ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "HISTORICA", № 1-2000

 

НАТАЛЯ ГАРДЗІЕНКА. МАРК ШАГАЛ: АД ВЯРТАНЬНЯ ДА ВЯРТАНЬНЯ

 

ЗЬМЕСТ

СТАРАЖЫТНАСЬЦІ

Гедымін і Тэўтонскі ордэн (1316—1341)

АСОБА

Станіслаў Ляшчынскі — забытая легенда XVIII стагодзьдзя (нарыс)

СУЧАСНАСЬЦЬ

Спробы пабудовы
сацыялістычнай эканомікі ў Чылі...

ВАЙСКОВАЯ ГІСТОРЫЯ

5-ая Польская Крэсовая Дывізія "Зубры"

КАЛЯБАРАЦЫЯ

Асноўныя накірункі
акупацыйнай палітыкі
нямецкіх уладаў...

АНАЛЫ

Незалежнасьць Беларусі: яшчэ адна спроба

ВЫЗНАЧЭНЬНІ

Мадэрнізацыя Другой
Эўропы

КУЛЬТУРА

Марк Шагал: ад
вяртаньня да вяртаньня

Summary

эсэй
(напісаны ў рамках навучаньня ў Беларускім Калегіюме)

Да вяртаньня

Я прачынаюся з болем ад новага дня,

з надзеямі, як са скарбамі,

яшчэ не намаляванымі,

не вымазанымі фарбамі.

Марк Шагал “Карціна”

Ці памятаеце Вы сваё дзяцінства?.. Якое б не было, яно назаўсёды застаецца з чалавекам. Першыя ўражаньні накладаюць адбітак на ўсё наступнае жыцьцё, і нават ужо ў сталым узросьце Вас можа зусім нечакана ўзрушыць успамін пра нейкае месца, дзе гуляла шчасьлівае дзяцінства. Кожны чалавек успрымае пэрыяд свайго маленства па-свойму: хтосьці, імкнучыся як мага далей ад яго адысьці, успамінае дзіцячыя гады зь лёгкай іранічнай усьмешкай, а хтось назаўсёды застаецца пад уплывам сваіх першых уражаньняў ад сьвету, нібыта жыве мінулым, увесь час пераасэнсоўвае яго і, як дзіця, глядзіць на сучасныя падзеі вачыма поўнымі зьдзіўленьня.

Да апошняй катэгорыі людзей, здаецца, можна далучыць і Марка Шагала. Ягонае дзяцінства ад самага нараджэньня 6 ліпеня 1887 года праходзіла ў звычайным габрэйскім асяродку звычайнага правінцыйнага гарадка. Аднак з маленства й назаўсёды менавіта сьвет віцебскага дзяцінства зрабіўся крыніцай творчага натхненьня, глебай усяго наступнага жыцьця мастака.

З малых гадоў Марк Шагал адкрыў у сабе надзвычай тонкае пачуцьцёвае адчуваньне сьвету й прылучыўся да жывапісу. Атрымаўшы асновы мастацкай адукацыі ў вядомага віцебскага майстра Юдаля Пэна, юнак вырашыў зьехаць у Санкт-Пецярбург, каб вучыцца далей. Правучыўшыся пэўны час у некалькіх мастацкіх школах, а таксама ў вядомага тагачаснага мастака Л.Бакста й палічыўшы, што Расея ўжо дала яму ўсё, што магла, Марк Шагал зьехаў у Парыж.

Ю.Пэн. Марк ШагалГэты горад напачатку XX стагодзьдзя — безумоўная сталіца мастацтваў. Тут працавалі ня толькі вядомыя французы (Сэзан, Пікасо), але і ня меньш таленавітыя замежнікі (Мадыльяні, Суцін). Прыбыўшы ў Парыж, Шагал пазнаёміўся з такімі ж як і ён маладымі мастакамі й літаратарамі Ф.Лежэ, Б.Сандрарам, Г.Апалінэрам — усе яны былі занятыя пошукамі свайго адметнага месца ў мастацтве й у жыцьці.

Пьяны ад новых уражаньняў пасьля наведваньня музэяў, салёнаў, галерэяў, ад новых знаёмстваў, Марк Шагал пачынае шмат маляваць. Малюе Парыж, свае ўражаньні ад яго, малюе людзей такіх, якімі іх бачыць. Але часам на карцінах паўстае родны Віцебск і дзяцінства…

У Парыжы Марк Шагал спазнаў першую вядомасьць. Ягонае своеасаблівае ўспрыманьне сьвету, заснаванае на зьмяшаньні розных традыцыяў (габрэйскіх і ў большасьці хасыдскіх, рускіх, народных местачковых беларускіх, інтэрнацыянальных мастацкіх) і знайшоўшае адлюстраваньне на ягоных карцінах, было прызнанае арыгінальным і заўважанае публікай. У 1914 годзе ў Бэрліне адбылася першая пэрсанальная выстава Марка Шагала. Будучыня цяпер, здавалася, не была такой цьмянай і неакрэсьленай, як раней…

Але, дасканала авалодаўшы тэхнічным бокам жывапісу, Шагал праз усё сваё знаходжаньне ў Парыжы няспынна шукаў. Ён імкнуўся знайсьці свой адметны стыль, сваю асаблівую сьцежку ў мастацтве. Вялікая колькасьць накірункаў, яскравых індывідуальнасьцяў, незабыўных уражаньняў… Магчыма, Марку Шагалу патрэбна было на нейкі час апынуцца далёка ад усяго гэтага, каб нарэшце ўсьвядоміць, чаго ж ён сам сапраўды варты, што ён такое, які ён мастак.

Менавіта ў гэты час пошукаў Шагал едзе на радзіму ў Віцебск. Едзе, як ён меркаваў, ненадоўга й па пільных справах, але грымнула першая сусьветная вайна й прыйшлося затрымацца на няпэўны час. “Вайна 1914 года,— будзе ўспамінаць потым мастак,— сталася для мяне не толькі школай жыцьця, але й своеасаблівай школай жывапісу. Я зноў убачыў неба й прасторы маёй краіны, магчыма, не такія яскравыя, як у Францыі, але цяпер я глядзеў на іх іншымі вачыма”.

Віцебск

Мой край

засыпаны сьнягамі,

пакуль мяне нясе дыханьне,

мая душа

з табой ва ўсім.

Марк Шагал “Краіна нараджэньня”

Марк Шагал, сапраўды, вярнуўся ў Віцебск у чэрвені 1914 года, крыху іншым чалавекам. Але старыя, яшчэ дзіцячыя ўражаньні захапленьня родным горадам, прабіваюцца праз напластаваньні разважнай “дарослай” рэчаіснасьці жыцьця мастака. Шагал, здаецца, у нейкай эйфарыі бярэцца за стварэньне цэлага шэрагу малюнкаў прысьвечаных Віцебску. Каля 60 работ гэтае “Віцебскай сэрыі” 1914—1915 гг. экспанаваліся ў 1916 годзе ў Маскве на выставе таварыства “Бубновы валет”. У сваёй кнізе ўспамінаў “Маё жыцьцё” ён так згадваў пра гэтыя малюнкі: “Пісаў усё, што траплялася на вочы. Але толькі дома, гледзячы з вакна, па вуліцах з эцюднікам не хадзіў”. Шагал сам называў свае замалёўкі “дакумэнтамі”. Здаецца, мастак імкнуўся зафіксаваць на паперы свае ўражаньні ад гэтага роднага зь дзяцінства, але праз гады растаньня крыху незнаёмага горада. Вось пабачце — вуліца, вось — чыгуначная станцыя, мост... Мастак нібыта ўваскрашае свае дзіцячыя ўражаньні, дапасуе іх да сучаснасьці. Ён адлюстроўвае тысячы дробязей у выглядзе дамоў, людзей, жывёлаў, і адначасова імкнецца зафіксаваць агульнае ўражаньне ад пэўнай зьявы.

М.Шагал. Віцебскі прапаведнік. 1914 г.Людзі — асаблівая частка віцебскага асяродку на карцінах Шагала. Яны канкрэтныя й абстрактныя адначасова. Мастак знаходзіць у звычайных прахожых з вуліцы нешта няўлоўна адметнае, амаль унікальнае. Але разам з тым, усе гэтыя людзі застаюцца тыповымі жыхарамі прывінцыйнага горада. Зірніце на “Віцебскага прапаведніка”. Ваш позірк абавязкова спыніцца на твары старога на ягоных вачах. Вы ўбачыце ў іх ледзьве прыкметную хітраватую ўсьмешку стомленага чалавека, які пражыў доўгае жыцьцё й шмат пра што можа распавесьці. І ў той жа час гэта звычайны местачковы габрэй...Але ж ён не такі як “Чырвоны” ці “Зялёны габрэй” — іншы чалавек, іншы вобраз.

Усе гэтыя людзі складалі той Віцебск, які мастак бачыў з маленства. Праз усё жыцьцё ён будзе думкамі вяртацца сюды да гэтых людзей, вуліц, дамоў, дзе ўсё знаёмае да дробязяў. Шагал будзе аднаўляць на розных карцінах віцебскі краявід: налепленыя адзін на адным домікі, цэркаўка, другая... Праўда, праз гады зьявіцца яшчэ й іншае ўражаньне —“Я ніколі гэтага больш ня ўбачу!”... Але гэта будзе потым, і ў 1914-м годзе Марк Шагал яшчэ ня ведаў, куды павернецца ягоны лёс. Ён проста нібыта адпачываючы душою, заўзята маляваў свой горад: алоўкам ці фарбамі, на паперы ці палатне — ён ствараў для сябе й для іншых вобраз роднага горада. Горада, дзе мастак шукаў сябе. Нездарма праз усе гады ў Віцебску Шагал малюе аўтапартрэты, нібыта прымярае да сябе розныя вобразы: мастак на вуліцы, перад мальбертам, у сьне,— здаецца, сам імкнецца разгадаць сябе…

У першыя гады па вяртаньні ў Віцебск шмат малюнкаў Марка Шагала прысьвечаныя войне, а дакладней тым яе праявам, якія ён сустракаў у родным горадзе. “Паранены салдат”, “На насілках” і г.д. Пакуты й боль... Мастак перадае той жах і неспакой, цьмянае чаканьне зьменаў, якія зьявіліся ў ягонай душы ў сувязі з ваеннымі падзеямі. “Само жыцьцё выйшла на арэну” — скажа ён праз гады.

Вайна вымушае Шагала паступіць на цывільную працу ў нейкім ваенным ведамстве ў Петраградзе, каб не патрапіць на фронт. На жывапіс не заставалася шмат часу, а тое, што было напісана, заснаванае цалкам на віцебскіх уражаньнях. Ва ўспамінах пра Петраград прасочваецца пэўная разгубленасьць Шагала: тут яшчэ больш моцна адчуваецца вайна, тут ён зрабіўся сьведкай габрэйскіх пагромаў, тут было няўтульна, шэра... Таму пры самай невялікай магчымасьці Марк Шагал імкнецца вярнуцца зноў у Віцебск. “Усе ў сталіцы, а я... у Віцебску. Я мог бы суткамі ня есьці й сядзець дзе-небудзь каля млыну, разглядваць людзей на мосьце: жабракоў, убогіх, сялян з торбамі. Або глядзець, як выходзяць з лазьні салдаты й іх жонкі зь венікамі барозавымі ў руках. Альбо блукаць над ракой, каля могілак...” Родны горад цягнуў да сябе, ён больш надзейны, трывалы. Шагалу быў патрэбны гэты горад і тут мастак адчуў патрэбу ў сабе, а гэта шмат чаго вартае для любога чалавека...

Каханьне

У нашым жыцьці, як і ў палітры,

ёсьць толькі адзін колер, здольны

надаць сэнс жыцьцю і Мастацтву.

Колер Каханьня.

Марк Шагал

У жыцьці кожнага чалавека каханьне — непаўторная, унікальная зьява. Для творчасьці мастака гэтая зьява — неабходная. Няспыннае эмацыйнае напружаньне вымушае зноў і зноў брацца за пэндзаль, шукаць і знаходзіць... Каханьне праз усё жыцьцё рухала Марка Шагала наперад, падказвала яму патрэбныя фарбы, кіравала ягонай рукой.

Са сваёй будучай жонкай Бэлай Розэнфельд мастак пазнаёміўся яшчэ да вандроўкі ў Парыж, і менавіта да яе вяртаўся ў 1914-м годзе. Здаецца, яны былі зусім розныя: Бэла — разнастайна адукаваная дзяўчына з багатай габрэйскай сямьі, Марк — малады бедны мастак. Што ён мог ёй прапанаваць, акрамя карцін і натхненьня?.. Але лёсу было патрэбна, каб гэтыя абодва былі разам. Іх вясельле адбылося 25 ліпеня 1915 года, і праз год у сямьі Шагалаў нарадзілася маленькая Іда — дзіця каханьня. Пасьля гэтага, як ўжо згадвалася, у сувязі зь цяжкасьцямі ваеннага часу ўсе яны разам зьязджаюць у Петраград. Парадаксальна, што ў цяжкія сваёй няпэўнасьцю ваенныя гады карціны Марка Шагала поўняцца сьветлым празрыстым пачуцьцём. Яно мае розныя адценьні ў рознакаляровых “каханках” (ружовых, шэрых, зялёных, блакітных). Ім напоўненыя карціны сямейнага кшталту : “Купаньне дзіцяці”, “Суніцы” і інш. Але найбольшае набліжэньне да адчуваньня гармоніі пачуцьцёвага сьвету яно набывае на палотнах, дзе закаханыя ўздымаюцца ў нябёсы.

Вельмі дакладна акрэсьліла адчуваньне ад адной зь першых такіх карцін “Дзень нараджэньня” ў сваіх успамінах Бэла: “Я яшчэ трымаю ў руках кветкі. Я не магу ўтрымацца на месцы. Я хацела б паставіць кветкі ў ваду, бо яны ж хутка зьвянуць. Але неўзабаве я забываюся на іх. Ты накінуўся на палатно, яно дрыжыць пад тваёй рукой. Ты абмакваеш пэндзаль ,чырвоная, сіняя, белая, чорная фарбы пырскаюць навокал. Ты ўцягваеш мяне ў гэтую плыню фарбаў... Раптам ты ўзьнімаеш мяне над падлогай і сам зрываешся ўзрушаны нібыта табе вельмі цесна ў пакоі. Ты выцягваешся, імкнешся да столі, плывеш да яе... Я слухаю мелодыю твайго голасу, пяшчотную й урачыстую. Нават у тваіх вачах можна адчуць гэты сьпеў, і мы ўдвух павольна ўздымаемся над тваім размаляваным пакоям і адлятаем. Мы імкнемся выбрацца за вокны. Там, звонку, нас кліча да сябе блакіт нябёсаў... Палі кветак, дахі, дворыкі, цэрквы плывуць пад намі...”

М.Шагал. Дзень нараджэньня.Так праз палёты імкнуўся мастак адлюстраваць, як чалавек парывае з гэтым прадметным, зямным, штодзённым сьветам і накіроўваецца ў бязьмежны блакіт мараў. Так закаханыя Марк і Бэла зрабіліся “пастаяльцамі нябёсаў”.

Дзякуючы каханьню Марка Шагала сьвет атрымаў такія выдатныя творы, як “Над горадам”, “Прамэнад”, “Двайны партрэт з бакалам віна” і г.д. Усе гэтыя карціны дыхаюць сьвежасьцю, хрупкасьцю, нібыта напісаныя ў адно імгненьне, адным памкненьнем душы. Закаханыя ў небе выглядаюць настолькі ж натуральна, насколькі рэальна ўспрымаецца й родны Віцебск на зямлі: вуліца, цэркаўка, дамы — усё асьветленае вялікім шчасьцем каханьня й маладосьці. Сапраўды, Марк Шагал нібыта нарэшце знайшоў тое сваё адметнае адчуваньне ў жывапісе, здолеў ухапіць, увасобіць нешта сваё, унікальнае...

Віцебск падараваў мастаку каханьне, што напоўніла ягоныя карціны, і натхненьне праз незабыўныя дзіцячыя ўражаньні ад людзей і зьяваў. Віцебск падараваў Шагалу самога сябе... Але...

Рэвалюцыя

Войны й рэвалюцыі зьяўляюцца,

магчыма, у большай ступені вынікам

чалавечага жаданьня знайсьці для

сябе самога новы зьмест, новы сэнс,

новую сутнасьць.

Марк Шагал

Рэвалюцыя застала Марка Шагала ў Петраградзе, і першай ягонай думкай было: “Больш ня трэба будзе мець справы з паспартыстамі”. Аднак рэвалюцыйныя падзеі наклалі вельмі значны адбітак на наступныя некалькі год жыцьця мастака. Праз шмат часу Шагал прызнаецца: “Рэвалюцыя ўзрушыла мяне з усёй сілай, захапіўшай асобу, асобнага чалавека, перахлёствала праз межы ўяўленьняў і ўрывалася ў самы таемны нутраны сьвет вобразаў, якія самі рабіліся часткай рэвалюцыі.”

Сапраўды, Марк Шагал успрымаў рэвалюцыю ня столькі як сацыяльны катаклізм, сколькі як духоўны пераварот, які вызваліць асобу, яе думкі, замацуе сапраўдную свабоду мастацкіх уяўленьняў. Менавіта таму ён так актыўна ўключыўся ў “рэвалюцыйнае будаўніцтва”.

Але ўсю моц свайго ўзрушэньня мастак хацеў у першую чаргу прысьвяціць роднаму гораду, свайму Віцебску. 14 верасьня 1918 года ён быў прызначаны на пасаду ўпаўнаважанага па справах мастацтва ў Віцебскай губерні і зь вялікай ахвотай ўзяўся за справу.

Першая зьвязаная з Шагалам падзея мастацкага жыцьця горада — сьвяткаваньне першых угодкаў кастрычніцкай рэвалюцыі. Сабраўшы віцебскіх мастакоў і іх вучняў, новы ўпаўнаважаны ўсім знайшоў працу. Ён вырашыў зьдзівіць гараджанаў. Вялізныя ягоныя карціны-плякаты “Вайна палацам”, “Вершнік” і іншыя былі разьмешчаныя на цэнтральных вуліцах, а на плошчы над саборам узьнесьліся ўвышыню рознакаляровыя каровы, козы, людзі... У такія незвычайныя вобразы вылілася рэвалюцыйная эйфарыя мастака й ён жадаў, каб людзі зразумелі ягоныя ўражаньні, падтрымалі...

Рэвалюцыйная тэма ня вельмі прадстаўленая ў творчасьці Марка Шагала 1917—1920 гадоў таму, што шмат часу займала дзейнасьць па стварэньні ў Віцебску мастацкай школы. “У касаваротцы, са скураным партфелям пад пахай,— успамінаў потым Шагал,— я выглядаў тыповым савецкім служачым. Толькі доўгія валасы ды пунсовыя шчокі (нібыта сышоў з уласнае карціны) выдавалі ўва мне мастака. Вочы азартна блішчэлі — я заглыблены ў арганізацыйную дзейнасьць. Навокал — натоўп вучняў, юнакоў, зь якіх я зьбіраюся зрабіць геніяў за дваццаць чатыры гадзіны.”

Можна сьцьвярджаць, што Віцебская школа — цалкам дзіця Марка Шагала. Яна пачала сваю працу 28 студзеня 1919 года і ўжо ў лютым, пасьля ад`езду першага, хутчэй намінальнага, дырэктара М.Дабужынскага, школу ўзначаліў сам Шагал. Ён запрасіў сюды лепшых і розных мастакоў, што прадстаўлялі ўвесь сьпектар мастацкіх накірункаў таго часу (В.Ермалаева, Р.Фальк, К.Малевіч і г.д.). Акрамя школы, плянавалася адкрыцьцё музэя сучаснага мастацтва, нават творы для экспазыцыі былі набытыя, але... Не прайшло й два гады, а Марк Шагал назаўсёды зьязджае зь Віцебску, а там і з краіны ўвогуле.

Што адбылося? Найперш, адыграла ролю асабістая крыўда мастака на Казіміра Малевіча, са зьяўленьнем якога ў школе вучні з розных майстэрань захапіліся ідэямі супрэматызму й пачалі адыходзіць ад навучаньня ў тым ліку і ў Марка Шагала. Апошняга нават пачалі крытыкаваць як кансэрватара — прадстаўніка старога прадметнага мастацтва. Шагал ня меў такога дару перакананьня як Малевіч, ён лічыў мастацтва індывідуальнай, асабістай справай — гісторыя жывапісу — гэта гісторыя жывапісцаў… Але Шагал раўнаваў, вельмі моцна раўнаваў. Гэта адчуваецца ў ягоных успамінах, нягледзячы на спакой, які ён імкнецца падкрэсьліць.

І усё ж калі праз адну сваю вандроўку ў Маскву па справах школы мастак даведаўся, што агульная рада вучняў і настаўнікаў прыняла рашэньне зьняць яго з пасады дырэктара й выгнаць з горада, гэта быў сапраўдны ўдар. Шагал адчуў сябе, можа ўпершыню, нікому непатрэбным і зусім безабаронным. У родным горадзе яго ніхто не падтрымаў…

Масква ня выратавала ад адчуваньня ўласнай непатрэбнасьці. Хаця цікавая праца над дэкарацыямі ў Габрэйскім Тэатры, а таксама выхаваньне дзяцей у інтэрнаце ў Малахаўцы й занялі на пэўны час думкі, але адсутнасьць грошаў, пагарда ўладаў да тваіх патрэбаў усё больш зацьвярджалі ў тым, што неабходна шукаць іншае месца. Тое, дзе цябе ацэняць. “Ні царскай, ні савецкай Расіі я не патрэбны. Мяне не разумеюць, я чужы” — вось асноўны вынік апошніх васьмі год…

Зь цяжкім сэрцам зьехаў Марк Шагал ў 1920-м годзе з Віцебску, а ў 1922м — з гэтае краіны ўвогуле . Рэвалюцыйны парыў сябе не апраўдаў…

Успаміны

Не шукайце сёньня мяне,

Не шукайце і ў заўтрашні час,

Я ўцёк ад самога сябе нечакана.

Я магілу выкапаю ў запас

І ад вялікага плачу растану.

Марк Шагал “Горад далёкі”

М.Шагал. Успамін. 1914 г.Зьехаўшы за мяжу, Шагал першай справай скончыў свае ўспаміны “Маё жыцьцё”, якія, праўда, былі выдадзеныя толькі значна пазьней, у 1938-м годзе. Апошні запіс ў іх датычыў ад`езду з Расіі. “Цяпер, у часы РСФСР, я ўголас крычу: няўжо вы не заўважаеце, што мы ўжо ўзышлі на помост бойні й вось-вось уключаць ток?

Ці не спраўджваюцца мае прадчуваньні: бо мы ж у поўным сэнсе слова вісім у паветры, усім нам не хапае апоры?

Апошнія пяць год паляць маю душу. Я схуднеў. Нагаладаўся.

Я хачу пабачыць вас Б…, С…, П… Я стаміўся.

Бяру с сабой жонку й дачку. Еду да вас назаўсёды.

І, можа быць, сьледам за Еўропай, мяне палюбіць мая Расія.”

Крыўда, роспач, смутак рухалі Шагала хутчэй за межы гэтага рэвалюцыйнага сьвету. А Віцебск?.. Віцебск даў магчымасьць Шагалу сфарміравацца як мастаку, аднак, каб захаваць сваю адметнасьць і індывідуальнасьць, яму неабходна было зьехаць з гэтага гораду й з гэтае краіны, дзе хутка запануюць стандарты й штампы сацрэалізму. Трэба было шукаць іншы Віцебск — Парыж…

“Мой горад памёр. Пройдзены віцебскі шлях…”— напісаў мастак яшчэ да 1922-га года. Але, калі б не было гэтага шляху, не было б і самога Шагала, і ён разумеў гэта, а таму хутка крыўда зьмянілася на настальгію.

М.Шагал. Прамэнад.Ці не лепшую долю абраў сабе мастак сваім ад`ездам? З папярэдняга жыцьця Марка Шагала зразумела, што яму мала было проста жыць у Віцебску, трэба была тая свабода творчасьці й думак, якую ён тут адчуў адразу пасьля вяртаньня. У сацыялістычным горадзе ён наўрадці здолеў бы абараніць сваё мастацтва ад уплыву калектыўнага розуму, а калі б здолеў, дык ці не паўтарыў бы шлях іншых яскравых мастакоў савецкага часу па колах ГУЛАГаўскага пекла?

Праз шмат гадоў ён больш спакойна асэнсуе падзеі й скажа: “Усе мае вандроўкі заўсёды былі прадыктаваныя выключна творчымі інтарэсамі. У мяне, сына працоўнага чалавека, не было, напрыкалд, падставаў, каб паехаць з радзімы, якой маё мастацтва застаецца адданым да сёньня. Але як мастак я адчуваў, што найбольшую вытанчанасьць у жывапісе магчыма знайсьці толькі ў Францыі. У гэтым, думаю, карані майго шматгадовага дуалізму, дваістасьці, у гэтым — прычына маёй абсалютнай няздольнасьці адаптавацца, асесьці дзе-небудзь, адчуць сябе дома”. 

Шагал, “як дрэва, выдранае з каранямі”, усё ж прыжыўся на новай французскай глебе, аднак гэтае дрэва існавала толькі праз успамін пра той родны асяродак, дзе пачало сваё жыцьцё. Віцебск, такі, які Шагал бачыў у дзяцінстве й які даў яму натхненьне, — гэты Віцебск назаўсёды зойме галоўнае месца ва ўсіх наступных творах мастака. Як той стары з малюнка 1914 года “Успамін”, Марк Шагал усё жыцьцё насіў за плячыма свой дом — свой горад, сваё юнацтва, сваю радзіму… Ён ня ставіў пытаньня, якой дзяржаве павінны надежыць ягоныя творы й ён сам, бо ўся ягоная творчасьць прасякнутая адданасьцю адзінаму й непаўторнаму Віцебску…

Бібліяграфія

1. Апчинская И. Марк Шагал. Портрет художника М. 1995.

2. Герман М. Форестье С. Марк Шагал. Ранний период СПб. 1996.

3. Зингерман Б.И. Парижская школа (Пикассо, Модильяни, Шагал, Сутин) М. 1993.

4. Каминский А.А. Марк Шагал и Россия М. 1988.

5. Марк Шагал. Возвращение мастера. М. 1988.

6. Подлипский А. Васильковые годы Марка Шагала. Витебск. 1997.

7. Сарабьянов Д.В. Марк Шагал. Альбом. М.1992.

8. Шагал М. Ангел над крышами М. 1989.

9. Шагал М. Моя жизнь М. 1994.

10. Шагал М. Паэзія Мн. 1989.

11. Акудовіч В. Марк Шагал \\ Культура. 1994. 28 верасьня.

12. Вакар Л. Пра інсітны пачатак у творчасьці Ю.Пэна і Марка Шагала \\ Мастацтва. 1996. №5.

13. Віцебск, Марк Шагал і таталітарная сістэма \\ Беларусь. 1994. №11.

14. Крэпак Б. “Я адчуу сябе дрэвам з выдраными каранями” \\ Культура. 1994. 15 чэрвеня.

15. Лісаў А. Двое вялікіх пад адным дахам \\ Беларуская мінуўшчына. 1996. №5.

16. Лісаў А. У пошуках Віцебску — у Парыж \\ Мастацтва. 1997. №11.

17. Мальцаў У. Марк Шагал — тэатральны мастак 1918—1922. Віцебск—Масква \\ Мастацтва. 1998. № 1.

18. Марк Шагал “Всё это есть в моих картинах” \\ Литературная газета. 1985. 16 октября.

19. Нікіфаровіч В. Загадка Марка Шагала \\ Літаратура і мастацтва. 1997. 8 жніўня.

20. Харэўскі С. Марк Шагал. Прамэнад \\ Наша Ніва. 1997. 7 красавіка.

21. Хмяльніцкая А. Без свечкі не пакінуць руку \\ Голас Радзімы. 1997. 31 ліпеня.

 

 

Марк Шагал: ад вяртаньня да вяртаньня

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY