ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

АЛЕГ ГАРДЗІЕНКА. БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА: НЯМЕЧЧЫНА І ЗША

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Афармленьне беларускай дыяспары ў ЗША

Плян:

1. Выезд у ЗША (Закон Трумэна)

2. Рэгіёны расьсяленьня (штаты, асяродкі, гарады)

3. Першыя беларускія арганізацыі ў ЗША

4. Стварэньне БККА

5. Залежнасьць беларускай грамадзкай дзейнасьці ад амэрыканскай замежнай палітыкі

 

1. Выезд у ЗША (Закон Трумэна)

Яшчэ ў чэрвені 1944 г. прэзыдэнт Франклін Дэлано Рузвэльт абвясьціў пра стварэньне ў горадзе Асвэга (штат Нью-Ёрк) спэцыяльнага часовага лягеру для тысячы ўцекачоў. Сюды прыбылі 982 чалавекі з Італіі, якія па сканчэньні вайны мусілі вярнуцца на радзіму. Аднак пераважная бальшыня насельнікаў гэтага лягеру адмовілася выяжджаць у Эўропу і ў 1945 г. яны, паводле пастановы прэзыдэнта Гары Трумэна, атрымалі статус імігрантаў. Тая ж дырэктыва ад 22 сьнежня 1945 г. вызначала й новы, спрыяльны для ўцекачоў, парадак выдачы віз імігрантам з паваеннай Эўропы. Кандыдаты на прыезд у ЗША мусілі атрымаць г.зв. “карпаратыўны афідавіт” — запрашэньне ад якой-небудзь грамадзкай арганізацыі, што возьме на сябе апекаваньне новапрыбылымі ў ЗША.

Арганізацыяй перасяленьняў і апекаваньнем іх займаліся некалькі дабрачынных інстытуцый. Найбольш спрычыніліся пратэстанцкая ўсясьветная арганізацыя Church World Service, каталіцкая дабрачынная Caritas Catholica; з грамадзкіх арганізацый вялікую ролю ў запрашэньні ўцекачоў з СССР адыграў Талстоўскі фонд (Tolstoy Foundation), заснаваны дачкой расейскага пісьменьніка Ганнай Талстой.

У выніку рэалізацыі пастановы Трумэна да канца чэрвеня 1948 г. у ЗША прыбыло больш за 41 тыс. Ды-Пі. Сярод іх было каля 16 тыс. нараджэнцаў Нямеччыны, каля 12 тыс. — Польшчы, каля 3,5 тыс. — Чэхаславаччыны, каля 2 тыс. — СССР, а таксама асобы з іншых краін. Былі сярод іх і беларусы, якіх, праўда, дастаткова рэдка ўлічвалі як асобную нацыянальную групу.

Відочна, што попыт на ўезд у ЗША сярод Ды-Пі ў Эўропе быў значна большы, чым прадугледжвала пастанова Трумэна 1945 г., і 41 тыс. прыбылых у краіну істотна не паменшыла канцэнтрацыі ўцекачоў на тэрыторыях паваеннай Нямеччыны, Аўстрыі й Італіі. Таму ў 1948 г. амэрыканскі прэзыдэнт ініцыяваў разгляд і прыняцьцё Кангрэсам адмысловага Закону аб перамешчаных асобах (The Displaced Persons Act 1948), які прадугледжваў запрашэньне ў ЗША каля 400 тыс. Ды-Пі да канца 1951 г. Дзякуючы гэткаму рашэньню, з 1 ліпеня 1948 г. да 31 сьнежня 1951 г. у краіну пераехала 339 тыс. чалавек розных нацыянальнасьцяў, што складае амаль траціну (31,6%) ад усёй колькасьці зарэгістраваных Ды-Пі. Бальшыню эмігравалых у ЗША паводле новага закону складалі нараджэнцы Польшчы (амаль 155 тыс. асоб). Пераехалі за акіян 74 тыс. украінцаў, 37,5 тыс. жыхароў Латвіі, каля 25 тыс. літоўцаў, 20 тыс. жыхароў Югаславіі, каля 13,5 тыс. вугорцаў і прадстаўнікі іншых нацыянальных груп. Найбольш беларусаў пераехала ў ЗША таксама ў выніку спрыяньня памянёнага закону 1948 г.

Дакладны лік беларусаў, што перабраліся з Эўропы ў ЗША, вызначыць немагчыма, бо ў афіцыйнай статыстыцы асобна яны зазвычай не пазначаліся і найчасьцей прыбывалі паводле польскай квоты (як былыя польскія грамадзяне). З улікам колькасьці беларускіх Ды-Пі, жаўнераў Арміі Андэрса, а таксама афіцыйнай статыстыкі, можна меркаваць, што ў ЗША па вайне перабралася каля 20 тыс. беларусаў.

Злучаныя Штаты Амэрыкі прымалі чужынцаў адразу цэлымі сем'ямі. Акрамя згаданага вышэй афідэвіту (запрашэньня), патрабаваліся ашуранс (страхавое паручыльніцтва, якое ўлучала страхаваньне запрошанай асобы, а таксама забранаваньне месца працы), а часам і заклад за пераезд — 150 даляраў на чалавека. А раз у бальшыні нашых суайчыньнікаў такіх грошай не было, дык іх укладала адна з вышэй названых арганізацый. У некаторых выпадках цягам году ці некалькіх гадоў затрачаную суму імігрант мусіў вярнуць або адпрацаваць у любым вызначаным месцы.

2. Рэгіёны расьсяленьня (штаты, асяродкі, гарады)

Геаграфія расьсяленьня новых беларускіх імігрантаў у ЗША вельмі шырокая: ад Новай Англіі на беразе Атлянтычнага акіяну (Нью-Гэмпшыр, Мэйн, Масачусэтс, Канэктыкут, Род-Айлэнд) да ўзьбярэжжа Ціхага акіяну — Каліфорніі, Арэгону, Вашынгтону. Шмат хто, найперш выпісаныя Church World Service, выправіліся адпрацоўваць кантракты ў заходнія і паўднёва-заходнія землі — Арызону, Арканзас, Аклахому, дзе жылі фундатары, што дасылалі запрашэньні. Сям'я Рагалевічаў, напрыклад, апынулася ў Пэнсыльваніі, Кіркевічы — у Каліфорніі, Палюховічы — у Паўночнай Караліне, Бахары — у Місысыпі, Шыбуты — у Каларада, Вайцяхоўскія — у Арканзасе.

Нашы суайчыньнікі ня мелі асаблівага выбару, пасьля сталінскіх рэпрэсій, нямецкай акупацыі, паўгалоднага існаваньня ў Ды-Пі-лягерах з пагрозай выдачы савецкім рэпатрыяцыйным місіям яны першым часам радаваліся любой працы. З прыездам у ЗША многім давялося забыцца на ранейшую — часам інтэлектуальную — працу або адукацыю. Рабочыя, сяляне, былыя вайскоўцы, інтэлігенты аказаліся ў аднолькавых умовах, і бальшыня пачынала зь некваліфікаваных і малааплатных работ.

Кадравы ваенны, шэф Беларускай краёвай абароны, а на эміграцыі адзін з кіраўнікоў Рады БНР, старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Франц Кушаль зарабляў на жыцьцё ў ЗША, працуючы ліфтэрам: падчас пераезду ў ЗША Кушалю было 55 гадоў (нарадзіўся ў 1895 г.) — залішні ўзрост для перавучваньня. Акрамя таго, ён ня ведаў і не хацеў вучыць ангельскай мовы. Жонка ж ягоная, беларуская паэтка Натальля Арсеньнева, на адным зь нью-ёрскіх прадпрыемстваў раскладала ў слоікі гуркі. Выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту, магістар права, перакладчык Леанід Галяк (нарадзіўся ў 1910 г.) намазваў вафлі салодкай патакай на фабрыцы ў Нью-Ёрку. Сьвятар Мікалай Лапіцкі пакаваў на фабрыцы лямпы для тэлевізараў Навуковец, супрацоўнік Інбелкульту Яўхім Кіпель па прыезьдзе ў ЗША працаваў на кандытарскай фабрыцы, ягоная жонка Марыя Кіпель, настаўніца з адукацыі, палола кветкі ў парніках. Віцэ-прэзыдэнт БЦР, пасол польскага сойму Юры Сабалеўскі рабіў сталяром у нью-ёрскім шпіталі. Для тых, хто паходзіў зь сялян, зь вёскі, пераезд у ЗША быў пераходам на новы ровень жыцьця.

Многія паваенныя эмігранты, прыяжджаючы ў ЗША, абіралі месцам пражываньня горад Нью-Ёрк або сяліліся ў штаце Нью-Джэрзі. Нягледзячы на тое, што гэта нікнэйм (nickname) “штат садоў” (Garden state), Нью-Джэрзі ёсьць прамысловым штатам: тут былі сканцэнтраваны фармацэўтычная, хімічная, электронная, аўтамабільная, харчовая вытворчасьці, месьціліся значныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Працы — хоць і некваліфікаванай — тут мелася хапіць усім.

Разам з тым, у Нью-Джэрзі няма буйных прамысловых цэнтраў. Толькі чатыры гарады сёньня маюць насельніцтва больш за 100 тыс. чалавек. Бальшыня мястэчак — з насельніцтвам па 10—20 тыс.

Прыбылыя ў Нью-Джэрзі беларусы сяліліся ў розных кутках штату. У паўночнай частцы яны жылі ў акругах Юніён, Гудзон, Эсэкс: у гарадах Гарфілд, Уолінгтан, Рутэрфорд, Кліфтан. Гэтыя мястэчкі разьмешчаны за дзясятак кілямэтраў на паўночны захад ад Нью-Ёрку. Вялікае паселішча беларусаў зьявілася ў Пасэйку. Тут пасьля вайны жыло каля 50 тыс. чалавек, і амаль дзясятую частку іх складалі беларусы (пераважна старой эміграцыі). З паваенных імігрантаў у Пасэйку пасяліліся Яўхім і Марыя Кіпелі, Сымон Жамойда, Бэрнард Букатка, а.Мікалай Лапіцкі, у блізкіх Ірвінгтане й Гарфілдзе — Анатоль Плескачэўскі, Эмануіл Ясюк, Аляксандар Русак.

Іншы беларускі асяродак утварыўся ў цэнтральнай частцы штату: у гарадах Саўт-Рывэр, Нью-Брансўік, Іст-Брансўік. Самая ж моцная грамада беларусаў склалася ў Саўт-Рывэры (акруга Мідлсэкс).

Першыя беларусы сталі сяліцца ў Саўт-Рывэры ад канца ХІХ — пачатку ХХ стст. поруч зь вялікімі асяродкамі вугорцаў (вэнграў), палякаў, габрэяў. Беларусь не фігуравала ў перапісе як краіна паходжаньня імігрантаў: на тагачаснай палітычнай мапе такой краіны й не было. Праўда, не было й Польшчы, аднак новапрыбылыя пазначалі яе як край свайго паходжаньня. Аднак беларусы, адрозна ад палякаў, на той час былі нацыянальна несьвядомымі. Падобна, што сярод тых, хто называў месцам свайго нараджэньня Польшчу, былі ня толькі этнічныя палякі й габрэі, якія масава выяжджалі з тых зямель, але й беларусы-каталікі, а часам і праваслаўныя з Заходняй Беларусі (пераважна Віленшчыны й заходняй Меншчыны). Былі беларусы й сярод тых, хто задэкляраваў свае расейскія карані (бо паходзілі з Расейскай імпэрыі).

Каталікі, якія лічылі сябе палякамі й якіх тут налічвалася 252 сям'і з 450 дзецьмі, збудавалі ў пачатку ХХ ст. у Саўт-Рывэры касьцёл на гонар Маці Божай Вастрабрамскай. Лічыцца, што паходзілі яны пераважна зь Віленшчыны.

Можна дапусьціць, што на пачатку ХХ ст. ураджэнцы беларускіх зямель складалі ў Саўт-Рывэры некалькі соцень чалавек. Так, менавіта сяляне з ваколіц Менску, Маладэчна, Вялейкі збудавалі ў 1905—1906 гг. у горадзе Рускую праваслаўную царкву сьв. Пятра й Паўла й заснавалі ўласную парафію. У 1906—1915 гг. тут налічвалася 250 парафіян. Сярод праваслаўнага насельніцтва абсалютная бальшыня ў гэтым горадзе — нашы землякі.

Беларускія насельнікі Саўт-Рывэру пачатку ХХ ст. не сьвядоміліся беларусамі: праваслаўныя лічылі сябе за рускіх, каталікі — за палякаў. І першыя, і другія гутарылі між сабой па-беларуску і почасту ня ведалі ні расейскай, ні польскай мовы.

На “рускіх” могілках пры праваслаўнай царкве сьв. Пятра й Паўла больш чым на 90% магільных пліт — беларускія прозьвішчы, пераважна зь вялейска-маладэчанскага рэгіёну. Уласна расейскія прозьвішчы сустракаюцца на адносна нядаўніх пахаваньнях, г.зн. належаць пазьнейшым імігрантам.

3. Першыя беларускія арганізацыі ў ЗША

Першым беларусам, які пасьля ІІ Усясьветнай вайны прыехаў у Саўт-Рывэр, быў, напэўна, Франук Шаўроўскі — былы начальнік паліцыі ў мястэчку Лебедзева (Маладэчанскі раён). Яго “выпісалі” (даслалі запрашэньне й паручыльніцтва) зь Нямеччыны сваякі, што перасяліліся ў Саўт-Рывэр яшчэ да пачатку І Усясьветнай. Франук Шаўроўскі затым выпісаў зь Нямеччыны Майка Філіповіча, а на пачатку 1948 г. у Саўт-Рывэр зь Нью-Ёрку да сваякоў жонкі Ніны Корсак, што таксама паходзіла зь Лебедзева пад Маладэчнам, пераехаў Барыс Кіт.

Шаўроўскі, Кіт і Філіповіч аб'ядналіся й сталі сыстэматычна выпісваць зь Нямеччыны суайчыньнікаў. Паралельна ў Нью-Ёрку гэтым займаліся Іван Ермачэнка й Віктар Чабатарэвіч. Увосень 1948 г. сваю ініцыятыву яны аформілі юрыдычна, заснаваўшы й зарэгістраваўшы ў Олбані (сталіца штату Нью-Ёрк) Злучаны беларуска-амэрыканскі дапамаговы камітэт. Ідэя масава выпісваць беларусаў узьнікла ў Франука Шаўроўскага, які празь некаторы час адышоў ад актыўнага грамадзкага жыцьця, але сваёй дзейнасьцю на пачатковым этапе заўважна спрычыніўся да беларусізацыі Саўт-Рывэру.

Ад 1949 г. каардынаваць працэс выпісваньня беларускіх сямей зь лягераў Ды-Пі стаў Барыс Кіт. Ягоны дом на Герман-стрыт (Herman street, 24) стаў сапраўдным беларускім штабам. Тут, а таксама ў адмыслова нанятым Злучаным беларуска-амэрыканскім дапамаговым камітэтам доме на Юніён-стрыт разьмяшчалі на некалькі дзён новапрыбылых, папярэдне сустрэўшы іх у нью-ёрскім порце й правёўшы ў Саўт-Рывэр.

У Саўт-Рывэры ці яго ваколіцах новыя эмігранты-мужчыны працавалі або на заводзе “Форд”, або ў прыватных гаспадароў і на дробных прадпрыемствах, жанчыны — на фабрыках вопраткі або таксама на невялікіх прадпрыемствах. Заробак мужчын быў крыху вышэйшым за жаночы: ад 80 цэнтаў да 1 даляра за гадзіну (6,4—8 даляраў за дзень або да 200 даляраў за месяц). Жанчыны атрымоўвалі 60 цэнтаў за гадзіну (4,8 даляраў за дзень). На ежу выдаткоўвалі блізу 1 даляра на дзень, наняць кватэру каштавала 20—30 даляраў за месяц, патрыманы аўтамабіль — ад 500 даляраў, уласны дом, залежна ад раёну і ўпарадкаваньня, — ад 3 да 12 тыс. даляраў.

Барыс Кіт афармляў запрашэньні беларускім Ды-Пі на просьбу Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва ў Нямеччыне — грамадзкай арганізацыі, што аб'ядноўвала прыхільнікаў БЦР. Кіраўнік арганізацыі Аляксандар Русак раіў, каго трэба найперш выпісаць, складаў сьпісы, афармляў усю неабходную дакумэнтацыю і вёў працу ў Нямеччыне. Барыс Кіт і ягоныя паплечнікі рыхтавалі патрэбныя для ўезду паперы, рабілі афідавіты (запрашэньні) і ашурансы (страхавалі імігрантаў), шукалі ім працу, дамаўляючыся з працадаўцамі, — і нарэшце высылалі запрашэньні ў Нямеччыну.

Дзякуючы саўт-рывэрскаму аддзелу Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту ды асабіста Барысу Кіту, у ЗША перабраліся Хведар Шыбут зь сям'ёй, Вячаслаў і Вольга Сэлях-Качанскія, браты Шчорсы, Іван Касяк, Мікалай Шчаглоў-Куліковіч, Часлаў Найдзюк, Юры Віцьбіч, Хведар і Леў Высоцкія, Сьвятаслаў Коўш, Аляксей Шудзейка, Пётра Орса, Аўген Кудасаў, Вітаўт Рамук, Аўген Вярбіцкі, Філарэт Родзька зь сям'ёй, Эмануіл Ясюк, Мікалай Хмыз ды інш. Было даслана запрашэньне й пісьменьніку ды журналісту Хведару Ільляшэвічу. Але 6 лістапада 1948 г. ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе ля Ватэнштэту ў паўночна-заходняй Нямеччыне.

Так, на пачатку 1950-х гг. Саўт-Рывэр стаў сталіцай прыхільнікаў БЦР ня толькі ў ЗША, але й ва ўсім заходнім сьвеце. Паўстаньню тут “беларускага” гораду з колькімі арганізацыямі паспрыяла й заснаваньне ў 1950 г. беларускай праваслаўнай парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай (настаяцель — а.Мікалай Лапіцкі). Беларуская царква прыцягнула ў Саўт-Рывэр яшчэ больш народу, бо рэлігійная самасьвядомасьць у беларускіх імігрантаў часам пераважала над нацыянальнай. Ад пачатку 1950-х у Саўт-Рывэры сталі рэгулярна зарганізоўвацца імпрэзы й грамадзкія сходы пад эгідай БЦР і прыязных ёй арганізацый. Тут прайшлі ўсе кангрэсы беларусаў Амэрыкі, тры зь пяці праведзеных у ЗША пленумаў БЦР. Адбылося ў Саўт-Рывэры й некалькі зьездаў беларусаў Канады й ЗША.

Прыклад Саўт-Рывэру паказальны для цэлага штату Нью-Джэрзі, які ўжо на самым пачатку 1950-х стаў самым па-грамадзку актыўным беларускім штатам у ЗША. Тут склаўся моцны асяродак Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, дзейнічалі два з чатырох аддзелаў Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту (у Пасэйку й Саўт-Рывэры). З часам у штаце Нью-Джэрзі былі адкрыты чатыры беларускія праваслаўныя парафіі: у Саўт-Рывэры, Гайлэнд-парку / Нью-Брансўіку, Пасэйку, Дораці. Акрамя таго, толькі ў Нью-Джэрзі былі заснаваны ўласныя беларускія нэкропалі: у Іст-Брансўіку (парафіі БАПЦ Жыровіцкай Маці Божай) і Саўт-Рывэры (парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай у юрысдыкцыі канстантынопальскага патрыярха).

У выніку актыўнай дзейнасьці асобных беларускіх дзеячоў паваеннай эміграцыі на невялікай тэрыторыі аднаго штату ЗША сканцэнтравалася даволі значная група беларусаў. Яны вызначаліся даволі высокім (параўнальна з імігрантамі папярэдніх хваляў) узроўнем нацыянальнай сьвядомасьці. Гэта давала трывалы грунт для стварэньня беларускіх арганізацый і наладжваньня грамадзкага жыцьця беларусаў у розных яго праявах.

Нязважна на тое, што беларусы ў ЗША жывуць ува ўсіх 50 штатах, беларускія арганізацыі існуюць у 8: Нью-Ёрк, Нью-Джэрзі, Агаё, Ілінойс, Мічыган, Каларада, Масачусэтс, Каліфорнія. Як азначалася вышэй, у ЗША беларускія імігранты прыехалі ўжо загадзя падзеленымі паводле палітычных прыхільнасьцяў і менавіта згодна зь імі пачалі ствараць свае арганізацыі — грамадзкія, моладзевыя, спартовыя, жаночыя ды інш.

Прыхільнікі БЦР заснавалі Злучаны беларуска-амэрыканскі дапамаговы камітэт, а прыхільнікі Рады БНР — Беларуска-амэрыканскую дапамогу;

прыхільнікі БЦР заснавалі Аб'яднаньне беларуска-амэрыканскай моладзі, прыхільнікі Рады БНР — Згуртаваньне беларуска-амэрыканскай моладзі;

прыхільнікі БЦР мелі Арганізацыю беларускіх вайскоўцаў, прыхільнікі Рады БНР — Згуртаваньне беларускіх вэтэранаў;

прыхільнікі БЦР стваралі парафіі ў юрысдыкцыі канстантынопальскага патрыярха, прыхільнікі Рады БНР — прыходы БАПЦ (у Брукліне, Гайлэнд-парку, Кліўлэндзе, у 1960-х гг. — у Дэтройце);

прыхільнікі БЦР мелі Арганізацыю беларускіх жанчын, прыхільнікі Рады БНР — жаночую сэкцыю пры Беларуска-амэрыканскім задзіночаньні.

Часам палярныя арганізацыі ствараліся сынхронна. Але самую першую паваенную арганізацыю беларусаў у ЗША — Злучаны беларуска-амэрыканскі дапамаговы камітэт (ЗБАДК) — заснавалі менавіта БЦРаўцы.

Месцам стварэньня й легальна-юрыдычнага афармленьня першых беларускіх арганізацый у ЗША стаў Нью-Ёрк: ЗБАДК у лістападзе 1948 г. і БАЗА ў 1949 г.

Адным зь першых прыехаў у ЗША Іван Ермачэнка. Адразу пасьля пераезду ён разам зь лекарскай практыкай распачаў і актыўную грамадзкую працу. У траўні 1948 г. ён быў прызначаны паўнамоцным паслом БЦР у ЗША. Пабачыўшы складанасьці ў дапамозе прыезду беларускіх Ды-Пі і цяжкія ўмовы іх жыцьця ў Нямеччыне, Іван Ермачэнка зрабіў спробу наладзіць сувязі са старой беларускай эміграцыяй і заклікаць яе да падмогі суродзічам у Эўропе — на ўзор украінскай, польскай, расейскай дыяспар.

Дзяяч зьвярнуўся да старой эміграцыі праз расейскамоўную прэсу й заклікаў стварыць у Амэрыцы беларускую грамадзкую арганізацыю — зямляцтва, мэтай якога мае быць дапамога суайчыньнікам у Нямеччыне запрашэньнямі, грашыма, працай і жыльлём.

За гэты неадназначны, з нацыянальнага гледзішча, зварот Івана Ермачэнку крытыкавалі ў беларускім друку. Прадстаўнікі ж старой іміграцыі пераважна сустрэлі заклік маўчаньнем. Шмат хто зь іх пад уплывам камуністычных і расейскіх прапагандыстаў з падазронасьцю ставіліся да новапрыбылых, лічылі іх нацысцкімі злачынцамі.

Колькасьць новапрыбылых беларусаў, між тым, з кожным месяцам усё большала. Таму насьпела патрэба заснаваць уласную арганізацыю самапомачы, а таксама сваё пэрыядычнае выданьне, якое выконвала б камунікацыйныя функцыі, гуртуючы раскіданых па ўсёй краіне беларусаў. Да таго ж, арганізацыя самапомачы ці ўзаемадапамогі плянавала стаць трывалым фінансавым падмуркам для эмігрантаў, бо зьбірала б добраахвотныя ўнёскі ад суайчыньнікаў і дапамагала тым, хто меў у гэтым патрэбу: суайчыньнікам у Ды-Пі-лягерах або імігрантам пры пераезьдзе й разьмяшчэньні іх у ЗША. Аналягічна дзейнічалі расейскія, украінскія, польскія ды іншыя арганізацыі.

Задумы ўдалося ажыцьцявіць увосень 1948 г. У верасьні было заснавана першае ў ЗША паваеннае пэрыядычнае выданьне на беларускай мове — часопіс “Беларус у Амэрыцы”. Гэты месяцовік, выдаваны рататарным спосабам, выходзіў да сакавіка 1949 г. у Саўт-Рывэры. Матэрыялы ў ім друкаваліся па-беларуску і па-ангельску. Рэдактарамі выданьня былі Янка Ніхаёнак і Барыс Кіт. Напэўна, супрацоўніцтва рэдактараў было абумоўлена іх ранейшым знаёмствам, яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Сын эмігрантаў першай хвалі (бацькі вярнуліся на Маладэчаншчыну ў першай палове 1920-х) Янка Ніхаёнак жыў у Лебедзеве, дзе ў 1941 г. некаторы час у бацькоў жонкі жыў і Барыс Кіт. Але ў Амэрыцы пасьля кароткага супрацоўніцтва шляхі двух дзеячоў разышліся. Янка Ніхаёнак улетку 1949 г. стаў адным са стваральнікаў Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, то бок прызнаў вяршэнства палітычнай плятформы Рады БНР. Барыс Кіт у лістападзе 1948 г. стаў адным са стваральнікаў Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту — арганізацыі, сябры якой пераважна падтрымлівалі БЦР.

Магчыма, менавіта гэтая акалічнасьць і паўплывала на тое, што выданьне “Беларуса ў Амэрыцы”, які меў шанец стаць агульнаэміграцыйным пэрыёдыкам, было спынена на чацьвёртым нумары. Надалей беларускія выданьні, засноўваныя ў ЗША, адразу вызначаліся ў сваіх палітычных прыярытэтах.

8 лістапада 1948 г. паўстала першая паваенная беларуская арганізацыя ў ЗША: у штаце Нью-Ёрк быў зарэгістраваны з правам юрыдычнай і фінансавай дзейнасьці Злучаны беларуска-амэрыканскі дапамаговы камітэт (ЗБАДК). У першы яго ўрад увайшлі: Іван Ермачэнка (старшыня), Барыс Кіт, Майк Філіповіч ды амэрыканка ўкраінскага паходжаньня Джын Скуба (Jean Skuba), якая шмат дапамагала беларусам.

Паводле статуту арганізацыі, мэтамі ЗБАДК былі: наладзіць сувязі між прадстаўнікамі дзьвюх хваляў эміграцыі, дапамагаць новым эмігрантам адаптавацца ў краіне, аказваць дапамогу суайчыньнікам у Нямеччыне, рэпрэзэнтаваць Беларусь і беларускую дыяспару перад амэрыканскімі ўладамі як на фэдэральным, так і штатавым узроўні.

Нягледзячы на ўласную ініцыятыву ў стварэньні арганізацыі і вялікі абсяг заплянаванай дзейнасьці, празь некалькі месяцаў па заснаваньні ЗБАДК доктар Іван Ермачэнка пакінуў пасаду яго старшыні. Прычынай сталі даносы, зробленыя беларускімі “добразычліўцамі” ў амэрыканскую выведку. Дзеяча зьвінавацілі за цеснае супрацоўніцтва зь немцамі падчас акупацыі Беларусі. Аднак галоўнай прычынай даносаў было, верагодна, імкненьне палітычных апанэнтаў спыніць кантакты Івана Ермачэнкі з амэрыканскімі чыноўнікамі. Ермачэнка меў трыццацігадовы досьвед міжнароднай працы і мог хутка наладзіць шчыльныя стасункі з Вашынгтонам. Ува ўмовах канкурэнцыі за рэпрэзэнтацыю перад амэрыканскімі ўладамі беларускіх інтарэсаў палітычныя апанэнты (у гэтым выпадку зь лягеру прыхільнікаў Рады БНР) імкнуліся як мага больш сапсаваць рэпутацыю Ермачэнкі ў вачах амэрыканцаў. Зьвінавачаньні настолькі моцна паўплывалі на чалавека, што ён ня толькі пакінуў пасаду кіраўніка ЗБАДК, але й на нейкі час наагул сышоў з актыўнага грамадзкага жыцьця, беручы толькі пасіўны ўдзел у імпрэзах і сьвяткаваньнях. Пасьлядоўнае цкаваньне давяло Ермачэнку ў 1949 г. да дэпрэсіі.

Новым старшынём ЗБАДК стаў доктар Мікалай Сьцяпанаў, які кіраваў арганізацыяй да лістапада 1949 г. — часу правядзеньня Другога Зьезду, калі кіраўніком Галоўнай управы быў абраны Барыс Кіт. На наступным, Трэцім Зьезьдзе (5 лютага 1950 г.), ЗБАДК узначаліў доктар Мікалай Шчорс.

Да 1950 г. філіялы Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту ўжо існавалі ў Нью-Ёрку (тут быў створаны першы аддзел), Пасэйку, Саўт-Рывэры, Лос-Анжэлесе. У 1953 г. у ЗБАДК налічвалася дзьвесьце актыўных сябраў ва ўсіх штатах краіны.

Натуральна, што Камітэт спрыяў найперш прыезду ў ЗША прыхільнікаў БЦР. А пасьля ўжо й прыхільнікі Рады БНР выпісвалі сваіх паплечнікаў. Уласную арганізацыю — Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне (БАЗА) — яны стварылі на паўгода пазьней за ЗБАДК, 31 ліпеня 1949 г. на сходзе актыву ў Нью-Ёрку.

Акрамя ЗБАДК, прыхільнікі БЦР ад самага пачатку сваёй дзейнасьці ў ЗША заснавалі шэраг іншых арганізацый, забясьпечваючы разнастайнасьць форм удзелу беларусаў у грамадзкім жыцьці, а таксама імкнучыся перамагчы ў суперніцтве з палітычнымі апанэнтамі з кола Рады БНР.

Улетку 1949 г. 31 ліпеня 1949 г. — было створана Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, якое аб'яднала прыхільнікаў Рады БНР. Арганізацыя існуе й сёньня.

Старшыні БАЗА:

Мікола Гарошка (1949—1952), Кушаль (1952—1954), Тулейка (1954—1957), Кунцэвіч (1957—1959), Мярляк (1959—1963), Станкевіч (1963—1965), Мікола Гарошка (1965—1967), У.Курыла (1967—1969), Вячка Станкевіч (1969—1971), Расьціслаў Гарошка (1971—1975), Шукелойць (1975—2007), Вячка Станкевіч з 2007.

4. Стварэньне БККА

ЗБАДК, з прычыны сацыяльна-дабрачыннай скіраванасьці, ня мог каардынаваць дзейнасьці ўсіх суполак сваіх прыхільнікаў. Таму паўстала ідэя стварэньня новай арганізацыі, якая пераняла б на сябе агульныя функцыі “рэпрэзэнтацыі беларускага грамадзтва перад амэрыканскім грамадзтвам”.

Ініцыятарам заснаваньня такой арганізацыі быў старшыня ЗБАДК Мікалай Шчорс, якога падтрымалі Лёнгіна Брылеўская й Аляксандар Русак. У жніўні 1950 г. яны выдалі зварот “Да Беларускае Арганізаванае Грамадзкасьці ў ЗША”.

Сьледам за зваротам быў прыняты яшчэ адзін дакумэнт — “Арганізацыйныя асновы Першага Беларуска-Амэрыканскага кангрэсу ў Амэрыцы”, які рэглямэнтаваў прынцыпы адбору дэлегатаў. Удзельнікамі Кангрэсу маглі быць усе беларусы, што пражывалі ў гэтай краіне: як народжаныя ў ЗША, так і тыя, хто прыбыў у краіну некалькі гадоў таму ці зусім нядаўна. Дэлегат выступаў або ад арганізацыі, або ад пэўнага асяродку (паселішча, гораду, штату) — абсалютная бальшыня новых эмігрантаў у гэты час, у 1950 г., працавала па кантракце, таму пераяжджала зь месца на месца, з гораду ў горад, са штату ў штат.

Запрашэньні на Кангрэс атрымалі ўсе аддзелы Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту. Чакалі прадстаўнікоў Арганізацыі беларускіх вайскоўцаў, Аб'еднаньня беларускіх жанчын, Аб'еднаньня беларускіх студэнтаў (БЦРаўскае), Аб'еднаньня праваслаўных беларусаў, Аб'еднаньня беларуска-амэрыканскай моладзі, Цэнтральнага прадстаўніцтва беларускай эміграцыі ў ЗША, Царкоўнай рады прыходу сьв. Эўфрасіньні Полацкай, Беларуска-амэрыканскай Рады ў Чыкага (Ігнат Лабач), Праваслаўнага Жыровіцкага брацтва ў Нью-Брансўіку, якое ўзначальваў Аляксандар Асіпчык. Згуртаваньне пісьменьнікаў і паэтаў у ЗША рэпрэзэнтаваў Юры Стукаліч (Віцьбіч).

Геаграфія індывідуальных запрашэньняў была шырокая. Іх атрымалі беларусы Нью-Ёрку, Брукліну, Гарфілду, Чыкага, Сан-Францыска, Дэйтану, Пуэбла, Арэгону, Дэтройту ды інш.

Былі таксама дасланы запрашэньні палітычным апанэнтам — БАЗА, Крывіцкаму навуковаму таварыству імя Пранціша Скарыны (старшыня — Янка Станкевіч), асобным суполкам БАЗА ў Кліўлэндзе, Саўт-Рывэры, Арганізацыі беларускіх студэнтаў (Міхась Тулейка), рэдакцыі газэты “Беларус”.

Аднак усе “крывіцкія” арганізацыі адмовіліся ад удзелу ў Кангрэсе. Дый калі б яны прынялі запросіны, наўрад удалося б зь імі дамовіцца. У пачатку 1950-х кожная з супрацьдзейных груп эміграцыі лічыла, што толькі яна мае права рэпрэзэнтаваць беларусаў за мяжой.

Арганізатары Кангрэсу запрасілі й прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, журналістаў этнічных газэт, а таксама аўтарытэтных грамадзкіх дзеячоў: Язэпа Варонку — першага прэм'ера ўраду БНР у 1918 г., Юр'я Сабалеўскага, Івана Ермачэнку, Вітаўта Тумаша, а таксама доктара Аляксандра Багдановіча, баптысцкага прапаведніка Данілу Яську, пісьменьнікаў Уладзімера Клішэвіча (Каліфорнія) ды Масея Сяднёва (Саўт-Рывэр), гісторыка, выкладчыка Гарвардзкага ўнівэрсытэту Мікалая Вакару.

Былі дасланы запрашэньні і ў Канаду: у Вініпэг — Беларускай нацыянальнай радзе, а таксама Згуртаваньню беларусаў Канады і рэдакцыі “Беларускага эмігранта”. Меркавалася, што ў тым разе, калі ў Кангрэсе возьмуць удзел прадстаўнікі Канады, арганізацыя зможа называць сябе паўночнаамэрыканскай. Рыхтавалі нават адпаведныя праекты рэзалюцый. Але прадстаўнікі Канады на Кангрэс не зьявіліся: ЗБК і “Беларускі эмігрант” з палітычнага антаганізму, дэлегаты зь Вініпэгу — з прычыны аддаленасьці.

Такім чынам, задуманы як агульнабеларускі эміграцыйны форум Кангрэс ад самага пачатку рызыкаваў ператварыцца ў чарговую арганізацыю адной з груповак, што рэпрэзэнтуе прыхільнікаў БЦР.

І Кангрэс беларусаў Амэрыкі прайшоў 11 лютага 1951 г. у Саўт-Рывэры, у Залі Шакаў. Пратаколу мерапрыемства, як і бальшыні дакумэнтаў Кангрэсу, не захавалася, таму дакладная колькасьць прысутных невядомая. Але ўдзельнікі Кангрэсу згадвалі пра 30—40 чалавек. У І Кангрэсе бралі ўдзел прадстаўнікі ад ЗБАДК, Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады (Чыкага), Аб'еднаньня беларуска-амэрыканскай моладзі, Аб'еднаньня беларускіх жанчын, Аб'еднаньня праваслаўных беларусаў, Цэнтральнага прадстаўніцтва беларускай эміграцыі.

Прыхільнікі Рады БНР на Кангрэс не прыехалі, таму форум стаў зьездам аднадумцаў — людзей, якія аднолькава бачылі мэты і задачы арганізацыі. Старшынём Кангрэсу дэлегаты абралі настаяцеля парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай а.Мікалая Лапіцкага, які быў маральным аўтарытэтам для новых беларускіх эмігрантаў. Віцэ-старшынём стаў Язэп Ляшчынскі (Міхась Кавыль) — на той час галоўны рэдактар “Беларускай трыбуны”, друкаванага органу ЗБАДК. Сакратаром Кангрэсу была абрана Лёнгіна Брылеўская, а ў склад прэзыдыюму ўвайшлі Леў Высоцкі, Ігар Шчорс, Алег Махнюк і Лявон Шурак.

Найбольш прадстаўнічым зьездам беларусаў Амэрыкі — у гэтым выпадку прыхільнікаў БЦР — быў абвешчаны Кангрэс беларусаў Амэрыкі. Меркавалася, што яны будуць склікацца раз на тры гады. У форс-мажорных варунках павінен быў склікацца Надзвычайны кангрэс. Але гэтае права ніводнага разу больш чым за пяцьдзясят гадоў не скарыстоўвалася.

Выканаўчым органам кангрэсаў беларусаў Амэрыкі абвяшчаўся Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА), які мусіў весьці ўсю грамадзкую працу ў пэрыяд між форумамі. Сярод задач БККА былі: каардынаваць працу розных беларускіх арганізацый у ЗША, выступаць ад іх імя перад амэрыканскімі палітычнымі й грамадзкімі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі. Выбары сябраў БККА мелі праходзіць шляхам патайнога галасаваньня на спаборнай аснове ці агульным сьпісам. Падчас Кангрэсу ўправа (урад) БККА здавала справаздачу яго ўдзельнікам, якія ацэньвалі зробленую працу, абіралі новы склад Кангрэсавага камітэту і рэвізійную камісію, вызначалі плян дзейнасьці на наступныя тры гады.

Першым старшынём БККА стаў Мікалай Шчорс — на той час кіраўнік арганізацыі, што зрабілася фундамэнтам БККА, — Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту. Акрамя яго, у склад БККА былі абраны: першы віцэ-старшыня — Ігнат Лабач (БАНР, Чыкага), другі віцэ-старшыня — Барыс Кіт (ЗБАДК, Каліфорнія), выканаўчы сакратар (скарбнік) — Іван Хіхлуша, сакратар — Міхась Сенька. Урад БККА: Сьвятаслаў Коўш (віцэ-старшыня Галоўнай управы ЗБАДК), які павінен быў курыраваць пытаньні культуры, асьветы і рэлігіі; Аляксандра Сабалеўская (АБЖ); Аляксандар Русак (старшыня Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва) — рэфэрэнт міжнародных зносін; Мікалай Філіповіч — скарбнік і рэфэрэнт сацыяльнага апекаваньня; Сымон Жамойда — прэс-сакратар.

Галоўнай мэтай Кангрэсу беларусаў Амэрыкі абвяшчалася “абарона інтарэсаў Амэрыкі і Беларусі”. Арганізацыя мусіла дзейнічаць ва ўсіх ЗША “шляхам супрацоўніцтва з урадам ЗША ды іншымі ўрадавымі дзейнікамі, з прадстаўніцтвам беларускага народу і праводзіць адпаведную дзейнасьць сярод амэрыканцаў беларускага паходжаньня.

Асобны пункт статуту зазначаў, што Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі зьяўляецца часовай установай, пакуль усе беларускія арганізацыі на амэрыканскім кантынэнце не аб'яднаюцца пад парасонам Кангрэсу беларусаў Амэрыкі. Але гісторыя БККА аказалася іншай.

5. Залежнасьць беларускай грамадзкай дзейнасьці ад амэрыканскай замежнай палітыкі

У першыя паваенныя гады, калі схлынула захапленьне супольнай перамогай нацызму, між ранейшымі саюзьнікамі пачалося новае процістаяньне — халодная вайна. ЗША, як і іншыя краіны заходняга блёку, сталі разглядаць СССР верагодным супраціўнікам у барацьбе за ўплыў у сьвеце. Аднак у новай сытуацыі прыярытэтным бачыўся ня столькі ваенны, колькі бяззбройны супраціў. На дапамогу былі пакліканы мэтады палітычнай прапаганды ды — як важны сродак у супраціве СССР — некалькі соцень тысяч выхадцаў з СССР/Расеі, што засталіся жыць у эміграцыі, пераважна ў Паўночнай Амэрыцы. У жніўні 1948 г. была зацьверджана сакрэтная дырэктыва Савету нацыянальнай бясьпекі 20/1 “Мэты ЗША ў дачыненьні да Расеі”. Яе галоўная выснова сьцьвярджала магчымасьць дасягненьня мэт вайны ў мірны час без ужываньня збройных сродкаў. За найлепшы варыянт разглядалі палітычнае ўрэгуляваньне крызысу, а ў пэрспэктыве замену ўраду ў СССР на дэмакратычны. Абаперціся ў гэтай справе было вырашана на розныя эмігранцкія суполкі. Першая спроба стварэньня такой базы з апорай на прадстаўнікоў даваеннай эміграцыі мела месца яшчэ ў другой палове 1940-х  гг., але праект пацярпеў паразу

18 студзеня 1951 г. Дзярждэпартамэнт ініцыяваў стварэньне Амэрыканскага камітэту вызваленьня народаў Расеі. Ён быў заснаваны як прыватная арганізацыя ў штаце Дэлавэр, каб дэ-юрэ адмежавацца ад афіцыйнай палітыкі Вашынгтону і падаваць дзейнасьць Камітэту як прыватную ініцыятыву выхадцаў з СССР. Галоўнай задачай новай арганізацыі (першы кіраўнік — Юджын Лаёнз) было стварэньне адзінага каардынацыйнага цэнтру змаганьня народаў Расеі супраць бальшавізму.

Амэрыканскі камітэт завязаў шчыльныя кантакты з эмігранцкімі арганізацыямі ў ЗША й Заходняй Эўропе. Гэтым разам стаўка рабілася на паваенную эміграцыю — былых Ды-Пі, уцекачоў ад савецкай улады, жаўнераў вайсковых фармаваньняў, перадусім уласаўцаў, красноўцаў і г.д. — усіх тых, хто надта адмоўна ставіўся да савецкай улады. Разам з этнічнымі расейцамі ўдзельнічаць у паступовым разбурэньні СССР павінны былі іншыя народы былой Расейскай імпэрыі. Каб заахвоціць да супрацоўніцтва, дэкляравалася стварэньне магутнай радыёстанцыі для вяшчаньня на СССР, а таксама шырокая фінансавая падтрымка розных выдавецкіх ды іншых эмігранцкіх праектаў. 17—20 жніўня 1951 г. на зьезьдзе ў Штутгарце, з палітычным і матэрыяльным спрыяньнем Амэрыканскага камітэту вызваленьня народаў Расеі, быў створаны Саюз вызваленьня народаў Расеі (СВНР) са штаб-кватэрай у Мюнхене. У гэтую арганізацыю ўвайшлі Ліга барацьбы за свабоду народаў СССР, Нацыянальна-працоўны саюз, Расейскі народны рух, Саюз барацьбы за свабоду Расеі, Саюз барацьбы за вызваленьне народаў Расеі.

Дактрына Саюзу вызваленьня народаў Расеі палягала ў барацьбе з камуністычнаю дыктатураю да ейнай поўнай ліквідацыі, прызнаньні раўнапраўя ўсіх народаў, вызнаньні іх права на вызначэньне ўласнага лёсу на падставе ўсенароднага галасаваньня, пераглядзе тэрытарыяльных захопаў, ажыцьцёўленых камуністамі; аднаўленьні дзяржаўнага сувэрэнітэту краін, гвалтам далучаных да СССР. Савет СВНР мусіў складацца з шасьцідзесяці сябраў: дваццаць расейцаў, дваццаць прадстаўнікоў нацыянальнасьцяў Расейскай імпэрыі (СССР): беларусы, украінцы, грузіны і г.д. — і дваццаць вядомых палітычных і культурных дзеячоў, незалежна ад нацыянальнасьцяў (мелі вылучацца першымі сарака сябрамі паводле ўзаемнага пагадненьня). Саюз распачаў актыўныя перамовы з іншымі этнічнымі арганізацыямі, у тым ліку й зь беларусамі. 17 верасьня 1951 г. адзін з кіраўнікоў СВНР, старшыня Часовага ўраду Расейскай рэспублікі ў 1917 г. Аляксандар Керанскі, зьвярнуўся да прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка. У выніку 7 лістапада 1951 г. у Вісбадэне было падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве. Свае подпісы пад дакумэнтам паставілі прадстаўнікі 12 эмігранцкіх арганізацый: пяці расейскіх — Народна-працоўнага саюзу (НТС), Саюзу барацьбы за вызваленьне Расеі, Саюзу барацьбы за вызваленьне народаў Расеі, Расейскага народнага руху, Лігі барацьбы за народную свабоду, а таксама Азэрбайджанскі народны савет, Грузінскі нацыянальны савет, Туркестанскі нацыянальны камітэт, Саюз за свабоду Армэніі, Паўночнакаўказкі антыбальшавіцкі нацыянальны рух і Рада БНР. Ад імя апошняй падпісаўся М.Брагулія такі псэўданім выкарыстаў намесьнік старшыні Рады БНР Барыс Рагуля, правая рука Міколы Абрамчыка.

Вісбадэнскае пагадненьне замацоўвала г.зв. прынцып “непрадрашэнства”: спачатку перамога над бальшавізмам, а пасьля, шляхам скліканьня Ўстаноўчага сходу, вырашэньне нацыянальных пытаньняў. Беларускія грамадзкія дзеячы на эміграцыі справядліва непакоіліся, што ў выніку нацыянальнае пытаньне павісьне ў паветры, і беларусы, нават па тэарэтычным вызваленьні ад бальшавізму, застануцца ў складзе Расеі. Улічваючы даволі далёкія пэрспэктывы магчымай перамогі над СССР, значная частка беларускіх дзеячоў палічыла прынцып “непрадрашэнства” за фактычную адмову ад прыярытэту нацыянальнага, ад, няхай пакуль і сымбалічнага, прызнаньня незалежнасьці Беларусі. Таму Мікола Абрамчык і Барыс Рагуля сутыкнуліся з жорсткай крытыкай ня толькі з боку палітычных апанэнтаў зь Беларускай Цэнтральнай Рады, але і ўнутры Рады БНР. Падпісаньне Вісбадэнскага пагадненьня выклікала крызыс у Радзе БНР, што спрычыніўся да выхаду зь яе групы дзеячоў. Ярлык “непрадрашэнства” стаў успрымацца як сынонім здрады нацыянальным інтарэсам дзеля асягненьня пэўнай фінансавай выгоды, бо дзейнасьць створаных на яго падставе структур шчодра фінансавалася амэрыканскім урадам.

Аднак жа Рада БНР — а менавіта Мікола Абрамчык і Барыс Рагуля — працягвала кантактаваць з Саюзам вызваленьня народаў Расеі. Хоць і не заўсёды адкрыта, а праз наваствораную арганізацыю, як, напрыклад, Беларускі антыбальшавіцкі фронт (старшыня — Янка Жытка). З іншага боку, 14 сакавіка 1953 г. на паседжаньні ў Парыжы “нерасейскія народы” дадаткова заснавалі Міжнацыянальны антыбальшавіцкі каардынацыйны блёк (Парыскі блёк), куды ўвайшлі прадстаўнікі Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, казакаў, Грузіі, Крыму (туркі), Паўночнага Каўказу, Туркестану, Украіны. Гэты блёк цесна супрацоўнічаў з Каардынацыйным цэнтрам антыбальшавіцкай барацьбы (КЦАБ) — так стаў называцца Саюз вызваленьня народаў Расеі пасьля пратэсту “нерасейскіх народаў”. Выступілі й іншыя нацыянальныя арганізацыі — украінскія, прыбалтыйскія, некаторыя закаўкаскія ды мусульманскія. 14 кастрычніка 1951 г. у Нью-Ёрку была створана арганізацыя паняволеных народаў Расеі “Клюб Прамэтэй”, у якую ўвайшлі й беларусы. У 1953 г. яе ўзначаліў Мікалай Шчорс. Ад беларусаў у “Клюб Прамэтэй” таксама ўваходзіў Віктар Чабатарэвіч. Але параўнальна з КЦАБ сур'ёзнай ролі на эміграцыі ні Парыскі блёк, ні тым больш “Прамэтэй” не адыгрывалі.

Што да Каардынацыйнага цэнтру антыбальшавіцкай барацьбы, то ён канчаткова аформіўся ў кастрычніку 1952 г. (кіраўнік Сяргей Мельгуноў) зь сядзібай у Мюнхене. У 1953 г. быў запачаткаваны галоўны праект Амэрыканскага камітэту й КЦАБ — радыё “Вызваленьне” (цяпер — радыё “Свабода”). У структуры радыё была створана й Беларуская рэдакцыя (першы кіраўнік — Вінцэнт Жук-Грышкевіч). Трыма гадамі раней, у 1950 г., у Мюнхене быў заснаваны Інстытут вывучэньня СССР, які ад 1951 г. стаў атрымліваць сталыя датацыі Амэрыканскага камітэту. Галоўнай мэтай стварэньня Інстытуту было навуковае дасьледаваньне жыцьця ў СССР (з гістарычнага, геаграфічнага, рэлігійнага, культурнага, статыстычнага гледзішча), што цалкам адпавядала новай канцэпцыі супрацьстаяньня. Былі сярод супрацоўнікаў Інстытуту й беларусы (Антон Адамовіч, Сымон Кандыбовіч, Станіслаў Станкевіч, Павал Урбан, Надзея Тэадаровіч (Абрамава), Алесь Марговіч ды інш.), выдаваліся беларуска- і ангельскамоўныя “Беларускія зборнікі”.

У згаданых умовах асаблівага зацікаўленьня амэрыканскімі ўладамі актыўнасьцю эмігранцкіх арганізацый антысавецкага кірунку і нават сур'ёзнага спрыяньня іх дзейнасьці пачынаў сваю працу Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, што меркаваў выступаць ад імя ўсяе беларускае дыяспары ў краіне.

Крыніцы і літаратура:

1. Архіў Беларускага кангрэсавага камітэту (Саўт-Рывэр, ЗША).

2. Збор дакумантаў сьв.Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (на выгнаньні). Authorized by Metropolitan Andrew. Compiled by the Consistory of BAOChurch. [Б.М.], 1983.

3. Беларускае слова. №1 (17 сьнежня 1948) — №32 (сьнежань 1956).

4. Беларуская думка (Саўт-Рывэр — Нью-Джэрзі). №№1—57.

5. Беларуская трыбуна (Нью-Ёрк, Гарфілд). №№1—7 (1950—1953)

6. Бюлэтэнь Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту, аддзел Нью-Ёрк. №№1—4 (жнівень 1953 — сакавік 1954).

7. Царкоўны сьветач (Саўт-Рывэр). №1 (1951) — №41 (1988).

8. Архіепіскап Апанас (Антон Мартас). На ніве Хрыстовай: у пяцідзясятыя ўгодкі сьвятарства 1928—1978. Успаміны. Нью-Ёрк—Менск—Варшава, 2005.

9. Архіў БЦР (Саўт-Рывэр, ЗША)

10 . Архіў Радаслава Астроўскага (Саўт-Рывэр, ЗША)

11 . Архіў Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту (Саўт-Рывэр, ЗША)

12 . Архіў Аляксандра Русака (Саўт-Рывэр, ЗША)

13 . Архіў Анатоля Плескачэўскага (Саўт-Рывэр, ЗША)

14 . Архіў Уладзімера Пелясы (Саўт-Рывэр, ЗША)

15 . Архіў Івана Касяка, што захоўваецца ў Александрыйскай бібліятэцы Ратгерскага ўнівэрсытэту (Нью-Брансьвік, штат Нью-Джэрзі, ЗША).

16 . Архіў Расьціслава Завістовіча

17. Commemorative Book. In celebration of South River's 275th Anniversary 1720—1995. [South River, 1995].

18. International Migration 1945—1957. International Labour Office Studies and reports. New Series. No.54. Geneva, 1959.

19. Kasiak I. Byelorussian: historical outline. Historical materials collected, reviewed and prepared for publication by Ivan Kasiak. London, 1989.

20. Kipel V. Belarusans in the United States. Lanham—New York—Oxford, University Press of America, 1999.

21. Vitaut Kipel, Zora Kipel. Belarusian Publishing in the West: A Bibliography. Warsaw, 2006.

22. Vernant J. The Refugee in the Post-War Period. New Haven: Yale University Press, 1953.

23. Адзінец А. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў. Менск, 2007.

24. Галяк Л. Успаміны. Кн. 2. ЗША, 1983. С. 76.

25. Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Менск, 1993.

26. Лапіцкі М. У служэньні Богу й Беларусі / Укл., прадм., камэнт. Ю.Гарбінскага. Нью-Ёрк—Варшава, 2005.

27. Максімюк Я. Беларускія гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945—1950). Нью-Ёрк—Беласток, 1994.

28. Мерляк К. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі. Праніклівасьць і практычны падыход. Нью-Ёрк, 1992.

29. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Менск, 1993.

30. Панькоў М. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984). Мінск, 2001.

 

 

Лекцыя 2
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY