ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

ТАЦЦЯНА РОШЧЫНА. ПЕРАМЕШЧАНЫЯ КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

 

Лекцыя 1.
Рэстытуцыя культурных каштоўнасцяў...

Лекцыя 2. Перамешчаныя беларускія кнігі...

Лекцыя 3.
Архіўная беларусіка...

ЛЕКЦЫЯ 1. РЭСТЫТУЦЫЯ КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ
рыдычныя, маральныя і навуковыя аспекты)

План:

1. Тэрміналагічныя ўводзіны ў праблему

2. Практыка і міжнародная законадаўчая база рэстытуцыі

3. Маральныя забавязанні і ўмовы вяртання перамешчаных каштоўнасцяў

4. Няўдалыя спробы выпрацоўкі прававых асноў рэстытуцыі ў СНД

5. Беларускія нацыянальныя каштоўнасці ў Расіі, Польшчы і іншых краінах

 

1. Тэрміналагічныя ўводзіны ў праблему

Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні геаграфічных і гістарычных шляхоў і таму не раз была арэнай апусташальных войнаў і нашэсцяў з захаду і ўсходу, поўначы і поўдня. Татарска-мангольскія заваёўнікі і крыжакі, войскі Івана Грознага і Карла XII, Напалеона і Кайзера, легіянеры і гітлераўцы… Гінулі людзі, разбураліся гарады і сёлы, нішчылася культура, рабаваліся духоўныя і матэрыяльныя скарбы.

Для нашай краіны праблема пошуку і вяртання страчаных нацыянальных каштоўнасцяў надзвычай актуальная. Патрэбна шматгадовая карпатлівая і сістэматычная праца ў распрацоўцы прававых нормаў, вырашэнні навуковых і практычных пытанняў.

Для вывучэння гэтай тэмы ў першую чаргу неабходна дакладнае веданне спецыфічнай тэрміналогіі:

— тэрмінам культурныя каштоўнасці азначаюцца маёмасныя каштоўнасці рэлігійнага або свецкага характару, якія маюць вялікае значэнне для культуры пэўнага народу: творы мастацтва, рукапісы, старадрукі і рэдкія кнігі, архіўныя дакументы, іншыя рэчы мастацкай, гістарычнай, прыродазнаўчай або археалагічнай значнасці;

— тэрмін перамешчаныя культурныя каштоўнасці абазначае культурныя каштоўнасці, што былі перамешчаныя ў СССР з Германіі, Аўстрыі і саюзных з Германіяй дзяржаў у выніку Другой сусветнай вайны;

— тэрміны рэпарацыя і рэстытуцыя азначаюць віды матэрыяльнай адказнасці дзяржавы, якая вінаватая ў здзяйсненні міжнароднай агрэсіі. Адказнасць у выглядзе рэпарацыі заключаецца ў кампенсаванні вінаватай дзяржавай у грашовай або натуральнай форме (пастаўкі абсталявання ці іншых матэрыяльных каштоўнасцяў) страты, якую яна прычыніла другой дзяржаве ў выніку сваіх супрацьпраўных дзеянняў. Адказнасць у выглядзе рэстытуцыі заключаеццаў зліквідаванні ці памяншэнні вінаватай дзяржавай страты, якую яна прычыніла іншай дзяржаве шляхам аднаўлення ранейшага стану, у прыватнасці ў форме вяртання маёмасці, якая была нарабаваная на акупаванай яе войскамі тэрыторыі.

На міжнародным узроўне ахова культурных каштоўнасцяў ажыццяўляецца сёння на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. У гэтай галіне права асаблівае месца займае інстытут вяртання і рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў краінам, з якіх яны паходзяць. Гаворка ідзе тут аб вяртанні страчаных і незаконна вывезеных культурных каштоўнасцяў (падчас каланіялізма, войнаў, кантрабандным шляхам) краінам, якія з’яўляюцца іх законнымі ўладальніцамі.

2. Практыка і міжнародная законадаўчая база рэстытуцыі

У гісторыі міжнародных дачыненняў выпадкі вяртання культурных каштоўнасцяў у краіны, адкуль яны былі вывезеныя падчас ваенных дзеянняў, вядомыя яшчэ да Першай сусветнай вайны. Ужо ў той час склалася норма звычайнага міжнароднага права аб рэстытуцыі маёмасці, якая была незаконна адабраная і вывезеная адной дзяржавай з тэрыторыі другой.

Права рэстытуцыі было адлюстраванае ў сістэме мірных дагавароў, што былі заключаныя пасля Першай сусветнай вайны. Далейшае развіццё міжнародна-прававое рэгуляванне вяртання культурных каштоўнасцяў атрымала ў сувязі з падзеямі Другой сусветнай вайны. У Дэкларацыі ад 5 студзеня 1943 г. урады СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і яшчэ пятнаццаці краін з антыгітлераўскай кааліцыі абвясціліі, што яны пакідаюць за сабой права абвяшчаць несапраўднай любую перадачу ці любое пагадненне ў дачыненні нарабаванай маёмасці.

Праблема рэстытуцыі мае і яшчэ адзін аспект, які тычыцца тых культурных каштоўнасцяў, што былі перададзеныя на захаванне ў іншую краіну падчас узброеных канфліктаў ці вывезеныя ў іншыя часткі краіны, якія пазней маглі стацца незалежнымі дзяржавамі. Так, знікненне СССР і з’яўленне новых незалежных дзяржаў, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў яго склад, прывялі да таго, што культурныя каштоўнасці, эвакуяваныя падчас Другой сусветнай вайны з захопленых тэрыторый, апынуліся ў іншых краінах, якія ім ніколі раней не належалі.

Міжнародныя арганізацыі (ААН, ЮНЕСКО, Савет Еўропы) цягам пасляваенных гадоў прынялі шэраг важных канвенцый, пактаў, рэзалюцый, дэкларацый датычна праблемы рэстытуцыі. Сярод іх каля дваццаці рэзалюцый ААН “Аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў краінам іх паходжання”, Канвенцыі “Аб абароне культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброенага канфлікту” (Гаага, 1954 г.), “Аб мерах, накіраваных на забарону і папярэджанне незаконнага ўвозу, вывазу і перадачы права ўласнасці на культурныя каштоўнасці” (1970 г.), Канвенцыя ЮНІДРУА “Аб выкрадзеных альбо незаконна вывезеных культурных каштоўнасцях” (1995 г.) і інш. Істотнае значэнне ў развіцці міжнародна-прававых нормаў захавання культурных аб’ектаў мае і Канвенцыя ЮНЕСКО “Аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны” (1972 г.). Аднак і яна не вырашыла ўсіх праблем, што тычацца рэстытуцыі. У прыватнасці, не вырашаныя праблемы вяртання культурных каштоўнасцяў краінам іх паходжання, якія атрымалі незалежнасць. Не адпрацаваны інстытут адказнасці дзяржаў за страту, што была прычынена культурнай спадчыне іншых народаў і г.д. Прайшоў час, прынятыя дакументы патрабуць адпаведнай карэкцыі і ўдасканалення. Да таго ж гэтыя дакументы не ўяўляюць сабой завершанай міжнароднай нарматыўна-прававой сістэмы, хаця і складаюць фундамент для супрацоўніцтва дзяржаў у галіне аховы, захавання, вяртання і рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў.

На жаль, міжнародныя прававыя нормы, якія датычаць рэстытуцыі, не вызначаюцца ні канкрэтнасцю, ні дасканаласцю. Міжнародная практыка ў гэтай сферы характарызуецца рознымі падыходамі дзяржаў, і, па сутнасці, з’яўляецца кансерватыўнай, адстае ад палітычных зменаў. Адпаведныя міждзяржаўныя і нацыянальныя механізмы ўжывання і забеспячэння дзейнасці прававых нормаў практычна адсутнічаюць. На самай справе, наўрад ці да якой-небудзь краіны, што адмовіцца вярнуць незаконна перамешчаную на яе тэрыторыю каштоўнасць, будуць ужытыя нейкія санкцыі. Заключэнне і выкананне больш дзейсных двухбаковых міжурадавых і міждзяржаўных пагадненняў на прадмет вяртання каштоўнасцяў можа мець месца толькі са згоды абодвух бакоў. Таму, бадай што, усякая рэальная рэстытуцыя — гэта працэс непрымусовы, кожны выпадак вяртання каштоўнасці, па сутнасці, акт добрай волі.

3. Маральныя забавязанні і ўмовы вяртання перамешчаных каштоўнасцяў

Стымулам непрымусовага вяртання каштоўнасцяў могуць і павінны быць маральныя фактары. Прытрымлівацца маральна-этычных нормаў пры рэалізацыі міжнароднага права ў гэтай сферы ды ўвесь час нагадваць пра маральныя забавязанні надзвычай важна. Бясспрэчна, маральных магчымасцяў недастаткова, каб разблытаць гордзіеў вузел супярэчнасцяў, звязаных з лёсам каштоўнасцяў нашага народу, раскіданых па свеце ў выніку глабальных і лакальных палітычных падзей, уласнай недасведчанасці і іншых прычын. Але на першым этапе будзе дастаткова вярнуць гэтыя каштоўнасці ў навуковы і культурны ўжытак, прадугледзіць розныя формы іх сумеснага выкарыстання. Супрацьстаянне ж у вырашэнні гэтай праблемы можа прывесці да самых негатыўных наступстваў — да ўтойвання каштоўнасцяў, гэта значыць, да выключэння іх з культурнага і навуковага ўжытку. У такім выпадку перамешчаныя каштоўнасці робяцца недаступнымі не толькі для прадстаўнікоў народаў — іх стваральнікаў, але і для грамадзкасці той краіны, дзе яны схаваныя. Асаблівасці праблемы пошуку і вяртання страчаных культурных каштоўнасцяў заключаюцца ў тым, што яна не можа быць вырашаная воляй адной дзяржавы. Абапіраючыся на міжнародна-прававыя нормы і прынцыпы, яна прадугледжвае шырокае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі.

На працэс міжнароднай міграцыі культурных каштоўнасцяў уздзейнічаюць розныя фактары: эканамічныя, палітычныя, прававыя. Вынікам уздзеяння эканамічных фактараў з’яўляецца канцэнтрацыя каштоўнасцяў у эканамічна развітых краінах за кошт рабавання дзяржаў, эканоміка якіх слабая або перажывае пэўныя цяжкасці. Палітычныя фактары стрымліваюць негатыўныя ўздзеянні эканамічных фактараў, але амаль не здольныя ліквідаваць іх наступствы. Яны не могуць спыніць непажаданыя перамяшчэнні каштоўнасцяў праз дзяржаўныя межы. Прававыя магчымасці, у сваю чаргу, таксама далёка не заўсёды здольныя вырашыць праблемы, звязаныя з вяртаннем перамешчаных каштоўнасцяў. На гэта яскрава паказвае досвед Беларусі, набыты з таго моманту, калі яна пачала самастойна займацца праблемамі рэстытуцыі.

4. Няўдалыя спробы выпрацоўкі прававых асноў рэстытуцыі ў СНД

У першыя месяцы пасля дэнансацыі саюзнага дагавора і ўтварэння СНД быў распрацаваны праект пагаднення кіраўнікоў урадаў СНД аб стварэнні міждзяржаўнай часовай камісіі па вырашэнні праблем уласнасці на гісторыка-культурныя каштоўнасці, што сабраныя ў музеях, архівах, бібліятэках былога Саюза ССР. 14.02.1992 г. гэты праект быў перададзены Міністэрствам культуры на разгляд адпаведнай камісіі беларускага парламента. У гэты ж дзень у Мінску было падпісана Пагадненне кіраўнікоў дзяржаў СНД аб вяртанні культурных і гістарычных каштоўнасцяў дзяржавам іх паходжання, якое выклікала сапраўдную буру негатыўных эмоцый у расійскіх сродках масавай інфармацыі. У выніку дзейнасць падпісанага пагаднення была прыпыненая Вярхоўным Саветам РФ.

Новае, ташкентскае пагадненне 1997 г. прадугледжвала ўжо толькі стварэнне міждзяржаўнай экспертнай камісіі па рэстытуцыі, але яна збіралася толькі адзін раз; прычым прадстаўнік Расіі для ўдзелу ў яе рабоце свядома не быў накіраваны (нягледзячы на тое, што менавіта РФ належала ініцыятыва стварэння гэтай камісіі ды і тэкст пагаднення быў распрацаваны расійскім бокам). На жаль, і ў далейшым нішто не паўплывала на стаўленне Расійскай Федэрацыі да праблем рэстытуцыі каштоўнасцяў.

Сумнеўную славу мае і закон, які пазней прыняла Дзяржаўная дума РФ. У адпаведнасці з ім усе культурныя каштоўнасці, перамешчаныя нацыстамі і якія пасля перамогі над фашызмам былі вывезеныя ў Расію (сярод іх і культурныя каштоўнасці з Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі), былі абарочаныя ў маёмасць Расіі. І вяртанне іх у краіны паходжання можна ажыццявіць толькі ў выключных выпадках.

Лепш развіваюцца ўзаемадачыненні ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны з Польшчай: распрацаваны асобны артыкул у міжурадавым пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры і асветы, створаная і плённа працуе сумесная кансультацыйная камісія па праблемах спадчыны, падпісанае і ратыфікаванае абодвума бакамі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Як вядома, праца па выяўленні айчынных архіўных, музейных і бібліятэчных збораў, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі, пачала ўпершыню весціся ў другой палове 1920-х гг. Навуковай установай, якая патрабавала ад улад вяртання ў межы беларускай дзяржавы вывезеных беларускіх музейных, архіўных бібліятэчных скарбаў, быў Інстытут беларускай культуры. Ініцыятыва ў справе вяртання скарбаў належала Гісторыка-археалагічнай камісіі. Пазіцыя беларусістаў Інбелкульта наконт спрэчных пытанняў культурных каштоўнасцяў была адназначная: гісторыка-культурныя каштоўнасці, што створаныя ў Беларусі і належаць беларускаму народу, павінны быць неадкладна вернутыя ў межы беларускай дзяржавы. На іх думку, такія каштоўнасці ўяўлялі сабой не толькі доказ самабытнасці беларускай культуры, але і дакументальна пацвярджалі існаванне ў мінулым дзяржаўнаці, дзяржаўнай мовы і беларускага заканадаўства. А праблемы рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў ці не ўпершыню ў беларускай гісторыі былі агучаныя на 1-й Усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў 12—14 мая 1924 г. і на 1-м З’ездзе даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі 17—18 студзеня 1926 г. І калі на канферэнцыі гаворка ішла аб неабходнасці вяртання ў Беларусь толькі архіўных збораў, што былі вывезеныя ў XIX — пач. XX стст. у Расію, то з’езд прыняў рэзалюцыю аб рэстытуцыі беларускіх архіўных, музейных і кніжных каштоўнасцяў. На жаль, толькі частка гэтых рэзалюцый была рэалізаваная: па-ранейшаму архіў вялікакняскай канцылярыі — “Літоўская метрыка”, — што захоўвалася пераважна ў Нясвіжы, знаходзіцца ў Расіі і наўрад ці калі-небудзь будзе перададзены ў Беларусь (ці Літву, на чым настойваюць літоўскія архівісты); па-ранейшаму ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве захоўваецца частка унікальнай бібліятэкі І.Х.Каладзеева з Нова-Барысава па гісторыі Айчыннай вайны 1812 г., у Кіеве — бібліятэка Храптовічаў са Шчорсаў і г.д.

Пасьля даволі кароткага перыяду прафесійнага зацікаўлення вывезенымі беларускімі каштоўнасцямі надышоў іншы час, калі ў Беларусі не было хоць якога дзяржаўнага ці грамадскага органа, які займаўся б пытаннямі рэстытуцыі. І толькі ў кастрычніку 1987 г. пры Беларускім фондзе культуры з мэтай арганізацыі працы па вяртанні ў краіну гісторыка-культурных каштоўнасцяў была створаная камісія “Вяртанне”. Нязменным старшынёй камісіі да гэтага часу з’яўляецца Адам Мальдзіс. На пасяджэннях камісіі абмяркоўваліся перспектыўныя і надзённыя пытанні вызначэння канкрэтных аб’ектаў, формаў і метадаў работы па вяртанні каштоўнасцяў, стварэнні зводнай базы звестак (БЗ) пра гэтыя каштоўнасці, узаемадзеянні з асобамі і арганізацыямі ў краіне і за мяжой, якія зацікаўленыя ў выяўленні і вяртанні ў Беларусь страчанай спадчыны. У складзе камісі — навукоўцы, супрацоўнікі архіваў, музеяў, бібліятэк, арганізацый культуры, дзяржаўных устаноў. За гэтыя гады былі сабраныя шматлікія звесткі аб страчаных каштоўнасцях, выдадзеныя ў свет шэсць зборнікаў “Вяртанне”, у якіх пададзены вялікі і каштоўны матэрыял, праведзеныя міжнародныя канферэнцыі. Ёсць і канкрэтныя вынікі. Але гэта была праца толькі грамадскай камісіі.

У 1992 г. была зробленая спроба стварыць Дзяржаўную камісію па рэстытуцыі пры Міністэрстве культуры, але яна таксама працавала на грамадскіх пачатках і таму была недастаткова дзейная. Адначасова пры Цэнтры імя Ф.Скарыны была створаная адпаведная даследчыцкая група, якую фінансавала Міністэрства культуры. Але праз некалькі гадоў камісія прыпыніла сваю дзейнасць (а потым і наогул перастала існаваць), а даследчыцкая група перастала фінансавацца.

Першачарговай задачай сучасных беларускіх вучоных, спецыялістаў, супрацоўнікаў архіваў, бібліятэк і музеяў, становіцца фармаванне ў адпаведнасці з арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” (1992 г.) і інш. базы звестак аб наяўнасці па-за межамі краіны дакументальных, музейных, бібліятэчных збораў, як беларускага паходжання, так і пра Беларусь (так званая “замежная беларусіка”). База звестак павінна ўключаць у сабе заканадаўчыя, нарматыўныя, метадычныя дакументы, рэгламентуючыя парадак, методыку выяўлення, уліку і выкарыстання “замежнай беларусікі”. У БЗ павінна збірацца таксама інфармацыя пра месцазнаходжанне страчаных каштоўнасцяў.

Шмат звестак дае прагляд друкаваных крыніц — апублікаванага навукова-даведачнага аппарата: даведнікаў, каталогаў калекцый і інш. — архіваў, музеяў, бібліятэк тых замежных краін (Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Германіі і інш), дзе могут знаходзіцца нашыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, публікацый па гэтай тэматыцы ў перыядычным друку. Інфармацыю можна атрымліваць і традыцыйным шляхам — праз знаёмства de visu з архіўнымі, бібліятэчнымі, музейнымі зборамі, праз вывучэнне ўнутранага навукова-даведачнага апарату гэтых фондаў. А сёння з гэтымі мэтамі магчыма выкарыстоўваць і Інтэрнет. Для фармавання БЗ вялікую значнасць набывае праблема адэкватнай ідэнтыфікацыі замежнай беларусікі, што было абумоўлена пэўнымі гістарычнымі варункамі. Важнай умовай пры стварэнні БЗ павінна стаць выкарыстанне адзінай методыкі апісання гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

База, натуральна, мусіць адпавядаць міжнародным стандартам і быць сумяшчальнай з аналагічнымі БЗ іншых краін. У далейшым верагодна стварэнне зводных (з удзелам Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, іншых краін) БЗ і сумеснае іх выкарыстанне.

5. Беларускія нацыянальныя каштоўнасці ў Расіі, Польшчы і іншых краінах

Вялікая колькасць беларускіх гісторыка-культурных помнікаў знаходзіцца ў музеях, бібліятэках і архівах Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў Расіі — калі не больш, чым у самой Беларусі. Помнікі траплялі ў Расію, найперш у яе сталіцы, пераважна ў выніку ваенных дзеянняў. Пачалі гэтую справу войскі Івана Грознага (полацкія зборы) і Аляксея Міхайлавіча (куцейнская друкарня). Сабраныя на працягу стагоддзяў каштоўнасці ў маёнтках старажытных шляхецкіх родаў Беларусі рабаваліся на працягу XVIII—XIX стст. Перыядычна канфіскоўвалася маёмасць польскай і беларускай шляхты, якая ўдзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху (1795, 1830—1932 і 1863—1964 гг.). Шмат каштоўнасцяў вывозіла і сама беларуская шляхта, сасланая ў Сібір.

А ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. (артыкул XI і Дадатак да яго №3) была падзеленая паміж Расіяй (РСФСР) і Польшчай не толькі этнічная беларуская тэрыторыя, але і нашая культурная спадчына. На перамовы не былі нават запрошаныя прадстаўнікі законнага ўрада маладой БССР, якая была абвешчаная 01.01.1919 г. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. каштоўнасці перадаваліся Польшчы на працягу некалькіх гадоў, пераважна пасля 1922 г., ужо ўрадам СССР.

Шмат каштоўнасцяў было эвакуявана на ўсход на пачатку Першай і Другой сусветных войнаў. У Расіі засталася таксама істотная частка з таго, што было спачатку вывезена з Беларусі ў Германію, а потым пайшло ў агульным патоку на ўсход. Урэшце, у абедзвюх сталіцах Расійская імперыі канцэнтравалася ўсё тое, што знаходзілі на нашай зямлі шматлікія навуковыя экспедыцыі. Без згоды беларусаў, а потым без згоды ўрада БССР яны забіралі з сабою рукапісы, кнігі, археалагічныя калекцыі, вырабы народных майстроў.

На працягу XVIII і XIX стст. рэквізаваныя і канфіскаваныя беларускія каштоўнасці вывозіліся пераважна ў Пецярбург. Так, у Эрмітаж і іншыя сховішчы Мікалай I загадаў перадаць творы мастацтва, кнігі і рукапісы, дастаўленыя ў сталіцу з палаца Сапегаў на Гродзеншчыне пасля падаўлення паўстання 1831—1932 гг. У Эрмітажы таксама знаходзяцца вырабы Налібоцкай і Гродзенскай шкляных мануфактур XVIII ст., бронзавыя ўпрыгожанні з эмалямі, знойдзеныя на нашай тэрыторыі. Вываз гэтых знаходак адпаведным чынам не афармляўся, як і вываз беларускіх народных касцюмаў, сабраных экспедыцыямі Пецярбургскага этнаграфічнага музея. Сярод маскоўскіх сховішчаў найбольш беларускіх каштоўнасцяў мае Дзяржаўны гістарычны музей. Паводле наўпроставых і ўскосных звестках у яго фондах (пераважна ў запасніках) знаходзяцца калекцыя слуцкіх, нясвіжскіх і гродзенскіх паясоў, вывезеных у розны час з Беларусі (агульным лікам каля трохсот), кубкі і келіхі, вырабленыя ў XVIII ст. на шкляной мануфактуры ў Налібоках, абразы з Гродна, Магілёва і іншых гарадоў, беларускія археалагічныя калекцыі А.Кіркора, Е.Раманава, К.Тышкевіча і інш., зброя наваградскай і ружанскай калекцый, 84 экз. выданняў Ф.Скарыны (сярод іх шмат дублетаў), кнігі іншых беларускіх асветнікаў, пісьмовыя крыніцы па гісторыі Беларусі і шмат чаго іншага. У ДГМ і іншыя сховішчы Масквы як сталіцы СССР трапілі таксама шматлікія скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі ў даваенны і асабліва пасляваенны час. У ЦДАСА захоўваецца Літоўская метрыка — збор дзяржаўных актаў на старабеларускай мове, у Музеі архітэктуры імя Шчусева — самы вялікі збор беларускіх паштовак дасавецкага часу. У Маскве трэба шукаць сляды прыватных збораў, вывезеных туды ў час Першай сусветнай вайны з Беларусі іх уладальнікамі: Цеханавецкімі, Гутэн-Чапскімі, Храптовічамі-Буцяневымі.

Асобная гаворка патрабуецца пра беларускія духоўныя і матэрыяльныя скарбы, якія знаходзяцца ў нашых суседзяў на захадзе і поўдні. Гістарычныя лёсы Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны так узаемазвязаныя, што часта цяжка, а то і зусім не магчыма дакладна вызначыць, каму належыць тая ці іншая каштоўнасць. Сярод іх ёсць нямала такіх, што ўваходзяць у агульную спадчыну двух або і трох народаў. У такіх выпадках трэба ставіць пытанне не столькі пра вяртанне, колкі пра супольнае выкарыстанне — шляхам даследавання, экспанавання на выставах і г.д.

“Дзевятым валам” для культурных каштоўнасцяў Беларусі стала Другая сусветная вайна. Яна стварыла вялізарныя прагалы ў архіўных, музейных і бібліятэчных зборах краіны, якія да гэтага часу застаюцца незапоўненымі, нягледзячы на значныя намаганні беларускіх архівістаў, бібліятэчных і музейных работнікаў. Гэтая рана яшчэ баліць, таму ў апошні час усё часцей спецыялістамі і грамадзкасцю ўзнімаюцца пытанні пра лёс каштоўнасцяў, якія былі вывезеныя ў час Другой сусветнай вайны. З’явілася мноства публікацый, якія прысвечаныя праблемам вяртання гэтых скарбаў іх сапраўдным уладальнікам; збіраюцца прэс-канферэнцыі, нарады, круглыя сталы. І гэта зразумела: змяніўся час, рэспублікі былога Саюза выходзяць на новы, цывілізаваны ўзровень узаемадачыненняў.

Асноўныя пытанні, якія ставяцца пры гэтым: што вяртаць? каму вяртаць? і як кампенсаваць страты? — застаюцца актуальнымі і праз шэсцьдзесят гадоў пасля сканчэння вайны. Каб разабрацца ў прычынах і вытоках сітуацыі, якая склалася, карысна будзе звярнуцца да гісторыі. Трэба ўспомніць і пра тую каласальную шкоду, якая была нанесеная Беларусі, іншым краінам у апошняй вайне. Асноўная праблема тут — фармаванне банка звестак страт культурных каштоўнасцяў. Падчас вайны акупанты вывозілі ці знішчалі інвентарныя кнігі, каталогі, уліковую і іншую дакументацыю. Устанавіць сапраўдную карціну страчанага можна толькі ў выніку руціннай работы ў архівах, сумеснымі намаганнямі краін, што панеслі страты.

Як бачна з матэрыялаў Беларускай рэспубліканскай камісіі спрыяння рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая выяўляла памеры стратаў былога СССР у час Другой сусветнай вайны, з 1941-га па 1944 г. у Беларусі было знішчана дзесяць музеяў. Аднак гэтыя лічбы далёка ня поўныя: не была ўлічаная шкода, нанесеная яшчэ васьмі, у тым ліку, што надзвычайна важна і дзіўна, Магілёўскаму, які паводле афіцыйнай версіі, што распаўсюджвалася многія гады, быў разрабаваны фашыстамі. Менавіта гэты музей панёс асабліва балючыя для Беларусі страты. З яго ў чэрвені 1941 г. знік славуты крыж святой Ефрасінні Полацкай, створаны ў 1161 г. полацкім ювелірам Лазарам Богшам. Крыж быў вядомы не столькі сваімі залатымі і срэбнымі пласцінамі з эмалевымі выявамі святых і арнаментам, не столькі каштоўнымі камянямі і жэмчугам, колькі змешчанымі ў ім мошчамі святых. З гэтага ж музея зніклі і шмат якія іншыя гістарычныя і мастацкія помнікі: прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, калекцыя жывапісу, археалагічная, этнаграфічная і іншыя калекцыі. Вялізарныя страты панеслі мінскія музеі, асабліва Карцінная галерэя БССР і Гістарычны музей БССР. Асобна трэба вылучыць страты Баранавіцкага абласнога музея, куды ў 1940 г. былі звезеныя каштоўнасці з навакольных палацаў і маёнткаў. Непапраўная шкода ў час акупацыі была нанесеная больш як двумстам бібліятэкам Беларусі, асабліва Дзяржаўнай.

Галоўную адказнасць за зборы каштоўнасцяў у розных культурных установах на акупаваных тэрыторыях нёс Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg (ERR). Ён бачыў сваю задачу ў стварэнні “новага культурнага парадку” на месцы. І толькі летам 1943 г. пачалася падрыхтоўка да масавага вывазу культурных каштоўнасцяў у Германію. Гэты вываз праводзіўся этапамі, адначасова з адступленнямі нямецкіх войскаў. Два самыя важныя транзітныя пункты назапашвання культурных каштоўнасцяў Усходу знаходзіліся ў гарадах Верхняй Сілезіі. Галоўным чынам тут знаходзіліся дакументы і кнігі з бібліятэк і архіваў Беларусі і Украіны. Іншыя часовыя склады знаходзіліся ў Кракаве, Вільне, Рызе і Кёнігсбергу. Гэтыя гарады былі вызваленыя, але большая частка вывезеных сюды матэрыялаў засталася на месцы.

Неабходна таксама ўлічыць, што частка беларускіх каштоўнасцяў пасля заканчэння вайны была вернутая з Германіі не ў Беларусь, а ў Расію: у Маскву, Ноўгарад, Ленінград і іншыя гарады.

У час Другой сусветнай вайны беларускія зборы вывозіліся не толькі ў заходнім, але і ва ўсходнім кірунку. У 1939—1940 гг. у Заходняй Беларусі, з’яднанай з усходняй, пабывалі маскоўскія экспедыцыі, якія з палацаў і маёнткаў, пакінутых гаспадарамі, а таксама з навучальных устаноў вывезлі значныя каштоўнасці. Так, у Цэнтральны антырэлігійны музей (Масква) трапіла каля 30 тыс. (два вагоны) рэдкіх кніг і рукапісаў з Пінскай каталіцкай семінарыі. Далейшы іх лёс невядомы. Экспедыцыя Дзяржаўнага гістарычнага музея СССР узяла з сабой некалькі карцін і абразоў са збораў Магілёўскага і Мінскага музеяў.

У чэрвені-ліпені 1941 г. у Расію былі эвакуяваныя, натуральна, часова, экспанаты Віцебскага і Гомельскага абласных музеяў. Першыя трапілі ў Саратаў, другія — ва Урупінск, а затым у Сталінград. Пасляваенныя намаганні вярнуць іх поспеху не мелі. Па апошніх звестках, параход з каштоўнасцямі быў нібыта патоплены каля Саратава.

Вываз каштоўнасцяў працягваўся і ў першыя пасляваенныя гады, асабліва ў сувязі з рэпатрыяцыяй з Беларусі польскага насельніцтва. Так, наваградскі святар Аляксандр Зянкевіч узяў з сабой метрычную кнігу, дзе быў зроблены запіс пра нараджэнне Адама Міцкевіча (цяпер яна знаходзіцца ў Чанстахове). Найвялікшай стратай з’явілася рэпрэсіўнае расфармаванне Віленскага беларускага музея, які амаль без шкоды перанёс акупацыю, але ў першы ж пасляваенны год не ўстаяў перад сталінскім таталітарызмам і невуцтвам.

Здавалася б, пры такіх велізарных стратах нашых нацыянальных каштоўнасцяў на іх выяўленне трэба было б кінуць значныя навукова-пошукавыя сілы, дзяржаўныя сродкі. Але гэтага не адбылося — пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ўлады былога СССР не рабілі аніякіх сур’ёзных намаганняў у гэтым напрамку. У 1945—1946 гг., калі працавала Надзвычайная камісія, былі праведзеныя толькі прыблізныя, у адных выпадках завышаныя, у іншых — заніжаныя падлікі. Пытанне рэстытуцыі ні тады, ні пазней не ставілася, фактычная, навуковая база для яе не стваралася. У выніку, як сцвярджаюць спецыялісты, страты асноўных беларускіх музеяў у гады вайны вывучаныя толькі на шэсць працэнтаў. З больш за 11 тысяч экспанатаў, пра якія паведамлялася ў дакументах Надзвычайнай камісіі, канкрэтныя звесткі ёсць толькі пра 992 экспанаты. Астатнія характарызуюцца сумарна.

Гэтыя пытанні цягнуць за сабой мноства іншых, у тым ліку і тое, якое, здаецца, засталося амаль па-за ўвагай беларускай прэсы, але досыць даўно і актыўна абмяркоўваецца ў расійскай. Гэта пытанне аб так званых “трафейных” каштоўнасцях.

Калі напрыканцы вайны Савецкая армія ўступіла на тэрыторыю Германіі, у якасці трафеяў пачалі вывозіцца адтуль самыя розныя рэчы: ад абсталявання заводаў да помнікаў культуры, што далёка не ў поўнай меры (з матэрыяльнага пункту гледжання) кампенсавала нашыя страты. Пры гэтым пытання аб тым, што кампенсаваць культурныя страты адной нацыі, рабуючы культурныя набыткі другой, немагчыма, нават і не ўзнікала. Усё, што адбывалася, лічылася натуральным і законным. Маральным апраўданнем было тое, што мы заплацілі самую высокую цану за перамогу ў гэтай вайне.

Лёс савецкіх культурных каштоўнасцяў, якія ў час нямецкай акупацыі былі вывезеныя ці загінулі, даследуецца цяпер у Брэмене. Рабочая група пры Даследчым цэнтры Усходняй Еўропы Брэменскага універсітэта працуе над выяўленнем савецкіх стратаў культурных каштоўнасцяў, вызначае шляхі іх вывазу і далейшы лёс. Філіалы Рабочага центра створаны ў Вашынгтоне, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве. Іх супрацоўнікі на месцах апрацоўваюць адпаведныя фонды архіваў, бібліятэк, музеяў. Некалькі гадоў назад ставілася пытанне аб правядзенні аналагічнай работы ў Беларусі, аднак далей перамоў справа пакуль што не пайшла.

Для эфектыўнай работы ў гэтым напрамку неабходна стварэнне аўтарытэтнай дзяржаўнай структуры, якая паўсядзённа і на адпаведным заканадаўчым узроўні займалася б мэтанакіраваным пошукам і вяртаннем (у розных формах) гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашага народу. У яе падпарадкаванні трэба мець даследчыцкую групу, якая займалася б выяўленнем архіўных дакументаў, даваенныў музейных вопісаў і каталогаў, што далі б права ставіць пытанне аб вяртанні страчаных каштоўнасцяў. Многія з такіх вопісаў захоўваюцца ў Маскве, аднак доступ туды для беларускіх даследчыкаў практычна закрыты. На жаль, няма магчымасцяў папрацаваць у фондзе Розэнберга, што знаходзіцца ў Федэральным архіве Германіі (Кобленц).

У апошнiя гады праблемы вяртання нацыянальных каштоўнасцяў на радзiму, у Беларусь, даволi часта асвятляюцца ў перыядычным друку, iм прысвечаныя выпускі зборнiка камiсii "Вяртанне" пры Беларускiм фондзе культуры пад той жа назвай. Сабрана шмат звестак, дзе зберагаюцца беларускiя гiстарычныя помнiкi (хаця знойдзенае далёка не ўсё). Але з цягам часу прыходзiць разуменне, што праблема фiзiчнага вяртання каштоўнасцяў застаецца нявырашанай і дагэтуль. Таму па-ранейшаму мы мусім надаваць вельмі сур’ёзную ўвагу праблеме вяртання нашых каштоўнасцяў, хай сабе пакуль што і праз увядзенне культурна-гістарычных помнiкаў у навуковы ўжытак ды iнфармаванне пра унікальныя беларускія каштоўнасці шырокай грамдскасці.

 

 

 
Лекцыя 1. Рэстытуцыя культурных каштоўнасцяў...

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY