ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

Генадзь САГАНОВІЧ. АРШАНСКАЯ БІТВА 1514 г. —

КАНФЛІКТ ГІСТАРЫЯГРАФІЙ І ІДЭНТЫЧНАСЦЯЎ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 2

План:

1. Інтэрпрэтацыя бітвы як сутыкненне беларускай і (заходне)рускай ідэтычнасцяў

2. Рэвізія падручнікаў і “новая” ідэалагічная інтэрпрэтацыя падзеі

3. Бітва як адзін з сімвалаў сучаснага беларускага супраціву

 

1. Інтэрпрэтацыя бітвы як сутыкненне беларускай і (заходне)рускай ідэтычнасцяў

На пачатак 1990-х гадоў насельніцтва Беларусі аказалася настолькі русіфікаваным і саветызаваным, што нацыянальная гісторыя не магла кансалідаваць яго. Антырасійскія выступленні беларускіх палітыкаў і асабліва публічнае святкаванне бітвы пад Оршай выклікалі вострую рэакцыю прарасійскай часткі грамадства, якая ўсё гучней пратэставала са старонак газет. Сярод тых, хто выступаў супраць, амаль не было гісторыкаў, і публікацыі прарасійскага лагера былі пераважна павярхоўнымі, фальсіфікатарскімі, затое не дапускалі ніякага дыялогу з апанентамі. Іх рыторыка характарызавала тыповую савецкую ідэнтычнасць. Аўтары часта адкрыта прадстаўляліся патрыётамі Савецкага Саюзу, гарачымі прыхільнікамі “адзінай дзяржавы” і “славянскага брацтва”. Яны прызнаваліся, што глядзяць на гісторыю праз прызму “борьбы за воссоединение исконно русских земель и русского народа”, што лічаць “неизбежным воссоединение в единое государство” рускага і беларускага народаў, а распад СССР называлі “трагедыяй”. У газетных артыкулах такіх аўтараў словы “дэмакраты” і “нацыяналісты” выкарыстоўваліся як сінонімы і ў аднолькава адмоўным значэнні.

Імкненне нацыянальна-дэмакратычных колаў публічна адзначаць угодкі Аршанскай бітвы выклікала палітычныя жарсці, якія асабліва разгарэліся на другі год пасля першага святкавання Дня беларускай вайсковай славы. Кебічаў урад Рэспублікі Беларусь выступіў са спецыяльнай заявай, у якой назваў “сомнительной... трактовку битвы под Оршей” як дня беларускай вайсковай славы і паспяшаўся “решительно отмежеваться от антирусских и антироссийских лозунгов”. Такая заява ўраду, які ўзяўся задаваць трактоўку гістарычнай падзеі і стаў на прарасійскія пазіцыі, выклікала пратэсты многіх патрыётаў. Агульны настрой нацыянальна-дэмакратычнай часткі грамадства адлюстравала “Народная газета” — выданне тады яшчэ дэмакратычна абранага парламента: “Абурацца тым, што беларусы ўшаноўваюць памяць мужных продкаў... можна толькі з пазіцый імперскага, вялікадзяржаўнага менталітэту, адмаўляючы беларускай нацыі ў праве на сваю гісторыю, сваю годнасць, на ідэалы незалежнасці”.

Пра вастрыню і маштаб грамадска-палітычнага напружання сведчыла размова мінскага карэспандэнта “Правды” з дзяржаўным сакратаром Рэспублікі Беларусь па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспекі Г.Данілавым, апублікаваная як грознае папярэджанне ў галоўнай газеце савецкіх камуністаў за дзень да мерапрыемстваў у Мінску ў 1993 г. Сама ідэя святкавання Дня беларускай вайсковай славы была названа ў ёй “крупномаштабной политической провокацией”, спробай “правых буржуазно-националистических партий (?! — Г.С.) дестабилизировать обстановку в республике”, “вбить клин между белорусским и русским народами”. Высокі чыноўнік беларускага ўраду завяраў Маскву ў тым, што ўрадам “приняты меры для пресечения националистической акции 8 сентября”, а карэспандэнт “Правды” супакойваў расійскіх камуністаў, маўляў, “против России у нас, в Беларуси, только отъявленные национал-выродки”, а таксама тыя, “кто поддерживает Ельцина”, які “разваліў СССР”.

Кіруючыся расійскай (=савецкай) гістарычнай свядомасцю, тыя, хто катэгарычна пратэставаў супраць ініцыятывы святкавання Дня беларускай вайсковай славы (у газетах сярод такіх фігуравалі ветэраны вайны, Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Асацыяцыя воінаў-інтэрнацыяналістаў і Саюз афіцэраў Беларусі), называлі Аршанскую бітву “братазабойчай”, “эпізодам унутрырускай міжусобіцы”, а ўсіх, хто збіраўся святкаваць дзень 8 верасня — “антынацыянальнымі групоўкамі, што служаць Захаду”, выключаючы іх са складу “беларускага народа” бо, маўляў, “беларускі народ і яго прэзідэнт адназначна выказаліся за ўз’яднанне з Расіяй”. І хоць арганізатары мерапрыемства ўстрымліваліся ад антырускіх выказванняў ды публічна падкрэслівалі, што святкаванне дня Аршанскай бітвы “не закранае цяперашніх адносін паміж Беларуссю і Расіяй, якія павінны быць добрасуседскімі і дружалюбнымі на роўнай аснове”, у якасці іх галоўнай віны пастаянна выстаўлялі менавіта антырускасць і жаданне сапсаваць адносіны з Расіяй.

Так у грамадска-палітычным дыскурсе даўняя бітва пад Оршай была адразу ўлучана ў лік праблемаў, звязаных з суверэнітэтам Рэспублікі Беларусь, з барацьбой за незалежнасць дзяржавы. Права на памяць пра Оршу ў нацынанальна арыентаванай грамадскасці адназначна атаясамлялася з годнасцю, са свабодай, з правам быць сабой, аднак урад дырэктыўна вызначыў народу іншае разуменне “гістарычнай праўды”. “Ці будзем мы звацца беларусамі, калі з лёгкасцю выкінем з сваёй памяці яшчэ і перамогу пад Оршай?” — звярталіся да суайчыннікаў грамадзяне, абураныя пазіцыяй ураду. Яшчэ больш абурыла грамадзян Беларусі пазіцыя абранага ў 1994 г. прэзідэнтам А. Лукашэнкі, які, выступаючы ў расійскім тэлебачанні, адразу заявіў, што беларускі народ “марыць пра ўз’яднанне” з Расіяй. Успамінаючы Оршу, гісторыкі і грамадскія дзеячы заклікалі абараняць суверэнітэт Беларусі ў канцы ХХ ст. “Няхай пераможная слава нашых продкаў... змагароў за незалежнасць Бацькаўшчыны надасць нам сілы”, — звярталіся яны да людзей на мітынгах, і папулярызуючы гісторыю, выбіралі тых славутых землякоў, “для якіх справай жыцця была барацьба за суверэнітэт і незалежнасць Беларусі” і праўду пра якіх доўга хавалі “падручнікі, напісаныя пад дыктоўку суслаўска-брэжнеўскіх ідэолагаў”.

2. Рэвізія падручнікаў і “новая” ідэалагічная інтэрпрэтацыя падзеі

Пасля ўсталявання ў Беларусі прэзідэнцкай улады і змены дзяржаўнай палітыкі гістарычная навука і адукацыя пераводзіліся пад асаблівы ідэалагічны кантроль. У 1995 г. прэзідэнт А.Лукашэнка прыняў рашэнне выключыць з навучальнага працэсу падручнікі і дапаможнікі па гісторыі, выдадзеныя пасля абвяшчэння суверэнітэта (першыя незалежніцкія), а кантраляваць змест навучальнай літаратуры па гісторыі даручыў спецыяльна створанай дзяржаўнай камісіі. Інтэрпрэтацыю гісторыі Беларусі сталі падладжваць пад дзяржаўную ідэалогію, а фактычна — пад палітыку прэзідэнта. У афіцыйных выданнях Беларусі ранейшыя патрыятычныя трактоўкі Аршанскай перамогі не дапускаліся. Адным з апошніх прыкладаў публікацыі з патрыятычным трактаваннем перамогі стаў артыкул Анатоля Грыцкевіча ў “Беларускай Энцыклапедыі” ў 1996 г., у якім захавалася асноўная інфармацыя пра колькасць войска з абодвух бакоў, апісанне бітвы і яе вынікаў, але ранейшае акцэнтаванне беларуска-расійскага канфлікту ўжо было знята.

Асаблівая ўвага ідэалагічных службаў надавалася школьным падручнікам. Паказальным можна лічыць першы універсітэцкі падручнік, напісаны ў адпаведнасці з прэзідэнцкім курсам на “саюзную дзяржаву” — сумнавядомы двухтомнік пад рэдакцыяй Новіка і Марцуля (1998). Бітву пад Оршай яго аўтары згадалі літаральна адным радком — не назваўшы ні гетмана Астрожскага, ні канкрэтнага месца бітвы, ні маштабу і складу армій, ні тым больш не сказаўшы пра значэнне перамогі і яе гістарычнае рэха.

У перыядычным друку прэзідэнцкай Беларусі мясцовыя апалагеты адвечнай дружбы з Расіяй разгарнулі кампанію сапраўднага шальмавання беларускіх гісторыкаў. У сваіх інтэрпрэтацыях бітвы пад Оршай ў асноўным паўтаралі аргументы расійскіх аўтараў, але пры гэтым спрашчалі іх і нярэдка даводзілі да абсурду. Асновай іхнай інтэрпрэтацыі бітвы з’яўлялася канцэпцыя “трыадзінарускасці” ў мадэрнізаванай версіі: межы “рускага” народа вызначала праваслаўе! Таму, сцвярджаў, напрыклад, Я.Трашчанок, войны Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ—ХVІІ стст. “нельга прадстаўляць як беларуска-рускія сутыкненні, у якіх рускі бок быў агрэсарам”, усё гэта — “злонамеренная фальсификация”. Як у царскай Расіі, усё ўсходняе славянства называлася “адзіным рускім народам”, у святле чаго экспансія Маскоўскай дзяржавы падаецца справядлівай барацьбой за “уз’яднанне” захопленых зямель Русі ў адной дзяржаве. У гэтым плане паказальнымі сталі публікацыі М.Амбражэвіча — супрацоўніка Інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта, якія па стылю нагадваюць палітычную агітку мінулай эпохі. Для яго, як і для яго расійскіх калег, няма сумнення ў тым, што ў Беларусі ХVІ ст. не маскоўскія ратнікі, а палякі “были окупантами”, “жгли и грабили”, расійскае ж войска “приходило на земли, где жили единокровные братья и единоверцы, которые рано или поздно (падкрэслена мной — Г.С.), но вернутся в общее государство”. Не дзіўна, што пры такім падыходзе апісанне бітвы ў Амбражэвіча больш чым адвольнае. “Рускай арміі”, якая вяла справядлівую вайну, пад Оршай супрацьстаяла амаль такое ж па колькасці “польска-літоўскае войска”, але рускія страцілі ў бітве няшмат, у Астрожскага ж, наадварот, загінула 85 працэнтаў воінаў. Таму, маўляў, каб кампенсаваць горыч ад няўдачы, польскі кароль і Ватыкан распаўсюдзілі па Еўропе раздзьмутыя чуткі пра перамогу. Так у публікацыях Адміністрацыі прэзідэнта дайшло да адмаўлення нават факту разгрома маскоўскай арміі пад Оршай! Гэтага не дазвалялі сабе і ў Расіі, дзе некаторыя гісторыкі ўсё ж прызнавалі значэнне перамогі Астрожскага.

Паколькі факт прысутнасці праваслаўнай беларускай шляхты ў харугвах Астрожскага, як і веравызнанне самога гетмана, прынцыпова пярэчаць канцэпцыі “адзінага рускага народа” і “барацьбе за ўз’яднанне ісконна рускіх зямель”, то адным з галоўных прыёмаў прарасійскай інтэрпрэтацыі бітвы і яе выкрэслівання з гісторыі Беларусі стала сцверджанне, быццам армію Астрожскага ні ў якай меры нельга лічыць беларускай. Маўляў, яе складала толькі польская і літоўская шляхта, а беларусы — калі і былі, дык “паднявольныя”, “мабілізаваныя насільна”. Бедных беларускіх мужыкоў “польска-літоўскія афіцэры кінулі на верную смерць супраць рускіх братоў”, выкарыстаўшы іх “як пушачнае мяса”. Тое, што сам гетман быў праваслаўны, замоўчвалася, а ў некаторых публікацыях ён свядома называўся “літоўскім” князем. Падобныя аргументы маглі ўплываць хіба толькі на зусім неадукаваных чытачоў, якія не ведалі, напрыклад, што паспалітае рушэнне (апалчэнне) Вялікага Княства Літоўскага складала шляхта, а яна проста не бывала “паднявольнай”. Незалежна ад этнічнага паходжання, шляхта лічыла гэтую дзяржаву сваёй і абараняла яе.

Да агульных месцаў такой трактоўкі бітвы належыць і сцверджанне, быццам паражэнне арміі Васіля ІІІ пад Оршай “ніяк не змяніла вынікаў вайны”, а перамога Астрожскага не мела для Беларусі ніякага значэння, таму яна і не заслугоўвае памяці. Фальшывасць гэтага тэзіса відавочная, калі згадаць, што ў ХVІ ст. продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў знаходзілі падставы не толькі помніць пра бітву, але і называлі яе “вялікай” ды ўслаўлялі за перамогу князя Астрожскага. У Вялікім Княстве Літоўскім у эпоху жорсткага супрацьстаяння з Масквой азначэнне “Вялікая бітва” стала сімвалічным, падобна як у Венгрыі ў ХVІІ ст. бітва пад Махачам зрабілася метафарай для трагічных падзей нацыянальнай гісторыі.

3. Бітва як адзін з сімвалаў сучаснага беларускага супраціву

У другой палове 1990-х гадоў, калі прэзідэнт і яго ўрад вызначылі, як беларусы мусяць разумець айчынную гісторыю, інфармацыя пра бітву пад Оршай падавалася вельмі асцярожна і дазавана. Сярэднестатыстычны беларус нідзе не мог натрапіць на ранейшыя патрыятычныя трактоўкі, а часцей наогул не мог пра яе нічога пачуць. Падзея аказалася быццам выкрасленай з гісторыі краіны. Вось тады асаблівае сімвалічнае значэнне набыло месца Аршанскай бітвы.

Поле крывавай сечы як важнае месца памяці было “адкрыта” яшчэ пры савецкай уладзе, пасля першых публікацый пра бітву. Угодкі славутай перамогі ўпершыню адзначаліся ў 1990 г., калі рэдакцыя апазіцыйнай газеты “Свабода” разам з патрыятычнай грамадскасцю Оршы адсвяткавала там дзень 8 верасня. Удзельнікі гэтага мерапрыемства паставілі вялікі шасціканцовы крыж на месцы бітвы — над абмялеўшай рачулкай Крапіўнай. У верасні 1994 г., калі нацыянальна-дэмакратычная грамадскасць адзначала 480-годдзе бітвы, адбыліся масавыя ўрачыстасці і на месцы сечы пад Оршай. На пабаявішчы ў гонар перамогі з’явіўся памятны знак, а пра загінулых нагадваў пастаўлены крыж. Патрыятычная грамадскасць спрабавала пабудаваць тут і каплічку памяці ўсіх, хто загінуў, аднак улады не дазволілі. У тым жа годзе моладзь з розных гарадоў Беларусі арганізавала пешаходную вандроўку “шляхам войска гетмана Астрожскага”, каб пабыць ля дарагіх рэліквіяў. З гэтага часу на месцы Аршанскай бітвы штогод стаў ладзіцца фэст, прысвечаны Дню беларускай вайсковай славы, які збірае мноства моладзі.

Паступова адзначаць перамогу 1514 г. на месцы сечы стала традыцыяй, а поле бітвы пад Оршай зрабілася сімвалічным, яму надавалася нават сакральнае значэнне. Свята на тым месцы атрымліваецца само сабой, стыхійна. Кожны год у першыя выходныя верасня з’язджаюцца на поле пры ўпадзенні ракі Крапіўны ў Дняпро сотні, а часам нават тысячы беларускіх патрыётаў, каб агледзець месца слаўнай падзеі, сустрэцца з аднадумцамі і проста адпачыць на вольным паветры. Нягледзячы на фільтры ідэалагічнай цэнзуры ў афіцыйным друку, інфармацыя пра даўнюю бітву і дзень яе ўшанавання ўсё роўна пашыраецца, і найперш праз Інтэрнэт, сярод студэнцкай моладзі. Вось, напрыклад, як адзін з удзельнікаў Аршанскага фэсту апісаў сутнасць гэтага свята сваім калегам на студэнцкім форуме, каб запрасіць іх жа ўдзелу ў 2003 г.: “У гэты дзень (8 верасня) адзначаецца Дзень беларусай вайсковай славы. У гэты дзень беларусы пагналі маскалёў з нашай зямлі. А 23 лютага — гэта савецкае свята, якое да нас ня мае дачынення. ...8 верасня штогод усе жадаючыя з’язджаюцца з намётамі на поле, дзе адбывалася тая знакамітая бойка, каб ушанаваць памяць загінулых і адзначыць свята перамогі. … Паўсюль шмат намётаў, вогнішчы, рыцарскія бойкі, вядомыя барды з гітарамі, мастакі, пісьменнікі, паэты і іншыя знакамітыя людзі... Танцы, дыскатэка, конкурсы...”. А вось як тлумачыцца значэнне дня 8 верасня на інтэрнет-старонцы агульнабеларускай маладзёвай арганізацыі супраціву “Зубр”: “У гэты дзень у 1514 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім пад Оршай разбілі ўтрая большае войска Маскоўскай дзяржавы. Гэтая бітва засталася ў гісторыі як адна з найбуйнейшых у Еўропе ХVІ стагоддзя. Пасля паразы царскіх ваяводаў на рэчцы Крапіўна амаль усе захопленыя імі гарады былі вызваленыя. Аршанская бітва з’яўляецца адной з самых значных перамог у барацьбе за Незалежнасць беларускай дзяржавы”.

У 2004 г., нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў, на свята пад Оршу з’ехалася каля 400 маладых удзельнікаў з усёй Беларусі. Як звычайна, мерапрыемствы пачаліся каля Памятнага крыжа, дзе уніяцкі святар адслужыў імшу па ўсіх загінулых, а потым каля вогнішчаў доўга працягваўся канцэрт беларускай песні. У гонар правядзення фестывалю беларускай аўтарскай песні “Аршанская бітва-2004” у Оршы планавалася адкрыццё выставы мінскага мастацкага аб’яднання “Пагоня”, якое прысвяціла бітве шэраг карцін і падрыхтавала праект скульптурнага помніка гетману Канстанціну Астрожскаму, аднак улады не дазволілі адкрываць гэтую выставу ні ў Мінску, ні ў Оршы. У наступныя гады свята на Крапівенскім полі зноў збірала сотні маладых людзей, у якіх з’явіўся план да 500-годдзя падзеі узвесці на месцы бітвы адпаведны мемарыяльны знак.

Так, насуперак пазіцыі афіцыйных уладаў, і памяць пра дзень 8 верасня, і шанаванне месца Аршанскай бітвы зрабіліся часткай новай традыцыі постсавецкай Беларусі. Пра бітву сталі складацца вершы, барды прысвячалі ёй песні, мастакі — карціны і скульптуры, а грамадскія арганізацыі праводзілі гістарычныя конкурсы, прысвечаныя ўгодкам славутай бітвы. Дэталі даўняй падзеі ўжо мала каго цікавяць: яна набыла значэнне сімвала! Сімвала сучаснага беларускага патрыятызму, і найперш — непакорнасці Беларусі перад Расіяй, абароны яе суверэнітэта.

У тым, што сеча пад Оршай, а не, прыкладам, бітва 1410 г. пад Грунвальдам, стараннямі гісторыкаў і публіцыстаў заняла ключавое месца ў фармаванні сучаснай беларускай ідэнтычнасці, бачыцца вялікі сэнс. У адрозненне ад пачынальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі, якія не ставілі перад сабой праблемы цывілізацыйнага выбару Беларусі “паміж Усходам і Захадам”, сучасныя беларускія гісторыкі, здаецца, усведамлялі важнасць падобнай альтэрнатывы. Можна сказаць, што нацыянальная міфалагізацыя беларускай гісторыі ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя адбывалася адназначна ў заходнім, праеўрапейскім накірунку. Змену вектара заўважыў і нямецкі гісторык Р.Лінднер, які падкрэсліў, што гісторыкі Беларусі і Расіі глядзяць у розных кірунках і ў гэтым плане не маюць нічога супольнага. Магчыма, выявілася і рэакцыя на працяглы вопыт жорсткага падпарадкавання масквацэнтрычнай дактрыне савецкага гістарыяпісання. У кожным разе, практычна адразу пасля распаду СССР на пытанне “хто такія беларусы?” беларускія і расійскія гісторыкі адказвалі не проста па-рознаму, а ўзаемавыключальна, і найлепшым прыкладам такой узаемавыключальнасці сталі іх трактоўкі бітвы пад Оршай. Для першых бітва 1514 г. была і засталася “святой бітвай за Бацькаўшчыну”, а для другіх — “эпізодам унутрырускай міжусобіцы”.

Літаратура:

Даследаванні і навучальныя выданні:

Абэцэдарскі Л.С., Баранава М.П., Паўлава Н.Г. Гісторыя БССР. Вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы. Мінск, 1974.

Амбражевич Н. Оршанская битва 1514 г.: военно-исторический аспект. Минск, 2003.

Астахов М.В. и др. Хронология российской истории с древнейших времен до середины ХVIII в. Самара, 1998.

Волков В.А. Войны Московской Руси конца XV—XVI вв. Москва, 2001.

Гісторыя Беларускай ССР. У 5 тамах. Т. 1. Мінск, 1972.

Гісторыя Беларусі. У 2 частках. Частка 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г. Пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля. Мінск, 1998.

Довнар-Запольский М. История Беларуси. Минск, 2003.

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мінск, 1919 (5 выд. 1992).

Иловайский Д. Краткие очерки русской истории. Москва, 1875.

История Белорусской ССР. Под ред. В.Н. Перцева. Т. 1. Минск, 1954.

История Белорусской ССР. Т. 1. Под ред. Л.С. Абецедарского. Изд. 2. Минск, 1961.

История БССР. Учебное пособие для вузов. Под ред. Чепко В.В., Игнатенко А.П. Часть 1. Минск, 1981.

Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 2. Т. 7. Гл. 2. Москва, 1989.

Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Факсімільнае выданне арыгінала 1910 г. Мінск, 1993.

Лойка П. Гісторыя Беларусі. Вучэбны дапаможнік для 7 класа сярэдняй школы. Мінск, 1993.

Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 частках. Ч. 1. Гал. рэд. М.П. Касцюк. Мінск, 1994.

Пятецкий Л.М. История России для абитуриентов и старшеклассников. Изд. 3. Москва, 1996.

Ткаченко В.А. История России XIII—XVI вв. Московские великие и удельные князья и цари. Москва, 1998.

Сагановіч Г. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мінск, 1992.

Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Кн. 3. Т. 5. Гл. 2. Москва, 1989.

Тезисы об основных вопросах истории БССР. Часть 1. История белорусского народа до Великой Октябрьской революции / Известия АН БССР. №3. Минск, 1948.

Трещенок Я. История Беларуси. Ч. 1. Досоветский период. Могилев, 2003.

Шчарбакоў В.К. Нарыс гісторыі Беларусі. Частка 1. Менск, 1934.

Газетныя і часопісныя публікацыі: 

Василевич П. Оршанская битва: вчера, сегодня. Кому выгодно завтра? // Политика. Позиция. Прогноз. 1994. №4 (30).

Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8.

Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. №6.

Грыцкевіч А. Ішла ў бой беларуская конніца // Народная газета. 1994, 7 жніўня.

Жданко В. Успомнілі бітву пад Оршай: адны з гонарам, другія — з праклёнам // Звязда. 1993, 9 верасня.

Заявление Правительства Республики Беларусь // Народная газета. 1993, 2 верасня. С. 1. Тое самае // Во славу Родины. 1993, 8 сентября.

Класкоўскі А. Як бы там ні было, але пад Оршай беларускі вой засланяў грудзьмі сваю Бацькаўшычу // Народная газета. 1993, 7 верасня.

Мікалайчанка А. На паклон крыжу на Крапівенскім полі // Наша слова. 1994. 21 верасня.

Милованов и др. Горькая победа под Оршей // Политика. Позиция. Прогноз. 1994. №4 (30).

Осинский И. Солдатушки, браво ребятушки, или о том, как историю превращают в место для политических ристалищ // Советская Белоруссия. 1994, 6 сентабря.

Плыткевіч С. “Не ўрады вызначаюць народам святы...” // Народная газета. 1993, 11 — 13 верасня. С. 1.

Снетков Д. Битва на реке Крапивна, или О сражении под Оршей в свидетельствах и документах // Советская Белоруссия. 1994, 27 августа. С. 3.

Степаненко О. Неймется генералам демократии (БНФ мечтает отпраздновать победу над русскими) // Правда. 1993, 7 сентября.

 

 

Лекцыя 2
 

 


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY