logo English version English




ПАРТНЭРЫ

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў

Belintellectuals

Гіт-парад Тузін Гітоў. Слухай ды выбірай!

НАШ БАНЭР

Банэр БК

НАДВОР'Е

Официальный сайт Белорусского Гидрометеорологического центра

Наталля ГАРДЗІЕНКА. БЕЛАРУСКАЯ ЭМІГРАЦЫЯ: ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ

ЛЕКЦЫЯ 1

План:

1. Беларусы паваеннай іміграцыі:

А. Былыя жаўнеры польскага войска;

Б. Цывільныя сваякі вайскоўцаў;

В. DP, ці добраахвотныя еўрапейскія працаўнікі

2. Рээміграцыя з Вялікабрытаніі

Пасля Другой сусветнай вайны Вялікабрытанія, як і іншыя краіны-удзельніцы, сутыкнулася з шэрагам праблем сацыяльна-эканамічнага характару, сярод якіх адной з найбольшых быў дэфіцыт працоўных рук, што адчуваўся ў такіх важных галінах эканомікі, як сельская гаспадарка, вуглездабыча, тэкстыльная вытворчасць, сфера абслугоўвання (найперш дапаможны персанал у шпіталях), будаўніцтва, вытворчасць цэглы. У выніку разнастайных захадаў лейбарысцкага ўрада ўжо ў 1947 г. была ўхваленая праграма працоўнай эміграцыі ў Брытанію. Сярод замежнікаў, што мелі падымаць паваенную брытанскую эканоміку, былі беларусы, якія выразна падзяляліся на тры катэгорыі. Адны былі жаўнерамі польскага войска. Другая група — сваякі ці чальцы сем’яў жаўнераў, а трэція — былыя DP з лагераў у Нямеччыне і Аўстрыі.

1. Беларусы паваеннай іміграцыі

А. Былыя жаўнеры польскага войска

У шэрагах польскага войска беларусы з’явіліся ў Вялікабрытаніі яшчэ на пачатку Другой сусветнай вайны, калі тут быў створаны Першы польскі корпус. Шлях на Брытанскія выспы для значнай часткі гэтых жаўнераў прайшоў праз Францыю, адкуль у чэрвені 1940 г. былі эвакуяваныя звыш 16.000 былых польскіх грамадзян. 5 жніўня 1940 г. брытанскі ўрад даў згоду на фармаванне на тэрыторыі краіны польскіх узброеных сіл. Склад гэтага войска папаўняўся з некалькіх крыніцаў. У 1942 г. у Вялікабрытанію былі пераведзеныя з Сярэдняга Усходу 7-я і 8-я пяхотныя дывізіі, якія фармаваліся пераважна з ліку былых жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Праўда, колькасць беларусаў у гэтых частках дакладна невядомая.

Шэраг добраахвотнікаў прыбылі з краінаў Паўднёвай Амерыкі. У выніку праведзенай рэгістрацыі эмігрантаў і выяўлення здольных да службы ў войску добраахвотнікаў, што мелі польскае грамадзянства, у 1941—1944 гг. у Вялікабрытанію было адпраўлена 1.263 асобы з Аргенціны (сярод іх 92 (па іншых звестках — 110) беларусаў, 371 асобы з Бразіліі (у тым ліку 9 беларусаў) і 13 асобаў з Уругвая (колькасць беларусаў дакладна невядомая). Такім чынам, з Паўднёвай Амерыкі ў часе Другой сусветнай вайны ў Вялікабрытаніі апынулася крыху болей за 100 беларусаў.

У 1944—1945 гг. на Брытанскія выспы траплялі таксама некаторыя жаўнеры Другога польскага корпусу, што ўдзельнічалі ў вайсковых аперацыях на тэрыторыі Італіі, былі там параненыя і праходзілі лячэнне ў брытанскіх шпіталях.

У выніку ўсіх папаўненняў пры канцы Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Вялікабрытаніі ў шэрагах Першага польскага корпусу, а таксама ў брытанскіх ваенна-паветраных сілах і ваенна-марскім флоце знаходзіліся блізу 60.000 жаўнераў з земляў Другой Рэчы Паспалітай. Колькасць беларусаў сярод іх дакладна вызначыць немагчыма, бо пераважная большасць была зафіксаваная як палякі. Падчас перапісу асабовага складу польскага войска ў Вялікабрытаніі ў 1944 г. пра сваю беларускую нацыянальнасць заявілі толькі 35 асобаў (22 з іх прыехалі з Паўднёвай Амерыкі). Паводле падлікаў Юрыя Грыбоўскага, мінімальная колькасць нараджэнцаў беларускіх земляў у вайсковых аддзелах на тэрыторыі Вялікабрытаніі на той час складала 600 чалавек, рэальная ж лічба, верагодна, была большая. Праўда, узровень нацыянальнай самасвядомасці згаданых жаўнераў-беларусаў быў невысокі. Толькі адзінкі часам прыходзілі ва ўкраінскія арганізацыі ў Лондане ў пошуках вестак пра беларускае арзанізаванае жыццё і друк. Стварыць жа ўласную беларускую арганізацыю яны не здолелі. Частка з тых беларусаў пазней далучылася да нацыянальных арганізацыяў, створаных у паваенны час іншымі беларускімі жаўнерамі.

У 1946 г. у Вялікабрытаніі апынулася значная колькасць суайчыннікаў, што служылі ў Другім польскім корпусе і дагэтуль знаходзіліся ў Італіі. Дакладную колькасць беларусаў у шэрагах Польскай Арміі на Усходзе вызначыць складана, бо, каб патрапіць сюды, пераважная большасць мусіла выдаць сябе за палякаў. Таму афіцыйныя лічбы Міністэрства нацыянальнай абароны наконт таго, што ў верасні 1943 г. у Польскай Арміі на Усходзе служылі 1.377 беларусаў наўрад ці можна назваць адпаведнымі рэчаіснасці. Паводле падлікаў Юрыя Грыбоўскага, толькі праваслаўных беларусаў у гэтым войску на той час налічвалася не меней за 1.600—1.700 асобаў, а сярод выхадцаў з Заходняй Беларусі, як вядома, быў значны адсотак каталікоў, якія таксама трапілі як жаўнеры ў Іран. Такім чынам, можна весці гаворку пра колькі тысяч беларусаў у шэрагах польскай арміі на Усходзе.

Варта таксама адзначыць, што пры канцы вайны шэрагі Другога польскага корпусу актыўна папаўняліся навабранцамі з ліку былых нямецкіх ваеннапалонных і прымусова вывезеных у Нямеччыну працоўных, у тым ліку і беларусаў. Прыкладам, вялікая частка беларусаў знаходзілася ў 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС, што была сфармаваная на тэрыторыі Заходняй Беларусі і складалася з курсантаў Мінскай камандзірскай школы БКА і аддзелаў беларускай паліцыі парадку. У верасні — лістападзе 1944 г. на тэрыторыі Францыі не меней за 100 беларусаў з гэтай дывізіі дэзертавалі і трапілі ў палон, адкуль пераважная большасць, падаўшы сябе палякамі, апынуліся ў шэрагах Другога польскага войска ў Італіі.

Шляхі, якімі беларусы апыналіся ў польскім войску, былі самыя розныя. Айцец Аляксандар Надсан згадваў, прыкладам, пра аднаго маладога беларуса з Магілёва, які ў дакументах быў запісаны палякам з Пазнаня: “Ён ніколі не навучыўся добра размаўляць па-польску. Ягоныя польскія калегі добра ведалі, які ён паляк, і называлі яго "Чубчыкам". Між іншым, ён быў прыняты ў польскую армію ўжо пасля заканчэння вайны (падкрэсл. А.Н.). Яшчэ больш цікавы выпадак аднаго беларускага студэнта, які нейкім чынам перабраўся пасля вайны з Нямеччыны ў Рым і нават здолеў паступіць ва універсітэт. Я яго сустрэў у Рыме ў траўні 1946 г., год пасля заканчэння вайны. Наша другая сустрэча была ў лістападзе 1946 г. у Лондане, дзе мой знаёмы быў у форме жаўнера польскай арміі... Хоць ён не мог адрозніць дула вінтоўкі ад прыкладу, ён скарыстаў з права былога "камбатанта" на бясплатны пераезд у краіну свайго выбару і ў 1949 г. выехаў у Аргенціну. Падобных прыкладаў можна прывесці больш”.

Згаданыя выпадкі добра ілюструюць тыя складанасці, якія існуюць з вызначэннем колькасці беларусаў у шэрагах польскага войска наогул і Другога польскага корпусу ў прыватнасці. Паводле падлікаў Юрыя Грыбоўскага, у 1945 г. у шэрагах корпусу было найменей 4.000 беларусаў.

У 1945 г. у шэрагах Другога польскага корпусу ў Італіі налічвалася каля 110.000 асобаў. Як згадвалася вышэй, яшчэ блізу 60.000 польскіх вайскоўцаў знаходзіліся на той час на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Да таго ж недзе 11.000 засталіся на Сярэднім Усходзе і каля 30.000 асобаў паступілі ў польскае войска — у Брытанскай зоне Нямеччыны. Такім чынам, агульны лік жаўнераў польскага войска складаў каля 210.000 чалавек. З іх адразу па сканчэнні вайны амаль 100.000 вырашылі вярнуцца дахаты (пераважна ў Заходнюю Польшчу). Польскія вайсковыя дзеячы спадзяваліся на далейшае захаванне сваёй арміі як цэлай вайсковай адзінкі, якая будзе здольная пры магчымасці рэальна пазмагацца за аднаўленне незалежнасці польскай дзяржавы. Аднак брытанскія ўлады не мелі намеру і рэальнай магчымасці захоўваць пад сваёй апекай такую вялікую па колькасці і неаднастайную паводле складу армію іншай дзяржавы.

Пытанне лёсу польскага войска стала адным з самых важных пытанняў брытанскага палітычнага жыцця. Спробай вырашыць становішча польскіх войскаў была прапанова Міністэрства ўнутраных спраў (Home Office) адносна стварэння новай вайсковай, але не баявой структуры ў межах брытанскай арміі (такім чынам вырашалася праблема знаходжання на тэрыторыі краіны замежных вайскоўцаў), куды мелі быць запрошаныя на двухгадовы тэрмін жаўнеры польскай арміі. Так ад 24 чэрвеня 1946 г. пачалося стварэнне Польскага Корпусу падрыхтоўкі і размяшчэння (Polski Korpus Przysposobiеnia i Rozmieszczenia — Polish Resettlement Corps). Гэта мусіла быць нешта сярэдняе паміж вайсковай і цывільнай службай, часовы прытулак для іншаземных жаўнераў у Вялікабрытаніі, з дапамогай якога павінна адбыцца папярэдняя сацыялізацыя былых вайскоўцаў у мірным грамадстве. Аднак галоўным было ўсё ж тое, што пры захаванні больш-менш кампактнага рассялення і дысцыпліны, вайскоўцаў можна было выкарыстоўваць як працоўную сілу. І ад лета 1946 г. пачалася перадыслакацыя ўсіх новых жаўнераў Польскага Корпусу падрыхтоўкі і размяшчэння (ПКПР) на новыя месцы службы ў Вялікабрытаніі.

Уступленне ў новую структурную адзінку цяпер ужо брытанскай арміі магло ісці выключна добраахвотна, аднак рэальна ў жаўнераў, што не жадалі вяртацца на радзіму, не было асаблівага выбару (або тэрмінова дэмабілізоўвацца і ўлівацца ў масы беспрытульных DP, або ісці ў ПКПР). Новае месца службы гарантавала ўсялякую дапамогу ўрада ці то на тэрыторыі Аб’яднанага Каралеўства, ці то на эміграцыі. Фактычна, польскія жаўнеры атрымоўвалі ўсе правы і магчымасці, што мелі іх брытанскія калегі, уключна з правам на адмысловы адпачынак, бясплатны праезд па тэрыторыі краіны, забеспячэнне ў выпадку хваробы і г.д. Акрамя таго, брытанцы абавязваліся спрыяць уключэнню гэтых новых вайскоўцаў у мірнае жыццё (вывучэнню ангельскай мовы, засваенню звычак тамтэйшага грамадства). Да таго ж вайсковае кіраўніцтва брала на сябе клопат пра сем’і новых жаўнераў, іх размяшчэнне блізу месца службы або дапамогу ў выпадку выезду ў іншую краіну.

З пераводам у Вялікабрытанію цягам 1946 г. Другога польскага корпусу, а таксама частак з Сярэдняга і Блізкага Усходу, у Аб’яднаным каралеўстве з’явілася і новая, даволі актыўная група беларусаў. Як і іншыя жаўнеры польскага войска, яны выкарыстоўвалі прапанаваныя брытанцамі выгоды паступовай сацыялізацыі: паступалі на курсы англійскай, уладкоўваліся на працу.

Дакладнай колькасці беларусаў — былых польскіх вайскоўцаў, што апынуліся ў Вялікабрытаніі пасля 1946 г., вызначыць сёння немагчыма. Паводле ацэнак Юрыя Грыбоўскага атрымліваецца недзе каля 5 тысяч асобаў. Аднак паводле тагачасных паведамленняў беларускіх дзеячаў, што спасылаліся на звесткі ад польскага вайсковага кіраўніцтва, колькасць беларусаў сярод былых вайскоўцаў у паваеннай Вялікабрытаніі складала 10.000 — 12.000 асобаў. Верагодна, гэтыя лічбы больш адпавядаюць рэальнасці. Праўда, свядомых беларусаў было сапраўды няшмат, пра што сведчыць удзел у беларускіх арганізацыях. Так, лік удзельнікаў адной з самых буйных не перавышаў 500 асобаў цягам усяе яе гісторыі.

У новай краіне кожны па-свойму карыстаўся тымі магчымасцямі, што атрымаў, каб уладкавацца ў жыцці. Пераважная большасць, натуральна, паступова дэмабілізоўвалася ды шукала хоць якую працу. Многія маладыя людзі не мелі аніякай кваліфікацыі альбо ўвогуле не паспелі набыць прафесію да вайны. Шмат хто не меў і добрай сярэдняй адукацыі, таму толькі адзінкі, як, напрыклад, Аляксандр Надсан ці Павал Навара, скарысталіся магчымасцю атрымаць вышэйшую ці спецыяльную адукацыю.

Б. Цывільныя сваякі польскіх вайскоўцаў

Акрамя жаўнераў польскага войска былі яшчэ і іх сем’і, а таксама тыя, што не падышлі для службы ў войску па стане здароўя, але былі вывезеныя з Савецкага Саюза ў часе мабілізацыі і пакінутыя ў Іране. З Ірана гэтыя цывільныя катэгорыі “палякаў” яшчэ ў часе вайны былі паступова вывезеныя і паселеныя ў адмысловыя лагеры па 350—1.400 чалавек у розных краінах свету: пераважнай большасцю ў Афрыцы: Кеніі (лагеры Макінду (Makindu), Мамбаса (Mombasa), Найробі (Nairobi)), Танганьіцы (лагеры Дар-эс-Салам (Dar-es-Salam), Іфунда (Ifunda), Кідугала (Kidugala), Кігома (Kigoma), Кандоя (Kondoa), Морагора (Morogoro), Тэнгеру (Tengeru)), Угандзе (Кампала (Kampala), Коя (Koja), Масіндзі (Masindi)), Паўночнай Радэзіі (лагеры Аберкорн (Abercorn), Бвана Мкубва (Bwana Mkubwa), Форт Джэймстан (Fort Jameston), Лусака (Lusaka), Катамбора (Katambora)) і Паўднёвай лагеры Дыглефельд (Digglefeld), Марандэлас (Marandellas), Русапе (Rusape), Салісбуры (Salisbury)), Індыі (лагеры Валівады (Valivade), Балахадзі (Balachadi), Панхгані (Panchgani)), Ліване (Бейрут), Мексіцы (Санта Роза (Santa Rosa)), Новай Зеландыі (Пагіятуа (Pahiatua)). Агульная колькасць гэтых цывільных асобаў пад апекай польскага экзыльнага ўраду і брытанцаў пры канцы вайны даходзіла да 35.000 асобаў. Значную колькасць сярод іх складалі беларусы. Паводле афіцыйных звестак, толькі праваслаўных беларусаў у згаданых лагерах апынулася каля 2.000 асобаў, гэта пры тым, што значная частка ўцекачоў-беларусаў мусіла падаць сябе палякамі і каталікамі, каб выехаць з Савецкага Саюза. А таму рэальная колькасць беларусаў сярод цывільных грамадзянаў у польскіх лагерах была натуральна большай. Пра гэта сведчыць і тое, што сярод запісаных палякамі было шмат выхадцаў з тых месцаў, дзе беларусы традыцыйна складалі альбо большасць, альбо значную частку насельніцтва. Так, з 17.535 асобаў у лагерах Афрыкі 1.863 паходзілі з беластоцкага ваяводства, 1.753 — з Наваградскага, 1.970 — з Палескага, 1.378 — з Віленскага. Разам 6.974 асобы.

Доўгі час па сканчэнні вайны ўрады саюзнікаў і міжнародныя арганізацыі спрабавалі падзяліць адказнасць за будучы лёс насельнікаў польскіх цывільных лагераў, раскіданых па свеце. Пасля дэмабілізацыі польскіх узброеных сіл на Захадзе стала зразумела, што большая частка сем’яў накіруецца следам за вайскоўцамі у Вялікабрытанію. Прававая база гэтага працэсу была створаная на пачатку 1947 г., калі быў прыняты Закон аб польскіх перасяленцах (Polish Resettlement Act), які прыраўноўваў сем’і польскіх вайскоўцаў да сем’яў вайскоўцаў брытанскіх. У лістападзе 1947 г. распачалося “злучэнне сем’яў”.

Цягам 1947—1950 гг. у Вялікабрытаніі апынуліся 11.129 асобаў з цывільных польскіх лагераў у Афрыцы, 3.562 чалавекі з аналагічных лагераў у Ліване і блізу 3.000 асобаў з лагераў у Індыі, а таксама некалькі дзесяткаў з Мексікі. То бок колькасць эмігрантаў на выспах павялічылася амаль на 18 тыс. чалавек.

Да беларускіх арганізацыяў з ліку былых насельнікаў цывільных польскіх лагераў далучыліся адзінкі. Патлумачыць гэта можна вялікай ступеняй апалячанасці гэтых людзей, якой паспрыяў таксама побыт у лагерах. Акрамя таго, значную частку (у афрыканскіх лагерах каля 45%) складалі жанчыны (для параўнання: 42% складалі дзеці). Жанчыны ж традыцыйна ў нацыянальным грамадскім жыцці бяруць значна менш актыўны ўдзел, які часта абмяжоўваецца становішчам простых прыхаджанак беларускіх цэркваў. І сапраўды, так і здарылася, калі некалькі жанчын з афрыканскіх польскіх лагераў (Марыя Весялкоўская, Марыя Галубінка. Вольга Жынгель і інш.), напачатку далучыўшыся да дзейнасці беларускай грамады, пазней абмежаваліся выключна ўдзелам у справах праваслаўнай парафіі Святой Ефрасінні Полацкай у Лондане.

Імігранты-беларусы з ліку сямей польскіх вайскоўцаў хоць і налічвалі некалькі тысяч асобаў у Вялікабрытаніі, аказаліся самай абыякавай да беларускага жыцця групай суайчыннікаў. Зусім іншымі былі беларусы, што прайшлі праз лагеры DP у Нямеччыне.

В. DP, ці добраахвотныя еўрапейскія працаўнікі

Дакладную колькасць беларусаў, што былі сярод DP у Нямеччыне і Аўстрыі, вызначыць складана. Абсалютная іх большасць, каб пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі, прадугледжанай Ялцінскай дамовай для жыхароў былых савецкіх тэрыторыяў, падавалі сябе як палякаў. Паводле афіцыйных звестак IRO, цягам 1947—1951 гг. асобаў, што называлі сябе беларусамі, было пераселена на сталае месца жыхарства 5.147 асобаў. Аднак рэальная колькасць беларускіх DP, разам з запісанымі пад іншымі нацыянальнасцямі (найперш як палякі, бо па краіне нараджэння), можа аказацца ў разы ці нават у дзесяткі разоў большая. Вітаўт Кіпель, спасылаючыся на звесткі Беларускага Нацыянальнага Камітэта (у Заходняй Нямеччыне), сцвярджае пра 75—100 тысяч беларусаў, што не пажадалі па вайне вяртацца на радзіму. На гэтыя ж лічбы абапіраюцца і іншыя навукоўцы.

Найбольшай колькасць DP знаходзілася ў Брытанскай зоне акупацыі Нямеччыны і Аўстрыі. Як і ў іншых, тут уцекачы пераважна сяліліся ў лагерах, частка з якіх была арганізаваная паводле нацыянальнай прыкметы. Сярод такіх лагераў у Брытанскай зоне былі і беларускія: у Ватэнштэце, Варбэргу, Госляры. Жылі беларусы і ў іншых лагерах (Бокгорст, Браўншвайг, Гамельн, Гановэр, Зеедорф, Любэк, Плінкэ, Райнэ, Рынгельгайм, Фішбэк, Эккендёрдэ), утвараючы там большыя ці меншыя нацыянальныя групы. Найбуйнейшы з беларускіх асяродкаў Брытанскай зоны знаходзіўся ў Ватэнштэце, праз яго за чатыры паваенныя гады прайшло 1.420 беларусаў.

Лейбарысцкі ўрад Вялікабрытаніі на пачатку 1947 г. прыйшоў да высновы пра неабходнасць запрашэння працоўных з ліку жыхароў DP-лагераў Брытанскай зоны Нямеччыны і Аўстрыі. А ў 1948 г. праграма закранула таксама лагеры DP у Даніі і цывільныя польскія асяродкі ў Афрыцы і Ліване. Да снежня 1950 г., калі рэкрутацыйная дзейнасць сярод DP была спыненая, у Вялікабрытанію на працу прыехалі 76,9 тыс. асобаў. Гэта было меней, чым першапачаткова планаваў урад.

Вялікабрытанія запрасіла да сябе найбольшую колькасць DP сярод іншых еўрапейскіх дзяржаваў, аднак яна не магла быць сур’ёзным канкурэнтам для такіх буйных краінаў паваеннай іміграцыі DP, як ЗША (каля 329 тыс. асобаў), Аўстралія (каля 182 тыс. асобаў), Ізраіль (каля 132 тыс. асобаў), Канада (каля 123 тыс. асобаў). У адрозненне ад гэтых дзяржаваў, Брытанія прапанавала для DP праграму не перасяленчага, а менавіта працоўнага характару, што накладала пэўны ліміт на магчымасці запрашэння цэлых сем’яў. Тут менш клапаціліся пра ўмовы супольнага жыцця сужэнцаў з бацькамі і дзецьмі. Акрамя таго, ад пачатку рэалізацыі праекта лейбарысцкі ўрад не планаваў, каб усе прыбылыя добраахвотныя работнікі засталіся ў краіне на сталае жыццё і атрымалі грамадзянства.

Беларусы былі ўжо сярод першых DP, што па праграме “Westword Ho!” пачалі ўвесну 1947 г. прыязджаць у Вялікабрытанію. 27 красавіка з беларускага лагера ў Ватэнштэце выехала група з 45 асобаў. На працу за Ла-Манш іх праводзіў увесь лагер, быў наладжаны нават адмысловы малебен. Праз месяц у Вялікабрытанію выехала яшчэ 15 беларусаў з Ватэнштэту.

Беларусы ехалі не толькі з Ватэнштэту, а пазней і не толькі з Брытанскай зоны. Найбольш вядомы прыклад “групавога” прыезду беларускіх DP — так званая “Дванаццатка” — група з 12 хлапцоў, што вырашылі на пачатку 1948 г. паехаць у Вялікабрытанію, каб зарабіць грошы на атрыманне вышэйшай адукацыі (11 з іх ехалі з беларускага лагера ў Міхельсдорфе, што знаходзіўся ў Амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны). Былыя навучэнцы Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, яны хацелі адначасова і працаваць, і займацца грамадскай дзейнасцю, а найперш выдаваць свой часопіс “Наперад!”. У матэрыялах часопіса, а таксама ў лістах сябрам яны распавядалі пра свае ўражанні ад падарожжа ў Вялікабрытанію і тамтэйшага жыцця.

Імкненне не спрыяць супольнаму ўладкаванню на працу нацыянальных групаў было прынцыповае для брытанскіх службоўцаў, што размяркоўвалі DP па прадпрыемствах краіны. Так яны меркавалі ствараць умовы для больш эфектыўнай асіміляцыі прыбылых, не дапусціўшы сфармавання групавых нацыянальных інтарэсаў у асяроддзі еўрапейскіх добраахвотных работнікаў.

Для прайшоўшых праз нацыянальныя лагеры ў паваеннай Нямеччыне і Аўстрыі DP у Вялікабрытаніі пачынаўся час выпрабавання трываласці нацыянальнай самасвядомасці. Больш шчасціла тым, хто аказваўся на працы ў цэнтрах канцэнтрацыі англійскай прамысловасці: Ланкашыры, Ёркшыры ці Цэнтральнай Англіі. Тут у адмысловых хастэлях (інтэрнатах) для імігрантаў з часам, насуперак імкненням брытанцаў, збіраліся цэлыя нацыянальныя групы, да таго ж падтрымоўваць сувязі паміж рознымі хастэлямі было прасцей з-за адносна невялікай адлегласці паміж імі.

Брытанская статыстыка не ведала і не падлічвала беларусаў як асобную нацыянальную катэгорыю. Яны, верагодна, фіксаваліся як у групе “палякаў”, так і ў “бездзяржаўных”, “няпэўных” і “іншых”, таму вызначыць дакладную колькасць беларускіх DP у Вялікабрытаніі немагчыма.

Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі імкнулася наладзіць сувязь з прыбылымі суайчыннікамі, аднак не ўсе траплялі ў поле іх зроку. Яшчэ ў 1949 г. Вінцэнт Жук-Грышкевіч пісаў у канцылярыю Рады БНР пра “каля 200 ведамых нам прыехаўшых DP з Нямеччыны і хіба большую колькасць такіх жа беларусаў нам няведамых”. Пра тое, што ў 1947—1948 гг. у Вялікабрытанію прыехала каля 500 беларусаў паведамляў, верагодна, абапіраючыся на звесткі таго ж Жук-Грышкевіча, у траўні 1949 г. кіраўнік ураду БНР Аўген Каханоўскі (Калубовіч). Аднак прыбыццё перамешчаных асобаў на той час не скончылася і працягвалася яшчэ амаль два гады, таму колькасць беларускіх DP у Вялікабрытаніі, безумоўна, павялічылася. У лісце з нагоды апублікаванага ў Жэневе ў 1951 г. дакладу па праблеме ўцекачоў у паваенным свеце тагачасны старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі Аляксандр Надсан пісаў пра больш за тысячу беларусаў, што прыехалі ў краіну як еўрапейскія добраахвотныя работнікі. І сёння былыя DP ацэньваюць колькасць беларусаў, прыбылых на кантрактную працу, прыблізна ў тысячу асобаў.

Беларускія DP, як і іншыя, працавалі часцей у тэкстыльных фабрыках, а таксама ў вугальных капальнях, на сельскай гаспадарцы, на будоўлях і ў абслузе. Сваё становішча еўрапейскіх добраахвотных работнікаў у Вялікабрытаніі беларусы ўспрымалі пераважна станоўча. Пасля галоднага і поўнага няпэўнасці жыцця ў лагерах DP наяўнасць уласнай сталай працы і заробку разам з сякім-такім забеспячэннем і больш чалавечымі ўмовамі жыцця надавалі веры ў лепшую будучыню.

Праўда, існавала няпэўнасць наконт тэрмінаў працы еўрапейскіх добраахвотных работнікаў. У першых кантрактах не было дакладна акрэслена часу іх дзеяння, у выніку чаго некаторыя былыя DP праз год (успрымаючы выпрабавальны гадавы тэрмін як вызначаны час кантрактнай працы) сталі імкнуцца змяніць месца сваёй працы на лепшае. Аднак улады не дазвалялі працаўладкоўвацца па-за межамі прадпрыемстаў тае галіны, куды яны трапілі першапачаткова. Такое становішча выклікала незадаволенасць у асяроддзі былых DP.

У выніку працяглых дыскусій як унутры брытанскага грамадства, гэтак і вонкі, было прынятае рашэнне, што ад 1 студзеня 1951 г. абмежаванні ў выбары працы для былых DP у Вялікабрытаніі скасоўваюцца. Праўда, дзеючыя кантракты не гублялі сілы, і толькі тыя працаўнікі, што адпрацавалі тры гады, маглі без абмежаванняў шукаць іншае месца.

Для беларускіх DP адзначанае паступовае вызваленне ад кантрактаў мела дваістыя вынікі. З аднаго боку, шмат для каго з’яўлялася магчымасць перасяліцца бліжэй да “сваіх” у беларускія асяродкі ў Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Кембрыджы, Бірмінгеме. У той жа час, у пошуках лепшай працы многія беларусы выязджалі ў іншыя рэгіёны краіны і нават за яе межы. Можна сказаць, што ў першыя гады па сканчэнні кантрактаў паступова завяршылася фармаванне беларускай грамады ў Вялікабрытаніі. Былыя DP або замацоўваліся ў коле прыцягнення нацыянальных арганізацыяў, або назаўсёды сыходзілі з іх ці з’язджалі ў іншыя краіны.

2. Рээміграцыя з Вялікабрытаніі

Жыццё ў паваеннай Вялікабрытаніі не было вельмі спрыяльным для прыбылых. Былі складанасці з уладкаваннем на працу паводле адукацыі, набытай на радзіме, цяжка было прасоўвацца па службовай лесвіцы. Дадаваліся і праблемы з жыллём, у звязку з тым, што за часы ваенных бамбардаванняў у краіне была разбураная значная частка жылога фонду. У першыя паваенныя гады ў Вялікабрытаніі дзейнічала карткавая сістэма. Гэтыя фактары, а таксама тое, што ўрад Этлі сам актыўна стымуляваў рээміграцыю, справакавалі актыўны выезд немясцовага насельніцтва ў іншыя краіны свету.

“У Англіі мы былі пазбаўлены ўсялякіх пэрспэктыў”, — сцвярджаў былы жаўнер польскага войска Віталь Цярпіцкі, які ў лістападзе 1950 г. з’ехаў у ЗША. У Вялікабрытаніі ён працаваў у тэкстыльнай фабрыцы ў Брадфардзе, а ў новай краіне атрымаў, паводле ягоных словаў, “цікавую, нестандартную даследчую работу ў хімічным аддзеле буйной кампаніі”. У ЗША ён працягнуў і актыўную грамадскую працу. Акрамя таго, Віталь Цярпіцкі не згубіўся для беларускага жыцця — стаў адным з будаўнікоў беларускай царквы ў Саўт-Рыверы і сакратаром БЦР.

Найчасцей рээмігравалі былыя жаўнеры польскага войска, для якіх выезд быў бясплатны. Як згадвалася вышэй, брытанская армія брала на сябе фінансаванне выезду былых жаўнераў у іншыя краіны. І гэтай магчымасцю скарысталіся шматлікія беларусы. Адным з першых вядомых нам былых жаўнераў, што выехалі з Вялікабрытаніі на сталае месца жыхарства ў іншую краіну — Канаду, быў Кастусь Акула. На новым месцы ён стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання Беларусаў Канады, быў рэдактарам газеты “Беларускі эмігрант”, выдаўцом часопіса беларускіх вайскоўцаў “Зважай” (1974—1997).

Да працэсу рээміграцыі далучыліся пасля адпрацоўкі кантрактаў і былыя DP. Выезд ім ніхто не аплочваў, але з часоў перабыванняў у лагерах паваенна Нямеччыны і Аўстрыі ў іх захаваліся кантакты з суайчыннікамі, якія пазней выехалі ў іншыя краіны і якія, у выпадку неабходнасці, маглі дапамагчы з уладкаваннем на новым месцы. У выніку, паводле агульнай статыстыкі, з Вялікабрытаніі ў 1950-х гг. выехала каля 25% былых DP.

Выезд беларусаў з Вялікабрытаніі моцна скараціў шэрагі сяброў нацыянальных арганізацый. Так, выехалі тры першыя кіраўнікі Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. У 1950 г. выехаў у Канаду першы старшыня ЗБВБ Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Тут у 1952 г. у Атаўскім універсітэце ён абараніў дысертацыю “Лірыка Янкі Купалы”. У 1954—1956 гг. у Мюнхене працаваў у беларускай рэдакцыі на “Радыё Вызваленьне”. Пазней вярнуўся ў Канаду, пасяліўся ў Бэры, заснаваў Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады. У 1970—1982 гг. Вінцэнт Жук-Грышкевіч стаў старшынём Рады БНР.

У 1952 г. пераехаў у Аўстралію іншы старшыня ЗБВБ Мікола Нікан. Тут, у Мельбурне, ён адразу далучыўся да беларускага грамадскага жыцця. Выконваў розныя абавязкі ў беларускіх арганізацыях Мельбурна: быў сакратаром Згуртавання Беларусаў у Вікторыі, сакратаром Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі. Доўгі час быў прадстаўніком БЦК у Камітэце паняволеных народаў.

Трэці старшыня ЗБВБ Францішак Бартуль выехаў у 1956 г. у ЗША. Ён згадваў: “Падаўся [у Ангельшчыне — Н.Г.] у камітэт працы, дзе пачуў: “Са сваёй адукацыяй ты тут і цэнта не заробіш”. Што ж, мусіў перавучвацца. Здабыў спэцыяльнасьць тэхніка-дантыста, добра ўладкаваўся на працы. У ЗША мяне выцягнула жонка, я з задавальненьнем застаўся б у Эўропе”. Тут Францішак Бартуль да выхаду на пенсію працаваў па сваёй другой спецыяльнасці, меў уласны бізнес — валодаў стаматалагічнай лабараторыяй.

Выязджалі з Вялікабрытаніі і шараговыя сябры ЗБВБ і іншых арганізацый, кіраўнікі рэгіянальных структур. Сярод найбольш прывабных для рээміграцыі краінаў былі Канада, ЗША, Аргенціна, Аўстралія. Шмат выязджала моладзі на навучанне ў іншыя еўрапейскія краіны і пераважна не вярталася ўжо ў Брытанію. Былі прыклады і вяртання беларусаў у БССР.

Вялікая хваля рознаскіраваных і па-рознаму матываваных выездаў нанесла сур’ёзны ўдар па нацыянальным жыцці. Закрануў ад’езд не толькі ЗБВБ, але і іншыя арганізацыі. Пацярпелая ад палітычнага расколу эміграцыі беларуская грамада ў Вялікабрытаніі дадаткова і вельмі значна зменшылася пад уплывам рээміграцыі. Значна зменшылася і колькасць сяброў беларускіх арганізацый. Пры гэтым вялікая частка рээмігрантаў была вельмі актыўнымі ўдзельнікамі нацыянальнага жыцця, пасадоўцамі ў арганізацыях. Іх ад’езд сур’ёзна змяншаў інтэлектуальны патэнцыял дыяспары ў Вялікабрытаніі.

backward Зьмест
ЗЬМЕСТ

Беларуская эміграцыя: Вялікабрытанія. Лекцыя 1

Беларуская эміграцыя: Вялікабрытанія. Лекцыя 2

 

ПОШУК