|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | ТОПАСЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ [ЭПОХА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ]
Ігар ВУГЛІК. |
МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ ТОПАСЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ [ЭПОХА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ] Лекцыя 5 |
План: 1. Культурна-цывілізацыйныя дамінанты 2. Еўрапейскі топас старабеларускай культуры
1. Культурна-цывілізацыйныя дамінанты Пад топасам ў гэтых лекцыях мы будзем разумець тэрмін, які выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца ў розных навуках досыць шырока — ад рыторыкі да матэматыкі і культуралогіі. Гэта ўстойлівы, і незалежны ад пературбацый сістэмы, структура ўтваральны кампанент, які мае значны патэнцыял прасторавай і часавай стабільнасці. Яго сцыентычнымі сінонімамі з'яўляюцца паняцці гештальту ў псіхалогіі, базавага канструкту ў этнапсіхалогіі, этнічнай культуры ў этналогіі, інш. Функцыянальны змест гэтага тэрміна — утрыманне раўнавагі ў сістэме і захаванне яе дыяхроннай стабільнасці. У дачыненні да культуралогіі і гісторыі культуры топас інтэрпрэтуецца як дыяхронны і сістэмаўтрымальны кампанент, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць культуры, існаванне ў часе этнасу, патэстарнага механізму — усяго таго, што называецца культурнай традыцыяй. У сучаснай культуралогіі і этналогіі топасу адпавядае актуальнае паняцце архетыпу (у інтэрпрэтацыі К.Юнга) як феномена калектыўнага падсвядомага, матывы якога, што ўвасабляюцца ў разнастайных вобразах, маюць генетычна-трансляцыйны характар. Сапраўды, у сваёй найбольш істотнай праяве топас гэта тое, што хаваецца ў глыбінях калектыўнага падсвядомага, перадаецца ў спадчыну і, выступаючы ў розныя эпохі у розных формах, стварае аснову працяглага існавання сістэмы. Адсюль вынікае, што топасы дзеляцца на матэрыяльна-відочныя (тэндэнцыі палітычнага жыцця, прававой культуры, мастацкай стылістыкі, побыту) і на невідочныя, тыя, што тычыцца менталітэту, этнічнай псіхалогіі. Толькі дзякуючы ментальнаму топасу мы можам растлумачыць пераемнасць, напрыклад, паміж французскай культурай часоў класіцызму і мадэрнізму. Акрамя гэтага топасы падзяляюцца па часе існавання. Ёсць топасы параўнальна кароткатэрміновыя — такія, як топасы гісторыка-культурнага стылю, якія залежаць ад трываласці гэтага стылю. Больш доўгатэрміновыя топасы звязаныя з паняццем традыцыі: мастацкай, побытавай і культурніцкай. Гэтыя топасы могуць вонкава істотна мадыфікавацца (традыцыйная культура), але, тым не менш, захоўвацца ў нематэрыяльных падзеях як стабільная тэндэнцыя. Досыць доўга жывуць у “вялікім часе” (М.Бахцін) этнакультурныя топасы. Іх стрыжнявой асновай з”яўляецца этнічная культура, менталітэт народа, этнічныя архетыпы. Яшчэ больш высокі ўзровень храналагічнай таксанаміі ўласцівы топасам метакультуры, якія абапіраюцца на глабальныя метасістэмныя канстанты, што тысячагоддзі падтрымліваюць адметную спецыфіку той ці іншай цывілізацыі. Па храналагічных і прасторавых памерах гэта найвялікія топасы. Такім чынам, каб вызначыць базавыя элементы старабеларускай культуры, мы павінны змясціць яе ў сістэму разнастайных па храналогіі топасаў, сярод якіх таксанамічна першае месца належыць культурна-цывілізацыйнаму. Перыяд 17—18 стст. тыпалагічна з'яўляецца структурнай часткай этнакультурнай гісторыі Беларусі. Яго спецыфіка акрэслена як тыпалагічна-цывілізацыйна, гэтак і стылёва-культурна і мае свае вытокі ў гісторыі рэгіёну 13—16 стст., асноўнай дамінантай якога было ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага і ўваходжанне беларускіх зямель у еўрапейскую культурную ды цывілізацыйную супольнасць. У гэтым сэнсе перыяд 17—18 стст. вызначаўся далейшай інтэграцыяй ў еўрапейскую прастору, разгортваннем еўрапейскіх цывілізацыйна-культурных тэндэнцыяў на абшарах нашага краю. Разам з тым гэты час, асабліва яго апошняя фаза з канца 18 — пачатку 19 стст. быў і перыядам развітання старабеларускай культуры з еўрапейскім культурным кантэкстам і пачаткам яе заняпаду ўвогуле. У наступныя дзвесце гадоў еўрапейская прысутнасць праяўлялася тут толькі спарадычна, пераважна ў адметнасцях менталітэту і часам у мастацкай творчасці. Адным словам, у гэты перыяд мы назаўсёды развіталіся са сваёй старабеларускай культурай і надоўга — з еўрапейскай цывілізацыяй. Адсюль і вынікае яго велізарнае значэнне для гісторыі Беларусі. Далей нам перш-наперш трэба вызначыць цывілізацыйныя параметры абранага гісторыка-культурнага этапу. Тут мы будзем зыходзіць з той тыпалогіі цывілізацый, што склалася на падмурку канцэпцый О.Шпэнглера і А.Тойнбі, дзе дамінуе ідэя замкнёна-цыклічнага характару цывілізацый, разрозненне ў супраціў цывілізацыі і культуры, калі з першай звязваюцца урбанізацыя, развіццё тэхнікі і тэхналогій. У нашым выпадку актуальным з'яўляецца падзел цывілізацый на два асноўных тыпа — заходні (еўрапейскі) і ўсходні (азіяцкі), прадстаўлены Расіяй. Ідэя аб размяшчэнні беларускай культуры паміж гэтымі вялікімі тыпамі культур (цывілізацый) не новая — яе выказваў шмат хто і найбольш выразна І.Абдзіраловіч. Разам з тым, у адрозненні ад канцэпцыі Абдзіраловіча, які лічыў, што Беларусі трэба ўтварыць свой тып культуры, не падобны да тых, што існуюць на захадзе ці ўсходзе, мы будзем прытрымлівацца думкі аб перыядычным уваходжанні беларускай культуры ва ўсходні (10—14 стст.), заходні (15 — пачатак 19 стст.), і зноў усходні (другая палова 19—20 стст.) тыпы цывілізацый. Справа ў тым, што на Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды культурная сітуацыя мянялася структурна. Гэта мела як станоўчы, так і адмоўны вынік. Станоўчым тут была магчымасць глабальнага сінтэзу ўласнай культуры праз узаемаўзбагачэнне досведам захаду і ўсходу, што і было выдатна здзейснена ў 16—18 стст. Адмоўны бок гэткай сітуацыі — кардынальная ломка этнакультурнай традыцыі, разрыў дыяхронных інфармацыйных сувязяў, неабходнасць раз-пораз распачынаць этнакультурны працэс нанова, што найбольш выразна засведчыў канец 19 — пачатак 20 стст. Еўрапейская культура — крыніца заходняга тыпу цывілізацыі. Ёй ўласцівыя такія рысы, як дэмакратыя ў палітыцы, рынкавы тып эканомікі, інспірацыя індывідуалізму, вялікая роля і павага да асобы, своеасаблівы нонкалектывізм, свабода слова, ідэйны плюралізм, рацыянальны тып мыслення, прагматызм, акцэнтацыя зямнога жыцця і яго каштоўнасцяў, культурны дынамізм. Гэтыя топасныя сістэмаўтваральныя рысы складаюць падмурак таго, што называецца еўрапейскай культурнай самасвядомасцю. Самадастатковай часткай гэтага ментальнага топасу была і Старажытная Беларусь, аб чым сведчыць наяўнасць у яе культуры (цывілізацыі) адметных еўрапейскіх цывілізацыйных маркераў. Разам з тым, Старажытная Беларусь уяўляла сабой памежны, усходні фарпост (як акрэсліў яе А.Тойнбі) еўрапейскай цывілізацыі. Таму еўрапейскія цывілізацыйныя канцэпты тут выяўляліся не надта выразна і да таго ж прыглушаліся ўсходнімі ўплывамі. 2. Еўрапейскі топас старабеларускай культуры Старабеларуская культура гэтага перыяду мела многія еўрапейскія параметры, у першую чаргу — адносна высокі ўзровень урбанізацыі. У сярэдзіне 17 і ў канцы 18 стст. на Беларусі налічвалася 39 гарадоў і прыблізна 350 мястэчак, дзе жыло каля 250 тыс. месцічаў. Гэта каля 11% усяго насельніцтва. Па дадзеным 1786 г. 38% гараджан жыло ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 2.000 чалавек (такіх было — 31). Найбольш вялікія беларускія гарады — Віцебск (звыш 10 тыс.), Магілёў (звыш 6 тыс.), Полацак, Гродна, Слуцк, Пінск... І хаця працэнтная колькасць гарадскога насельніцтва саступала еўрапейскім стандартам, у тым ліку польскім, Беларусь мела адметнаю, тыпалагічна вызначаную гарадскую культуру, саслоўе гараджан, моцнае купецтва, якое было эканамічным і культурным рухавіком краю. Характэрнай рысай старабеларускай культуры было існаванне адносна невялікіх па памерах гарадоў з моцным культурным патэнцыялам, такіх, як Нясвіж, Слуцк... (і нават мястэчак — Ружаны, Налібокі...). Адсутнасць манапалізацыі культуры вялікімі гарадамі стварала хоць і стракатую, але плодную культурную палітру, садзейнічала раўнамернаму характару дынамікі старабеларускай культуры. Карацей кажучы, урбаністычная сістэма Беларусі была еўрапейскай — г.зн. культурна поліцэнтрычнай, са мноствам арыгінальных праяў гарадскога і местачковага жыцця. На той час Беларусь пазбегла адной з галоўных хібаў новай еўрапейскай цывілізацыі — татальнай урбанізацыі і вынішчэння монстрамі-гарадамі культуры правінцыі, аб чым пісаў О.Шпэнглер. Яшчэ адна рыса еўрапейскасці беларускага гораду — наяўнасць магдэбургскага права (самакіравання). Гарады старой Беларусі падзяляліся на каралеўскія і прыватнаўласніцкія — апошніх у другой палове 17—18 стст. было, паводле А.П.Грыцкевіча, 25 з 51. Магдэбургскае права ў прыватніцкіх гарадах было крыху абмежавана прысутнасцю ўласніцкага прадстаўніка ў кіраўніцтве — войта, а таксама памкненнямі магнатаў да захопу зямельнай і маёмаснай ўласнасці гараджан. Тым не менш, беларускія гарады захоўвалі да канца існаванне Рэчы Паспалітай сваю самастойнасць і дынамічна эвалюцыянавалі (не гледзячы на жахлівыя войны 17 — пачатку 18 стст.) у бок еўрапейскасці — як у ладзе гарадскога жыцця, так і ў формах гарадской архітэктуры. Асабліва гэта тычылася Вільні, Гародні, Нясвіжа, куды з другой паловы 18 ст. хутка праніклі французская культура гарадскога побыту — балы, канцэрты, рэдуты, салоны. Больш за тое, на працягу 17—18 стст. гарады былі самастойнымі суб'ектамі вялікай палітыкі, праводзілі уласныя вайсковыя аперацыі (Стары Быхаў, Магілёў, Нясвіж, Віцебск...). У Гародні ладзіўся кожны трэці вальны сойм Рэчы Паспалітай (там адбыліся падзеі і знакамітага “маўклівага” сейму), гэты горад шанавалі Стэфан Баторый, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, іншыя. Яшчэ адна прыкмета еўрапейскай цывілізацыі — развіццё мадэрновых тэхналогій. Тут старабеларуская культура можа ганарыцца як вытворчымі тэхналогіямі — будаўніцтвам буйных мануфактураў у другой палове 18 ст., так і дасягненнямі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, што зрабілі ўплыў на культуру Расіі — паліхромная кафля, аб'ёмная разьба; асобна адзначым ролю беларускага кнігадрукавання. Тэхналагічна і эстэтычна якасны беларускі посуд з Налібок і Урэчча, слуцкія паясы — усе гэтыя вырабы адпавядалі густу і эстэтычным запатрабаванням Еўропы. У другой палове 18 ст. былі зроблены захады па адмене прыгонніцтва, што ў перспектыве мусіла рэзка падвысіць кшталт і якасць жыцця і працы... Прынцыпам заходняй цывілізацыі адпавядала і палітычная сістэма Старажытнай Беларусі. У яе аснове палягаў палітычны досвед швейцарскіх кантонаў, ангельскага парламенту, французскіх генеральных штатаў. На ўсходне-еўрапейскіх землях, да якіх належала Беларусь, дэмакратычны заканадаўчы орган быў прадстаўлены польскім сеймам, які быў узяты за ўзор і на нашых землях. Хаця не выключана, што Беларусь у значнай ступені самастойна прыйшла да сеймавай сістэмы ад традыцый Віцебскага і Полацкага старадаўніх вечаў. Сістэма сеймаў і павятовых сеймікаў усталявалася прыблізна ўжо ў 16 ст. Зразумела, у шляхецкай краіне казаць аб дэмакратыі ў сучасным сэнсе слова немагчыма, — выбіралі і былі абранцамі толькі шляхціцы. Праўда, да кіраўніцтва дапускалася таксама вышэйшае, пераважна каталіцкае духавенства. Разам з тым у палітычным жыцці ўдзельнічала, па розных падліках, ад 10 да 14% насельніцтва, што для тагачаснай Еўропы з'яўляецца адносна высокім паказчыкам. Таму мы можам назваць канстанту парламентарызму топаснай для Старажытнай Беларусі, бо шляхта і гараджане з іх магдэбургскім правам палітычна адстойвалі менавіта сваю аўтаномію, незалежнасць ад караля ці гарадскіх феадальных юрысдыкцый. Ідэя палітычнай, грамадзянскай свабоды — асноўны матыў грамадскай інтэнцыі таго часу. Наступная прыкмета еўрапейскасці — наяўнасць прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Для заходняга тыпу цывілізацыі ўласцівы прымат прыватнай ўласнасці над агульна-дзяржаўнай — у адрозненні ад усходу, дзе зямля ў першую чаргу належыць цару, што ўвасабляе дзяржаву, і які раздае зямлю ды сродкі вытворчасці ў асабістае ўладанне, пакідаючы за сабой права ў любы момант забраць ўсё назад. У гэтым сэнсе прававая маёмасная сістэма Старажытнай Беларусі адпавядала еўрапейскім стандартам. Яшчэ Статут 1588 г. ахоўваў прыватную маёмасць, забараняючы адбіраць яе з хоць якой падставы, акрамя здрады радзіме. Што да колькаснага складу прыватнаўласніцкіх зямель і маёмасных чынаў, дык гэта адпавядала становішчу нашых зямель на памежжы заходняй цывілізацыі. Так прыватнаўласных гарадоў у другой палове 17—18 стст., паводле дадзеных А.П.Грыцкевіча, было 25—49% ад агульнай колькасці (51 горад). Што да пазямельных ўладанняў, дык, па звестках розных аўтараў, іх колькасць хісталася ў межах 50% агульнага зямельнага фонду. Такім чынам, дзяржаўная, каралеўская маёмасць не пераважала на старабеларускіх землях, не была дамінуючай, а значыць, не дыктавала эканамічныя і палітычныя ўмовы ліцвінскаму грамадству. Ад канкрэтна-матэрыяльных пяройдзем да духоўных, ментальных рэчаў. Для ментальных характарыстык заходняй цывілізацыі уласцівы такія параметры, як плюралізм думак, індывідуалізм, рацыяналізм, прагматызм, скіраванасць светапогляднай сістэмы на з'явы навакольнай рэчаіснасці, гуманізм, свабодамысленне, а таксама этычная сістэма, якая паводле М.Вебера, ўпісваецца ў паняцце пратэстанцкай этыкі. Гэты комплекс духоўнай эпістэмалогіі мае выразную тыпалагічную акрэсленасць і можа разглядацца, як цывілізацыйна-мадальная сістэма, што супрацьстаіць таксама тыпалагічна акрэсленаму комплексу ўсходняй цывілізацыі. Аглядаючы з гэтага пункту гледзішча старажытную ліцвінскую культуру, можна прыйсці да пэўнай высновы, што на нашых землях пераважаў менавіта заходні ментальны парадыгмальны комплекс. Аб гэтым сведчыць, па-першае, канфесійная прыналежнасць. У старадаўнія часы, аб якіх ідзе гаворка, рэлігія займала ў свядомасці людзей месца, якое зараз займае этнакультура. Так склалася, што хрысціянская рэлігія, лозунгам якой была канстатаваная св.Паўлам сусветнасць, наклаўшыся на субстратныя этнакультурныя адметнасці, зрабілася сродкам самавызначэння і, значыць, спосабам этнакультурнага раздзялення, дыферэнцыяцыі. Больш таго, яна сталася лакмусавай паперай гэтага адрознення. Так было і на беларускіх землях. Прычым тут рэлігійнае адыгрывала ролю ўнутрыэтнічнага дыферэнцыята, зблытваючы і без таго складаную карціну этнасацыяльнай дыферэнцыяцыі этнасу. Тым не менш, у даследуемы час мы можам казаць аб рэлігійнай, а значыцца і ментальнай тыпалагічнай еднасці, аднароднасці беларускай (ліцвінскай) культуры. Бо на тую пару две асноўныя тыпалагічна падобныя канфесіі з'яўляліся на нашых землях дамінуючымі. Гэта каталіцтва і ўніяцтва. На маргінальнай перыферыі засталіся пратэстантызм (што, магчыма, найвялікшая страта ў духоўнай гісторыі беларускай культуры) і праваслаўе. Канфесіяй дамінуючай сацыяльна-класавай страты — шляхты — быў каталіцызм. Менавіта ён, яго ментальнасць вызначыла асноўныя накірункі дынамікі светапогляднай сістэмы. “Каталіцызм — гэта сінкрэтызм” — кажа Фрыдрых Хайлер, маючы на ўвазе яго ўсеахопную рытуалістыку, містыцызм, выхад да народнай рэлігіі. Сапраўды каталіцызм згуртаваў сваёй тэалогіяй шматлікія колы грамадства, зрабіўшыся істотнай дамінантай інтэграцыйных працэсаў як ў межах Рэчы Паспалітай, так і Вялікага Княства Літоўскага. Разам з тым, беларускай спецыфікай існавання касцёла быў яго элітарны, саслоўны характар. Характэрна, што, нягледзячы на колькасную перавагу уніяцкіх кляштараў і плябаній, у гарадах — эпіцэнтрах цывілізацыі — пераважалі каталіцкія кляштары. Па дадзеных за 1790 г. (прыведзеныя Я.Марашам), у гарадах было 345 каталіцкіх плябаній (уніяцкіх — 201). На беларускіх землях, як і ў Еўропе ў цэлым, істотнай асаблівасцю каталіцкай канфесіі было тое, што яна амаль не змешвалася з язычніцтвам, выцясняючы яго на перыферыю ці ўвогуле знішчаючы. Вялікую ролю ў гэтым адыграў ордэн езуітаў. Там, дзе быў касцёл, ужо не заставалася месца народным паганскім звычаям ды традыцыям. І ў гэтым сэнсе каталіцызм рэзка адрозніваўся ад праваслаўя і уніяцтва. Гэтыя канфесіі (перадусім праваслаўе), асабліва ў арэалах распаўсюджання сельскага насельніцтва, уступілі ў шчыльную сувязь (можна сказаць — сінтэз) з традыцыйным паганствам. Апошняе тлумачыцца арганізацыйнай слабасцю праваслаўя і сфармаванага на яго базе ўніяцтва. Такім чынам, каталіцызм па-сутнасці правёў мяжу скрозь старажытнае ліцвінскае грамадства, якая раз'яднала яго не толькі тэалагічна, але і культурна, падзяліўшы на хрысціянскую (каталіцкую) частку і на спажыўцоў сінкрэтычнай хрысціянска-паганскай тэакультуры. Заслугоўвае ўвагі той факт, што гэты падзел меў зноў-такі сацыяльны характар — каталікамі былі пераважна шляхцічы, уніятамі — сяляне. Але з гэтага на Беларусі фактычна ўсталяваўся саслоўна-канфесійны плюралізм, дзе сумяшчаліся хрысціянскія і язычніцкія светапоглядныя сістэмы, суіснавалі чатыры хрысціянскія канфесіі. Феномен гугенотаў і Ла-Рашэлі на Беларусі быў немагчымы па азначэнню. З каталіцызмам на Беларусь прыйшла тыповая еўрапейская, раманская набожнасць з яе апантанасцю, экзальтаванасцю і містыцызмам. Сучаснікі адзначалі нават гіпертрафаваную набожнасць тагачасных шляхціцаў, якая праяўлялася часам у досыць экзатычных рытуалах “самабічавання”. Каталіцызм звязаў рэлігію з грамадскім жыццём, роля царквы ў тагачасным грамадскім побыце выяўлялася не толькі праз актыўнае прапаведніцтва, але і праз кнігавыдавецтва і адукацыю, (якія практычна былі цалкам у руках езуітаў ды піяраў) а таксама праз дзейнасць вышэйшых касцельных іерархаў у органах дзяржаўнага кіравання. У выніку чаго на Беларусі ўсталявалася еўрапейская мадэль суадносінаў дзяржавы і царквы, калі царква, будучы фармальна незалежнай, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, праводзячы сваю ідэалогію і палітыку. Далей запынімся на светапогляднай сістэме каталіцызму ў сувязі з яго ўплывам на тутэйшы менталітэт. Тэорыя і практыка каталіцызму адрозніваецца ад праваслаўя большай скіраванасцю на канкрэтнае жыццё і яго праблемы, а таксама актыўнай прагматычнай дзейнасцю — прапаведніцкай, адукацыйнай, выдавецкай і г.д. Калі праваслаўе скіравана больш на трансцэндэнтнасць, абстрактную рэфлексію над праблемамі сусвету, дык каталіцызм імкнецца быць побач з чалавекам і яго рэальнымі праблемамі. Адсюль вялікая роля казані ў каталіцызме, дзе даецца адказ на запытанні будзённага жыцця. Ідэалогіяй і асабістым прыкладам святароў, каталіцызм выхоўваў адпаведна светапогляд, зарыентаваны на актыўны пачатак у грамадстве, шчыраванне ў імя Бога і дзеля чалавека. Актыўны, дзейны тып шляхціца, грамадзяніна той эпохі не ў апошнюю чаргу абавязаны сваім існаваннем каталіцкім місіянерам, касцёлу ў цэлым. Яшчэ адна рыса еўрапейскага менталітэту — прагматычны рацыяналізм. Пры вялікай вазе разнастайных прымхаў і забабонаў у свядомасці тагачаснага шляхціча ці гараджаніна (вера ў чарадзейства, аблуды д'ябла), можна сцвярджаць, што мысленне чалавека той эпохі было пераважна рацыяналістычным, а ўчынкі абумоўліваліся прагматычнай эпістэмай. Адукацыя ў калегіумах і ўніверсітэце (акадэміі) Вялікага Княства Літоўскага было заснавана на еўрапейскай “гуманітарнай” сістэме. Гэта значыцца, што выкладанне вялося зыходзячы з іерархіі катэгорыяў, калі з агульных паняццяў выводзіліся прыватныя. У выніку атрымлівалася лагічная паняційнай іерархіі, якая жорстка дэтэрмінізавала ў галаве маладога чалавека ўсю структуру светаўладкавання. У падмурку выкладання гуманітарных дысцыплін ляжала арыстоцелеўская логіка, якая была дапоўненая Дэкартам. У навучальных установах Беларусі досыць хутка бралі на ўзбраенне апошнія дасягненні еўрапейскай навукі — працы Дэкарта, Бэкана, Канта, Гегеля, Русо, Вальтэра; адукацыйная сістэма старажытнага ліцвіна была натуральнай часткай еўрапейскай культуры. Ніколі болей у беларускай гісторыі адукацыя не была так максімальна набліжана да еўрапейскіх стандартаў, як у 17—18 стст. Еўрапейскі практыцызм нашых продкаў меў складаную канфігурацыю. Яму замінала традыцыя шляхетнай гасціннасці, забарона дваранству займацца рамяством і гандлярствам, дух шляхетнасці, далёкі ад меркантылізму ўвогуле. Тым не менш, менавіта ў шляхецкіх маёнтках былі адчынены ў другой палове 18 ст. першыя мануфактуры (Урэчча, Налібокі, Слуцк), шляхта складала і аснову фізіякратычнага руху. Культура еўрапейскага Асветніцтва са сваёй рацыяналістычнай дамінантай прыйшла на нашы землі якраз пры яе актыўным ўдзеле, хаця больш лагічным было б пашырэнне асветніцтва праз гарадскую купецка-буржуазную праслойку. Шляхта — стваральніца буржуазнай па духу Канстытуцыі 3 мая 1791 г., яна ж зактывізавала рэформу адукацыі ў накірунку рацыяналізацыі ведаў. Менавіта шляхта ўпершыню пачала ажыццяўляць праекты па вызваленню сялян ад прыгоннай залежнасці і, калі б не далучэнне да Расіі, прыгонніцтва магло быць скасавана на беларускіх землях значна раней за 1863 г. — блізка да таго, як гэта адбылося ў Польшчы. Паступова беларускай шляхце ўдалося скіраваць свае ментальныя ўстаноўкі на прагматызм, прадпрымальніцтва, узяць ў свае рукі ініцыятыву па стварэнню буржуазнага ладу жыцця. Яшчэ адна еўрапейская рыса — індывідуалізм, высокая роля у свядомасці, грамадскай і асабістай дзейнасці чалавечай індывідуальнасці. Увогуле культура Вялікага Княства Літоўскага, у прававым падмурку якой ляжалі артыкулы Статута, грунтавалася якраз на прыярытэце правоў асобы, максімальнай абароне яе недатыкальнасці — у першую чаргу маёмаснай, а таксама свабоды сумлення і права да выбару месца жыхарства. Тут мы маем феномен нават гіпертрафаванага індывідуалізму, які, верагодна, і загубіў гэтую культуру і краіну. Традыцыйны шляхецкі індывідуалізм набыў ў 17—18 стст. новае аблічча, зрабіўшыся тым, што мы можам назваць шляхецкім барочным індывідуалізмам, маючы на ўвазе, што барока — стыль вычварны, гіпертрафаваны. Барочны індывідуалізм праявіўся перш-наперш у палітычным жыцці — гэта правіла “ліберум вета” і сістэматычныя зрывы працы сейма, бясконцыя канфедэрацыі, барацьба палітычных партый і магнацкіх груповак (асабліва Радзівілаў з Сапегамі), непадпарадкаванне каралю, наезды. Тагачасная шляхта паказала сваю поўную няздольнасць згуртавацца на нейкай агульнай дзяржаўнай ідэі, што сведчыла пра маніфестацыю плюралізму у дзяржаве, а, з іншага боку, мела вынікам яе распад. Разам з тым, топасныя шляхецкія ідэалы вольнасці і роўнасці, служэння Айчыне і Богу перайшлі ў наступную эпоху, зрабіўшыся сістэмаўтваральнымі фактарамі вызваленчай барацьбы. У бытавой сферы індывідуалізм праяўляўся у развіцці мемуарнай літаратуры, а таксама ў такіх негатыўных з'явах, як рост наездаў, выкарыстання фізічнай сілы ў грамадскім жыцці (сістэматычныя бойкі на сейміках і сеймах, распаўсюджванне двубояў). Што да індывідуалізму ў іншых саслоўях, дык трэба адзначыць яго нарастанне ў сялян, дзе вялікія сем'і актыўна дзяліліся на малыя. Пачатак гэтага працэсу быў пакладзены рэформай на ўвалокі 1577 г., якая была цалкам здзейсненай ў заходніх і цэнтральных вобласцях краіны. У выніку ў наступным, 19 ст. этнографы пісалі аб беларускім вяскоўцы як аб найвялікшым аднаасобніку (У.Шэйн). Асобна адзначым рост жаночага індывідуалізму. Грамадзянскія правы жанчыне гарантаваў Статут, яе становішча як ў вёсцы, так і ў горадзе, было досыць прыстойным. Вядомы храніст 16 ст. М.Літвін нават пісаў аб залішняй свабодзе жанчын у Старажытнай Літве. Новы прарыў у паводзінах шляхцянак і гараджанак пачаўся з другой паловы 18 ст., калі яны актыўна пачалі прымаць ўдзел у грамадскіх забавах, у першую чаргу — рэдутах. Феномены У.Радзівіл і С.Пільштынавай — канкрэтныя сведчанні росту жаночага індывідуалізму. Ліцвінская культура склалася і існавала большую частку свайго часу у межах стылю барока. Яна была прадстаўлена трыма ўзроўнямі — культурай вышэйшага, сярэдняга і нізовага барока, што адпавядала характару яе існавання ў Еўропе і спрыяла плённаму развіццю. Такім чынам, аналіз асноўных кампанентаў ліцвінскай культуры 17—18 стст. дае падставы сцвярджаць, што яна належала да заходняй (еўрапейскай) цывілізацыі і адпавядала асноўным топасам гэтага тыпу культуры (цывілізацыі). Літаратура 1. І.Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Мн., 1998. 2. О.Шпенглер. Закат Европы. Т. 1,2. Мн., 1997,1999. 3. А.Тойнби. Постижение истории. М., 1996. 4. А.Мальдзіс. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1985. 5. В.М. Конон. От ренессанса к классицизму. Мн., 1980.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||