|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
УЛАДЗІМЕР ЛЯХОЎСКІ. БЕЛАРУСЬ ПАДЧАС |
Лекцыя 1 |
Плян: 1. “Усходняе пытаньне” 2. Пачатак вайсковых дзеяньняў 3. Актывізацыя беларускага нацыянальнага руху 4. Вялікапольская палітыка на акупаваных землях
1. “Усходняе пытаньне” Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Польшчы ў 1918 г. геапалітычныя інтарэсы кіраўніцтва беларускай заходняй суседкі сягалі далёка за межы польскай этнаграфічнай прасторы. Гэтыя інтарэсы фармаваліся пад уплывам культурна-гістарычнага, эканамічнага і геапалітычнага фактараў. Адноўленая Польшча лічыла сябе правапераемніцай былой Рэчы Паспалітай і разглядала колішнія землі Вялікага Княства Літоўскага як складовую частку польскай дзяржавы. Задача, паўсталая перад польскім кіраўніцтвам на “крэсах усходніх”, — давесьці ўсясьветнай супольнасьці, што Беларусь ёсьць неад'емнай часткай Польшчы і што мясцоввыя людзі жадаюць жыць у складзе “польскай Рэчы Паспалітай”. Але ў гэтым пытаньні сярод польскіх палітыкаў не было аднадумства. Прынамсі, існавалі два пункты гледжаньня на шляхі далучэньня беларускіх, летувіскіх і ўкраінскіх зямель да Польшчы — праз інкарпарацыю ці фэдэрацыю. Інкарпарацыя — гэта стварэньне ўнітарнай дзяржавы, у якой паноўнае становішча належала б польскай нацыі, у той час як фэдэрацыя — дзяржава, у якой абвяшчаліся шырокія правы захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці і гарантыі шырокага самакіраваньня для беларусаў, летувісаў, украінцаў, габрэяў ды прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. Кансэрватыўнае крыло польскае палітычнае эліты на чале з Раманам Дмоўскім выступала за адарваньне ад Беларусі заходняй часткі і далучэньне яе да ўнітарнай Польшчы ў якасьці паўночна-ўсходняга рэгіёну. Польскія ж сацыялісты, лідэрам якіх быў Юзаф Пілсудскі, дамагаліся адсунуць мяжу Польшчы ад Расеі як мага далей на ўсход шляхам стварэньня беларуска-летувіска-ўкраінскага буфэру. 16 сакавіка 1919 г. у “Gazeta Polska” была надрукавана праграма фэдэралістаў пад назвай “Палітычная праграма польскай дэмакратыі”, у якой дэкляравалася ідэя стварэньня фэдэрацыі этнаграфічнай Беларусі і Летувы з Польшчай. У газэце азначалася: “Калі б удалося аб'яднаць каталіцкую і праваслаўную Беларусь, то такое аб'яднаньне, магчыма, і магло існаваць самастойна”. На пачатку польска-савецкай вайны ў Варшаве ўсё ж канчаткова ня вызначаліся з “усходнім пытаньнем”. Ю.Пілсудскі, стаўшы ў лістападзе 1918 г. Начальнікам Польскай дзяржавы і адначасова галоўнакамандуючым яе Збройных Сіл, намерваўся ажыцьцявіць сваю фэдэралісцкую дактрыну. Але зацемім, што гэтая канцэпцыя ня ставіла за мэту стварэньне раўнапраўнай фэдэрацыі між Польшчай, Беларусяй, Летувой і Ўкраінай. Задума польскага лідэра была больш празаічнаю. У інтарэсах польскае дзяржавы Пілсудскі марыў стварыць міждзяржаўны буфэр зь ляяльных да палякаў сатэлітаў, каб пазьбегнуць небясьпечнага суседзтва з Савецкаю Расеяй. Гэткае бачаньне “фэдэрацыі” ён выказаў свайму паплечніку Л.Васілеўскаму 8 красавіка 1919 г.: “Не хачу быць ні імпэрыялістам, ні фэдэралістам, пакуль няма мажлівасьці казаць пра гэтыя справы больш-менш сур'ёзна… Дзеля таго, што на Божым сьвеце пачынае, здаецца, перамагаць балбатня пра братэрства людзей і народаў і амэрыканскія дактрынкі, ахвотна схіляюся на бок фэдэралістаў”. У беларускім пытаньні польскі лідэр быў не дабрадзеем, а прагматыкам. Беларускі гісторык Алег Латышонак справядліва падкрэсьлівае: “Беларускасьць Пілсудскага была ўсё-такі неразьдзельнай з пачуцьцём прыналежнасьці да шырэйшай супольнасьці — літоўскай — і яшчэ шырэйшай — польскай. Таму ніколі не пагадзіўся ён зь беларускім рухам, які сваёй мэтай лічыў Беларусь бяз Польшчы”. 2. Пачатак вайсковых дзеяньняў Падтрыманыя Францыяй і Вялікабрытаніяй, польскія войскі складам з 11 дывізій у лютым 1919 г. распачалі шырокі наступ на беларускім кірунку фронту. Удары палякаў былі скіраваны па лініі Горадня — Вільня — Ліда — Маладэчна — Барысаў — Менск і Ваўкавыск — Слонім — Баранавічы — Нясьвіж — Слуцак — Бабруйск. У сярэдзіне сакавіка польскія легіянэры авалодалі Заходнім Палесьсем, Гарадзеншчынай і Віленшчынай. Аднавіўшы наступ у красавіку, да восені 1919 г. яны выйшлі на лінію Дзьвінск — Полацак — Бабруйск — Камянецк-Падольскі. Абяцаньні падтрымаць імкненьне беларускіх незалежнікаў да палітычнай самастойнасьці сваёй краіны былі выказаны ў вядомай адозве “Да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага” ад 22 красавіка 1919 г., адразу пасьля заняцьця польскімі войскамі былой сталіцы ВКЛ Вільні. У адозве заяўлялася, што польскія легіянэры прыйшлі на гэтыя землі не як акупанты, а як вызвольнікі ад бальшавізму. Праграма Пілсудскага ўтрымлівала тры асноўныя пастуляты: 1) права тутэйшага жыхарства на сваё нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэньне; 2) пасільная сацыяльна-эканамічная дапамога мясцоваму насельніцтву з боку Польшчы; 3) стабілізацыя грамадзка-палітычнай сытуацыі ў рэгіёне. Зварот Ю.Пілсудскага да жыхароў былога ВКЛ меў вялікі рэзананс у Беларусі. Шмат хто з насельнікаў Беларусі, вядомыя беларускія палітыкі паверылі ў шчырасьць заяў польскага нацыянальнага лідэра. На кароткі час лёзунг “За Нашу і Вашу Свабоду” стаў вельмі папулярным сярод беларускай палітычнай эліты. Многія беларусы сталі актыўна запісвацца ў польскае войска, каб узяць чынны ўдзел у вызваленьні сваёй бацькаўшчыны. За вельмі сьціслы час, у канцы 1918 г. — пачатку 1919 г., у раёне Замбрава з добраахвотнікаў — ураджэнцаў Беларусі — была сфармавана 1-я Літоўска-Беларуская дывізія. Аснову яе склалі сябры таемнай Польскай арганізацыі вайсковай, суполкі якой дзейнічалі на тэрыторыі “крэсаў усходніх” з восені 1918 г. У траўні 1919 г. памянёная дывізія складалася з шасьці стралецкіх палкоў і штурмавога батальёну. Вэрбоўка ў польскае войска на тэрыторыі Беларусі вялася тады на аснове добраахвотнасьці. Спачатку яе праводзілі вэрбунковыя бюро Камітэту абароны крэсаў, пазьней — адмысловыя аддзелы Беларуска-Літоўскага фронту польскага войска. Летам 1919 г. дзейнічалі ўжо дзьве — 1-я і 2-я Літоўска-Беларускія — дывізіі добраахвотнікаў. Х утка колькасьць стральцоў у гэтых фармаваньнях перасягнула 10.000 чалавек А сярод афіцэраў і жаўнераў былі ня толькі каталікі, але й шмат праваслаўных. Палкі складаліся пераважна з асоб, што паходзілі з адной мясцовасьці. 8 жніўня 1919 г. польскія легіянэры ўвайшлі ў Менск, а ўжо 19 верасьня ў горад прыбыў Начальнік Польскае дзяржавы Юзаф Пілсудскі, каб сустрэцца з польскімі вайскоўцамі і менчукамі. Падчас урачыстай сустрэчы Пілсудскага з прадстаўнікамі менскай грамадзкасьці, з нагоды вызваленьня гораду ад бальшавікоў, менчукі падаравалі камандзірам 6-га Менскага стралецкага палку 1-е Літоўска-Беларускае дывізіі вайсковы штандар, вышыты тутэйшымі кабетамі. Адзін бок штандару быў выкананы з залацістага нефарбаванага ільну, меў надпісы па-польску і па-беларуску (лацінай): “Места Менск стральцам 6-га Менскага палку”. Герб Менску — Найсьвяцейшая Пані Марыя з анёламі — у цэнтры сьцягу быў выкананы ў каталіцкай традыцыі (Маці Божая ў белай апранцы). На акружнай стужцы вакол гербу пададзена дата ўтварэньня Менскага ваяводзтва, а таксама — год вызваленьня Менску — 1919. На адваротным баку штандару, у чырвоным полі, майстрыхі вышылі старадаўні беларуска-літоўскі герб “Пагоня” і польскага Арла, абрамлёных барочнымі шчытамі. Шчыты гербаў злучаліся між сабой, як тое было прынята ў Рэчы Паспалітай. Гэта сымбалізавала ідэю яднаньня народаў былой Рэчы Паспалітай. Разам з прадстаўнікамі польскай мясцовай грамадзкасьці на ўрачыстым уручэньні сьцягу прысутнічалі й беларускія нацыянальныя дзеячы: паэт Алесь Гарун (А.Прушынскі), літаратар Язэп Лёсік, рэдактарка менскай газэты “Звон” Ядзьвіга Луцэвіч-Іваноўская ды некаторыя іншыя асобы. 3. Актывізацыя беларускага нацыянальнага руху Абяцаньні Пілсудскага, дадзеныя ў Віленскай адозве, моцна абнадзеілі прадстаўнікоў беларускага руху ў справе будаваньня свайго нацыянальнага сувэрэннага Дому. Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандар Уласаў, Аркадзь Смоліч ды іншыя паверылі ў шчырасьць Пілсудскага. Яны спадзяваліся, што польскія жаўнеры прынясуць Беларусі вызваленьне і свабоду Бо Ю.Пілсудскі нават дазволіў беларускім нацыянальным дзеячам пачаць фармаваньне ўласных нацыянальных вайсковых адзінак, падпісаўшы 22 кастрычніка 1919 г. дэкрэт аб утварэньні Беларускай вайсковай камісіі і пачатку стварэньня асобнага беларускага батальёну. Да таго ж, ім былі абяцаны фінансавая і арганізацыйная падтрымка ў разгортваньні беларускай школьнай, культурніцкай і гаспадарчай спраў. Але за гэтую падтрымку польская “сувэрэнная” дэмакратыя вымагала ад беларускіх дзеячоў праяў палітычнай ляяльнасьці дачынна Польшчы. На пачатку ліпеня 1919 г. у вызваленай ад бальшавікоў Вільні адбыўся Беларускі зьезд Віленшчыны і Гарадзеншчыны. На форуме была абрана Цэнтральная Рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны (ЦБРВіГ), якую ачоліў Браніслаў Тарашкевіч. Ува ўмовах бязьдзейнасьці Рады Беларускае Народнае Рэспублікі гэтая палітычная структура прэтэндавала на лідэрства ў беларускім руху. Насуперак спадзяваньням палякаў дэлегаты зьезду і кіраўніцтва ЦБРВіГ выступіла за стварэньне беларуска-летувіскай міждзяржаўнай вуніі. Пра ролю Польшчы ў названых рэзалюцыях нічога не было сказана. Левыя элемэнты, займеўшы абсалютную большасьць у кіроўных органах ЦБРВіГ, ня надта верылі ў “абяцанкі” Пілсудскага. Выразна антыпольскі кірунак дзейнасьці арганізацыі прывёў да адкрытага канфлікту з польскімі акупацыйнымі ўладамі. А таму дзейнасьць ЦБРВіГ была спаралізавана, а многія лідэры беларускага руху ў заходняй частцы Беларусі падпалі пад арышты польскай палітычнай паліцыяй (Тамаш Грыб, Аляксандар Карабач, Рыгор Злоцкі ды інш.). І пры канцы 1919 г. праца ЦБРВіГ была фактычна згорнута. Больш абачліва павяло сябе кіраўніцтва Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту (ЧБНК) у Менску, утворанага 10 жніўня 1919 г. на агульным сходзе нацыянальнага актыву гораду, адразу пасьля прыходу палякаў. Першым старшынём камітэту стаў Алесь Гарун, але ўжо 17 верасьня на гэтай пасадзе яго замяніў больш памяркоўны і прагматычны дзеяч — былы міністар унутраных спраў БНР Кузьма Цярэшчанка. Дзякуючы яго кіраўніцтву, ЧБНК пераўтварыўся ў сапраўдны каардынацыйны цэнтар беларускага нацыянальнага руху падчас польска-савецкае вайны 1919—1920 гг. Паводле свайго статуту, гэтая грамадзка-палітычная структура ставіла за мэту згуртаваньне і каардынацыю чыннасьці ўсіх тагачасных беларускіх арганізацый па ўсёй Беларусі дзеля “падняцьця нацыянальнага самапачуцьця, духоўнай і матэр'яльнай культуры беларускага народу, а таксама абароны нацыянальных, культурных і рэлігійных яго інтэрэсаў”. У склад ЧБНК увайшлі прадстаўнікі беларускіх палітычных партый (беларускія эсэры, сацыял–дэмакраты, сацыял–фэдэралісты і Беларуская хрысьціянска–дэмакратычная злучнасьць), а таксама прадстаўнікі Беларускай вайсковай камісіі, Беларускага праваслаўнага брацтва імя сьвятых Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх, розных культурна-асьветных арганізацый, навучальных устаноў і каапэратываў. Ганаровым сябрам Камітэту быў абраны народны паэт Янка Купала. ЧБНК намагаўся праводзіць актыўную дзейнасьць па аргагнізацыі беларускага школьніцтва, кнігадруку, шырокай сеткі нацыянальных культурніцкіх устаноў і моладзевых гурткоў. Шмат намаганьняў актывісты Камітэту аддавалі беларусізацыі навучальных устаноў, увядзеньню беларускай мовы ў царкоўныя і касьцёльныя казані, пашырэньню беларускамоўнае прэсы. Фінансавыя сродкі ЧБНК складаліся з грашовых унёсак рэгіянальных беларускіх арганізацый, добраахвотных калектыўных і прыватных ахвяраваньняў. Зь недахопу фінансаў асаблівая ўвага надавалася арганізацыі беларускіх гаспадарчых каапэратыўных і прадпрымальніцкіх структур, якія мусілі стаць асноўным эканамічным фундамэнтам будучай беларускай дзяржавы. Кіраўніцтва Камітэту дамагалася ад польскіх улад выдаткаваньня фінансавых сродкаў на беларускую нацыянальную працу з агульнай сумы падаткаў, што браліся акупацыйнай адміністрацыяй зь беларускага жыхарства. У тагачасных умовах, калі ўрад БНР знаходзіўся ў эміграцыі, а дзейнасьць Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны з прычыны рэпрэсій і адміністратыўнага ціску акупацыйнай улады Польшчы была спаралізавана, ЧБНК фактычна стаў галоўным каардынацыйным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху на тэрыторыі Беларусі, акупаванай палякамі. Пры Камітэце былі створаны школьная сэкцыя на чале з Сымонам Рак–Міхайлоўскім (з 30 жніўня 1919 г. рэарганізавана ў Мінскую беларускую школьную раду), сельскагаспадарчы аддзел (са студзеня 1920 г. — Беларускі цэнтральны саюз сельскай гаспадаркі), арганізацыйна–інструктарскі аддзел (кіраўнік Яўхім Трахімаў), выдавецкі аддзел (кіраўнік Сьцяпан Некрашэвіч), аддзел помачы бедным дзецям (кіраўнік Луцэвіч–Іваноўская). З мэтаю арганізацыі Беларускга нацыянальнага тэатру была ўтворана Тэатральная камісія (старшыня Чэслаў Родзевіч). Камітэт фундаваў выданьне менскіх беларускіх газэт “Звон” і “Беларусь”, часопісу слуцкага гуртку “Папараць-кветка” — “Наша Каляіна”. Пры ЧБНК быў утвораны інстытут павятовых інструктараў па нацыянальна–культурных і каапэратыўных справах (налічваў больш за 30 чалавек). За конт дзейнасьці інструктараў былі ўтворнаы беларускія нацыянальныя камітэты ў Бабруйску, Ігумене, Слуцку, Беларуская рада ў Баранавічах і іншых мясьцінах, дзясяткі беларускіх школ, сельскагаспадарчыя і спажывецкія таварыствы, культурна-асьветныя арганізацыі. ЧБНК працаваў у кантакце зь беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі Віленшчыны і Гарадзеншчыны, Летувы і Латвіі, культурна-асьветнымі і моладзевымі арганізацыямі краю, выступаў на абарону арыштаваных беларускіх нацыянальных дзеячоў, супраць закрыцьця беларускіх навучальных устаноў. Камітэт узяў пад свой патранаж былую Мінскую земскую друкарнню, намагаўся празь перавыбары кіраўніцтва ўзьдзейнічаць на Беларускі цэнтральны саюз спажывецкіх таварыстваў, што знаходзіўся пад уплывам расейскіх эсэраў, стварыць спартовы аддзел, Беларускі народны банк. Пасьля перавыбараў (10.3.1920) у новы склад прэзыдыюму ЧБНК, акрамя старшыні Цярэшчанкі, увайшлі Аркадзь Смоліч (нам. старшыні), Антон Крэпскі, Міхась Кудзелька (Чарот), Аўдзей Шатэрнік і Антон Трэпка. Варта азначыць, што ўся дзейнасьць вялася пад моцным уплывам беларускіх эсэраў і сябраў БКА, якія актыўна выкарыстоўвалі легальны статус арганізацыі дзеля антыпольскай прапаганды і падпольнай работы. Пасьля расколу Рады БНР у сьнежні 1919 г. большасьць сябраў ЧБНК падтрымала ўрад Ластоўскага і нэгатыўна паставілася да Найвышэйшай рады БНР. Абсалютная большасьць інструктараў Камітэту ў паветах складалі па-антыпольску настроеныя дзеячы, якія сярод сялянства актыўна праводзілі ня толькі агітацыю супраць палякаў, але й зьяўляліся сувязнымі з прыфрантавымі часткамі чырвонай арміі, арганізоўвалі партызанскія атрады. ЧБНК некалькі разоў дамагаўся ад кіраўніцтва Генэральнага ўпраўленьня зямель усходніх (Zarzad Cywilny Ziem Wschodnich) правядзеньня выбараў для стварэньня беларускіх прадстаўнічых краёвых і рэгіянальных органаў улады. Ідэя скліканьня ўвосень 1919 г. агульнага зьезду Меншчыны з мэтай утварэньня Рады Меншчыны, якой падпарадкоўвалася б цывільная ўлада ў Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Мазырскім, Менскім, Пінскім і Рэчыцкім паветах, была адхілена польскай адміністрацыяй. І ўсё ж у лютым 1920 г. ЧБНК дамагаўся ад Генэральнага камісара Зямель Усходніх Е.Асмалоўскага скліканьня ў Менску (15 траўня 1920 г.) 2–га Ўсебеларускага зьезду (на гэты ж дзень плянавалася склікаць усебеларускія зьезды настаўнікаў, спажывецкіх і сельскагаспадарчых таварыстваў). Але гэтая ініцыятыва не была падтрымана ані польскай адміністрацыяй, ані прадстаўнікамі БПС–Р і БКА. Беларускі бок, між тым, асьцерагаўся, што з адсутнасьцю сталых нацыянальных арганізацыйных структур у правінцыі зьезд скарыстаюць польскія крэсавыя праўрадавыя арганізацыі (Таварыства страж крэсовых ды інш.) дзеля заканадаўчага замацаваньня за Польшчай захопленых беларускіх тэрыторый. Ня маючы моцнай падтрымкі сярод жыхарства Менску, дзе большасьць складалі небеларусы, кіраўніцтва ЧБНК і прадстаўнікі беларускіх партый адхілілася ад удзелу ўвесну 1920 г. у выбарах у мясцовую гарадзкую раду. З пачаткам перамоў між Польшчай і Савецкай Расеяй аб міры ў сакавіку 1920 г. ЧБНК прыняў рэзалюцыю, у якой канстатаваў незаконнасьць прыняцьця супраціўнымі бакамі дэскрымінацыйных рашэньняў, якія закранаюць інтарэсы беларускага народу і пагражаюць цэльнасьці Беларусі. У гэтым жа дакумэнце пацьвярджалася адданасьць артыкулам Трэцяй устаўной граматы БНР пра незалежнасьць рэспублікі. З прыходам у Менск чырвонай арміі ЧБНК змушаны быў спыніць сваю дзейнасьць (ліпень 1920 г.). 4. Вялікапольская палітыка на акупаваных землях Тым жа часам палітычныя настроі беларускага грамадзтва дачынна Польшчы рэзка памяняліся. На акупаванай тэрыторыі Беларусі польскія ўлады імкнуліся ўмацаваць сваю палітычную, эканамічную і культурную прысутнасьць, каб трывала прывязаць беларускія тэрыторыі да Польшчы. Разам з акупацыйнай адміністрацыяй дзеля вырашэньня гэтае мэты былі задзейнічаны й напаўграмадзкія арганізацыі, якія, дзякуючы шчодрай фінансавай падтрымцы Варшаўскага ўраду, праводзілі актыўную ідэалягічную апрацоўку тутэйшага жыхарства. Найбольшай актыўнасьцю тут вызначалася Таварыства стражаў крэсовых (ТСК), галоўнаю мэтай якога стала “абарона зямель на крэсах усходніх, што па праву належаць Польшчы”, адраджэньне тут польскага грамадзкага, палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцьця. Вянцом чыннасьці ТСК на беларускіх землях стала арганізацыя краёвага плебісцыту ў пачатку 1920 г., на якім насельніцтва павінна было падтрымаць далучэньне беларускіх тэрыторый да польскай Рэчы Паспалітай. Палітычны гвалт, масавая рэквізіцыя хатняй жывёлы і харчаваньня, прымусовыя работы на карысьць мясцовай польскай адміністрацыі, вяртаньне маёмасьці былым абшарнікам, палітычныя рэпрэсіі супраць апанэнтаў, чыненыя польскімі вайскоўцамі і чынавенствам, павярнулі настроі беларусаў супраць Польшчы. Многія зь іх сталі на бок супраціўнікаў Польшчы. Гэтым тлумачыцца правал вэрбоўкі добраахвотнікаў у склад беларускага батальёну, што фармаваўся пад апекаваньнем Беларускай вайсковай камісіі. На момант эвакуацыі БВК зь Менску ў ліпені 1920 г. у яе складзе налічвалася толькі 25 афіцэраў і 50 жаўнераў. Але, нягледзячы на пэўныя посьпехі, беларускі рух не стварыў тады вялікага “поля ўплыву” на тутэйшае сялянства. Чыннасьць мясцовых беларускіх гурткоў, якія складаліся пераважна з тутэйшай моладзі, рэдка выходзіла за сьцены гэтых арганізацый. Па першым часе ўсё абмяжоўвалася правядзеньнем культурна-асьветных акцый. Большая частка тутэйшае інтэлектуальнае эліты заставалася пад уплывам “заходнерусізму” і варожа ставілася да думкі пра самастойнасьць Беларусі. Нацыянальна сьвядомая частка інтэлігенцыі яшчэ не настолькі паверыла ў сваё прызначэньне, каб узяць у рукі справу мясцовага самакіраваньня і вывесьці тутэйшага селяніна з-пад чужога ідэалягічнага ўплыву. Перашкаджаў гэтаму й моцны адміністратыўны нахіл у бок “агульнарасейскага патрыятызму” кіраўніцтва павятовага земства, якое трымала важныя рычагі эканамічнага і культурнага жыцьця вёскі. Тое, што ў Менску, увесну 1918 г., была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, мабыць, і ведалі на Случчыне, але ж вялікага рэзанансу гэтая падзея тады ня мела.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||