ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ. ГІСТОРЫЯ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ІНТЭГРАЦЫІ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

План:

1. Перыяд эканамічна крызісу і запавольванне інтэграцыі (1972—1983)

2. Кірункі далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў
(1983—1992, ад Дэкларацыі пра Еўрапейскі Саюз да Маастрыхцкіх пагадненняў)

3. Еўрапейскі Саюз (1993—1998, да ўвядзення агульнае валюты)

4. Сучаснае развіццё Еўрапейскага Саюза (1999—2005)

5. Кароткія высновы

 

1. Перыяд эканамічна крызісу і запавольванне інтэграцыі (1972—1983)

На пачатку 70-х гг. у Еўропе назіраецца пагаршэнне эканамічнага становішча: пачынаецца валютны, а затым і паліўны крызіс, выкліканы хуткім ростам цэнаў на нафту. І ўжо да сярэдзіны дзесяцігоддзя ва ўсіх краінах Заходняе Еўропы рэзка спыняецца эканамічны рост, што спараджае інфляцыю ды павялічвае беспрацоўе.

Выхад з рэцэсіі ўскладняўся крызісам валютнае сістэмы. У жніўні 1972 г. ЗША перасталі абменьваць долар на золата (гэта было своеасаблівым прызнаннем сітуацыі, якая склалася на працягу некалькі гадоў). Напрыканцы года (упершыню з 1934-га) адбылася дэвальвацыя амерыканскай валюты. Гэта азначала разбурэнне тых прынцыпаў, на якіх будавалася Брэтан-Вудская валютная сістэма, што была створана ў 1944 г., — замест устойлівых валютных курсаў сталі ўводзіцца “плыўкія”. Эканамічны крызіс закрануў усе развітыя краіны, але наступствы для Заходняе Еўропы былі найбольш цяжкія. Інфляцыя дасягнула 12—14%, да таго ж адбылося значнае падзенне вытворчасці. Залежнасць ад імпарту выклікала рост гандлёвага дэфіцыту. З узрастаннем эканамічных цяжкасцяў выявіліся пратэкцыянісцкія тэндэнцыі, якія пачалі запавольваць працэсы інтэграцыі.

1.1. Стварэнне валютнага саюза (1972—1979 гг.). Крызіс пачатку 70-х гг. схіліў краіны ЕЭС да сумесных дзеянняў у абароне сваіх эканомік. Летам 1972 г. было ўведзена два ўзроўні валютнае інтэрвенцыі: больш абмежаваны для краін — удзельніц ЕЭС, які склаў 1,125% руху ўніз ці ўверх ад цэнтральнага курсу, і пашыраны, для валют развіваных краін, — 4,5%. Гэта сістэма была мадыфікаваная ў 1973 г., калі быў уведзены плыўкі курс амерыканскага долара. Для ўдасканалення валютнага рэгулявання ў 1978 г. была створаная Еўрапейская валютная сістэма (ЕВС), якая пачала дзейнічаць з сакавіка 1979 г. Яе прызначэннем было мінімізаваць негатыўныя наступствы распаду Брэтан-Вудскай сістэмы і стварыць “зону еўрапейскай валютнай стабільнасці”. Цэнтральныя пазіцыі ў новым валютным саюзе заняла нямецкая марка; Вялікабрытанія, між тым, адклала сваё ўваходжанне ў сістэму на няпэўны тэрмін. З мэтай прасоўвання наперад валютнага саюза ды для разліку паміж арганізацыямі краін ЕЭС у 1979 г. была ўведзеная Еўрапейская валютная адзінка ЭКЮ (European Currency Unit), кошт якой быў вызначаны праз “кошык” валют краін-удзельніц. Натуральна, ЭКЮ не існавала ў выгляде звычайных грошай, а прызначалася для запісу на рахунках.

