|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "HISTORICA", № 1-2000
ЮРЫ ГРЫБОЎСКІ. 5-ая ПОЛЬСКАЯ КРЭСОВАЯ ДЫВІЗІЯ “ЗУБРЫ” |
|
СТАРАЖЫТНАСЬЦІ Гедымін і Тэўтонскі ордэн (1316—1341) АСОБА Станіслаў Ляшчынскі — забытая легенда XVIII стагодзьдзя (нарыс) СУЧАСНАСЬЦЬ Спробы пабудовы ВАЙСКОВАЯ ГІСТОРЫЯ 5-ая Польская Крэсовая Дывізія "Зубры" КАЛЯБАРАЦЫЯ Асноўныя накірункі АНАЛЫ Незалежнасьць Беларусі: яшчэ адна спроба ВЫЗНАЧЭНЬНІ КУЛЬТУРА |
Пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяньнях на Заходніх франтох падчас Другой сусьветнай вайны
Адначасна краіны, чые вайсковыя фармацыі бралі ўдзел у той славутай бітве, парупіліся, каб была ўшанаваная памяць пра палеглых там жаўнераў. Цяпер, як і заўсёды, пільна даглядаюцца вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя вайскоўцы 2-га Польскага Корпусу, якія ўдзельнічалі ў складзе 8-ай Брытанскай Арміі ў авалоданьні Монтэ-Касіна. Сёньня ў Польшчы распрацоўкай тэматыкі ўдзелу польскіх вайскоўцаў у Другой сусьветнай вайне займаецца цэлы шэраг вядомых дасьледчыкаў. 30 траўня 1999 году ў Варшаве ў прысутнасьці вэтэранаў-удзельнікаў адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка палеглым пад Монтэ-Касіна. Вельмі крыўдна, што на Беларусі шырокаму колу аматараў гісторыі падзеі тых гарачых травеньскіх дзён у Італіі застаюцца невядомыя. Хоць, між іншым, у той гераічнай бітве ўдзельнічала нямала і нашых землякоў. Штогод прадстаўнікі беларускай эміграцыі ўшаноўваюць памяць жаўнераў беларускага паходжаньня з 2-га Польскага Корпусу. Мусіць, так наканавана лёсам, што беларусы, якія панесьлі велізарныя страты падчас Другой сусьветнай вайны, здолелі прадэманстраваць сваю мужнасьць на ўсіх франтох і зрабілі важкі ўнёсак у разгром гітлерызму. Сёньня, на жаль, застаецца яшчэ шмат невядомага пра тыя ваенныя паходы на Захадзе, у якіх давялося браць удзел беларускім вайскоўцам. Мала мы ведаем і пра ўдзел нашых землякоў у вайне ў складзе Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе, а менавіта 5-ай Польскай Крэсовай Дывізіі, гаворка пра якую і пойдзе ў нашым артыкуле. На значную прысутнасьць беларусаў у шэрагах гэтай вайсковай адзінкі паказвае ўжо сама яе назва — Крэсовая. Адпаведна, сюды мусілі набіраць жаўнераў з гэтак званых “крэсаў”, а ня зь іншых тэрыторыяў даваеннай польскай дзяржавы. Ускосным доказам наяўнасьці тут беларусаў зьяўляюцца таксама сьведчаньні відавочцаў, што шарагоўцы гэтай дывізіі размаўлялі між сабой па-беларуску. У склад 5-ай Крэсовай Дывізіі ўваходзілі фармаваньні з адпаведнымі назвамі, кшталту 5-ай Віленскай Брыгады і інш. Пра пэўны беларускі характар сьведчаць такія прозьвішчы афіцэраў і шарагоўцаў гэтай вайсковай адзінкі, як, напрыклад, Сулік, Горбель, Гук, Дзежка, Гарошка, Сянкевіч… Трэба адзначыць, што ў часе, калі на тэрыторыі СССР у 1941 годзе фармавалася гэтая дывізія, у савецкім палоне знаходзілася вялікая колькасьць былых польскіх вайскоўцаў-беларусаў, якія трапілі туды ў верасьнёўскую кампанію 1939 году. Беларускі дасьледчык на эміграцыі В. Сянькевіч мяркуе, што шэраг беларусаў наўмысна запісваліся палякамі, каб трапіць у польскае войска і пазьбегнуць “сталінскага пекла”. Апроч таго, вядома, што нярэдка апалячаныя жаўнеры з Заходняй Беларусі вызнавалі сябе за палякаў і таму сьвядома прагнулі патрапіць у польскія фармацыі. Пазьней Польскія Збройныя Сілы на Захадзе папоўніліся жаўнерамі Беларускай Краёвай Абароны, якія пад націскам Чырвонай Арміі разам зь нямецкімі войскамі ўлетку 1944 году мусілі пакінуць Беларусь і адступіць на Захад. Потым нямецкае камандаваньне скарыстоўвала іх на франтох у Паўднёвай і Заходняй Эўропе супраць войскаў аліянтаў. Вядома, што шмат хто зь іх перайшоў на бок апошніх і потым ваяваў ужо з самімі фашыстамі. Варта нагадаць падобны лёс вядомага беларускага дзеяча-эмігранта Кастуся Акулы. Паводле ягонага аповеду, беларусы-вайскоўцы ў складзе 2-га Польскага Корпусу ў часе Італьянскай кампаніі 1944—1945 гадоў мелі сувязь з Радай БНР, ад якой атрымоўвалі нават ейнае выданьне “Беларускія Навіны”. Такім чынам, відавочна, што шляхоў, якімі беларусы траплялі ў шыхты Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе, было багата. Што ж тычыцца 5-ай Крэсовай Дывізіі, дык, на думку некаторых беларускіх дасьледчыкаў, у гэтай вайсковай адзінцы беларусаў было ня толькі больш, чым у іншых фармацыях, але яны там нават складалі абсалютную большасьць. Свой пачатак 5-ая Польская Крэсовая Дывізія бярэ ад 5-ай і 6-ай пяхотных дывізіяў, якія былі сфармаваныя ў другой палове 1941 году на тэрыторыі СССР пасьля таго, як паміж польскім эмігранцкім урадам У. Сікорскага ў Лёндане і савецкім урадам былі ўзноўленыя палітычныя стасункі. Тады былі зробленыя крокі ў накірунку да стварэньня ў СССР польскага войска. 12 жніўня 1941 году быў выдадзены дэкрэт Прэзідыюму Вярхоўнага Савету СССР аб амністыі і вызваленьні польскіх ваеннапалонных. У сувязі з гэтым Польскі штаб у Лёндане меўся сфармаваць на тэрыторыі СССР 150-тысячнае польскае войска. Польскіх ваеннапалонных было сапраўды шмат. Згодна з сучаснымі расейскімі зьвесткамі, падчас паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасьні 1939 г. у савецкі палон трапіла 452 336 вайскоўцаў, у тым ліку 18 723 афіцэры. У выніку дэклярацыі ад 4 сьнежня 1941 г. склад новаўтворанага Войска Польскага павялічыўся да 96 тыс. чалавек (шэсьць пяхотных дывізіяў і адна танкавая брыгада). 5-ай Крэсовай, як і шэрагу іншых тагачасных фармацыяў, не давялося затрымацца ў СССР, бо генэрал Уладыслаў Андэрс у 1942 годзе перайшоў з гэтымі фармаваньнямі, у тым ліку і з Крэсовай, у Іран. Пазьней яна была перакінутая ў суседні Ірак дзеля аховы гэтага важнага нафтавага рэгіёну, дзе ўвосень 1942 году зь некалькіх вайсковых частак быў сфармаваны 2-гі Польскі Корпус. У ягоным складзе 5-ая Польская Крэсовая Дывізія праіснавала да свайго расфармаваньня ў 1946 годзе. З красавіка 1943 году камандуючым 5-ай Крэсовай быў прызначаны генэрал Нікадым Сулік-Сарноўскі, родам зь Беласточчыны. Цікава нагадаць некаторыя моманты зь ягонай біяграфіі. Падчас польска-савецкай вайны ён служыў у 1-ай Літоўска-Беларускай Пяхотнай Дывізіі, дзе камандаваў ротай, а потым — батальёнам. На пачатку Другой сусьветнай вайны палкоўнік Сулік быў сябрам вайсковай арганізацыі Саюз Узброенай Барацьбы, браў удзел у падпольнай дзейнасьці ў акупаванай немцамі Варшаве, пакуль ня быў пераведзены на Віленшчыну, дзе супольна з палкоўнікам Аляксандрам Кшыжаноўскім у якасьці камэнданта ачольваў акругу Саюзу Ўзброенай Барацьбы “Вільня”. У красавіку 1941 года ён быў выкрыты і арыштаваны НКВД. Але празь некалькі месяцаў, у верасьні, паводле дамовы ўраду Сікорскага з савецкім урадам, Сулік быў вызвалены і далучыўся да фармаваньня польскага войска ў СССР. Спачатку Сулік, які ўжо атрымаў чын генэрала, узначаліў 7-ую Пяхотную Дывізію. У ейным складзе ў 1942 годзе ён і эвакуаваўся ў Іран, дзе пераняў камандаваньне 5-й Польскай Крэсовай Дывізіяй. 3 сакавіка 1944 году Сулік атрымаў чын генэрала брыгады.
5-ая Крэсовая Дывізія непрацяглы тэрмін месьцілася спачатку ў Палестыне, дзе акурат у Ерусаліме 11 лістапада 1943 году генэрал Уладыслаў Андэрс уручыў ёй дывізійны штандар, а потым у Эгіпце (паколькі 2-гі Польскі Корпус нейкі час знаходзіўся там), пакуль узімку 1943 г. не была перакінутая на Апэнінскую паўвыспу, дзе брала ўдзел у Італьянскай кампаніі. На гэты момант Італія ператварылася ў адзін з галоўных тэатраў баявых дзеяньняў на заходніх франтох. Таму гэта было бадай што галоўнае месца, дзе дывізія прадэманстравала свае вайсковыя якасьці. Трэба зазначыць, што 5-ая Крэсовая ўяўляла даволі значную, падрыхтаваную да ваенных дзеяньняў сілу. У ейны склад уваходзілі тры брыгады пяхоты (5-ая Віленская, 3-ая Львоўская, 4-ая Валынская, 15-ы Полк Пазнанскіх Уланаў і іншыя вайсковыя адзінкі), кожная зь якіх складалася з трох батальёнаў. 5-ая Крэсовая Дывізія мела яшчэ неафіцыйную назву “Зубры”, якую яна атрымала дзякуючы дывізійнаму нарукаўнаму знаку з выявай карычневага зубра ў жоўтым полі з карычневай аблямоўкай. Гэты шаўрон быў замацаваны за дывізіяй згодна з загадам № 37 Камандаваньня Войска Польскага ад 31 сьнежня 1942 году. Безумоўна, варта таксама разгледзець і бітвы, у якіх 5-ая Крэсовая брала ўдзел. У сакавіку 1944 года яна ўдзельнічала ў абарончых баях ля ракі Сандры; тут 5-ая Крэсовая Дывізія з 11 па 18 траўня 1944 году штурмавала ўзвышшы Відма і Сан-Анджэла. Падчас апэрацый гэтая вайсковая адзінка дзейнічала разам з 3-яй Дывізіяй Карпацкіх Стральцоў. А потым ужо 26 траўня супольна з 2-й Танкавай Брыгадай авалодала населеным пунктам — П'едымантэ. Дзякуючы 5-ай Крэсовай былі здабытыя ўзвышша 495 — Паса-Корна і адзін з самых недаступных і важкіх пунктаў праціўніка — узвышша Монтэ-Кайра, вышынёй 1669 мэтраў ад узроўню мора. Баі ішлі за праламленьне нямецкіх умацаваных ліній “Густава” і “Гітлер”. Гэта былі самыя істотныя і крывавыя баі за ўсю Італьянскую кампанію. Ваенныя посьпехі 5-й Польскай Крэсовай Дывізіі былі адзначаныя вышэйшым камандаваньнем. Так, напрыклад, генэрал 8-ай Брытанскай Арміі, якой падпарадкоўваўся 2-гі Польскі Корпус, Олівэр Ліз у лісьце да генэрала Нікадыма Суліка пісаў: “Хачу даслаць маё асабістае віншаваньне Вам і Вашаму Штабу, а таксама ваенным аддзелам за іхны бліскучы чын у нядаўнім змаганьні. У часе авалоданьня ўзвышшам Сан-Анджэла і пунктам 575, што зьяўляліся ключавымі пазыцыямі нямецкай абароны, як мы ацэньвалі раней і як упэўненыя і зараз — Вашая дывізія ў высокай ступені спрычынілася да выкананьня пляну захаваньня цэласнасьці наступу Арміі. Незалежна ад невялікай колькасьці і моцы, якую мелі нашыя аддзелы ў часе наступу, з выканаўчых рапартаў відаць іхны высокі дух і зацятасьць у змаганьні падчас прарыву нямецкіх умацаваньняў. Безумоўна, 5-ая Крэсовая Дывізія панесла вельмі вялікія страты. Яшчэ раз дзякую Вам асабіста за добрае камандаваньне дывізіяй і за ейны бліскучы чын”. Пасьля перамогі пад Монтэ-Касіна, якая сапраўды зьявілася важкім набыткам заходніх аліянтаў, бо адчыніла вароты на Рым, 2-гі Польскі Корпус працягваў прасоўваньне на поўнач Італіі. А 5-ай Крэсовай Дывізіі тым часам давялося браць удзел у баявых дзеяньнях уздоўж Адрыятыкі. У прыватнасьці, з 1 па 18 жніўня 1944 году яна ўдзельнічала ў авалоданьні г.Анконай, сталіцай італьянскай вобласьці Маркэ. 5-ай Крэсовай выпала выконваць задачу, прызначаную для цэлага корпусу — наступ на Монтэ-дэля-Крэсча і Сан-Стэфана. Падчас бітвы за Анкону і паступовага прасоўваньня да лініі Готаў, камандуючы дывізіі быў паранены і шпіталізаваны, таму ягоныя абавязкі павінен быў выконваць намесьнік камандзіра палкоўнік К.Рудніцкі. Але празь некаторы час генэрал Сулік здолеў вярнуцца да выкананьня сваіх абавязкаў і зноў ачоліў Крэсовую. Да верасьня 1944 году дывізія ўдзельнічала ў баях на рэках Міса, Чэсана, Мэтуара і Полья. Пасьля гэтага яна атрымала кароткі адпачынак, па сканчэньні якога працягнула змаганьне ў неспрыяльных умовах гарыстай мясцовасьці Паўночных Апэнінаў. Баі ў гэты час разгарнуліся ў Паўночнай Італіі, дзе існавала гэтак званая “Рэспубліка Салё”, штучна створаная Мусаліні яшчэ ўвосень 1943 году на тэрыторыі, кантраляванай нямецкімі войскамі (Бэніта быў зацяты прыхільнік змаганьня за кожны мэтар зямлі).
5-ая Польская Крэсовая Дывізія падчас гэтага этапу ваенных дзеяньняў заняла некалькі высакагорных пунктаў ля Галятэі, што адчынялі шлях да гэтай мясцовасьці, а 20 кастрычніка 1944 году Крэсовая авалодала Монтэ-Кроса (на вышыні 699 мэтраў) і Монтэ-Сьпіна (на вышыні 600 мэтраў ад узроўню мора). Тады ж дывізія фарсавала даліну ракі Рабі і, нарэшце, Прэдапіё, адначасова яна спрычынілася да заняцьця 5-м Брытанскім Корпусам камунікацыйнага вузла Форлі. Узімку 1944—1945 гадоў Крэсовая займала абарончыя пазыцыі ля ракі Сэніё. А адной з найзначнейшых перамог хаўрусьнікаў было заняцьце, пасьля баёў з 9 па 21 красавіка 1945 году, Балёніі, у якім брала ўдзел таксама і 5-ая Польская Крэсовая Дывізія. Пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, на пачатку 1946 году 5-ая Крэсовая Дывізія разам са сваім камандзірам генэралам Сулікам была перасунутая ў Ангельшчыну, дзе зь верасьня гэтага ж году пачала ператварацца ў Польскі Корпус Прыстасаваньня і Разьмяшчэньня. Сам генэрал Сулік у паваенны час застаўся ў Лёндане. Яшчэ ў 1945 годзе пры ягонай дапамозе быў напісаны своеасаблівы жыцьцяпіс дывізіі: “Kresowa walczy w Italii”, дзе апісана дзейнасьць 5-ай Крэсовай у часе Італьянскай кампаніі. Варта адзначыць, што подзьвігі шмат якіх жаўнераў 5-ай Крэсовай Дывізіі былі адзначаныя шэрагам узнагародаў, у тым ліку вядомымі “Зоркай Італіі” і мэдалём “За вайну”. Праз удзел у баталіях 5-ая Польская Крэсовая Дывізія за час Італьянскай кампаніі панесла значныя страты. Згодна са зьвесткамі польскіх крыніцаў, дывізія падчас змаганьня на Апэнінскай паўвысьпе страціла: забітымі — 1063 чалавек, параненымі — 3712 чалавек, зьнікла бязь зьвестак — 352 чалавек. Агульная лічба, такім чынам, складае 5127 чалавек. Але колькі сярод іх было беларусаў — невядома. Зразумела, што тагачасныя польскія зьвесткі ўважаюць усіх гэтых жаўнераў Крэсовай за ўласна палякаў. Доказам гэтага могуць быць нават словы генэрала Суліка, які, натуральна, лічыў, што ягоныя жаўнеры лілі сваю кроў дзеля іхнай адзінай Айчыны — Польшчы. Аднак такі аргумэнт прымальны толькі для тых, хто хацеў бы зьменшыць лічбу вайскоўцаў-непалякаў, у тым ліку і беларусаў, што ваявалі ў шыхтох войскаў заходніх хаўрусьнікаў. Але факты і лічбы кажуць пра іншае. На 1 ліпеня 1945 году Польскія Збройныя Сілы на Захадзе налічвалі 228 тыс. чалавек. Прадстаўнікі беларускай эміграцыі мяркуюць, што з 1942 па 1947 гады пад брытанскай камандай у польскіх вайсковых фармацыях беларусы складалі звыш 30 тыс. чалавек. Акрамя таго, існуюць і іншыя зьвесткі. Так, напрыклад, падчас стварэньня Беларускай Вэтэранскай Арганізацыі ў Англіі ейныя прадстаўнікі на перамовах з шэфам штабу Галоўнакамандуючага Польскімі Збройнамі Сіламі на Захадзе генэралам Капанскім, ад якога прасілі дазволу на ўваходжаньне польскіх вайскоўцаў беларускага паходжаньня ў гэтую беларускую арганізацыю, назвалі наступную лічбу беларусаў: ад 14 да 16 тыс. чалавек. Генэрал Капанскі не адмовіў гэтага і падкрэсьліў, што беларускіх вайскоўцаў было сапраўды нямала. Паводле падлікаў В.Сянькевіча, якія грунтуюцца на падрахунку колькасьці надмагільных крыжоў на мясцовых могілках, толькі пад Монтэ-Касіна з 1100 пахаваных 259 асоб зьяўляюцца ўраджэнцамі Беларусі (24 %). Гэтаксама ён падлічыў працэнт палеглых беларусаў у часе Італьянскае кампаніі. Згодна зь ягонымі падлікамі, нашыя землякі, акрамя Монтэ-Касіна, пахаваны ля Балёніі (287 чалавек), Лярэта (234 чалавек), Касімасіма (72 чалавек) і яшчэ 11 параскіданыя па розных могілках Італіі. Такім чынам, на прыкладзе 5-ай Польскай Крэсовай Дывізіі відаць, што беларусы бралі значны ўдзел у баях на Заходніх франтох Другой сусьветнай вайны і праявілі там несумненны гераізм і мужнасьць. Да таго ж 5-ая Крэсовая Дывізія — гэта не адзіная вайсковая фармацыя на Заходніх франтох вайны, у склад якой уваходзілі беларусы. Вядома, што апроч гэтай дывізіі, нашыя землякі ваявалі ў складзе іншых вайсковых адзінак 2-га Польскага Корпусу: у 3-яй Дывізіі Карпацкіх Стральцоў, 2-ой Танкавай Брыгадзе і шэрагу іншых драбнейшых фармацыяў. Аднак менавіта 5-ую Крэсовую мажліва ўважаць найбольш бліскучым прыкладам удзелу беларусаў у ваенных дзеяньнях на Заходніх франтох Другой сусьветнай вайны. Літаратура 1. Apoloniusz Zawiński. Polskie Fronty. 1918—1945. T.2. Warszawa, 1997. 2. Акула К. Змагарныя дарогі. Мн., 1994. C.439. 3. Сянькевіч В. Пра ўдзел беларусаў на Заходніх франтох Другой сусьветнай вайны // Зважай. Лістапад 1977. №2(8). 4. Соловьёв А. Белорусская Центральная Рада: Создание. Деятельность. Крах. Мн., 1995. C.80—81. 5. Акула К. Op.cit. C.439. 6. Сянькевіч В. Пра ўдзел беларусаў на Заходніх франтох Другой сусьветнай вайны // Зважай. Лістапад 1977. №2(8). 7. Murgrabia J. Symbole wojskowe Polskich Sił Zbrojnych na Zachodzie. Warszawa, 1990. 8. Leonard Ratajczyk. Historia Wojskowośći. Warszawa, 1980. C.339. 9. Historia Polski. 1884—1948. Warszawa, 1982. 10. Гриф секретности снят. М., 1993. 11. Historia Polski. 1884—1948. Warszawa, 1982. C.148. 12. Zbigniew Mierzwiński. Generałowie II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1990. C.304. 13. Apoloniusz Zawiński. Op.cit. C.108. 14. Zbigniew Mierzwiński. Op.cit. C.304. 15. Komornicki Stanisław. Wojska Polskie. Barwa i Broń. Warszawa, 1984. C.239. 16. Witold Biegański. Bolonia 1945. Warszawa, 1986. C.31. 17. Zeszyt Naukowy muzeum wojska. Białystok. 1988. C.150. 18. Zbigniew Mierzwiński. Op.cit. C.305. 19. Денис Мэк Смит. Муссолини. М., 1995. C.348. 20. Zbigniew Mierzwiński. Op.cit. C.307. 21. Сянькевіч В. Пра ўдзел беларусаў на Заходніх франтох Другой сусьветнай вайны // Зважай. Лістапад 1977. №2 (8). 22. Zbigniew Mierzwiński. Op.cit. C.307. 23. Сянькевіч В. Пра ўдзел беларусаў на Заходніх франтох Другой сусьветнай вайны // Зважай. Лістапад 1977. №2 (8). 24. Акула К. Крэкчуць “Крэсовыя Зубры” // Зважай. Жнівень 1993. №3 (71). 25. Сянькевіч В. Пра ўдзел беларусаў на Заходніх франтох Другой сусьветнай вайны // Зважай. Лістапад 1977. №2(8). 26. Сянькевіч В. Беларусы на Монтэ-Касіна // Зважай. Верасень 1979. №3(15)
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||