ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | ТОПАСЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ [ЭПОХА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ]

 

Ігар ВУГЛІК.

ЛЕКЦЫЯ 7. ТОПАСЫ СФЕРЫ ЭТНІЧНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ

 

МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

ТОПАСЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ [ЭПОХА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ]

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 7

План:

1. Этнічная свядомасць як псіхолага-культурны феномен

2. Топасы этнічнай самасвядомасці

 

1. Этнічная свядомасць як псіхолага-культурны феномен

Сфера свядомасці і самасвядомасці, бадай, самая складаная для навуковага аналізу, таму што ў ёй прысутнічае найбольшы момант суб'ектывізму, а значыцца найменшы ўзровень аб'ектыўных крытэрыяў і фактаў, на якіх павінна грунтавацца навука. У значнай ступені гэта тычыцца і этнічнай самасвядомасці, дзе уласна псіхалагічны падыход накладаецца на этнакультурную інфармацыю.

У нашым выпадку гэта праблема ўскладняецца аддаленасцю часу, выпадковасцю крыніц, а галоўнае — рознай семантыкай гэтага паняцця тады і цяпер. Самае небяспечнае ў даследаванні, якое мае дачыненне да псіхалогіі этнічнай свядомасці — гэта экстрапаліраваць сучасныя паняцці і ўяўленні ў мінулае, “падцягваць” пад наяўную веду старажытны матэрыял, меркаваць аб мінуўшчыне з цяперашняга пункту гледжання. Таму перш чым разглядаць праблему, трэба адзначыць адрозненні ў этнічным светаўспрыманні чалавека 17—18 стст. і 21-га. Адно тады, калі мы, як бы гэта не было цяжка, зможам паглядзець на мінуўшчыну вачыма тагачаснага чалавека, будзе магчыма зразумець яго культуру, ментальнасць і псіхалогію.

Перадусім мы запытаемся: што старажытны літвін разумеў над этнасам? Якія былі крытэрыі этнічнасці? Наколькі важкім было само гэта паняцце і ці існавала яно ўвогуле? Далей мы разглядзім такі істотны крытэр этнічнай ідэнтыфікацыі, як этнаніміка, якая мае дастатковую дакументальную базу і з'яўляецца сёння адным з найбольш эмпірычна абгрунтаваных крытэрыяў этнічнасці.

У сучаснай культуры паняцце нацыя і нацыянальнага надаецца выключнае значэнне, што з'яўляецца вынікам эскалацыі этнічнасці ў часы рамантызму і яе прыярытэтнасці у часы мадэрнізму з яго дамінантным прынцыпам: адзін народ — адна дзяржава. Пад этнічным сёння разумеецца вялікі комплекс культурных элементаў, такіх, як агульнасць паходжання, мовы, культуры, тэрыторыі пражывання, антрапалагічнага складу, менталітэту, самасвядомасці. У розныя часы ў розных народаў перавагу набывае адзін (ці некалькі) з гэтых фактараў, аднак адсутнасць кожнага з іх можа выклікаць сур'ёзную дэструкцыю этнічнай свядомасці.

На беларускіх землях 17—18 стст. паняцце этнасу, этнічнай прыналежнасці не выступала базавым, цэнтральным у сацыяльным самавызначэнні. Моцным індыкатарам соцыякультурнага самавызначэння была рэлігійная прыналежнасць, якая ішла побач з этнічнай, а іншым разам, замяняла яе. Войны, якія вяліся тады, мелі канфесійна-індэксатарную афарбоўку. Вайна за веру — вось асноўны лозунг цяжкіх войнаў сярэдзіны 17 ст., якія вынішчылі 50% насельніцтва нашых зямель. Этнічны фактар адыходзіў на другі план — біліся праваслаўныя з каталікамі і ўніятамі… Лаціняне і схізматыкі — гэтыя вызначэнні мы сустракаем там, дзе зараз стаялі б вызначэнні этнічныя. Абарона інтарэсаў веры была фармальнай падставай для ўмяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, што практычна прывяло да яе падзелаў. Асноўнай тэматыкай выдатнай публіцыстычнай літаратуры 17 ст. была зноў-такі рэлігійная. У выніку беларускі этнас быў культурна падзелены на каталікоў, уніятаў, праваслаўных і пратэстантаў, што рабіла досыць складаным працэс яго культурнай кансалідацыі, паколькі за гэтымі канфесійнымі вызначэннямі стаялі розныя культурныя, моўныя, ментальныя, палітычныя суполкі і супольнасці. Канфесійны падзел пераўзыходзіў падзел сацыяльны нават у такім кансалідаваным саслоўі, як шляхта. Так падчас войнаў 17 ст. рускаму цару прысягала менавіта праваслаўная шляхта. Характэрна, што большасць людзей не паглыблялася ў спецыфічныя асаблівасці розных веравызнанняў — канфесійная прыналежнасць і самасвядомасць была фактарам свецкім, культурным, індыкатарам прылучанасці да пэўнай супольнасці. Асноўны падзел беларускага грамадства тых часоў праходзіў па мяжы: каталік — не каталік. Цікава, што на платформе гэтага супрацьстаяння ядналіся досыць розныя канфесіі — так праваслаўныя зрабілі хаўрус з пратэстантамі каб пазбегнуць пераследу з боку пануючай каталіцкай большасці. Найменей экспансіўная самасвядомасць, звязаная з канфесіяй — уніяцкая, але пры сур'ёзных сутычках яна таксама жорстка пераследавалася прыхільнікамі праваслаўя. Трэба адзначыць, што канфесійны патрыятызм мала закрануў сялянства — у большасці ўніяцкае, яно не паспела свядома кансалідавацца вакол новай рэлігіі. Акрамя таго, дзякуючы слабай матэрыяльнай базе, малой прысутнасці ў органах вышэйшай улады, уніяцтва і не мела магчымасці рэалізаваць свой экспансіянісцкія патэнцыі. Як можна меркаваць, уніяцкая самасвядомасць структурна аформілася адно напрыканцы 18 ст. — аб чым сведчыць істотны супраціў вяскоўцаў супраць праваславізацыі.

Усё гэта сведчыць аб адсутнасці трывалай сувязі паміж этнічнай самасвядомасцю і самасвядомасцю канфесійнай. Але і формула суседніх народаў: рускі — праваслаўны, паляк — каталік не рэалізавалася на беларускіх землях. У гэтым сэнсе рэлігія тут была хутчэй сродкам этнічнай дыферэнцыяцыі беларусаў — нездарма нацыянальны ўздым на нашых землях не быў ніколі звязаны з канфесійным рэнесансам ( ды і сцяг рэлігійнай еднасці этнасу ў нас ні разу не ўздымаўся). Магчыма таму і рэлігійная рэфлексія (тэалогія) не займае істотнага месца у беларускай культуры 19—20 стст. Праблема беларускага Бога, як рэфлексія нацыянальнай ідэнтычнасці, толькі ўскосна была закранутая Сулімам, але ў далейшым не атрымала свайго працягу. Спробы выкарыстання рэлігіі для этнічнай кансалідацыі (верш Н.Арсенневай “Магутны Божа”, прапанаваны інтэлігенцыяй у якасці новага сучаснага гімна), маюць на ўвеце хутчэй абстрактнага, хрысціянска-паганскага Бога, чым Бога канкрэтнай канфесіі хрысціянства

Яшчэ адной спецыфічнай рысай старажытнай самасвядомасці жыхара Вялікага Княства Літоўскага была яго поліфанічнасць, кантрапункцыйнасць. Рэч Паспалітая і Княства аб'ядноўвалі па меншай меры пяць народаў кампактнага рассялення. У афіцыйным лексіконе яна называлася дзяржавай двух народаў — маецца на ўвазе палякаў і літвінаў. Адсюль спецыфічны характар ідэнтыфікацыі, дзе дзяржаўнае і этнічнае было перамешана. Жыхара Рэчы Паспалітай у далёкім замежжы могуць назваць палякам, як і ўсю краіну — Польшчай. Літву маглі назваць Руссю, а яе насельніцтва — рускімі. Беларусаў і усходніх украінцаў — літоўскімі людзьмі. Акрамя таго, некаторыя этнасы, у тым ліку і беларускі, не мелі дакладна акрэсленай самасвядомасці, выражанай у этноніме. Так, украінцаў у 17 ст. часта называлі чэркесамі (пайшло ад распаўсюджанай назвы казакоў), беларусцамі называліся жыхары паўночна-ўкраінскіх зямель, этнічныя літоўцы называліся літвой, літувісамі, жмудзінамі... Усё гэта стварала досыць стракатую і шматслойную карціну этнічнай самасвядомасці, якая істотна адрознівалася ад сучаснай — культурна і этнічна больш-менш дакладна акрэсленай.

I яшчэ адна спецыфічная рыса тагачаснай свядомасці — яе складаная іерархічнасць. Калі чалавека за мяжой пыталі: хто ён? — дык атрымлівалі адказ, дзе на першым месцы магла стаяць назва горада нараджэння ці пражывання, пэўнай вобласці. Вялікага княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай увогуле.

Такім чынам, будзем найперш усведамляць, што паняцце этнічнай самасвядомасці — прадукт нашай сучаснай навуковай рэфлексіі. У старажытнасці яно як істотны кампанент грамадска-культурнага жыцця не займала такога месца якое яму належыць зараз (на Беларусі гэтае паняцце ў дачыненні да ўсяго этнасу пачало афармляцца толькі ў канцы 19 ст). Тым не менш, беларускія землі вылучаліся комплексам уяўленняў аб уласнай ідэнтычнасці (хай сабе і сінкрэтычнай), якія мелі цягам 17—18 ст. устойлівы характар. У гэтым сэнсе мы можам казаць аб спецыфічным феномене этнічнай самасвядомасці, які, аднак, вызначаўся дыферэнцыятыўнымі падзеламі па межах сацыяльнасці і канфесійнасці.

2. Топасы этнічнай самасвядомасці

А цяпер прааналізуем феномен этнічнай самасвядомасці з гледзішча этнанімікі. Як вядома, этнонім — назва народу, якая выступае як эндаэтнонім — саманазва, і экзаэтнонім — назва з боку. Досыць часта ў народаў Рэчы Паспалітай і суседзяў саманазва і назва з боку не супадалі. Так у 17 ст. жыхары Масковіі называлі сябе рускімі, у той час, як замежнікі, у тым ліку і жыхары Рэчы Паспалітай, называлі іх маскавітамі, масквой, маскалямі. Жыхары Кароны называлі сябе палякамі, а суседзі досыць часта называлі іх ляхамі. Этнічных літоўцаў працяглы час — да 18 ст. уключна, называлі жмудаю, жмудзінамі, хаця яны самі імкнуліся называць сябе літувісамі, літоўцамі. Гэтыя несупадзенні былі даволі частымі ў пару сталявання этноніма.

Найбольш поўна ў гэты перыяд тэрыторыю кампактнага пражывання беларусаў выяўляла пазнака “літвіны”, якая ўжывалася ў якасці саманазвы і назвы з боку. Яе ўсталяванне і пашырэнне звязана з назвай Літва, якое мела шматфункцыянальны характар і ахоплівала гістарычную, культурную, палітычную ды, у значнай ступені, этнічную вобласці. Як паказаў М.Ермаловіч, старажытная Літва знаходзілася (ў раннія перыяды існавання Вялікага княства Літоўскага) на цэнтральна і заходнебеларускіх землях, — г.зн. была звязана пераважна са старабеларускай этнакультурнай супольнасцю. Як сведчаць крыніцы 17—18 стст. гэтая ж сітуацыя працягвала захоўвацца і ў наступную эпоху — Літвой называліся цэнтральна і заходнебеларускія землі (для апошніх яшчэ зрэдзьчасу ўжывалася назва Чорная Русь), а таксама землі са змешаным літоўска-беларускім насельніцтвам. Вобласці ўласна літоўскія называліся Жамойція і Аўкштайція. Характэрна, што размежаванне беларускіх зямель на Літву, Белую і радзей Чорную Русь, усведамлялася ўжо сучаснікамі. Так, ва ўніверсале 1700 г. караля Аўгуст II гаварыцца аб жыхарах “стану шляхецкага Белай Русі ў Вялікім Княстве Літоўскім”. Іншым часам гэты падзел перасякаў нават дзяржаўныя межы. У 1661 г. смаленскі ваявода дакладна дыферэнцыруе паняцці Вялікае Княства Літоўскае, княства Жмудскае і Белая Русь (пад апошняй ён разумее ўсходнія часткі сучаснай Беларусі, а таксама раёны Смаленшчыны і Пскоўшчыны). З 17 ст. у паняцці Літва адбыліся істотныя змены. З рэгіянальнай назвы яно ўстойліва ператварылася ў агульнадзяржаўную. Літвой пачалі называць усе землі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку і ўсходнія (праўда, адно калі гаворка ішла аб дзяржаве ўвогуле). Назва Літва дамінавала нават у спалучэннях з вызначэннем Русь. Так, у “Лексіконе” Г.Карпінскага 17 ст. адзначана, што “Русь заключае ў сябе акрамя Русі Маскоўскай Літоўскую Русь, якая дзеліцца на Белую і Чорную Русь”. Літва, Літоўская Русь — гэтыя асноўныя назвы княства, якія ужывалі замежнікі. Адпаведна змяніўся статус і генетычна звязанага з тэрмінам Літва вызначэння літвіны. Літва, літоўскія людзі, літоўшчыкі — так называліся жыхары княства ў 17—18 стст. I гэта была асноўная саманазва і шляхты, і гараджан, і сялян, хаця сярод апошніх, як можна меркаваць па крыніцах, гэта найменне сустракалася радзей. На ўсходніх землях Беларусі найменне ліцвін выступала ў камбінацыях накшталт “літвін-беларусец”, займаючы заўсёды першую пазіцыю. Найменне ліцвін мела палітанімічны сэнс, але ў першаю чаргу было палітонімам. Разам з тым, можна сцвярджаць, што ў гэтую пару яно выконвала і функцыю этноніма для старажытных літвінаў-беларусаў.

Асноўны этнічны масіў, які называў сябе гэтым найменнем, быў беларускі — сярод украінцаў ён сустракаецца спарадычна, літоўцы выкарыстоўвалі найменне жмудзін, латышы ў гэты перыяд называліся сваім сучасным этнонімам. Яшчэ літвінамі называла сябе ўсходняя частка літоўскага этнасу, што знаходзілася ў шчыльным кантакце з беларуса мі. Такім чынам, літвіны — і колькасна і якасна — старабеларускі этнонім. Між іншым, якраз яго шырока выкарыстоўвала шляхта. Міф аб паланізацыі шляхты развальваецца, калі мы канстатуем, што шляхта старабеларускіх зямель амаль (а па маіх дадзеных — зусім) не называла сябе палякамі, у тым ліку і магнатэрыя — Радзівілы, Сапегі.

Яшчэ адно вызначэнне этнанімічнага кшталту таго часу — беларусы, беларусцы. Менавіта з пачатку 17 ст. у дакументах шырока сустракаецца вызначэнне беларусцы ў якасці саманазвы і назвы з боку. Апошняе адпавядае ўсталяванню вызначэння Белая Русь на землях беларускага Падняпроўя. Назва беларусцы мела тапанімічную залежнасць, ад якой яна паступова вызвалялася досыць доўга і гэты працэс скончыўся толькі ў другой палове 19 ст. Беларусец, родам беларусец, літвін беларусец, нават літвін латыш беларусец — так называлі сябе рамеснікі, купцы, сяляне усходнебеларускіх зямель.

Такім чынам, назва беларусец з'яўлялася рэгіянальным этніконам. Распаўсюджванне гэтай назвы на ўсю тэрыторыю кампактнага пражывання беларусаў звязана з пашырэннем арэалу назвы Белая Русь. Беларусь. Як ужо казалася, гэты працэс меў досыць запаволены характар. Толькі ў некалькіх крыніцах 17 ст. мы назіраем лакалізацыю Белай Русі за межамі Ўсходняй Беларусі. Так, пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі А.Майерберг, апісваючы ў 1663 г. землі, што называліся Расіяй, пад Белай Руссю разумеў тэрыторыю паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіной, куды ўключаў такія гарады, як Мінск, Навагрудак. Іншым разам да Белай Русі адносілі ўкраінскія землі. Так у канцы 17 ст. польскі пісьменнік Гартнох падзяляў усю Русь у Рэчы Паспалітай на Чырвоную і Белую, да якой ён адносіў Чарнігаў, Кіеў, Навагрудак, Смаленшчыну. Толькі з апошняй чвэрці 18 ст. на еўрапейскіх мапах назва Белая Русь пачала ахопліваць землі ад Палесся да Полацка.

Тым не менш, у 17 ст. устойліва бытавалі вызначэнні “беларускія гарады”, “беларускі край”. Беларускім называлася епіскапства Мсціслаўскае, Магілёўскае і Аршанскае. Беларускімі лічыліся казацкія палкі на гэтых землях. Аднак, як саманазва насельніцтва цэнтральных і заходніх зямель вызначэнне беларусец сустракаецца вельмі радка. Амаль адзінкавы такі выпадак з 17 ст. — сведчанне ўраджэнца Гародні Асташкі Троіцкага, які пасля амаль 17 гадоў маскоўскага палону назваўся беларусцам.

Яшчэ адна саманазва жыхароў Старажытнай Беларусі (досыць даўняя) — русін. Яна мае канфесійны і, як можна меркаваць па некаторых крыніцах, тэрытарыяльна абмежаваны характар. Так называлі сябе жыхары ўсходніх зямель праваслаўнага веравызнання. Вызначэнне русін трэба адрозніваць ад назвы рускія — на тэрыторыі Расіі ён не ужываўся і быў выключнай прыналежнасцю праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў.

Яе канфесійную мянушку можна згадаць назву схізматыкі — так называліся каталікамі праваслаўныя жыхары княства.

Сярод субэтніконаў (назваў субэтнасу — этнаграфічнай групы, што мае этна-рэгіянальную самасвядомасць), на першым месцы знаходзіцца назва палешукі. Яе пашыранае распаўсюджванне можна аднесці да 18 ст., хаця спарадычна яна сустракалася і раней.

Феноменам старадаўняй свядомасці было досыць высокае іерархічнае месца горада і гарадской прыналежнасці. Гарады як фарпосты цывілізацыі заўсёды карысталіся выключным значаннем. Адсюль такая з'ява, як высокі таксанамічны ўзровень гарадской самасвядомасці. Досыць часта у замежных дакументах, у першаю чаргу маскоўскіх, выхадцы з нашых краёў называць сябе магілёвец, быхавец, палачанін, віцябчанін, мсціславец, аддаючы перавагу ўрбаноніму перад этніконам ці этнонімам.

Такім чынам, аналіз этнакультурных працэсаў у сферы этнічнай самасвядомасці прыводзіць да адназначнай высновы, што яе характар у старажытнасці і цяпер істотна разрозніваюцца. Галоўнае адрозненне — шматфактарны характар старажытнай самасвядомасці, яе ангажаванасць канфесіяй, дынастыяй, урбанізацыяй. Тым не менш, на падставе этнанімічнага матэрыялу можна вызначыць агульны контур іерархіі этнічнай самасвядомасці старажытных беларусаў, які ўкладаецца ў сістэму: літвін — беларусец — гараджанін, хаця, ў залежнасці ад сітуацыі, гэтыя вызначэнні могуць мяняцца месцамі. На званне этноніма тагачасных беларусаў перадусім прэтэндуе вызначэнне літвін, якое маніфестуе на ўзроўні этнакультурнай самасвядомасці існаванне галоўнай топаснай супольнасці старабеларускай культуры — ліцвінскай. Яшчэ адзін перспектыўны топасны этнонім — беларусцы, аднак яго рэалізацыя адбудзецца ў наступную гістарычную эпоху.

Літаратура

1. Этнаграфія беларусаў. Гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя. Мн., 1986.

2. Імя тваё Белая Русь. Мн., 1991.

3. Белы А. Хроніка Белай Русі. Мн., 2000.

4. Грыцкевіч А.П. Белая Русь // Францыск Скарына і яго час. Мн., 1988.

5. Сагановіч Г. Найменне Бацькаўшчыны // Літаратура і мастацтва, 23 верасня, 1988.

 

 

Лекцыя 7
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY