|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
Андрэй ШУМАН. АШКЕНАЗСКІЯ ГАБРЭІ ЯК АДЗІН |
Лекцыя 1 |
План: 1. Праблемы вывучэння беларускай гісторыі У расейскіх правінцыйных колах апошнім часам вельмі актыўна абмяркоўваецца тэма славянскага (дакладней — “великоросского”) адраджэння, цэнтрам якога мусіла б стацца Беларусь. Пры тым, прэзідэнта А. Лукашэнку почасту бачаць кандыдатам на ролю збаўцы ад “бусурман” і ўвогуле ўсяго іншаземнага — гэтакім сучасным “Рычардам Львінае Сэрца”, які ачоліць крыжовы паход супраць “амерыканізацыі”, “макдоналізацыі”, “панавання габрэяў” ды іншага. Гэткія спадзяванні вынікаюць найперш з варункаў дамінавання ў Беларусі сацыяльна арыентаванай эканомікі (чаго якраз не стае Расеі з яе алігархамі), па-другое ж, — з тае акалічнасці, што Прэзідэнт Беларусі практычна не карыстаецца нацыянальнай мовай, аддаючы перавагу мове расейскай, а таму й прымаецца ў суседняй краіне за расейца. Падобная сітуацыя была б немагчымай нідзе ў свеце. Але гаворка цяпер не пра гэта. Ува ўсіх чаканнях разгортвання славянскага адраджэння з Беларусі не ўлічваецца той факт, што беларускі этнас радыкальна розніцца ад расейскага — і паводле этнічнага субстрату і паводле менталітэту. Мусім тут удакладніць: пад этнічным субстратам разумеюцца антрапалагічныя характарыстыкі этнасу (збудова чэрапу, колер валасоў і г.д.), і па гэтых характарыстыках беларусы значна бліжэй да заходніх славян і літоўцаў, чым да рускіх, а палешукі (карэнныя жыхары Палесся) — да ўкраінцаў. Што тычыцца менталітэту, дык насуперак “русской бесшобашности” і рызыканцкаму “авось” у беларусаў паўстаюць бязмерная цярплівасць і асцярожнасць. Гістарычныя і культурныя адрозненні беларусаў і рускіх добра заўважныя. Бадай, мала хто з расейцаў здагадваецца, што на лексіку беларускай мовы вельмі істотны ўплыў сваім часам зрабіў ідыш — мова ашкеназскіх габрэяў (сюрпрыз для расейскіх антысемітаў) — і што беларуская літаратурная мова, сфармаваная напрыканцы 19 — пачатку 20 стст., куды бліжэйшая да польскай, чым да расейскай. На жаль, беларусаў да гэтай пары ўспрымаюць у Расеі дастаткова суб’ектыўна — як адну з правінцыйных плыняў расейскай нацыі. Шмат хто з расейскіх палітолагаў нават лічаць расейцаў і беларусаў за адзін народ, і незалежнасць Беларусі падаецца ім нейкім гістарычным казусам, ад якога належыць як мага хутчэй збавіцца. У Беларусі пакуль не сфармавалася нацыянальная эліта, якая адчувала б уласную гістарычную ўкарэненасць і адказнасць за пераемнасць векавой традыцыйнай культуры. Малаўжывальная пакуль у элітарных колах і беларуская мова. А памяць пра мінуўшчыну застыгла недзе ў каардынатах Другой усясветнай вайны і наступных за ёю падзей. Ствараецца ўражанне, што да памянёнай вайны беларусаў не было зусім. Акадэмічны курс “Другая ўсясветная вайна” — абавязковы для ўсіх ВНУ краіны — афіцыйна ўціскае фармаванне і развіццё беларускай ідэнтычнасці ў надзвычай кароткі тэрмін — усяго толькі нейкіх 60 год [Такая гістарычная памяць фактычна ахоплівае жыццё адно трох пакаленняў. Таму цяперашняя моладзь не мае крыніц усведамлянай гістарычнай пераемнасці, акрамя спамінаў сваіх бабуль і дзядуль.]. Усё гэта насамрэч ёсць доўжаннем БССРаўскай сітуацыі, калі пра культурную гісторыю беларусаў да г.зв. Кастрычніцкай рэвалюцыі наагул і не згадвалася. Да прыкладу, у Беларускай савецкай энцыклапедыі складана знайсці які-кольвек прыкметны факт ці хоць бы напамін пра слынную асобу да падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтак і цяпер — беларускую гісторыю зноў свядома звужаюць. Няведанне ж гісторыі — згубнае для культурнай ідэнтычнасці... Гэтая лекцыя прысвечана толькі аднаму з аспектаў беларускай гісторыі — больш чым шасцісотгадовай прысутнасці ў ёй габрэйскага народу, што аказала неадменны ўплыў на культуру карэннай нацыі. Каб засведчыць апошняе, пачнём ад з’яўлення габрэяў на Беларусі. 2. Габрэі ў Вялікім Княстве Літоўскім Адным з першых юрыдычных дакументаў, што рэгламентавалі жыццё габрэйскай абшчыны на беларускіх землях, быў прывілей князя Гарадзенскага і Трокскага Вітаўта, выдадзены берасцейскім габрэям 24 чэрвеня 1388 г. у Луцку. Гэтым прывілеем усталёўваліся юрыдычныя нормы адносна ўмоў пражывання габрэяў у Вялікім Княстве Літоўскім: гарантавалася недатыкальнасць асобы і свабода веравызнання і набажэнстваў; паводле дэкрэтаў рымскіх пап забаранялася абвінавачваць габрэяў за нібыта ўжыванне крыві хрысціян у рытуальных мэтах; габрэям дазвалялася набываць рухомую і нерухомую маёмасць. Па многіх юрыдычных пунктах габрэйскае насельніцтва ўроўнівалася ў правах з саслоўем шляхты. Прыкладам, забойства габрэя хрысціянінам выклікала гэткія ж карныя наступствы, як і загуба шляхціча. Другі прывілей Вітаўта, выдадзены гарадзенскім габрэям 18 чэрвеня 1389 г., рэгламентаваў жыццё габрэйскай абшчыны. Паводле гэтага дакументу сінагога і габрэйскія могілкі былі вызвалены ад падаткаў. Варта зважыць: у ХІV ст. прывілеі Вітаўта аказаліся самымі талерантнымі з усіх юрыдычных дакументаў, выдаваных габрэям у Еўропе: менавіта ў Вялікім Княстве Літоўскім ім гарантавалася значна болей правоў і свабод, чым у якой іншай еўрапейскай краіне. Гэткім чынам князь Вітаўт свядома імкнуўся прывабіць у краіну новых габрэяў — з мэтай пашырэння і ўмацавання тады яшчэ вельмі нязначнага гандлёвага саслоўя краіны. І ад часу княжання Вітаўта габрэйскае насельніцтва ВКЛ паслядоўна павялічвалася. Прывілеі Вітаўта стварылі юрыдычны прэцэдэнт, пасля якога ўсе законы Вялікага Княства Літоўскага сталі вызначацца асаблівай талерантнасцю адносна габрэйскага насельніцтва — па многіх юрыдычных пунктах габрэі уроўніваліся з шляхтай. У якасці ілюстрацыі прыгадаем толькі адзін фрагмент з Статуту ВКЛ 1588 г.: “Роздел дванадцатый. Артыкул 7. О головщинах и навезках жидовских. Гды бы жид жида на смерть забил, ранил або избил, тогды о том суд и сказанье промежку них маеть быти чинено водлуг прав и привильев их. А естли бы шляхтич забил жида, а был бы пойман на горячом учинку, тогды маеть горлом быти каран, але вжо головщина плачона не будеть. А так же се маеть разумети и о розбою, а шкоды при забитью албо розбои вделаные в маетности того забойцы або разбойника за доводом плачоны быти мають. Гды бы шляхтич водлуг артыкулов вышшых в сем статуте описаных, поконан в том был, также и о неоселой шляхте, которые никому не служачи, а толко костырством а пъянством бавятся, а таковый учинок пополнили, иж таковой же вине, яко и тые, которые на горячом учинку будуть поймани, подлегають. А если бы который шляхтич неумысльне с пригоды таковы учинок пополнивши утек, тот, будучи з оселости до суду належного позван, за переводом правным того такого учинку горла не тратить, але гды присягнеть, иж неумысльне забил, толко головщину, а за раны навезку за доводом правным яко шляхтичу платити маеть. А где бы се тое забойство жиду от християнина стану простого чоловека стало, тот, хотя бы на горячом учинку не был пойман, але до права своего, под которым седети будеть, притягнен будучи, за переводом правным горлом каран быти маеть. А естли бы ранил так, ижбы раны значные и шкодливые битые або крвавые были, тогды за то навезку маеть платити яко шляхтичу водле статуту. А если бы тот был так убогий, ижбы не мел чим навезки платити, тогды за то везеньем каран быти маеть водле их привилья, а барверу предсе за лекарство заплатити. А за менший бой так же седеньем через колько дней водле узнанья врядового каран быти маеть. А естли бы на члонку котором охромен был, тогды то водле сего статуту сужоно маеть, яко о навезках описано ест. А в инших речах они водлуг привильев своих сужоны и захованы быти мають, а сами жидове, гды в чом от кого обвинены будуть — от воевод, старост и державец наших и от инших станов, которые з них под чиею владзою будеть без позву, яко иншие подданые наши, тые, которые вольности шляхетское не вживають, сужоны и сказованы быти мають водлуг прав и привильев, им наданых. А естли бы который жид або жидовка до веры християнское приступили, тогды кождая такая особа и потомство их за шляхтича почитаны быти мають”. З часоў прывілеяў Вітаўта габрэйскае насельніцтва беларускіх гарадоў на доўгія гады атрымала самакіраванне — КАГАЛ, які займаўся зборам падаткаў ды іншымі адміністратыўнымі пытаннямі гарадскіх габрэяў. Заўважым, што слова КАГАЛ запазычана беларускай мовай ды таксама існуе ў ёй у форме “кагалам”, што азначае “разам”, “сумесна”. Габрэйскае самакіраванне праіснавала да 1844 г., калі Расейскай каланіяльнай адміністрацыяй быў выдадзены загад аб скасаванні КАГАЛУ і падаткаабкладанні габрэяў на тых жа ўмовах, што й хрысціянскага насельніцтва. Пасля гэтага гарадскія габрэі пачалі аб'ядноўвацца ў габрэйскія таварыствы на чале са старастамі. 3. Габрэі ў Беларусі Напрыканцы ХVІІІ ст. габрэйскае насельніцтва Беларусі было ўжо даволі шматлікім. Маюцца больш-менш дакладныя звесткі аб колькасці габрэйскага насельніцтва Рэчы Паспалітай у канцы 80-х — пачатку 90-х гг. ХVІІІ ст. Паводле польскага асветніка С.Сташыца, габрэяў налічвалася каля 800 тыс. чалавек — гэта прыкладна 6,3% ад усяго насельніцтва краіны. А згодна з дадзенымі Саламона Бенэта, габрэйскае насельніцтва складала больш як 2 млн. чалавек. За найбольш аб’ектыўныя прымаюць дадзеныя М.Бутрымовіча — пасла Сойму 1788—1792 гг. ад Пінску. Паводле ягоных падлікаў, габрэяў у Рэчы Паспалітай было прыкладна 900 тысяч. Між іншым заўважым, што на тую пару мяшчан тут жыло толькі 500 тыс. чалавек, а шляхты — 720 тысяч. Напрыканцы ХІХ ст. у бальшыні гарадоў Беларусі не меней за 50% жыхароў былі габрэямі. Да прыкладу, габрэйскае насельніцтва Менску ў 1847 г. налічвала 12.976 чалавек, а ў 1897 г. — ужо 47.652. На тую пару гэта было 52% ад усяго насельніцтва гораду. У 1909 г. — 43,3% габрэяў, 34,8% расейцаў і 11,4% палякаў. На беларусаў прыпадаў зусім нязначны астанак. У 1941 г. Менск налічваў 53 686 чалавек габрэяў (37%). На пачатку ХХ ст. на беларускіх землях было шмат сінагог. Да прыкладу, у Віцебску дзейнічала 77 сінагог, а ў Менску — 83. На той час гэта куды болей за колькасць цэркваў і касцёлаў Менску. Сёння такое нават складана ўявіць: нам жа здаецца, што гарадскі ландшфт беларускай сталіцы заўсёды выглядаў як праваслаўна-каталіцкі. Бо толькі асобныя з мінскіх сінагог захаваліся да гэтага часу. У адной з іх, дарэчы, цяпер месціцца Рускі тэатр імя М.Горкага. Апошняе разбурэнне былой сінагогі здзейснена не так даўно — ужо часам прэзідэнцтва А.Лукашэнкі. Нягледзячы на грамадскі супраціў, будынак габрэйскай святыні, што ўяўляў, несумнеўна, гістарычную каштоўнасць, быў знішчаны. Здавалася б, сталінскія часы бессэнсоўнага руйнавання культавых аб’ектаў даўно прамінулі. Аднак гістарычныя сведчанні прысутнасці габрэйскага народу на беларускіх землях па-ранейшаму знікаюць, і не без удзелу ўладаў. Гарадскія габрэі пераважна займаліся гандлем і рамёствамі. Так, напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стст. сярод гандляроў Менску габрэяў было каля 90%, а сярод рамеснікаў — 92%. У горадзе працавалі габрэйскія камерцыйныя, культурна-асветныя і адукацыйныя ўстановы. Перадусім прыгадаем габрэйскія бібліятэкі, шпіталь, філію Таварыства асветы габрэяў у Расеі, габрэйскую рэальную вучэльню, гімназію, прагімназію, пачатковыя школы, дзве школы зубных лекараў, ТАЛМУД-ТОРУ, звыш за 30 ХЕДЭРАЎ (школ, якія давалі юдэйскую адукацыю), мужскую і жаночую рамесныя вучэльні. З ініцыятывы заможных габрэяў было створана Менскае таварыства аматараў выкшталцоных мастацтваў, гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна і многія іншыя публічныя ўстановы. Сярод усіх еўрапейскіх губерняў Расейскай імперыі толькі ў Беларусі габрэі маглі займацца земляробствам. Таму шмат дзе па вёсках побач з беларусамі жылі габрэі, а некаторыя й цалкам складаліся з габрэяў. Так, у 1842 г. сорак габрэйскіх сем’яў выкупілі невялікую вёску Шчадрын і 600 дзесяцінаў зямлі ў князя Шчадрынава на Меншчыне. Памянёнае паселішча Шчадрын было дарэшты знішчана фашыстамі ў 1942 г. Магчымасць займацца земляробствам набліжала габрэяў да беларусаў. Верагодна, на гэтай глебе між беларусамі і габрэямі складалася традыцыя добрасуседскіх стасункаў. Так, у Беларусі не здаралася габрэйскіх пагромаў: “Ні гледзючы на цкаванне рознымі чорнасоценцамі з Масковіі нашых селян на жыдоў, наш нічога кепскаго ні рабіў жыдом. У той час, калі ў Расіі чыніліся над жыдамі пагромы і страшэнныя зьдзекі, беларускія селяне ні паддаваліся цёмнай агітацыі. Хлебаробы нашыя ні маглі рабіць кепскіх учынкаў над жыдамі, чуючы інстынктыўна ў душы штучнасьць і ніпраўдзівасьць чорнасоценных ідэй. Так выходзіло, што вялікія грошы, высыпаныя дзеля пагромнай агітацыі расійскімі ісьцінна-рускімі ўрадамі, падобна Сталыпінскому, у нашым краю, — пайшлі на нішто…Нідарма ўвосені 1917 г. на Ўсебеларускім зьездзі ў Менску прэдстаўнікі розных жыдоўскіх партый, вітаючы беларусаў, са шчырай удзячнасьцю ўспаміналі аб тым, што на Беларусі ніколі жыдоўскіх пагромаў ні было” [З.Бядуля. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі. Менск, Друкарня Я.А.Грынблята, 1918]. Сярод габрэяў вёсак і мястэчак Беларусі напрыканцы ХІХ ст. значнае распаўсюджанне атрымаў ХАСІДУС (хасідызм) — накірунак юдэйства, у якім злучаліся НІГЛЕ — экзатэрычная частка ТОРЫ, заснаваная на ТАЛМУДЗЕ, і СОД — эзатэрычная частка ТОРЫ, заснаваная на Кабале. Хасідызм быў заснаваны ў ХVІІІ ст. рабе Йісраэлем Баал Шэм Тоўам — габрэйскім святаром з Украіны. Адметнасць хасідызму ў тым, што казань для простых людзей ажыццяўляецца на зразумелай ім мове. І гэтак, шляхам сакралізацыі, пабытовая габрэйская культура займела магутную падтрымку. Нават учынкі, абсалютна нейтральныя з пазіцыі выканання ўсіх МІЦВОЙС (“габрэйскіх запаветаў”) — а іх, да слова, 613 — здабывалі глыбока сакральнае трактаванне. Дарэчы, з пазіцыі хасідызму нейтральных учынкаў не бывае — усялякае дзеянне з'яўляецца сакральным. 4. Уплыў ідыш на беларускую мову Штодзённай мовай ашкеназскіх габрэяў [Ашкеназскія габрэі (АШКЕНАЗІМ) — частка габрэйскага этнасу, што пераважна жыла ва Ўсходняй Еўропе. Напрыканцы XIX ст. самая вялікая колькасць іх згуртавалася ў Беларусі, Польшчы ды Ўкраіне. Ёсць яшчэ сефардскія габрэі (СЕФАРДІМ), што пакінулі ў сярэднявеччы Іспанію і аселі ў араба-ісламскім свеце] быў ідыш, іншыя ягоныя назвы — іўры-тайч (“габрэйскі-нямецкі”) і мамэ-лошойн (“матчына мова”). Для хасідаў ідыш стаў адыгрываць ролю ледзь не сакральнай мовы, і шмат якія багаслоўскія працы хасідаў ствараліся імі на ідыш. Цяпер ідыш карыстаюць штодзённа пераважна ў асяродках амерыканскіх ды ізраільскіх хасідаў. Прыкметны ўплыў зрабіў ідыш і на беларускую мову. Перадусім азначым: абсалютна ўсе словы з нямецкім коранем (а іх у беларускай мове даволі шмат) на самой справе запазычаны з мовы ідыш. Напрыклад, “цукар”, “ліхтар”, “вага” і г.д. Да таго ж, многія словы ў беларускай мове маюць старажытнагабрэйскія асновы, бо таксама некалі запазычаны з ідыш. Мала хто ведае, што беларускае слова “рух” аднакарэннае са старажытнагабрэйскім словам РУАХ (“вецер”, “рух”, “дух”), а такія беларускія словы, як “рахманы”, “рахманасць”, “рахманец” паяднаны з старажытнагабрэйскім РАХМОНЕС (“спачуванне”), РАХАМІМ (“мілажаль”), РАХАМОН (“мілажальны”), РАХАМОНІ (“жаласлівы”). У беларускай мове сустракаюцца нават галахічныя тэрміны! Так, зусім верагодна, што словы “сварка”, “свара”, “сварыцца” аднакарэнныя са старажытнагабрэйскімі словамі СОВАР (“меркаваць”) і СВОРО (іўрыт: СВАРА), якія называюць талмудычны дыспут вакол ужывання розных лагічных метадаў інтэрпрэтацыі закону. Некаторыя словы беларускай мовы маюць надзвычай цікавую гісторыю стварэння. У Святым Пісанні праведнік паўстае пад рознымі словамі. Адно з іх — ТОМ, ТОМІМ (іўрыт: ТАМ, ТАМІМ), што значыць “цнатлівасць”, “непасрэднасць”, “праставатасць”. Першы раз у Святым Пісанні Ноах згадваецца як “ЙІШ ЦАДІК ТОМІМ”, г.зн. “мужчына цнатлівы, непасрэдны” (Брэйшіт 6, 9). Бог перш чым заключыць з Аўраамам вечны саюз, кажа яму: “ВЭГЙЭЙ ТОМІМ”, “і заставайся цнатлівым” (Брэйшіт 17, 1). На ідыш-тайч слова ТАМ азначала “непасрэдны”, “праставаты”. Радзей ужывалася “тамаваты”. Як бачым, слова ТАМ часам скарыстоўвалася ў ідыш з відочна беларускім суфіксам. Хасіды для пазначэння праведнасці часта ўжывалі тэрмін ТМІМУС — “цэласнасць”, “адкрытасць”. У беларускай мове корань ТАМ (“цям”) набыў крыху іншае значэнне — “хітраваты”, “здагадлівы”. Якраз гэтыя сэнсы ўтрымліваюць у сабе словы “цямкі”, “цямлівы”, “цямкасць”. Дарэчы, калі перакладчыкі твораў Э.Канта на ўкраінскую мову сутыкнуліся з праблемай разрознення тэрмінаў Vernunft і Verstand, урэшце было вырашана першае перакладаць як “розум”, а другое як “цяма”. Я падаў адно некаторыя прыклады наўпроставых перайманняў з мовы ідыш. Насамрэч іх даволі шмат. Цікава адцеміць, што падобных прыкладаў мы амаль не знаходзім у расейскай мове. За выключэннем, хіба, састарэлай “блатной” лексікі кшталту “шмон” (з іўрыту перакладаецца як “восем” — час агляду камер у турмах), “фраер” (ідыш: “свабодны”), “ксіва” (іўрыт: “дакумент”) і г.д. Факты шматлікіх перайманняў з іўрыт-тайч з'яўляюцца сур'ёзным аргументам на карысць падмацавання тэзы аб цесным супрацоўніцтве габрэйскага і беларускага народаў цягам доўгага часу. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што на ідыш беларуская мова зрабіла яшчэ большы ўплыў. Тым часам значная частка лексікі ідыш беларускіх габрэяў была непасрэдна ўзята з беларускай мовы. А таму нават можна казаць пра існаванне беларускага дыялекту ідыш. Між тым, многія словы і з літаратурнага ідыш (такія, як “тата”, “баба”, “сцірта”, “бэз”, “хабар”, “вячэра”, “жаба”, “кат”, “шафа” і г.д.) для знаўцаў беларускай мовы не патрабуюць тлумачэння. З беларускай мовы часта пераймаліся нават цэлыя моўныя канструкцыі. У якасці прыкладу нагадаю толькі адну габрэйскую прымаўку: “Як рэйдэле, то рэйдэле, абы добра мейнеле” [Як сказаў, так сказаў, абы добра подумаў (ідыш)]. Паміж габрэямі і беларусамі ўсталяваліся вельмі цесныя гаспадарчыя сувязі. Габрэі выконвалі ролю эканамічнага пасярэдніка — гандлявалі. А культурна ўзбагачала гэта і габрэяў і беларусаў. І не дзіва: юдаізм прадугледжвае добрыя стасункі з суседзямі. У паасобку, габрэйская сям'я магла наймаць спецыяльнага работніка ШАБЕС ГОЙ — негабрэя, які ў суботу выконваў усю хатнюю працу. 5. Славянскія ўплывы на габрэйскі фальклор Ёсць феномены габрэйскай культуры, паўставанне якіх было магчымым адно ў беларуска-ўкраінскім арэале. Адным з такіх феноменаў паўстае культура супольных баляванняў — ФАРБРЭНГЕН. Падчас ФАРБРЭНГЕН габрэі збіраліся разам, распавядалі СІХОЙС (дыдактычныя гісторыі), выконвалі НІГУНІМ (габрэйскія песні). Такія баляванні вельмі моцна прыпадабняліся да беларускіх і нават іх культурным зместам былі габрэйскія аналагі беларускіх песен ды беларускіх гісторый. Досыць своеасаблівай з'явай габрэйскіх баляванняў быў НІГУН ОН ВЕРТЕР — песня без слоў, напавяная адно голасам. У якасці ўзору НІГУН працытую адну з самых лірычных і мінорных песень беларускіх хасідаў: Стаў я піці ў пятніцу, у пятніцу. Пропіў я, пропіў сваю цяліцу. Трэба, трэба знаці як гуляці, Трэба, трэба знаці як брэхаці. Ой, хешбон цэдэк[1] отдаваці, Прад панам хазяінам отвічаці, Ай, мы п’ем, да п’ем, да мы гуляем. Ун мір трынкен йаін азой ві моім, Ун мір зоген але цузамен лехаім[2], Вейато тішма мін ашомаім[3]. Стаў я піці ў суботу, у суботу. Пропіў я, пропіў сваю работу. Трэба, трэба знаці як гуляці, Трэба, трэба знаці як брэхаці. Ой, хешбон цэдэк отдаваці, Прад панам хазяінам атвічаці, Ай, мы п’ем, да п’ем, да мы гуляем. Ун мір трынкен йаін азой ві моім, Ун мір зоген але цузамен лехаім, Вейато тішма мін ашомаім. [1] Каштарысы праведнасці (іўрыт). [2] І мы п'ём віно быццам ваду, і ўсе разам кажам ЛЕХАІМ (ідыш). [3] І Ты пачуеш з нябёс (іўрыт) Тут варта акрэсліць, што гэтая песня мае глыбокі сакральны сэнс. Кожны тэрмін утойвае апрычонае рэлігійнае значэнне. Так, пад “цяліцей” разумеецца ЭРЭЦ ЙІСРОЭЙЛ — зямля Ізраіля. Гэтак у першай страфе аплакваецца страта зямлі абетаванай. А “работа” азначае ОВОЙДО — паслугаванне Ўсявышняму. Кожны габрэй мусіць адзначаць надыход суботы і святкаваць саму суботу. У пятніцу пасля заходу сонца і днём у суботу абавязкова робіцца КІДУШ — своеасаблівае асвячэнне віна дзеля пазнейшага ўжывання яго. Таму радкі “Стаў я піці ў суботу, у суботу. Пропіў я, пропіў сваю работу” ўтрымліваюць супярэчнасць: з аднаго боку, святочны стол у суботу ёсць выкананнем Боскага запавету, а з другога — аплакваецца немагчымасць служэння Ўсявышняму. Словы “Прад панам хазяінам атвічаці” нагадваюць, што кожны чалавек некалі будзе несці адказнасць перад Богам, але разам з тым гэтая фраза мае досыць цікавы кантэкст, бо габрэй, як і беларускі селянін, даволі часта меў крыўду і ад польскага “пана”, і ад расейскага “хазяіна”. За ўзор мажорнай песні можна падаць наступную: Эх ты, дурань Марко, Што ты едзеш на ярмарку, Не купляеш, не прадаеш, Толькі робішь сварку. Эй, цомо, цомо, цомо, Цомо лехо нафшы, Кома, кома, кома, кома, Кома лехо весорі. 6. Габрэі ў Беларусі на пачатку ХХ ст. Габрэі і беларусы сумесна пражывалі на гэтых землях болей за шэсць стагоддзяў, таму іх культуры нябачна перапляліся між сабой. Але ўсведамленне гэтага прыйшло надта позна. Дзеля таго спатрэбілася “беларускае адраджэнне” — рэфлексіўнае спазнанне беларусамі адметнасцяў уласнай ідэнтычнасці. Габрэі пераважна пазітыўна паставіліся да “беларускага адраджэння”, некаторыя з іх нават далучыліся да руху. Гэтак зрабіў, да прыкладу, Шмуэль Плаўнік — шырока вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля. Нарадзіўся творца ў сям'і арандатара ў вёсцы Пасадзец Лагойскага раёну на Меншчыне, вучыўся ў ХЕДЭРЫ (габрэйскай школе) і ЙЕШЫВЕ (школе, якая рыхтавала равінаў), аднак ЙЕШЫВУ так і не скончыў. Доўгія гады Шмуэль Плаўнік быў блізкім хаўруснікам Янкі Купалы — яшчэ ад часоў “Нашай нівы”. Гэты чалавек шмат зрабіў для адраджэння беларускай культуры і станаўлення беларускай літаратурнай мовы (да таго ж, упарта змагаўся супраць зрасейшчвання беларусаў). Першы артыкул пра “беларускае адраджэнне” на мове ідыш быў надрукаваны ў 1913 г. у часопісе “Ды Идышэ Вэлт” [Габрэйскі свет (ідыш)] у Вільні. Пасля гэтага група габрэйскіх пісьменнікаў намерылася выдаваць газету “Унзэр Гегенд” [Наша краіна (ідыш).], каб знаёміць габрэйскіх чытачоў з мясцовымі праблемамі і беларускай літаратурай. Праўда, з розных прычын справа гэтая не заладзілася. Але ў 1914 г. яны ўсё ж выдалі зборнік “Літва”, у якім змясцілі ў перакладзе на ідыш творы з беларускай і літоўскай літаратур і артыкулы пра “беларускае адраджэнне”. Да друку быў падрыхтаваны й другі зборнік “Літва” з перакладам вершаў Янкі Купалы, прозы Максіма Гарэцкага ды іншых, але ў сувязі з наступам Першай усясветнай вайны друк на габрэйскай мове (пазней — і на беларускай) быў забаронены расейскімі ўладамі, а таму выданне так і не пабачыла свету. Пачынаючы з 1917 г., усе ўплывовыя габрэйскія арганізацыі і партыі актыўна падтрымлівалі стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Але незалежнай Беларусі не было наканавана доўгае існаванне — у 1920 г. бальшавікі ўзялі ўладу ў свае рукі. Хто ведае, як яно было б у іншым выпадку. Магчыма, пазнейшая габрэйская эміграцыя з Беларусі не была б такой масавай. Як бачым, усведамленне сумеснай спадчыны габрэяў і беларусаў не мела рэальных палітычных вынікаў. Гэтаму зашкодзіла не толькі страта незалежнай Беларусі, але й з’яўленне сіянізму, які змінімізаваў натуральныя адметнасці габрэйскіх абшчын розных краін, падрыхтаваўшы тым самым грунт для стварэння незалежнай ізраільскай дзяржавы. У Беларусі дзейнічалі даволі моцныя арганізацыі сіяністаў. Так, у Менску яшчэ ў 1882 г. была створана група “Кіббуц нідхей Йісраэль”, галоўнай задачай якой было набыцццё земляў у Палестыне. У 1902 г. у Беларусі адбылася Агульнарасейская канферэнцыя сіяністаў, у працы якой бралі ўдзел Ахад а-Ам, Трумпельдор ды іншыя знакамітыя сіяністы. Многія ж славутыя сіянісцкія дзеячы самі паходзілі з Беларусі. Адным з іх быў стваральнік сучаснай версіі іўрыту Эліэйзер бен-Іегуда (Перэльман). У Беларусі нарадзілася таксама шмат заўважных палітычных фігур дзяржавы Ізраіль (Менахен Бегін, Іцхак Шамір, Шымон Перэс, Хаім Вецман, Залман Шазар). Другі вектар дзейнасьці, які пашыраў абыякавасць да супольнай гісторыі габрэяў і беларусаў, звязаны з разгортваннем сацыял-дэмакратычных і камуністычных ідэй сярод габрэяў. Менавіта на Беларусі была запачаткавана самая буйная у Расеі саацыял-дэмакратычная арганізацыя — “Усеагульны габрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расеі” (Бунд). Літаратура: 1. Eisenbach A. Emancурacja zуdow na ziemach рolskich na tle euroрejskim. Warszawa, 1988. 2. Бершадский С.А. Литовские евреи. СПб., 1882. 3. Бядуля З. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі. Менск, Друкарня Я.А. Грынблята, 1918. 4. Главы истории и культуры евреев Восточной Европы. Тэль-Авіў, 1995. 5. Дубнов С.М. Новейшая история евреев от Французской революции 1789 года до мировой войны 1914 года. Берлин, 1923. Т.1. 6. Евреи. По страницам истории. Мінск, 1997. 7. Еврейская энциклопедия в 16-ти-тт. СПб., [1908-13]. 8. Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мінск, 1996. 9. Коробков Х. Экономическая роль евреев в Польше в конце XVIII века // Еврейская старина. 1910. Т.3. 10. Лазутка С. Привилегия-судебник 1388 года евреям великого князя Литовского Витаутаса // История евреев в России. Проблемы источниковедения и историографии: сборник научных трудов. Серия "История и этнография". Вып.1. СПб., 1993. 11. Поляков Л. История антисемитизма. М., 1997. 12. Росман М. Еврейская община Польши. Тэль-Авіў, 1995. 13. Руппин А. Евреи нашего времени. М., 1917. 14. Русско-еврейский архив: Документы и материалы для истории евреев в России. СПб., 1882—1907. 15. http://www.beljews.info/ru/
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||