|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ
ЧАСАПІС "HISTORICA", № 1-2000 |
СТАРАЖЫТНАСЬЦІ Гедымін і Тэўтонскі ордэн (1316—1341) АСОБА Станіслаў Ляшчынскі — забытая легенда XVIII стагодзьдзя (нарыс) СУЧАСНАСЬЦЬ Спробы пабудовы ВАЙСКОВАЯ ГІСТОРЫЯ 5-ая Польская Крэсовая Дывізія "Зубры" КАЛЯБАРАЦЫЯ Асноўныя накірункі АНАЛЫ Незалежнасьць Беларусі: яшчэ адна спроба ВЫЗНАЧЭНЬНІ КУЛЬТУРА |
Час няўмольны… Заканчваецца XX стагодзьдзе. Гісторыя зь безьліччу падзеяў: вялікіх і дробных, сусьветных і лякальных… Першая сусьветная вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя, нараджэньне новай сацыялістычнай дзяржавы, парад сувэрэнітэтаў, зараджэньне фашызму, Другая сусьветная вайна, халодная вайна. Стагодзьдзе пачалося бальканскімі падзеямі, бальканскім крызісам і сканчаецца. Адначасова адыходзіць і другое тысячагодзьдзе. Гэта бязьмежна вялікі прамежак часу. А двухтысячны год для нас, беларусаў — гэта ўсяго толькі 1138 год беларускай гісторыі. 1138 год нашай гісторыі. 45 пакаленьняў нашых дзядоў. Яны жылі ў Полацкім і Тураўскім княствах, засноўвалі Вялікае Княства Літоўскае, аб'ядноўваліся з палякамі, каб пазьбегнуць вынішчэньня, у Рэч Паспалітую, выпрацоўвалі першую ў Эўропе Канстытуцыю, паўставалі разам з палякамі “за вольнасьць нашу і Вашу!”, не згубіліся і не растварыліся сярод Расейскай імпэрыі, а нават адрадзілі незалежнасьць у выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны, нашыя дзяды, баранілі сваю незалежнасьць са зброяй у руках, яны зьведалі цяжар калектывізацыі, спазналі і лютыя бальшавіцкія рэпрэсіі, знайшоўшы апошні прытулак у Курапатах, на Салаўках, у Сібіры. Яны перажылі карычневую пошасьць, перажылі экспэрымэнтатараў, кшталту Хрушчова і Брэжнева. Дзяды перадалі Сьцяг Незалежнасьці, які несьлі і перахоўвалі больш за тысячу год нам, сваім нашчадкам, каб мы ўрачыста ўнесьлі той сьцяг у трэцяе тысячагодзьдзе. А мы? Мы ня ведаем, што рабіць з гэтым сьцягам. Нашыя дзяды ходзяць па нябёсах і твораць Малітву за Беларусь. У іх баліць сэрца, што мы ніяк ня можам пабудаваць незалежную Бацькаўшчыну. Дзяды з дакорам глядзяць на нас зь нябёсаў: “Унукі, што вы робіце, увайдзіце ў трэцяе тысячагодзьдзе з высока ўзьнятай галавой, трымаючы ў руках Сьцяг Незалежнасьці!” І мы абавязкова ўвойдзем… Мы ўжо стаім на парозе, і мы ўвойдзем ня толькі таму, што так трэба, а таму, што на нас глядзяць 45 пакаленьняў, 1138 год беларускай гісторыі… Нягледзячы на тое, што сканчае свой бег XX стагодзьдзе, беларуская гістарычная навука так і не пазбавілася шматлікіх ідэалягічных штампаў. Тыя гісторыкі, якія пасьпяхова пісалі пра ўплыў кампартыі на надоі малака ў калгасах, цяпер выступаюць апалягетамі нацыянальна-вызвольнага руху. Нацыянальная гістарычная школа яшчэ не народжаная. Вялікае кола праблемаў, якое застаецца па-за ўвагай сталых гісторыкаў, прыцягвае маладых. Апошнія распрацоўваюць новыя тэмы, аднак ня могуць надрукаваць свае працы, а навуковыя пэрыёдыкі неахвотна аддаюць старонкі маладым. Між тым маладыя, якія стала цікавяцца гісторыяй, ня маючы мажлівасьці данесьці свае адкрыцьці чытачам, сыходзяць з навуковай сьцежкі і падаюцца на чыноўніцкую працу, у бізнэс… А потым знакамітыя навукоўцы плачуць у мас-мэдыях, што ў Беларусі “ўцечка мазгоў” і мы займаем 60-ае месца ў сьвеце па інтэлектуальным патэнцыяле… Шаноўныя чытачы! Сёньня вы трымаеце ў руках першы нумар новага гістарычнага часопісу, што завецца “Historica”. Гэтае выданьне мае на мэце спрыяньне ў арганізацыі працы найперш маладых гісторыкаў. Будзьма разам! Наш часопіс дапаможа маладым дасьледчыкам апублікаваць вынікі сваёй працы, аматарам гісторыі дасьць магчымасьць даведацца пра вынікі новых дасьледаваньняў айчыннага і сусьветнага мінулага. Гэтае выданьне, спадзяёмся, будзе пазбаўленае афіцыёзу і дзяржзаказу, хто б каля стырна дзяржавы ні быў. Часопіс “Historica” напачатку мае выходзіць раз на тры месяцы. Матар'ялы яго будуць прысьвечаныя як айчыннай, так і сусьветнай гісторыі (бо беларускімі гісторыкамі апошняя нібы забытая), а таксама вайсковай гісторыі, пытаньням культуры, рэлігіі. Значную ўвагу мы спадзяёмся аддаваць найноўшай гісторыі, як надзвычай актуальнай у наш час. “Historica”, хочацца верыць, зойме належнае месца сярод гістарычных выданьняў Беларусі. Будзем працаваць разам і займацца дасьледаваньнем нашае мінуўшчыны. Можа тады і сучаснасьць зробіцца больш зразумелай. ВЫДАВЕЦ
Выдавец: Алег ГАРДЗІЕНКА Галоўны рэдактар: Наталя ГАРДЗІЕНКА Рэдакцыйная рада: Юры Грыбоўскі, Юры Думбляўскас, Ірына Кашталян, Дзяніс Лісейчыкаў Рада рэцэнзэнтаў: АСТРОГА В.А., кандыдат гіст. навук; КУЗЬНЯЦОЎ І.М., кандыдат гіст. навук; САГАНОВІЧ Г.М., кандыдат гіст. навук; СТУЖЫНСКАЯ Н.І., кандыдат гіст. навук; ЧАРНЯЎСКІ М.М., кандыдат гіст. навук Карэктура: Мікола РАМАНОЎСКІ Макет: Наталя ГАРДЗІЕНКА Макет вокладкі: Уладзіслаў ВЯРОЎКІН-ШЭЛЮТА Рэдакцыя дзякуе за дапамогу ў выданьні часопіса: Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Народная Грамада), а таксама: Андраніку Антаняну, Вацлаву Арэшку, Віктару Арлову, Міхаілу Богдану, Сяргею і Аляксандру Сьцяпанавым
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||