logo English version English




ПАРТНЭРЫ

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў

Belintellectuals

Гіт-парад Тузін Гітоў. Слухай ды выбірай!

НАШ БАНЭР

Банэр БК

НАДВОР'Е

Официальный сайт Белорусского Гидрометеорологического центра

Вольга ШАТАЛАВА. Палітычныя ўяўленні беларускіх сялян ХІХ—ХХ стагоддзяў

План:

1. Беларускі селянін і цар.

2. Вёска і новая ўлада: 1917—1939 гг.

3. Уладары ХХ стагоддзя ва ўяўленнях беларускіх вяскоўцаў.

Палітычныя ўяўленні беларускага сялянства фармаваліся пад моцным уплывам хрысціянскай царквы. Пачынаючы з Х—ХІ стст., хрысціянскія служкі пераконвалі паству ў тым, што цар (князь) — гэта божы спадкаемца на зямлі, таму любое непадпарадкаванне яго волі з’яўляецца бунтам супраць Нябёсаў. Такая ўстаноўка — тыповая для ўсіх хрысціян Сярэднявечча — была перагледжаная ў Заходняй Еўропе ранняга Новага часу: уладар пачаў мысліцца асобай, што нясе адказнасць за сітуацыю ў краіне. Насельніцтва Усходняй Еўропы (у тым ліку беларускія сяляне) трымалася старой устаноўкі. Гэтая адрознасць выразна праявілася, напрыклад, у галодныя гады XVI ст. Тады французскае і беларускае насельніцтва прадэманстравалі два адрозных сцэнара паводзін: першыя масава пратэставалі супраць непрадуманай цэнавай палітыкі караля і патрабавалі зніжэння коштаў на хлеб, а другія ўспрынялі голад як пасланае Богам выпрабаванне і пакорліва чакалі на яго завяршэнне.

Абагаўленне цара ў беларускай вёсцы захавалася да пачатку ХХ ст. Яно падмацоўвалася верай сялян у спрадвечны і ўзаемакарысны падзел сацыяльных роляў: цар, як гаспадар дзяржавы, быў народжаны, каб дзяліць рэсурсы паміж падданымі і дбаць аб дабрабыце народа; земляроб — каб карміць краіну і пакорліва прымаць загады манарха (плаціць падаткі, служыць у войску). Боская абранасць уладара праяўлялася ў яго здольнасці напаўняць зместам і сэнсам час свайго валадарання. Канец кіравання (напрыклад, смерць манарха ці страта ім трона) разглядаўся як канец часу і пачатак хаосу. Таму сяляне панічна баяліся змены ўладара і былі гатовыя падпарадкоўвацца кожнаму, хто б гарантаваў стабільнасць і мог сілай пацвердзіць сваё права на пасад. Ад моманту, калі манарх страчваў уладу, ён лічыўся нелегітымным. Менавіта таму ў 1812 г. беларускія вяскоўцы Смаленскай губерні, убачыўшы, што расійскае войска ўцякае, выйшлі насустрач французам і заспявалі:

Апрыч Бога

Няма нікога.

Толькі ён — Напаліён —

Ды матка яго Летучэя.

Яны зрабілі гэта, мяркуючы, што кіраванне расійскага цара скончылася і пачалося панаванне новага, французскага імператара.

Антыманаршы бунт доўгі час табуяваўся ўнутры вёскі. Сітуацыя пачала мяняцца пасля з’яўлення “Маніфеста аб адмене прыгоннага права” (19.02.1861). Згодна з ім, прыгонныя сяляне (каля 61% вясковага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю) атрымалі волю і зямельны надзел, за які мусілі заплаціць памешчыку (20% яны ўносілі самі, 80% пакрываў дзяржаўны крэдыт, раскладзены на 49 гадоў). Пры гэтым выкупіць зямлю можна было не раней як праз 9 і не пазней як праз 20 гадоў ад пачатку рэформы. Прыняты законапраект не толькі не вырашыў зямельную праблему, але зрабіў сялян залежнымі ад дзяржавы і яе грошай. Адказам на “Маніфест” стаў адкрыты пратэст вяскоўцаў. У 1861 г. у беларускіх губернях было зафіксавана 379 сялянскіх выступаў (для падаўлення 125 з іх выкарыстоўваліся войскі і паліцыя); у 1862 г. — 388. А ў 1863 г. частка сялян за абяцанне зямлі без выкупа і плацяжоў падтрымала антырасійскае (у сваёй масе шляхецкае) паўстанне, якое стала для многіх фатальным: за падазрэнне ў сувязі з паўстанцамі паліліся вёскі, а іх жыхары адпраўляліся ў Сібір.

Другой формай антыманаршага пратэсту стала падтрымка сялянамі палітычных арганізацый і рухаў. У 1904 г. у беларускіх вёсках з’явіліся прадстаўнікі эсэраўскай партыі. Іх прапанова аб сацыялізацыі зямлі, ператварэнні яе ў агульнанацыянальную ўласнасць з далейшым пераразмеркаваннем паміж сялянамі была шырока падтрымана вяскоўцамі. Вядомы выпадак, калі ў в.Рацьковічы (Гайна-Слабадскі павет Мінскай губерні) у кастрычніку 1906 г. у адказ на абяцанне эсэраў “пабіць усіх паноў і падзяліць зямлю паміж земляробамі” кожны жыхар здаў 5 капеек на партыйныя патрэбы. У 1903—1904 гг. была заснавана першая беларуская партыя — Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ). Яе мэтай стала знішчэнне самадзяржаўя і ўсталяванне аўтаноміі беларускага краю. У поглядах на аграрную праблему яна паўтарала праграму эсэраў. Пад уплывам БСГ летам 1905 г. адбыліся масавыя сялянскія бунты, сярод якіх найбольшую вядомасць набыло выступленне сялян пад кіраўніцтвам Алеся Бурбіса (маёнтак Шчорсы, Наваградскі павет Гродзенскай губерні).

Радыкалізацыя палітычных поглядаў вяскоўцаў была выклікана крызісам патэрналістычнай візіі ўлады. Адмена прыгону стала першым актам у стасунках “вёска”—“памешчык”, калі манарх не выступіў на баку сялян. У выніку традыцыйнае ўяўленне аб “цары-гаспадары” пачало мяняцца на ўяўленне аб “цары-здрадніку народных інтарэсаў”. У розных рэгіёнах Расійскай імперыі знішчаліся манархічныя сімвалы: кірмашовым выявам царскай сям’і выкалвалі вочы, руйнаваліся помнікі Аляксандра ІІ і г.д. Такія паводзіны паўтаралі архаічны рытуал пакарання вышэйшых сілаў за “здраду” народнаму ідэалу. Аднак для таго, каб незадаволенасць уладаром перарасла ў адкрыты сялянскі бунт, павінны былі выспець пэўныя ўмовы. Найперш трэба было, каб незадаволенасць уладай дасягнула крытычнай кропкі, каб пратэстам кіравала аўтарытэтная асоба (пажадана — не селянін) і каб пракламацыі арганізатараў пратэсту супадалі з памкненнямі вяскоўцаў. Праведзеная ў 1906 г. сталыпінская аграрная рэформа зменшыла напружанасць у вёсцы. У 1907 г. былі адменены сялянскія выплаты памешчыкам. У 1909—1910 і 1912—1913 гг. на беларускіх землях быў сабраны вялікі ўраджай. Усё гэта разам на нейкі час улагодзіла вёску. Аднак сялянскае стаўленне да цара ўжо не вярнулася на ранейшыя пазіцыі. Хаця цара працягвалі лічыць божым стаўленікам на зямлі і прызнавалі ягоную ўладу, але цяпер ужо ўспрымалі яго (і, адпаведна, вышэйшыя сілы, якія ён рэпрэзентаваў) досыць крытычна.

Яшчэ больш істотна змянілася стаўленне да ўладара пасля рэвалюцыі 1917 года. Калі божы памазанца на зямлі быў адрынуты ад улады, дык гэта моцна збянтэжыла людзей і выклікала чуткі, што ў кастрычніку 1917 г. праз вымогі бальшавікоў на трон узыйшоў Антыхрыст. З гэтага вобраз савецкага ўладара не быў сакралізаваны. Масавыя харчразвёрсткі, праведзеныя бальшавікамі, яшчэ больш пераканалі сялян у тым, што новая ўлада для іх варожая. Таму вёску ахапіла новая хваля пратэстаў. Вясковыя партызаны ў 1918—1919 гг. пускалі пад адхон цягнікі (Моніч каля станцыі Прыямі, Грамабой каля станцыі Заходняя і г.д.), тапілі параходы (Воранаў на рацэ Усвяч, Чырвонец на рацэ Сож і г.д.), у многіх паветах (Вілейскім, Барысаўскім, Мсціслаўскім, Ігуменскім і г.д.) савецкая ўлада ніколі не выходзіла за межы гарадоў. 10 лістапада 1918 г. у Вілейскім павеце Віленскай губерні адбыўся самы вялікі (50.000 удзельнікаў) бунт сялян супраць мабілізацыі ў Чырвоную Армію.

Сітуацыя ў заходнебеларускай вёсцы была не менш складанай. З 1921 па 1939 гг. яна знаходзілася ў складзе Другой рэспублікі ў Польшчы і перманентна адчувала культурную і сацыяльную дыскрымінацыю. У 1925 г. двухмільённая меншасць мела ўсяго тры школы з беларускай мовай навучання, разлічаных на 425 дзяцей, і 19 школ з двюма мовамі навучання, разлічаных на 1.683 навучэнцаў. У той час, як колькасць усіх беларускамоўных дзяцей у дзяржаве сягала звыш 150.000 чалавек. Не меншай праблемай для беларусаў было ўладкаванне на працу па-за межамі вёскі: яны лічыліся небяспечным элементам, а таму не маглі прэтэндаваць на працу на чыгунцы альбо ў горадзе (напрыклад, у Беластоцкім ваяводстве ў горадзе працавала адно каля 13% усіх беларусаў, у іншых раёнах гэтая лічба была яшчэ меншай — каля 7%). Зразумела, што ў такіх умовах заходнебеларускі селянін разглядаў польскі ўрад як варожую сілу, якая не адпавядала народнаму разуменню “легальнай” (пастаўленай Богам для клопату аб народзе) улады. Рэакцыяй на гэта сталася далучэнне сялян да няпольскіх палітычных партый. Дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў паўстала Беларуская Сялянска-Рабочая Грамада (БСРГ) — найвялікшая за беларускую гісторыю арганізацыя і адзіная еўрапейская партыя, чыя колькасць меней чым за паўгады вырасла шматкроць. Створаная ў чэрвені 1926 г., яна налічвала 569 сяброў, але ўжо ў лістападзе іх лічба вырасла да 62.000, а ў снежні — да 100.000 / 150.000. Надзвычайная папулярнасць БСРГ бачылася пагрозай для польскіх уладаў, таму ў ноч з 14 на 15 студзеня 1927 г. многія грамадоўцы былі арыштаваны, а партыя забаронена. Апынуўшыся без палітычнай рэпрэзентацыі, частка сялян далучылася да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). І хаця мала хто з вяскоўцаў разумеў ідэалогію і праграму КПЗБ, большасць упадабала намер камуністаў змагацца з польскай дзяржавай. Да таго ж, сяляне бачылі ў бальшавіках прадстаўнікоў Расіі (СССР разглядаўся як новая форма расійскай дзяржаўнасці), якая псіхалагічна, культурна і рэлігійна была ім больш блізкай за Польшчу. Аб тым, што насамрэч адбываецца ў бальшавісцкім краі, амаль ніхто не ведаў: сяляне не чыталі польскую прэсу, а нават калі і чыталі, інфармацыю аб калектывізацыі і рэпрэсіях лічылі антысавецкай прапагандай.

Рэальнае знаёмства заходнебеларусаў з савецкай сістэмай адбылося ў верасні 1939 г. — з гэтага моманту пачалася аксіялагічная эвалюцыя сялянскага бачання савецкага ладу жыцця і, у прыватнасці, савецкай улады. Да гэтага часу беларусы Польшчы глядзелі на БССР як на краіну сваіх мараў. Аднак пасля варварскіх рэвізій маёмасці чырвонаармейцамі, рэзкага пагаршэння эканамічнага становішча ў вёсцы (увядзення рэестру забароненых для продажу тавараў, павелічэння сельскагаспадарчых падаткаў і г.д.) і асабліва рэпрэсій супраць мясцовых актывістаў стаўленне да савецкай улады значна пагоршылася. Зрабілася відавочным, што польскі ўрад быў менш суворым за новы, савецкі ўрад. У паказаннях сведкі падзей Ю.Ушакевіча ўзгадваўся выпадак, калі ў Баранавіцкім павеце на адным са сходаў стары селянін (праваслаўны беларус) сказаў: “Палякі на працягу 20 гадоў не здолелі нас спаланізаваць, а бальшавікі спаланізавалі цягам 2 месяцаў”, — і на наступны дзень ён быў арыштаваны за антысавецкую прапаганду. Ускосна на негатывізацыю стаўлення да новай дзяржавы паўплываў і характар праведзеных выбараў (1939 і 1940 гг.). Для насельніцтва, што да гэтага часу было пазбаўлена выбарчага права, галасаванне мела важнае сімвалічнае значэнне: яно прыроўнівала селяніна да прадстаўнікоў іншых сацыяльных груп, рабіла яго роўным ім, вартасным. Аднак рэалізацыя працэдуры нівеліравала папярэднюю радасць ад мажлівасці ўдзелу ў выбарах. Напрыклад, выбаршчыкам Беластоцкай акругі было абяцана, што яны будуць выбіраць з двух кандыдатаў. Праз нейкі час высветлілася, што застанецца толькі адна кандыдатура — некалі асуджаны за крадзеж вядомы авантурнік і п’яніца. Тым, хто ставіў пад сумніў вартасць выбараў, адказвалі, што гэта не іх справа. Апроч таго, сам кандыдат падчас прадвыбарнай прамовы заявіў: “Усе павінны прагаласаваць за мяне. Я тут ведаю кожнага. І з тымі, хто не будзе галасаваць за мяне, я пасля паквітаюся”. У Аўгустоўскай выбарчай акрузе перад запаўненнем бюлеценю з кожным выбаршчыкам праводзілася размова ў НКУС. Для забеспячэння яўкі (у 1939 г. у выбарах удзельнічала 99% выбаршчыкаў) быў выкарыстаны адміністратыўны рэсурс: часта людзей на выбарчыя ўчасткі прыводзілі ў суправаджэнні міліцыі, да тых, хто не прагаласаваў, прыходзілі дадому, цікавіліся прычынай няяўкі. У выпадку сур’ёзнай хваробы чалавеку дазвалялася галасаваць дома. Падчас выбараў у Вярхоўную Раду БССР у 1940 г. усе бюлецені мелі вадзяныя нумары: такім чынам НКУС атрымала магчымасць адсочваць выбар кожнага канкрэтнага грамадзяніна.

Нягледзячы на негатыўныя праявы савецкай сістэмы, вяскоўцы адрознівалі савецкіх кіраўнікоў па стылю праўлення. Вёска дакладна размяжоўвала перыяды кіравання Леніна, Сталіна, Хрушчова, Брэжнева і Гарбачова (Чарненка і Андропаў не засталіся ў памяці вяскоўцаў). На думку сялян, Ленін быў найбольш пазітыўным савецкім правадыром. Як узгадвалі вяскоўцы: “Калі пачалі ўжо калгасы ствараць, разумееце, калі б Ленін быў, Уладзімір Ілліч, усё было б інакш: высыланняў людзей не было б, як высылалі ў 1938 годзе”. На гэтае ўспрыняцце ўплывалі шматгадовая “ленінізацыя” духоўнага жыцця СССР, фармаванне з Ульянава вобразу савецкага ідэалагічнага святога (праз стварэнне з верасня 1918 г. помнікаў правадыру, перамены назвы Петраград на Ленінград у 1924 г. і г.д.). Паўміфічнасць і ідэалізаванасць фігуры Леніна спрыяла стварэнню вобраза “добрага” кіраўніка, які б абыходзіўся без гвалту і дбаў аб дабрабыце вёскі.

У адрозненне ад размытых уяўленняў пра Леніна, вобраз Сталіна апынуўся яркім і эмацыйна напоўненым. Гэта вынікала з перажытых вёскай раскулачвання і фізічнага знішчэння сялян: “Былі вельмі складаныя часы, судзілі за горсць зерня. Гляджу праграму “Чакай мяне”, так там па 60 гадоў сваякі не бачыліся, толькі зараз знаходзяцца браты. Маці скрала зерне і, нягледзячы на тое, што ў яе было чацвёра дзяцей, яе забралі. І гэтых дзяцей раздалі па сірацінцах, і толькі зараз яны знаходзяцца. Адным словам, так было, што за колас, зерне, бурак бралі, судзілі і не глядзелі, што ёсць дзеці”. Аднак жорсткасць уладара пастаянна канфрантуе з верай сялян у тое, што кіраўнік павінен быць “апекуном” народа. Каб зняць гэтую супярэчнасць, вяскоўцы імкнуцца апраўдаць дзеянні Сталіна, перакласці адказнасць за іх на мясцовае кіраўніцтва і канкрэтных выканаўцаў: “А людзі тады ў рэпрэсіях Сталіна абвінавачвалі ці мясцовых? — Ну, Сталін жа ўсяго гэтага не рабіў. Тое, што пад яго пакравіцельствам рабілася, так гэта зразумела. Тут і сваіх хапала”. Перад намі феномен “фальшывай празрыстасці” (панятак Ігара Бабкова): сяляне не бачаць цэнтральнае кіраўніцтва і не маюць аб ім аб’ектыўнай інфармацыі, таму лічаць, што і цэнтральнае кіраўніцтва не мае звестак аб становішчы людзей у вёсцы, а значыць, не яно кіруе справамі на месцах. Апроч таго, пасляваенны вобраз Сталіна шматкроць карэкціраваўся СМІ, школай і кіно. Напрыклад, хрэстаматыйным стала ўяўленне аб надзвычайным аскетызме і сціпласці “бацькі народаў”: “Ён дорага не апранаўся. Дачка Сталіна разам з усімі наведвала сталоўку, хаця бацька быў міністрам. Ніякіх бранзалетак, ніякіх гадзіннікаў не насіла. Была як усе. Так па тэлевізару казалі”. Здольнасць Сталіна кіраваць пры дапамозе сілы прымусіла сялян перафармуляваць даўнюю форму грамадскай дамовы з уладай. За дзяржавай стала прызнавацца права кіраваць праз ужыванне сілы (г. зн. права выкарыстоўваць гвалт для ўсталявання “дысцыпліны” і “парадку”). За гэта ўладар браў адказнасць за бяспеку народа і вырашэнне яго штодзённых праблем: “Сталін быў тыранам. Усе баяліся слова сказаць. За кожнае слова саджалі ў турму. Але нідзе не было аніякіх наркаманаў і маральнага ўпадку: для такіх знаходзілі месца ў тундры”.

Хрушчоў і Брэжнеў — першыя савецкія кіраўнікі, прызнаныя ў вёсцы “добрымі гаспадарамі”, якія дбалі аб дабрабыце вяскоўцаў: “Усталявалі, што надзелы будуць па 15 сотак. Было гэта за часамі Хрушчова, на пачатку, канечне, працавалі мы за “палачкі”. Пасля вайны — гэта ўжо па-сапраўднаму, калі пачалі патроху ліквідаваць падаткі”. Больш за тое, менавіта перыяд кіравання Брэжнева называецца “залатым часам” савецкага калгасу, перыядам яго максімальных кансумпцыйных і сацыяльных мажлівасцяў: “А калі былі найлепшыя часы? — Ведаеце, калі былі? Пры Брэжневе. Вось пажылі! Дзеткі мілыя, і вам жадаю так пажыць!”. На думку сялян, ад пары кіравання Хрушчова савецкі кіраўнік перастаў быць жорсткім, а дзяржава страціла права на масавыя гвалты над народам. Ярка гэтую перамену дэманструе гісторыя, што паходзіць з в.Буева (Віцебская вобласць): “Калі Хрушчоў загадаў, каб замест збожжа паўсюль сеяць кукурузу, пахавалі мы адну кукурузу, паставілі над труной крыжык і напісалі: “Кукуруза. Загінула ў чужым крае”. Потым нас усіх распытваў старшыня калгасу, хто гэта зрабіў, але мы не сказалі”.

Сярод савецкіх кіраўнікоў толькі Гарбачоў (“той лысы”, “той з галавой”) узгадваецца з моцнай негатыўнай ацэнкай. Ён адзіны з савецкіх кіраўнікоў, які рэпрэзентуе антыкрытэрый — няздольнасці ўладара захаваць цэласнасць і стабільнасць краіны: “Гарбачоў дэмакратыю зрабіў. Яго трэба павесіць за вяроўку, да так павесіць, каб людзі глядзелі. Сволач, такую краіну разваліць”. Крытыка эпохі Гарбачова ўскосна сведчыць аб незадаволенасці сялян сённяшняй сітуацыяй на Беларусі, яе цяперашнім прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Вобраз Лукашэнкі дамінуе над вобразамі савецкіх кіраўнікоў, і гэта зразумела: ён запаўняе сабой амаль усю палітычную і медыяльную прастору Беларусі, ад яго рашэнняў залежыць сучаснасць і будучыня вёскі. На думку Уладзіміра Паўлючука, Лукашэнка ўвасабляе сабой большасць беларусаў, якія дзейнічаюць не як палітычны суб’ект, але як статыстычная большасць, і выказваюць сваю волю ў канкрэтных дэмакратычных працэдурах. Таму значная частка вяскоўцаў шануе і любіць кіраўніка краіны: “Лукашэнка — гэта найлепшы чалавек: як пенсіянераў любіць, Божа мой, а як маладых і малых дзяцей любіць. Не памыліўся народ у выбары”. У ім бачаць чалавека, які належыць да беларускага (не польскага ці расійскага) народа: “Пры Брэжневе мы трохі пажылі, але хутка яго знялі. А зараз тых, хто бліжэй да народа, хутка скідваюць. — А Лукашэнка як ставіцца да людзей? — Не ведаю, як ставіцца. Яшчэ трымаецца. І хай трымаецца, і трэба за яго галасаваць. Хай бы наш, беларус, быў у Беларусі”. Лукашэнка — гэта чалавек, што, згодна з інфармацыяй СМІ, меў нялёгкае жыццё да прэзідэнства: “Вось Лукашэнка, яшчэ падлетак, занёс верш да газеты “Ударны фронт”, але рэдактар яму адмовіў. Пайшоў 15 км праз снежныя насыпы дадому са сваім вершам. А тое ўзгадаў, што інфляцыя “з’ела” ў яго 2.500 рублей, якія ён меў на рахунку ў савецкія часы”. Праз гэткія сюжэты кіраўнік бачыцца чалавекам “з народа”: яго і людзей аб’ядноўваюць агульныя праблемы.

Важным яднаючым народ і ўладара фактарам служаць  камунікацыйныя каналы, праз якія вясковец можа звярнуцца да прэзідэнта па дапамогу: “Лукашэнка напіша, што прыедзе. Старшыня калгасу змусіць, каб памалявалі платы, вуліцы ў Глінішчах пазамяталі. Нашто гэта? Хіба Лукашэнка не ведае, як жывуць у калгасе? Але прыехалі толькі яго намеснікі, я ўжо не ведаю іх. — А чаму Лукашэнка сам не прыедзе? — Ці я ведаю чаму? Чакалі яго, хіба два разы, я таксама хадзіла да Глінішч, думала, што там будзе, каб сваю крыўду яму расказаць. Не было. А яны прыехалі аўтамабілямі, пагасцілі, сабраліся, паехалі ў лес, там сабе паімпрэзавалі”. Аднак вера ў наяўнасць сувязі з прэзідэнтам суіснуе з перакананнем, што ўлада — самадастатковы суб’ект, які можа існаваць без народа: “Ты для іх хам і быдла, корміш іх, а з’яўляешся для іх нікім”. Верагодна, гэты негатывізм звязаны са зменай прэзідэнцкай рыторыкі ў дзве апошнія выбарчыя кампаніі: першапачаткова Лукашэнка абапіраўся на “электаральныя нізы” — слабых і ўбогіх, аднак пасля 2001 г. ён пачаў арыентавацца на “новую буржуазію” — беларускую наменклатуру, спецслужбы і вялікі бізнес. Таму “свой” кіраўнік апынуўся на недасяжнай адлегласці ад селяніна. Гэта адлегласць робіць бессэнсоўнай любую форму пратэсту супраць улады, падкрэслівае бездапаможнасць і слабасць чалавека вёскі: “Беларусы — гэта вельмі працавіты і спакойны народ. Той, хто стараецца, і ягады збярэ, і грыбы. Беларусы жывуць таму, што прыкладаюць намаганні: не маюць калі хадзіць на дэманстрацыі і крычаць”.

Часта вобраз Лукашэнкі супадае з вобразам “добрага гаспадара”. Але ў адрозненне ад Хрушчова і Брэжнева, палітыка якіх была скіравана на касаванне падаткаў і развіццё кансумпцыйных мажлівасцяў насельніцтва, Лукашэнка робіць стаўку на захаванне status quо. Напрыклад, ён стае гарантам своечасовых выплат калгасных пенсій: “Лукашэнка добры. Чыстае золата, дзякуй яму за тое, што пенсіянераў трымае, аб старых людзях думае. Без яго прапалі бы, без Лукашэнкі”. Для старэйшага пакалення сялян пенсіі з’яўляюцца адзінай крыніцай жыццезабеспячэння: “Кажуць, што калі Лукашэнка скінуць, тады не дадуць нам пенсій. — Хто так кажа? — Чула, людзі так кажуць. — А хто плаціць пенсію: дзяржава ці Лукашэнка? — Не ведаю хто. — Так можа гэта не Лукашэнка, а дзяржава плаціць пенсіі? — Дзяржава, так. Але, хіба гэта ён сказаў, каб давалі. Калі б не сказаў, напэўна б, не далі нам. — А перад Лукашэнкам хіба дзяржава пенсій не плаціла? — Плаціла, але са спазненнем. Часам і на тыдзень, і болей затрымлівалі. А зараз: мой дзень — калі ласка, маю пенсію”. У савецкі перыяд асноўныя побытавыя патрэбы пенсіянера (напрыклад, падвоз дроваў ці сена) забяспечваў калгас. Сёння калгасныя гаспадаркі існуюць хутчэй фармальна, таму вясковыя жыхары самі шукаюць дапамогі і плацяць за яе з уласнай кішэні: “Старым цяпер вельмі кепска жывецца. Лепей бы да якога дому састарэлых пайшла. — Кажуць, што б’юць у тым доме. — Хай б’юць, хай бы нават і забілі. Дровы трэба, а рукі не слухаюцца, а трэба ж прывезці, пацягаць. Таму я печку і не запальваю”. З гэтага фактар стабільнай пенсіі для вяскоўцаў надзвычай важны.

Важным момантам, што павялічвае аўтарытэт Лукашэнкі, стае яго рашэнне не пасылаць беларусаў у зоны ваенных канфліктаў: “Ваююць у Чачні, гэта страшна. Хай бы Пуцін зразумеў, аддаў бы. Нашто гэта? Зараз усе раздзяліліся. Хай бы і аддаў. Ідзіце да чорта. Нашто людзьмі рызыкаваць? Ні пра што не думае”. Такім чынам Лукашэнка здымае адну з найбольшых фобіяў беларусаў — неабходнасць перажываць вайну,— і тым самым сцвярджае сябе як “уладар-апякун” народа. Вобраз “апекуна” яшчэ больш узмацняецца верай сялян у знешнепалітычныя поспехі прэзідэнта, яго ўменне заключаць дамовы і павялічваць тэрыторыю краіны: “Лукашэнка ўсіх аб’яднаў, каб вайны не было. — Каго ён аб’яднаў? — Ну, усе краіны. Раней быў толькі Савецкі Саюз. А зараз і Масква, і іншыя — Літва, Польшча — шмат было далучана, каб жыць спакойна. — А хто далучыў? — Лукашэнка. Лукашэнка стараўся ўвесь час, ездзіў, ездзіў у розныя краіны, да яго ў Мінск прыязджаюць. Лукашэнка. Толькі ён. Да Лукашэнкі нейкі там быў, так Масква была не наша, а зараз ён аб’яднаў шмат краін. І гэта ўсё, каб жыць спакойна, каб не было вайны”. Вобраз Лукашэнкі, што дбае аб аб’яднанні тэрыторый, актыўна падтрымліваецца дзяржаўнымі СМІ.

У палітычнай сітуацыі сучаснай Беларусі ёсць праявы, што дазваляюць параўнаць яе з апошнімі дзесяцігоддзямі царскай імперыі, калі расчараваная ва ўладзе вёска адчула ігнараванне сваіх інтарэсаў. Сёння найбольш незадаволенымі сярод сялян з’яўляюцца прадстаўнікі сярэдняга пакалення і моладзь: яны не маюць добрых заробкаў і рэальных жыццёвых перспектыў: “Механізатар цэлае лета працуе, атрымлівае не болей як 100.000 — 170.000 рублей, а я маю 250.000 пенсіі”. Сюды дадаецца і крыўда жыхароў забруджаных падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986 г.) рэгіёнаў: “Вось стаіць Лукашэнка і рапартуе: “Дзе ёсць выпраменьванне, будзем дапамагаць людзям”. А нам ніхто не дапамагае. Хіба нам дапамагаюць? Ніхто нам не дапамагае. Пенсію атрымаеш і жыві як хочаш. Як хочаш — прапі, што хочаш зрабі. Я кажу: “Лукашэнка, нешта ты няпраўду кажаш, ты нам нічога не дапамагаеш, зона забруджаная, а ніхто не дапамагае””. З-за гэтага  Лукашэнка страчвае вобраз “добрага гаспадара”. Больш за тое, ён ужо прайграе ў параўнанні са Сталіным і Брэжневым. У адрозненне ад Сталіна, ён не здольны ўвесці “парадак” і “дысцыпліну”: “Дзе ёсць дысцыпліна і парадак, там жывецца лепей. А дзе няма дысцыпліны і парадку ў калгасе — так горш”. Гэта будзіць у людзях настальгію па мінулых часах, па “моцнай руцэ” сапраўднага кіраўніка: “А што трэба зрабіць, каб жылося лепей? — Як што? Паставіць з таго свету Сталіна, каб быў парадак. Зараз так стала модна казаць. Каб КДБ было людзям”. У параўнанні з Брэжневым Лукашэнку вінавацяць у няздольнасці захаваць ранейшы патэнцыял дзяржавы: “Зараз ёсць дэмакратыя, кажы ўсё, што хочаш. Лукашэнка часамі праўду кажа, а часам пачынае вярзці абы-што. А можа ён ашуквае. Сёння што Лукашэнка зрабіў з нашымі грашыма? Зганьбіў ён нашы грошы. Зараз паўсюль даляры. За Брэжневым за рубель можна было сем буханак хлеба набыць, а зараз што купіш?!”. Таму ў параўнанні з любым кіраўніком савецкага перыяду Лукашэнка бачыцца сялянам менш атракцыйным.

Палітычныя ўяўленні беларускіх сялян амаль не змяніліся на працягу ХІХ—ХХ стагоддзяў: для іх, як і раней, уласціва дэманстрацыя пакоры вышэйшай уладзе. Першапачаткова пакоры была вынікам веры вяскоўца ў звышнатуральную прыроду царскай улады; потым яна дэманстравалася як знак бяссілля перад жорсткім і варожым кіраўніком (падкрэсленае падпарадкаванне селяніна дзяржаўным рашэнням і рэзігнацыя з уласнай адказнасці за працэсы, што працякаюць у краіне). У некалькіх гістарычных сітуацыях — пасля адмены прыгону ў 1861 годзе, у першыя дзесяцігоддзі савецкай улады (усходнебеларуская вёска) і міжваенны перыяд (заходнебеларуская вёска) — вяскоўцы, незадаволеныя сваім жыццём, ішлі на бунт альбо ў шэрагі палітычных партый. Яны гэтак рабілі, калі лічылі ўладу слабой і давалі веры ў перспектыўнасць сваёй (заўсёды эканамічнай, а не палітычнай) барацьбы. Але незалежна ад нормы паводзінаў (пакора альбо пратэст) беларускі селянін ніколі не адчуваў патрэбы ўплываць на змену кіраўніка краіны.

 
ЗЬМЕСТ

Лекцыя 1. Палітычныя ўяўленні беларускіх сялян ХІХ—ХХ стагоддзяў

 

 

ПОШУК