ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

Ірына КАШТАЛЯН. БЕЛАРУСКАЯ ШТОДЗЁННАСЦЬ ПЕРШАГА

ПАСЛЯВАЕННАГА ДЗЕСЯЦІГОДДЗЯ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 2

План:

1. Голад 1946—1947 гг.

2. Жыллёвая праблема

3. Пашпартная сістэма

4. Сямейныя праблемы

5. Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў

6. Высновы

1. Голад 1946—1947 гг.

Пасля вайны склалася вельмі цяжкая эканамічная сітуацыя, бо параўнальна з іншымі савецкімі рэспублікамі тэрыторыя БССР зазнала найбольшыя разбурэнні. Пры гэтым дэфіцыт самага неабходнага ператварыўся ў неад’емную частку штодзённасці. Большасць жыла ў дамах без выгодаў. У горадзе і вёсцы не хапала прадуктаў і самых неабходных тавараў, лекаў. Агульная эканамічная сітуацыя характарызавалася затрымкамі выплаты заробкаў, высокімі цэнамі, штогадовымі прымусовымі дзяржаўнымі пазыкамі, павелічэннем падатковага ціску. Заробкі ў большасці былі мінімальныя — 250—300 руб., выжыць дапамагалі адносна нізкія камунальныя выплаты і кошты на прадукты харчавання.

Хаця ў краіне і заахвочвалася шматдзетнасць, прадуктаў, якія выдавалі па картках на дзяцей, не хапала. Дзеці былі кепска апранутыя і абутыя: паводле тагачасных нормаў не перадугледжвалася атрыманне прамысловых тавараў. Часта пры вялікай колькасці дзяцей толькі адзін чалавек у сям’і працаваў, атрымліваючы нізкі заробак. Усё гэта прыводзіла да жабрацтва тых, хто не мог сябе ўтрымліваць: інвалідаў (у тым ліку пакалечаных вайной), састарэлых, дзяцей школьнага ўзросту, а таксама сельскіх жыхароў, якія збеглі ў горад у пошуках лепшага лёсу.

Голад 1946—1947 гг. быў выкліканы засухай і неўраджаем, ён закрануў галоўным чынам паўднёвыя раёны БССР. Сітуацыя была цяжкай, пра што сведчылі выпадкі канібалізму. Нягледзячы на голад, дзяржава ставіла выкананне планаў вышэй за інтарэсы грамадзян. Замест рэальнай дапамогі галадаючых змушалі збіраць на пазыку дзяржаве грошы, якія не вярталіся, што яшчэ больш пагаршала становішча насельніцтва. Для таго, каб выканаць планы, у заходніх абласцях Беларусі нарыхтоўшчыкі хлеба ўключалі як мага больш гаспадарак, у тым ліку і серадняцкіх, у спісы кулацкіх, каб абкласці іх дзяржаўнымі пастаўкамі па завышаных нормах. За невыкананне пагражала прыцягненне да суду. Формай пратэсту сялян стала нежаданне сеяць, бо чакалі, што хлеб усё адно забяруць, і гэта адбілася на пасяўной кампаніі 1947 г.

Улады канстатавалі наяўнасць адмоўных палітычных настрояў у БССР, звязаных з засухай 1946—1947 гг. Напрыклад, шараговец 95 гвардзейскага танкавага палка, 8 механізаванай дывізіі Собалеў заявіў, што ў БССР народ мае кепскі настрой, бо забралі ўвесь хлеб і бульбу для тых раёнаў Украіны, дзе неўраджай, і гэта прывядзе да таго, што працэнт галасавання за кандыдатаў у дэпутаты будзе нізкім.

Голад павялічыў колькасць злачынцаў, у тым ліку дзяцей, адбыўся рост колькасці крадзяжоў, забойстваў і інш. Пайкова-карткавая залежнасць гараджан ад дзяржавы, адсутнасць нармаванага забеспячэння харчаваннем жыхароў сельскай мясцовасці ўзмацнялі страх людзей перад голадам, ускладнілі крымінальную сітуацыю.

Каб здабыць прадукты, галадаючыя ехалі ў тыя часткі СССР, дзе неўраджаю не было. Па хлеб і бульбу людзі ездзілі нават на падножках і дахах вагонаў. Сярод іх было шмат спекулянтаў, якія шукалі выгаду ад перапродажу тавараў на пацярпелых ад голаду тэрыторыях. Павялічылася колькасць раскраданняў зерня, адказнасць за якое ўзмацнілася. У мэтах зберажэння дзяржаўнага хлеба ў заходніх абласцях БССР выкарыстоўвалі нават сілы вынішчальных батальёнаў.

У перыяд уборкі ўраджаю і хлебанарыхтовак у 1946 г. у асобных раёнах БССР (у тым ліку пацярпелых ад неўраджаю) мелі месца выпадкі падману дзяржавы з боку службовых асоб “Заготзерно”, калгасаў, саўгасаў і сялян-аднаасобнікаў. Некаторыя працаўнікі “Заготзерна” выпісвалі фіктыўныя квітанцыі калгасам, аднаасобным сялянскім гаспадаркам на быццам бы прыняты ад іх хлеб, у той час як на дзяржаўныя склады ён не паступаў. Былі выпадкі, калі калгасы, саўгасы выдавалі распіскі нарыхтоўчым пунктам, а ад іх атрымлівалі паперы, паводле якіх яны нібыта здалі дзяржаве хлеб.

У другой палове 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК УКП(б) прынялі дзве пастановы, скіраваныя на ўзмацненне кантролю выкарыстання і захавання хлеба. “Разбазарваннем” лічылася выдача хлеба авансам, выдача хлеба з семяннога фонду, выдача на працадні ці на грамадскае харчаванне да таго, як калгасы цалкам не разлічыліся з дзяржавай па абавязковых пастаўках. Згаданыя пастановы выклікалі шмат спраў супраць старшыняў калгасаў (толькі ў другой палове 1946 г. у БССР да крымінальнай адказнасці прыцягнулі 345 чалавек, асабліва ў раёнах, пацярпелых ад неўраджаю. Аналіз гэтай практыкі выявіў, што вялікая колькасць асуджаных была прыцягнутая да адказнасці незаконна.

Яшчэ падчас вайны гараджане, а таксама часткова жыхары сельскай мясцовасці (за выключэннем калгаснікаў) былі пераведзены на сістэму нармаванага забеспячэння, г.зн. яны атрымлівалі прадукты па картках. Існавалі рабочыя карткі першай і другой катэгорыі, а таксама спецыяльныя карткі для служачых, дзяцей і ўтрыманцаў (самыя нізкія). Нормы выдачы прадуктаў па картках, а таксама цэны (пайковыя) на іх былі строга фіксаванымі і істотна ніжэйшымі за цэны на тыя ж прадукты на рынку ці ў камерцыйных крамах.

Нізкія нормы, калі не хапала нават элементарных прадуктаў харчавання, штурхалі людзей на парушэнне законаў, што стала асабліва характэрным з надыходам неўраджаю 1946 г. Частымі былі крадзяжы картак. Праведзеныя на пачатку 1947 г. праверкі паказалі, што многія карткавыя бюро незаконна выдавалі хлебныя і харчовыя карткі. Былі і іншыя злоўжыванні — выдаваліся хлебныя карткі асобам, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы, прысвойваліся харчовыя карткі памерлых, краліся хлебныя карткі ў друкарнях.

У верасні 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК УКП(б) падвысіў пайковыя цэны ў сярэднім утрая. Адначасова зніжаліся камерцыйныя цэны на прадукты харчавання, але ўсяго на 10—20% у сярэднім. Між тым, перадугледжаная кампенсацыя ў выглядзе падвышэння заработнай платы аніяк не пакрывала расходы на набыцццё прадуктаў харчавання. Так, заработная плата нізкааплатных катэгорый насельніцтва была падвышана ў сярэднім толькі ў 2 разы. У той самы час людзі, якія атрымлівалі вялікі заробак, — партыйныя і савецкія работнікі, лаўрэаты Сталінскай прэміі, артысты — забяспечваліся прадуктамі і таварамі праз спецзабеспячэнне па танных коштах, а ў камерцыйных крамах і на рынках былі вымушаны набываць менш аплочваемыя катэгорыі насельніцтва, г.зн. рабочыя, служачыя. Было шмат выпадкаў, калі даводзілася прадаваць асабістыя рэчы, каб набыць у камерцыйных крамах прадукты для хворых дзяцей.

1 кастрычніка 1946 г. была істотна скарочана колькасць тых, хто знаходзіўся на нармаваным забеспячэнні. Гэта спарадзіла яшчэ большую незадаволенасць ў грамадстве, чым падвышэнне цэн. Акрамя гэтага, было прынята рашэнне скараціць камерцыйны гандаль хлебам. Карткавая сістэма робіцца выключна гарадской з’явай. У выніку праз нейкі час назіраецца яшчэ большы прыток працоўнай сілы ў гарады.

У 1947 г. сталася відавочнай неэфектыўнасць карткавай сістэмы, бо дэфіцыт захоўваўся, а злоўжыванні раслі. У сувязі з гэтым ідэя адмены картак як галоўнай прычыны харчовых цяжкасцей, робіцца папулярнай у штодзённай свядомасці. Улады вырашылі спалучыць адмену картак з антыінфляцыйнай грашовай рэформай.

Але, маючы адмоўны папярэдні досвед, людзі баяліся новаўвядзенняў. Падрыхтоўка рэформаў, у сваю чаргу, праводзілася ва ўмовах сакрэтнасці. Асноўнай крыніцай інфармацыі для звычайных людзей сталі чуткі, згодна з якімі чакалі павышэння цэн, знікнення тавараў з крамаў, кепскага курсу абмену старых грошай. Напярэдадні рэформы павялічыліся чэргі ў крамах і ашчадных касах. У канцы лістапада 1947 г. шмат людзей імкнуліся зняць свае ўклады і захаваць грошы, купляючы дарагія рэчы. Між тым, ва ўмовах таварнага голаду грашовая маса пастаянна расла, асабліва на вёсцы, і людзі баяліся страціць тое, што, як ім падавалася, было рэальнымі грашыма, якія яны ашчаджалі.

Умовы грашовай рэформы для большасці сталі шокавымі. Абмен (Пастанова Савета Міністраў СССР і ЦК УКП(б) ад 14 снежня 1947 г.) старых наяўных грошай на новыя праводзіўся зусім не на карысць насельніцтва: за 10 рублёў старых грошай давалі 1 рубель новых. Абмен усіх наяўных грошай праводзіўся толькі на працягу тыдня, пачынаючы з 16 снежня.

Грашовыя ўклады ў ашчадных касах і Дзяржаўным банку пераацэньваліся на больш ільготных умовах, чым абмен наяўных грошай: уклады да 3 тыс. руб. абменьвалі рубель за рубель. Былі канверсаваны ўсе раней выпушчаныя дзяржаўныя пазыкі, за выключэннем пазыкі 1947 г. Іх аб’ядналі ў адну. Абмен праводзіўся паводле наступных суадносін: 3 рублі ў аблігацыях папярэдніх пазык на 1 рубель у аблігацыях новай адзінай пазыкі. Заработная плата не пераводзілася. Памер яе заставаўся ранейшым.

Адначасова з правядзеннем грашовай рэформы была адменена карткавая сістэма, ажыццяўляўся пераход да адкрытага продажу тавараў па адзіных дзяржаўных цэнах пры зніжэнні пайковых цэн на хлеб і крупы.

Пайковыя цэны на хлеб зніжаліся ў сярэднім на 12%, на крупы — на 10%, у параўнанні з камерцыйнымі цэнамі яны зніжаліся больш чым у 2,5 разы. Замест карткавай сістэмы ўводзілася норма продажу “ў адны рукі”: хлеба — не больш за 2 кг, крупаў і мяса — 1 кг, алею — 400 г, малака — 1 л, абутку — 1 пара, запалак — 2 пачкі, газы — 2 л, мыла гаспадарчага — 1 кавалак. З гэтага часу на працягу разгляданага перыяду зніжэнне цэн на тавары масавага спажывання адбывалася штогод.

Улады чакалі розных парушэнняў. Галоўным чынам іх было два віды, звязаныя з доступам да інфармацыі пра планаваныя рэформы: хаванне тавараў ад пераўліку, каб прадаць за новыя, а потым унесці старыя грошы; незаконны прыём грашовых укладаў пасля 14 снежня. Сярод парушальнікаў апынуліся нават партыйныя актывісты і суддзі.

Згаданыя вышэй парушэнні паказваюць, што ўцечкай інфармацыі скарысталіся не шарагоўцы. Большасць насельніцтва не мела аніякага выйгрышу, але мэта рэформы была дасягнута — аб’ём грашовай масы значна зменшыўся не толькі ў насельніцтва, але таксама і ў калгасаў. З адменай карткавай сістэмы рознічныя цэны на сельгаспрадукты зніжаліся, што пацягнула падзенне цэн на калгасных рынках. Такім чынам, гэтая рэформа яшчэ больш адасобіла вёску ад горада.

Сама дзяржава не была падрыхтавана да адмены карткавай сістэмы. Праз кароткі час узнікае рэзкі дэфіцыт тавараў, асабліва ў дзяржаўных крамах, што пашырыла такую з’яву як спекуляцыя. Прапагандысцкія заявы пра паляпшэнне становішча кантраставалі з чэргамі па хлеб і цэнамі, вышэйшымі за даваенны ўзровень. Усё гэта выклікала незадаволенасць і трывогу, асабліва ў шматдзетных сем’ях, дзе жанчыны не дачакаліся сваіх мужоў з фронту.

2. Жыллёвая праблема

Ранейшая жыллёвая праблема стала асабліва вострай з прычыны разбурэнняў, прынесеных вайной у БССР. У канцы 1950 г. у зямлянках і на падсяленні заставаліся яшчэ тысячы сем’яў калгаснікаў, рабочых саўгасаў, леспрамгасаў і МТС. Асабліва цяжка было ў гарадах. Пераезд у горад тысячаў сялян, якія ратаваліся ад калектывізацыі і галечы, яшчэ больш абвастрыў жыллёвы крызіс. Перанаселенасць камунальных кватэр стварала вялікую колькасць праблем: сваркі паміж суседзямі, судовыя спрэчкі.

Становішча на Брэст-Літоўскай чыгунцы паказвае на ўзровень бытавога забеспячэння працоўных. Расселеныя ў вёсцы рабочыя не былі забяспечаны ложкамі і бялізнай. Маладыя працаўнікі жылі ў халодных, не прыстасаваных да жылля таварных вагонах, і для абагравання былі вымушаны красці паліва для цеплавозаў. У бруднай, без табурэтак, сталовай гатавалася і прадавалася няякасная ежа. Такая сітуацыя стала прычынай масавага дэзерцірства (сыходу) рабочых.

Дэфіцыт жылля быў настолькі востры, што, нават маючы сувязі, было цяжка чагосьці дамагчыся. На сярэдзіну 1948 г. матэрыяльна-бытавое становішча нават міліцыянтаў заставалася кепскім. 625 чалавек шараговага і сяржанцкага складу міліцыі Мінска жылі ў інтэрнаце, які знаходзіўся ў аварыйным стане, і дзе на чалавека не прыходзілася нават 1 метра. Праз адсутнасць жылля некаторыя былі вымушаны жыць асобна ад сем’яў (цягам года і болей), што прыводзіла да разладаў і распаду сям’і.

Каб атрымаць жыллё, выкарыстоўвалі розныя, нават незаконныя, сродкі. Людзі пры ўладзе маглі злоўжываць сваім становішчам. Невінаватага маглі абгаварыць, калі хацелі завалодаць яго кватэрай. Напрыклад, спадарыня Л.А.Дамброўская была асуджана за “разгульны лад жыцця і ўтрыманне прытона”, паводле абвінавачання, пабудаванага на паказаннях маёра міліцыі Ліхтэрмана, які гэткім чынам спрабаваў завалодаць яе кватэрай. Скаргу асуджанай разбіраў нават Вярхоўны суд, і толькі больш чым праз восем месяцаў утрымання пад вартай Л.А.Дамброўская была апраўдана.

У вырашэнні жыллёвага пытання, як, дарэчы, і іншых, перавага аддавалася меркаванням партыйных органаў, а не судовым рашэнням. За нязгоду з рашэннямі партыйнай арганізацыі маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Так, К.В.Кляўза была асуджана на тры месяцы папраўча-працоўных работ па месцы працы з утрыманнем 25% з заробку за тое, што абразіла супрацоўнікаў швейнай майстэрні спецгандлю, бо яны незаконна высялялі яе з кватэры.

Жыллёвы крызіс абвастрыў стаўленне да яўрэяў. Вялікая колькасьць кватэр і дамоў, што да вайны належалі яўрэям, былі занятыя кіруючымі работнікамі рэспубліканскіх і абласных арганізацый. Далёка не ўсе пагаджаліся выселіцца. А тыя, хто дамагаўся аб’ектыўнага разгляду спраў, часта рабіліся ахвярамі рэпрэсій.

3. Пашпартная сістэма

З увядзеннем у 1932 г. у СССР пашпартоў (у 1940 г. яны былі ўведзены і на заходніх тэрыторыях УССР і БССР) быў устаноўлены афіцыйны кантроль за перамяшчэннем насельніцтва па краіне, фактычна падтрымлівалася сістэма вышуку небяспечных для ўлад асоб. Усе грамадзяне СССР ва ўзросце ад 16 гадоў з тых, хто пастаянна жыў у гарадах, рабочых пасёлках, працаваў на транспарце, у саўгасах і на новабудоўлях, абавязаны былі мець пашпарты. Пашпарты тэрмінам на 5 гадоў выдаваліся асобам ад 16 да 55 гадоў. Ад 55 гадоў, а таксама ардэнаносцам, інвалідам выдаваліся бестэрміновыя пашпарты. Захоўваліся часовыя пасведчанні для тых асоб, што выязджалі ў мясцовасці, дзе яшчэ не была ўведзеная пашпартная сістэма. Але ў “пашпартызаваных” мясцовасцях пашпарт з’яўляўся адзіным дакументам, які сведчыў пра асобу. На гэтых тэрыторыях была ўведзеная таксама абавязковая прапіска ў органах міліцыі не пазней за 24 гадзіны пасля прыбыцця на новае месца жыхарства. Таксама абавязковай была выпіска для тых, хто выбываў з населенага пункта на тэрмін ад двух і больш месяцаў ці назаўсёды.

Без прапіскі цяжка было знайсці жыллё, уладкавацца на працу, ажаніцца і г.д. Для сельскага насельніцтва гэта абазначала падвойны кантроль, бо калгаснікі жылі без пашпартоў, што прымацоўвала іх да калгасаў. Выезд на іншае месца жыхарства мог адбыцца, толькі з атрыманнем пашпарта, што рабілася з дазволу кіраўніцтва калгаса і сельсавета, якія, як правіла, не былі ў гэтым зацікаўленыя. Як і калгаснікі, бяспраўнымі зрабіліся і рабочыя, бо ў працуючых у абароннай і вугальнай прамысловасці, на чыгуначным транспарце забіралі пашпарты на нявызначаны тэрмін, замест якіх выдаваліся спецыяльныя пасведчанні.

Быў вызначаны шэраг рэжымных тэрыторый. Да 1953 г. гэта тычылася і зоны ўздоўж усёй мяжы шырынёй ад 15 да 200 км. Чым хутчэй рос горад і болей узводзілася ў ім прамысловых аб’ектаў, большая частка якіх уваходзіла ў ваенна-прамысловы комплекс, тым хутчэй яго пераводзілі ў “рэжымную мясцовасць”. Прыкладам такой тэрыторыі ў БССР з’яўлялася сталіца — Мінск. Тыя, хто прыбываў туды, павінны былі прадстаўляць акрамя пашпарта даведку пра наяўнасць жылплошчы і дакументы, якія сведчылі пра мэты прыезду (запрашэнне на працу, даведку праўлення калгаса пра “сыход” і інш.). Калі памер жылплошчы быў меншы за ўстаноўленую санітарную норму, то ў прапісцы маглі адмовіць.

Сакрэтны раздзел інструкцыі па выдачы пашпартоў 1933 г. вызначаў абмежаванні на выдачу пашпартоў і прапіску ў рэжымных мясцовасцях для наступных груп насельніцтва: “не занятых грамадска карыснай працай” на вытворчасці, ва ўстановах, школах (за выключэннем інвалідаў і пенсіянераў); збеглых з вёсак “кулакоў” і “раскулачаных”, перабежчыкаў з-за мяжы; прыбылых з іншых гарадоў і сёлаў краіны пасля 1 студзеня 1931 г. “без запрашэння на працу ўстановай ці прадпрыемствам”. Выключэнні рабіліся толькі для спецыялістаў, без якіх не маглі абысціся.

За пражыванне без пашпарта ці з пратэрмінаваным пашпартам перадугледжваўся штраф у адміністрацыйным парадку памерам да 100 руб., выкарыстоўвалася і папярэджанне. Асобам, якія не падлягалі прапісцы ў рэжымнай мясцовасці, пражыванне ў ёй пагражала пазбаўленнем волі. Перадугледжвалася і адказнасць службовых асоб (домакіраўніка, каменданта, дырэктара ўстановы, дзе працаваў чалавек) і домаўладальнікаў за пражыванне асоб без пашпартоў ці з пратэрмінаванымі пашпартамі.

Пошук парушальнікаў пашпартнага рэжыму сумяшчаўся таксама з пошукам іншых злачынцаў. Шмат у якіх выпадках выпадках прыцягненне да адказнасці за парушэнне пашпартнага рэжыму было цалкам незаконным. Напрыклад, у лютым 1948 г. быў аддадзены пад суд С.М.Пруднікаў, які быў прапісаны ў інтэрнаце ў г.Віцебску, за тое, што часам заходзіў да сваёй роднай сястры ў тым жа горадзе і начаваў там.

4. Сямейныя праблемы

Вайна змяніла полава-ўзроставую структуру грамадства. Вялікія страты мужчынскага насельніцтва прывялі да значнага гендэрнага дысбалансу. Увесь цяжар і адказнасць за выхаванне дзяцей клаліся на плечы пераважна жанчын, якіх было больш, асабліва ў вёсцы. Паводле дадзеных на 1947 г. сярод працаздольнага насельніцтва вёскі ад 12 да 60 гадоў (такога па вёсцы было 46%) жанчыны ад 16 да 50 гадоў складалі 56%, падлеткі ад 12 да 16 гадоў — 19%, а мужчын ад 16 да 60 гадоў было 25%.

Было шмат няпоўных сем’яў. Нярэдка сем’і распадаліся па прычынах, якія стварала ўлада,— немагчымасць жыць у адным населеным пункце, бо быў патрэбен дазвол на пражыванне аднаго з сужонцаў, кагосьці не пераводзілі на месца працы мужа ці жонкі. Неразведзеныя жанчыны, чые мужы сышлі ў іншую сям’ю, не маглі яшчэ раз выйсці замуж.

Адказнасць мужоў за дваяжэнства, як правіла, была ўмоўнай. Участковы ўпаўнаважаны РА МУС Бягомльскага раёна Глазко, знаходзячыся ў юрыдычным шлюбе і маючы дзіця, выкарыстаў сваё службовае становішча і ўзяў другі шлюб з гр.Васюкевіч, аформіўшы яго рэгістрацыяй, у той час як першы не быў скасаваны. У выніку ён атрымаў толькі дысцыплінарнае спагнанне (10 сутак арышту) за амаральныя паводзіны. Адначасова гэта было і пакараннем за тое, што ён прысвоіў канфіскаваны самагон.

На пазашлюбныя сувязі звярталася мала ўвагі. Як правіла, выкрывалі дваяжэнцаў, якія знаходзіліся на адказных пасадах, бо яны павінны былі быць прыкладам для грамадства. Так, міністр дзяржбяспекі БССР Л.Ф.Цанава звяртаў увагу сакратара ЦК КП(б) М.І.Гусарава на шырокавядомы факт таго, што І.Д.Ветраў, пракурор БССР, меў дзвюх жонак. Але самым істотным момантам было тое, што яго падазравалі ў “сувязі з антысавецкім элементам”.

Нявыплата прысуджаных сродкаў на ўтрыманне дзяцей (аліментаў) цягнула турэмнае зняволенне да двух гадоў. Але адказнасць паводле адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэкса была рэдкай. Неплацельшчыка аліментаў, які мог збегчы за межы рэспублікі, напрыклад, уладкавацца на працу ў межах кампаніі мабілізацыі, не знаходзілі, а адпаведныя ведамствы не імкнуліся вырашыць гэтую праблему.

На плечы жанчын клаўся асноўны клопат па ўтрыманні і захаванні сям’і — яны кармілі і апраналі, займаліся жыллём, наладжвалі адносіны з суседзямі па камуналцы і інш. Але да хатніх гаспадыняў, як правіла, ставіліся як да людзей другога гатунку, фактычна як да “паразітычнага элемента” (катэгорыя г.зв. утрыманцаў) — ім належаў меншы паёк, пры неабходнасці іх прыцягвалі да выканання грамадскай працы. Найчасцей жанчынам прапаноўвалі нізкакваліфікаваную і нізкааплатную працу, а калі ў іх былі малыя дзеці, дык бралі на працу неахвотна, пра што ўскосна сведчыць указ ПВС СССР ад 19 мая 1949 г. “Аб паляпшэнні справы дзяржаўнай дапамогі шматдзетным і адзінокім маці і паляпшэнні ўмоў працы і быту жанчын”, якім было ўстаноўлена, што за адмову ў прыёме на працу маці, якія кормяць грудзьмі, і за зніжэнне ім заработнай платы па гэтых матывах вінаватыя мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці.

Дапамога па доглядзе дзяцей была малой і прызначалася толькі шматдзетным маці, якія мелі чацвёра і больш дзяцей (колькасць такіх павялічылася з 1945 да 1950 г. з 45,9 да 143,1 тысячы чалавек). У 1950 г. у БССР працаваў толькі 641 доктар-педыятр. Па доглядзе дзіцяці даваўся непрацяглы пасляродавы адпачынак (чатыры тыдні), пасля заканчэння якога жанчына павінна была выходзіць на працу, шукаючы, з кім пакінуць дзіця.

Сямейныя праблемы былі, з аднаго боку, прыватнай сферай, але, з другога боку, тыя, хто скардзіўся, часта вызначалі сям’ю як важны інстытут грамадства і дзяржавы. Як правіла, прасілі дапамогі ў дзяржавы жанчыны, якія не маглі даць рады збеглым мужам і хацелі, каб з тых хаця б спагналі аліменты. Нягледзячы на тое, што мужчыны нярэдка збівалі сваіх жонак і дзяцей, на гэта ніхто фактычна не скардзіўся, хаця былі выключэнні. Оперупаўнаважанаму Лепельскага раёна Багданаву за сістэматычныя сямейныя сваркі і збіццё жонкі было пастаўлена на від, а па адміністрацыйнай лініі ён быў пакараны 6 суткамі арышту. Былі скаргі і ад мужчын. Напрыклад, на дырэктара інстытута тэарэтычнай медыцыны АН БССР А.Ю.Баранавіцкага. Той спакусіў жонку Сцепаненкі, які і паскардзіўся ў партбюро АН БССР.

Уладзе на такіх падставах было выгадна ўмешвацца ў асабістае жыццё грамадзян. Праз сям’ю іх было прасцей кантраляваць. Пры гэтым у адносінах да сям’і савецкае заканадаўства было супярэчлівым. Напрыклад, аліменты на пазашлюбных дзяцей не выплочваліся. З прычыны рэпрэсіўнай палітыкі да “ворагаў народа” кулацкімі дзецьмі не хацелі апекавацца. Дапамога шматдзетным маці, мужы якіх былі арыштаваныя як ворагі народа, не выплочвалася. Крокам па абмежаванні свабоды ў фармаванні сям’і ў СССР быў указ “Аб забароне шлюбаў паміж грамадзянамі СССР і замежнікамі”, зацверджаны ў лютым 1947 г.

Маючы патрэбу ў працоўнай сіле з прычыны вялікіх чалавечых стратаў падчас вайны, улады імкнуліся павялічыць прырост насельніцтва. Гэтаму дапамагала прынятая заканадаўчая сістэма — фактычная забарона абортаў, абкладанне падаткамі халасцякоў і маласямейных. Пры гэтым не зважалі на тое, што такія абмежаванні прыводзілі сем’і да галечы ды пагаршалі адносіны. Складанае пасляваеннае становішча — вострая жыллёвая праблема, цяжкая праца, няўстойлівыя сем’і, дэфіцыт самага неабходнага штурхалі жанчын на крымінальныя аборты.

Аборты ў СССР былі забаронены ў 1936 г. Штучнае перапыненне цяжарнасці дапускалася толькі ў выключных выпадках — па медыцынскіх паказаннях; атрымаць дазвол ад улады па іншых меркаваннях было фактычна нерэальна. Правядзенне абортаў па-за лякарнямі ці ў лякарнях, але з парушэннем закону каралася турэмным зняволеннем. Найлягчэйшай была адказнасць саміх цяжарных жанчын: за правядзенне аборту без дазволу выносілася грамадская вымова, а пры паўторным парушэнні закону — штраф да 300 руб. Для таго, каб абараніць бабак-павітух, ахвяры звычайна настойвалі на тым, што яны самі зрабілі аборт. Як вынік — пэўная колькасць пакалечаных жанчын, некаторыя нават паміралі падчас гэтай аперацыі, асабліва калі яна праводзілася некваліфікаванымі асобамі.

5. Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў

Пасля вайны адбываецца значны рост злачыннасці. Большасць грамадзян не ведала пра рэальны ўзровень злачыннасці, бо прэса нават пра самыя гучныя выпадкі, як правіла, не пісала.

Сярод разгляданых крымінальных дзеянняў, якія пераважалі ў справаздачах органаў міліцыі, былі крадзяжы, спекуляцыя ды самагонаварэнне.

5.1. Самагонаварэнне

Самагонаварэнне з’яўлялася дадатковай крыніцай прыбытку для насельніцтва, у першую чаргу для беднякоў і сялян-аднаасобнікаў. Барацьба з ім вялася не толькі ў мэтах забеспячэння дзяржаўнай манаполіі, але і кантролю за вытворчасцю і расходам збожжа. Таму апынуўся відавочным рост увагі да гэтага віду злачынстваў пасля прыняцця адпаведных пастаноў па ахове хлеба. У 1947 г. у БССР было ўзбуджана каля 1 тыс. спраў, звязаных з самагонаварэннем, у 1948 г. іх колькасць перавысіла 5,5 тыс. Павелічэнне колькасці было, у першую чаргу, звязана з уступленнем у сілу ўказа ПВС СССР ад 7 красавіка 1948 г. “Аб крымінальнай адказнасці за выраб і продаж самагону”. Выраб і захаванне самагону з мэтай збыту, збыт самагону, а таксама выраб і збыт у выглядзе промыслу самагонных апаратаў караліся зняволеннем у папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 6 да 7 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці ці яе часткі. Выраб самагону без мэты продажу караўся пазбаўленнем волі на тэрмін ад аднаго да двух гадоў з канфіскацыяй самагону і прыладаў яго вырабу.

Праўда, выкананне жорсткага заканадаўства шмат у чым залежала ад судовых органаў. Праверка ўлетку 1948 г. працы судовых органаў Лепельскага раёна паказала, што па гэтых справах судзілі пераважна жонак загінулых франтавікоў, у якіх былі малыя дзеці, і суды, нават пасля ўказа ад 7 красавіка 1948 г., былі вымушаны выкарыстоўваць мягкія меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Але такая мяккасць залежала ад суддзі і праяўлялася не заўсёды. Так, спадарыня А.Я.Шабуня была асуджаная 31 мая 1948 г. на 1 год пазбаўлення волі, хаця яна была жонкай загінулага на фронце і мела чатырох дзяцей ад 8 да 16 гадоў. Да таго ж, падчас вайны яе маёмасць была знішчана немцамі, а каб набыць хату, яна прадала апошнюю карову. Жанчына патлумачыла, што хацела вырабіць самагон, каб запрасіць калгаснікаў скласці хату. І ўсё ж ёй быў вынесены жорсткі прысуд, а траіх дзяцей гэтай жанчыны адправілі ў дзіцячы дом.

Як і па іншых відах злачынстваў, органы дазнання, імкнучыся выканаць план, часам фальсіфікавалі такія справы. Так, 5 мая 1948 г. участковы ўпаўнаважаны Плешчаніцкага РА МУС Савіч пачаў крымінальную справу супраць грамадзянкі С.З.Стралкоўскай, бо пры вобыску ў яе было знойдзена 3,5 літра самагону. Насамрэч Савіч сфальсіфікаваў справу, бо С.З.Стралкоўская набыла самагон, каб справіць імяніны дзіцяці сваёй дачкі, а вырабам і продажам самагону не займалася. Савіч, карыстаючыся малаадукаванасцю абвінавачанай, занёс у пратакол допыту паказанні ад яе імя: “Я займалася самагонакурэннем і выдаткавала мукі 3 кг і іншыя прадукты”. Паказанні сведак таксама былі запісаны няправільна.

5.2. Спекуляцыя

Неабходную колькасць прадуктаў атрымлівалі толькі Масква ды іншыя сталіцы саюзных рэспублік, пры гэтым нават у Мінску хлеба не хапала. У вясковыя крамы хлеб завозілі радзей, чым раз на тыдзень, не кажучы ўжо пра іншыя тавары. Недахоп неабходных тавараў вёў да спекуляцыі, за якую перадугледжвалася пазбаўленне волі не менш як на пяць гадоў з поўнай ці частковай канфіскацыяй маёмасці.

Спекуляцыя кваліфікавалася ўладамі як адзін з самых небяспечных відаў злачынстваў, бо пры наяўнасці грошай ці рэчаў для абмену ў спекулянтаў, якія мелі сувязі ў сілавых органах, досыць нескладана было здабыць нават зброю. Нарастанне крызіснай сітуацыі ў сувязі з неўраджаем 1946 г. выклікала прыняцце 13 верасня 1946 г. Саветам Міністраў СССР пастановы “Аб узмацненні барацьбы са спекуляцыяй”. У загадзе МУС СССР ад 23 верасня 1946 г., прынятым услед за пастановай, прадпісвалася абвінавачаных у спекуляцыі арыштоўваць да суда, а таксама прыцягваць да крымінальнай адказнасці службовых асоб, якія спрыялі спекулянтам. Гэтыя меры прывялі да таго, што колькасць зарэгістраваных у рэспубліцы выпадкаў спекуляцыі пачала змяншацца. Калі ў 1946 г. было выкрыта 1484 выпадкі, то ў 1950 г. — 431. Выкрывалі спекуляцыю праз агентурныя крыніцы і назіранне за спекулянтамі на рынках і станцыях чыгункі.

Асноўнымі відамі спекуляцыі з’яўляліся: скупка прадуктаў і жывёлы ў заходніх абласцях і перапродаж іх ва ўсходніх, закупка прадуктаў у вёсцы ці дэфіцытных тавараў у цэнтральных гарадах СССР. Спекулянтамі былі розныя людзі — ад рэальных злачынцаў да тых, хто рабіў гэта, каб не памерці з голаду. Сярод іх — былыя сяляне, якія перасяліліся ў горад, уцякаючы ад калектывізацыі, інваліды, сем’і без кармільца і г.д. Большасць прыцягнутых да адказнасці не мела пэўных заняткаў (каля 70%) і нават маёмасці, якую можна было б канфіскаваць.

Пры гэтым пэўнай колькасці спраў ходу не давалі. Гаворка ідзе пра справы, калі з мэтай атрымання прыбытку здзяйсняліся буйныя спекулятыўныя аперацыі, як правіла, пры дапамозе асобных работнікаў гандлёвых арганізацый, якія, працуючы ў групе, падраблялі дакументы ці, прыхаваўшы частку тавараў, рэалізоўвалі яе праз спекулянтаў ці на рынку праз спецыяльных асоб. Спекулянтам-закупшчыкам часта даводзілася сутыкацца з завышанымі цэнамі, якія вызначалі самі дзяржаўныя чыноўнікі.

5.3. Крадзяжы

Змаганне з крадзяжамі, асабліва грамадскай і дзяржаўнай уласнасці, было адным з найважнейшых кірункаў унутранай палітыкі таго часу. Скарачэнне паступленняў хлеба на ўнутраны рынак, рост цэн увесну 1947 г. прывялі да павелічэння крадзяжоў зерня і хлебабулачных вырабаў. А дзяржава замест таго, каб зліквідаваць сапраўдную прычыну — недахоп прадуктаў харчавання — зрабіла пакаранні больш жорсткімі. З гэтай мэтай 4 чэрвеня 1947 г. быў прыняты ўказ аб адказнасці за крадзеж дзяржаўнай, грамадскай і асабістай маёмасці. Згодна з гэтым указам, за крадзеж дзяржаўнай маёмасці мінімальны тэрмін пакарання быў вышэйшы, чым раней, а адказнасць — большай, чым за крадзеж асабістай маёмасці. На практыцы за раскраданне “сацыялістычнай уласнасці” пагражала ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волі, а за паўторнае злачынства — да 25 гадоў, за крадзеж асабістай маёмасці — зняволенне ў папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 5 да 6 гадоў, пры здзяйсненні групай ці паўторна — ад 6 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пракурорскія работнікі пастараліся паказаць важнасць прынятага ўказа. Напрыклад, мяккім яны палічылі прысуд па справе спадарыні А.Каско (ужо раней умоўна асуджанай за крадзеж калгаснай маёмасці), якую за крадзеж 2 кг жытніх каласоў асудзілі на 5 гадоў, але вызвалілі ад адбывання пакарання па малазначнасці злачынства ды праз адсутнасць небяспекі для грамадства.

Прыняцце ўказа ад 4 чэрвеня 1947 г. павялічыла колькасць спраў і асуджаных. Нягледзячы на гэта, значнага змяншэння колькасці крадзяжоў дасягнуць не ўдалося, а па некаторых ведамствах паказчыкі нават павялічыліся. Вялікая плынь спраў па крадзяжах вяла да іх неахайнага разгляду. На падставе акта затрымання работніцы ці калгасніцы без пошуку матываў здзейсненага часта выносіўся прысуд.

“Дбайнасць” у выкананні ўказаў прыводзіла да таго, што ў шэрагу выпадкаў службовыя асобы праводзілі павальныя вобыскі ва ўсіх “падазраваных” ці нават ва ўсіх калгаснікаў. Імкнучыся зняць з сябе адказнасць за растраты і раскраданні, кіраўніцтва магло абвінаваціць злодзея ў крадзяжы ў большых памерах, чым той насамрэч скраў. Пры гэтым да справы далучалі абвінавачанне і ў прычыненні іншых страт, якія меліся ў гаспадарцы. Абвінаваціць і асудзіць селяніна ці рабочага маглі нават па падазрэнні ў жаданні ажыццявіць злачынства.

6. Высновы

Адной з найважнейшых праблем беларускага грамадства разгляданага перыяду было пераадоленне цяжкіх эканамічных наступстваў вайны. Дэфіцыт самага неабходнага стаў неад’емнай часткай паўсядзённана жыцця. Непадрыхтаваная адмена карткавай сістэмы, паніжэнне цэн на калгасных рынках і рост грашовых падаткаабкладанняў шокава паўздзейнічалі на вёску. Узнік рэзкі дэфіцыт тавараў, асабліва ў дзяржаўных крамах, а цэны нават пасля паніжэнняў былі вышэйшымі за даваенны ўзровень. Усё гэта выклікала незадавальненне і трывогу ў нізкааплатных слаёў насельніцтва і паспрыяла росту злачыннасці.

Разбурэнні, прынесеныя вайной, абвастрылі жыллёвую праблему. Дзяржава досыць жорстка кантралявала перамяшчэнне насельніцтва па краіне. Асабліва гэта тычылася жыхароў сельскай мясцовасці і “ненадзейных” груп насельніцтва.

Вялікія дэмаграфічныя страты ў вайне, у першую чаргу мужчын, парушылі гендэрны баланс. Шмат сем’яў засталося без кармільца. З’явілася значная колькасць маці-адзіночак. Разам з тым у краіне дзейнічаў закон аб абортах, які негатыўна ўспрымаўся жанчынамі. Як у сям’і, так і ў грамадстве жанчыны, як правіла, мелі нізкі сацыяльны статус.

Літаратура

1. Зима В.Ф. Голод в СССР в 1946—1947 гг.: происхождение и последствия. —М.: ИРИ РАН, 1996. —266 с.

2. Зубкова Е.Ю. Послевоенное советское общество: политика и повседневность. 1945—1953. —М.: РОССПЭН, 1999. —229 с.

3. Попов В.П. Паспортная система в СССР (1932—1976) // Социологические исследования. —1995. —№ 8. — С.3—13; № 9. —С. 3—13.

4. Смиловицкий Л. Борьба евреев Белоруссии за возврат своего имущества и жилищ в первое послевоенное десятилетие. 1944—1954 гг. // Беларусь у ХХ стагоддзі. — Вып.1. —Мн., 2002. —С. 168—177.

5. Советская жизнь. 1945—1953. —М.: РОССПЭН, 2003. —720 с.

6. Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. Социальная история Советской России в 30-е годы: город. —М.: РОССПЭН, 2001. —336 с.

 

 

Лекцыя 2
 

 


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY