ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "HISTORICA", № 1-2000

 

ІРЫНА КАШТАЛЯН. ГЕДЫМІН І ТЭЎТОНСКІ ОРДЭН (1316—1341)

 

ЗЬМЕСТ

СТАРАЖЫТНАСЬЦІ

Гедымін і Тэўтонскі ордэн (1316—1341)

АСОБА

Станіслаў Ляшчынскі — забытая легенда XVIII стагодзьдзя (нарыс)

СУЧАСНАСЬЦЬ

Спробы пабудовы
сацыялістычнай эканомікі ў Чылі...

ВАЙСКОВАЯ ГІСТОРЫЯ

5-ая Польская Крэсовая Дывізія "Зубры"

КАЛЯБАРАЦЫЯ

Асноўныя накірункі
акупацыйнай палітыкі
нямецкіх уладаў...

АНАЛЫ

Незалежнасьць Беларусі: яшчэ адна спроба

ВЫЗНАЧЭНЬНІ

Мадэрнізацыя Другой
Эўропы

КУЛЬТУРА

Марк Шагал: ад вяртаньня да вяртаньня

Summary

Ірына КашталянКашталян Ірына нарадзілася 20.11.1978 г. у г.Менску. У 1995 годзе скончыла Беларускі гуманітарны ліцэй. З 1996 г. студэнтка гістарычнага факультэту Беларускага Дзяржаўнага унівэрсытэту. З 1998 г. студэнтка Беларускага Калегіюму. Цікавіцца праблемамі гісторыі Тэўтонскага ордэну, а таксама пытаньнямі дзейнасьці Беларускай Краёвай Абароны ў часы Другой сусьветнай вайны.

 

 




Узаемадачыненьні з Тэўтонскім ордэнам — значная частка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, гэтая старонка нашага мінулага далёка не дасканала дасьледаваная навукоўцамі. Пэўную складанасьць, безумоўна, выклікае шматмоўная крыніцазнаўчая база праблемы: гэта і нямецкія, і польскія хронікі, летапісы Вялікага Княства Літоўскага ды нават папскія булы. Абмежаванасьць дасягальных крыніц абумовіла шматзначнасьць трактоўкі падзеяў.

Так, у савецкай гістарыяграфіі “барацьба з крыжацкай агрэсіяй” падаецца як спрадвечнае змаганьне славянскага Ўсходу з варожым неславянскім Захадам (своеасаблівы ідэалягічны штамп). Польскія і нямецкія дасьледчыкі ў першую чаргу зьвяртаюцца да разгляду пытаньняў, зьвязаных з уласнай нацыянальнай гісторыяй (польскай ці нямецкай). Таму, каб стварыць больш дасканалую гісторыю стасункаў Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам, неабходна паспрабаваць паглядзець на дадзеную праблему ў агульнаэўрапэйскім кантэксьце.

Пэрыяд княжаньня Гедыміна — гэта час умацаваньня маладога Вялікага Княства Літоўскага і час зацятай барацьбы яго з Тэўтонскім ордэнам за ўплыў на памежныя тэрыторыі. Гэтае тагачаснае змаганьне, безумоўна, ня вырашыла канчаткова ні лёсу княства, ні лёсу крыжакаў, але шмат у чым стварыла падмуркі для іх наступных узаемадачыненьняў.

Стасункі Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам на пачатку княжаньня Гедыміна

На пачатку XIV стагодзьдзя крыжакі (як называюць у польскіх крыніцах прадстаўнікоў Тэўтонскага ордэну) ужо панавалі над Прусіяй, Курляндыяй, Зямгаліяй, часткай Лівоніі і Жмудзі. У 1309 годзе новаабраны вялікі магістар Зыгфрыд фон Фохтванген паехаў адразу ў новую сталіцу — Мальбарк. Гэта канчаткова зацьвердзіла ягоную адмову ад заваёвы Сьвятой зямлі і прыярытэт дзейнасьці, накіраванай на ўсталяваньне кантролю над Прыбалтыкай. Барацьба супраць Вялікага Княства Літоўскага актывізавалася, але галоўнай мэтай на той час заставалася хрысьціянская Польшча (да 1343 г.). У тым жа 1309 годзе Ордэн распачаў доўгую вайну з Польшчай за Памор'е (1309—1345), што зьяўлялася натуральным парушэньнем афіцыйных прынцыпаў праграмы крыжакаў як барацьбітоў зь нехрысьціянамі.

Пакуль вялікі магістар займаўся Польшчай, вайну зь Літвой арганізоўвалі вялікі маршал і комтуры памежных замкаў. Калі ж “Літва паганская”, дык тут былі дазволеныя любыя мэтады. Выправы на Літву зрабіліся забавай для заходняэўрапэйскага рыцарства, якое паводзіла сябе тут далёка не па-хрысьціянску: рабавала, нішчыла, забівала… Напады тэўтонцаў былі для Вялікага Княства страшнейшыя за лівонскія, бо апошнія былі значна слабейшыя. Крыжакі адчувалі за сабой падтрымку імпэратара Людовіка Баварскага, які ў 1321 годзе афіцыйна аддаў Літву Ордэну як “рэч нічыю”.

Вялікае Княства Літоўскае ў XIV стагодзьдзі — яшчэ маладая дзяржава ў працэсе фармаваньня сваёй тэрыторыі. У яго тагачаснай гісторыі шмат барацьбы з рознымі суседзямі, шмат канкурэнцыі. Пры Гедыміне да княства былі далучаныя Пінск, Валынь, Віцебск. Але гэта іншы, усходні накірунак дзеяньняў…

Князь Гедымін. Гравюра з

Найбольш зацятая барацьба разгарнулася на паўночна-заходніх межах дзяржавы. У барацьбе ж з Тэўтонскім ордэнам у часы Гедыміна паўстае выбітная постаць Давыда Гарадзенскага, які, па меркаваньнях некаторых гісторыкаў, быў зяцем Гедыміна. Адданы і мужны, гэты ваяр здабыў вядомасьць і павагу да сябе ў Эўропе. Храністы звычайна зьвярталі вялікую ўвагу на паходы зь ягоным удзелам. Гісторык Даніловіч падае пад 1314 годам адзін з прыкладаў ягонай вайсковай хітрасьці: “Гэта была трэцяя выправа на год (пра яе апавядае і Стрыйкоўскі — І.К.), сам вялікі маршалак быў на чале сілаў. Праз чатыры тыдні дасягнулі яны Горадні, што каштавала Ордэну шмат высілкаў. У двух розных месцах у пушчах пакінулі харчаваньне й маёмасьць пад аховай зьнешніх аддзелаў войскаў, бо ліцьвіны ўсё за сабой нішчылі. Мясцовыя жыхары пахаваліся.

Без змаганьня быў узяты Навагародак, парабаваныя ваколіцы; штурм замку Крывіч, закладзенага на Нёмане, быў няўдалы (гэта супярэчыць думцы Г.Сагановіча, які сьцьвярджае, што гэта быў Наваградзкі замак, хаця Даніловіч браў зьвесткі ў Дузбурга і Voight'a, таму і гэтае сьцьверджаньне таксама можа быць спрэчным — І.К.). Калі войска вярнулася да пакінутых запасаў, дык агледзелася, што Давыд Гарадзенскі запасы забраў, а ахоўнікаў забіў. Паскакалі да іншага сховішча, але і там быў такі ж стан. Войска засталося бяз харчу, ела коней, карэньчыкі, расьліны, некаторыя паміралі ад голаду. Празь пяць тыдняў вярнуліся безь ніякае для сябе карысьці. Невядома чаму іх выправа была такой далёкай, але ўпершыню за доўгі час гэтыя абаронцы Хрыстовы сапраўды вялі пакутніцкі лад жыцьця”. Пасьля тэўтонцы даволі працяглы час не адважваліся на далёкія выправы ў Вялікае Княства Літоўскае, ды напады іх не былі суцэльнай навалай, а толькі падобнымі да кінжальных выпадаў.

Паходжаньне Давыда, кашталяна Горадні, дакладна невядомае. Дузбург называе яго капітанам (намесьнікам), княжацкі тытул узгадвае толькі пскоўскі летапісец. Ён мог быць сынам вядомага Даўмонта ці каго зь пінскай ці наваградзкай княжацкіх дынастыяў. Давыд распачаў сваю вайсковую кар'еру яшчэ ў часы князя Віценя, але больш яскрава праявіў сябе пры Гедыміне, калі да 1327 году фактычна ні адна перамога не абыходзілася безь яго ўдзелу. Гедымін нават, па некаторых звестках, выдаў за Давыда сваю дачку.

Пачатак кіраваньня Гедыміна характарызаваўся пераважна выправамі Ордэна на Літву. У Я.Длугаша ўжо ў год увакняжаньня Гедыміна (1316) фіксуецца збройны напад крыжакаў на чале з прускім магістрам Генрыхам Плоцке: ён зьнішчыў ваколіцы Пастаў і 500 жыхароў забраў у палон, а калі вярнуўся ў Прусію, знайшоў яшчэ значную колькасьць рыцараў з Рэйну, якія сабраліся супраць варвараў у выправу. Пры гэтай новай выправе ў Медніцкай зямлі быў спалены замак Бісэн, забіта 800 ліцьвінаў, якія яго абаранялі, а ўся Медніцкая зямля была разрабаваная і спустошаная.

У адказ на гэта Гедымін ужо на другі год свайго панаваньня (1317 г.) “сабраўшы ўсе свае сілы літоўскія, пайшоў на немцаў. А немцы, ліфлянты і прусы, жамойць з сабой ўзяўшы, спаткалі вялікага князя Гедыміна на р. Атмэне. І дапамог Бог вялікаму князю Гедыміну, і ўсіх немцаў ён ушчэнт разьбіў… і пайшоў тады ж са сваімі сіламі і жамойцю ў зямлю Нямецкую, і ўзяў гарады Тыльжу і Рагнэту, ды шмат іншых гарадоў, і зямлю ўсю спустошыў, і палонных вывеў, і невымоўнае кровапраліцьцё ў Немцах учыніўшы і перамогу атрымаўшы, зь вялікай радасьцю да сябе пайшоў…” Гэтая выправа яшчэ раз засьведчыла добрую наступальную моц тагачаснага войска Вялікага Княства Літоўскага.

Празь некаторы час, паведамляе Длугаш, магістар Генрых зноў выправіўся ў Літву, узяў і зьнішчыў агнём ніжнюю частку Віленскага замку Гедыміна. Верхні замак мужна абараняўся, і Генрых убачыў, што ня здолее выклікаць ліцьвінаў на бой; тады ён падзяліў войска на чатыры часткі і загадаў рабаваць і паліць. Падчас гэтага паходу былі закранутыя землі, якія да таго часу не цярпелі ад навалаў. На адваротным шляху ненажэрнаму магістру здабыча здалася малой, і ён пажадаў захапіць яшчэ замак Інгедын (паводле Дузбурга — Юнігеду). Ліцьвіны пагналіся за ім і шмат людзей было забіта з абодвух бакоў, рыцарства Хрыстова ледзьве пасьпела ўцячы.

“Калі сасьпела жыта” (у Стрыйкоўскага — 1318 год), той самы магістар напаў на Вялікае Княства Літоўскае і зьнішчыў агнём два замкі, Піскедын і Інгедын (у Дузбурга — Юнігеду і Пістэн) і патаптаў усе пасевы. Каб адпомсьціць, Давыд Гарадзенскі ў 1319 годзе напаў на Прусію з 800 ваярамі, спустошыў зямлю Вунскаў і забраў значны палон. За ім пагнаўся комтур Тапіёва (Ульрых Дрылеб — паводле Дузбурга), які падчас спробаў адбіць палон забіў 55 ліцьвінаў (у Дузбурга — 45), а астатніх вымусіў уцячы.

Як у любой працяглай барацьбе, у змаганьні з Ордэнам ініцыятыва не зыходзіла ўвесь час з аднаго боку. Вялікае Княства Літоўскае забрала яе сабе, напрыклад, у часе бойкі пад Меднікамі, калі ордэнскае войска было цалкам разьбітае. Тады ў жніўні 1320 году, у трэці дзень пасьля Сьв. Якаба, маршалак Генрых зь вялікім войскам ваяваў у Жмудзі Медніцкую зямлю, а пасьля патрапіў у засаду, зробленую ліцьвінамі, і быў разьбіты. Было зьнішчанае ўшчэнт нямецкае войска, самога вялікага маршалка Генрыха і каля 30 ордэнскіх братоў забілі на пляцы, а Герарда Рудэ, губэрнатара ці войта Самбійскага, пасадзілі на каня і разам са зброяй спалілі жывога — прынесьлі ў ахвяру сваім багам.

Дзеля больш удалага змаганьня Ордэн праводзіў палітыку вайсковых хаўрусаў: супраць ліцьвінаў выступіла, па загадзе дацкага караля, эльблёнскае рыцарства; супраць Польшчы быў заключаны асобны хаўрус з Варціславам Паморскім, Ванкам Мазавецкім, чакалася дапамога і сілескіх Пястаў. Адначасова і Гедымін таксама карыстаўся з дадатковых магчымасьцяў для змаганьня з Ордэнам, запрашаў да сумесных паходаў уласных хаўрусьнікаў (татараў і інш.), што значна павялічвала магчымасьці вялікага князя. Так, з 1319 да 1323 году ліцьвіны зьдзейсьнілі каля чатырох выправаў у Прусію і Інфлянты, у адказ адбылася толькі адна.

Калі Ордэн рыхтаваў сваю выправу ў 1322 годзе, у Мальбарку сабралася вялікае войска: прыбылі Бэрнард, уроцлаўскі князь Болька Зэмбіцкі, зь Нямеччыны — графы Юліян і Ліхтэнбэрг зь вялікімі атрадамі. Па меркаваньні дасьледчыка А. Прохазкі, узброенага люду для здабыцьця Бісэну налічвалася ажно 20.000. Але галоўная мэта так і не была дасягнутая. Войскі задаволіліся толькі рабункам навакольных жмудзкіх земляў. У гэты ж час ліцьвіны былі ў Добжынскай зямлі, адкуль забралі ў палон некалькі тысяч чалавек.

Змаганьне з Ордэнам не магло быць толькі спаборніцтвам у колькасьці войска ды якасьці зброі (у апошняй тэўтоны пераўзыходзілі шмат якія арміі), тут патрабаваліся і дыпляматычныя захады. Так, Гедымін выкарыстаў супярэчнасьці паміж Лівонскім ордэнам і Рыгай і заключыў з гэтым горадам мірную дамову. У 1322 годзе іх пасольства было з ахвотаю прынятае князем у Вільні. Тут была ўпершыню высунутая ідэя зьвярнуцца да Папы зь лістом, дзе б выкрываліся злачынствы Ордэну, а таксама ўзьнікла прапанова хрысьціць Вялікае Княства Літоўскае.

Неабходна зазначыць, што нягледзячы на дастатковую колькасьць ваяроў і каляністаў, пэўную ступень падпарадкаваньня Польшчы і Балтыкі, спрыяньне Папы і іншых уплывовых асобаў у Эўропе, ужо на пачатку XIV стагодзьдзя ў крыжацкай дзяржаве насьпявае крызіс. Польшча, пасьля шматлікіх захопаў яе тэрыторыі Ордэнам, ужо не была такой зычлівай і пакорлівай суседкай, падтрымка Папы зрабілася спрэчнай і нетрывалай (асабліва пасьля працэсу над тампліерамі ў 1314 годзе), дый вораг (ліцьвіны) ужо не здаваўся такім дэзарганізаваным. Паступова Ордэн пачынае губляць свае пазыцыі і аўтарытэт. Да таго ж акрамя Літвы ў Эўропе больш не засталося зручнай дзяржавы, у якой трэба было б змагацца за веру Хрыстову, не існавала больш магчымасьцяў дзеля шматвэктарнай дзейнасьці, аднак і Вялікае Княства Літоўскае цяпер значна ўзмацнілася, і змаганьне зь ім не было справай з загадзя вызначаным вынікам.

Складанасьць становішча Тэўтонскага ордэну ў Эўропе яскрава паказаў судовы працэс над ім у 1320—1321 гадох, калі палякі, з-за жаданьня вярнуць забраныя крыжакамі землі, зьвярнуліся да галавы каталіцкай царквы. 10 лютага 1321 году быў вынесены прысуд, паводле якога Ордэн мусіў вярнуць Памор'е на працягу месяца і заплаціць за страты, панесеныя каралём, 30.000 грыўнаў, а таксама 150 грыўнаў грошаў праскіх на судовыя выдаткі. У 1325 годзе памёр абаронца польскіх правоў перад Папам — біскуп Гервард з Уроцлава, і крыжакі ўзьнялі пытаньне пра скасаваньне выраку. Нягледзячы ні на што, Ордэн быў яшчэ досыць моцны і здолеў дамагчыся вырашэньня справы на сваю карысьць.

Спроба рэлігійных зьменаў у княстве

Як і калісьці Міндоўг, Гедымін спрабаваў дасягнуць пэўных выгодаў для свайго краю празь зьдзяйсьненьне ідэі хрысьціянізацыі. Пытаньне было ў прыярытэтах. У 1317 годзе ў Наваградку канстанцінопальскім патрыярхам была заснаваная самастойная мітраполія, якая ахоплівала Полацкае і Тураўскае япіскапствы. Так замацоўвала свае пазыцыі ў княстве праваслаўная царква. Аднак найбольш страшная небясьпека для маладой дзяржавы ішла тады зь іншага боку, з боку “цывілізаванай” Эўропы, ад Тэўтонскага ордэну, для якога дэкляраваным сэнсам існаваньня была барацьба з паганцамі, а ў Эўропе амаль адзінай язычніцкай дзяржавай фактычна заставалася толькі Вялікае Княства Літоўскае.

Такі стан справаў вызначыў і пошукі выйсьця для княства, якому дапамагла прапанова Папы Яна XXII, калі толькі Гедымін уступіў на пасад, злучыцца з рымскай царквой. Адпаведны ліст быў напісаны з-за шматлікіх нападаў і войнаў, што вёў князь з магістрам прускім Генрыхам. Каталіцтва выглядала рэальнай магчымасьцю спыніць тэўтонскія (і ня толькі) напады на Вялікае Княства Літоўскае. Зразумела, што такая палітыка не зусім адпавядала сапраўдным памкненьням крыжакаў, якія намагаліся значна пашырыць тэрыторыю сваёй дзяржавы за кошт няхрышчанага суседа.

У 1321 годзе Гедымін пачаў будаваць у Вільні францішканскі касьцёл, а ў 1323 годзе аднавіў раней разбураны крыжакамі касьцёл у Наваградку. Адначасова манахі-дамініканцы зрабіліся пісарамі князя, а ягоным сакратаром быў таксама манах-дамініканец Мікалай. Не перапыняліся і добрыя стасункі з Рыскім біскупствам. Каб зьменшыць гэтае спрыяньне каталіцкай веры, Ордэн выкарыстаў нежаданьне жмудзкай арыстакратыі ісьці на якіясьці зьмены, а таму рэлігійная рэформа ў княстве сутыкнулася зь вялікімі перашкодамі ўнутры краіны.

Шчыт (каля 1320 г.)Асноўная частка насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага была праваслаўная, а ўспрыняцьце Літвы як выключна паганскай дзяржавы цалкам ішло ад Ордэну і Рыгі, якія межавалі зь язычніцкай Жамойцю (а яна не была пераважнай часткай дзяржавы). Такое стаўленьне знайшло адбітак і ў нямецкіх хроніках. Аналіз папскіх булаў і лістоў Гедыміна прыводзіць нас да высновы, што насамрэч перахрышчваць намерваліся, у першую чаргу, праваслаўных, пры гэтым Гедыміна лічылі адным зь іх.

Калі Гедымін вырашыў сваю дзяржаву хрысьціць па каталіцкім абрадзе і зьвярнуўся да Апостальскай Сталіцы, ён палічыў за лепшае, каб пра гэта ніхто ня ведаў, акрамя выбраных членаў вялікакняскай рады. Адначасова князь працягваў перамовы з крыжакамі і дацкім каралём Хрысьціянам. Рыга мела падазрэньні, што Гедымін імкнецца да міру з Ордэнам, і прапанавала ў гэтым свае паслугі. Але тэўтонцы пажадалі дамаўляцца непасрэдна зь ліцьвінскім князем і з гэтае прычыны, па сьведчаньнях самога вялікага князя, забівалі ўсіх паслоў ад рыскіх біскупаў.

Нягледзячы на ўсю таемнасьць справы, крыжакі перахапілі ліст Гедыміна да Яна XXII, дзе гаварылася аб жаданьні хрысьціць дзяржаву. Яны ня зьнішчылі яго, а толькі сарвалі пячатку (г.зн., фактычна, зрабілі яго падобным да фальшывага, пасьля абвінаваціўшы ў фальшаваньні рыжанаў) і даслалі ў першапачатковым накірунку. У гэтым лісьце Гедымін абяцаў хрысьціць Вялікае Княства Літоўскае разам з арцыбіскупам рыскім, абяцаў гасьціннасьць Ватыкану, але патрабаваў, каб прыняцьце веры ішло незалежна ад Ордэну! Вялікі князь сьцьвярджаў, што не з-за веры, а ва ўласную абарону Літва б даўно хрысьцілася, каб не ўціск з боку Ордэну.

Гедымін разаслаў лісты ня толькі Папу, але і рознага кшталту духоўным асобам блізкіх краёў: прапаведнікам, прыёрам і інш. У гэтых паведамленьнях утрымліваліся зьвесткі пра тое, што да Яна XXII быў дасланы ліст з жаданьнем хрысьціцца, а таму вялікі князь чакае гэтага і хоча, каб пра гэтае яго жаданьне абвяшчалі па гарадох, вёсках усяму насельніцтву. Ваяроў заахвочвалі служыць у Гедыміна, рамесьнікаў і гандляроў — займацца сваёй справай на літоўскіх землях бяз выплаты падатку. Пры гэтым падкрэсьлівалася, што хоць крыжакі і спалілі пячатку на лісьце да Папы, але гэта “не загасіць пачатую ад Бога справу”. Так Гедымін адчыніў шлях у Вялікае Княства Літоўскае заходнім людзям, запрасіў ксяндзоў і манахаў для распаўсюджваньня слова Боскага.

Рыцар2 кастрычніка (у Чаропкі 6 жніўня) 1323 году быў заключаны Віленскі мір, згодна зь якім каталіцкаму Захаду адкрываліся магчымасьці як для распаўсюджваньня рэлігійных ідэяў, так і для пасьпяховай гандлёвай дзейнасьці: быў дазволены вольны гандаль, вернутая забраная купецкая маёмасьць, а наданьне гандлярам рыскага права не магло не паспрыяць павелічэньню прыхільнасьці да Гедыміна.

Крыжакі, што ня здолелі захапіць ініцыятыву па замірэньні Гедыміна з хрысьціянскім сьветам, адразу ж пачалі таемную працу па дыскрэдытацыі падпісанай дамовы. У гэтым ім дапамагла жамойцкая арыстакратыя, якая не хацела ўзмацненьня ўлады князя, ня шкодзілі ёй і крыжацкія грошы. На руку крыжакам была і выправа ліцьвінаў на хрысьціянскую Добжынскую зямлю і Прусію, якія былі спустошаныя, а на шляху назад было згублена шмат здабычы. Крыжакі падавалі гэты выпадак як прамы доказ няшчырых намераў Гедыміна. (На самой справе, Гедымін выступіў у падтрымку свайго хаўрусьніка Ванка Мазавецкага і ня меў на мэце парушаць папярэднія дамоўленасьці).

Гэтая выправа не засталася без адказу з боку тэўтонаў. У 1324 годзе, у час Вялікага Посту, 3 браты з 600 рэйтарамі наехалі на вотчыну Давыда Гарадзенскага, якую спалілі і забілі 38 ліцьвінаў, а 100 коней і шмат іншай жывёлы забралі з сабой. Празь нядоўгі час у крывавую выправу накіраваўся таксама Тэадорык з Альдэнбургу. Некаторыя жыхары Прусіі (пэўна, багацейшыя) самастойна нападалі на Літву і рабілі там пагромы. Але ўсё гэта не былі вялікія выправы. Пэўныя напады ў адказ зьдзяйсьнялі і ліцьвіны — супрацьстаяньне з Ордэнам працягвалася.

У той жа час, акрамя збройных захадаў, крыжакі рабілі ўсё, каб мірнымі сродкамі адарваць хаўрусьнікаў ад Вялікага Княства Літоўскага. Калі паспрабавалі націснуць на Рыгу, дык ейныя жыхары папярэдзілі, што, калі прымус не прыпыніцца, то ў гэтым горадзе і краі каталіцтва ўвогуле ня будзе. Адначасна Ордэн закідваў Гедыміна абяцанкамі, што калі той хутка прыме хрост, дык яму дадуць за гэта 1000 грыўнаў, а таксама два замкі на памежжы — Дынабург і Мэсэтэн. Аднак калі Гедымін выслаў да крыжакаў паслоў, каб далі дакумэнты Віленскай дамовы, тых пазбавілі жыцьця. Гэта павінна было нібыта выпрабаваць ліцьвінскага князя, а на самой справе сьведчыла пра яўнае нежаданьне Ордэну дазволіць хрышчэньне Вялікага Княства Літоўскага.

Дзеля гэтага крыжакі калі-нікалі ішлі нават супраць відавочных пазыцыяў афіцыйнай каталіцкай веры, бо як інакш можна было ацаніць іхны хаўрус з праваслаўным Вялікім Ноўгарадам. Паводле дамовы, ніводны з хаўрусьнікаў ня мог заключыць зь Вялікім Княствам Літоўскім замірэньне без дазволу другога. Да таго ж у Ноўгарадзе была арыштаваная маёмасьць рыскіх гандляроў як хаўрусьнікаў Вялікага Княства. Рыжане расцанілі гэта як пазбаўленьне ад гандлёвага канкурэнта. Іначай гэтую зьяву ўбачыў Гедымін: Віленская дамова павінна была ўвесьці Вялікае Княства Літоўскае ў шэрагі эўрапэйскіх краінаў, вызваліць з абцугоў паміж каталіцкім Захадам і праваслаўным Усходам. Ордэн жа паспрабаваў аб'яднаць намаганьні і распачаць наступ на Вялікае Княства Літоўскае адразу з двух бакоў (з усходу ды з захаду). Тэрытарыяльным інтарэсам Ордэну пры падпісаньні пагадненьня з Ноўгарадам быў намер адарваць ад уплыву Літвы Пскоў і, па магчымасьці, уключыць яго ў сфэру свайго ўплыву.

Адначасова ў рэлігійнае пытаньне быў унесены новы аспэкт. Да яго прыклаў руку дацкі кароль Хрысьціян, які афіцыйна вызваліў паганцаў з-пад улады Гедыміна і дазволіў іхнай рэлігіі пашырацца. Гэта было ўжо распальваньне грамадзянскай вайны на рэлігійнай глебе.

Заключэньне Ноўгарадзкага трактату стварыла дадатковыя складанасьці для княства. Дзякуючы яму, гандлёвы шлях цяпер праходзіў праз Эстляндыю, што зьбядняла Вялікае Княства Літоўскае і перашкаджала інтарэсам Ганзы. Апошнюю, праўда, крыжакі хутка супакоілі, бо 9 верасьня 1323 году ад імя караля Даніі ўсім гандлярам была дадзеная ахоўная грамата і вольны праезд у Ноўгарад. Цяпер Ганза магла не супрацоўнічаць з Рыгай, каб весьці свае гандлёвыя справы. Вось жа, рыжане засталіся хаўрусьнікамі Гедыміна.

Ордэн здолеў рэальна паўплываць на эўрапэйскую грамадзкую думку ў дачыненьні да пытаньня шчырасьці намераў прыняцьця каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Спробы ж рыжанаў паказаць захады Ордэну як барацьбу супраць гандлёвых канкурэнтаў выклікалі ў іншых краінах недавер да так званых “падробнікаў лістоў Гедыміна”. Нічога ня мог зрабіць і сам Гедымін, бо актывізавалася апазыцыя ў ягонай уласнай радзе. Ён нават мусіў адаслаць ад двара двух францішканцаў, закліканых сюды для распаўсюджваньня каталіцтва.

Рэальна супрацьстаяць Ордэну зноў паспрабавала Рыга, якая даслала ў Авіньён (да Папы) паслоў з абгрунтаваньнем неабходнасьці міру з Гедымінам для хрысьціянскага сьвету. Было падкрэсьлена, што за кошт земляў Вялікага Княства Літоўскага Ордэн жадае павялічыць уласную дзяржаву, а таму ня вельмі дбае пра прыняцьце тут каталіцтва. У гэты час імпэратар Людовік Баварскі (абаронца Ордэну ў Эўропе) распачаў барацьбу з Папам Янам XXII. У 1322 годзе замест атрыманьня дабраслаўленьня на імпэратарскі трон ён заявіў, што не прызнае папскае ўлады і ня будзе шукаць дабраславеньня на пасад, бо і так ужо абраны большасьцю. У сакавіку ж 1324 году Ян XXII абвясьціў выгнаньне Людовіка і вызваліў ягоных падданых ад прысягі імпэратару.

Аднак Людовік не зважаў на заявы Папы. 7 красавіка 1323 году ў Нюрнбэргу Людовік Баварскі ўзяў пад сваю апеку новахрышчаных у Інфлянтах, Эстляндыі, Прусіі і Зямгаліі. У яго не было хаўрусьнікаў на поўначы, і яму хацелася павялічыць сваю моц з дапамогай крыжакаў праз заняцьце Новай Маркі, суседняй з Прусіяй дзяржавы. Ён нават ужо загадзя падараваў яе свайму васьмігадоваму сыну. У гэты час памёр апошні зь яе кіраўнікоў пасьля забойства Пшэмыслава, і ў чэрвені 1324 году Марка перайшла да Людовіка. А 11 ліпеня 1324 году Папа паклікаў імпэратара на свой суд.

На самой справе становішча Папы ўскладнялася праз умацаваньне Людовіка Баварскага, ягоны аўтарытэт завагаўся, і Ян XXII прысьпешыў справу з хростам Гедыміна. Папу Яну XXII цяпер было выгадна выкрыць Ордэн як негуманны ў адносінах да хрысьціянаў і тых, хто хоча імі стаць. Ліст Папы ад 19 лютага 1324 году прымушаў Ордэн вярнуць рыскаму арцыбіскупу ягоную маёмасьць, а рыжанам іх правы і вольнасьці, было забаронена чыніць перашкоды папскім легатам ці прадстаўнікам рыскае капітулы. А 1 чэрвеня, нарэшце, было вырашана выканаць жаданьне Гедыміна і распачаць падрыхтоўку да хросту, а напачатку даслаць у Вялікае Княства Літоўскае легатаў: Барталамея, біскупа Электэнскага, і Бэрнарда, абата кляштара сьв.Тэафіла Аміціенскага з Ордэну Сьв.Бэнэдыкта, каб яны хрысьцілі караля літоўскага і рускага.

Адначасна Ян XXII дасылае ліст крыжакам, дзе ў мягкай форме патрабуе, каб яны заставаліся ў міры зь літоўскім князем, а пасьля прыняцьця ім хросту ва ўсіх стасунках павінна была панаваць прыязьнь. У сваёй буле ад 31 жніўня 1324 году ён загадаў ордэнцам прытрымлівацца ўмоваў будучага рыскага трактату.

Легаты пасьля прыбыцьця на месца ў Рыгу зацьвердзілі Віленскі трактат, які павінен быў распаўсюджвацца і на Прусію. Крыжакаў заклікалі захоўваць мір, дзеля чаго іх прымусілі прысягнуць, і толькі Папа мог вызваліць іх ад гэтай прысягі. Аднак, хаця са сваёй пасады ў Інфлянтах быў прыбраны Насельхут (які раней заключыў дамову з Ноўгарадам), рэальная палітыка Ордэну значна не зьмянілася.

У гэты ж час зьмянілася сітуацыя ў княстве. Вялікія страты прынесла закрыцьцё межаў і прыпыненьне гандлю праз Ноўгарадзкі трактат, да таго ж узьнікла пагроза бунту ў Жмудзі, і, каб яго прадухіліць, з Пскову быў адкліканы Давыд Гарадзенскі. Адначасова робіць свой набег татарскі хан Узьбек, праблемай стае і князь Юры, які быў пакліканы з Пскову ў Ноўгарад княжыць ды парваў сувязі зь Літвой і пайшоў на дамову са Швэцыяй.

Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў цяжкім становішчы: Папа далёка, бліжэйшыя хрысьціянскія краіны — ці варожыя, ці ня маюць рэальнай сілы. Гедыміну давялося ўступіць у хаўрус з Узьбекам, таму, калі легаты даслалі сваіх паслоў у Вільню, там гулялі татары.

А.Прохазка прывёў своеасаблівы пратакол, складзены самімі пасламі легатаў у Вільні. Згодна зь ім, яны прыехалі туды 3 лістапада, і ў той жа дзень кароль (так на Захадзе называлі Гедыміна) іх прыняў, але параіў адпачыць. На наступны дзень паслы, пакуль Гедымін быў у сваёй радзе, пачалі прамацваць глебу. З размовы з айцом Мікалаем (дамініканцам), яны зразумелі, што кароль больш не жадае і ня прыме хрысьціянскае веры. Францішканцы Генрых і Бэртольд пацьвердзілі гэтую інфармацыю, казалі, што спачатку Гедымін меў добрыя намеры, але іх ужо год не пускаюць у каралеўскую раду ў адрозьненьне ад айца Мікалая, якога яны падазравалі ў зьмене каралеўскіх поглядаў.

Паслы хацелі размаўляць з Гедымінам сам на сам, але, калі былі пакліканыя да яго пасьля абеду, пабачылі ў той жа залі яшчэ каля дваццаці чалавек зь ягонай рады. Паслы пачалі выкладаць сутнасьць справы, але Гедымін перапыніў іх і сказаў, што нікому не загадваў пісаць тыя лісты аб сваім намеры, а калі айцец Бэртольд (францішканец) так напісаў, дык няхай і разьбіраецца. Увечары князь паведаміў, аднак, што ня хоча, каб мірныя адносіны праз гэта прыпыніліся. Але паслы ня мелі паўнамоцтваў за гэта адказваць і параілі паслаць зь імі да легатаў двух чалавек.

Калі паслы зьвярнуліся да мясцовых францішканцаў, дык тыя прызналіся, што напісалі лісты Папу ад імя Гедыміна са сваёй ініцыятывы, а таксама таму, што думалі пра гэта, як пра жаданьне князя. Паслы хацелі дабіцца перад ад'ездам сакрэтнай аўдыенцыі ў Гедыміна, але князь не прыйшоў сам да іх, а прыслаў некалькі сваіх людзей, бо быў заняты з татарамі. Прадстаўнікі легатаў папрасілі гэтых людзей паспрабаваць заахвоціць князя вярнуцца да ранейшых намераў, а таксама адказаць на лісты легатаў, арцыбіскупа і гораду. У адказ было паведамлена, што гэтыя лісты будуць перасланыя пазьней.

Падчас гэтага пасольства адбывалася выправа Давыда Гарадзенскага ў Мазовію, калі Палтоўска — горад плоцкага біскупа і шмат вёсак з дварамі былі спаленыя, пабураная вотчына мазавецкага князя, кляштары, касьцёлы, шляхецкая маёмасьць, шмат людзей было зьведзена ў палон. Трошкі раней, у той час, калі папскія легаты даказвалі, што існуе мір паміж Гедымінам і хрысьціянамі, ліцьвінскае войска хадзіла ў Ліфляндыю (Лівонію). У Длугаша гэтая выправа датуецца 1325 годам.

25 лістапада пасланцы легатаў вярнуліся ў Рыгу (у Стрыйкоўскага — у канцы сьнежня), а зь імі адзін прадстаўнік Гедыміна (як яго называе Дузбург — “другі пасьля караля”). Гэты чалавек упэўніў легатаў, што Гедымін застанецца верны веры сваіх продкаў. Той жа Дузбург сьцьвярджаў, што пасольства папскіх легатаў на гэтым скончылася і яны вярнуліся назад. Але ж існуюць іншыя зьвесткі, згодна зь якімі яны засталіся яшчэ на паўгода ў Рызе і выехалі амаль у ліпені наступнага году. Гэта тлумачыцца тым, што, як падае Длугаш, яшчэ адной мэтай іх прыезду было жаданьне Папы замірыць Лівонскі ордэн з арцыбіскупам і местам Рыгай. Аднак і гэта ў поўнай меры не ўдалося ажыцьцявіць. У выніку, каб падштурхнуць Ордэн да міру, давялося 4 красавіка ў прысутнасьці папскага легата абвясьціць анафему. Яна датычыла магістра Ордэну ў Прусіі, ландмайстара інфлянцкага, а таксама Яна Тызэнгаўзэна, Яна Палена, Яна Іхкуля і інш. Адзін толькі Вальдэмар Розэн папрасіў прабачэньня і атрымаў яго. Крыжакі былі абвінавачаныя ў зрыве перамоваў з Гедымінам. Легаты, ад'яжджаючы з Рыгі, загадалі ўсім прытрымлівацца Віленскага трактату, у тым ліку і Мазавецкаму княству, на працягу чатырох гадоў, у часе якіх раней Гедымін абяцаў прыняць хрост.

Літоўскі дасьледчык Нікжантайціс знайшоў у чэскага храніста Бэнэша зьвесткі пра другую спробу хрышчэньня паганцаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ўжо ў 1340—1341 гадох. Быццам, у гэтай справе Гедымін зьвязаўся з Чэхіяй, адкуль і прыехалі 10 ксяндзоў. Але свае парадзіліся і атруцілі князя. Невядома, ці праўда гэта, але безумоўна тое, што Гедымін ня змог зрабіць Вялікае Княства Літоўскае дзяржавай з адзінай каталіцкай рэлігіяй. Нявырашанасьць рэлігійнага пытаньня наклала моцны адбітак на ўсю наступную гісторыю краіны.

Хаўрус Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, яго вынікі і ўплыў на стасункі з Тэўтонскім ордэнам

Спроба хросту не была такой безвыніковай, як можа падацца на першы погляд. Мір з Захадам на чатыры гады даваў Вялікаму Княству Літоўскаму такі патрэбны адпачынак і магчымасьць завязаць добрыя стасункі з суседнімі народамі, напрыклад, з Польшчай. Калі легаты яшчэ былі ў Рызе, у Вільні была заключаная дамова паміж Уладыславам Лакеткам і Гедымінам аб шлюбе сына польскага караля Казіміра з дачкой ліцьвінскага князя Альдонай.

Польскія землі моцна цярпелі ад ліцьвінскіх нападаў. У 1325 годзе адбыўся чарговы напад на Ленчыцкую зямлю, у якім быў забіты Казімір Ленчыцкі, брат Лакеткі. Польскаму каралю было выгадна ператварыць аднаго з сваіх моцных ворагаў у хаўрусьніка. Гэты хаўрус павінен быў засьведчыць зьмену арыентацыі ў палітыцы польскай дзяржавы.

Да таго ж перад Лакеткам стаяла праблема захаваньня адзінства Польшчы, бо на ягоны пасад прэтэндаваў Ян Люксэмбурскі, кароль чэскі, які меў на поўначы хаўрусьнікамі Тэўтонскі ордэн і княства Плоцкае. Уладыслаў толькі ў 1320 годзе дамогся канчатковага прызнаньня сябе каралём і ў якасьці супрацьвагі выкарыстоўваў добрыя адносіны з новым вугорскім каралём Карлам-Робэртам Анжуйскім, за якога ў тым жа 1320 годзе аддаў сваю дачку Альжбэту. Аднак, каб пасьпяхова весьці барацьбу з канкурэнтам, Уладыславу Лакетку неабходна было закрыць тыл — замірыцца зь іншым ворагам, Вялікім Княствам Літоўскім, тым больш што Гедымін выказаў жаданьне прыняць хрост.

На гэтым фоне адбыўся хаўрус Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. У Іпацьеўскім летапісе адзначана: “В лето 6833 (1325) Казимер, королевич Полский, сын Владыслава Локотка, поят себе Алдону, дщерь Гедимина князя Литовского, юже крестиша и нарекоша Анною и дадзе за нею Гедимин всех ужников, их же доселе по вся часы Литва пленила бе, понеже Литва сребра ее, не имяше, и сими людми Подляше ест осажено. Ляхи же со Литвою отселе начаша мир имети са собою”.

Безумоўна, падобная дамова была выгодная і для Вялікага Княства Літоўскага. Асабліва добра для Гедыміна было не даваць за дачкой вялікага пасагу, якога ў яго, фактычна, не было. Адрозныя лічбы вызваленых палонных падаюцца шматлікімі крыніцамі (Длугаш, напрыклад, налічыў іх ажно 24 тысячы). Альдона павінна была прыехаць да свайго жаніха з ганаровай вартай у 1000 рыцараў у параднай форме. У Кракаве яна прыняла хрост і імя Ганна, а пасьля ўрачыста выйшла замуж за 16-гадовага Казіміра. З гэтае нагоды Ўладыслаў Лакетка, па некаторых зьвестках, заснаваў ордэн Белага арла і падпісаў зь Вялікім Княствам Літоўскім трактат аб барацьбе супраць Тэўтонскага ордэну. Цікава, што ў княстве не было адзінства думкі наконт хаўрусу з Польшчай і Лакеткам, пра што сьведчаць просьбы апошняга да Папы Яна XXII аб дапамозе супраць ліцьвінаў, якія не падтрымлівалі Гедыміна і працягвалі рабіць напады на польскія землі.

Гэты хаўрус у некаторай ступені быў выгодны і крыжакам, у якіх зьявілася зачэпка для ўварваньня ў Польшчу — сяброўку паганскае краіны. Ордэн нават ня вельмі хваляваў магчымы супольны паход палякаў, вугорцаў і ліцьвінаў у Брандэнбургію, бо тая не была на той час крыжацкім хаўрусьнікам.

Затое крыжакі зноўку спрабавалі дыпляматычным шляхам замацаваць свае пазыцыі. Як ужо згадвалася, Людовік Баварскі аддаў Брандэнбурскую Марку свайму сыну і быў адлучаны ад царквы. Лакетка разам са шчэцінскімі князямі Атонам, Бармінам і Варціславам выступіў на баку Папы (18 красавіка 1325 г.) і дамовіўся пра падзел гэтае тэрыторыі, якая была клінам паміж Польшчай і заходнепаморскімі княствамі. У гэты час Ордэн захоўваў бачную нэўтральнасьць і спрыяў пераходу на бок імпэратара мазавецкіх князёў, якія з-за праблемаў на мяжы баяліся Вялікага Княства Літоўскага (пра гэта сьведчыць іх трактат 1326 году). Да таго ж, Ордэн заключыў хаўрус з Варціславам Паморскім з умовай, каб не дапамагаў супраць Ордэну ні Лакетку, ні іншым якім князям. Потым тэўтоны дамовіліся і зь Юрыем Баляславам, князем галіцкім і ўладзімірскім. У той жа час Ордэн не дапускаў перавыбараў імпэратара, а таксама распаўсюдзіў плётку, што менавіта Папа інсьпіруе выправу на Брандэнбургію. (Гэта знайшло адбітак у тагачасных хроніках.)

Адной з мэтаў выправы Лакеткі ў Брандэнбургію было не дапусьціць сталай брандэнбурска-крыжацкай пагрозы. Для Польшчы гэта было ўступам да вялікага змаганьня з Ордэнам. Уладыслаў Лакетка, яшчэ да канца перамір'я, у 1326 годзе, пачаў граміць рэальных і магчымых хаўрусьнікаў тэўтонаў: спачатку землі мазавецкіх князёў, пасьля маркграфства Брандэнбурскае. Аб'яднаныя сілы Вугоршчыны, Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага (1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім) зьнішчылі ваколіцы Франкфурта-на-Одэры, “каля 160 мястэчак зь вёсачкамі, касьцёлы, кляштары былі спаленыя, шмат мужчынаў было забіта, а жанчыны і дзеці ў палон забраныя” — з жахам апісвае гэта Дузбург. Шмат распавядалі летапісцы пра гэтую выправу. Напрыклад, што калі два знакамітыя ліцьвіны пабіліся там за адну прыгожую паланянку, дык Давыд Гарадзенскі, кіраўнік войска, расьсек яе напалам, каб скончыць сварку.

На шляху назад аб'яднаная армія спустошыла паўднёвыя раёны Прусіі, вотчыну Вацлава Плоцкага. У гэты ж час мазавецкі шляхціц Андрэй Гост (падкуплены крыжакамі) забіў самога Давыда Гарадзенскага, кіраўніка шматлікіх пасьпяховых выправаў супраць Ордэну. Гэта была вялікая страта для княства.

Аднак выправа на Брандэнбургію мела ўсё ж вялікае значэньне, у першую чаргу, для Польшчы, бо яна перашкодзіла стварэньню брандэнбурска-крыжацкага блёку. У выніку ворагі павінны былі весьці свае справы з Польшчай самастойна, а таму празь некаторы час Брандэнбург пачаў рабіць захады па наладжваньні міру з Лакеткам.

На жаль, Лакетка ня мог доўга займацца адной справай і ў выніку раскідаў сілы. Крыжакі здолелі змовіцца з Брандэнбургіяй і Чэхіяй супраць Польшчы, і ў лютым 1327 году Ян Чэскі рушыў на Кракаў. На пачатку 1329 году Ян Чэскі ўдзельнічаў у кароткай дэманстрацыйнай выправе на Літву. Зь яе хронікі зафіксавалі рыцарскі чын чэскага караля: пры здабыцьці Меднікаў ён падараваў жыцьцё паганскім вязьням, якіх магістар прысудзіў да сьмерці. Асаблівых набыткаў чэскі кароль не атрымаў. Быў спалены замак у Вільні, і Гедыміну давялося адысьці ад Рыгі, якая ў той час тэрмінова паклікала яго на дапамогу супраць лівонцаў. У выніку князь згубіў свайго найвярнейшага паўночнага хаўрусьніка. Рыга мусіла капітуляваць на самых прыніжальных умовах. Каб уехаць у яе, лівонскі ландмайстар Эбэрхард фон Монхайм загадаў нават зрабіць пралом у сьцяне.

Лакетка чакаў дапамогі ад Гедыміна і зрабіў яшчэ адзін непрадуманы крок: 1 лютага 1329 году, у час крыжовай выправы Яна Люксэмбурскага, уварваўся ў Хэлмінскую зямлю. Пасьля заключанага Лакеткам пагадненьня з “паганцам” Гедымінам гэта быў другі па ліку кампрамат на Польшчу ў хрысьціянскім сьвеце. Да таго ж выправа не прынесла жаданых вынікаў. Ян Чэскі вярнуўся, заняў Добжынскую зямлю, падараваў Ордэну ад імя польскага караля ўсё Памор'е, а 3 красавіка 1329 году яму ж перадаў палову Добжынскай зямлі, а сабе забраў палову Мазовіі. Пасьля гэтага Ян Чэскі з чыстым сумленьнем вярнуўся ва ўласныя землі, а крыжакі працягнулі вайну за свае інтарэсы. У верасьні яны напалі на Куявы, у той час як Лакетка быў заняты брандэнбурцамі, зь якімі хацеў наладзіць перамір'е.

Каб эфэктыўна скарыстаць хаўрус зь Вялікім Княствам Літоўскім, у 1330 годзе Лакетка рыхтаваў выправу на тэўтонаў разам з Гедымінам і дамовіўся пра злучэньне войскаў на Нараджэньне Дзевы Марыі (8 верасьня). Аб'яднаныя войскі павінны былі ўварвацца ў Прусію. Гедымін прыйшоў пад Остэродэ, дзе ўсё спустошыў, пасьля пайшоў да г. Лёбаў і спаліў ягоныя ваколіцы. Ліцьвінскага князя непрыемна ўразіла, што польскі кароль не прыйшоў на месца сустрэчы (той быў затрыманы крыжацкімі войскамі на тэрыторыі сваёй дзяржавы). Калі ж, нарэшце, Лакетка з вугорскім падмацаваньнем падышоў да р.Дрвенцы, дык знайшоў, што ў месцах броду, умацаванага частаколам, крыжакі ўбілі ў дно косы і сярпы, што зрабіла пераправу немагчымай. 10 дзён кароль шукаў, як перайсьці раку. Толькі калі пакрыўджаныя ліцьвіны адышлі, нейкі селянін паказаў бясьпечнае месца пераходу. Яшчэ праз 15 дзён Лакетка спустошыў Хэлмінскую зямлю, але палякам не ставала пашы і коней, таму 18 лістапада 1330 году было заключанае перамір'е.

Гедымін вырашыў, што яму здрадзілі, і калі Лакетка выслаў пасольства, запрашаючы яго на новую сумесную выправу, вялікі князь адмовіўся. Адначасна ва Ўладыслава ўзьніклі праблемы з вугорцамі, якія абвясьцілі што не жадаюць выступаць побач з “паганцамі”. У выніку Лакетку давялося парваць хаўрус з Гедымінам. Апошняе непрыемна ўразіла вялікага князя, і той даслаў рахунак за выправу ў золаце, срэбры, конях, сукнях, а калі атрымаў, вярнуўся ў Літву. Гэта быў апошні выпадак супрацоўніцтва Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай пры Гедыміне. Надалей гэтыя дзяржавы павінны былі зноўку будаваць свае адносіны з крыжакамі самастойна.

У 1330 годзе рыцар-тэўтонец Бэндорф забіў схільнага да міру вялікага магістра Вэрнэра фон Орсельна і быў абраны новы вялікі магістар — Лютэр (Лотар), князь Брунсьвіцкі, які быў прыхільнікам вайны. 27 лютага 1331 году адбылася бітва пад Плаўцамі паміж палякамі і Тэўтонскім ордэнам (існуе інфармацыя пра тое, што ў ёй удзельнічалі і ліцьвіны). Польшча перамагла, хоць і мусіла адступіць пад пагрозай жыцьцям палонных. Моц тэўтонцаў зноў пахіснулася — было забіта больш як 350 крыжакаў.

2 сакавіка 1333 году Тэўтонскі ордэн заключыў з Польшчай новае перамір'е, зьвязанае са сьмерцю Ўладыслава Лакеткі (гэта было прадвесьцем Калішскага міру, і ўжо тады тэўтоны пачынаюць канцэнтраваць увагу на Вялікім Княстве Літоўскім). Новы польскі кароль Казімір выкупіў прэтэнзіі на польскую карону ў Яна Чэскага за вялікія грошы, ды аддаў таму Сілезію. У выніку перамір'я з крыжакамі Казімір атрымаў Куявы і Добжынскую зямлю, але аддаў Памор'е. Праўда, захаваўшы за сабой фармальна тытул ягонага ўладара. У 1339 годзе Казімір аўдавеў, і Ян Люксэмбурскі выдаў за яго сваю дачку Маргарыту (удаву пасьля князя Дальнебаварскага) — чым захаваў свой уплыў. Вага ж Гедыміна, якую той меў праз ранейшы шлюб сваёй дачкі з Казімірам, цяпер была мінімальная. Праўда, Янава дачка таксама неўзабаве памерла, але падпарадкаваньне чэскаму каралю засталося. Пра гэта сьведчыць дакумант, у якім Казімір абавязваецца не жаніцца і не выдаваць сваіх дачок замуж бяз згоды Яна.

Новы хаўрус Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай пры Казіміры быў немагчымы, бо той добра ўлічыў так званыя “памылкі бацькі” — чые шматлікія ўнутраныя і зьнешнія праблемы былі абумоўленыя тым, што польскі кароль, каталік, зьвязаўся з паганым Гедымінам. Балазе польскі кароль знайшоў сабе новых хаўрусьнікаў. Абвастрэньне адносінаў выклікалі і спрэчкі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай з-за Галіцыі і Валыні.

Адначасова працягваліся паходы Тэўтонскага ордэна на Літву. Асабліва значнымі яны былі ў 1328 годзе (два зь іх на Горадню — у апошні прыйшлі 60 рыцараў з войскам і спустошылі ваколіцы места), у 1329 годзе былі занятыя амаль усе важнейшыя замкі ў Жамойці (у адказ Гедымін зьдзейсьніў пасьпяховую выправу ў ордэнскую вобласьць Каркус, каб падтрымаць Рыгу), у 1330 годзе быў зроблены напад на “замак Гедыміна”. Яшчэ адну выправу зьдзейсьніў у 1336 годзе Ян Чэскі, а прыкладна ў 1337 годзе тэўтоны атрымалі ад Людовіка Баварскага новы данацыйны акт на Літву. Як і раней, гэта было цалкам беспадстаўна.

Мальбарскі замак

У 1333—1334 гадох нават да Полацку даходзілі войскі Лівонскага ордэну. У гэты час будуюцца новыя ордэнскія фартэцыі на Нёмане: Марыенбург і Баербург; аднаўляецца замак Юргенбург. Пабудаваны ў Баербургу касьцёл павінен быў зрабіцца цэнтрам каталіцкай парафіі. (Крыжакі ўжо пачалі дзяліць тэрыторыю Літвы.) Мяжа няўхільна перамяшчалася ўверх па Нёмане, не на карысьць Вялікага Княства (да Коўна заставалася 40 км, да Вільні — 130). Цікава, што для пабудовы Баербургу вялікі магістар выкарыстаў у 1337 годзе войска рыцараў з Эўропы, каб дастаткова ўмацаваць фартэцыю, і гэта замяніла збройную выправу ў Літву. (У ёй, дарэчы, з розных прычын адмовіліся ўдзельнічаць чэскі кароль і ягоны сын — відаць, з-за пэўнай нязгоды з Тэўтонскім ордэнам.).

Аднак неабходна заўважыць, што ўціск Тэўтонскага ордэну напрыканцы жыцьця Гедыміна памяншаецца. Гэта, пэўна, было абумоўлена тым, што Гедымін зноў зьвярнуўся да ідэі хрышчэньня Вялікага Княства Літоўскага па каталіцкім абрадзе, а таксама і тым, што ў 1338 годзе над Ордэнам пачаўся новы судовы працэс. З 14 траўня 1338 па 17 чэрвеня 1339 году адбываўся суд. Судзьдзі былі французы, знаёмыя з працэсам тампліераў. У іх вачох не было апраўданьня захопу Куяваў, Добжынскай, Міхалаўскай земляў. 15 верасьня 1339 году быў абвешчаны прысуд: адлучэньне Тэўтонскага ордэну ад Касьцёла (ад гэтага мог вызваліць толькі Папа). Тэўтоны павінны былі адаць Польшчы Памор'е, Хэлмінскую зямлю, а таксама Добжынскую і Куяўскую, і заплаціць 24,5 тысячы грыўнаў і 1600 на судовыя выдаткі. Як пакажа будучыня, гэты вырак будзе таксама выкананы толькі часткова. Аднак гэта ўжо датычыць іншага пэрыяду.

Сьмерць Гедыміна засталася таямніцай для сучасьнікаў і гісторыкаў. Паводле Стрыйкоўскага, ён быў забіты крыжакамі яшчэ ў 1328 годзе пад замкам Фрэдбургам, непадалёк ад Вэлёны. Так адбылося таму, што абодва яны перапісвалі недатаваныя паведамленьні ў нямецкіх і рускіх летапісцаў. Больш-менш дакладную дату вывеў Даніловіч шляхам аналізу ўскосных арыентыраў у старажытных летапісах (дзейнасьць Папаў, магістраў Ордэну), ён жа прывёў як найбольш верагодную цытату з Наўгародзкага летапісца, які паведамляў:

“У тую ж зіму (1341) памёр Азьбіяк паганы і паганы вялікі князь літоўскі Гедымін”.

Невядомая дакладна і прычына сьмерці Гедыміна. Найбольш прыжыліся дзьве вэрсіі. Або ён быў забіты каменным ядром з бамбарды пад Вэлёнай ці Баербургам узімку 1341—1342 гадоў, або атручаны кімсьці з уласных падданых (з парады тэўтонцаў) пасьля таго, як зноў пажадаў хрысьціць Вялікае Княства Літоўскае.

Гедымін памёр, але закладзеныя ім асновы моцнай дзяржавы, як і супярэчнасьці і складанасьці ягонай палітыкі зрабілі важкі адбітак на наступны бег нашае гісторыі.

Літаратура

1. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi. T.1. Warszawa, 1846. С.276.

2. Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў. Наш край. Вып.2. Мн., 1997. С.124.

3. Daniłowicz I. Skarbiec dipłomatów. T.1. Wilno, 1860. C.443—444.

4. Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993. C.82.

5. Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1936. C.68.

6. Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997. C.89—90.

7. Stryjkowski M. Op.cit. C.277.

8. Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1936. C.69.

9. Prochazka A. Stosunki Krzyżakуw z Giedyminem i Łokietkiem // Kwartalnik historyczny. 1896. R.X, z.1. C.13.

10. Чаропка В. Гедымін // Спадчына. 1992. № 1. C.86.

11. Gуrski K. Państwo Krzyżackie w Prusach. Gdańsk-Bydgoszcz, 1946. C.89.

12. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд. Мн., 1994. C.25.

13. Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1936. C.69.

14. Moraszewski A. Dzieje Rzeczypospolitej Polskiej. T.1. Poznań. 1862. C.192.

15. Myśliński K. Brandenburgia a Krzyżacy i utrata przez Polską Pomorza Zachodniego // Polska w okresie rozdrobnienia feudalnego. Wrocław. 1973. C.225—226.

16. Jasiński K. Polsko-niemieckie powiązania dynastyczne // Niemcy-Polska w Sredniowieczu. Poznań. 1986. С.285—286.

 

 

Гедымін і Тэўтонскі ордэн (1316—1341)

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY