|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ
Ігар ВУГЛІК. |
МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ Лекцыя 4 ТОПАСЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ [ЭПОХА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ] |
План: 1. Вышэйшыя нячысцікі. Чорт 2. Нячысцікі культурнай і прыроднай прасторы
1. Вышэйшыя нячысцікі. Чорт Генетычна беларускія нячысцікі паходзяць з двух крыніц. Першая, звязаная пераважна з вышэйшымі прадстаўнікамі іерархіі, узыходзіць да біблейскіх сюжэтаў. Адтуль ідуць імёны нячысцікаў, іх асноўныя функцыі, мэты, абліччы, такія паняцці, як зло, грэх, продаж душы, пасмяротныя пакуты, пекла... Бунт супраць Бога, нячысцік як касмічны парадыст (трыкстэр), які імітуе дзеянні Бога наадварот, дыялектычнае супрацьстаянне дабра і зла — усе гэтыя біблейскія эпістэмы мы сустракаем і беларускай міфалогіі. Маюцца там і высновы аб прычынах існавання зла. “Бог каб захацеў, то б усіх чарцей і ўсялякую нечысць да плюгаўства спрэсу звёў бы са свету, але гэтага не робіць, каб на людзей быў страх, а то б яны і Бога забылі бы”. Такім чынам, у беларускай традыцыйнай духоўнай культуры адбілася ўся хрысціянская дагматыка, але адзначым, што пры гэтым беларускае светаўспрыманне не бачыць свет ані добрым, ані злым. Вельмі значны пласт беларускай дэманалогіі звязаны з паганскімі ўяўленнямі і з'яўляецца здабыткам этнакультурнай і культурна-рэгіянальнай спецыфікі. Разам з тым, мы будзем разглядаць беларускую дэманалогію, як і ўсю міфалогію, комплексна, у такім выглядзе, у якім яна існавала паводле этнаграфічных і фальклорных запісаў 19 — пачатку 20 стст. Пры гэтым трэба ўлічваць, што біблейская дэманалогія зазнала істотны ўплыў мясцовых дэманалагічных міфаў — і наадварот. Паганства не ведала пекла ў нашым разуменні, хаця ў старажытнаіндыйскай і егіпецкай рэлігіях мы сустракаемся з месцамі, дзе пакутуюць у свеце нябожчыкаў душы і людзі. Фрагментарныя беларускія матэрыялы не дазваляюць нам казаць пра паганскае пекла ў беларускай міфалогіі. Паганскі нячысцік не псуе душу чалавека — ён яму матэрыяльна і фізічна шкодзіць (пужае, насылае хваробу, псуе жывёлу, губіць маёмасць, інш.) — і апошнім актам гэтай шкоды з'яўляецца забойства. Таму сюжэты, звязаныя з уплывам на ўнутраны свет чалавека “традыцыйных” нячысцікаў, з'яўляюцца хрысціянскай кампіляцыяй. Адсюль пэўныя складанасці пра сінтэтычны аналізе беларускай дэманалогіі, якая ўключае розныя па якасных параметрах пласты нячысцікаў. Тым не менш, біблейска-хрысціянскія і язычніцкія дэманалагічныя страты аб'ектыўна размяжоўваюцца па прынцыпу іерархіі, лакалізацыі і функцыянальнай спецыялізацыі. Біблейска-хрысціянскі нячысцік Сатана займае вышэйшае месца ў беларускай дэманалагічнай іерархіі. Верагодна таму, што беларуская паганская дэманалогія зусім здэіерархізаваная: акрамя досыць цьмянага і поліэтнічнага Чарнабога мы больш не бачым больш-менш устойлівай глабальнай іерархіі. Замест яе пануе прынцып лакальна-тэрытарыяльнай сепарацыі, калі кожны нячысцік з'яўляецца гаспадаром сваёй тэрыторыі. У выключэнне тут толькі вольныя нячысцікі-паўсюднікі, але гэта адносна нязначны клас дэманалогіі. Яшчэ адзін галоўны персанаж хрысціянскай дэманалогіі — чорт. Ён таксама адрозніваецца ад паганскіх нячысцікаў. Перш-наперш тым, што мае ўніверсальны дыяпазон функцыянальнага дзеяння. (Нагадаем яшчэ раз, што паганскія нячысцікі звычайна абмежаваныя ў сваіх магчымасцях і тэрытарыяльна і функцыянальна). Нават з вышэй згаданага ўжо добра бачна, што паміж паганскімі і біблейска-хрысціянскімі па паходжанні нячысцікамі назіраюцца істотныя якасныя адрозненні. Тым не менш, мы будзем разглядаць іх на фармальна-класіфікацыйным узроўні сукупна — так, як яны існавалі ў канкрэтнай рэчаіснасці. Зыходзячы з такога інтэграцыйнага падыходу, беларускіх нячысцікаў можна класіфікаваць згодна з іерархіяй і месцам знаходжання. Згодна з першым перадусім вылучаюцца вышэйшы нячысцік (нячысцікі), нячысцікі лідэры на сваіх лакальных тэрыторыях (дамавік, лясун, вадзянік), а таксама ніжэйшы клас нячысцікаў. Але аналіз іерархічнай структуры магчымы толькі адносна біблейска-хрысціянскіх персанажаў — Сатаны і чарцей. Бо ў паганскай дэманалогіі падобны падзел мае толькі фармальны, а не сутнасны характар. Згодна з тэрытарыяльным прынцыпам, нячысцікі (гэта тычыцца ў асноўным нячысцікаў паганскага паходжання) падзяляюцца на нячысцікаў культурнай, прыроднай і міфалагічнай прастораў, а таксама нячысцікаў-паўсюднікаў. Асобна выдзяляецца чорт — нячысцік-паўсюднік, як істота, што не мае тэрытарыяльнай лакалізацыі і падпарадкоўваецца толькі вышэйшаму нячысціку. Вышэйшы ў іерархіі нячысцік называўся Люцыпар, Сатон, Анцыпар, Д'ябал. Увогуле, казаць імя нячысціка, а таксама слова чорт, лічылася забабонным, бо гэта адразу выклікала ўвагу цёмных сілаў. Імя ў міфалогіі мае магічнае значэнне і атаясамліваецца непасрэдна з названай істотай. Таму, напрыклад, і немаўлятка ніколі не называлі па імені, а казалі: лялька. Генезіс вышэйшага нячысціка добра вядомы: за спробу братання ці бунта супраць Бога ён быў (разам са сваімі паплечнікамі) скінуты на зямлю. І нячысцікі засталіся там, куды пападалі — хто бліжэй да чалавечага жытла, той набыў больш чалавечых рысаў і зрабіўся чалавекападобнікам, хто далей — той займеў больш “прыродныя”, тэрыяморфныя рысы. Як можна меркаваць па беларускім матэрыяле, вышэйшы нячысцік меў дзве асноўныя іпастасі. Найбольш часта ўзгадваецца той нячысцік, што сядзіць у пекле (гары на канцы свету), прыкаваны там дванацаццю ланцугамі. Паступова ён абрывае іх адзін за адным, аднак, перад Вялікоднем, яны ўзнаўляюцца і ўсё пачынаецца спачатку. Тым не менш, нячысцік, а клічуць яго часцей за ўсё Люцыпар, знаходзіцца ў курсе ўсіх спраў, што робяцца на зямлі адпаведна з яго воляй і загадам. Характэрна, што раней, ён, як і Бог у беларускай традыцыі, вольна хадзіў па свеце. Аблічча Люцыпара царскітэрыяморфнае: гэта “сатанінскі гігант” з жалезнай каронай, прыбітай да галавы цвікамі, з жалезным трызубцам ці віламі ў руцэ. Пры выдыху з яго выбухаюць вогненныя сполахі, што губяць усё навокал. Як можна меркаваць, асноўная функцыя Люцыпара — кіраванне і “тэхнічная” распрацоўка подлых спраў на зямлі. Наступная, блізкая да папярэдняй, версія галоўнага нячысціка (старшага Чорта) — звязаная з яго