ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | ЛЕКЦЫЯ 15

 

ГЕОРГ ГАЛЕНЧАНКА. ЛІТАРАТУРНАЕ МЕЦЭНЦТВА

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 7

Лекцыя 8

Лекцыя 9

Лекцыя 10

Лекцыя 11

Лекцыя 12

Лекцыя 13

Лекцыя 14

Лекцыя 15

Лекцыя 16

Лекцыя 17

План:

1. Пры дварах паноў і магнатаў: Радзівілы, Сапегі

2. Беларускае кнігадрукаванне. У засені шляхецкага апекавання

 

1. Пры дварах паноў і магнатаў: Радзівілы і Сапегі

Найзначнымі мецэнатамі другой паловы ХVI — пачатку ХVII ст. былі Радзівілы. На землях Беларусі месціліся асноўныя ўладанні нясвіскага адгалінавання роду і часткова — біржанскага. Менавіта яны адыгралі важную ролю ў развіцці магнацкага мецэнацтва ў розных сферах духоўнай культуры ВКЛ — у літаратуры, архітэктуры, выяўленчым мастацтве, артыстычным рамястве, інструментальнай музыцы і інш. Літаратурнае мецэнацтва Радзівілаў ад самага пачатку засяроджвалася на кнігадрукаванні.

Развіццё новых форм літаратурнага мецэнацтва ў сярэдзіне ХVI ст. найперш грунтуецца на дзейнасці слыннага магната ВКЛ, уплывовага палітыка, дыпламата, вайсковага і адміністратыўнага дзеяча, цягам доўгіх гадоў блізкага дарадцы Жыгімонта-Аўгуста — Мікалая Крыштафа Радзівіла (Чорнага). Сягнуўшы вышэйшых пасад у ВКЛ — гетмана віленскага ваяводства і канцлера, — князь сканцэнтраваў у сваіх руках надзвычайную ўладу і нават трымаў у нясвіскім палацы найважныя дзяржаўныя прывілеі. На пачатку 50-х гадоў ён хутка адолеў шлях канфесійнай эвалюцыі — ад не вельмі акрэсленага кальвінізму да больш радыкальных тэалагічных поглядаў, сумежных з арыянствам. Мікалай Чорны паслядоўна выступаў супраць дзяржаўнай уніі з Польшчай, чым часткова тлумачацца і ягоныя рэлігійныя схільнасці, і пагаршэнне стасункаў з каралём.

Літаратурнае і кнігавыдавецкае мецэнацтва Радзівілаў у сярэдзіне ХVI — першай палове ХVII ст. выразна выявілася ў трох асноўных формах: 1) апекаванні пісьменнікаў, перакладчыкаў, царкоўна-рэлігійных дзеячоў — удзельнікаў грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларусі і Літвы; 2) скарыстанні літаратурных і кнігавыдавецкіх магчымасцяў у іншых краінах; 3) зарганізаванні кнігавыдання ў ВКЛ.

Гісторыкі кнігадрукавання абмінулі той факт, што сувязі Радзівілаў з еўрапейскімі кнігавыдавецтвамі ўсталяваліся задоўга да заснавання першыя друкарняў у межах сучаснай тэрыторыі Беларусі — у Берасці і Нясвіжы. Мікалай Радзівіл быў добра знаёмы з віленскім біскупам Янам з князёў літоўскіх, якому ў 1534 г. прадаў уладанні сваёй маці ў Крамянецкім павеце. Дарэчы, Ф.Скарына ў тыя гады выконваў абавязкі сакратара віленскага біскупа і выступаў сведкам падчас заключэння некаторых ягоных здзелак (напрыклад, са слуцкім князем). Першыя выданні друкарні, заснаванай у Нясвіжы за некалькі гадоў да смерці Радзівіла Чорнага, шрыфтамі і арнаментыкай дзіўна нагадваюць скарынаўскія “інкунабулы.

Кніжныя сувязі Радівіла Чорнага з польскімі і заходнееўрапейскімі кнігавыдаўцамі праглядаюцца з 40-х гадоў ХVI ст. Працяглае жыццё за мяжой, актыўная дыпламатычная і палітычная дзейнасць прыцягвалі да яго ўвагу універсітэцкіх, літаратурных і кнігавыдавецкіх колаў. Некаторыя выданні выйшлі ў свет, дзякуючы падтрымцы магната, зацікаўленага ўмацаваннем свайго прэстыжу ў Еўропе. Не варта забывацца пры гэтым, што ў 1547 г. Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў ад цесара Карла V зацверджанне надзвычай рэдкага для арыстакратыі ВКЛ тытулу князя Св. Рымскай імперыі.

Так, у 1546 г. у Кракаве была апублікавана “Эпіталама Мікалаю Радзівілу” на ягоны шлюб з польскай радавітай шляхцянкай Эльжбетай Шыдлавецкай. Аўтарам першага панегірыка быў Вацлаў Шаматул, вядомы кампазітар польскага Рэнесансу. Аўтарам другога быў прафесар рымскага права Кракаўскага ўніверсітэту іспанец Пятро Ройзі — пазней адзін са складальнікаў Статуту ВКЛ 1566 г. Абодва пісьменнікі захавалі свае сувязі з Радзівіламі і надалей.

Радзівілы першымі сярод магнатаў ВКЛ асэнсавалі вялікія магчымасці кнігадрукавання ў грамадска-палітычным і духоўным жыцці краіны і сталі рабіць адпаведныя высілкі дзеля пашырэння гэтае справы: ніводзін з вядомых панскіх або княжых родаў не здзейсніў гэтак шмат для развіцця выдавецкае дзейнасці. Мікалай Радзівіл Чорны падтрымліваў кнігавыдавецкую справу ў Берасці (уладальнікі, друкары і выдаўцы — Бернард Ваявудка, Станіслаў Мурмеліўс, Цыпрыян Базілік) і Нясвіжы (Мацей Кавячынскі, Даніэль Ленчыцкі). Мікалай Крыштаф (старэйшы сын Чорнага) у 1575 г. заснаваў друкарню ў Вільні, якую пазней падараваў Віленскай акадэміі. Яна заставалася найбуйным кнігавыдавецкім цэнтрам ВКЛ да самага распаду Рэчы Паспалітай. З другога дзесяцігоддзя да сярэдзіны ХVII ст. працавала друкарня ў Любчы — уладанні біржанскіх Радзівілаў: друкары Пётар Блястус Кміта, Ян Кміта, Ян Ланге.

У літаратурным мецэнацтве Мікалая Радзівіла Чорнага параўнальна з ягонымі нашчадкамі асаблівае месца займаюць новыя пераклады і выданні Св.Пісання. У супрацьстаянні традыцыйным хрысціянскім цэрквам ВКЛ, якія падтрымвалі аўтарытэт папы або праваслаўнага патрыярхату і царкоўнай, у т.л. саборнай, традыцыі адносна Св.Пісання, Рэфармацыя аб'явіла Біблію адзінай асновай свайго веравызнання і прэтэндавала на новыя найбольш аўтэнтычныя пераклады яе на нацыянальныя еўрапейскія мовы.

Першае, незавершанае, выданне Бібліі ва Ўсходняй Еўропе было зроблена, як вядома, Францыскам Скарынам. А першы поўны друкаваны звод з'явіўся ў 1563 г. Ён атрымаў назву “Берасцейская” або “Радзівілаўская біблія” (742 арк., in folio. Друкар невядомы. Магчыма, Цыпрыян Базілік).

Да працы над гэтым зводам Мікалай Радзівіл Чорны сабраў унікальную суполку аўтарытэтных тэолагаў, перакладчыкаў, рэдактараў, у т.л. Яна Ласкага, Сымона Зацыўса, Францыска Станкара, Пятра Статорыўса, Францыска Лісманіні, Георгія Бляндрату і іншых дзеячоў рэфармацыйнага руху Заходняй Еўропы, Польшчы, Беларусі і Літвы. Над кнігай працавалі каля 6 гадоў, спачатку — у Піньчаве, а пазней — у Вільні і Берасці. Сярод асноўных крыніц выдання (акрамя, найперш, нанава перакладзеных старажытных яўрэйскага, грэцкага і лацінскага зводаў) — Новы запавет Эразма Ратэрдамскага, кнігі францускага гуманіста Феўра д'Этапля, які ў Амстэрдаме ў 1530 г. выдаў поўную Біблію. Тытульны аркуш берасцейскага выдання аформлены па матывах Альбрэхта Альтдорфера, выдатнага сучасніка Дзюрэра. Ён нагадвае тытульную гравюру англійскай Бібліі 1537 г. (Biblia English Mattew's). Фундаментальнае выданне сталася шэдэўрам рэнесансавага друкарскага мастацтва. Яно вызначалася якасным перакладам са старажытных свяшчэнных моваў на польскую і дорага каштавала мецэнату. У прысвячэнні Мікалая Радзівіла да Жыгімонта-Аўгуста (Вільня, 19 верасня 1563 г.) акрэслены асноўныя мэты кнігі: “Абы і Ваша каралеўская міласць самі і іншыя мелі, што чытаць, і то пасцігаць, што ўсім трэба да дасягнення царства нябеснага”. Біблія выйшла значным тыражом (у некалькіх варыянтах), рассылалася ў рэфармацыйныя зборы ВКЛ, Польшчы, прэзентавалася князям і дынастам Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, захоўвалася ва ўласных зборах Радзівілаў. У ХVII ст. адзін асобнік быў падараваны электаральнай бібліятэцы ў Кёнігсбергу. Пазней адзінкавыя асобнікі ўпрыгожвалі зборы вядомых палітычных дзеячоў, вучоных, епіскапаў. Пры жыцці Мікалая Радзівіла Чорнага больш не рабілася спроб выдаць новы звод Бібліі.

У канцы 60-х гадоў новую рэдакцыю Бібліі з непрыхаваных рацыяналістычных і антытрынітарскіх пазіцый сталі рыхтаваць удзельнікі нясвіскага кнігавыдавецтва С.Будны, М.Кавячынскі і Л.Крышкоўскі (выйшла у маёнтку Кавячынскіх — Уздзе або ў Заслаўі ў 1572 г.).

Многіх патэнцыйных чытачоў у Беларусі не задавальняла і Астроскае выданне Івана Фёдарава 1581 г. — зыходна з канфесійнай арыентацыі. А таму рэфарматары Рэчы Паспалітай атрымалі ў 1632 г. новую яе рэдакцыю, зробленую на аснове Берасцейскай бібліі (Гданьск, друк Андрэя Гунефельда). У выдавецкім прысвячэнні кнігі Крыштафу Радзівілу, князю на Біржах і Дубінках, азначаны заслугі Мікалая Радзівіла Чорнага, пад наглядам якога быў падрыхтаваны пераклад “з арыентальных моў”. У іншым прысвячэнні Ўладзіславу IV акрэслена: Берасцейская біблія выйшла 69 гадоў назад, некаторыя асобнікі яе згублены з людской нядбайнасці або зайздрасці, а таму выпушчана ў свет другое выданне “dla niedostatku pierwszych Brzeskich Exzemplarzуw”. Паўплывала Берасцейская біблія і на рукапісныя зводы і пераклады Св.Пісання на Ўкраіне, а таксама на заходнееўрапейскія друкі. Некаторыя тэксты былі змешчаны немцам Эліясам Гутэрам у ягоным дванаццацімоўным выданні Новага запавету (Нюрнберг, 1599).

Радзівілу Чорнаму прысвечана і адзінае вядомае цяпер кірылічнае выданне Нясвіскай друкарні: Катэхізіс 1562 г. У прадмове, падпісанай Будным, Кавячынскім і Крышкоўскім, зважаецца на істотнасць захавання беларускай моўнай традыцыі: “Слушная бо речь ест, абы Ваши княжацские милости того народу язык миловати рачили, в котором давные продки их княжацские милости панове отци Ваших княжецских милости славне преднейшие преложеньства несуть”.

З ліку палемічных выданняў, надрукаваных за кошт Мікалая Радзівіла Чорнага, вялікі рэзананс выклікаў зборнік з двума эпісталярнымі пасланнямі — папскага нунцыя ў Польшчы Алаізія Ліпамана да Радзівіла Чорнага і адказ апошняга на ліст веронскага біскупа. Зборнік на лацінскай мове быў надрукаваны ў 1556 г. у Кёнігсбергу, у перакладзе на польскую — у 1559 г. у берасцейскай друкарні Станіслава Мурмеліўса. Папскі пасланнік некалькі месяцаў жыў у Вільні, дзе зрабіў няўдалую спробу наладзіць больш цесныя кантакты з Жыгімонтам-Аўгустам. Слаба арыентуючыся ў духоўнай атмасферы ВКЛ, ён напісаў пасланне да Радзівіла з надзеяй вярнуць яго ў каталіцызм. Ліст напісаны ў досыць звыклым павучальным стылі, характэрным для той часткі Еўропы, дзе аўтарытэт каталіцкіх ярархаў публічна не аспрэчваўся. Ліпаман паведамляў, што яшчэ за часам бытнасці ў Аўгсбургу, у ракускіх землях, — пры двары рымскага цесара, дайшлі да яго звесткі пра рэлігійнае адступніцтва Радзівіла і ягонае сяброўства з новымі ератыкамі. Наведанне Вільні і размовы з князем паслабілі гэтыя асцярогі, але яны ўзнавіліся па вяртанні ў Варшаву. Паводле аўтара паслання, новая інфармацыя атрымана “не ад подлых станаў, але ад сенатараў, шаноўных і аўтарытэтных сведак”, і яна глыбока — ”да незвычайнага сардэчнага жалю” — засмуціла яго. Больш-менш канкрэтныя вінавачанні на адрас князя можна звесці ў дзве групы: першая тычыцца ягонай антыкаталіцкай дзейнасці і асабістых паводзін: ён “галоўны гершт (правадыр — Г.Г.) усіх ератыкоў у сваім слаўным каралеўстве” (верагодна, маецца на ўвазе ВКЛ); “усюды ў сваіх уладаннях ставіць блюзнерскія алтары” (засноўвае ератычныя зборы); “утрымлівае і хавае, сапраўды ўскормлівае ератыкоў і фальшывых казнадзеяў, якія рассяваюць блюзнерства, нішчаць і прыніжаюць касцёлы божыя”; ён паслаў свайго шляхціча ў Жэневу і Базель для запрашэння “зласлівых і заражоных містраў” Кальвіна, Ласкага, Лісманіні, каб яны тут распаўсюджвалі сваю ерась. “І ўсё, што ў каралеўстве Польскім ёсць адшчапенствам, хлуслівасцю і нявер'ем, — усё здаецца яму за найлепшае”. Непакояць нунцыя і шырокія выдавецкія планы віленскага ваяводы. “Набывае кнігі адшчапенцаў не толькі для ўласнага чытання, раздае і клапоціцца аб сродках для друку”. Характэрнай прыкметай рэлігійнага адступніцтва Ліпаман лічыць незвычайныя паводзіны князя ў каталіцкіх касцёлах, якія ён змушаны наведваць падчас афіцыйных цырымоній разам з яго каралеўскай міласцю. “Бо, калі падносяць святасць Божага Цела і Келіх Гасподні, — ніколі не пазірае на іх, а глядзіць уніз або пачынае чытаць нейкія дасланыя да яго лісты...”.

Другая група вінавачванняў тычыцца царкоўных канонаў і традыцый: не прызнае вяршэнства рымскага касцёлу над усімі іншымі і папу — за Хрыстова намесніка; адмаўляе патрэбу “служб святых за нябожчыкаў”; не прызнае чысцілішча для душ памёрлых, сцвярджаючы, што “кроў божая (грэшнікаў) адкупіла”; камунію (прычасць) ухваляе пад дзвюма постацямі; найсвяцейшую святасць Божае Цела мянуе бальвахвальствам” язычніцтвам); выступае супраць цэлібату і прапануе, каб царкоўныя спевы і іншыя службы ўчыняліся на ўласнай мове. Даволі агульныя інвектывы, прыдатныя для асуджэння амаль усёй еўрапейскай Рэфармацыі, дапаўняюцца ў пасланні расплывістымі намёкамі на больш канкрэтныя акрасы рэлігійных поглядаў Мікалая Радзівіла Чорнага. Са словаў нунцыя, князь лічыў сапраўднымі хрысціянамі толькі тых людзей, з кім яднаўся рэлігійнымі перакананнямі. “Тады фальшывы быў бы голас Бога Айца, — сцвярджаў нунцый — які абяцаў сыну, што дасць яму ва ўладанне ўсе граніцы зямлі; фальшывым было б прароцтва прарока, што будзе панаваць ён ад мора да мора, ад усіх вод і да канца света; фальшывым было б і сцверджанне, што ўсе людзі сайдуцца перад тварам Пане Тваім і ўзлюбяць паміж сабой імя Тваё; фальшывымі былі б і ўсе іншыя падзеі, калі б так мізерны былі ўладанні яго, толькі частка нямецкай зямлі і малыя зямелькі Польскага каралеўства”.

У канцы свайго “краткага пісання” нунцый параўноўвае князя з сарацінскім цэсарам Саладзінам. “Аб ім даўно сказана: абдораны ўсімі чалавецкімі цнотамі (дабрадзеямі), пры адным толькі недахопе — не быў хрысціянінам”. Ён жадае князю вярнуцца да старой веры і так абараняць яе, як “зараз з ёй змагаецца”. Пасланне напісана ў Ловіцкім замку 21 студзеня 1556 г.

Хаця аўтарства адказу на пасланне прыпісваецца розным асобам, у той перыяд звязаным з Радзівілам, (ягоным дваранам Каспару Лёнцкаму, Яну Менчынскаму, доктару права, былому епіскапу з Капа д'Істрыі ў Паўночнай Італіі канверціту Пятру Паўлу Верджэрыё), важна, аднак, тое, што Радзівіл санкцыянаваў выданне, даў сродкі на яго і дазволіў неаднаразова выдаць зборнік з адказам Ліпаману. Безапеляцыйы і рэзкі стыль водпаведзі, сапраўды, выдае на княжы. Хіба што валоданне багаслоўска-тэалагічнай аргументацыяй заслабое для пацверджання аўтарства князя.

У асноўнай частцы адказу Радзівіла паслядоўна аспрэчваюцца ўсе “артыкулы” нунцыя праз спасылкі на Св.Пісанне, дзеянні і выказванні апосталаў, Евангелле, радзей — на антычныя крыніцы ("словы" Саванаролы, творы Платона, Віргілія, Арыстоцеля, Катона, Цыцэрона, Карнеліўса Агрыпы і інш.). Аўтар падае прыклад Хрыста, які знаўся з простым людам і нават са злачынцамі.

Новыя алтары — даводзіць ён — ставяцца ў адпаведнасці з божымі запаветамі. У новых касцёлах (зборах) “няма ні рымскіх ні ларэтанскіх драўляных Марый, ніякіх вашых амыльных багоў і балванаў, можна сказаць, чортаў дэльфіцкіх..., а спраўлены яны на вечнае памінанне тайнай вячэры гасподняй...”. Абараняюцца і праведнасць прычасці пад дзвюма постацямі на памінанне цела і крыві Збаўцы, праўдзівыя казнадзеі, царкоўныя службы, прынятыя за часамі апосталаў, выкарыстанне роднай мовы ў літургіі і друку, бо і “апосталы распаўсюджвалі сваю веру на мовах мясцовага насельніцтва”. Асуджаюцца непатрэбныя цырымоніі за душы нябожчыкаў, “паганская фабула” пра чысцілішча, бясшлюбнасць духавенства і інш.

Закранаючы пытанне пра вяршэнства касцёлу рымскага, аўтар цвердзіць, што “наша вера” нічым з гэтым артыкулам не звязана. “Вызнаем і веруем толькі ў касцёл святы хрысціянскі — не рымскі, канстанцінопальскі, ерусалімскі, александрыйскі, анціахійскі, але ў той, што рассеяны па ўсяму свеце і таму празваны паспалітым”. Пра яго пісаў св.Павел у пасланні да ефесеяў, мянуючы яго касцёлам справядлівых, — аргументуе аўтар.

Ключавы фрагмент адказу — нечуваныя ў ВКЛ публічныя нападкі на касцёл рымскі і папу. “Што справядлівага, што слушнага можна знайсці ў тым вавілонскім касцёле? Што чыстага, што хвалебнага?” Дачынна папы, “фальшывага хрыстова вікарыя”, ананімны аўтар падае словы Саванаролы, якога “ваша бажніца бязлітасна замардавала”: “вепр лясны і акрутны, нячысты і плюгавы, пыхлівы і пралюбадзейны, люты і неўтаймаваны”. На рытарычна пастаўленае пытанне — “хто ератык сапраўдны?” — ён адказвае новай філіпікай: “Нічога не знойдзеш так непрыстойнага, так язычніцкага, адкінутага, чаго б не было ў вашым рымскім Вавілоне і ў тым каралеўстве антыхрыста, якое мянуеш стальцом апостальскім... Але блізкі ўжо дзень Божы... і та парожняя бездань з трохгаловай хімерай ...будзе сцёрта і загіне”. Заканчваецца адказ напамінам, што свецкія каралі павінны дбаць аб справах касцёльных з духавенствам і людам, і прапановай склікання народнага сіноду.

У гісторыі кнігадрукавання ў Беларусі гэта адзінае выданне, адрасаванае высокаму ярарху каталіцкай царквы ў Польшчы з такой выразнай варожасцю да рымскага першасвятара і каталіцкага духавенства. Не дзіва, што ўсе друкі, выдадзеныя з ініцыятывы і на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, як і ягоныя ўласныя творы, хутка патрапілі ў індэкс забароненых кніг.

Сярод значнай групы кніг, выдадзеных з пасярэдніцтвам Радзівіла, прыцягваюць таксама увагу музычныя працы польскіх кампазітараў Вацлава з Шаматул і Кіпрыяна Базіліка, служылых у ягонай дваровай капэле. Да падобных музычных твораў нясвіскага асяроддзя адносяцца таксама рэлігійныя песнапенні Андрэя Тжэсецкага малодшага, якія, з словаў сучаснікаў, былі напісаны на народнай — “вульгарнай” мове. Захаваліся звесткі пра сувязі вядомых дзеячоў польскага Рэнесансу — Яна Каханоўскага, Мікалая Рэя і іншых — з Радзівілам. Гэта, паміж іншага, пацвярджаецца шэрагам выданняў берасцейскіх друкарняў. На думку даследчыкаў (А.Брукнера, С.Кота, А.Кавецкай-Грычовай), у 1564 г. у Берасці быў апублікаваны сатырычны твор “Працей” з антыпапскімі выпадамі — па матывах “Саціра” Яна Каханоўскага. Кніга прысвечана Радзівілу Чорнаму, аўтарства прыпісваюць Кіпрыяну Базіліку — паэту, кампазітару, кнігавыдаўцу, які ўзначальваў на той час Берасцейскую друкарню. У ліку свецкіх выданняў, прысвечаных Чорнаму і надрукаваных у Кароне, ёсць некалькі кніг па медыцыне. Адзін з твораў — “Медычнае настаўленне аб пазнанні і лячэнні ліхаманкі” (Кракаў, друкарня Ероніма Шарфенберга, 1548) — напісаны малавядомым аўтарам Альбертам Статкевічам.

Прыкметна змяніліся царкоўна-канфесійныя і культурныя повязі спадчыннікаў Радзівіла Чорнага, найперш ягонага старэйшага сына — Мікалая Крыштафа Сіроткі, з 1567 г. адданага католіка, ахвяравальніка, дабрадзея. З ягонай шчодрай фінансавай падтрымкі ў ягонай жа друкарні ў Вільні выйшлі ў свет шмат якія працы актыўных ідэолагаў Контррэфармацыі, у т.л. творы прыдворнага каралеўскага казнадзея, пісьменніка, рэктара Віленскай акадэміі Пятра Скаргі.

Перамога Контррэфармацыі, пэўная стабілізацыя грамадска-палітычнага ладу ў ВКЛ у першай палове ХVII ст. панізілі цікавасць нясвіскіх магнатаў да новых перакладаў Св. Пісання, тэалагічных і палемічных кніг. Літаратурнае мецэнацтва істотна памяншаецца. Нават вялізныя мемуары канцлера ВКЛ Альбрэхта Радзівіла застаюцца ў рукапісах. Пераважаюць невялікія (зазвычай не больш за 20—40 старонак) творы прыдворна-панегірычнага зместу, большасць якіх напісана каталіцкімі святарамі. Рэдкім выключэннем паўстае героіка-эпічная паэма Ларса Боера “Караламахія”, апублікаваная Акадэмічнай друкарняй у 1610 г. з прысвячэннем Альбрэхту Ўладзіславу Радзівілу. У паэме апісваецца слынная перамога гетмана ВКЛ, графа ў Шклове і Быхаве Яна Караля Хадкевіча над вялікім швецкім войскам пад Кірхольмам.

Магнаты ВКЛ, якія непасрэдна спрычыняліся да дзяржаўнай, дыпламатычнай і вайсковай службаў, прыкметна цікавіліся картаграфіяй. Нясвіскі картограф і гравёр Томаш Макоўскі, які выконваў мастацкія заказы Мікалая Радзівіла Сіроткі — відарысы і планы гарадоў і мястэчак Беларусі, Літвы, Расіі (Масквы), ілюстрацыі да друкаў, быў адным з галоўных стваральнікаў самай буйной і найлепшай на пачатак ХVII ст. у Еўропе карты ВКЛ, выдадзенай у Амстэрдаме ў 1603 і 1613 гадах.

Традыцыі літаратурнага мецэнацтва ў канцы ХVI — сярэдзіне ХVII стст. устойліва падтрымвалі біржанскія Радзівілы, што пэўным чынам звязана з іхнім своеасаблівым канфесійным і грамадска-палітычным станам у Рэчы Паспалітай. Гэта адзіная галіна знакамітага і ўплывовага роду, якая да свайго згасання ў канцы ХVII ст. трымалася евангеліцкай канфесіі (кальвінізму) і адносна вярхоўнай улады нярэдка аказвалася ў апазіцыі. Біржанскія магнаты сабралі ў сваіх літоўскіх і беларускіх уладаннях — Біржах, Кейданах, Слуцку, Любчы і, зразумела, пры двары ў Вільні многіх вядомых у гісторыі польскай, беларускай, літоўскай літаратур пісьменнікаў, перакладчыкаў, паэтаў і іншых прадстаўнікоў вольных мастацтваў, медыкаў, музыкаў, архітэктараў, дойлідаў, навукоўцаў. Мецэнатам прысвечаны творы Беняша Буднага, аўтара папулярных “Апафегмат” — зборніка навел, якія прыпісваюцца Плутарху (Любча, 1614 г.), Саламона Рысінскага, “беларуса” (“Solomo Pantherus Leucorussus”), першага ў ВКЛ збіральніка народных і антычных пагаворак, афарызмаў (Любча, 1618), паэтычныя опусы Станіслава Серафіма Ягадзінскага з элементамі побытавай і сацыяльнай сатыры, прыдворнага адміністратара, медыка і паэта Даніэля Набароўскага, Мікалая Рэя, палемічныя і прававыя працы Андрэя Валана і інш.

З падтрымкаю або апекаваннем біржанскіх Радзівілаў выдаваліся гістарычныя творы Мацея Стрыйкоўскага, Паўла Дзмітровіча, Війюка Каяловіча, героіка-эпічныя паэмы Францыска Градоўскага, Андрэя Рымшы (“Дзесяцігадовая аповесць аб ваенных справах... Крыштофа Радзівіла”, Вільня, 1585), Яна Радвана (“Радзівіліада”, Вільня, 1588), у якіх апісваліся гісторыі арыстакратычных і магнацкіх родаў, услаўляліся подзвігі Радзівілаў у войнах з Крымскім ханствам, Атаманскай Портай, “Масковіяй”.

Адрозна ад Алелькавічаў і Радзівілаў, род Сапегаў не меў старавечнага і арыстакратычнага радаводу. Імклівае ўзвышэнне роду ў другой палове ХVI ст. пачалося за конт адміністратыўнай і палітычнай дзейнасці Льва Сапегі, сына драгічынскага старасты Івана Сапегі і княгіні Друцкай-Саколінскай. Умела карыстаючыся перавагамі прыдворнай службы (сакратар і пісар вялікага князя літоўскага ў 1580—1581 гг., падканцлер з 1585, канцлер у 1589—1623 гг.), Леў Сапега завалодаў двума важнейшымі “врядамі” ВКЛ — віленскага ваяводы з 1523 г. і гетмана вялікага літоўскага з 1625 г. Не дзіва, што ён першы з роду Сапег парадніўся з Радзівіламі, а тры ягоныя сыны зрабілі паспяховыя дзяржаўна-палітычныя кар'еры.

Зыходзячы з крыніц, пры двары Льва Сапегі ніколі не збіралася шмат прафесійных пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў. Не знойдзена і слядоў існавання значных скрыпторыяў, уласных друкарняў. Найбольш значны ўдзел Льва Сапегі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці ВКЛ — ягоная спрычынёнасць да складання і выдання Статуту 1588 г.

Леў Сапега падзяляў царкоўна-рэлігійныя планы вярхоўнай улады на ўмацаванне пазіцый каталіцкай царквы ў ВКЛ і ў якасці каралеўскага пасланніка прысутнічаў на берасцейскім уніяцкім саборы 1596 г. Ён спрыяў таксама выданню амаль усіх палемічных твораў кіеўскага мітрапаліта Іпація Пацея, які, між іншым, разлічваў на ягоную падтрымку на сеймах і ў судовых працэсах з галоўным беларускім брацтвам у Вільні. 9 верасня 1602 г. Іпацій пісаў Сапегу ў сувязі з чарговай апеляцыяй братчыкаў: “Дапамажыце мне, Ваша міласць, сваім аўтарытэтам у пана (караля — Г.Г.) і ўбачыце, як я іх уціхаміру, так што і іншыя пакаюцца. Бо дабрынёй нічога не даб'ёмся ад гэтага быдла”.

Цвяроза ацэньваючы неспрыяльны збег сацыяльных і этна-рэлігійных супярэчнасцяў, змяненне знешнепалітычнай сітуацыі, Леў Сапега быў прыхільнікам гнуткіх метадаў царкоўнай палітыкі, што пацвярджае ягоная перапіска з Пацеем, Вельямінам Руцкім, Ясафатам Кунцэвічам. Гэта, праўда, не замінала яму рабіць жорсткія захады супраць антыўніяцкіх бунтоў і іншых гэткага кшталту выступленняў. Менавіта яму даручыў Жыгімонт III расследаванне віцебскіх падзей 1623 г. “Стаў на судах як суддзя, пасаджаны ад Бога, — пісаў адзін з пазнейшых панегірыстаў — і не лічыўся ні з чым, караў крывавых бацьказабойцаў”.

Іпацій Пацей прысвяціў Сапегу адно малавядомае выданне. 26 06.1605 г. ён апавешчваў “свайго міласцівага пана і благадзея”, што адправіў да яго нейкія кніжкі: “Благавалі, Ваша міласць, ад мяне іх прыняці, а я пастараюсь хутка выдаць іх па-польску”. Сучаснай бібліяграфіі вядома “рускае” выданне Пацея, выдрукаванае на варштатах Мамонічаў у 1604 г.: “Оборона собору флорентейского против фальшивому недавно от противников згоды выданому”. Аўтарам названы рэктар уніяцкай семінарыі ў Вільні Пётар Федаровіч.

Акрамя згаданай кнігі, Сапегу былі прысвечаны яшчэ тры выданні ўніяцкага перыяду дзейнасці Мамонічаў — усе літургічнага характару. Адну з такіх кніг з уласным аўтографам Леў Сапега падараваў у 1598 г. Чарэйскай царкве ў сваім маёнтку.

На думку І.І.Лапы, Леў Сапега атрымаў афіцыйны тытул “звирхнего пана" друкарні Мамонічаў у звязку з тым, што выданне Статуту 1588 г. ажыццяўлялася пад ягоным асабістым наглядам. Нават у тэксце апублікаванага ў кнізе каралеўскага прывілею былі з ягонага загаду зроблены папраўкі. Гэтае меркаванне Лапы, верагодна, не зусім дакладна асвятляе сутнасць сапраўдных стасункаў Мамонічаў з уплывовым патронам. У большасці выданняў, надрукаваных з 80-х гадоў ХVI да сярэдзіны 20-х гадоў ХVII ст., не маецца згадак пра Сапегу. Мажліва, канцлер быў толькі намінальным апекуном друкарні і кантраляваў пераважна афіцыйныя кірылічныя і польскамоўныя выданні.

У 1588 г. Сапега пісаў віленскаму ваяводу Крыштафу Радзівілу, што жадаў бы выдаць новы Статут па-польску, але пабойваецца недакладнасцяў у перакладзе “слова ў слова” з “рускага” тэксту. Польскія выданні Статуту 1588 г. былі з'явіліся ў 1614 і 1619 гг., у 1614 г. убачыў свет польскамоўны “Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага”. Магчыма, з уплыву Сапегі друкарня Мамонічаў упершыню ў беларускім кнігадрукаванні стала выкарыстоўваць курсіўныя шрыфты, што аднаўляла канцылярскі кірылічны хуткапіс. "Трыбунал", Статут і шэраг іншых выданняў цалкам ці часткова надрукаваны гэтымі шрыфтамі. Азначаючы заслугі Сапегі ва ўмацаванні царкоўнай уніі, Леон Мамоніч параўноўваў яго з “хрысціянскім манархам” Канстанцінам: “великое подобенство в справах твоих, великий и милостивый пане, с помененым царем знайдутся…, великое в побожности и зычливости против народови нашому российскому, который такую помощь и розшырение, за тым теж и оутеху так великую от вельможности твоей мает, якую ледве кто и от кого иного мел альбо мети будет...”.

Актыўная падтрымка Сапегам уніяцкай царквы і кнігадрукавання не азначае, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, што ён быў уніятам. З умацаваннем Рэчы Паспалітай, моўнай і рэлігійнай паланізацыяй паноўных колаў каталіцызм стаў асноўным, “абетаваным” веравызнаннем арыстакратыі ВКЛ.

Вядомасць Льва Сапегі знайшла сваё адлюстраванне ў шэрагу зробленых яму прысвячэннях. Так, яму прысвечаны сёмая кніга “Хронікі Вялікага княства Маскоўскага і панств, да яго належачых” Гваніні (Кракаў, 1611), першая кніга паэтычнага перакладу Гарацыя Флака, зробленага “у сумнай няволі ў лірычных песнях” доктарам медычных навук Себасц'янам Петрыцыем (Кракаў, друкарня В.Скальскага, 1609). Пра шчодрую “ласку” Сапегі “яшчэ за жыцця бацькі яго” паведамляў у сваім прысвячэнні канцлеру магістар вызваленых навук польскі астраном Бернат з Кракава: “Дэкрэт або вырак астралагіцкі аб зацьменнях люстраў нябёсных” (Кракаў, 1605).

Вядомым фактам з'яўляецца таксама і мецэнатцтва нашчадкаў Льва Сапегі. З ініцыятывы яго другога сына, падканцлера Леона Казіміра, малавядомым службовым шляхцічам Андрэем Руткоўскім (Ружоўскім?) была складзена вайскова-гераічная паэма “Абарона Вялікага княства Літоўскага падканцлерам ...Леонам Казімірам Сапегам... у 1648 г.” (Кракаў, друкарня Цэзарыя). Лейтматыў твору — апісанне сялянска-казацкіх бунтоў і хваляванняў у Беларусі ў перыяд найбольшага іх уздыму. Аўтар азначае шырокі размах ”нябачанай хлопскай вайны з панамі”, ахапілай амаль усю Беларусь — ад Слуцку і Пінску да памежных зямель з Расіяй. Кульмінацыйны пункт паэмы — аблога ўласнага гораду Сапегаў, Быхава, казацкім загонам Гаркушы і сялянамі. З цверджання аўтара, адступленне ад Быхаўскай крэпасці прывяло б да яшчэ большага пашырэння “хлопскай вайны”, бо ўсе “бунтаўшчыцкія воласці, мястэчкі і гарады азіраліся на Быхаў”. Аблога сталася няўдалай. Нягледзячы на тактычныя манёўры Гаркушы вакол Быхава, ён змог авалодаць толькі прадмесцем. Са звестак А.Руткоўскага (хутчэй за ўсё, перабольшаных), у выніку нападу шляхецкай харугвы на табар пад Быхавым загінула каля 2 тыс. бунтаўшчыкоў. Троху пазней палявы гетман Януш Радзівіл задушыў “хлопскія бунты” ў Мазыры, Рэчыцы, Пінску і Тураве. Адрозна ад звычайных панегірыкаў, паэме Руткоўскага не ўласціва трыумфальнасць. Ува ўмовах, калі на Ўкраіне доўжылася казацкае паўстанне, ускладняліся адносіны з Расіяй, перад шляхтай Рэчы Паспалітай паўставала перспектыва працяглай вайны на розных напростках. Верагодна, твор быў апублікаваны не пазней за сярэдзіну 1649 г.: на завершанне згадваецца, што полк Казіміра Леона Сапегі, сабраны на ягоныя сродкі, кіруецца да Зборава. Аўтару яшчэ невядомы вынікі будучай збораўскай бітвы ў жніўні 1649 г., дзе харугва Сапегі мужна змагалася і была амаль дарэшты панішчана.

2. Беларускае кнігадрукаванне. У засені шляхецкага мецэнацтва

Параўнальна з магнацкім, іншы характар мела літаратурнае мецэнацтва сярэдняй і дробнай шляхты, больш моцна павязанай з побытавымі і культурнымі традыцыямі края. У гэтым асяродку яшчэ доўга трымаліся богадагоднага звычаю ўкладаць у мясцовы храм замоўленыя або рознымі шляхамі набытыя царкоўна-рэлігійныя кнігі, пераважна Евангеллі і Апосталы, з адпаведнымі пазнакамі пра дабрачынцаў (своеасаблівымі ахоўнымі запісамі). Нярэдка аздоблены аб'ёмным ліццём, накладкамі, ціснёным арнаментам скураны пераплёт такіх кодэксаў каштаваў даражэй, чым сам рукапіс ці старадрук. Апраўленае пазалочаным срэбрам Тэтра-Евангелле Пятра Мсціслаўца 1575 г., падоранае царкве на Цэпры пазнейшым яе ўладальнікам, абышлося 27 коп літоўскіх і 24 гроша, а сама кніга — дзве копы. Як бачна з маргінальных запісаў на рукапісах, у канцы ХVІ — першай палове ХVІІ стст. заўважна змяніўся сацыяльны склад шляхты, звязанай з беларускай кірылічнай пісьменнасцю, узрасла вага дробнай і сярэдняй шляхты, надзвычай рэдкімі сталі кнігі, напісаныя з замовы магнатаў або з іхнай фінансавай дапамогай.

Азначаныя тэндэнцыі лепш прасочваюцца па старадруках. Брацкія беларускія друкарні ў Вільні, Еўі, Куцейне і Магілёве, а таксама друкарня Спірыдона Собаля, што дзейнічала ў Беларусі з падтрымкі брацтваў, з 1595 да 1654 г. выпусцілі каля 100 выданняў.

Па арыгінальных асобніках вядома 87 такіх выданняў. Большасць мецэнатаў — асобы, якія не належаць да арыстакратыі. Унікальнае сярод іх, да прыкладу, — Евангелле вучыцельнае (Еўе, 1616) прысвечана 5 шляхецкім родам.

У другой чвэрці ХVІІ ст. адбылося, аднак, істотнае звужэнне сацыяльнай асновы брацкага кнігадрукавання, што звязана было з адыходам беларускай шляхты ад праваслаўя.

Літаратура

Вайшвилайте И.В. Характер художественного меценатства в Литве // Проблемы истории античности и средних веков. М., 1983;

Кніга Беларусі 1517—1917. Зводны каталог. Мн., 1986;

Голенченко Г.Я. Крупные светские частновладельческие библиотеки Белоруссии и Литвы второй половины ХVI — середины XVII в. // Фёдоровские чтения 1982. М., 1986. С. 100—114;

Каханоўскі Г. Да пытання аб беларускім мецэнацтве ў ХVI—ХVIII стст. // Беларусіка. Мн., 1992. Кн. 2. С. 101—105;

Нікалаеў М. “Палата” кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў Х—ХVIII стагоддзях. Мн., 1993;

Саверчанка І.В. Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі. Адраджэнне і ранняе барока. Мн., 1998;

Lempicki St. Mecenat kulturalny w Polsce. Problemy i postulaty. Krakуw, 1928;

Gуrski K. W promeniach mecenatu Mikolaja Radziwilla Czarnego // Studia nad dziejami polskiej literaturu antytrynitarskiej XVI wieku. Krakуw, 1949. S. 101—140;

Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki. W kregu radziwillowskiego mecenatu. Poznan, 1965;

Pelc J., Tomkiewicz W. Rola mecenatu w rozwoju kultury i literatury polskiej w czasach renesansu oraz baroka // Problemy literatury staropolskiej. Seria druga. Warszawa et al. 1973. S. 165—236;

Topolska M.B. Czytelnik i ksiazka w Wielkim Ksiestwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. Ossolineum, 1984;

Topolska M.B. Srodowisko twуrcze w Wielkim Ksiestwie Litewskim w XVI w. (autorzy publikowane) // Studia nad gospodarka, spoleczenstwem i rodzina w Europie pуzno feudalnej. Lublin, 1988. S.201—205;

Miscellanea historico-archivistica T. 3. Radziwillowie XVI—XVII wieku w kregu polityki i kultury. Warszawa, Lуdz, 1989;

Badania ksiegozbiorуw Radziwillуw. Warszawa, 1995;

Topolska M.B. Drukowana ksiazka polska w kulturze Wielkiego Ksiestwa Litewskiego na przelomie Renesansu i Baroku (1553—1654) // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. 1995. № VІ. С. 83—108.

 

 

Лекцыя 15

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY