ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

АЛЕГ ГАРДЗІЕНКА. АПАЗЫЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ (1944—1953)

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

ЛЕКЦЫЯ 3. РЭЛІГІЙНАЯ АПАЗЫЦЫЯ САВЕЦКАЙ УЛАДЗЕ (1944—1953 гг.)

 

Плян:

1. Рэлігійная апазыцыя як форма агульнадэмакратычнай апазыцыі савецкаму рэжыму.

2. Каталіцкі Касьцёл у Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны.

3. Зьмена палітычнага становішча ў Беларусі пасьля 1944 г. Рэпатрыяцыя ксяндзоў у Польшчу.

4. Першыя рэпрэсіі савецкай улады.

5. Каталіцкая вера — форма духоўнай апазыцыі рэжыму.

6. Змаганьне за вернікаў (1944—1953 гг.).

7. Пратэстанцкія суполкі ў Беларусі.

8. Дзейнасьць пяцідзясятнікаў у Беларусі.

 

Формай дэмакратычнай апазыцыі савецкай уладзе ў пасьляваеннай Беларусі можна лічыць дзейнасьць Каталіцкага Касьцёлу і пратэстанцкіх аб'яднаньняў.

Да 1939 г. каталіцкае жыцьцё ва ўсходняй частцы Беларусі было цалкам спынена, касьцёлы зачыненыя, а сьвятары рэпрэсаваныя. Верасень 1939 г. зьмяніў сытуацыю і ў Заходняй Беларусі, дзе раней рэлігійныя свабоды не абмяжоўваліся. Ксяндзы і пратэстанцкія пастары сталі лічыцца ворагамі савецкай улады. Частку ксяндзоў і пастараў адразу ж арыштавалі, вывезьлі ў Сыбір і расстралялі. Сярод загінуўшых і вядомы дзяяч беларускага каталіцкага руху Фабіян Абрантовіч, які, прыехаўшы з-за мяжы на Наваградчыну адведаць сваіх бацькоў, быў арыштаваны. У кастрычніку 1939 г. быў пасаджаны ў камэру для сьмяротнікаў пробашч касьцёла ў Пружанах Казімір Сьвёнтэк, будучы кардынал Беларусі.

З пачаткам нямецкай акупацыі Беларусі (чэрвень 1941 г.) пачалося адраджэньне рэлігійнага жыцьця. Акупацыйныя ўлады паспрабавалі знайсьці падтрымку сваёй палітыкі сярод той часткі мясцовага насельніцтва, для якой рэлігійныя патрэбы былі важнымі. Улічваючы колькасную перавагу праваслаўных, немцы, у першую чаргу, зрабілі палёгкі Праваслаўнай Царкве, у прыватнасьці, дазволілі ёй у верасьні 1942 г. абвясьціць аўтакефалію. Што тычыцца каталіцкай і пратэстанцкіх канфэсіяў, то стаўленьне да іх было больш асьцярожнае. Каталіцкі Касьцёл уважаўся за польскі, а Польшча працягвала заставацца ворагам нямецкай дзяржавы, што, натуральна, распаўсюджвалася і на сьвятароў. Тое ж тычылася і пратэстанцкіх канфэсіяў, якія “маглі дзейнічаць” у інтарэсах заходніх краінаў.

Генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ ў сваёй палітыцы рабіў стаўку на беларускі нацыяналізм, таму і Касьцёл не застаўся па-за ягонай увагай. Са свайго боку захады па аднаўленьні дзейнасьці Касьцёлу на Беларусі рабіў і Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Яблжыкоўскі.

13 кастрычніка 1941 г. ён быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для Менскай і Магілёўскай дыяцэзіяў з надзвычайнымі паўнамоцтвамі (прызначэньне Ватыкана). Сваёй уладай ён прызначаў ксяндзоў у былыя парафіі гэтых дыяцэзіяў. Пры гэтым, калі Генэральны камісар прытрымліваўся прабеларускай палітыкі, то Апостальскі адміністратар адстойваў інтарэсы палякаў. Канфлікт, які зьявіўся ад пачатку існаваньня незалежнай Польскай дзяржавы паміж беларускімі і польскімі сьв я тарамі, аднавіўся. Даходзіла ўжо нават да ўзаемных абвінавачаньняў і даносаў у СД. Узаемныя скаргі і даносы рабіліся падставай для ліквідацыі сьвятарства, што прывяло да таго, што немцы, а таксама польскія і савецкія партызаны зьнішчылі некалькі дзясяткаў сьвятароў.

Зь ліпеня 1944 г. тэрыторыя Беларусі зноў стала савецкай. Быў адноўлены савецкі лад жыцьця і дзяржаўны апарат. Ва Ўсходняй Беларусі (па тагачасным адміністрацыйным падзеле — Бабруйская, Палеская, Полацкая, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Віцебская вобласьці), дзе пераважала беларускае праваслаўнае насельніцтва зь невялікай колькасьцю каталікоў, савецкі ўрад лічыў непатрэбным існаваньне якіх-небудзь каталіцкіх установаў. Да 1946 г. усе каталіцкія касьцёлы, узноўленыя падчас нямецкай акупацыі, былі зачыненыя.

Да ліпеня 1944 г. тэрыторыя Заходняй Беларусі, паводле касьцельнай структуры, была падзеленая на тры дыяцэзіі: Віленскую, Пінскую і Ломжынскую. У верасьні 1944 г. значная частка Беластоцкай вобласьці і тры раёны Брэсцкай вобласьці былі перададзеныя Польскай Народнай Рэспубліцы. Віленскі край так і застаўся ў межах Літоўскай ССР, што значна скараціла адсотак каталікоў у Беларусі. Але ранейшая касьцельная структура была захаваная. Хаця і без кіраўніка, але працягвала існаваць Пінская дыяцэзія. Віленскае арцыбіскупства, фактычна, аказалася падзеленае на тры часткі: асноўная знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, меншая — у складзе Літоўскай ССР, астатняя — у Польшчы. Рэзыдэнцыяй Віленскага біскупа быў абраны Беласток, і біскупства намінальна стала належыць да Польскай каталіцкай царквы.

Ксяндзам у гэты час стала выгадна быць (ці лічыцца) палякамі, бо ў выпадку ўзьнікненьня неспрыяльных абставінаў яны мелі магчымасьць выехаць у Польшчу ці маглі разлічваць на дапамогу найвышэйшых касьцельных уладаў Польшчы ці Ватыкана.

Падчас першай хвалі рэпатрыяцыі (1944—1948 гг.) у межах абмену паміж грамадзянамі ПНР і СССР зь Беларусі выехала 274 тыс. чалавек польскай нацыянальнасьці, у тым ліку і вялікая колькасьць беларусаў-каталікоў, якія пазначылі сваю нацыянальнасьць як польскую. Пакінулі Беларусь і 304 духоўныя асобы. У сувязі з тым, што беларускія каталіцкія дзеячы, у прыватнасьці, Вацлаў Аношка, Леў Гарошка, Язэп Дашута, Янка Жук, Янка Ляўковіч, Леанард Чэрняк, Эдвард Юневіч і інш., выехалі на Захад, пытаньне аднаўленьня Беларускага Касьцёлу адклалася на доўгія дзесяцігодзьдзі. І выбар беларуса-каталіка быў дылемны: ці Польскі Касьцёл, ці саветызацыя сьвядомасьці. З двух гораў абіраюць найменшае. Беларускае каталіцкае грамадзтва абрала Касьцёл з польскай мовай.

Каталіцкае сьвятарства ў Беларусі, якое не хацела ці не паспела пакінуць Беларусь у 1944 г., патрапіла пад хвалю новых савецкіх рэпрэсіяў. Праз сваю душпастырскую працу падчас нямецкай акупацыі сьвятарства абвінавачвалі ў супрацоўніцтве зь немцамі, а таксама ў антысавецкай паваеннай дзейнасьці, сабатажы, агітацыі супраць савецкай улады. Напрыканцы 1944 г. за антысавецкую дзейнасьць быў арыштаваны і асуджаны пробашч у Пружанах Казімір Сьвёнтэк. Ксёндз Віктар Шутовіч, які зь лета 1944 г. працаваў у менскім касьцёле сьв. Сымона і Алены, быў арыштаваны ў снежні 1945 г., прысуджаны да турэмнага зьняволеньня і высланы ў канцлягер у Комі АССР.

У красавіку 1949 г. у Вільні ахвярай рэпрэсіяў стаў Адам Станкевіч, выдатны дзяяч беларускага нацыянальнага руху. Ён быў асуджаны да 25 год зьняволеньня і памёр у тым жа годзе ў Тайшэтлаге. Ад катаваньняў і зьдзекаў памёр у Бутырскай турме і колішні рэктар Менскай сэмінарыі Фабіян Абрантовіч. Былі рэпрэсаваныя Янка Семашкевіч, Міхаіл Шалкевіч, Андрэй Цікота. Усяго ў 1944—1951 гг. было арыштавана каля 200 духоўных асобаў, што складала блізу 70—80% усіх сьвятароў Заходняй Беларусі. Найбольш распаўсюджаным прысудам было пазбаўленьне волі на 10 ці 25 год, да якога дадавалася канфіскацыя маёмасьці і паражэньне ў правах на 5 год. Тыя, хто выжыў у лягерах, пасля ўжо мелі магчымасьць вярнуцца на Беларусь, але выязджалі ў Польшчу.

Далейшая саветызацыя Заходняй Беларусі, насаджэньне камуністычнага сьветапогляду, дэнацыяналізацыя грамадзтва выклікалі адмоўную рэакцыю ў часткі насельніцтва, а тым больш каталіцкага сьвятарства. Зьнешне Каталіцкая Царква не брала дзейснага ўдзелу ў апазыцыйным руху. Касьцёл лічыў сябе па-за палітыкай, ці нават па-над палітыкай: гэтаму нямала садзейнічала незалежнасьць Касьцёлу ад Масквы і фінансаваньне яго Ватыканам. Нягледзячы на тое, што дзяржава імкнулася дыскрэдытаваць рэлігійныя культы, гэта не адштурхоўвала ад іх людзей. У той час як Расейская Праваслаўная Царква ў рэспубліцы запляміла сябе канфармізмам і супрацоўніцтвам з камуністычнымі ўладамі (функцыянаваньне Праваслаўнай Царквы жорстка кантралявалася Масквой), Каталіцкі Касьцёл дэманстратыўна аддаліўся ад кантактаў зь дзяржавай.

Шмат якія ксяндзы, што засталіся на беларускіх землях, працягвалі апазыцыйную дзейнасьць. Зьнешне ў грамадзкім жыцьці панавала савецкая ідэалёгія, але вернікі празь веру ў Бога імкнуліся захаваць сваю аўтаномію і індывідуальнасьць. Адказнасьць перад кімсьці мусіць быць пэрсанальнай (тады чалавек, нягледзячы на цяжар адказнасьці, пачувае сябе індывідам), дзяржаўная ж ідэалёгія ўскладала адказнасьць на калектыў, і чалавек губляўся ў безаблічным людзкім моры. Пробашч касьцёла Казімір Сьвёнтэк заўсёды лічыў, што адзіная легітымная ўлада для вернікаў на зямлі — гэта ўлада Папы Рымскага, таму ўсе астатнія формы ўлады нелегітымныя (такім чынам, у лік нелегітымных патрапляла і савецкая ўлада).

Каталіцкі Касьцёл у Беларусі (1944—1953 гг.)

У лістападзе 1944 г. новы Віленскі арцыбіскуп Мечыслаў Рэйніс вызначыў трох генэральных вікарыяў для часткі дыяцэзіяў. Такі ход быў вымушаны, ранейшая касьцельная структура ў дыяцэзіі была разарваная, і ўзьнікла неабходнасьць наладзіць камунікацыю паміж яе часткамі. Вікарыем у Гародне, Луньне, Бераставіцы і Ваўкавыску стаў Антоні Курыловіч, віцэ-дэкан гарадзенскі; ксёндз-дэкан з Глыбокага Антоні Зянкевіч стаў генэральным вікарыем дэканатаў у Глыбокім, Браславе, Міёрах, Паставах, Вілейцы, Сьвіры, Маладзечне і Ашмянах. Дэкан лідзкі Баярунец кантраляваў дэканаты Ліда, Беняконі, Слонім, Вішнева, Васілішкі.

Ужо ў 1944 г. пачаліся рэпрэсіі супраць каталіцкага сьвятарства. З 29 чэрвеня 1944 г. у Менску, у касьцёле сьв. Сымона і Алены працаваў беларускі ксёндз Віктар Шутовіч. У Слуцку Мечыслаў Малыніч-Маліцкі, касьцёлы Оршы і Магілёва абслугоўваў Баляслаў Сьперскі. Ад восені 1944 г. НКВД узялася за справу. Былі арыштаваныя Віктар Шутовіч, Мечыслаў Малыніч-Маліцкі, Баляслаў Сьперскі.

Значная частка сьвятароў з Заходняй Беларусі актыўна супрацоўнічала ці дапамагала польскаму патрыятычнаму падпольлю, што вяло барацьбу з савецкай уладай. Ксяндзы ці перахоўвалі антысавецкую літаратуру, ці адкрыта выступалі супраць савецкай улады (напр., кс. Юзаф Грабоўскі адкрыта заклікаў супраціўляцца савецкай уладзе).

Ксёндз Ян Васілеўскі зь Пінска быў арыштаваны па падазрэньні ў аўтарстве кнігі “Ў капцюрах Антыхрыста”. Ён прызнаў сваё аўтарства, але адхіліў прапановы аб “супрацоўніцтве” з савецкай уладай. 22 жніўня 1945 г. ён быў арыштаваны, асуджаны на 10 год высылкі і памёр у лягеры пад Енісеем.

На 1947 г. у Віленскай архідыяцэзіі працавала 190 ксяндзоў, у Ломжынскай — 4 сьвятары на 10 парафіяў, 20 сьвятароў у Пінскай дыяцэзіі. Перад ксяндзамі ставаў выбар: ці пераезд у Польшчу, ці застацца з парафіянамі. Адны вырашалі зьехаць, гэта найперш тычылася ўраджэнцаў этнічнай Польшчы.

Той жа, хто заставаўся, рызыкаваў уласным жыцьцём. Рэпатрыяцыя ў Польшчу скончылася напрыканцы 1947 г., ейнае сканчэньне дало пачатак афіцыйнаму паляваньню на сьвятароў. Найчасьцей галоўным абвінавачаньнем была антысавецкая прапаганда, падтрыманьне кантактаў з замежнымі “белапольскімі” арганізацыямі, пераказаньне за мяжу дзяржаўных тайнаў, захоўваньне антысавецкай літаратуры. Ксяндзы абвінавачваліся і ў шпіёнстве на карысьць Ватыкана. Ад 1947 г. галоўнымі пакараньнямі сталі тэрмін у 25 год, канфіскацыя маёмасьці і паражэньне ў правах. Суды праходзілі па адным і тым жа сцэнары.

Вось што сьведчыць Станіслаў Рыжка пра працэс, які адбываўся над ім: “Было адчытана абвіначаньне. Потым пачалі зачытваць, задаваць пытаньні, пераважна то быў вядучы працэсу. Сярод іншых, чаму хваліў старую Польшчу. Довадам служылі кніжкі і брашуры, выдадзеныя да 1939 г., якіх яны не чыталі. Працэс адбываўся спакойна. Было дазволена прамаўляць па-польску. Калі Багдановіч (упаўнаважаны па культах і рэлігіях) абвінаваціў мяне ў тым, што я вораг савецкай улады, пракурор, ня ведаю чаму, задаў пытаньне, ці выступаю я зараз супраць савецкай улады, ці не. Я падумаў, калі я тут выступаю афіцыйна, то мушу казаць толькі праўду. “Так, я праціўнік савецкай улады”,— адказаў я. У залі зрабілася ціха. Судзьдзя нешта хацеў мовіць, але згубіў голас. “Старшы” прачытаў абвінавачаньне, згодна зь якім я мусіў быць пакараны сьмерцю, але сьмяротнае пакараньне цяпер у СССР замененае на 25 год”.

Што непакоіла савецкую ўладу ў дзейнасьці каталіцкіх сьвятароў у Беларусі, нават пасьля арышту большасьці ксяндзоў? Найперш, уплыў на людзкую сьвядомасьць. І гэта нягледзячы на тое, што колькасьць ксяндзоў істотна скарацілася.

З-за рэпрэсіяў частка парафіяў пазбавілася сьвятароў, таму ксяндзы выконвалі душпастырскія абавязкі ў некалькіх парафіях. Ксяндзы рабілі гэта ў інтарэсах вернікаў, аднак савецкія ўлады падавалі такую самаахвярнасьць сьвятароў як сродак паляпшэньня іхнага матэрыяльнага становішча. У 1948 г. афіцыйна забаранілі сумяшчаць некалькі парафіяў, аднак ксяндзы мала на гэта зважалі і працягвалі займацца задаволеньнем патрабаваньняў парафіянаў, рызыкуючы ўласным жыцьцём.

Другі накірунак працы, якой займаліся сьвятары і які непакоіў улады, было рэлігійнае выхаваньне дзяцей і моладзі. Можна тут выдзеліць асобу кс. Барташэвіча, які ў 1955 г. быў пробашчам касьцёла ў в.Адэльск Сапоцкінскага раёну. За некалькі тыдняў ён абышоў усе вёскі, падуладныя парафіі. Першай ягонай акцыяй, якая “ўсхвалявала” ўлады, было адзначэньне забароненага сьвята “Дзяды” (2 лістапада 1955 г.). Больш за тысячу чалавек на чале з ксяндзом прайшлі з харугвамі ў руках да вясковых могілак дзеля ўшанаваньня памяці продкаў. Барташэвіч разьвіў актыўную дзейнасьць па павышэньні рэлігійнай сьвядомасьці дзяцей і моладзі. Вучні школы бралі ўдзел у шэсьці вакол касьцёла, а ў рэлігійныя сьвяты не наведвалі школьныя заняткі. Кс. Барташэвіч набыў спартовы інвэнтар і займаўся фізычнымі практыкаваньнямі разам са школьнікамі, пакуль гэта не было забаронена мясцовымі ўладамі.

У некалькіх парафіях Заходняй Беларусі вялося нелегальнае навучаньне дзяцей рэлігійным навукам (весьці заняткі зь дзецьмі было забаронена ў 1947 г.). Сьвятароў вымушалі даваць адмысловую распіску, і за парушэньне загаду іх чакалі суровыя санкцыі. Ксёндз-дэкан з Астравецкага раёну Курп-Гарбоўскі адмовіўся даваць такую распіску, матывуючы гэта наступным чынам: “У Савецкім Саюзе манапольнае права на навучаньне і выхаваньне моладзі належыць камуністам, якія прышчапляюць ім толькі матэрыялістычны сьветапогляд. Я павінен буду выканаць ваш загад, спыню навучаньне дзяцей Катэхізісу, ня стану выкладаць наша разуменьне прыроды, але гэта ня ёсьць свабодай сумленьня”.

Сьмерць Сталіна ў сакавіку 1953 г. не прынесла палёгкі каталікам і каталіцкаму сьвятарству. Рэпрэсіі былі спыненыя, аднак ціск на Касьцёл працягваўся. Касьцёл заставаўся варожым у адносінах да савецкай улады, што разумела і ўлада, і самі сьвятары.

Пратэстанцкія суполкі і супраціў у Беларусі

Дзейнасьць беларускіх пратэстантаў цесна зьвязана з асобай лідэра беларускіх пяцідзясятнікаў Івана Панько (1897 г.н.). Ён у 1920 г. прыняў хрост і стаў сябрам суполкі пяцідзясятнікаў. У 1937 г. Іван Панько быў абраны прэсьвітарам баранавіцкай суполкі вернікаў. Падчас нямецкай акупацыі ён атрымаў дазвол на правядзеньне рэлігійнай дзейнасьці. Пасьля Іван Панько стаў лідэрам усёй паствы Баранавіцкай акругі і на гэтай пасадзе зрабіў шмат добрага для вернікаў. У Баранавіцкай акрузе былі заснаваныя новыя суполкі вернікаў.

У ліпені 1944 г. на Беларусь прыйшлі савецкія войскі, разам з вызваленьнем ад немцаў прыйшоў новы рэлігійны прыгнёт.

Разам з найбліжэйшымі памочнікамі (сакратаром духоўнай кансысторыі Сяргеем Вашкевічам і дзяканам Нічыпарам Касьніковічам) Іван Панько стварыў Нелегальны кіраўнічы Цэнтар Пяцідзясятніцкага Руху, які сам і ўзначаліў. Зыходзячы з царкоўных дагматаў, Цэнтар ставіў сваёй мэтай вызваленьне прэсьвітарскага актыву ад мабілізацыі ў войска. У 1945 г. быў праведзены нелегальны сход прэсьвітараў, на якім былі вызначаныя формы дзейнасьці і зьбіраліся грошы на далейшую дзейнасьць. За 1945—1947 гг. ад мабілізацыі ў войска былі вызваленыя каля 100 чалавек.

У 1949 г. лідэры НКЦ былі арыштаваныя органамі МДБ. Увесну былі арыштаваныя прэсьвітары Паляновіч (кіраўнік вернікаў Лагішынскага раёну), Тур (Любчанскага раёну), Кульбіцкі (Радашкаўскага раёну), Сяргей Вашкевіч, а ў пачатку 1950 г. быў арыштаваны і Іван Панько. Суд абвінаваціў іх у антысавецкай прапагандзе, распаўсюджваньні рэлігійнага “дурману” сярод шырокіх масаў насельніцтва, і найперш моладзі.

Другая палова 1940-х гг. характарызавалася ростам актыўнасьці пратэстанцкіх цэркваў. У кастрычніку 1944 г. адбылося аб'яднаньне баптыстаў з эвангельскімі хрысьціянамі. Аб'яднаньнем царквы заняўся Ўсесаюзны савет эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (УСЭХБ), які меў сядзібу ў Маскве. У 1945 г. кіраўнічы цэнтар баптыстаў стаў выдаваць часопіс “Брацкі весьнік”.

У жніўні 1945 г. кіраўнікі хрысьціянаў веры эвангельскай зь Беларусі Іван Панько і Сяргей Вашкевіч разам з украінскімі пяцідзясятнікамі зьвярнуліся з просьбай абмеркаваць магчымасьці і ўмовы іх уваходжаньня ў Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай. 29 жніўня 1945 г. быў прыняты адпаведны дакумэнт, вядомы як Жнівеньскае пагадненьне. Пасьля яго падпісаньня пачалася кампанія аб'яднаньня. Аднак незадаволеныя былі як з аднаго, так і з другога боку. Супраць выступалі прэсьвітары эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Р.Барушка (в. Глудня Бярозаўскага раёну), І.Саковіч (в. Голкава Антопальскага раёну), І.Кірылюк (в. Матвеевічы Жабінкаўскага раёну). Былі праціўнікі і з боку пяцідзясятнікаў (хрысьціяне веры эвангельскай). Яны адмовіліся праходзіць перарэгістрацыю, не прызнавалі кіраўніцтва УСЭХБ, абвінавачвалі яго ў тым, што яно прадалося Антыхрысту. Пяцідзясятнікі адмаўляліся падпарадкоўвацца кіраўніцтву, праводзілі “па-старому” абрады. У лістападзе-сьнежні 1949 г. кіраўнікі пяцідзясятнікаў Іван Панько і Сяргей Вашкевіч былі арыштаваныя.

Аднак надзеі савецкай улады на тое, што такія меры (арышты і аб'яднаньне рэлігійных суполак) зьнізяць уплыў пратэстанцкіх суполак, не апраўдаліся. Парафіі расьлі, найбольш актыўнымі на Гарадзеншчыне былі суполкі ў в.Бародзічы (Зэльвенскі раён), у Лідзе.

Многія суполкі атрымлівалі літаратуру з-за мяжы, у тым ліку і з антысавецкім зьместам. Казаньні сьвятароў эвангельскіх хрысьціянаў і пяцідзясятнікаў адштурхоўвалі людзей ад савецкай маралі, дапамагалі знайсьці ўласнае “я”. Органы ўлады гэта добра разумелі і імкнуліся праз арышты, запужваньні і нерэгістрацыю рэлігійных суполак разбурыць рэлігійнае жыцьцё. Аднак уплыў рэлігійных аб'яднаньняў не зьмяншаўся, а, наадварот, узрастаў. Асабліва відавочным гэта стала ў 1960-х гг.

Літаратура

1. Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. Даведнік. —Мн., 1999.

2. История евангельских христиан-баптистов в СССР. —М., 1989.

3. Канфесіі на Беларусі (канец 18—пач. 20 стст.) / Пад рэд. У.І.Навіцкага. —Мн., 1998.

4. Касьцюк М.П. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. —Мн., 2000.

5. Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. —Беласток, 1999.

6. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. —Мн., 1995.

7. Няхай сьведчаньне іх веры не забудзецца. Лёс каталіцкага касьцёла ў Беларусі ў 1917—1953 гг. Непакалянаў, 2000.

8. Hlebowicz A. Kosciol w niewoli. —Gdansk, 1993.

 

 

Лекцыя 3
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY