ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

ТАЦЦЯНА РОШЧЫНА. ПЕРАМЕШЧАНЫЯ КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

 

Лекцыя 1. Рэстытуцыя культурных каштоўнасцяў...

Лекцыя 2. Перамешчаныя беларускія кнігі...

Лекцыя 3. Архіўная беларусіка...

ЛЕКЦЫЯ 3. АРХІЎНАЯ БЕЛАРУСІКА: СТРАТЫ І ЗНАХОДКІ

План:

1. Беларускія архівы праз стагоддзі

2. Методыка выяўлення і крыніцы пошуку архіўных дакументаў. Шляхі вяртання

3. Дакументальная спадчына Беларусі ў сучаснай інфармацыйнай прасторы.
Архіўная беларусіка па-за межамі краіны: Літва, Польшча, Расія, Украіна, іншыя краіны

 

1. Беларускія архівы праз стагоддзі

Ад часоў сівой даўніны на тэрыторыі нашай краіны назапашваліся шматлікія архіўныя багацці. Але ўсведамленне іх існавання прыходзіла часам разам з іх стратамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай на той частцы тэрыторыі Беларусі, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі (“Северо-Западный край”), апынуліся архівы больш за дзвюхсот судовых устаноў розных кампетэнцый, гарадзкіх ратуш, манастыроў і цэркваў: праваслаўных, уніяцкіх, рымска-каталіцкіх, — значныя прыватныя зборы. Існаванне мноства самых розных архіваў тлумачылася тым, што ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай заўсёды звярталася пільная ўвага на стараннае захаванне юрыдычных і іншых актаў. Літоўскі статут, Volumina Legum, сеймавыя пастановы вызначалі дакладныя правілы захавання і выкарыстання актавых кніг, іншых дакументаў маёмаснага, публічна-прававога, прыватна-прававога, дыпламатычнага, ваеннага і іншага характару.

Далучэнне беларускіх земляў да Расійскай імперыі прывяло да сцягвання ў архівасховішчы Масквы і Санкт-Пецярбурга найважнейшых дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх архіваў былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Значныя фізічныя страты дакументальная спадчына панесла і ў 1812 г. Вялікая колькасць дакументаў была знішчаная: французскія салдаты і польскія ўланы выкідалі з дзяржаўных устаноў, цэркваў, кляштараў дакументы і палілі іх. Пацярпеў нават старажытнейшы фамільны архіў Радзівілаў у Нясвіжы: значная частка яго была вывезеная ў Небарова, тое, што засталося — раскрадалася і знішчалася. Радзівілаўскі архіў пацярпеў і ад рускіх войскаў у час выгнання французаў за межы Расійскай імперыі. Значныя страты напаткалі і архівы Лепеля, Віцебска, Барысава і іншых гарадоў Беларусі.

Як пазітыўныя, так і негатыўныя вынікі мела археаграфічнае асваенне беларускіх земляў. З аднаго боку, сябры “румянцевского кружка” вядомага дзяржаўнага дзеяча і мецэната графа Н.П.Румянцава з дапамогай віленскай прафесуры, гомельскіх, магілёўскіх аматараў даўніны выявілі, захавалі і часткова ўвяла ў навуковы ўжытак старажытныя дакументальныя помнікі. З другога боку, гэтыя помнікі былі вывезеныя з тэрыторыі Беларусі. Найбольш актыўна старажытныя беларускія помнікі пачалі вывозіцца з 1837 г., калі быў выдадзены спецыяльны ўказ, які загадваў высылаць у Пецярбургскую археаграфічную камісію мясцовыя старажытныя дакументы. Тым не менш, трэба прызнаць, што ўзяўшы на сябе ролю дзяржавы-дэпазітарыя для захоўвання часткі беларускіх архіваў, Расія гэтым вольна ці нявольна спрыяла іх захаванню. Міжканфесійныя разлады, паўстанні, войны, што адбываліся ў кан. XVIII—XIX стст. у Беларусі, нішчылі не толькі чалавечыя жыцці, але і дакументы, што ствараліся шматлікімі пакаленнямі.

Зборы дакументаў і кніг перамяшчаліся з Беларусі і на Захад, найчасцей — у Польшчу. Пачынаючы яшчэ з XVII ст., прадстаўнікі беларускай культуры, якія выязджалі ва універсітэцкія гарады, часта бралі з сабою багацейшыя асабістыя архівы і калекцыі, кнігазборы, якія потым там і заставаліся.

Пра адну даволі сумную прычыну масавага знішчэння беларускіх дакументальных помнікаў пісаў у свой час А.Шлюбскі: “Апроч войнаў і ўнутраных разбурэнняў, чароднай найважнейшай прычынаю вынішчэння крыўскіх помнікаў пісьменнасці было адступленне вышэйшых станаў нашай нацыі ад свайго народу. Пагалоўнае рэнегацтва духавенства, мяшчанства і шляхты ў часы заняпаду сваёй дзяржаўнасці і зліццё іх з пануючымі нацыянальнасцямі, заваёўнікамі радзіла ў іх асяродках зняважлівае адношанне да роднай старасветчыны. Усё больш цэннае з пісаных помнікаў вывозілася імі ў Масковію або Польшчу, ці, урэшце, нішчылася на мейсцы, бо сваё роднае было ім ужо чужым і ненавідным”. Гэтаму ёсць шмат прыкладаў і ў нядаўні час.

Значным узрушэннем для беларускіх архіваў стала Першая сусветная вайна. Улады аказаліся не ў стане забяспечыць захаванне архіваў у заходніх губернях. Шматлікія каштоўныя дакументальныя зборы, якія не паспелі эвакуяваць, загінулі. Значная частка беларускага архіўнага багацця апынулася на Усходзе: у 1914—1915 гг. архівы былі эвакуяваныя ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Яраслаўль, Саратаў, Растоў-на Доне і інш. гарады.

Бальшавісцкая рэвалюцыя, а потым нямецкая і польская акупацыя самым негатыўным чынам адбіліся на стане архіўнай справы Беларусі. У 1917 г. паліліся архівы судовых, паліцэйскіх устаноў, жандармскіх органаў, пры гэтым знішчаліся і гістарычныя помнікі, якія ў іх захоўваліся.

У сакавіку 1921 г. быў заключаны Рыжскі дагавор, паводле ўмоваў якога да Польшчы адыходзіла палова тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасці з артыкулам IX дагавору Польскай рэспубліцы павінны быць перададзеныя ўсе архівы ўстаноў і арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыях, што пераходзілі Польшчы, а таксама і іншыя комплексы гістарычных дакументаў, што былі вывезеныя ў свой час у Расію.

У 20-я гг. мінулага стагоддзя праблема рэстытуцыі беларускіх архіваў, што былі ў розны час вывезеныя з тэрыторыі Беларусі, стала адной з прыярытэтных. Упершыню гэтае пытанне было пастаўленае на Першай Усебеларускай канферэнцыі архівістаў, якая праходзіла ў Мінску 12—14 траўня 1924 г. Грунтоўна абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з размеркаваннем архіваў паміж Расіяй, з аднаго боку, і Польшчай, Літвой, Латвіяй з другога. У сваім дакладзе У. Пічэта звярнуў увагу на той самы 11-ты артыкул Рыжскага мірнага дагавору: калі яго дакладна выконваць, то многія архівы, якія маюць каштоўнасць для Беларусі, давядзецца аддаць Польшчы, Літве і Латвіі. У першую чаргу гэта тычылася Літоўскай метрыкі — архіва Вялікакняскай канцылярыі, на якую адначасова прэтэндавалі палякі і літоўцы. Канферэнцыяй была прынятая рэзалюцыя: ні пры якіх варунках не перадаваць архівы ВКЛ Польшчы. Была прынятая і спецыяльная рэзалюцыя “Па пытанні пра вяртанне архіваў, што былі вывезеныя з Беларусі”. Абмяркоўвалася таксама пытанне стварэння Цэнтрархіва СССР, паводле якога была прынятая негатыўная рэзалюцыя. У дзейнасці гэтага архіва беларускія гісторыкі бачылі небяспеку сцягвання найбольш важных паводле свайго навуковага і палітычнага значэння дакументальных збораў з рэспублікі ў цэнтр (як тое ўжо было ў XVIII—XIX стст.).

У другі раз праблемы рэстытуцыі беларускіх культурных каштоўнасцяў (у тым ліку і архіваў) абмяркоўваліся на Першым З’ездзе даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, які прайшоў у Мінску ў студзені 1926 г. Старшыня Археаграфічнай камісіі М.В.Доўнар-Запольскі выступіў з дакладам “Старыя беларускія архівы па-за межамі БССР”, сакратар камісіі Д.І.Даўгяла — з дакладам “Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінулага Беларусі”. Даклады і выступленні, якія прагучалі на з’ездзе, былі хутчэй аглядна-інфармацыйнымі, чым навукова-аналітычнымі. Яны мелі на мэце звярнуць увагу навуковай грамадскасці рэспублікі, органаў улады на наяўнасць у замежных сховішчах архіўных, бібліятэчных і музейных збораў беларускага паходжання, прымусіць адпаведныя структуры прымаць пэўныя крокі ў іх вяртанні ў рэспубліку.

На Другой Канферэнцыі архіўных работнікаў у 1927 г. былі падведзеныя некаторыя вынікі рэстытуцыі беларускіх архіваў з РСФСР. Былі вернутыя архівы з Масквы, Ленінграда, Смаленска, Ульянаўска, Тулы, Разані, Уладзіміра, Растова-на-Доне. Але тым не менш, далека не ўсе рашэнні канферэнцый і з’езда былі рэалізаваныя. Як вядома, Літоўская метрыка была перададзеная толькі ў 90-я гг. XX ст., і то ў выглядзе мікрафільмаў.

Да сярэдзіны 1990-х гг. на нешматлікіх канферэнцыях пытанні, звязаныя з рэстытуцыяй архіўных матэрыялаў, наогул не абмяркоўваліся. І толькі ў 2-й пал. 90-х гг. архівісты, гісторыкі краіны пачалі займацца распрацоўкай пытанняў, звязаных з гістарычнымі і гістарычна-прававымі аспектамі рэстытуцыі архіўных збораў, выяўленнем беларускіх дакументальных фондаў, што знаходзяцца ў замежных архівах. Гэтая праблема падымалася на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Замежная архіўная беларусіка” (Мінск, 1996 г.). Яна паспрыяла пашырэнню інфармацыі і ўвядзенню ў навуковы ўжытак звестак пра месцы захавання і склад дакументальных матэрыялаў беларускага паходжання і беларусікі.

Пасля распаду СССР, ліквідацыі яго Дзяржаўнага архіўнага фонду, у склад якога ўваходзілі архіўныя зборы саюзных рэспублік, узніклі і існуюць дагэтуль узаемныя прэтэнзіі былых рэспублік, а цяпер незалежных дзяржаў датычна пэўных дакументальных комплексаў.

2. Методыка выяўлення і крыніцы пошуку архіўных дакументаў. Шляхі вяртання

Доступ да гістарычнай інфармацыі, што змяшчаецца ў дакументах па-за межамі краіны, жыццёва неабходны для развіцця беларускай культуры, навукі і беларускай самасвядомасці. Відавочна, што такое становішча — вузкасць даступнай крыніцавай базы (асабліва да пач. XX ст.) — істотна стрымлівала развіццё беларускай гістарычнай навукі. У той жа час фізічнае вяртанне, перамяшчэнне ў Беларусь арыгіналаў усіх гэтых дакументаў уяўляецца невырашальнай задачай. Выхад тут ёсць толькі адзін — інтэнсіўныя пошукі крыніц нашай гісторыі ў замежных архівасховішчах і рукапісных зборах бібліятэк, увядзенне гэтых звестак у навуковы ўжытак. Вырашэнне гэтай праблемы трэба шукаць на шляху новых канцэптуальных падыходаў, сучасных інфармацыйных тэхналогій.

За апошнія дзесяцігоддзі з’явіліся якасна новыя сродкі капіявання, захавання і перадачы інфармацыі: акрамя звычайных мікрафільмавання, мікрафішавання, ксеракапіявання, шырока выкарыстоўваюцца камп’ютэрная тэхніка, сістэмы тэлекамунікацыі. Змянілася і паняцце тэрміна дакумент — яго разумеюць не толькі як матэрыяльны аб’ект, на якім зафіксавана пэўная інфармацыя, але і як інфармацыю, зафіксаваную на нейкім матэрыяльным носьбіце.

Такі падыход да праблемы замежнай архіўнай спадчыны Беларусі азначае, што зыходныя носьбіты інфармацыі (арыгіналы дакументаў у традыцыйным разуменні) могуць захоўвацца ў тых сховішчах, дзе яны апынуліся воляй лёсу. Намаганні павінны быць накіраваныя на вяртанне перш за ўсё інфармацыі, якая змяшчаецца ў іх, шляхам пераносу яе на новыя носьбіты. У сучаснай трактоўцы гэта азначае стварэнне электронных версій (копій) гэтых дакументаў, якія з пункту гледжання інфармацыйнай каштоўнасці эквівалентныя арыгіналам, але адрозніваюцца сваім коштам ці паводле ўмоваў захавання і выкарыстання.

Пры капіяванні непазбежна губляюцца нейкія асаблівасці арыгінала, звязаныя з фактурай носьбіта. Але карыстальнікаў цікавяць перш за усё інфармацыйная функцыя дакумента. Электронныя копіі ў адрозненне ад арыгінала можна захоўваць усюды, дзе ёсць патрэба, іх можна перадаваць праз каналы сувязі, выстаўляць у Інтэрнет, тыражыраваць на CD-ROM.

Застаецца пакуль што праблема працягласці жыцця электроннай інфармацыі. Нават калі носьбіт лічбавай інфармацыі будзе захоўвацца дзесяцігоддзі, усё роўна будуць паўставаць пэўныя праблемы, звязаныя з абсталяваннем і праграмным забеспячэннем, якія імкліва развіваюцца і ўжо сёння непрыдатныя ў шэрагу выпадкаў для чытання інфармацыі на старых носбітах. А рэгулярная міграцыя — перанос інфармацыі з адных носьбітаў і сістэм на іншыя — патрабуе пастаянных матэрыяльных і інтэлектуальных выдаткаў. Таму і сёння выкарыстоўваецца самы просты спосаб захавання інфармацыі — ксеракапiяванне (пры выкананні пэўных умоў), мiкрафiльмаванне. Але гэтая форма, асаблiва калi мець на ўвазе якасць нашых мiкрафiльмаў, усе ж такi абмяжоўвае магчымасцi карыстальнiкаў i iх кола. Больш цывiлiзаваным з'яўляецца другi напрамак — факсiмiльнае цi рэпрынтнае ўзнаўленне арыгiналаў. На жаль, тэхналогiя падрыхтоўкi факсiмiльных выданняў не дае магчымасцi абсалютна дакладна перадаць арыгiнал; факсіміле ў большай ступенi выконваюць інфармацыйную, адукацыйную i асветнiцкую ролю, але не заўсёды задавальняюць патрэбы даследчыкаў. Сёння мы маем шмат прыкладаў такога вяртання і выкарыстання копій дакументаў. Так, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі атрымаў мікрафільмы дакументаў Метрыкі ВКЛ, якія былі зробленыя ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (праўда, якасць іх, на жаль, не заўсёды адпавядае патрабаванням даследчыкаў). Яшчэ адным прыкладам можа служыць Радзівілаўскі летапіс, арыгінал якога захоўваецца ў бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбургу. Пабачыла свет факсімільнае выданне гэтага летапісу, створана таксама электронная копія на CD.

3. Дакументальная спадчына Беларусі ў сучаснай інфармацыйнай прасторы.
Архіўная беларусіка па-за межамі краіны

ЛІТВА

Адным з самых вядомых фондаў архіўных дакументаў, што захоўваецца ў Літве і датычыцца Беларусі, з’яўляецца архіў былога Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Музей пачынаўся з прыватнай калекцыі Івана Луцкевіча, вядомага беларускага дзеяча і асветніка, які за год да смерці (у 1918-м) завяшчаў сваю багатую калекцыю Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні. З 1921 г. яна захоўвалася ў былым базылянскім кляштары. Работай музея кіраваў савет на чале з дырэктарам Антонам Луцкевічам.

Калекцыя архіўных матэрыялаў уключала ў сябе архівы газет “Наша ніва”, “Гоман”, “Голас беларуса”, часопісаў “Крывіч”, “Маланка” і інш.; архівы беларускіх партый, камітэтаў, саюзаў, таварыстваў; шматлікія асабістыя архівы. У аддзеле рукапісаў і друкаў меліся рукапісы, пачынаючы ад XIV ст. Музей быў ліквідаваны ў 1945 г. Для ўдзелу ў працы ліквідацыйнай камісіі была запрошаная дэлегацыя з Мінска, у склад якой увайшлі, на жаль, недасведчаныя і раўнадушныя людзі. У выніку ў Мінск былі перададзеныя толькі нязначныя фрагменты фонду.

На базе архіўных матэрыялаў былога Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы быў сфармаваны рукапісны фонд № 21. Віленскі беларускі фонд, як ён класіфікуецца ў складзе рукапісных фондаў Літвы, уключае 2.309 адзінак захавання. Матэрыялы яго ахопліваюць перыяд ад XV ст. да 1943 г.

Матэрыялы фонду можна падзяліць на дзве часткі: літаратурную і гістарычную. Першая ўключае тэксты літаратурна-мастацкага, публіцыстычнага характару, багатую эпісталярную спадчыну. Храналагічна гэты паздзел распадаецца на два перыяды: часу “Нашай нівы” і заходнебеларускі. Матэрыялы, звязаныя з нашаніўскай парой, пададзеныя фрагментарна, бо частка іх была пасля Другой сусветнай вайны перапраўленая ў Мінск (цяпер захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). На іх фоне асабліва рэпрэзентатыўна выглядаюць мастацкія тэксты, публіцыстыка заходнебеларускіх аўтараў. Гэта перадусім літаратурная спадчына М.Танка, М.Машары, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча і менш вядомых літаратараў. Значную цікавасць уяўляюць некалькі калекцый фальклорных твораў, запісаных Я.Драздовічам, А.Салагубам, У.Паўлюкоўскім і іншымі збіральнікамі памятак традыцыйнай народнай культуры.

Другі раздзел матэрыялаў ВБФ (№ 21) уключае шэраг дакументаў дзейнасці грамадска-палітычных арганізацый і партый, а таксама культурна-грамадскіх і навуковых таварыстваў, якія існавалі ў 1917—1939 гг. Матэрыялы ВБФ гістарычнага зместу ўключаюць мноства дакументаў ХХ стагоддзя, а таксама і такіх, што адносяцца да сярэднявечча. У прыватнасці, многія з іх праліваюць святло на гісторыю асобных вядомых родаў Беларусі, зямельныя стасункі ў мінулым, заключаюць у сабе цікавыя звесткі пра паасобныя двары, манастыры, цэрквы і касцёлы. У 45 справах згрупаваныя акты Вялікага Княства Літоўскага (пачынаючы з 1518 г.), напісаныя на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах.

Акрамя фонду № 21, у аддзеле рукапісаў ЦНБ Літоўскай Акадэміі навук сканцэнтравана вялікая колькасць дакументаў, якія сведчаць пра беларускасць культурнай прасторы Вільні. Яны раскіданыя і па фондах-персаналіях вучоных, грамадскіх дзеячаў, мастакоў.

Шмат беларускіх дакументаў сустракаецца ў фондах літоўскага і беларускага кампазітара Канстанціна Галкоўскага і вядомага адваката і грамадскага дзеяча 1-й пал. XX ст. Тадэвуша Урублеўскага. Асабістыя фонды рэдактара часопіса “Kurjer Wilenski” Людвіка Абрамовіча і ідэолага “краёвасці” (культурна-грамадскага і палітычнага сужыцця народаў былога Вялікага Княства Літоўскага), пісьменніка і этнографа, аўтара чатырохтомнай працы “Ашмянскі павет” Часлава Янкоўскага, а таксама архівы літаратуразнаўца Люцыяна Уземблы ўтрымліваюць багата дакументальных сведчанняў аб кантактах з беларускімі палітыкамі, літаратарамі, культурна-грамадскімі дзеячамі, дапамагаюць узнавіць многія старонкі духоўнага жыцця літоўска-беларускага краю кан. XIX — 1-й чвэрці XX ст.

Багатую інфармацыю аб грамадскай думцы 1920—1950-х гг., праблемах культуры заключае ў сабе эпісталярый вядомых беларускіх дзеячаў. Гэта перадусім перапіска Я.Коласа і Р.Шырмы з К.Галкоўскім, А.Луцкевіча, А.Станкевіча, У.Талочкі з Л.Абрамовічам і іншыя лісты з названых фондаў.

У Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні (былы Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літвы) захоўваецца шмат матэрыялаў пра стан хрысціянскіх канфесій (найперш каталіцызму і уніяцтву). Яны сабраныя ў фондах 604 (каталіцкія), 634 (уніяцкія) і 694 (каталіцкія, часткова уніяцкія). Дакументальныя крыніцы з гэтых фондаў дазваляюць высветліць гісторыю паасобных храмаў, парафій, скасавання уніі і інш. Значная частка дакументаў звязаная з этнічна беларускімі землямі, якія на сёння ўжо знаходзяцца ў складе іншых краінаў. Гэта дакументы на польскай, лацінскай, рускай, царкоўнаславянскай, старабеларускай мовах.

Дакументальныя архіўныя матэрыялы фонду 582 гэтага ж архіва з’яўляюцца грунтоўнай крыніцай для вывучэння гісторыі Беларусі (асабліва БНР), грамадска-палітычных кантактаў беларусаў і літоўцаў у кан. 10-х — пач. 20-х гг. мінулага стагоддзя.

ПОЛЬШЧА

Блізкае суседства, перапляценне гісторыі Беларусі і Польшчы, тэрытарыяльная прыналежнасць Заходняй Беларусі у міжваенны перыяд да II Рэчы Паспалітай, перамяшчэнне насельніцтва — усё гэта спрыяла таму, што ў фондах многіх архіваў Польшчы сабралося багата матэрыялаў па гісторыі Беларусі. Гістарычныя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне ў важных дакументах розных ведамстваў і ўстаноў, палітычных, эканамічных і грамадскіх арганізацый, асабістых архівах. Гэтыя матэрыялы з’яўляюцца добрай крыніцазнаўчай базай для гістарычных даследаванняў польскіх навукоўцаў і пакуль недастаткова выкарыстоўваюцца беларускімі гісторыкамі.

Адным з найбольш аўтарытэтных і вядомых у Еўропе лічыцца Галоўны архіў старадаўніх дакументаў (AGAD) у Варшаве. У яго амаль паўмільённым фондзе захоўваюцца дакументы, якія тычацца непасрэдна гісторыі Польшчы, а таксама суседніх краін, з якімі існавалі шчыльныя гістарычныя і культурныя сувязі. Для беларусазнаўцаў найбольш значнымі і цікавымі сярод іншых з’яўляюцца дакументы Літоўскай метрыкі, пергаментныя дакументы са збору Радзівілаў, дакументы сеймаў і сеймікаў, універсалы, выпісы актаў з гродзкіх і земскіх кніг. Даволі значную групу ўяўляюць гістарычныя дакументы XVIII—XIX стст., звязаныя з нацыянальна-вызваленчымі рухамі, напрыклад, матэрыялы, звязаныя з паўстаннем пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, з падзеямі паўстанняў 1830—1831 гг. і 1863—1864 гг. Вельмі багаты на крыніцы з гісторыі Беларусі трэці аддзел AGAD “Акты сем’яў і прыватных асоб…”, дзе ў першую чаргу вылучаецца “Варшаўскі фонд Радзівілаў”. Збор уяўляе сабой фрагменты архіваў розных галін роду Радзівілаў ад яго пачынальнікаў з сярэдзіны XV ст. Гэты архіў Радзівілы ў пачатку XX ст. вывезлі да сваёй рэзідэнцыі ў Варшаве, а потым ён быў перададзены ў AGAD. У яго складзе — арыгінальныя матэрыялы аб грамадскай і палітычнай дзейнасці роду, дзённікі сеймаў, канфедэрацый і розных камісій, эпісталярныя крыніцы і г. д. Значную частку складаюць дакументы эканамічнай і адміністрацыйнай гісторыі маёмасцяў, спісы маёмасці і багаццяў, якія належалі Радзівілам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы з XVI па XIX ст. Значныя зборы дакументаў з гісторыі Беларусі захоўваюцца ў складзе прыватных архіваў, напрыклад, Браніцкіх, Патоцкіх, Прозараў і Ельскіх, Тызенгаўзаў і інш. Вялікую цікавасць выклікае аддзел картаграфіі, які налічвае больш за 36.000 аркушаў розных мапаў і планаў. Частка іх тычыцца тэрыторыі ВКЛ.

Значныя масівы архіўнай беларусікі ў Варшаве захоўваюцца таксама ў аддзелах рукапісаў Нацыянальнай і універсітэцкай бібліятэк, у Вроцлаве — у аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Асаліньскіх, у Кракаве — ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Польскай Акадэміі навук, аддзеле рукапісаў бібліятэкі Ягелонскага універсітэта, у бібліятэцы Чартарыйскіх, у Познані ў бібліятэцы Рачыньскіх, у бібліятэцы ПАН у Курніку і г.д.

У фондах Галоўнага архіва новых дакументаў у Варшаве захоўваюцца матэрыялы, якія непасрэдна тычацца беларускага нацыянальнага руху і палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да беларусаў у перыяд да 1939 г.

У Цэнтральным ваенным архіве ў Варшаве зберагаюцца дакументы савецкіх і партыйных органаў Беларусі і Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі за 1917—1921 гг., звесткі пра якія не ўключаныя ў архіўны даведнік.

У аддзеле рукапісаў Варшаўскай публічнай бібліятэкі апынулася значная колькасць дакументаў аб дзейнасці Літоўска-Беларускага дэпартамента пры Міністэрстве замежных справаў Польшчы.

Звесткі пра беларусіку ў польскіх рукапісных зборах, што тычацца літаратуры і мастацтва XVIII—XIX стст., у першую чаргу можна знайсці ў шматлікіх працах вядомага вучонага, доктара філалогіі, прафесара Адама Мальдзіса. Адшуканыя ім літаратурныя помнікі былі апісаныя ў манаграфіях “Творчае пабрацімства”, “Таямніцы старажытных сховішчаў”, “На скрыжаванні славянскіх традыцый”, шматлікіх публікацыях у зборніках і перыёдыцы.

На жаль, не захавалася большасць архіваў беларускіх каталіцкіх кляштараў. Таму вельмі каштоўнымі з’яўляюцца крыніцы з гісторыі беларускіх кармяліцкіх кляштараў, што знаходзяцца ў Кракаве ў фондах Архіва кляштара айцоў кармялітаў чаравічковых на Пяску (храналагічны ахоп дакументаў — з XV ст. па 1945 г.).

РАСІЯ

Вялікія масівы архіўных дакументаў сканцэнтраваныя ў архівах, бібліятэках і музеях Расійскай Федэрацыі. Вось толькі некалькі прыкладаў.

Масква

Вялізарнымі, яшчэ не дастаткова даследаванымі беларускімі навукоўцамі культурнымі каштоўнасцямі, вывезенымі з Беларусі, у тым ліку і архіўнымі, валодае Дзяржаўны гістарычны музей.

Рукапісныя зборнікі на старабеларускай мове, створаныя на нашай тэрыторыі, пачынаючы з XV ст., захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Тут жа — асабістыя фонды М.С.Ціханравава, В.Ундольскага і іншых вядомых дзеячаў, якія таксама ўтрымліваюць беларускую рукапісную спадчыну.

У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве — шматлікія гістарычныя дакументы з гісторыі ВКЛ розных перыядаў.

У Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва можна знайсці матэрыялы, што тычацца беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў культуры: А.Александровіча, З.Жылуновіча (Ц.Гартнага), У.Дубоўкі, Я.Коласа і Я.Купалы і інш.

Значная колькасць дакументаў па гісторыі Беларусі зберагаецца ў Расійскім цэнтры захоўвання і вывучэння дакументаў навейшай гісторыі.

Вялікія дакументальныя комплексы з гісторыі Беларусі XX ст. (у асноўным перыяду Першай і Другой сусветных войнаў) захоўваюцца ў т.зв. Рускім замежным гістарычным архіве (РЗГА, другая назва архіва — Пражскі) — аддзеле Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэраціі.

Санкт-Пецярбург

Значная частка крыніц па гісторыі Беларусі сабраная ў Санкт-Пецярбургу ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве. Сярод іншых, найбольш цікавыя для даследчыкаў матэрыялы фондаў Міністэрства асветы, Медыцынскага дэпартамента Міністэрства ўнутраных справаў, Дэпартамента герольдыкі Кіроўнага сената. Гэтыя фонды маюць у сваім складзе вялікую колькасць матэрыялаў аб рэлігійным жыцці, адукацыі, утрымліваюць звесткі пра біяграфіі прадстаўнікоў асобных родаў гістарычных асоб Беларусі і г.д.

Вялікую цікавасць для даследчыкаў уяўляе архіў грэка-каталіцкіх мітрапалітаў, які знаходзіцца ў гэтай жа установе. У свой час архіў быў падзелены на дзве часткі. Адна з іх захоўвалася ў Вільні, другая — ў Радамышлі (цяпер Жытомірская вобл., Украіна). Затым абедзве часткі былі перавезеныя ў Санкт-Пецярбург і перадазеныя ў Грэка-уніяцкую калегію, а пасля яе ліквідацыі ў 1843 г. — у архіў Свяцейшага Сінода Праваслаўнай Царквы, дзе і былі апрацаваныя. На аснове гэтай апрацоўкі і былі выдадзеныя два тамы “Апісання архіва заходнярускіх укніяцкіх мітрапалітаў” [Описания архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. — СПб., 1897; Т. 2. — СПб, 1907]. У 1950—1952 гг. крыніцы, што не ўвайшлі ў 1—2 тамы , былі навукова апрацаваныя і ўвайшлі ў 3-ці вопіс фонду 823.

У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук сярод фондаў і калекцый, звязаных з Беларуссю, захоўваюцца зборы прафесара Жыровіцкай духоўнай семінарыі Паўла Дабрахотава: 2.492 адзінкі захавання на польскай, лацінскай і старабеларускай мовах.

Беларускі збор Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскага дома) Расійскай акадэміі навук узнік у 1976 г. у выніку камандзіроўкі на Гомельшчыну, папаўняўся дзякуючы экспедыцыям у Віцебскую вобласць. Сярод беларускіх рукапісаў — частка збору Ф.Шклярава з Веткі, фонд У.Ператца (657 адзінак захавання) і шмат чаго іншага.

Вельмі багаты на беларускія матэрыялы аддзел рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі: гэта асабістыя фонды П.Гільтэбранта, П.Ратча, П.Добраўскага, А.Цітова і інш.

У архіве Эрмітажа (Санкт-Пецярбург) захоўваецца цэлы корпус дакументаў XIX—XX стст., якія звязаныя з паступленнем туды экспанатаў з Нясвіжскага замка, сярод якіх — вопісы скрыняў і куфраў. Тут жа сабраныя выпіскі з судовых справаў, звязаных з разрабаваннем замка: допыты, тлумачальныя запіскі, данясенні эканома замка Бургельскага, даклады аудытарскага дэпартамента, сведчанні Тучкова, пратаколы Следчай камісіі і г.д.

УКРАІНА

Істотна ўзбагачаюць веды па гісторыі і культуры Беларусі матэрыялы, якія захоўваюцца ў багацейшых рукапісныя сховішчах ва Украіне — у Кіеве і Львове. Асаблівую цікавасць выклікаюць рукапісы Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У.І.Вернадскага, якія паходзяць з бібліятэкі, заснаванай І.Храптовічам у Шчорсах (на Наваградчыне), і рукапісы з былога “Асалінэума”, якія пасля 1945 г. былі перавезеныя ў Польшчу, ва Уроцлаў, але часткова засталіся ў Львоўскай навуковай бібліятэца імя В.Стэфаніка НАН Украіны. У львоўскай бібліятэцы найбольш беларускіх матэрыялаў захоўваецца ў фондзе ўкраінскага мовазнаўца, фалькларыста і паэта Якава Галавацкага (1814—1888), які дваццаць апошніх гадоў жыцця быў старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі. У Нацыянальным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове асабліва многа беларускіх крыніц у фондзе 201 — Львоўскай мітрапаліцкай грэка-каталіцкай кансісторыі.

ІНШЫЯ КРАІНЫ

Цікавыя архіўныя крыніцы з гісторыі Беларусі XVI—XVIII стст. былі выяўленыя І.Ляльковым у адным з найбольш значных і цікавых рукапісных збораў у Еўропе — у дэпартаменце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Францыі. Сярод іх — арыгінальныя дакументы і копіі, якія тычацца гісторыі Рэчы Паспалітай і ВКЛ, лісты, мемуары і г.д.

Амаль недаследаваныя архіўныя крыніцы, якія апынуліся ў Швецыі, у бібліятэцы Упсальскага універсітэта. Апошнім часам вялікую працу ў гэтым кірунку робіць беларускі гісторык Андрэй Катлярчук.

Спадзявацца на фізічнае вяртанне ў Беларусь усяго, што ў розны час, законна ці незаконна было вывезенае з яе тэрыторыі, на жаль, няма падстаў. Найбольш рэальны шлях — выяўленне дакументаў і ўвядзенне іх у навуковы ўжытак, інфармаванне даследчыкаў, стварэнне копій, арганізацыя выстаў, публікацыі дакументаў.

Літаратура:

1. Вяртанне: Дакументы i архiўныя матэрыялы па праблемах пошуку i вяртання нацыянальных каштоўнасцей, якiя знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь. — Мінск,1992.

2. Вяртанне-2: Зборнiк артыкулаў i дакументаў. Мінск,1994.

3. Вяртанне-3: Зборнiк артыкулаў i дакументаў. Мінск,1996.

4. Выяўленне, сумеснае выкарыстанне і вяртанне архіўных, бібліятэчных і музейных каштоўнасцяў, якія захоўваюцца ў замежных краінах. Мінск: БФК, 1999. — (Вяртанне-6).

5. Шумейко М. Ф. Собрать рассеянное: О реституции белорусских архивов в прошлом и настоящем / БелНИИДАД; БФК, Комиссия “Вяртанне”. Минск, 1997.

 

 

 

Лекцыя 3. Архіўная беларусіка...
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY