толькі агульнае. Прыкладам “не бяры у ахвяру …быка і ягня, у якіх будзе нейкая хвароба ці любая загана …” (Дварым 17, 1). Гэта азначае, што забаронена прыносіць у ахвяру быка і ягня з любой заганай. Вышэй згаданыя правілы прадугледжваюць унутры развагі выключна родавідавыя сувязі. 2. “Пашырэнне”ўжываецца ў тым выпадку, калі ў развагах сустракаюцца словы: “разам”, “таксама”, “аднак”. Прыкладам, слова “разам” (ЭС) двойчы сустракаецца ў наступным радку: “на пачатку стварыў Богнеба (ЭС АШОМАІМ) і зямлю (ВЭ-ЭС ООРЕЦ)” (Брэйшіт 1, 1). Гэта азначае, што ў тлумачэнні неабходна пашырыць сферу, ахопленую пэўным паняткам, інакш кажучы, уключыць у яе ўсё, што было створана разам з зямлёй і нябёсамі (сонца і зоры, дрэвы, траву і г.д.). “Звужэнне” выкарыстоўваецца пры наяўнасці ў развазе слоў “але”, “толькі”, “з”. Прыкладам, сама наяўнасць часціцы “з” у радку “…калі прынясе ахвяру з скаціны” (Ваікра 1, 2) кажа пра тое, што не ўсялякая скаціна можа быць прынесена ў ахвяру — выключаюцца жывёлы, якім пакланяюцца як ідалам. Адрозненне правіл “звужэнне последам за пашырэннем” (адпаведна “пашырэнне последам за звужэннем”) ад правіл “частковае последам за агульным” (адпаведна “агульнае последам за частковым”) у тым, што ў першым выпадку адсутнічаюць родавідавыя сувязі ўнутры выказвання. Прыкладам, у развазе “і заплаціш ты грошы за ўсё, што пажадаеш: за буйную рагатую скаціну і за дробную скаціну…” (Дварым 14, 26) паняткі “усё, што пажадаеш” і “буйная рагатая скаціна” не маюць агульнай асновы. Дзякуючы логіцы, вечныя сацыяльныя тэхналогіі робяцца празрыстымі, іх механізм бясконцай рэплікацыі адных і тых самых сацыяльных схем становіцца ўсвядомленым і зразумелым. Нарадзіўшыся ў гэтым свеце, я апынаюся не толькі ў адбудаваным універсуме вечных сацыяльных стасункаў, але й здольны разумець іх і з гэтага дабудоўваць новыя. Атрымліваецца, што, дзякуючы логіцы, вечныя сацыяльныя тэхналогіі могуць разгортвацца і ўзмацняцца. Прастора вакол мяне становіцца дыскурсіўна асэнсаванай. Я пачынаю ўсведамляць: калі дакладна выконваць усе запаветы, дык са мной не здарыцца нічога выпадковага, бо мой свет будзе гарманічным і спрэс упарадкаваным. З гэтага выкананне запаветаў набывае глыбокі сакральны сэнс. Урэшце, і сам Усявышні выконвае тыя ж запаветы, што і Ізраіль, бо напісана: “Агалосіў ён словы свае Якаву, статуты і законы Свае — Ізраілю”; (Тэілім 147, 19). У Мідрашэ (гл. Шмот Раба 30, 9) гэта тлумачыцца наступным чынам: “Ёсць такія, якія аддаюць каманды другім, каб яны іх выконвалі, але не выконваюць іх самі. Аднак тое, што Бог выконвае Сам, Ён запавядае другім...”. Такім чынам, калі сцвярджаецца, што “словы, статуты і законы”, якія Бог аддае ў запавет іншым, — “Ягоныя”, дык маецца на ўвазе, што Бог іх і сам выконвае. Кожная вечная сацыяльная тэхналогія ўрэшце рэшт збудавана на тым, што чалавек смяротны, але ён можа пакінуць па сабе нашчадкаў і тым самым падоўжыць сваё існаванне. Аднак дзеля гэтага ён мусіць трансляваць тыя сацыяльныя стасункі, якія дазволяць ягоным нашчадкам адчуваць сябе гэтаксама камфортна, як адчуваў сябе ён, дзякуючы сваім бацькам. У выніку сям'я паўстае крыніцай вечнай рэплікацыі сацыяльных схем. Таму сям'я мусіць захоўваць сваю чысціню з пакалення ў пакаленне. З гэтага ў юдаізме забаронены полавыя зносіны між блізкімі сваякамі (не абавязкова крэўнымі), нельга выходзіць замуж ці жаніцца з язычнікамі (гл. Дварым 7, 3), МАМЗЕР (“народжаны ў выніку вычварнай сувязі”; прыкладам, народжаны ад блізкага сваяка ці праз здраду замужняй жанчыны) не можа мець шлюбных стасункаў з габрэйкай, мужчыну з пашкоджанымі дзетароднымі органамі нельга браць шлюб з габрэйкай (гл. Дварым 23, 2) і г.д. У выніку ўсіх гэтых законаў Ізраіль ператвараецца ў прыклад вечнай рэплікацыі базавых схем праз мноства пакаленняў. З усяго гэтага вынікае, што маё цела ёсць інструментам трансляцыі вечнай сацыяльнай тэхналогіі. І я магу дасягнуць вечнасці, дзякуючы факту ўласнага існавання. Літаратура: 1. Stern M.E. Lehrbuch der Herzenspflichten. —Wien, 1856. 2. Левуш М. По образу и подобию. —Йерушалаим, 2002. 3. Моше Хаим Луцатто. Очерк об основах иудаизма / Пераклад Е.Разжывинай и А.Шклярова. —СПб., Академический проект, 2001. 4. Нисан Мендель. Философия Хабада. Рабби Шнеур-Залман из Ляды / Пераклад з англ. Е.Рывеліса. —Вільня, “Шамир—Гешарым—Viltis”, 1990. 5. Рабби Шнеур-Залман из Ляды. Ликутей Амарим (Тания). —Вільня, “Вага — Гешарым”, 1990. 6. Рабби Элияу Виленский Гаон. Совершенная мера. —Іерусалим, Швут Ами, 1998. 7. Рав. Адин Штейнзальц. Введение в Талмуд. —М., Выдавецтва Российский научный центр “Курчатовский институт”, 1993. 8. Тора (Пятикнижие Моисеево). —М., Шамир, 1993.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||