перабываннем на дне недаступнай дрыгвы, адкуль ён кіруе чарцямі: выпрацоўвае планы, рассылае сваіх падначаленых па ўсёй зямлі, выслухоўвае справаздачы і карае вінаватых. Гэта больш актыўны, дзейны вобраз вышэйшага нячысціка, які ў большай ступені набліжаецца да біблейскага Сатаны. Хаця і ў гэтым выпадку звяртае ўвагу, што вышэйшы нячысцік у беларускай традыцыі выразна лакалізаваны. У абмежаванні функцыянальнай дзейнасці галоўнага нячысціка загадамі і кіраўніцтвам (замест уласнага актыўнага дзеяння), праяўляецца мясцовая, паганская інтэрпрэтацыя біблейска-хрысціянскай дэманалогіі. Політэістычны плюралізм знайшоў сваю праяву і ў беларускай інтэрпрэтацыі своеасаблівай вышэйшай трыяды: Сатана і Д'ябал узгадваюцца як старшыя нячысцікі, а самым галоўным называецца “дзядуля Люцыпар”, які і развёў чарцей. Такім чынам, нават чорт у беларускай традыцыі разглядаецца паганска-патранімічна — не як ад пачатку свету створаная істота, а як па-чалавечы народжаная. Калі меркаваць па фрагментарных дадзеных, дык менавіта Чорт і Д'ябал актыўна дзейнічаюць на зямлі, а за Люцыпарам застаецца роля прарадзіцеля нячысцікаў. Акрамя трох вышэйшых нячысцікаў, ёсць яшчэ цэлы дэманічны пантэон другога плану, куды ўваходзяць Чорт, Бес, Нячысты дух, Анціпка Бяспяты, Кадук, Паралюш... Чорт як від разбіваецца на чарцей, чартовак (чарціх — жонак чарцей) і чарцянят. Яшчэ адна класіфікацыя функцыянальная і звязаная са знешнім абліччам нячысціка — чорт з балота, лесавы, смаляны, кашлаты, кульгавы, з лапамі. Хрысціянска-паганскі сінкрэтызм назіраецца ва ўключэнні ў лік чарцей язычніцкіх персанажаў: дамавіка, кадука, хлеўніка. — але гэтая з'ява не мае сістэматычнага характару і выяўляецца хутчэй адно на ўзроўні згадак імёнаў. Знешняе аблічча чорта дастаткова традыцыйнае — гэта казлападобная істота з рожкамі, капытамі, хвастом, ад якіх ён не можа пазбавіцца нават пад час пераўвасаблення. Яго магчымасці досыць шырокія: ён можа пераўтварыцца ў любы прадмет, любую істоту, у тым ліку і чалавека (на Беларусі чорт у чалавечым абліччы меў нямецкую вопратку). Асноўныя жывёльныя метамарфозы чорта на Беларусі — чорны казёл, баран, кот, певень, сава, няясыць. Мог чорт абярнуцца капой сена, вязкаю гарошын і нават сомам ці нейкім карлікам на дручку. Звычайнае яго месца — з левага боку чалавека. Хаця чалавечае аблічча ён набывае досыць рэдка. Магчымасці чорта вялікія, але яны абмежаваныя. Чорт можа падслухоўваць думкі чалавека ды і ўвогуле добра ведае чалавечаю псіхалогію. Ён не шкадуе грошай, але ў руках таго, хто імі спакусіцца, яны пераўтвараюцца ў чарапкі. У пэўнай ступені чорт валодае веданнем будучыні, але, як і вышэйшы нячысцік, ён не здольны на абсалютнае прадбачанне. Разам з тым, чорт мае шмат слабіны. Нават просты чалавек, які мае досціп, можа яго падмануць і атрымаць тое, што пажадае. Калі чалавек упарта трымаецца дабра, дык нават вышэйшыя нячысцікі нічога не могуць з ім зрабіць. Досыць часта сустракаюцца чэрці-недалэнгі, якіх за непрыдатнасць да справы накіроўваюць працаваць у пекла, адкуль досыць цяжка вырвацца — таму яны там такія злыя. Фармальна чорт бессмяротны. Праўда, раз у колькі гадоў ён перажывае змену скуры (нешта накшталт лінькі), што бывае досыць балюча. Разам з тым, здараецца, што чэрці гінуць — перш-наперш ад стрэл Пяруна (прарока Іллі). Да таго ж яны вельмі пакутуюць ад сакральнага начыння — дыму ладану, крыжа, вельмі баяцца свянцонай вярбы, хроснага знамення. Чорту нельга бываць там, дзе расце лён, каноплі, пшаніца, з якіх робяць алей і прасфоры для царквы. Досыць многа гіне толькі што народжаных чарцянят — часта ад паўдзённага ці паўночнага крыку пеўня: ён рассякае іх папалам. Чорта можна і параніць, калі кінуць нож у віхор пылу. Чэрці вядуць падобны да чалавечага сямейны лад жыцця. У іх ёсць чартоўкі, якія амаль не ўдзельнічаюць у звычайным жыцці нячысцікаў. Іх асноўнае прызначэнне — нараджаць дзяцей. Але чэрці сыходзяцца з імі толькі дзеля працягу роду, што яны робяць найбольш актыўна восенню. У беларускай традыцыі дзецьмі чарцей могуць лічыцца лесавікі, дамавікі, вадзянікі, русалкі. Улюблёныя каханкі чарцей — вядзьмаркі. Ад гэткай лучвы нараджаюцца пачвары. Чэрці — істоты камунікабельныя, яны вельмі любяць збірацца разам і весці бяседы — перадусім хвастацца сваімі перамогамі над чалавекам. Звычайныя месца збору нячысцікаў — каля вады, на ростанях (апоўдні і апоўначы), у закінутых дамах, пустках, месцах самагубства. Адметныя сходы адбываюцца на Лысай гары — асабліва напярэдадні купалля. Апошняе нават мае свой адмысловы міф — “Лысая гара”. Яго асноўныя дзеючыя асобы — каваль-асілак Янка і дзяўчына Марыйка, якія выходзяць пераможцамі ў бойцы з нечысцю (шчаслівы сыход бывае досыць рэдкім для тых, хто патрапляе ў хаўрус нечысці). Характар чорта досыць складаны і не вымяраецца выключна паняццем абсалютнага зла і нянавісці да чалавека. Канешне, прырода, а таксама жорсткая канкурэнцыя паплечнікаў змушае нячысціка заўсёды мець на ўвазе канцовую мэту — авалоданне душой чалавека праз заключэнне з ім хаўрусу. Разам з тым, у натуры чорта прысутнічаюць артыстычныя рысы — нездарма ў балцкай, славянскай, іншых культурах ён — узорны трыкстэр. Проста напаскудзіць чалавеку ці забіць яго чорту нецікава. Ён шукае больш вытанчанай асалоды, чым асалода нянавісцю. У беларускай міфалогіі існуе нават чорт-жартаўнік. Таму нячысцік вельмі любіць гаворкі з людзьмі, падманы, здзекі з сквапнасці і глупства чалавека. Асобны аб'ект жартаў чарцей — п'яныя людзі і прадметы распусты — гарэлка, келішкі, тытунь. Сярод адмысловых інтэрпрэтацый чарцей у беларускай міфалогіі можна адзначыць палескага чорта — смалянога, які нават не зусім чорт, а наглядчык смалярні. Такім чынам, вышэйшы нячысцік і чорт, запазычаныя з біблейска-хрысціянскай традыцыі, атрымалі на Беларусі адметныя інтэрпрэтацыі, галоўная сутнасць якіх — політэістычнасць, лакальная прыстасаванасць, спроба сінтэзу з мясцовымі вобразамі нячысцікаў. 2. Нячысцікі культурнай і прыроднай прасторы Міфалагічная прастора, як ужо адзначалася, падзяляецца па прынцыпе далёка/блізка, высока/нізка на культурную, прыродную і міфалагічную. Асноўная частка нячысцікаў беларускага космасу знаходзіцца ў культурнай і прыроднай прасторах — г.зн. там, дзе адбываюцца непасрэдныя кантакты з людзьмі. Што да міфалагічнай прасторы, дык яна прадстаўленая пеклам з Люцыпарам, чарцямі-пякельнікамі і грэшнымі душамі, раем-выраем з анёламі, праведнікамі і птушкамі, шасцю стосамі неба, дзе жыве Бог і краінай нябожчыкаў, адкуль да нас прыходзяць дзяды. Як бачым, міфалагічная прастора, дзе жывуць нячысцікі — гэта мадыфікаванае хрысціянскае пекла на краю зямлі ці пад зямлёй. Яшчэ адна магчымая міфалагічная прастора — месца прысутнасці Чарнабога, але аб ім нічога дакладна невядома. Адсюль вынікае, што дэманічныя істоты на Беларусі перадусім адрозніваюцца набліжанасцю да зямлі і чалавека. Дынаміка змянення прасторавых характарыстык нячысцікаў мае традыцыйны характар: чым далей ад культурнай прасторы, тым меней антрапаморфнымі і болей непрыязнымі да чалавека робяцца нячысцікі. У гэтым сэнсе нячысцікі сядзібы бадай самыя лагодныя да людзей. Да таго ж яны ахоўваюць чалавека ад хаатычнага натоўпу беспрытульнай нечысці, — таму страта “свайго” нячысціка нясе пагрозу нашэсця бадзяжнай нечысці. Сярод нячысцікаў хаты галоўнае месца займае дамавік (хатнік, гаспадар, падпечнік). Гэта міфалагічная істота ёсць своеасаблівым alter ego гаспадара, сярод іншага — і па знешнім абліччы. А яшчэ дамавік з'яўляецца абярэгам агменю — калі гаспадары пераязджаюць на новае месца, каб перавезці з сабой дамавіка, трэба захапіць вуголля з печкі. Можна меркаваць, што дамавік сімвалічна ўвасабляе хатні агонь, як Жыжаль — падземны, а Пярун — нябесны. Лучыцца дамавік і з светам нябожчыкаў — ёсць сведчанне, што ў дамавіка пераўтвараецца адзін з памерлых сямейнікаў. Знешні выгляд дамавіка, згодна крыніцам, досыць разнастайны: змяя; чалавекападобная істота, пакрытая валасамі; старэнькі дзядок; тлусты, сярэдняга росту чалавек, падобны да гаспадара. Можа жыць на печцы, у запечным куце, пад печкай, у каморы, клеці. Асноўная функцыя дамавіка — дагляд за парадкам у хаце і ў гаспадарцы наогул, актыўны ўдзел у сямейным жыцці. Ён спрыяе, дапамагае добрым гаспадарам і вельмі не любіць сварак, п'янства, гучнай гаманы, люстэркаў, масак. Гэтыя схільнасці сведчаць аб яго станоўча-сакральнай прыродзе. Разам з тым, незадаволены дамавік можа помсціць — сысці з хаты, пашкодзіць ў гаспадарцы (асабліва жывёле), давесці каго з сямейнікаў да смерці. Яго прырода нячысціка праяўляецца ў капрызным, непрадказальным нораве, ахвоце да здзекаў з гаспадароў. У дамавіка ёсць жонка — дамавіха, якая, аднак, цьмяна прадстаўлена ў беларускай міфалогіі. Яны маюць дзяцей, якіх аддаюць у шлюб у іншыя хаты. Увогуле за вобразам дамавіка з яго сувяззю з асноўнымі сакральна-магічнымі аб'ектамі хаты і сям'і хаваецца, хутчэй за ўсё, старадаўні двайнік гаспадара, апякун хаты, якому, уплыў хрысціянства надаў рысы нячысціка. Акрамя дамавіка з сямействам, у хаце можа жыць Кікімара — бяскрыўдная юная дзяўчына: дзіцё, загубленае да хрышчэння ці праклятае ў чэраве маткай. Часцей за ўсё Кікімары месцяцца там, дзе адбылася забойства ці праклён дзіцяці. Уначы з-пад печкі могуць вылезці малыя, скурчаныя, у вялізных ботах злыдні і нарабіць сапраўдны вэрхал. Пад страхой можа жыць Хут — той, хто носіць гаспадару золата і любіць яечню. Не будзем забывацца, што уся гэта міфалагічная супольнасць жыве на плошчы крыху болей за 20м2, побач з сям'ёй з 5—6 чалавек. Кожны будынак сядзібнага комплексу мае свайго нячысціка, які функцыянальна звязаны з ім. У хляве знаходзіцца хлеўнік, якога іншым разам лічаць дамавіком, што жыве ў хляве — ці прыблудным дамавіком. Як і ўсялякі нячысцік, хлеўнік — гаспадар сваёй тэрыторыі, куды не пускае нікога, але і сам не выходзіць за яе межы. Яго ўвага, перадусім, звернутая на коней (іншым разам ён завецца Коннік), буйную рагатую скаціну і авечак. Калі жывёла, у першаю чаргу коні, прыйшлася хлеўніку даспадобы, ён песціць яе, калі не — ганяе ўначы да поту і страты сіл. Хлеўнік не трывае бруднага хляву, дзе ён можа нават загінуць. Каб пазбавіцца ад злога хлеўніка, над дзвярыма вешаюць забітую сароку. Калі ў сядзібе ёсць лазня, дык там селіцца лазнік — адзін з непажаданых, па ўяўленням сялян, нячысцікаў. Ён жыве пад палком, любіць мыцца, для чаго яму трэба пакідаць ваду і венік. Дзейнасць лазніка — цалкам дэструкцыйная. Ён пужае тых, хто мыецца, а ў тых, хто застаўся апасля палуначы, можа кідаць каменні, нават забіць. Апошняя здрада лазніка гаспадарам — спальванне лазні. А яшчэ лазнік можа, па недаглядзе бацькоў, выкрадаць малых дзяцей. На гумне жыве гуменнік — дзядок малога росту, які дапамагае сушыць і малаціць збожжа. Адзіны забабон — з ім нельга размаўляць. Калі ў гумне ёсць ёўня, там паселіцца ёўнік — самы брудны нячысцік культурнай прасторы, які, пры добрых адносінах з гаспадаром, будзе дапамагаць яму пры сушцы снапоў. Цікава, што ёўнік не баіцца агню, ад якога часта згарала ёўня. На пуні жыве пуннік, які не выносіць вільгаці. Акрамя названых чалавекападобных нячысцікаў, у сядзібных забудовах жывуць паўночнікі — нячысцікі невядомага аблічча, прыблуднікі, якія варагуюць з мясцовымі нячысцікамі. Асноўны іх занятак — уначы палохаць людзей. Паміж культурнай і прыроднай прасторай маецца памяжоўе, пэўная пераходная паласа, якая функцыянальна належыць культурнай прасторы, але дзе чалавека ўжо чакае небяспека. У нашым выпадку — гэта палі і лугі. Тут жыве палевік, які ўжо больш варожа настроены да чалавека. І хаця ён турбуецца за ўраджай, але можа забіць чалавека сонцапёкам. Там жа ходзіць страшэнная Жалезная Баба, якая хапае дзяцей, што ўцяклі з хаты. Край поля — гэта канец уласна культурнай прасторы, месца заломаў, адкуль зусім недалёка да ўскрайку лесу, куды можа выйсці лясун. Лясун (лесавік, лешы) — “лясны цар”, валадар усёй лясной жывёлы. Росту ён звычайна як тыя дрэвы, побач з якімі знаходзіцца (таму лічыцца пярэваратнем), насамрэч жа ён — кульгавы, лысы, з зялёнымі валасамі; па іншай версіі — стары з белым тварам і велізарнымі вачыма, што ніколі не закрываюцца. Гэта надзвычай варожа настроеная супраць чалавека істота. Яго галоўная мэта — спужаць, заблукаць чалавека ў лесе і, згуртаваўшыся з вадзянікам ды балотнікам (хаця яны варагуюць паміж сабой) звесці чалавека ў багну ці вір. Забабоны ад лесуна — пры ўваходзе ў лес назваць аблудны накірунак шляху ці надзець вопратку навыварат. Лешы мае Ляшуху, але іх дзіця жыве самастойна, а самі яны выхоўваюць скрадзенага нехрышчонага немаўлятку. Як і ўсе нячысцікі, лясун мае сваю тэрыторыю, якую пільна ахоўвае ад іншых лесуноў. У самых глухіх гушчарах жыве пушчавік, — бязлітасны, схільны да забойства чалавека нячысцік; адзінае, што можа выратаваць падарожніка — падслепаватасць пачвары. У нетрах лесу, дзе выпальвалі вугаль, маладым і дужым мужчынам магла сустрэцца лойма — надзвычай прыгожая дзева, якая спакушала іх, а потым знікала ў гушчары. Самастойна, незалежна ад лесуна, існавалі валадары вадаёмаў — вадзянікі, балотнікі. Кожны вадзянік імкнуўся мець уласны вадаём, але каб толькі з праточнай, “жывой вадой”, што цячэ з-пад зямлі. Гэта даволі брыдкая істота з азызлым жыватом, тонкімі нагамі і перапончатымі пальцамі. Вадзянік панаваў над усім вадаёмам, у тым ліку і над русалкамі, якія вымушаны былі быць яго наложніцамі. Па сваіх уладаннях ён раз'яжджаў вярхом на соме. Як і іншыя нячысцікі прыроднай прасторы, ён быў досыць варожы да людзей. Яго асноўныя заняткі — перакульванне лодак, блытанне рыбацкіх сетак, тапленне людзей (асабліва жанчын, калі ў вадаёме няма русалак). Вадзянік любіць млыны, дзе часта бавіцца. Таму млынары прыносілі яму ў ахвяру жывую курыцу, а ў старажытнасці — нават жывое дзіця-сірату. У адрозненні ад нячысцікаў-чалавекападобнікаў, аб якіх ішла гаворка вышэй, і якія гінулі ад удару маланкі, смерць вадзяніка магла наступіць толькі пасля высыхання вадаёма. Тады вадзянік ператвараўся ў камяк ілу. А вось таму, хто падбіраў гэты камяк і кідаў ў ваду, вадзянік адплочваў удзячнасцю. У балотах жывуць балотнікі, багнікі, аржанікі, назвы якіх звязаныя з відам балота. Гэта найбольш пачварныя са знешняга выгляду і адасобленыя ад усяго свету істоты. Паміж сабой яны яднаюцца толькі падчас пераследу ахвяры, якую заманьваюць да сябе імітацыяй гукаў і агеньчыкаў. Рэкі і азёры — месца русалак, якімі робяцца тапельніцы, дзеці, што памерлі да хрышчэння, а таксама загубленыя бацькамі ў вадзе. Спецыфіка беларускіх русалак — у адсутнасці хваста: гэта голыя, прывабныя дзяўчыны з даўгімі валасамі зялёнага, чорнага, русага колеру, халоднымі і нерухомымі вачамі. Актыўнае жыццё русалак пачынаецца пасля русальнага тыдня (восьмага пасля Вялікадня), калі яны выходзяць на бераг. Іх асноўны занятак — да смерці казытаць ахвяру, каб потым зацягнуць яе да сябе ў вадаём і зрабіць мужам адной з іх. Пазбавіцца ад русалкі можна толькі ўкалоўшы яе іголкай. Як можна меркаваць па этнаграфічных запісах, русалкі на Беларусі жылі не толькі ў вадаёмах: былі і лясныя русалкі, якія любілі гойсаць на галінках, а таксама русалкі, што жылі на палях у жыце. У паданнях згадваюцца выпадкі, калі русалка год (да русальнага тыдня) жыла ў гаспадара ў хаце, дапамагала па гаспадарцы, рыхтавала ежу, а сама харчавалася яе парай. Былі і брудныя, старыя русалкі — яны жылі на балотах. А яшчэ ў беларусаў згадваюцца “русалкі” мужчынскага полу. Каля вадаёма можна было сустрэць і расамаху — голую жанчыну з распушчанымі валасамі і дзіцём на руках. Гэта — бясшкодны нячысцік: жанчына, якая забіла сваё дзіцё, а сама ўтапілася. У гарах жывуць падначаленыя Пяруну гарцукі, што спараджаюць разбуральныя вятры і буры. Можна сказаць, што гэтыя “чорныя духі” маюць аддаленыя паралелі з гномамі. У беларускай міфалогіі існуе шэраг нячысцікаў, што з'яўляюцца ў культурнай прасторы час ад часу. Сярод іх вылучаюцца мара (душыць чалавека ў сне, можа мяняць знешнасць пад таго чалавека, якога жадае забіць), марэна (хутчэй толькі сімвал смерці), паляндра. Побач з імі стаіць кадук — страшэнная пачвара, якая глытае людзей калі яе паклічуць тры разы на дзень. Магчыма, покліч да кадука схапіць ворага замяніўся пазнейшым часам на зварот да чорта. Далей па ступені пагрозы ідуць антрапаморфныя жаночыя вобразы хваробаў: трасца, халера, чума. Сярод нячысцікаў вылучаецца спецыфічная група нячысцікаў-паўсюднікаў, што не маюць сталай лакалізацыі і дзейнічаюць паўсюль. Самага адметнага з іх — чорта — мы ўжо разглядалі. Акрамя яго існуе даволі паганскіх па паходжанні паўсюднікаў, але паведамленні аб іх досыць фрагментарныя. Гэта шатаны, начніцы, ератнікі, паветрыкі, прахі, паралікі, груганы, хохлікі, страхі, кажаны, інш. Характар іх дзейнасці абумоўлены ўзростам, сацыяльным статутам чалавека, часам, функцыянальнай спецыялізацыяй нячысціка. Апошняя група, што злучае культурную і прыродную прастору — пярэваратні: ваўкалакі і вупары. Ваўкалакі (чалавекі-ваўкі) бываюць двух тыпаў: тыя, што зрабіліся ваўкалакамі свядома (калдуны) і пад прымусам. Калдун ператвараецца ў ваўка перакульваннем праз нажы ці асінавы пень дзеля помсты, прычынення шкоды. Ператвораны чалавек — ахвяра помсты калдуна; досыць папулярны на Беларусі сюжэт пра ператвораны ў ваўкоў вясельны поезд. Прымусова зроблены ваўком чалавек можа зноў набыць страчанае аблічча з дапамогай блізкага чалавека ці калі скончыцца наканаваны тэрмін. Такі ваўкалак адрозніваецца ад звычайнага ваўка: ён мае вялікаю галаву, харчуецца рэшткамі чалавечай вегетарыянскай ежы, імітуе чалавечыя звычкі, цягнецца да чалавечага жылля, жыве адзін, без статка. Вупыр — нябожчык калдун ці чалавек, што меў сувязь з нячысцікамі — высмоктвае з сэрца чалавека кроў. Вупыр не заўсёды крыважэрны — ён можа прыходзіць уначы да сваёй былой жонкі і жыць з ёй. Асноўны сродак супраць вупыра — асінавае палена, якім яго можна, падкаравуліўшы, забіць, ці асінавы кол, які заганяюць яму ў грудзі, выкапаўшы труп і адсекшы галаву. Забіць вупыра можна і срэбнай куляй. Да дэманалогіі можна аднесці вядзьмарак і ведзьмакоў — прадстаўнікоў нечысці, што жывуць у самым сэрцы культурнай прасторы. Аднак гэта заўсёды рэальныя людзі, што маюць чарадзейныя здольнасці — пераўтварацца ў іншых істот (вядзьмаркі — у сароку, жабу), кіраваць надвор'ем, насылаць хваробы, лётаць на сходы нячысцікаў, сыходзіцца з імі як палюбоўніцы. Падсумуем: беларуская дэманалогія складаецца з язычніцкага і біблейска- хрысціянскага пластоў, якія ў пэўнай ступені сепаруюцца. Для асноўных дзеючых асобаў аўтэнтычнага дэманалагічнага космасу ўласцівая дакладная тэрытарыяльная лакалізацыя. Літаратура 1. Никифоровский Н.Я. Нечистики. Вильна, 1907. 2. Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып.8. Быт белоруса. Вильна, 1912. 3. Сержпутоўскі А. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн, 1930.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||