1.2. Інстытуцыйныя пераўтварэнні. Развіццё ЕЭС патрабавала рэформы палітычных інстытутаў і ўдасканалення працэдуры прыняцця рашэнняў. У 70-я гг. кансультацыі паміж міністрамі становяцца больш частымі, але застаецца нявырашанай праблема легітымнасці структурнай арганізацыі Супольнасці. У 1978 г. было вырашана сфармаваць Еўрапейскі парламент. Першыя наўпроставыя выбары ў парламент адбыліся ў чэрвені 1979 г. Было абрана 410 дэпутатаў тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Пасля далучэння Грэцыі (24 дэпутаты) склад Еўрапарламента павялічыўся да 434 дэпутатаў, а з далучэннем да ЕЭС Іспаніі (60 месцаў) і Партугаліі (24 месца) колькасць дэпутатаў павялічылася да 518.

1.3. Новае пашырэнне ЕЭС (1981 г., 1986 г.). У 70-я гг. паўстала пытанне далучэння да ЕЭС краінаў Паўднёвай Еўропы, якія пасля падзення дыктатарскіх рэжымаў ажыццявілі пераход да дэмакратыі. У 1975 г. Грэцыя падала заяву на ўступленне ў ЕЭС, Партугалія і Іспанія зрабілі тое ж самае ў 1977 г. Перамовы з Грэцыяй не былі цяжкімі, урад гэтай краіны імкнуўся ўвайсці ў ЕЭС любой цаной і прыняў практычна ўсе прапановы. У студзені 1981 г. Грэцыя была прынятая ў ЕЭС. Цікава, што гэта было зроблена нягледзячы на негатыўную ацэнку Камісіяй узроўню выканання папярэдніх умоваў сяброўства. Перамовы з Іспаніяй мелі значна больш складаны характар: Мадрыд настойліва супраціўляўся некаторым патрабаванням ЕЭС. Між тым далучэнне Іспаніі да супольнасці стварала для ЕЭС больш праблем, чым выгодаў. Але нягледзячы на ўсе складнасці, Іспанія і Партугалія сталі сябрамі ЕЭС з 1 студзеня 1986 г.

1.4. Бюджэтны крызіс (1979—1984). У 1979 г. скончыўся пераходны перыяд, у які Вялікабрытанія магла плаціць у агульны бюджэт менш, чым гэта прадугледжана адзінымі правіламі. Цяпер жа ўнёскі ў агульнаеўрапейкі бюджэт рабіліся значна большымі: як буйны імпарцёр Вялікабрытанія мусіла плаціць істотна больш мытных пошлін, а як нязначны вытворца прадукцыі сельскае гаспадаркі магла разлічваць на мінімум падтрымкі для сваіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. У часе гэта супала з прыходам да ўлады кансерватараў. У 1979 г. М.Тэтчэр катэгарычна заявіла, што яе краіна не можа плаціць у бюджэт вызначаныя сумы. І ў траўні 1980 г. Злучанае Каралеўства атрымала згоду на часовае змяншэнне сваіх унёскаў да моманту выпрацоўкі новых агульных рашэнняў, звязаных з бюджэтам. Для абодвух бакоў сітуацыя была надзвычай складаная, асабліва калі ўлічыць рост анты-ЕЭСаўскіх настрояў у Вялікабрытаніі ды патрабаванне значнае часткі палітычнага істэблішменту краіны выйсці з эканамічнае супольнасці.

Акрамя складанасцяў з Вялікабрытаніяй, існавалі сур’ёзныя праблемы з ураўнаважваннем бюджэту і ростам датацый на ажыццяўленне супольнай палітыкі ў галіне сельскай гаспадаркі (датацыі складалі каля 70% бюджэту). Агульнай пазіцыі паводле пытання структуры выдаткаў і крыніцах даходу ў бюджэт ЕЭС на той момант не было; кампраміс (праз упарадкаванне выплаты падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) быў дасягнуты пазней на сустрэчы ў 1984 г. На ёй жа былі ўведзеныя абмежаванні на змены ў сельскагаспадарчых выдатках, а таксама прынятае канчатковае рашэнне датычна сяброўства ў ЕЭС Іспаніі і Партугаліі.

2. Кірункі далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў
(1983—1992, ад Дэкларацыі пра Еўрапейскі Саюз да Маастрыхцкіх пагадненняў)

На пачатку 80-х гг. адбываецца паступовая эканамічная стабілізацыя Еўропы, інфляцыя зніжаецца, пачынаецца рост эканомікі. У гэты ж час асаблівае значэнне набываюць дыскусіі пра стварэнне еўрапейскага адзінага рынку.

2.1. Стварэнне адзінага рынку. У адпаведнасці з Рымскім дагаворам 1957 г. прадугледжвалася цягам 12 год стварыць агульны еўрапейскі рынак, але гэты працэс расцягнуўся на больш доўгі час. У 1968 г. быў заключаны мытны саюз, былі ліквідаваныя ўсе мыты і нетарыфныя перашкоды, звязаныя з рухам тавараў, але скасаванне перашкод у іншых сферах (рух капіталу, працоўнае сілы, паслуг — уласна агульны рынак) адбывалася больш марудна. Яскравым прыкладам тут ёсць тэма руху працоўнае сілы, да якой урады розных краін мелі вельмі супярэчлівае стаўленне.

У першай палове 80-х гг. з’яўляецца некалькі важных планаў развіцця еўрапейскае супольнасці. У 1983 г. Еўрапейскі савет прыняў Дэкларацыю пра Еўрапейскі Саюз, якая прадугледжвала “канчатковае стварэнне ўнутранага рынку, скасаванне перашкод для вольнага руху тавараў, капіталу, працоўнае сілы і паслуг, а таксама далейшае развіццё сумеснае транспартнае палітыкі”. На пачатку 1985 г. Еўрапейская камісія паставіла за мэту да канца 1992 г. стварыць адзіны рынак і ліквідаваць рэшту перашкод: чакалася, што далейшая інтэграцыя дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць ЕЭС на знешніх рынках ды паскорыць тэмпы эканамічнага росту. Умовай рэалізацыі праекта адзінага рынку была агульная палітыка на ўзроўні ўсёй Супольнасці, што патрабавала значнага збліжэння і абмежавання індывідуальнае палітыкі асобных дзяржаў. У пэўных сектарах такое рэгуляванне ўжо мела месца (сельская гаспадарка, гандаль з трэцімі краінамі), у іншых былі адно адпаведныя праекты.

Праграма ліквідацыі перашкод прадугледжвала прыняцце больш за 200 агульнаеўрапейскіх нарматыўных актаў. І да канца 1992 г. у нацыянальныя заканадаўствы было ўведзена каля 95% зменаў, неабходных для рэалізацыі праекта агульнага рынку. Такім чынам, нягледзячы на тое, што частка краін (у прыватнасці Грэцыя) не выканала ўсе патрабаванні, агульны рынак стаўся эканамічнай рэальнасцю.

У другой палове 80-х гг. была праведзеная і бюджэтная рэформа. Былі вызначаныя гранічныя памеры выдаткаў з бюджэту Супольнасці на сельскую гаспадарку, вызначаныя новыя даходы, была прапанаваная больш дакладная сістэма кантролю за расходамі, прызначанымі для рэгіянальнага развіцця.

2.2. Новая ўсходняя палітыка. ЕЭС вітала палітычныя змены ў краінах Цэнтральнае і Усходняя Еўропы, звязаныя з распадам камуністычнага парадку. На эканамічным форуме заходніх краін у 1989 г. быў прапанаваны план дапамогі для карэннае палітычнае і гаспадарчае перабудовы рэгіёну. Каардынацыя дапамогі была даручана Еўрапейскай камісіі ў фармаце спецыяльнае праграмы Фарэ (Phare — Poland, Hungary: Assistance for Restructuring their Economies), пазней праграма ахапіла не толькі Польшчу і Венгрыю, але і іншыя краіны рэгіёна. Для аналагічнае дапамогі краінам СНД была ініцыяваная асобная праграма, якая атрымала назву TACIS (Technical Assistance to the CIS). Разам з фінансаваю дапамогаю Супольнасць прапанавала краінам рэгіёну дапамогу праз далучэнне да сістэмы агульных мытных прэферэнцыяй. Рашэннем Еўрапейскага Савета ў снежні 1989 г. быў створаны Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Мэтаю гэтае фінансавае ўстановы сталася дапамога былым сацыялістычным краінам у развіцці рынкавае эканомікі праз заахвочвання пашырэння прыватнага сектару.

У 1991 г. ЕЭС правяла перамовы з трыма краінамі Цэнтральнае Еўропы (Чэхаславакія, Польшча і Венгрыя), на якіх абмеркавала пытанне іх далучэння да ЕЭС цягам 10-гадовага перыяду. Адпаведныя дамовы былі падпісаныя і з некаторымі іншымі краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Балгарыя, Чэхія, Славакія, Славенія, Румынія, Эстонія, Літва, Латвія). З краінамі СНД, якія былі ў значна меншай ступені ўцягнутыя ў працэс эканамічных і палітычных зменаў, ЕЭС падпісала дагавор пра партнёрства і ўзаемадапамогу.

2.3. Першыя этап валютнага і гаспадарчага саюза (1990—1993). Пасля рэалізацыі праграмы пабудовы агульнага рынку да 1992 г. асноўнымі перашкодамі для супрацоўніцтва ўнутры ЕЭС засталіся нацыянальныя валюты і цэны — гэты бар’ер быў прыбраны толькі напрыканцы 90-х гг.

Пазітыўны эфект пашырэння ўнутранага рынку (з ім звязвалі эканамічны бум канца 80-х гг.) схіліў прыхільнікаў інтэграцыі да стварэння больш шчыльнага валютнага саюза. У аснове валютнага саюза ляжалі, аднак, не толькі эканамічныя, але і іншыя матывы. Францыя, напрыклад, была зацікаўленая ў паглыбленні валютнага супрацоўніцтва зыходзячы пераважна з палітычных, а не эканамічных інтарэсаў, спадзеючыся, што ў новым саюзе будуць некалькі аслабленыя пазіцыі Германіі. Францыя таксама разлічвала, што ўдзел у валютным саюзе не дазволіць Германіі праводзіць самастойную эканамічную палітыку, якая часта прыводзіла да пагаршэння эканамічнага становішча суседзяў. У сваю чаргу Германія чакала ад саюза павышэння свайго ўплыву на эканамічную палітыку Супольнасці. Невялікія краіны, такія як Бельгія ды Нідэрланды, улічваючы іх залежнасць ад знешняй эканамічнае кан’юнктуры, чакалі, што шчыльная валютная інтэграцыя дазволіць спрасціць эканамічнае супрацоўніцтва. Больш бедныя краіны, такія як Грэцыя, Іспанія і Партугалія, адчувалі, што паглыбленне інтэграцыі прывядзе да павелічэння мэтавых выдаткаў з агульнага бюджэту ЕЭС ды паспрыяе выпраўленню рэгіянальных дыспрапорцый.

Першы этап пабудовы валютнага і гаспадарчага саюза пачаўся 1 ліпеня 1990 г. Ён мусіў быў цягнуцца да канца 1993 г. Яго сутнасць палягала ў поўнай лібералізацыі рынку фінансавых паслуг. У 1990 г. былі знятыя ўсе бар’еры, якія ў межах Супольнасці перашкаджалі руху капіталу. Разам з тым, больш слабыя краіны атрымалі магчымасць адкласці лібералізацыю (Іспанія, Партугалія і Ірландыя да канца 1992 г., Грэцыя -- да 1994 г.). У гэты перыяд паміж удзельнікамі ЕЭС была ўзмоцненая каардынацыя гаспадарчае палітыкі, асабліва фінансавай.

2.4. Маастрыхцкія пагадненні 1992 г., утварэнне Еўрапейскага Саюза. Далейшая інтэграцыя патрабавала вызначэння новых інстытуцыянальных і палітычных рамак. У лютым 1992 г. у Маасстрыхту (Нідэрланды) краіны — удзельніцамі ЕЭС дасягнулі комплексу пагадненняў, якія тычыліся стварэння Еўрапейскага Саюза, інтэграцыі ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферы, у галіне юстыцыі і ўнутраных справаў. У рамках перамоў, 7 лютага 1992 г. быў заключаны Маастрыхцкі дагавор, у адпаведнасці з якім краіны ЕЭС абвясцілі пра стварэнне Еўрапейскага Саюза і вызначылі асноўныя кірункі далейшае інтэграцыі (у тым ліку і ўзмацненне грашовых сувязяў і стварэнне агульнае грашовае адзінкі).

3. Еўрапейскі Саюз (1993—1998, да ўвядзення агульнае валюты)

У гэты перыяд дзейнасць органаў ЕС была накіраваная на рэалізацыю Маахстрыцкага дагавора 1992 г., які ў наступным годзе ўступіў у дзеянне, а таксама на падрыхтоўку канчатковага валютнага і гаспадарчага саюза. Асобнай задачаю з’яўлялася пашырэнне ЕС, спачатку за кошт краін ЕАВГ, а потым і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

3.1. Эканамічная інтэграцыя. З 1 студзеня 1993 г. быў цалкам адменены кантроль за таварамі на ўнутраных межах краін ЕС, і, такім чынам, агульны рынак стаў эканамічным фактам. Канчатковая ж адмена абмежаванняў на рух працоўнае сілы была рэалізаваная ў 1995 г. На сустрэчы ў Мадрыдзе (снежань 1995 г.) былі ўзгодненыя пытанні ўвядзення адзінае валюты, вызначаная яе назва (еўра), кошт якой прыраўноўваўся да ЭКЮ. У 1996 г. у Дубліне быў выпрацаваны стабілізацыйны пакет.

3.2. Чарговае пашырэнне ЕС (1995 г.). У пачатку 90-х гг. пачынаюцца перамовы паміж краінамі ЕАВГ і ЕЭС па стварэнні Еўрапейскае эканамічнае прасторы, якая дазволіла б краінам ЕАВГ далучыцца да працэсаў інтэграцыі ў межах ЕЭС, прыняць пэўныя эканамічныя і адміністрацыйныя абавязкі і атрымаць выхад на новыя рынкі. Дамова пра стварэнне ЕЭП была падпісаная ў 1992 г. (г. Апорта, Партугалія). Аднак неўзабаве, на рэферэндуме ў Швейцарыі, дамова была адхіленая, таму пасля неабходных рэарганізацый праграма 1 студзеня 1994 г. уступіла ў дзеянне. ЕЭП прадугледжвала прыняцце краінамі ЕАВГ пэўных прынцыпаў агульнага рынку, але выключала магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў і правядзенні агульнай сельскагаспадарчае палітыкі. Паралельна чатыры краіны — сябры ЕАВГ (Аўстрыя, Фінляндыя, Нарвегія і Швецыя) пачалі перамовы пра далучэнне да ЕС. Перамовы скончыліся ў сакавіку 1994 г., і на пачатку 1995 г. адбылося чарговае пашырэнне. У склад ЕС увайшла Фінляндыя, Швецыя і Аўстрыя, Нарвегія на нацыянальным рэферэндуме паўторна адхіліла ідэю далучэння да еўрапейскіх інтэграцыйных структур. Пашырэнне 1995 г. вызначыла ўзмацненне ЕС за кошт эканамічна развітых краін, якія не мелі істотных гаспадарчых праблем і не патрабавалі аніякага істотнага павелічэння выдаткаў з бюджэту ЕС.

4. Сучаснае развіццё Еўрапейскага Саюза (1999—2005)

4.1. Валютны саюз. 1999 г. засведчыў практычную рэалізацыю праекта стварэння валютнага саюза. 1 студзеня 1999 г. валютныя курсы краін, якія ўваходзілі ў валютны саюз, былі зафіксаваныя, і для міжбанкаўскіх разлікаў была ўведзеная супольная валюта “еўра”. З 1 студзеня 2002 г. агульнаеўрапейская валюта паступіла ў наяўны зварот (у зону еўра ўвайшлі не ўсе краіны ЕС: Данія, Швецыя і Вялікабрытанія захавалі свае нацыянальныя валюты). Адначасова адбываецца дэлегаванне краінамі — удзельніцамі ЕС сваёй кампетэнцыі ў сферы грашовай палітыкі, не залежнай ад урадаў і структураў Супольнасці Еўрапейскай сістэме цэнтральных банкаў, у якой галоўная роля была адведзеная Еўрапейскаму цэнтральнаму банку.

4.2. Палітычная рэформа. Другой важнай падзеяй сталася ўзгадненне Нікейскага дагавора на сустрэчы ў снежні 2000 г. Дакумент прадугледжваў увядзенне важных зменаў у функцыянаванне структур ЕС, удакладняў працэдуры прыняцця рашэнняў. На сустрэчы ў Леакане (снежнь 2001 г.) была прынятая дэкларацыя пра будучыню ЕС, а таксама ў чарговы раз абмяркоўвалася пытанне пра рэфармаванне структуры ЕС, у прыватнасці, спрашчэнне працэдуры працы структураў ЕС, вызначалася роля нацыянальных парламентаў, ішла гаворка пра прыняцце Канстытуцыі ЕС. У межах еўрапейскае супольнасці дасягнуты кансенсус пра тое, што ЕС павінен стаць бліжэй да грамадзянаў, а насельніцтва краін-удзельніц павінна аказваць большы ўплыў на палітыку структур ЕС, вызначэнне мэтаў Саюза і рэалізацыю яго палітыкі.

Частка актуальных палітычных пытанняў была вырашаная. У прыватнасці, павялічвалася празрыстасць і зразумеласць працы еўрапейскіх структур. Палітычная рэформа патрабавала, аднак, больш жорсткіх нарматыўных рамак. У 2004 г. быў падпісаны праект Канстытуцыі ЕС і быў ініцыяваны працэс яе ратыфікацыі дзяржавамі-ўдзельніцамі, але, як вядома, рэферэндумы 2005 г. у Францыі і Галандыі далі адмоўны вынік. Такім чынам, палітычная арганізацыя Еўрапейскага Саюза аказалася нявызначаная і па сёння застаецца актуальнаю праблемаю.

4.3. Пашырэнне ЕС на Усход (2004 г.). Вялікае значэнне для развіцця ЕС мелі перамовы з кандыдатамі ад Цэнтральнае і Усходняе Еўропы. Фармальна яны пачаліся ў сакавіку 1998 г., але фактычна, -- толькі ў лістападзе гэтага года. Пашырэнне ЕС за кошт краін Цэнтральнае і Усходняе Еўропы разглядалася Саюзам як самае складаная праблема з усіх папярэдніх. Аб гэтым сведчыць як вялікая колькасць кандыдатаў, так і тое, што краіны-кандыдаты не вызначаліся высокім узроўнем эканамічнага развіцця, а некаторыя з іх (як, напрыклад, Польшча) мелі значную частку насельніцтва, занятую ў сельскай гаспадаркі, дастаткова неэфектыўнай у параўнанні з краінамі Саюза. Далучэнне новых рэгіёнаў азначала аўтаматычнае павышэнне выдаткаў з бюджэту ЕС на агульную палітыку ў галіне сельскай гаспадаркі, рэгіянальную палітыку (выкліканае значнай дыспрапорцыяй у развіцці), а таксама на развіццё бюджэтнай і фінансавай сістэм.

Перамовы з краінамі Цэнтральнае і Усходняе Еўропы былі завершаныя ў 2003 г. і апошняе, самае вялікае пашырэнне ЕС, адбылося 1 траўня 2004 г. Новым сябрамі сталі Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Літва, Латвія, Эстонія, а таксама Славенія, Мальта і Кіпр. Такім чынам, колькасць краін у ЕС склала 25. У 2007 г. плануецца пашырэнне ЕС за кошт Румыніі і Балгарыі. Абмяркоўваецца пытанне пра паскоранае сяброўства Харватыі, якая мае дастаткова высокі ўзровень эканамічнага развіцця і здольная ў кароткія тэрміны выканаць патрабаванні Еўрапейскае камісіі.

Найбольш супярэчлівым і складаным застаецца пытанне пра далучэнне да ЕС Турцыі (адпаведныя дакументы Турцыя падала ў 1959 г.). Турцыя з’яўляецца не толькі адносна беднай краінаю, але яе ўключэнне ў еўрапейскую супольнасць звязанае з пэўнымі дэмаграфічнымі праблемамі. Акрамя гэтага, значная частка еўрапейскага палітычнага істэблішменту і еўрапейцаў увогуле выступаць супраць сяброўства Турцыі, бо не лічыць гэтую краіну еўрапейскай паводле сваёй палітычнай і культурнай традыцыі.

5. Кароткія высновы

Інтэграцыя Заходняй Еўропы была заснаваная на эканамічных прынцыпах (выгоды ад вялікага рынку і заахвочванне хуткага тэхнічнага прагрэсу), але пешая арганізацыя (Еўрапейскі саюз вугалю і сталі) была створаная, улічваючы таксама і пэўны комплекс палітычных прычын: эканамічнае адраджэнне Германіі і адначасовае прадухіленне ўзброеных канфліктаў, назапашванне эканамічнага і ваеннага патэнцыялу для супрацьдзеяння савецкай гегемоніі. У той жа час, кожная краіна мела ўласныя мэты. Стварэнне ЕЭС было ў значнай ступені падмацаванае жаданнем Францыі прадухіліць дамінаванне ЗША на кантыненце, а Грэцыя, Іспанія і Партугалія звязвалі з далучэннем да ЕЭС магчымасць атрымання фінансавых субсідыяў (краіны ЕЭС, у сваю чаргу, ставілі за мэту замацаванне дэмакратычных традыцый у рэгіёне). Апошняе пашырэнне (2004 г.), асабліва на пачатку перамоваў у 90-х гг., таксама было выклікана некаторымі палітычнымі прычынамі.

Працэс інтэграцыі і эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж еўрапейскімі краінамі звязаныя не толькі з эканомікай, але і агульнай культурнай спадчынаю, менталітэтам, а таксама агульнымі хрысціянскімі каранямі еўрапейскай цывілізацыі, што дазволіла сфармаваць агульную сістэму каштоўнасцяў і прынцыпаў.

У выніку Еўрапейская супольнасць стварыла унікальную інстытуцыянальную сістэму. На сёння дзейнасць ЕС рэалізуецца праз працу шэрагу органаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць: Савет ЕС (рэпрэзентуе інтарэсы дзяржаў-удзельніц), Еўрапейская камісія (рэпрэзентуе інтарэсы Супольнасці як цэлага), Еўрапейскі парламент і Еўрапейскі суд.

Эканамічнае развіццё Еўрапейскае супольнасці звязанае са значнымі поспехамі ў галіне рэальнае і інстытуцыянальнае інтэграцыі. Прыняцце асноўных рашэнняў пра пераход ад мытнага супрацоўніцтва да адзінага еўрапейскага рынку, а таксама рэалізацыя валютнага і гаспадарчага саюза, прывялі да стварэння адзінае эканамічнае сістэмы, якая не мае аніякіх бар’ераў для руху тавараў, людзей, капіталаў і паслуг. У пэўных галінах прамысловасці інтэграцыя прывяла да поўнай замены нацыянальнага заканадаўства нормамі супольнасці. Такім чынам, дзяржавы пагадзіліся з тым, што адзінае права і прынцыпы для ўсіх удзельнікаў супольнасці з’яўляецца больш выгаднымі, чым нацыянальныя правілы. Супольныя прынцыпы ёсць таксама абавязковымі і ў галіне забеспячэння канкурэнцыі, хоць дзяржавы пры гэтым і захоўваюць паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў межах, якія не парушаюць агульных правілаў гульні.

Паглыбленне інтэграцыі праявілася ў выпрацоўцы агульных (альбо блізкіх) правілаў для рэгуляванне практычна ўсіх галін эканомікі. Пасля ўвядзення адзінае сельскагаспадарчае, гандлёвай і транспартнай палітыкі, а таксама ліквідацыі перашкод ва ўсіх асноўных сферах супрацоўніцтва праз пабудову агульнага рынку агульнаеўрапейскія правілы эканамічнае гульні сталіся рэальнасцю. Больш за тое, інтэграцыя мела вялікае значэнне для уніфікацыі палітычнае прасторы Еўропы, выпрацоўкі адзіных стандартаў дэмакратыі, разумення сутнасці правоў чалавека і з’яўлення новае, агульнаеўрапейскае ідэнтычнасці.

Еўрапейская інтэграцыя, распачатая ў 50-х гг. мінулага стагоддзя, з’яўляецца дастаткова паспяховаю. Еўропа ўсе больш робіцца палітычна і эканамічна адзінаю, што мае вялікае значэнне не толькі для еўрапейскага кантыненту, але і міжнароднай палітыкі ў цэлым.

 

 

Лекцыя 2
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY