ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

ЮРЫ ВАШКЕВІЧ. ПОЛЬСКІ ЧЫННІК ВЭСТЭРНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСІ

 

Лекцыя 1

Плян:

1. Польская культура — пасярэднік стасункаў Захаду і Ўсходу

2. Шляхта як сацыяльна-культурны фэномэн

3. “Сацыялістычная” Польшча — вакно ў Эўропу

Беларусь заўсёды знаходзілася на памежжы двух макрарэгіёнаў — усходняга (бізантыйскага) і заходняга (лацінскага), на памежжы ўсходнеславянскага і заходнеславянскага сьветаў, а таму ў яе культуры можна лёгка знайсьці сьведчаньні прысутнасьці і таго, і другога. Прычым, цягам гісторыі ў нашай краіне ўсходнія і заходнія ўплывы ня толькі сутыкаліся і супрацьдзейнічалі адзін аднаму, але й творча ўзаемілі, прадукуючы новыя культурныя зьявы.

Сярод дасьледчыкаў г.зв. расейска-савецкага гарту было прынята рэпрэзэнтаваць заходнія ўплывы на Беларусь як адназначна нэгатыўныя, а ўплывы Ўсходу — як выразна пазытыўныя. На жаль, гэтая традыцыя жыўцом перакачавала ў сучасную беларускую гуманітарную навуку, перадусім гісторыю, і шмат якія беларускія аўтары звыкла цьвердзяць, што культурныя ўплывы Польшчы — “чужародныя” (яны вялі  да “апалячваньня”), а расейскія — “роднасныя” (і яны, нібы, паспрыялі захаваньню беларусаў як адметнага народу). Дастаткова, напрыклад, параўнаць загалоўкі некаторых разьдзелаў у кнізе Леаніда Лыча і Ўладзімера Навіцкага “Гісторыя культуры Беларусі” (Мінск, 1997): “Рэакцыя беларускага народу на акаталічванне і паланізацыю” (Гл. 3, 3.5) і “Кантакты беларускай культуры з украінскай і рускай” (Гл. 3, 3.6). Пазьбягаючы ацэнкавых крытэраў падобных падыходаў, зазначым толькі, што варта задумацца пра сутнасьць прычын прыхільнага альбо непрыхільнага стаўленьня да адных і тых жа зьяў.

1. Польская культура — пасярэднік стасункаў Захаду і Ўсходу

Да ХІV ст. беларускія землі безумоўна належалі да ўсходняга, бізантыйскага, сьвету. Але ў ХV — першай палове ХVІ ст., асабліва на хвалі Рэнэсансу і Рэфармацыі, узмацніліся заходнія культурніцкія ўплывы, што пасоўваліся сюды пераважна праз Польшчу і Чэхію. Аніяк не парушаючы раўнавагі, абедзьве плыні суіснавалі тут і, нават пазытыўна, узаемадзейнічалі. Зь сярэдзіны ХVІ ст. вызначыўся павольны палітычны ўхіл ВКЛ у заходні, польскі, бок. Ранейшая раўнавага пачала паступова саступаць месца заходнеэўрапейскаму пачатку.

Чым гэткая зьмена сытуацыі была выклікана? Адной з прычын паўстала, безумоўна, зьнешнепалітычная. Дастаткова прыгадаць імпэрскія памкненьні Маскоўскага княства, якое пачало пазбаўляць ВКЛ яго ўсходніх зямель і пагражала самому існаваньню сталіцы — Вільні. А таму шчыльны альянс ВКЛ с Польскім Каралеўствам аказаўся той непазьбежнай акалічнасьцю, якая трывала супраціў экспансіі Ўсходу. Дамагаючыся больш цесных дзяржаўна-палітычных адносін з Каронай, ВКЛ уцягвалася ў кола адпаведнай традыцыі і культуры.

Да таго ж, вось “Захад — Усход” робіцца ў ХV — першай палове ХVІ ст. вызначальнай, а вось “Поўдзень — Поўнач” страчвае сваю былую актуальнасьць. Бізантыі як моцнага цэнтру ўплыву ўжо не існуе, а Поўдзень — тэрыторыя сёньняшняй Украіны — у цывілізацыйным і культурным сэнсе мала чым розьніўся ад беларускіх зямель. Найбліжэйшыя Поўнач і Ўсход цывілізацыйна таксама нічым асабліва не вырозьніваліся (Жамойція — з прычыны запозьненага прыняцьця хрысьціянства, а Маскоўшчына — за конт доўгай татарскай няволі ды, больш позьняй, самаізаляцыі). А таму рэальным вэктарам разьвіцьця мог быць адно Захад.

Як жа выглядала культурная сытуацыя ў тагачаснай Польшчы? У ХVІ ст. Польшча перажывала пэрыяд г.зв. “залатога веку”, што мела праявы ня столькі ў гаспадарчым, колькі ў культурным росквіце. У тыя часы Польшча становіцца адным зь перадавых цэнтраў культуры Адраджэньня. Як і іншыя народы, палякі найболей чэрпалі з італійскага Рэнэсансу. Зьяўляючыся сябрам вялікай эўрапейскай культурнай супольнасьці, Польшча не адно засвойвала здабыткі іншых, але й актыўна пабагачала эўрапейскую культуру ўласнымі дасягненьнямі.

Адначасна Польшча займала пазыцыю аднаго з эўрапейскіх лучнікаў Усходу з Захадам. Дарэчы сказаць, раней польскія гісторыкі бачылі яе ролю галоўным чынам з гледзішча г.зв. “цывілізацыйнай місіі”, што грунтавалася ў пераданьні здабыткаў заходнеэўрапейскай культуры альбо насельніцтву, якое ў выніку пашырэньня межаў аказалася ў Рэчы Паспалітай, або ўсходнім суседзям. Не адмаўляючы гэткай ролі цалкам, сёньня ўсё ж даволі цяжка прыняць такую аднанапрамкавую інтэрпрэтацыю. Бо добра вядома, што за часам Адраджэньня, і асабліва — Барока, на землях Рэчы Паспалітай адбываецца своеасаблівае зьліцьцё элемэнтаў мастацтва Ўсходу і Захаду. Акурат на гэтым этапе запачаткоўваецца пасьпяховае разьвіцьцё літаратуры (паміж іншага, і гэткага яе віду, дасягнулага вяршыняў у ХVІІ ст., як мэмуарыстыка). Зьяўляюцца шматлікія апісаньні падарожжаў. Дастаткова прыгадаць тут хаця б самае вядомае: “Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асьветленага Князя Ягамосьці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую Зямлю” (1601).

На пэрыяд раньняга Барока прыпадае ў Польшчы і ўздым тэатру. І гэта не выдае на выпадковае храналягічнае супадзеньне. Уласьцівымі яму  ўмоўнасьцю, дэкаратыўнасьцю, а таксама драматызмам тэатральнае відовішча цалкам адпавядала прынцыпам Барока, творцы якога ахвотна працавалі ў гэтай мастацкай плыні. І гэтак, тэатар у Польшчы разьвіўся ў другой палове ХVІ ст. Адной зь яго функцый сталася адукаваньне і пашырэньне пэўных ідэй (пераважна — рэлігійных). Таму тыпова барочнай зьявай выглядае школьны тэатар.

На Беларусь з Польшчы тэатар прыйшоў напрыканцы ХVІ ст., з ордэнам езуітаў, што асталяваліся ў Полацку. Потым школьныя тэатры паступова сталі засноўвацца ў каталіцкіх і вуніяцкіх калегіюмах у Віцебску, Горадні, Жыровічах, Менску, Наваградку, Нясьвіжы, Пінску ды іншых гарадах і мястэчках.

Зазвычай заходнеэўрапейскія архітэктары, мастакі, скульптары, кампазытары перадусім наведвалі Польшчу, знаходзілі тут сабе месца (найчасьцей — пры каралеўскім двары), а ўжо затым, прывабленыя багатымі дварамі Радзівілаў, Сапег, Сангушкаў, Чартарыскіх, Храптовічаў ды іншых, пераяжджалі ў ВКЛ. І адбывалася гэтак найперш таму, што многія з памянёных магнатаў маглі прапанаваць умовы куды больш спакусныя за каралеўскія.

Азначым, што вядомыя насёньня дасьледаваньні не асьвятляюць ролі насельніцтва ўсходніх зямель Рэчы Паспалітай у стварэньні агульнай для ўсёй дзяржавы культуры эпохі Адраджэньня і Барока. Зь беларускіх прац, непасрэдна прысьвечаных гэтай праблеме, прыкметны хіба невялікі даклад Адама Мальдзіса на ХІ Міжнародным зьезьдзе славістаў: “Беларуская культура Барока як пасрэдніца паміж заходнеславянскім і ўсходнеславянскім светамі”.

Асаблівая роля ў культурных працэсах належала гуманістам. У Польшчы гуманістычныя кірункі пачалі разгортвацца ў ХV ст. у асяродку Кракаўскай акадэміі ды пры каралеўскім двары. Прадстаўнікі гэтай плыні стваралі перадусім літаратурна-навуковыя гурткі. Да найбольш раньніх зь іх адносяць літаратурны гурток пры двары львоўскага архіэпіскапа Гжэгажа з Санока. Пазьней гэткага кшталту гурток зарганізаваў у Кракаве Калімах, а ў хуткім часе нямецкі гуманіст Конрад Цэльсыс утварыў першае ў гэтай частцы Эўропы гуманітарнае літаратурнае таварыства SodalitasLitterariaVistulana. Шмат падобных гурткоў існавала ў Польшчы на працягу ХVІ ст. Да найбольш значных зь іх належалі навуковыя гурткі Ежы Йоахіма Рэтыка, матэматыка і астранома, і Анджэя Дудыча, што дзейнічалі ў Кракаве ў 1554—1575 гадах.

Кола гуманістаў у тагачаснай Польшчы не было шматлікім. Але яно ахоплівала як шляхту, так і мяшчан, пісьменьнікаў, вучоных, артыстаў, а таксама мэцэнатаў мастацтва і навукі, асоб, зацікаўленых антычнай культурай, грунтоўна адукаваных, занятых літаратурнай творчасьцю і мацавалых сувязі з гуманістамі ўсёй Эўропы. А таму зусім невыпадкова польская навука дасягнула свайго найвышэйшага росквіту менавіта ў ХVІ ст., у даўняй Рэчы Паспалітай (Ян Каханоўскі, Мікалай Рэй, Анджэй Фрыч-Маджэўскі).

Першыя друкарні былі заснаваны ў Кракаве ў 1473 г. Аднак першае польскамоўнае выданьне выйшла ў Вроцлаве — у 1475 г., у выдавецтве Каспра Еліяна. Адпачатна літаратура Адраджэньня ў Польшчы была лацінамоўнай. Пераклады на польскую мову рабіліся на патрэбу неадукаваным людзям, якія ня ведалі лаціны (найперш — дзеля мяшчан). І толькі ўплывы Рэфармацыі, памкненьні да распаўсюду сваіх ідэй сярод як мага шырэйшых колаў грамадзкасьці прывялі да карэннага пералому: родная мова ў інтэлектуальным жыцьці Польшчы пасьлядоўна ўтрывальвалася, аж пакуль не заваявала дамінантных пазыцый. У ХVІІ ст. адбылася палянізацыя каталіцызму (пры тым, што нацыяналізацыя рэлігійнага культу не была нечым адметным у тагачаснай Эўропе).

Хаця Барока й не спарадзіла столькі выдатных твораў, як хваля Адраджэньня, тым ня менш, польская культура да пачатку ХVІІІ ст. захавала сваю магуту і ўплывовасьць. А яе роля пасярэдніка ў распаўсюдзе новых культурнных дасягненьняў між Усходу і Захаду узмацнілася. Пры тым жа, гаворка вядзецца ня толькі пра тэрыторыі, якія апынуліся ў межах Рэчы Паспалітай — Беларусь, Літву, Украіну, часткова Інфлянты, але таксама й пра суседнія краіны, якія дагэтуль ужо зазналі пэўны ўплыў польскай культуры.

Польская мова набывае тым часам найвышшы, міжнародны, статус. Ёю актыўна карыстаюцца дыпляматы паўднёва-ўсходняй Эўропы — татары, расейцы, валахі і малдаване. Зрэшты, гэтая значнасьць польскай мовы сягала й Захаду: немцы з тэрыторыі Сылезіі, Памор’я, Саксоніі ахвотна вывучаюць яе ў ХVІІ ст. У Цюбінгене ў 1677 г. нават цьвердзіцца, што найважнай з усіх моў пасьля нямецкай ёсьць польская. Паўсюдна можна было сустрэць русінаў (беларусаў, украінцаў), малдаван і немцаў, якія публікавалі свае польскамоўныя творы. У Маскве ў акрэслены пэрыяд (напрыканцы ХVІ — пач. ХVІІ ст.) польская мова і строі былі прыняты дваром.

Сіла ўзьдзеяньня польскай культуры яскрава выявілася ў асыміляцыйным працэсе няпольскага этнічнага насельніцтва Рэчы Паспалітай. Менавіта ў ХVІІ ст. пачалася актыўная палянізацыя большасьці літоўскай шляхты і значнай часткі беларускай і ўкраінскай. Значна слабей закраналі гэтыя зрухі мяшчанства, і яшчэ слабей — сялян. Такім чынам, моўная і культурная ўніфікацыя Рэчы Паспалітай ўзрастала, хаця насамрэч яна не выходзіла па-за паноўнае саслоўе.

А што ж беларушчына? Пачынаючы з ХVІ ст., назіраецца заняпад старажытнарускай літаратуры, бо цяжка прызнаць літаратурай рукапісныя копіі ці друкаваную царкоўную літаратуру (нават калі іх тэксты трохі мадэрнізаваліся) або перакладзеныя с польскай мовы на “рускую” антытрынітарскія выданьні. Арыгінальных твораў не назіралася, хаця патрэба ў іх існавала. Таму усё часьцей сталі зьвяртацца да польскамоўных крыніц, пераклады зь якіх рабіліся даслоўныя. Пры гэтым, перакладчыкаў і тых, хто замаўляў пераклады, не спынялі разыходжаньні ў хрысьціянскай дагматыцы. У ХVІ ст. падобных тэкстаў было перакладзена шмат. Перакладаліся й “Хроніка сьвету” Марціна Бельскага, гістарычная аповесьць пра Аляксандра Вялікага, гісторыі пра ірляндскага рыцара Тундала і ўгорскага Ацілу, гісторыя пераносу Трох Волхваў у Кёльн, “Нікадзімава Эвангельле”, легенда пра сьвятога Аляксея і г.д. Гэткім чынам упершыню было разарвана зачараванае кола бізантыйскай культуры. Апроч перакладаў, чыталі на Беларусі й польскамоўную літаратуру ў арыгінале, пераймалі яе стыль і форму, засвойвалі канструкцыю польскага верша, найчасьцей скарыстоўваючы набыткі ў г.зв. прысьвячэньнях.

Беларускае прыгожае пісьменства ў ХVІІ—ХVІІІ стст. надалей знаходзілася ў стане адноснага крызысу, паўсталага з насьпеласьці пераходу да новых жанраў ды новага зьместу. Старая сынкрэтычная літаратура на той час ужо вычарпала магчымасьці свайго разьвіцьця: мовай яна ўсё далей адыходзілася ад жывой гутаркі, касьцянела ў стараславяншчыне. Новая ж літаратурная мова не магла скласьціся шляхам адраджэньня або абнаўленьня старой — да ўзроўню літаратурнай трэба было ўзьняць сучаснае маўленьне, распрацаваўшы ды пашырыўшы выразныя магчымасьці адной з найбольш распаўсюджаных гаворак. У дадатак да ўсяго, на літаратуры адбіліся пасьледкі заходняга ўплыву, які па часе супаў з эпохай Барока.

З усіх форм творчасьці таго часу найбольш зьвязана са словам і мовай была, натуральна, мастацкая літаратура. Таму тут, што да беларускай літаратуры, асабліва адчувалася  спалянізаванасьць. Бо польская мова, як ўжо згадвалася, з другой паловы ХVІ ст. стала актыўна пашырацца па ўсіх тагачасных беларускіх абсягах. Але ж і ў такіх варунках літаратурнае жыцьцё Беларусі ХVІІ—ХVІІІ стст. заставалася адметнай складовай часткай літаратурнага жыцьця Рэчы Паспалітай. Праз Кракаў, Варшаву, Вільню ішлі сюды новыя, заходнеэўрапейскія, павевы, запаноўвалі новыя густы.

Зь Беларусьсю зьвязаны лёсы і творчасьць многіх знакамітых прадстаўнікоў польскай культуры, якія знаходзілі сабе месца пры магнацкіх дварах, каталіцкіх і вуніяцкіх храмах. Духавенства, бадай што адзінае добра адукаванае саслоўе, прасякалася пальшчызнай, размаўляла і пісала па- польску, чытала польскія кнігі (як сьвецкія, так і духоўныя), адвыкаючы спакваля ад “руськіх” кніг і пісьменства, — і ўрэшце рэшт спалянізавалася. Тое ж тычылася й іншых элітарных колаў грамадзтва — высокай і сярэдняй шляхты, вышніх слаёў гараджан, якія паступова дэнацыяналізаваліся, прымалі разам з каталіцкай верай польскую мову і польскую культуру. “Руськая” (старабеларуская) мова выцясьнялася з афіцыйнай сфэры, а ў літаратуры ўжывалася ў сатырычных творах з мэтамі перадаваньня мясцовага калярыту або стварэньня камічнага эфэкту. Адыграла сваю ролю таксама й блізкасьць і зразумеласьць польскай мовы — яна не ўспрымалася чужаземнай, варожай.

Трэба ўсьведамляць, што з прыняцьцём мовы, раней ці пазьней, прымаецца й тая культура, у подзе якой ляжыць мова — жывы яе носьбіт. Паглыбляючыся ў стыхію мовы, г.зн. прымаючы яе ў якасьці роднай ці, прынамсі, у якасьці сродку штодзённай камунікацыі, чалавек немінуча ўваходзіць у культурную прастору таго народу, чыю мову прымае, пачынае мысьліць яго катэгорыямі, пераймае яго звычаі і сьветагляд. Спрошчваючы, можна сказаць: чыя мова, таго й культура.

Нават пасля зьнікненьня з мапы Эўропы Рэчы Паспалітай працэс палянізацыі не спыніўся, а ў першай палове ХІХ ст. інтэнсіўна працягваўся. Немалую ролю адыграў у гэтым Віленскі ўнівэрсытэт, які пасьля 1815 г. стаўся на нашых землях магутным цэнтрам адукацыі і культуры. Але дзейнасьць яго вялася цалкам у рэчышчы польскай мовы і адпаведнай ёй традыцыі. Пры тым жа, усё жыцьцё тут было прасякнута мясцовым калярытам, часам да такой ступені, што, здаралася, успрымалася “караняжамі” за чужынскае. Якраз гэтыя мясцовыя ўмовы існаваньня нараджалі літаратуру, ствараную па-польску, але паджыўленую духам зямлі, зь якое яна сілкавалася. Дзеля пацьверджаньня такой тэзы дастаткова назваць творы Ігната Ходзькі, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Яна Баршчэўскага, чыннасьць пісьменніка Юзэфа Крашэўскага і віленскага выдаўца Завадзкага.

Саслабласьць польскіх культурных уплываў азначыў 1863 год. На Беларусі (Літве і Ўкраіне) былі забаронены польскамоўныя выданьні і тэатар. Нельга стала размаўляць па-польску ў публічных месцах. Нават на грамадзкіх прыбіральнях зьявіліся надпісы: “Здесь по-польски говорить запрещается”.

2. Шляхта як сацыяльна-культурны фэномэн

Уплыў польскай шляхецкай культуры на Беларусь быў надзвычай інтэнсіўным. Гэта тым больш прыкметна і вытлумачальна таму, што ў XVI ст., як ужо адзначалася, Польшча перажывала пэрыяд культурнага росквіту, і каштоўнасьці польскай културы рабіліся для насельнікаў нашых зямель прыцягальнымі. Менавіта ж у другой палове XVI стагодзьдзя распачаўся шырокі працэс палянізацыі беларускай шляхты, які ў выніку разбурыў этнічнае адзінства Беларусі.

Пазыцыю магнацтва, а сьледам за ім і ўсёй шляхты, вырашыў уваход паноўнай дынастыі Ягелонаў у кола польскай культуры, а таксама польскасьць ахопленых іхным апекаваньнем школы і царквы, перадусім — каталіцкай. Адно сялянскія масы заставаліся вернымі роднай мове, захавалі беларускі нацыянальны характар, звычаі, а часткова й старыя вераваньні. Асыміляцыя лёгка адбывалася там, дзе браталіся “свабодныя са свабоднымі” і “роўныя з роўнымі”. Сялянам жа ў такой супольнасьці не было месца, а таму яны й захавалі ня толькі свой сацыяльны статус, але й штодзённа ўжывальную беларускую мову. Заадно трывала ў сьведамасьці сялян і пачуцьцё чужасьці адносна паноўнага стану спольшчанай шляхты, хоць і былі яны супляменьнікамі. Такім чынам, вёска засталася па-за шляхамі, якімі  прыходзіла на Беларусь польскасьць.

Культурная палянізацыя не ўплывала, аднак, на палітычныя пазыцыі. У XVI стагодзьдзі палітычнае паняцьце “народ” адпавядала або правінцыі, якая мела некалі асобны дзяржаўны статус, або цесна зьвязвалася зь дзяржавай. А раз існавалі дзьве дзяржавы, літоўская і польская, дык былі й два народы. І  што мы ведаем напэўна, дык тое, што з другой паловы XVI ст. узрастае адсотак шляхты, якая карысталася польскай мовай. Як ужо зважалася раней, на схіле веку Рэчы Паспалітай польскай мовай валодала 80—90% прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя. Хто не засвоіў польскай мовы зь дзяцінства, — навучаўся ёй на публічных форумах (на сэйміку, у сэйме, трыбунале), падчас сяброўскіх кантактаў і падарожжаў па краіне, на вайсковай службе і ў школе.

Нягледзячы на гэта, у Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ доўга “руськая” мова прызнавалася за афіцыйную. Арыстакратыя беларускага і ўкраінскага паходжаньня (напрыклад, Сангушкі, Хадкевічы, Збаражскія, Астрожскія і інш.) трымалася “руськай” мовы й тады, калі прадстаўнічая частка этнічных літоўцаў спалянізавалася. Беларуская шляхта выказвала нават некаторую занепакоенасьць лёсам сваёй мовы пад уладараньнем польскіх каралёў. Гарантаванага захаваньня мовы бацькоў і яе правоў шляхта дамагалася ў пэтыцыях ад часоў Люблінскай вуніі. Пытаньне гэтае не-не дый узьнікала ў сэймікавых інструкцыях ды сэймавых дыскусіях. І надалей беларуская мова фігуруе шмат у якіх дакумэнтах. Праўда, у XVII ст. прысутнасьць яе ўсё часьцей абмяжоўваюць загалоўкамі і заканчэньнямі. І толькі ў 1697 г. большасьцю галасоў было вырашана “па-польску, а не па-руску пісаць”.

Менавіта ў гэтым годзе шляхта ВКЛ, сьвядома пайшоўшы насуперак Сапегам, запатрабавала зраўнанасьці ў правах з Каронай і вылучыла адпаведны, прыняты сэймам, праект. Тады якраз і зьявілася пастанова канчаткова адпрэчыць беларускую мову ў якасьці мовы справаводства і пісаць усе дакумэнты па-польску. Гэтая пастанова канчаткова зацьвярджала перамогу пальшчызны ў Беларусі і Літве, рабіла яе новай афіцыйнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім. Палянізацыя зайшла так далёка, што шляхта Княства запатрабавала зафіксаваць гэта афіцыйна. Дарэчы, рашэньне гэтае дасюль падаецца большасьцю беларускіх гісторыкаў як “забарона беларускай мовы”, што наводзіць на думку пра нейкія зламысныя ўчынкі. Запраўду ж на канфэдэратыўным сойме 1696 г. шляхта ВКЛ праводзіла свой праект канчатковай зраўнанасьці сваіх правоў з правамі шляхты Кароны. У часе  абмеркаваньня працэдуры выкананьня судовых вырокаў праз увядзеньне ў судах ВКЛ парадку разьбіральніцтва, прынятага ў польскіх судах, а таксама іншых судовых дзеяньняў, і быў уключаны пункт пра замену афіцыйнай “руськай” (старабеларускай) мовы на польскую. Вось гэтая пастанова й набыла законную сілу ў 1697 годзе.

Чым бліжэй да канца XVII ст., тым глыбей беларуская шляхта прасякалася польскай культурай і польскай нацыянальнай сьведамасьцю. Палянізацыя, г.зн. прыняцьцё польскай мовы за родную даволі часта суправаджалася засваеньнем польскіх звычаяў і культуры, а часам нават і адчуваньнем прыналежнасьці да адпаведнай гістарычнай традыцыі (што, аднак, не ператваралася ў правіла). Усё-ткі беларусы і літоўцы не атаясамлівалі ўласных традыцый з традыцыяй польскага народу. І хаця ў XVII ст. уся шляхта этнічна няпольскага паходжаньня і далей культурна палянізавалася, прадстаўнікі яе пакуль не лічылі сябе палякамі.

Трэба яшчэ раз падкрэсьліць, што польская культура XVI—XVII стагодзьдзяў (найперш — шляхецкая) мела вялікую асыміляцыйную здольнасьць, зьяўляючыся тым часам своеасаблівым lingua franca, якая аблягчала кантакты Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы з іншымі рэгіёнамі кантынэнту. Па сутнасьці, усё адбытае было добраахвотнай асыміляцыяй, бо ніхто не перашкаджаў шляхце няпольскіх каранёў захоўваць сваю мову, адметнасьць звычаяў і роднай культуры.

Аналягічныя, таксама складаныя, працэсы назіраліся і ў сфэры рэлігіі, шчыльна зьвязанай з пытаньнем нацыянальнай сьведамасьці. Вядомы гісторык і знаўца рэлігійных праблем за часам Рэфармацыі Януш Тазьбір уважае, што ў той пэрыяд палянізацыйныя працэсы былі прыкметна прысьпешаны і рухаліся з пэўнай палёгкай. Так учынялася таму, што праваслаўная беларуская, украінская і літоўская шляхта часта прымала кальвінізм ці арыянізм, а пазьней, у выніку палянізаваньня, зьмяняла называныя веравызнаньні на каталіцтва. Рэфармацыя ж, незалежна ад абранай формы распаўсюду, знаёміла шляхту ВКЛ з заходняй культурай наўпрост, па-за канфрантацыяй з польскай традыцыяй.

Але ўрэшце выданьне ўжо ў 1563 годзе галоўнага твору Рэфармацыі на землях Вялікага Княства Літоўскага — Берасьцейскай, ці Радзівілаўскай, Бібліі менавіта па-польску, сталася сьведчаньнем ня толькі спалянізаванасьці, але й вырачэньня  магнацкімі ды  інтэлектуальнымі асяродкамі амбіцый да захаваньня ўласнай літаратурнай беларускай мовы.

Трэба прызнаць, што палянізацыя не заўсёды азначае зьмену нацыянальнасьці адначасна са зьменай “малой радзімы” на “вялікую”, а тое значыць — не мянялася пачуцьцё прыналежнасьці да рэгіёну на сьведамленьне повязі з Рэччу Паспалітай і ўсёй польскай культурай. У самой Рэчы Паспалітай зважалі, хутчэй, на адрознасьці зямель, вынікалыя зь іх гістарычных традыцый, чым на нацыянальныя адметнасьці, зьвязаныя зазвычай зь месцам пражываньня. Характарыстыкі паасобных этнічных груп атаясамліваліся, як правіла, з рэгіёнамі — Прусіяй, Жамойціяй, Літвой, Русьсю ды іншымі, нязважна на мову, якой карысталася іх насельніцтва. Між тым, прыярытэтны стан польскай мовы ўяўляўся прадстаўнікам іншых нацыянальнасьцяў нечым зусім відочным. Праўда, дробная беларуская шляхта й надалей размаўляла ў хаце па-беларуску. Польскую ж мову вывучалі ў школе, засвойвалі падчас службы ў панскім маёнтку, у войску. Вучыліся ахвотна, бо польская мова была азнакай прыналежнасьці да шляхецкага сацыяльна-культурнага кола.

Цягам ХІХ ст. палітонім “паляк” у тым значэньні, як мы яго трактавалі вось цяпер, эвалюцыянаваў, паступова зьмяняючы сэнсавую афарбоўку да нацыянальных рыс. У пэрыяд фармаваньня сучасных нацый, у тым ліку й польскай, ён канчаткова страціў свой палітычны сэнс, называючы адно палякаў, якія жылі на Беларусі і ў Літве. Таму дзеля глыбейшага разуменьня працэсаў, якія ўплывалі на складаньне культурнага вобліку беларускай шляхты, варта больш уважліва прыгледзецца й да гэтага фэномэну. Перадусім гаворка тычыцца трывалага захаваньня часткай шляхты традыцый польскай культуры і мовы. Менавіта гэтая катэгорыя й легла асновай польскай нацыянальнай меншасьці на Беларусі, бо міграцыя этнічна польскага насельніцтва на беларускія землі цягам стагодзьдзяў была нязначнай і адносна заўважнай выглядала толькі з Мазовіі на Падляшша і заходнюю Гарадзеншчыну.

Уплыў польскай культуры на фармаваньне тыпалягічных якасьцяў шляхецкай культуры на беларускіх землях праз стагодзьдзі быў адным з важкіх чыньнікаў. Як адзначае С.Я.Куль-Сяльвестрава, польская культура, маючы толькі саслоўную стратыфікацыю, была монанацыянальнай і дастаткова маналітнай, а значыць — больш здатнай да этнакультурных пераўтварэньняў. Дамінантнымі і дзейснымі яе складнікамі былі польская мова, каталіцтва, культурныя і гістарычныя традыцыі Польшчы і Рэчы Паспалітай. Зусім натуральна, што менавіта польская культура перамагла ў асяродзьдзі, якое паводле польскага ўзору спрабавала набыць паноўнае становішча. Таму й арэал функцыянаваньня польскай мовы пашыраўся  толькі на палітычна і рэлігійна актыўныя сацыяльныя групы, мінімальна закранаючы большасьць насельніцтва Беларусі, якую складалі сяляне. Сам факт распаўсюду мовы не азначаў поўнай палянізацыі шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Дзеля ўтварэньня на беларускіх землях польскамоўнай супольнасьці, якая ў значнай ступені ідэнтыфікавала б сябе з палякамі этнічнай Польшчы, патрэбны былі яшчэ істотныя элемэнты палітычнага і канфэсійнага кшталту.

Таму невыпадкова ў другой палове ХІХ стагодзьдзя і на пачатку ХХ-га ў адраджэнскім нацыянальным руху беларусаў, сярод дзеячоў гэтага руху сустракаюцца прозьвішчы дробнай шляхты, а часам і прадстаўнікоў яе больш заможных слаёў. Дваранскае саслоўе Беларусі належала да самай высокаадукаванай часткі грамадзтва, і менавіта зь яго шэрагаў паходзіць бальшыня беларускай інтэлігенцыі. Калі ж улічыць той факт, што абсалютная большасьць дваран вызнавала каталіцкую веру, то атрымліваецца, што ля вытокаў беларускага культурнага адраджэньня стаялі менавіта яны, дваране-каталікі. Характэрнай азнакай спалянізаваных асяродкаў на Беларусі таго пэрыяду было зацікаўленьне культурай народу, які размаўляў на іншай мове. Часткова гэта вынікала з асьветніцкіх тэндэнцый, узмоцненых рамантызмам, а часткова мела сваю крыніцу ў пошуках каранёў, што нітавалі гістарычную сьведамасьць з традыцыямі Вялікага Княства Літоўскага.

Цягам усяго ХІХ стагодзьдзя ў Беларусі мела месца зьява полілінгвізму. Літаратары, што жылі тут, працавалі часам на некалькіх мовах (да прыкладу, на польскай, беларускай і расейскай), беручы ўдзел у літаратурным жыцьці паасобных нацыянальнасьцяў і публікуючы свае творы ў расейскай і польскай прэсе. Творчасьць па-беларуску першапачаткова карэнілася ў цікавасьці да фальклёру, а затым ужо — да літаратурнай мовы і рэгіяналізму ці ўсьвядомленай прыналежнасьці да малой айчыны як месца нараджэньня і жыхарства. Карацей, усё пачыналася з эмацыйнага стаўленьня да радзімы і  свайго люду. Вывучэньне люду набыло ў ХІХ стагодзьдзі характар культурнай зьявы, што паказвала на пэўны працэс новай рэбеларусізацыі краю.

І ўсё ж беларуская шляхта ня сталася рухавіком нацыянальнага адраджэньня, бо пераважна апэлявала да саслоўных правоў і ўласнай сацыяльнай зьверхнасьці. З гэтай жа прычыны не магла яна й ачоліць беларускага нацыянальнага руху (чытай — сялянскага, беларускага), не адпрэчыўшы ці не перафармуляваўшы свайго традыцыйнага разуменьня шляхецкасьці. Таму падтрымка яе прадстаўнікамі разьвіцьця беларускасьці ў ХІХ стагодзьдзі не перасягнула межаў культурна-літаратурнага дыскурсу і не набыла шырокага палітычнага кантэксту, хаця праца тая несумнеўна паспрыяла ўмацаваньню беларускага культурнага грунту, а ў будучыні — нараджэньню аўтэнтычнага беларускага нацыянальнага руху.

Гэткім чынам, польская культура адыграла сваім часам істотную — як культуртрэгерскую, так і пасярэдніцкую — ролю ў фармаваньні сучаснай беларускай культуры. Яна — частка гістарычнага і культурнага досьведу беларусаў, а таму адмаўленьне яе даробку выдае на спробу спрасьціць беларускую гісторыю і пазбавіць нашу нацыянальную спадчыну здабыткаў шматвяковых культурных стасункаў з заходняй, у тым ліку й з блізкай нам польскай, культурай.

3. “Сацыялістычная” Польшча — вакно ў Эўропу

У шчыльна замкнёным ад усялякіх зьнешніх уплываў савецкім грамадзтве Польшча, няхай сабе й “народная”, кіраваная камуністамі, была своеасаблівым вакном у сьвет. Гэта тычылася польскамоўнай літаратуры (у тым ліку, а, можа, найперш — перакладной), прэсы, музыкі, кінамастацтва. Мова, якой прамаўляла польская культура, сягаючы СССР, вызваляла чытачоў, слухачоў (польскага радыё) і гледачоў (польскае тэлевізіі) ад замкнёнасьці ў рыгарызме, адкрывала зусім новы абсяг адчуваньняў.

Вакном у Эўропу была перадусім польская прэса, зьяўляючыся для многіх адзінай больш-менш праўдзівай крыніцай інфармацыі. Праз польскую прэсу можна было азнаёміцца зь міжнароднымі падзеямі, якія ў нас замоўчвалі альбо пра якія пісалі мала і няясна ці хлусьліва.

Своеасаблівая “палёнаманія” паўстае характэрнай рысай духоўнага жыцьця 1960-х — першай паловы 1980-х гадоў. Часам людзі, ня маючы ніякага дачыненьня да польскасьці, браліся вывучаць польскую мову, каб займець мажлівасьць чытаць яшчэ не выдадзеныя па-расейску ці па-беларуску творы. Па-польску ж тады чыталі заходнюю літаратуру (Джойса, Фолкнэра, Пруста, Марыяка ды інш.), якая або не перакладалася ў СССР, або выходзіла дужа малымі накладамі, робячыся практычна недаступнай шэраговаму грамадзяніну. Парадаксальным чынам гэта тычылася нават расейскай літаратуры. Шмат хто ўпершыню прачытаў, напрыклад, “Майстра і Маргарыту” М.Булгакава па-польску, скарыстаўшы мажлівасьць набыць польскі пераклад у кнігарні “Дружба”.

Тое ж тычылася кінематографа і нават творчасьці паасобных савецкіх рэжысэраў. Прыкладам, фільм “Ніхто не хацеў паміраць” літоўскага кінамайстра Жалакевічуса безумоўна быў зроблены пад уражаньнем і паводле ўзору польскай стужкі Анджэя Вайды “Попел і дыямэнт”. Польскі кінематограф значна паўплываў, дарэчы, і на раньнія працы Віктара Турава.

Далёка ня ўсе польскія фільмы — з цэнзурных меркаваньняў — патраплялі ў савецкі пракат. Затое й малыя акрушыны польскага кіно, што “прасьлізгвалі” праз жалезную заслону, стваралі непахіснае ўяўленьне пра Польшчу як краіну бязьмежнай творчай свабоды.

Трэба сказаць, што вецер г.зв. польскага “Захаду” “хадзіў” па тэрыторыі СССР нераўнамерна, асабліва заўважна “падзімаючы” ў заходніх рэгіёнах, якія былі колісь арэалам культуры Ягелонаў: у Беларусі, Літве, Украіне.

Пасьля распаду СССР і адмены цэнзуры, як зьніклі ўсе абмежаваньні на кантакты з вонкавым сьветам, а ўсясьветны духоўны і культурны даробак стаўся даступным усім жыхарам краіны на агульназразумелай ім мове, польскі чыньнік хутка страціў былую вабнасьць, і ўплыў яго сёньня ледзь адчувальны.

Літаратура:

1. Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр \\ Выбраныя творы. Беларускі кнігазбор. Мінск, 2005.

2. Вашкевіч Ю.А. Беларуска-польскія сувязі ў 1945 — 1991 гадах. Мінск, 2004.

3. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1997.

4. Куль-Сяльвестрава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова ХVIII ст. — 1820-я гады). БДУ. Мінск, 2000.

5. Мальдзіс А. Беларуская культура Барока як пасрэдніца паміж заходнеславянскім і ўсходнеславянскім светамі. “Навука і тэхніка”. Мінск, 1993;

6. Мальдзіс А.  Як жылі нашы продкі ў XVIII ст. Мінск, 2001.

7. Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мінск, 1990;

8. Падокшын С.А.  Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мінск, 2003.

9. Bardach J. Polska mysl polityczna XIX i XX wieku. // Mindzy Polske etniczne a historyczne. Wroclaw, 1988.

10. Kot S. Swidomosc narodowa w Polsce w XV—XVII w. Lwуw, 1938.

11. Tazbir J. Rzeczpospolita i њwiat. Studia z dziejуw kultury XVII wieku. Zakіad Narodowy im. Ossoliсskich, Wyd. Polskiej Akademii Nauk. Wrocіaw etc., 1971.

12. Tazbir J.  Kultura szlachecka w Polsce. Rozkwit — upadek — relikty. Wiedza Powszechna. Warszawa, 1983.

13. Volumina legum (wyd. J.Ohryzko). Petersburg, 1860. T. V. f. 863.

 

 

 
Польскі чыньнік вэстэрнізацыі Беларусі
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY