|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ Генадзь САГАНОВІЧ. АРШАНСКАЯ БІТВА 1514 г. — |
Лекцыя 1 |
Лекцыя 1 План: 1. Бітва 1514 г. у расійскай і савецкай гістарыяграфіі 2. Бітва як значная падзея нацыянальнай гістарыяграфіі 3. Інтэрпрэтацыя ў гістарыяграфіі незалежнай Беларусі
1. Бітва 1514 г. у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі Бітве 1514 г. пад Оршай, у якой колькасна меншае войска гетмана Канстанціна Астрожскага разбіла маскоўскую армію князя Васіля ІІІ, выпаў асаблівы лёс. Праз шмат стагоддзяў яна не проста стала беларускім lieux de memoire. Даўняя сеча апынулася ў цэнтры гістарыяграфічных баталій і ператварылася ў сімвал, які адным дае сілу і натхненне, другіх — раздражняе і раніць. Для расійскай гістарыяграфіі гэтая бітва ад пачатку была нязручнай, некарыснай падзеяй. І не толькі з прычыны цяжкага паражэння маскоўскіх ваяводаў. Яшчэ больш прыкрым з’яўляўся факт разгрому іх праваслаўнай арміі такім жа праваслаўным князем Астрожскім на чале напалову праваслаўнага войска. Гэта зусім не ўпісвалася ў канцэпцыю аднаго славянарасійскага народу вялікарусаў, маларусаў і беларусаў. І ўсё ж у царскай Расіі бітва пад Оршай не выключалася з гісторыі. У сінтэзах патрыярхаў расійскай гістарыяграфіі Мікалая Карамзіна і Сяргея Салаўёва пра яе, хоць і мімаходзь, але гаварылася ў кантэксце вайны Васіля ІІІ супраць Літвы, у якой “рускія” б’юцца з “літоўцамі”. Пры ўсёй сцісласці апісання бітвы абодва расійскія класікі акцэнтавалі даволі істотны момант, ад якога пазней стала адмаўляцца расійская савецкая гістарыяграфія: паражэнне расіян было “страшнае”, і бітва мела кепскія для Масквы наступствы. У менш вядомых сінтэтычных аглядах і падручніках па гісторыі Расіі ў ХІХ ст. бітва пад Оршай таксама згадвалася, звычайна, праўда, адным радком і ў сувязі са здабычай Смаленска маскоўскай арміяй. На этнічную і канфесійную прыналежнасць ні воінаў Канстанціна Астрожскага, ні самога гетмана ўвага не звярталася, або наадварот — падкрэслівалася іх чужасць (літоўскасць). Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі інтэрпрэтацыі гісторыі ў савецкай навуцы напрасткі залежалі ад ідэалогіі. Цэнтральнай ідэалагемай гісторыяпісання ў СССР пры Сталіне стала вучэнне пра “адзіную старажытнарускую народнасць”, якое ад пачатку 1950-х гадоў да канца існавання СССР вызначала марксісцка-ленінскае тлумачэнне айчыннай гісторыі. Ваенныя паходы маскоўскіх армій на суседнія княствы цяпер трактаваліся выключна ў кантэксце працэсу “воссоединения русских земель”, таму бітва пад Оршай калі і прыгадвалася, дык у якасці зусім маргінальнай падзеі, звязанай са здабываннем Смаленска ў 1514 г., якая не магла стрымаць “прагрэсіўнага” гістарычнага працэсу “ўз’яднання”. Гэтаксама ў сучасных расійскіх падручніках па айчыннай гісторыі гэтая найбуйнейшая бітва застаецца маргінальнай падзеяй. Яна або не згадваецца ніводным словам нават тады, калі пра захоп Смаленска ў 1514 г. гаворыцца, або, калі аўтары не могуць яе не згадаць, маштаб і значэнне бітвы максімальна змяншаюцца. Пра “рускасць” самога гетмана і вялікай часткі яго ваяроў не гаворыцца, наадварот, паслядоўна падкрэсліваецца, што рускай арміі Васіля ІІІ заўжды супрацьстаялі “літоўцы” ці “польска-літоўская армія”. У цэлым, расійская гістарыяграфія пераняла і развіла імперскую мадэль тлумачэння гісторыі Усходняй Еўропы, адпаведна якой беларусы — той жа “рускі” народ, які, трапіўшы пад рэлігійна-нацыянальны прыгнёт літоўцаў і палякаў, са спадзяваннем глядзеў на Маскву і проста не мог ваяваць супраць расіян. Гісторыкі царскай Расіі былі больш аб’ектыўнымі і не баяліся паказваць прыклады варажнечы паміж народамі і землямі былой Кіеўскай Русі. Дастаткова згадаць Мікалая Карамзіна, які адкрыта называў князя Канстанціна Астрожскага “братам расіян па царкве, але іх страшнага ворага ў полі”. У плане навуковасці сапраўдным выключэннем для сучаснай расійскай гістарыяграфіі можна лічыць працы Міхаіла Крома, які аб’ектыўна даследаваў войны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ, аднак непасрэдна да аршанскай бітвы не звяртаўся. 2. Бітва як значная падзея нацыянальнай гістарыяграфіі Ад самых пачаткаў нацыянальнай гістарыяграфіі сеча пад Оршай бачылася зусім іначай. Той факт, што яна была пераможнай і адбылася на тэрыторыі Беларусі, насіла абарончы характар, рабіў падзею важнай. Пачынальнікам беларускай гістарыяграфіі, каб падкрэсліць гістарычную нятоеснасць беларусаў і вялікарусаў, дастаткова было паказаць рэальныя адносіны паміж рознымі дзяржавамі, у якія цягам стагоддзяў уваходзілі рускія і беларусы. Невыпадкова ў першым сінтэтычным нарысе гісторыі краю, напісаным беларусам для беларусаў — у маленькай “Кароткай гісторыі Беларусі” Вацлава Ластоўскага належная ўвага аддавалася войнам ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы — гэтаму “змаганню за Беларусь”, якое давяло край “да цяжкай руіны”. Хоць сам Ластоўскі быў пад значным уплывам расійскай гістарыяграфіі, ваенныя канфлікты Маскоўскай дзяржавы з Літвой ці Польшчай сталі асноўным кантэкстам, у якім аўтар падаў інфармацыю пра Расію. Натуральна, знайшла ў ёй месца і бітва пад Оршай, і перамога “шчырага старонніка праваслаўя” вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага — нягледзячы на тое, што ён меў 35 тыс. воінаў супраць 80 тыс. непрыяцеля. Ластоўскаму, які лічыў, што “беларусы і маскоўцы розняцца ва ўсім, нават і ў самой веры праваслаўнай”, і гэты факт не здаваўся нечым ненатуральным. У першым беларускім падручніку па айчыннай гісторыі, напісаным у 1919 г. гісторыкам з універсітэцкай адукацыяй і грамадска-палітычным дзеячам Усеваладам Ігнатоўскім, асобны параграф быў адведзены адносінам літоўска-беларускага княства з Масквой. Нягледзячы на тое, што па поглядах аўтар належаў да сацыялістаў і прытрымліваўся фактычна прарасійскай арыентацыі, ён таксама напісаў пра шматлікія войны з Масквой. Прычым, паколькі Усевалад Ігнатоўскі (як і Ластоўскі) лічыў Вялікае Княства Літоўскае “літоўска-беларускай дзяржавай”, то і для яго не існавала праблемы нацыянальнай ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў канфлікту. У разуменні Ігнатоўскага, “маскоўскія войскі” руйнавалі “беларускія тэрыторыі”, а бараніць іх імкнулася “літоўска-беларускае” войска. “Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імперыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсць іх вотчына”, — падкрэсліў аўтар першага беларускага падручніка. Значыць, абарона Беларусі была бясспрэчна справядлівай справай, і князя Канстанціна Астрожскага, які атрымаў перамогу над агрэсарам у 1514 г. і “ад Оршы гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужу”, можна лічыць героем сваёй гісторыі. Урэшце, у сінтэтычным нарысе гісторыі Беларусі на той час самага аўтарытэтнага беларускага гісторыка Мітрафана Доўнара-Запольскага, напісаным у першай палове 1920-х гадоў, эпізод вялікай бітвы пад Оршай таксама не прапушчаны, і змешчаны ён у параграфе з красамоўнай назвай “Пачатак барацьбы з Масквой”. Аўтар адзначыў, што ў тую пару “на працягу 40 гадоў Вялікае Княства Літоўскае вяло няспынную вайну з Масквой”, і лаканічна вызначыў значэнне перамогі 1514 г.: “страшнае паражэнне” масквічоў ад князя Астрожскага “зрабіла іх больш уступлівымі”. У 1930-х гадах палітычная сітуацыя ў СССР, аднак, радыкальна змянілася; па-іншаму сталі пісаць і гісторыю ў Мінску. Беларускія гісторыкі нацыянальнай арыентацыі апынуліся пад рэпрэсіямі, а патрыятычны выклад гісторыі Беларусі катэгарызаваўся як “буржуазны нацыяналізм” і “антысавецкая прапаганда”. І першы ж падручнік па гісторыі Беларусі Васіля Шчарбакова, напісаны з бальшавіцкіх пазіцый, не змясціў ніякай згадкі пра славутую бітву. З усталяваннем культу Сталіна пра яе ў Беларусі ўжо ніхто не мог напісаць. Толькі ў часе ІІ сусветнай вайны ў Мінску выйшаў папулярны нарыс беларускай гісторыі Язэпа Найдзюка, у якім расказвалася і пра перамогу гетмана Астрожскага над маскоўцамі. Гэтая папулярная кніга, выкарыстанне якой было абмежавана тэрыторыяй і перыядам нямецкай акупацыі, пасля вайны апынулася ў “спецхранах” ды, як і кнігі Ластоўскага ці Ігнатоўскага, да перабудовы і распаду СССР заставалася таксама невядомай шырокаму грамадству. Пасля перамогі СССР у вайне з фашысцкай Нямеччынай магчымасці інтэрпрэтацыі айчыннай гісторыі яшчэ больш звузіліся. У 1948 г. у Мінску Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ разам з Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук БССР падрыхтавалі і апублікавалі “Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР”, у якіх выкладалася квінтэсэнцыя “марксісцка-ленінскага разумення” гісторыі Беларусі. Знамянальна, што да “наиболее антинаучных и вредных концепций” гэтая важная партыйная брашура аднесла не толькі “лживое отрицание общности исторического происхождения и общности исторических судеб русского, украинского и белорусского народов”, але і “отрицание постоянного стремления белорусского народа к единству с русским народом”. Вось жа, гэтыя “Тэзісы” і сталі ідэалагічнай асновай напісання савецкіх абагульняючых выданняў і падручнікаў па гісторыі Беларусі, падобных адзін да аднаго як дзве кроплі вады. Усе яны, зразумела, абыходзілі не толькі сюжэт бітвы пад Оршай, але і саму тэму шматлікіх войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. Сапраўды, савецкая гістарычная навука зрабіла ўсё, каб людзі забыліся пра Аршанскую бітву. Толькі распад Савецкага Саюзу ўмажлівіў радыкальны адыход ад савецкай масквацэнтрычнай канцэпцыі гісторыі краю. З абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь перад гістарыяграфіяй незалежнай дзяржавы паўстала задача абвяржэння вялікадзяржаўных расійскіх ды польскіх міфаў і стварэння сваёй канцэпцыі гісторыі, якая спрыяла б умацаванню беларускай ідэнтычнасці. Распрацоўка нацыянальнай візіі мінулага непазбежна звязана са стварэннем нацыянальных міфаў — маркераў, якія аддзялялі б карэнную нацыю ад іншых. “Узаконьванне” новых нацыянальных дзяржаў і іх гісторый заўжды патрабавала новай інтэрпрэтацыі мінулага. Пераінтэрпрэтацыя мінулага неабходна для сцверджання сваёй калектыўнай ідэнтычнасці, выключэння з яе іншых, аддзялення ад іх. У недалёкім мінулым метады міфалагізацыі гісторыі з мэтай мабілізацыі масаў ды іх кансалідацыі вакол нацыянальнай ідэі выкарыстоўваліся і ў Расіі, Польшчы ды Літве. У беларусаў, найбольш запозненых у нацыянальным развіцці, патрэба гераізацыі гісторыі і гістарызацыі ўласнага грамадска-палітычнага жыцця была асабліва вострай. У гэтай сувязі імкненне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі да стварэння міфаў, якія задавальнялі б патрэбы развіцця дзяржавы і нацыі, можна лічыць з’явай тыповай і характэрнай. Адным з найбольш эфектыўных спосабаў абуджэння нацыянальнай свядомасці заўжды было акцэнтаванне канфліктаў з “іншымі”, гістарычных прыкладаў адпору захопнікам і асімілятарам. І паколькі Вялікаму Княству Літоўскаму, якое ў новай беларускай гістарыяграфіі стала “сваім”, давялося найбольш ваяваць з Маскоўскай дзяржавай, канфлікты з Расіяй занялі асаблівае месца на старонках гістарычных выданняў незалежнай Беларусі. У тым кантэксце бітва пад Оршай мела ўсе шансы стаць цэнтральным сюжэтам гісторыі супрацьстаяння Беларусі і Расіі — і яна стала ім. 3. Інтэрпрэтацыя ў гістарыяграфіі незалежнай Беларусі У школьных падручніках па гісторыі ў Рэспубліцы Беларусь упершыню даўняя палітыка Масквы ў дачыненні да Беларусі была названа “адкрытай агрэсіяй”, а войнам пачатку ХVІ ст. прысвячаўся асобны параграф, красамоўна названы “Абаронай незалежнасці” (гл. дапаможнік П.Лойкі). Галоўнае месца ў ім атрымала бітва 1514 г., ацэненая як “вялікая перамога” воінаў, што “баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і”. Вучням прапаноўваўся і фрагмент песні ХVІ ст., якая ўслаўляла князя Астрожскага, так што разам “аршанскі” эпізод заняў каля дзвюх старонак падручніка! Паказальна, што і ў акадэмічнай гістарыяграфіі Беларусі пачатку 1990-х гадоў, што ўзяла на сябе і нацыянальна-асветніцкія задачы, выкладаліся тыя ж погляды на беларуска-расійскія адносіны ХVІ ст. У першай акадэмічнай сінтэзе, створанай у Беларусі пасля распаду СССР (1994), бітва пад Оршай трактавалася з тых жа пазіцый і з такім жа патрыятычным пафасам, як у цытаваным вышэй школьным падручніку. Хоць спецыяльнага манаграфічнага даследавання Аршанскай бітвы ў Мінску не з’явілася, беларускія гісторыкі ў першыя гады незалежнасці выступілі з дзесяткам навукова-папулярных публікацый у выглядзе артыкулаў і брашур, у якіх вызначылася даволі звязная нацыянальная трактоўка падзеі. Зразумела, у інтэрпрэтацыі беларускіх аўтараў акцэнтаваліся тыя моманты, якія дазвалялі максімальна звязаць бітву з беларускай гісторыяй, так бы мовіць, “прыватызаваць” яе. Перш за ўсё ў іх падкрэсліваліся: абарончы характар бітвы (1), значная або нават пераважальная прысутнасць беларусаў у арміі Астрожскага (2), ашаламляльнасць (грандыёзнасць) разгрому непрыяцеля (3), станоўчае ўспрыманне перамогі ў Беларусі і добрая памяць пра яе (4), урэшце — вялікае палітычнае і гістарычнае значэнне бітвы (5). 1. Абарончы, а значыць справядлівы характар бітвы заняў ключавую ролю ў беларускім гістарычным наратыве. Яна расцэньвалася як “вялікая перамога” беларускіх і літоўскіх воінаў, якія “баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і”. Пафас абароны айчыны аднолькава характарызаваў як публіцыстычныя, так і навуковыя публікацыі. Патрыятызм воінаў Астрожскага, якія выйшлі абараняць “сваю зямлю ад спусташэння маскоўскіх войскаў”, шэраг аўтараў называлі адным з фактараў іх перавагі ў няроўным міжбоі. 2. Адносна колькасці абедзьвюх армій беларускія гісторыкі прынялі дадзеныя хронік, прызнаваныя звычайна і ў расійскай гістарыяграфіі: маскоўскія сілы налічвалі каля 80 тыс., тады як войска Астрожскага — не больш за 30 — 35 тыс. Важна было падкрэсліць значную прысутнасць у ім беларусаў, аднак крыніцы сведчаць, што больш за палову апошняга маглі складаць палякі, а сілы ВКЛ прадстаўляла шляхецкае рушанне ўсіх земляў гэтай дзяржавы. Таму некаторыя даследчыкі апускалі пытанне этнічнага складу арміі Астрожскага, іншыя імкнуліся ўзмацніць беларускі элемент ускоснымі аргументамі: напрыклад, выказвалася гіпотэза, што колькасць польскіх аддзелаў магла не перавышаць 4 тыс. Патрэбны эфект давала таксама растаноўка адпаведных акцэнтаў пры апісанні бітвы, у якім галоўная роля адводзілася беларуска-літоўскай конніцы, тады як на польскую звярталася мала ўвагі, або адзначаліся даволі сімвалічныя рэчы: маўляў, прамова князя Астрожскага, звернутая да арміі перад бітвай, была “сказаная па-беларуску”. Толькі зрэдку адкрыта гаварылася пра “праваслаўных беларусаў”, якія складалі большасць пераможнага войска пад Оршай. Зразумела, праваслаўнае веравызнанне і гетмана, і часткі яго арміі стала істотным момантам беларускага наратыву, бо ён прынцыпова пярэчыў канцэпцыі “адзінай веры” як падставе “адзінага рускага народа”. Урэшце, яшчэ адзін аргумент, які фіксаваў сувязь арміі Астрожскага з сучаснай Беларуссю, быў знойдзены на славутай карціне невядомага мастака “Бітва пад Оршай”: вымпелы на дзідах воінаў мелі такое ж спалучэнне колераў, як беларускі нацыянальны сцяг, і былі названы “прадвеснікамі нашага гістарычнага бела-чырвона-белага сцяга”. 3. Факт разгрому вялікай арміі захопнікаў значна меншай колькасцю абаронцаў быў, зразумела, выйгрышным для нацыянальнай гістарыяграфіі Беларусі. Таму беларускія гісторыкі падкрэслівалі грандыёзны характар разгрому непрыяцеля, часам прыводзячы з летапісаў яўна завышаныя дадзеныя пра колькасць забітых і палонных маскавітаў. Ускосна маштаб перамогі і слава Астрожскага мусілі адцяняцца тым, што пра яе “даведалася ўся Еўропа”, і што яна была ўключана ў хрэстаматыі па ваеннай гісторыі. 4. З пункту гледжання беларускіх гісторыкаў, пра станоўчае ўспрыманне перамогі над маскоўскай арміяй сведчылі народная песня аб бітве, пахвала князю Астрожскаму ў беларуска-літоўскім летапісе (праваслаўны летапісец дзякаваў гетману за тое, што “яго справаю... маскоўскага ворага пабілі...”), урэшце — памяць пра сечу, зафіксаваная ў карэспандэнцыі ХVІ ст., у якой у гераічным кантэксце нярэдка згадвалася “вялікая бітва Аршанская”. Гістарычная беларуская песня “Слава Воршы ўжо ня горша”, паходжанне якой у сапраўднасці невядомае, прыводзілася ў публікацыях пра бітву настолькі часта, што пра гэты твор даведалася найшырэйшая аўдыторыя, і ён стаў выконвацца ў бардаўскім і харавым выкананні. 5. Гаворачы пра значэнне бітвы, беларускія гісторыкі найчасцей бачылі яго ў блізкай перспектыве — у тым, што яна спыніла маштабны наступ маскоўскай арміі ўглыб краю і дапамагла вызваліць ад яе гарады Усходняй Беларусі (Мсціслаў, Крычаў і Дуброўну). Іншымі словамі, яна хоць ненадоўга, але ўберагла Беларусь ад спусташэнняў маскоўскай арміі. Радзей адзначалася і стратэгічнае значэнне падзеі: што яна паспрыяла развалу небяспечнага ваеннага саюзу Габсбургаў з Масквою, скіраванага супраць дынастыі Ягайлавічаў, дзякуючы чаму сарваліся планы антыягелонскай кааліцыі па перакройванню дзяржаўных межаў Усходняй Еўропы. Некаторыя аўтары лічылі магчымым надаваць бітве яшчэ большае значэнне, сцвярджаючы, што перамогай Астрожскага пад Оршай “быў абаронены суверэнітэт дзяржавы”, г.зн. Вялікага Княства Літоўскага. Адкрытая гісторыкамі для шырокай грамадскасці бітва пад Оршай стала адной з самых папулярных тэм перыядычнага друку. Вызваліўшыся ад савецкай сістэмы, якая навязліва пераконвала, што Беларусь — усяго толькі частка Расіі, беларусы ўспрынялі пераможную бітву 1514 г. як сатысфакцыю, убачылі ў ёй найважнейшы эпізод узаемаадносін з Расіяй. У сталіцы суверэннай Беларусі ў 1992 — 1994 гадах як у незалежных, так і ў дзяржаўных перыядычных выданнях, бітва адназначна ацэньвалася як “славутая старонка беларускай вайсковай гісторыі”, называлася “слаўнай перамогай продкаў над войскамі маскоўскіх захопнікаў”, з ёй звязваўся лёс Беларусі — бо яна надоўга ўратавала край ад уключэння ў склад Расіі і асіміляцыі. Перамога пад Оршай ацэньвалася і ў культурным вымярэнні. Пісалася, напрыклад, што калі б Канстанцін Астрожскі тады не спыніў наступ Масквы, то і першадрукар Францішак Скарына “наўрад ці змог бы вярнуцца на Радзіму ды распаўсюджваць свае выданні на Беларусі”. Наогул, у першай палове 1990-х гадоў пра Аршанскую бітву ў Беларусі пісалі непараўнальна больш, чым пра якую іншую падзею даўняй гісторыі краіны. Падлікі паказваюць, што з 1992 г. колькасць публікацый пра бітву ў перыядычным друку кожны год падвойвалася і ў 1994 г. перасягнула 40 артыкулаў і зацемак. На жаль, ужо праз год, пасля ўсталявання прэзідэнцкай улады Лукашэнкі, імклівы рост колькасці такіх публікацый быў рэзка абарваны. Невыпадкова дзень Аршанскай бітвы быў абраны для мерапрыемства вялікага грамадска-палітычнага значэння. Калі ў 1992 г. парламент Беларусі прыняў закон аб стварэнні беларускага войска, то былое савецкае афіцэрства байкатавала прысягу на вернасць Беларусі, апраўдваючы сваю пазіцыю тым, што прысяга даецца адзін раз, а яны, маўляў, прысягнулі Савецкаму Саюзу. І тады менавіта 8 верасня тысячы патрыятычна настроеных афіцэраў запаса сабраліся ў цэнтры Мінска на Плошчы Незалежнасці і распісаліся на прысяжных лістах — на вернасць Беларусі. Гэтае мерыпрыемства і стала першым адзначэннем дня Аршанскай перамогі як “Дня беларускай вайсковай славы”.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||