ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

НАТАЛЬЛЯ ГАРДЗІЕНКА. БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА

ЯК АБ'ЕКТ ГІСТАРЫЧНАГА ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Плян:

1. Да праблемы вызначэньня паняткаў

2. Сучасны стан беларускіх дыяспараў (колькасны й якасныя аспэкты)

 

1. Да праблемы вызначэньня паняткаў

“Эміграцыя”, “дыяспара”, “замежжа” — паняткі, якія часта ўжываюцца ў публікацыях, прысьвечаных розным аспэктам жыцьця суайчыньнікаў па-за межамі Беларусі. Нягледзячы на ўяўнае падабенства, гэтыя тэрміны не зьяўляюцца ўзаемазаменнымі сынонімамі, і дакладнае іх вызначэньне неабходнае для правільнага разуменьня аб’екту й прадмету дасьледаваньня. У зьвязку з гэтым, варта спыніцца на акрэсьленьні згаданых паняткаў.

Пад тэрмінам “беларускае замежжа” мы маем на ўвазе ўсіх беларусаў, якія ў выніку добраахвотнага выезду ў іншыя краіны або празь зьмены дзяржаўнай мяжы апынуліся па-за межамі сучаснай беларускай дзяржавы. Азначаны панятак патрэбны, каб аддзяліць гісторыю савецкай і постсавецкай Беларусі ад падзеяў і працэсаў нацыянальна-культурнага жыцьця ў грамадзтвах зь іншай тытульнай нацыяй.

Панятак “дыяспара” мае шмат падобных і агульных па зьмесьце вызначэньняў. Першапачаткова грэцкае слова “дыяспара” — “рассейваньне”, выкарыстоўвалася дзеля таго, каб пазначыць габрэяў, якія з часу вавілонскага палону (VI ст. да н. э.) пасяліліся па-за межамі Палестыны. Сёньня гэты панятак хоць, паводле некаторых дасьледнікаў, наогул не зьяўляецца навуковым тэрмінам [Тишков В.А. Исторический феномен диаспоры // Национальные диаспоры в России и за рубежом в XIX—ХХ вв. Сборник статей / Под ред. академика РАН Ю.А.Полякова и доктора исторических наук г.Я.Тарле. Москва: ИРИ РАН, 2001. С.9—44] выкарыстоўваецца сацыёлягамі, палітолягамі, культуролягамі, гісторыкамі і абазначае частку любога народу (этнічную супольнасьць), што жыве па-за краінай свайго паходжаньня, сваёй гістарычнай радзімай. Гэткае вызначэньне тэрміну “дыяспара” робіць яго фактычна тоесным панятку “замежжа”.

Для дасьледніка важна дакладна акрэсьліць межы той ці іншай зьявы ў якасьці аб’екту навуковага вывучэньня, вызначыць яе асноўныя прыкметы і суаднесьці зь іншымі паняткамі. А таму агульнае вызначэньне дыяспары, прыведзенае вышэй, неабходна канкрэтызаваць. Так, дыяспара, гэта ня проста “кавалак” аднаго народу, што жыве сярод іншага народу. Але гэта такая этнічная супольнасьць, якая валодае асноўнымі рысамі нацыянальнай адметнасьці ўласнага народу (мова, культура, самасьвядомасьць), захоўвае іх, падтрымлівае й спрыяе іх разьвіцьцю. Такім чынам, нельга назваць дыяспарай групу беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі, але пайшлі шляхам асыміляцыі, адмаўленьня ад асноўных вызначальных рысаў сваёй нацыянальнай тоеснасьці. Але тут ня варта ствараць маральную антытэзу “дыяспара — не-дыяспара” як “станоўчае — адмоўнае”. Працэс асыміляцыі мае аб’ектыўныя падставы, і яго ня варта ацэньваць з маральных пазыцыяў.

Акрамя таго, дыяспара мусіць мець пэўныя арганізацыйныя формы свайго функцыянаваньня, пачынаючы ад групаў кшталту зямляцтваў і да грамадзкіх, нацыянальна-культурных і палітычных рухаў. Іншымі словамі, да дыяспары нельга аднесьці любую групу беларусаў, калі ў іх няма нутранага імпульсу да самазахаваньня, што ў выніку вызначае існаваньне пэўных арганізацыйных формаў.

Яшчэ адна адметная рыса дыяспары — сацыяльная абарона ёю асобных удзельнікаў.

Такім чынам, дыяспару можна вызначыць як “устойлівую сукупнасьць людзей адзінага этнічнага паходжаньня, якія жывуць за межамі сваёй гістарычнай радзімы й маюць сацыяльныя інстытуты для разьвіцьця й функцыянаваньня гэтай супольнасьці” [Тощенко Ш.Т., Чаптыкова Т.И. Диаспора как объект социологического исследования // Социс. №12. 1996. С.37]. Аднак і гэтую дэфініцыю варта ўдакладніць шляхам вызначэньня пэўных дадатковых характарыстык. Так, дыяспара — гэта заўсёды этнакультурная супольнасьць, аб’яднаная на падставе ўяўленьняў аб агульнай радзіме й пабудаваных на гэтай падставе калектыўных сувязяў, групавой салідарнасці й дэманстраваных адносінах да радзімы [Safran W. Diasporas in Modern Scieties: Myths of Homeland and Return // Diaspora. 1991. Vol.1. №1. P.83—84]. Такім чынам, дыяспара вызначаецца не праз дэмаграфічную й этнічную рэальнасьць, а праз пэўны стыль жыцьцёвых паводзінаў, які зьяўляецца вынікам асабістага выбару чалавека. Менавіта гэтым дыяспара адрозьніваецца ад астатняй міграцыі (эміграцыі ці іміграцыі — у залежнасьці ад ракурсу дасьледаваньня).

Дыяспара – у большай ступені зьява палітычная, у той час калі міграцыя — сацыяльная. У выніку, калі мы будзем гаварыць пра беларускіх імігрантаў, то, адпаведна з унівэрсальным вызначэньнем, да іх мы маем адносіць усіх асобаў, якія выехалі са сваёй Бацькаўшчыны на пастаяннае або доўгачасовае пражываньне з палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных ці іншых прычынаў [Эміграцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.6. Ч. ІІ. Мінск, 2003. С. 256—262]. А вось да беларускай дыяспары будуць належаць тыя нашыя суайчыньнікі, што, маючы сваю нацыянальную самасьвядомасьць і памяць пра Беларусь, імкнуліся аб’яднацца на падставе гэтай агульнасьці, каб захаваць сваю культурную адметнасьць у іншакультурным грамадзтве.

Гэткім чынам, паняцьце “беларуская дыяспара” можна выкарыстоўваць у дачыненьні да абмежаванай колькасьці краінаў, а менавіта, да тых, дзе сапраўды існуюць арганізаваныя формы беларускай этнакультурнай прысутнасьці — грамады беларусаў (беларусы Аўстраліі, беларусы Вялікабрытаніі, беларусы ЗША і г.д.). Выкарыстоўваць жа панятак “беларуская дыяспара” для вызначэньня ўсёй сукупнасьці беларускіх грамадаў у сьвеце навукова не зусім абгрунтавана (гэта “беларускае замежжа”), бо складана казаць пра структурнае, культурнае й палітычнае адзінства ўсіх тых утварэньняў, значная частка якіх мае эпізадычныя кантакты паміж сабой і не ўсьведамляе агульнасьці сваіх інтарэсаў.

2. Сучасны стан беларускіх дыяспараў (колькасны й якасны аспэкты)

Колькасьць беларусаў, якія сёньня знаходзяцца па-за межамі радзімы, магчыма ацаніць у 2—2,5 млн. чалавек (гэта блізу 20 адсоткаў беларусаў). Штогод зь Беларусі легальна эмігруе блізу 10—12 тыс. чалавек (зьвесткі з статыстычнага зборніка 2004 г. (гл. Табліцу 1); блізу 1200—1500 беларусаў штогадова атрымоўваюць права на сталае жыхарства ў ЗША, паводле амэрыканстае статыстыкі).

Беларусы знаходзяцца за межамі краіны з розных прычынаў сацыяльнага, эканамічнага, палітычнага, геапалітычнага характару. Так, прыкладам, беларусы Польшчы ці Літвы апынуліся за межамі Беларусі не ў выніку эміграцыі, а празь зьмены дзяржаўнай мяжы ў час савецкай беларускай дзяржаўнасьці. Своеасаблівая сытуацыя і з суайчыньнікамі на постсавецкай прасторы, якія выяжджалі зь Беларусі ў савецкі час, але не лічылі гэта эміграцыяй, бо, фактычна, перамяшчаліся ў межах адной вялікай краіны СССР. Тым ня менш, галоўнай прычынай фармаваньня беларускага замежжа былі эміграцыі. Да прыкладу, толькі цягам ХХ ст. існавала некалькі хваляў: на пачатку ХХ ст. у выніку эканамічнай крызы ў Расейскай імпэрыі, уцякацтва падчас Першае сусьветнае вайны, эканамічная эміграцыя 1920-х гг., ці не найбуйнейшая хваля пасьля Другой сусьветнай вайны і вялікая хваля 1990-х гг.

Паводле некаторых зьвестак, беларусы сёньня жывуць у 73 краінах сьвету. Аднак дакладныя зьвесткі колькасьці нашых суайчыньнікаў у гэтых краінах знайсьці даволі складана. Гэтаму перашкаджае найперш тое, што шмат у якіх краінах беларусы доўгі час не ўлічваліся ў якасьці прадстаўнікоў асобнай нацыі. Адсюль — іх адсутнасьць у афіцыйных статыстычных зьвестках і немагчымасьць сёньня аднавіць дакладныя памеры іміграцыі нашых суайчыньнікаў у большасьць еўрапейскіх краінаў да пачатку 1990-х гг. (калі была створаная незалежная Рэспубліка Беларусь, беларусаў сталі ўлічваць у іміграцыйнай статыстыцы большасьці краінаў ужо не як прадстаўнікоў СССР). Тым ня менш, прыблізныя ацэнкі колькасьці беларусаў у некаторых краінах можна зрабіць; праўда, крыніцы такой інфармацыі на сёньня надзвычай размаітыя, і праверыць дакладнасьць некаторых зь іх амаль немагчыма (гл. Табліцу 2).

Ацаніць колькасьць удзельнікаў дыяспараў больш складана, чым колькасьць імігрантаў. Для кожнай краіны будзе свая больш-менш дакладная статыстыка, якая вызначаецца колькасьцю сяброў беларускіх арганізацыяў і “статыстычных” сяброў грамадаў. На сёньня беларускія суполкі дзейнічаюць у 23 краінах сьвету: Азэрбайджане, Армэніі, Аўстраліі, Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, ЗША, Казахстане, Канадзе, Кыргызстане, Літве, Латвіі, Малдове, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Узбэкістане, Украіне, Францыі, Чэхіі, Швэцыі, Эстоніі. У гэтых краінах магчыма казаць пра наяўнасьць структураў беларускае дыяспары.

Усе беларускія дыяспары ў сьвеце можна падзяліць, па-першае, паводле геаграфічнай прыкметы, па-другое, паводле часавай. Відавочныя адрозьненьні ёсьць паміж беларускімі дыяспарамі на Захадзе і Ўсходзе. Так, асяродкі беларусаў у ЗША, Канадзе, Аўстраліі ды Заходняй Эўропе маюць шэраг агульных рысаў, вызначаных найперш умовамі сацыяльна-эканамічнага й палітычнага разьвіцьця гэтых краінаў, і выразныя асаблівасьці ў параўнаньні з асяродкамі беларусаў на постсавецкай прасторы.

Акрамя таго, ёсьць дыяспары, што ўтварыліся ў розныя гістарычныя пэрыяды. Некаторыя дасьледнікі сьцьвярджаюць, што казаць пра існаваньне дыяспараў да фармаваньня нацыянальнай дзяржавы, фактычна, немагчыма (а ўсе ранейшыя міграцыйныя працэсы пераважна ня маюць вынікам стварэньне трывалых і жыцьцяздольных нацыянальных асяродкаў). Адпаведна беларускія дыяспары — прадукт ХХ ст. Некаторыя зь іх сталі фармавацца ячшэ ў 1920—1930-х гг. Прыкладам у гэты час узьніклі першыя беларускія арганізацыі ў ЗША, зь якімі пазьней кантактавалі беларусы паваеннай хвалі. У 1920-х гг. сталі фармавацца беларускія нацыянальныя арганізацыі ў Чэхіі, дзе знаходзіліся як прадстаўнікі палітычнай эміграцыі, так і беларускія студэнты. На жаль, у паваенны час пад уплывам новых палітычных абставінаў пераемнасьць у існаваньні беларускай дыяспары ў Чэхіі была згубленая і створаныя ў 1990-х гг. арганізацыі мусілі наладжваць уласную дзейнасьць, фактычна, ад самага пачатку, апэруючы хіба што культурнай спадчынай сваіх папярэднікаў. Пераважная ж большасьць заходніх беларускіх дыяспараў была вынікам эміграцыі пасьля Другой сусьветнай вайны, калі значная колькасьць беларусаў апынулася ў краінах Паўночнай і Паўднёвай Амэрык, Аўстраліі, Заходняй Эўропы. Створаныя ў гэты час беларускія асяродкі вызначаюцца паводле сваёй палітычнай скіраванасьці, абумоўленай сытуацыяй халоднай вайны і існаваньня БССР у складзе СССР. Беларусы Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Канады ды ЗША бралі актыўны ўдзел у антысавецкім руху па той бок “жалезнай заслоны” і лічылі Беларусь краінай, паняволенай Саветамі. У той жа час беларускія арганізацыі ў Аргентыне, дзе быў вялікі ўплыў савецкай амбасады на іх дзейнасьць, станоўча ставіліся да СССР, і нават, рэалізуючы на практыцы заклік савецкай радзімы да вяртаньня, сталі цягам 1970-х гг. масава прыяжджаць у Беларусь. Прыклад Аргентыны нельга ўважаць за тыповы, бо ад 1960-х гг. беларуская дыяспара разьвівалася там ізалявана ад іншых буйнейшых беларускіх асяродкаў на Захадзе, дзе пераважалі палітычная заангажаванасьць ды нэгатыўнае стаўленьне да БССР.

Абвяшчэньне беларускай незалежнасьці прычынілася да стварэньня беларускіх дыяспараў у Эўропе й на постсавецкай прасторы. Па-першае, зьявіліся новыя колькасна вялікія дыяспары, што існуюць сёньня ў Расеі, Украіне. Параўнальна з старымі дыяспарамі, яны сфармаваліся ў прынцыпова іншых умовах як сацыяльна- эканамічных, гэтак і геапалітычных. Зьнікла неабходнасьць весьці барацьбу супраць паняволеньня Беларусі (разам з тым стаўленьне да палітычных працэсаў у краіне ператварылася ў новы фактар палітычнага падзелу дыяспараў).

Акрамя таго, у выніку міграцыйных працэсаў 1990-х гг. адбылася зьмена пакаленьняў у некаторых паваенных дыяспарах, а адсюль і абнаўленьне іх структуры, спосабаў і мэтадаў арганізацыі сваёй дзейнасьці. Так, некаторыя новыя эмігранты зь Беларусі арганічна ўліліся ў асяродкі суайчыньнікаў ЗША, Канады, Вялікабрытаніі й далі штуршок да аднаўленьня дзейнасьці старых структураў дыяспараў гэтых краінаў (выданьне новых пэрыёдыкаў ці аднаўленьне старых (як канадыйскае “Беларускае Слова” ці амэрыканскі “Беларус”), стварэньне новых арганізацыяў). Акрамя таго, новая хваля эміграцыі прычынілася да стварэньня новых беларускіх асяродкаў у Заходняй Эўропе, там, дзе раней не было трывалых дыяспараў (Чэхія, Нямеччына, Аўстрыя), або да фармаваньня паралельных структураў новай дыяспары побач з старымі (Бэльгія).

Асаблівасьцю фармаваньня беларускіх дыяспараў у сьвеце заўсёды быў яшчэ й фактар уплыву дыяспараў суседніх народаў. Калі паглядзець на 12 найбольшых дыяспараў у сьвеце (гл. Табліцу 3), то магчыма адцеміць, што палякі, расейцы й украінцы якраз уваходзяць у гэты сьпіс. Такім чынам, беларусы за мяжой сутыкаліся з сытуацыяй натуральнага прыцягненьня нацыянальных асяродкаў гэтых трох вялікіх і цывілізацыйна блізкіх нацыяў. У выніку, пры невысокім узроўні нацыянальнай сьвядомасьці суайчыньнікаў ці іх малой колькасьці ў рэгіёне, беларусы ўліваліся ў структуры польскай, украінскай ці расейскай дыяспараў. Такім чынам, існаваньне вялікіх паводле колькасьці й моцных суседніх дыяспараў было тым чыньнікам, які з гледзішча пэрспэктывы не спрыяў узмацненьню беларускіх нацыянальных асяродкаў.

Асяродкі беларусаў, што існуюць празь дзесяцігодзьдзі, маюць цікавыя набыткі найперш у нацыянальна-культурнай галіне. На Захадзе гэта культурніцкія асяродкі, дзе беларуская культура ніколі ня ведала на сабе ўплыву саветызацыі. А таму створаная тут літаратура й выяўленчае мастацтва, а таксама друк зьяўляюцца адметным і вартым увагі пластом нацыянальнае культуры.

Цягам ХХ ст. па-за межамі Беларусі выходзіла 414 беларускіх пэрыёдыкаў, а колькасьць выданьняў, прысьвечаных беларускай тэматыцы, паводле бібліяграфіі Кіпеляў, болей за 4 000 назоваў (4 180). Адмысловая калекцыя беларускіх друкаў знаходзіцца цяпер на захаваньні ў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы. Аднак дзякуючы дзейнасьці беларусаў у розных краінах, у бібліятэках ЗША, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі знаходзяцца беларускія зборы кніг, выдаваныя як у дыяспарах, так і ў мэтраполіі. Прыкладам, у ЗША рэкамэндацыі ў стварэньні беларускіх фондаў у бібліятэках давалі найперш Зора і Вітаўт Кіпелі; у Аўстраліі прафэсар псыхалёгіі Вольга Качан перадавала ў бібліятэку найстарэйшага й найбуйнейшага ў краіне Сыднэйскага ўнівэрсытэту беларускую ангельскамоўную пэрыёдыку.

На сёньня магчыма казаць пра дзейнасьць у беларускім замежжы некалькіх беларускіх навукова-выдавецкіх і культурных цэнтраў. Прыкладам, Беларускі інстытут навукі й мастацтваў дзеіць у ЗША, мае аддзяленьне ў Канадзе; ў Лёндане працуюць Бібліятэка й музэй імя Францішка Скарыны, дзейнасьць якіх мае на мэце гуртаваньне беларускай навуковай і творчай эліты дзеля вывучэньня й захаваньня беларускай культурнай і гістарычнай спадчыны. Стабільны навукова-дасьледчы й выдавецкі цэнтар беларусістыкі дзейнічае ў Беластоку. У беларускім замежжы сёньня рэалізуюцца некаторыя навуковыя й культурныя, а таксама выдавецкія праекты. Ёсьць пляны ў стварэньні Энцыкляпэдыі беларускай дыяспары супольнымі сіламі дыяспары й мэтраполіі.

Мацнейшыя нацыянальныя асяродкі дыяспары зьяўляюцца крыніцай інфармацыі пра Беларусь у тым ліку й для грамадзкіх і палітычных колаў краінаў, у якіх яны дзейнічаюць. Так, беларусы ЗША цягам дзесяцігодзьдзяў маюць сталыя кантакты з шэрагам амэрыканскіх сэнатараў, а прадстаўнікі беларускай супольнасьці няспынна інфармавалі амэрыканскія найвышэйшыя палітычныя колы пра нашую краіну. Такім чынам, дыяспара ўплывае на фармаваньне іміджу Беларусі ў сьвеце.

Адна з важных функцыяў, якую выконваюць нацыянальныя дыяспары — дапамога ў сацыяльна-эканамічнай адаптацыі новых імігрантаў. У пераважнай большасьці беларускіх дыяспараў на Захадзе ад самага пачатку іх існаваньня ствараліся структуры, адказныя за акумуляваньне сродкаў для дапамогі суайчыньнікам. У свой час у Аўстраліі дзейнічалі нават будаўнічыя каапэратывы, што дапамагалі суайчыньнікам збудаваць уласнае жыльлё. І сёньня шмат у якіх дыяспарах ёсьць магчымасьці грамадзкай дапамогі й падтрымкі новых імігрантаў, пэрспэктыўных культурніцкіх праектаў і нават некаторыя сродкі для вырашэньне канкрэтных праблемаў асобаў, што зьвяртаюцца па дапамогу з мэтраполіі.

Таблица 1. Внешние миграционные потоки в Республике Беларусь складывались следующим образом:

Внешние миграционные потоки в Республике Беларусь складывались следующим образом:

Табліца 2. Колькасьць беларусаў у замежжы

Краіна

Колькасьць беларусаў

Крыніца

1.

Аўстралія

10.000 (на 1970-я гг.)

483

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (БСЭ)

Перапіс насельніцтва Аўстраліі 2002 (?) г. (Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі)

2.

Аргентына

30.000 (на 1970-я гг.)

БСЭ

3.

Вялікабрытанія

20.000

ЭГБ

4.

ЗША

600.000

Кіпель В. Беларусы ў ЗША

5.

Казахстан

111.926

Перапіс 1999 г.

6.

Канада

100.000

ЭГБ

7.

Літва

42.866

Перапіс 2001 г.

8.

Латвія

92.000

Афіцыйная статыстыка

9.

Малдова

20.000

ЭГБ

10.

Польшча

200.000

50.000

Ранейшая статыстыка

Апошні афіцыйны перапіс

11.

Расея

810.000

Перапіс 2002 г.

12.

Узбекістан

29.000

ЭГБ

13.

Украіна

275.700

Перапіс 2001 г.

14.

Чэхія

менш за 10.000

Калі не ўважаць нелегалаў

15.

Эстонія

21.363

Перапіс 1999 г.

Табліца 3. Найвялікшыя дыяспары ў сьвеце

Нацыя

Насельніцтва нацыі ў мэтраполіі [млн.чал]

Дыяспара [млн.чал]

% нацыі па-за мэтраполіяй

Разам [млн.]

Ірляндцы

~3,5

~16,0

80

~20,0

Габрэі

~4,5

~13,0

75

~18,0

Армяне

~3,0

~6,0

66

~10,0

Албанцы

~3,5

~3,5

50

~7,0

Партугальцы

~10,0

~5,5

35

~15,5

Палякі

~40,0

~20,0

33

~60,0

Грэкі

~10,5

~5,0

30

~16,0

Вугорцы

~9,0

~4,5

30

~15,0

Італьянцы

~52,0

~22,0

30

~75,0

Расейцы

~118,0

~27,0

20

~145,0

Украінцы

~37,0

~9,0

20

46,0

Кітайцы

~1100,0

~30,0

3

~1130,0

Беларусы

~8,0

~2,0

25

~10,0

 

 

 
Лекцыя 1

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY