ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ. ГІСТОРЫЯ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ІНТЭГРАЦЫІ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

План:

1. Уводзіны

2. Дыскусія пра еўрапейскую інтэграцыю ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі

3. Працэсы еўрапейскае інтэграцыі пасля Другой сусветнай вайны 1945—1957 гг.

4. Пабудова новых інстытутаў

5. Еўрапейскія інстытуцыі, не звязаныя з эканамічнай інтэграцыяй

6. Альтэрнатыўныя цэнтры інтэграцыі, Еўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (1960)

7. Паглыбленне інтэграцыі і пашырэнне ЕЭС 1957—1972 гг.

 

1. Уводзіны

Канцэпт “міжнародная эканамірчная інтэграцыя” з’явіўся ў 30—я гг. ХХ ст. Але працэсы палітычнай і эканамічнай інтэграцыі Заходняй Еўропы робяцца рэальнасцю толькі пасля Другой сусветнай вайны.

Разам з тым разуменне культурнага і інтэлектуальнага адзінства народаў Еўропы мае доўгую гістарычную традыцыю. Традыцыя гэтая была звязаная з сістэмай агульных каштоўнасцяў, што праз стагоддзі перахоўваліся рознымі, пераважна хрысціянскімі, рэлігійнымі канфесіямі.

Хрысціянства цягам многіх стагоддзяў фармавала еўрапейскія маральныя і этычныя нормы. І ўжо ад пачатку сярэдніх вякоў увесь хрысціянскі свет утвараў адзіную інтэграваную цывілізацыйную і ментальную прастору. А шмат якія еўрапейскія палітычныя інстытуцыі паўсталі на агульнай культурнай традыцыі антычнасці (Старажытная Грэцыя і Рым), сярэдніх вякоў і новага часу.

Што тычыцца сучасных інтэграцыйных працэсаў, то іх пачатак трэба шукаць у канцэпцыях міжваеннага перыяду, калі з’явіўся пан’еўрапейскі палітычны і інтэлектуальны рух. Але разам з тым, канцэпцыі ды культурны вобраз адзінае Еўрапейскае супольнасці, што паўсталі пасля Другой сусветнай вайны, мелі свае карані ў ідэях, якія існавалі задоўга да гэтага часу.

У гэтай лекцыі працэс развіцця заходнееўрапейскай інтэграцыі будзе пададзены праз апісанне найбольш значных зменаў у прынцыпах і механізме дзейнасці Еўрапейскага саюза вугалю і сталі, а таксама дзвюх астатніх інтэграцыйных супольнасцяў: Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС) і Еўратама. Будуць паказаныя такама асноўныя цяжксасці працэсу паглыблення і пашырэння інтэграцыі ды дзейнасць, якая дазволіла іх пераадолець. Адначасова робіцца спроба выявіць прычыны, што рухалі інтэграцыйнымі працэсамі, прадэманстраваць ролю аб’ектыўных і суб’ектыўных сілаў, якія паўплывалі на працэсы сучаснай еўрапейскай інтэграцыі ды іх дынамічнае развіццё.

2. Дыскусія пра еўрапейскую інтэграцыю ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі

Як было адзначана вышэй, ідэя інтэграцыі, культурнага і цывілізацыйнага адзінства Еўропы, мае доўгую інтэлектуальную гісторыю. У 20—30-я гг. мінулага стагоддзя для яе практычнай рэалізацыі найбольшае значэнне мела стварэнне пан’еўрапейскага палітычнага і інтэлектуальнага руху, які можна лічыць першай праяваю ідэі агульнаеўрапейскае эканамічнае і палітычнае супольнасці. Істотнымі для развіцця еўрапейскай інтэграцыі былі канцэпцыі Р.Каўдэнхова—Калергі (1894—1972). У 1923 г. ён надрукаваў брашуру “Пан-Еўропа”, у якой прапанаваў ідэю паэтапнага стварэння Злучаных Штатаў Еўропы. Праект, на ўзор ЗША, прадугледжваў паступовае фармаванне палітычнае і эканамічнае цэласнасці еўрапейскае прасторы. Сярод галоўных пагроз развіцця Еўропы Каўдэнхова-Калергі называў нацыяналізм еўрапейцаў, а таксама культурны і эканамічны ўплыў Расіі і ЗША. Шанец развіцця Еўропы бачыўся ў пераадоленні партыкулярызму, які быў палітычнай рэальнасцю пасля Першай сусветнай вайны, асабліва пасля распаду шматнацыянальных дзяржаў і ўзмацнення нацыяналістычных тэндэнцый.

Паўстанне і развіццё канцэпцыі еўрапейскай інтэграцыі шмат у чым абумовілася радыкальнымі зменамі палітычнага ландшафту Еўропы пасля 1918 г. І ўжо ў 1926 г. у Вене адбыўся кангрэс, на якім быў створаны Пан’еўрапейскі Саюз як агульнаеўрапейская палітычная арганізацыя, што ставіла за мэту практычную рэалізацыю ідэі еўрапейскага адзінства. У гэтым жа годзе былі створаныя рэгіянальныя структуры Саюза. Да пан’еўрапейскага руху далучаюцца прадстаўнікі культурнае і палітычнае эліты.

У канцы 20-х і 30-я гг. ХХ ст. адбываецца заняпад пан’еўрапейскай ідэі, што было звязана з пагаршэннем эканамічнае сітуацыі і сусветным эканамічным крызісам 1929—1933 гг. Гэта выклікала вельмі істотны рост беспрацоўя, пашырэнне радыкальных палітычных ідэй, узмацненне пратэкцыянісцкіх тэндэнцый ды розных формаў нацыяналізму ў палітычнай і эканамічнай сферы. Прапановы часткі палітычнай эліты Францыі, якія тычыліся стварэння “федэратыўнага саюза”, альбо “саюза салідарнасці” еўрапейскіх краінаў, былі ўспрынятыя як неадэкватныя альбо нясвоечасовыя.

Трэба адзначыць, што пан’еўрапейскі рух 20—30-х гг. меў як інтэлектуальны, так і палітычны характар, але не здолеў-такі прывесці да ўкаранення ідэі еўрапейскае інтэграцыі ў палітычную практыку кантынента. Аднаўленне дыскусіі пра будучыню Еўропы пачне адбывацца толькі падчас Другой сусветнай вайны і асабліва выразныя формы набудзе пасля яе завяршэння.

3. Працэсы еўрапейскае інтэграцыі пасля Другой сусветнай вайны (1945—1957 гг.)

З заканчэннем Другой сусветнай вайны адбываецца хуткае адраджэнне пан’еўрапейскага палітычнага і інтэлектуальнага руху, які разглядаецца як аснова для прадухілення новых узброеных канфліктаў і механізм палітычнага і эканамічнага адраджэння Еўропы. Да руху далучаюцца асноўныя фігуры еўрапейскае палітыкі, у тым ліку і У. Чэрчыль, які ў 1946 г. пры адкрыцці акадэмічнага года політэхнічнае школы ў Цюрыху заклікае да стварэння Злучаных Штатаў Еўропы.

У траўні 1948 г. у Гаазе праходзіць Еўрапейскі кангрэс, у працы якога бяруць удзел больш за 800 уплывовых палітыкаў і эканамістаў Заходняй Еўропы. Кангрэс прыняў рэзалюцыю, якая дэкларавала неабходнасць стварэння наднацыянальных еўрапейскіх органаў і перадачы ім значнае часткі нацыянальнага суверэнітэту, а таксама заклікаў да стварэння Савета Еўропы, і Саюза Еўрапейскай Федэрацыі. Напрыканцы 40-х гг. еўрапейскі рух меў ужо шырокі характар і ставіў за мэту рэалізацыю ідэі еўрапейскага адзінства і падтрымку розных формаў еўрапейскае інтэграцыі. Фактычна, Кангрэс 1948 г. вызначыў стратэгію і кірунак інтэграцыйных працэсаў на бліжэйшае дзесяцігоддзе.

3.1. Перадумовы інтэграцыі. Дыскусіі на тэму еўрапейскае інтэграцыі становяцца адэкватнымі новай палітычнай сітуацыі на кантыненце. Небяспека з боку СССР (кантроль над Цэнтральнай і Усходняй Еўропаю, моцныя пазіцыі камуністычных арганізацый, у прыватнасці, у Італіі) схілялі кіраўніцтва краін Заходняй Еўропы да мабілізацыі эканамічнага патэнцыялу. Акрамя гэтага стаяла пытанне пра адзінства кантыненту. Для вырашэння першае і для другое задачы неабходным было існаванне моцнае нямецкае эканомікі. Таму сапраўднай праблемай еўрапейскай палітыкі сталася адрадзіць нямецкі эканамічны патэнцыял і, адначасова, прадухіліць магчымасць узнікнення мілітарысцкіх і рэвпамкненняў новай Германіі. Аднаўленне эканамічнай магутнасці бало асабліва актуальным і для Францыі. Для эканамічнага адраджэння рэгіёну была прапанавана мадэль абмежаванага ўключэння Германіі ў эканамічнае супрацоўніцтва, што павінна было стварыць сітуацыю, калі вайна становілася б немагчымаю і эканамічна невыгоднаю. Акрамя палітычных матываў (абмежаванне ўплыву СССР і прадухіленне нямецка-французскага канфлікту) ад эканамічнай інтэграцыі чакалі і пэўных выгодаў. Ліквідацыя перашкод для эканамічнага супрацоўніцтва стварала надзею на пашырэнне рынкаў, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, зніжэнне цэнаў і г.д. Ва ўмовах пасляваеннага росту попыту на тавары ды рэальных даходаў адносна невялікія па сваіх памерах нацыянальныя рынкі еўрапейскіх краінаў пачыналі абмяжоўваць вытворчасць.

Сярод перадумоваў еўрапейскае інтэграцыі варта адзначыць і небяспеку празмернае залежнасці ад ЗША, якія пасля Другой сусветнай вайны сталі актыўна ўдзельнічаць у міжнароднай палітыцы. Еўрапейцы баяліся негатыўных наступстваў залежнасці ў будучыні і разглядалі рэгіянальную інтэграцыю як інструмент захавання большай палітычнай і эканамічнай самастойнасці ад ЗША.

3.2. Мадэль сектарнае інтэграцыі. Існавала шмат падыходаў да практычнае рэалізацыі ідэі еўрапейскае інтэграцыі, але найбольшую жыццяздольнасць выявіла мадэль паэтапнага развіцця эканамічнага супрацоўніцтва ў фармаце так званага сектарнага ўзаемадзеяння. Мадэль сектарнае інтэграцыі была сфармуляваная ў пачатку 50-х гг., а галоўная роля ў яе распрацоўцы належала французскаму палітыку Дж.Манэ (1888—1979). Сутнасць мадэлі Манэ палягала ў паступовай інтэграцыі праз улучэнне выбраных сфераў эканомікі, і толькі пасля атрымання рэальнага досведу супрацоўніцтва яго пазітыўныя вынікі маглі быць пашыраныя на іншыя сектары і сферы эканамічнае сістэмы. У якасці мэты эканамічнае інтэграцыі было абвешчанае яе паступовае пашырэнне не толькі на эканамічную, але і палітычную і сацыяльную сферы. Для пачатку была прапанаваная інтэграцыя індустрыі Германіі, Францыі і іншых еўрапейскіх краін па вытворчасці вугалю і сталі. Менавіта гэтыя галіны прамысловасці складалі аснову нацыянальных эканомік у той час, а таксама былі неабходнымі для вытворчасці ваеннае тэхнікі, што ва ўмовах халоднае вайны мела асаблівае стратэгічнае значэнне.

3.3. План Шумана. План сектарнае інтэграцыі быў прапанаваны міністрам замежных справаў Францыі Р.Шуманам (1886—1963) у 1950 г. (пазней гэты дакумент атрымаў назву дэкларацыі Шумана). План Шумана прадугледжваў перадачу кіравання прамысловасці па вытворчасці вугалю і сталі пад кантроль наднацыянальных органаў. Супрацоўніцтва ў вызначаных галінах павінна было стварыць эканамічную аснову для развіцця кантынента і стаць першым крокам на шляху да федэратыўнае Еўропы. Дэкларацыя прадугледжвала перадачу часткі нацыянальнага суверэнітэту незалежнай ад урадаў Высокай Уладзе, рашэнні якой павінны былі мець абавязковы характар для краін-удзельніц.

Хаця дэкларацыя Шумана і не вызначала далейшыя крокі сектарнага супрацоўніцтва, але было відавочна, што інтэграцыя ў вызначаных галінах мае найбольшы шанец на посьпех. Разам з тым, план быў дастаткова рызыкоўны, бо абмяжоўваў суверэнітэт дзяржаў, якія далучаліся да яго рэалізацыі — наднацыянальная арганізацыя павінна была стаць прынцыпова іншаю, адрознаю ад тых, што былі вядомыя да гэтага. Асаблівае значэнне дэкларацыя Шумана атрымала пасля пачатку карэйскага крызісу і павелічэння рызыкі трэцяе сусветнае вайны. План быў адразу прыняты Нямеччынай, а таксама Італіяй, Бельгіяй, Нідэрландамі і Люксембургам.

4. Пабудова новых інстытутаў

4.1. Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі, ЕАВС (1951 г.). План сектарнае інтэграцыі быў рэалізаваны праз стварэнне Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі. Аб’яднанне паўстала ў выніку падпісання 18 красавіка 1951 г. Парыжскага трактату, які ўступіў у дзеянне ў ліпені 1952 г. Сябрамі аб’яднання сталі шэсць краін: Францыя, Германія, Бельгія, Нідэрланды, Італія і Люксембург. Штаб-кватэра размясцілася ў сталіцы Бельгіі, Бруселі. Першая наднацыянальная інстытуцыя была заснаваная на прынцыпе абмежавання дзяржаўнага суверэнітэту. А больш шчыльнае супрацоўніцтва прадугледжвала стварэнне наднацыянальнае бюракратыі і адмысловае самасвядомасці. Ініцыятары інтэграцыйных працэсаў меркавалі, што эканамічны поспех у цяжкой прамысловасці прывядзе да актывізацыі інтэграцыі і ў іншых сектарах.

4.2. Еўрапейская эканамічная супольнасць, ЕЭС (1957 г.). Пазітыўны досвед працы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі схіліў дзяржавы-ўдзельніцы да пачатку дыскусіі пра пашырэнне зонаў шчыльнага ўзаемадзеяння. Летам 1955 г. міністры замежных справаў краін аб’яднання сфармавалі камісію па вывучэнні магчымасці стварэння адзінага еўрапейскага рынку. Праца гэтае камісіі была пакладзеная ў аснову Рымскага трактату, які быў падпісаны ў сакавіку 1957 г. і абвесціў пра стварэнне Еўрапейскае эканамічнае супольнасці, уласна той эканамічнай структуры, з якой вырас Еўрапейскі Саюз. Наднацыянальныя функцыі ЕЭС былі больш абмежаваныя, чым функцыі ЕАВС. Дастаткова вузкія паўнамоцтвы мела і створаная Еўрапейская камісія, але надалей функцыі Камісіі паступова пашыраліся, і яна сталася адным з самых важных наднацыянальных органаў Еўрапейскае супольнасці.

У адпаведнасці з Рымскім трактатам, развіццё ЕЭС планавалася рэалізаваць у два этапы: стварэнне 1) мытнага саюза і 2) агульнага рынку. Пагадненне прадугледжвала таксама паступовую выпрацоўку адзінае сельскагаспадарчае і транспартнае палітыкі, правілаў канкурэнцыі, а таксама ўтрымлівала пункты, якія тычыліся мытнага саюза (заключаны ў 1967 г.). Урады краінаў захавалі магчымасць прыймаць пратэкцыянісцкія меры ў сельскагаспадарчай палітыцы — гэта была ўмова Францыі, якая мела дастаткова слабую сельскую гаспадарку. Для Германіі галоўнаю ўмоваю далучэння да ЕЭС была лібералізацыя палітыкі ў прамысловасці. Пытанні ж, звязаныя з агульным рынкам, аніяк не дэталізаваліся. Фактычна толькі ставілася мэта яго стварэння ў будучыні.

4.3. Еўрапейская супольнасць па атамнай энергіі, Еўратам (1957). Еўратам быў створаны адначасова з ЕЭС з мэтаю аб’яднання рэсурсаў атамнай энергетыкі, прамысловасці і навукова-тэхнічнага патэнцыялу ў галіне ядравае фізікі, а таксама каардынацыі нацыянальных праграм па развіцці атамане энергетыкі.

Такім чынам, з 1957 г. пачалі дзейнічаць тры спецыялізаваныя арганізацыі, якія аб’ядналі шэсць краін кантынентальнай Еўропы і забяспечылі хуткую інтэграцыі ў найбольш важных сферах эканамічнага развіцця. Менавіта гэтыя структуры і сталіся падмуркам рэканструкцыі пасляваенных еўрапейскіх эканомік і паспрыялі стварэнню палітычнага патэнцыялу Заходняе Еўропы.

5. Еўрапейскія інстытуцыі, не звязаныя з эканамічнай інтэграцыяй

5.1. Арганізацыя еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва, АЕЭС (1947 г.). Пасля Другой сусветнай вайны ЗША ў межах розных дзяржаўных праграм аказалі краінам Заходняй Еўропы значную эканамічную дапамогу. Найбольшае значэнне меў так званы план Маршала, эканамічная дапамога ў рамках якога стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця супрацоўніцтва паміж Еўропаю і ЗША. Ён прывёў да ўзнаўлення рынкаў збыту амерыканскае прадукцыі.

З мэтай адміністравання дапамогі, што аказвалася ў межах плана Маршала, Злучаныя Штаты стварылі Арганізацыю еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва, сябрамі якой сталі большасць краін Заходняй Еўропы. Існаванне Арганізацыі дапамагло аднавіць эканамічны, а пазней і вайсковы патэнцыял галоўнага саюзніка — Заходняй Еўропы — і адначасова палепшыць умовы амерыканскага экспарту праз скасаванне колькасных абмежаванняў, што тычыліся гэтага экспарту. Хаця праграма дапамогі праз некалькі гадоў была спыненая, АЕЭС працягвала сваю дзейнасць па актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва. У 1961 г. яна была рэфармаваная ў Арганізацыю еўрапейскага эканамічнага развіцця.

5.2. Савет Еўропы 1949 г. Быў заснаваны ў 1949 г. Першапачаткова планаваўся як важная палітычная арганізацыя для каардынацыі працэсаў еўрапейскае інтэграцыі. Меркавалася, што Савет Еўропы паступова ператворыцца ў наднацыянальны орган кіравання Еўрапейскаю супольнасцю. Але з цягам часу функцыі Савета Еўропы так і не пашырыліся. Ён не атрымаў неабходнае палітычнае легітымнасці і адпаведных паўнамоцтваў. Адной з мэтаў Савета Еўропы было спрыянне пашырэнню “еўрапейскае ідэі”, а таксама ўмацаванне сувязяў паміж еўрапейскімі кранамі. Разам з тым ён выконваў важныя кансультацыйныя функцыі ў межах еўрапейскае палітычнае прасторы, выступаючы ў якасці самай прызентатыўнай палітычнай арганізацыі [На сёння сябрамі Савета Еўропы з’яўляцца ўсе еўрапейскія краіны, акрамя Беларусі.]

Галоўным кірункам дзейнасці Савета застаецца забеспячэнне палітычнага супрацоўніцтва, а таксама выпрацоўка стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека.

5.3. Еўрапейская абарончая супольнасць (1952—1954). У 1950 г. ва ўмовах халоднае вайны пачынаецца дыскусія пра неабходнасць стварэння ваеннага блоку еўрапейскіх дзяржаў з адзінай арміяй. Такія прапановы мелі на ўвазе выкарыстанне ваеннага патэнцыялу Германіі, але без стварэння ёю нацыянальнае арміі. Ідэю шчыльнага ваеннага саюза прапанаваў Савет Еўропы. І пасля доўгіх перамоў 27 траўня 1952 г. міністры замежных справаў шасці краін (Францыя, ФРГ, Італія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург) падпісалі ў Парыжы пагадненне пра стварэнне Еўрапейскае абарончае супольнасці (ЕАС). Прадугледжвалася стварэнне наднацыянальнае ваеннае арганізацыі з агульнымі органамі кіравання і агульным бюджэтам. Дагавор быў ратыфікаваны ФРГ і краінамі Бенілюкса, але ў жніўні 1954 г. быў адхілены парламентам Францыі і аўтаматычна страціў сваё значэнне. Францыя асцерагалася, што дагавор можа істотна абмежаваць яе суверэнітэт і паставіць французскую армію ў залежнасць ад рашэнняў саюзнікаў. Функцыі бяспекі краін Заходняй Еўропы былі ўскладзеныя на створаны ў сакавіку 1948 г. Заходнееўрапейскі Саюз (ЗЕС), а пазней перайшлі да НАТА.

5.4. Арганізацыя паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА), 1949. Самым жыццяздольным ваенна-палітычным праектам для Заходняе Еўропы стала ўтварэнне ў 1949 г. пад эгідаю ЗША Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору. Нягледзячы на шматлікія ўнутраныя праблемы і супярэчнасці з ЗША, арганізацыя да гэтага часу выконвае большую частку функцыяў у галіне еўрапейскага ваеннага супрацоўніцтва і бяспекі.

6. Альтэрнатыўныя цэнтры інтэграцыі, Еўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (1960 г.)

Еўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю (ЕАВГ) была створаная пад эгідаю Вялікабрытаніі ў 1960 г. Адпаведная канвенцыя была ўкладзеная ў Стакгольме і ўступіла ў сілу з 1961 г. Удзельнікамі ЕАВГ сталі: Вялікабрытанія (1960—1972), Аўстрыя (1960—1995), Нарвегія, Данія (1960—1972), Швецыя (1960—1995), Швейцарыя, Ісландыя, Фінляндыя (1960—1995), Партугалія (1960—1985). ЕАВГ стваралася шмат у чым як альтэрнатыва і супрацьвага ЕЭС. Адрозна ад іншых арганізацый, яна менш абмяжоўвала нацыянальны суверэнітэт. У параўнанні з ЕЭС ЕАВГ утваралася занадта малою групаю краін, таму большасць удзельнікаў ЕАВГ паступова далучылася да агульнаеўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў у межах ЕЭС, а пазней і ЕС.

Пасля выхаду са складу арганізацыі Вялікабрытаніі і Даніі (1972 г.) краіны ЕАВГ пачалі перамовы і заключылі з ЕЭС спецыяльнае пагадненне, якое дазваляла карыстацца перавагамі свабоднага рынку і ў той жа час не прымаць іншых абавязацельстваў. У 90-я гг. ХХ ст. эканамічнае ўзаемадзеянне паміж краінамі ЕАВГ і ЕЭС (ЕС) стала яшчэ больш шчыльным.

7. Паглыбленне інтэграцыі і пашырэнне ЕЭС 1957—1972 гг.

7.1. Арганізацыйнае аб’яднанне ЕЭС 1967 г. Эканамічныя поспехі інтэграцыі прывялі ў 1967 г. да аб’яднання структураў ЕЭС, Еўратама і ЕСВС у адзіную сістэму ЕЭС з агульнымі органамі кіравання і нарматыўнай базаю. У такім выглядзе ЕЭС праіснаваў да 1992 г., калі быў ператвораны ў Еўрапейскі Саюз.

7.2. Паглыбленне інтэграцыі. На пачатку 1962 г., пасля доўгіх перамоў міністры ЕЭС падпісалі акт датычна звароту шэрагу сельскагаспадарчых прадуктаў, але згода ва ўзроўні цэнаў была дасягнутая толькі ў 1964 г. Сумесныя цэны на першую групу сельскагаспадарчых тавараў былі ўведзеныя ў 1967 г. У наступным 1968 г. былі сфармуляваныя прынцыпы уніфікаваныя цэнаўтварэння. Інтэграцыйныя працэсы суправаджаліся дастаткова добрай эканамічнай кан’юнктураю. Рост вытворчасці прамысловае прадукцыі кожны год складаў каля 5%. Інфляцыя была нізкаю і не перавышала 4%.

Летам 1968 г., за два гады да вызначанага тэрміну, быў утвораны мытны саюз, а таксама ліквідаваныя некаторыя перашкоды перамяшчэнню людзей. Паўстала агульная мытная палітыка (да 1968 г. яна ахоплівала 90% прадуктаў сельскае гаспадаркі). А з канца 1969 г. пачаўся працэс гарманізацыі падаткаў. На рубяжы 60—70 гг. ХХ ст. з’явіўся план Вернера, які прадугледжваў стварэнне да 1980 г. эканамічнага і валютнага саюза.

7.3. Першае пашырэнне ЕЭС. Ад моманту старэння ЕЭС узнімалася пытанне пра яго пашырэнне. У 1959 г. пра жаданне далучыцца да ЕЭС заявілі Грэцыя і Турцыя. Нягледзячы на спробы стварыць альтэрнатыўны цэнтр эканамічнае інтэграцыі ў выглядзе ЕАВГ, сваё жаданне далучыцца да ЕЭС у ліпені 1961 г. выказала і Вялікабрытанія, а таксама некаторыя іншыя краіны — удзельніцы ЕАВГ: Ірландыя, Данія, Нарвегія. Імкненне Вялікабрытаніі сутыкнулася, аднак, з відавочным супраціўленнем Францыі, якая лічыла, што далучэнне Злучанага Каралеўства да ЕЭС можа прывесці да павелічэння ўплыву ЗША на еўрапейскую палітыку і парушэння балансу сілаў у межах Еўрапейскае супольнасці. У 1967 г. Вялікабрытанія зноў заявіла пра свой намер пачаць перамовы пра далучэнне да ЕЭС, але ідэя зноў не мела поспеху. Перамовы пачаліся толькі праз некалькі гадоў. У выніку 1 студзеня 1973 г. адбылося першае пашырэнне ЕЭС. Новымі сябрамі супольнасці, акрамя Вялікабрытаніі, сталі Данія, Ірландыя. У перамовах па далучэнні брала актыўны ўдзел і Нарвегія, але на рэферэндуме восенню 1972 г. большасць насельніцтва краіны выказалася супраць сяброўства ў ЕЭС. У 1975 г. адпаведны рэферэндум быў праведзены ў Вялікабрытаніі і меў станоўчы вынік.

 

 

 
Лекцыя 1

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY