|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ
Ігар ВУГЛІК. |
МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ Лекцыя 3 ТОПАСЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ [ЭПОХА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ] |
План: 1. Беларускія багі ў тэалагічным кантэксце 2. Багі і сакральныя істоты
1. Беларускія багі ў тэалагічным кантэксце Як ужо адзначалася, багі беларусаў маюць шматвымерны генезіс і з гэтага — разнастайныя характарыстыкі. Разам з тым, хай сабе з цяжкасцямі, у пантэоне нашых багоў можна вылучыць пэўныя інтэгруючыя рысы. Сярод іх — функцыянальная заземленасць сакральных суб'ектаў. У паганскіх, а таксама біблейных версіях міфаў мы ўвесь час сустракаемся з прысутнасцю бостваў сярод людзей. “Бог сам хадзіў па зямлі да навучаў іх (людзей), як жыць на свеце, як працаваць да даставаць кусок хлеба”. З іншага боку, паганскія багі таксама функцыянальна праяўляюцца менавіта ў зямным існаванні. Хаця месца сталай лакалізацыі багоў па большай частцы невядома. Галоўны монатэістычны Бог жыве недзе на сёмым небе; на небе лакалізуюцца Пярун (прарок Ілля), Бялун месціцца ў хатцы калі дарогі, Дабрахочы — у лесе, астатнія ўвогуле не маюць сталага месца, а час ад часу з'яўляюцца то на зямлі, то на небе ў залежнасці ад абрадавай ці магічнай патрэбы. Яшчэ адна характэрная рыса беларускіх сакральных персанажаў — антрапамарфізм, што набліжае іх да самай антрапаморфнай міфалогіі — грэчаскай. Монатэістычны бог падкрэслена антрапаморфны — ён выступае ў якасці старога, які ходзіць па зямлі. Выгляд старога маюць таксама Бялун і Зюзя. Юнацкая постаць адрознівае Ярылу. Ляля, Цёця, Талака ўвасобленыя ў жаночых вобразах. Яшчэ адна характэрная рыса беларускіх багоў, што адзначалася вышэй — іх функцыянальная арыентацыя на плоднасць (і, адпаведна, слабая праява мілітарызму). Тут вылучаюцца хіба што Пярун, які вынішчае нячысцікаў, да злы і ваяўнічы Чарнабог. У адным з міфаў ваяўнічасць праяўляе і Зюзя, які перашкаджае Грамаўніцы нарадзіць Дажджбога, але агрэсіўнасць — характэрная рыса бостваў, звязаных з зімой. Па функцыянальным, экзістэнцыйным характары багі беларусаў пераважна актыўныя, схільныя да кантакту, тэістычныя. У пэўнай ступені, выкарыстоўваючы экзістэнцыялісцкую тэрміналогію, іх можна назваць цёплымі. Уважліва сочыць за ўчынкамі людзей Бялун, каб узнагародзіць самых дастойных. Лясное боства Дабрахочы апякае пачцівых і карае непрыстойных. Жыцень пільна назірае за тым, як прыбранае поле, дае прыбытак руплівым і карае лайдакоў. Зюзя папярэджвае людзей аб прыходзе моцных маразоў. Біблейска-хрысціянскі Бог, а таксама Хрыстос ды святыя, апосталы ходзяць па вёсачках і хатах ды размаўляюць з народам. Радавое боства Чур дзейна абараняе ад разнастайных бед. Разам з тым, іх дзейная актыўнасць мае рысы паганскага дэтэрмінізму: багі выступаюць ахоўнікамі станоўчых маральных якасцяў і не схільныя да кампрамісаў — яны жорстка падзяляюць людзей на добрых і злых. Дух хрысціянства з яго міласэрнасцю да грэшнікаў далёкі гэтаму паганскаму пантэону. Апошняе звязана толькі з постаццю монатэістычнага Бога. “Калі шчыра прасіць Бога, то ён заўжды дасць тое, што яго просяць”, “Бог з пугаю не стаіць, кожны як захоча, мажэ жыць”. Разам з тым, мы сустракаем і іншыя характарыстыкі монатэістычнага Бога: “Бог справядлівы, але вельмі сярдзіты”, “За ліхое дзела Бог не даруе калі не на гэтым свеце, то на том”. Можна меркаваць, што тут мы маем справу са своеасаблівай барацьбой, пошукамі сінтэзу паганскай і хрысціянска-біблейскай маральнай парадыгмы, складаным працэсам па выпрацоўцы свайго ўласнага ўяўлення аб крыніцы боскага стаўлення да людзей. З пункту гледжання класіфікацыі беларуская міфалогія можа быць названая міфалагічнай, у адрозненні ад міфалогіі дагматычнай — дзе галоўнае месца належыць тэалогіі. Беларускую тэалогію мы ведаем, пачынаючы толькі з 19 ст., — як рымейк біблейнай тэалогіі. Адсутнасць тэалогіі ёсць спецыфічная асаблівасць міфалогіі ўсходняй Еўропы. Магчыма, паганская тэалагічная сістэма існавала, але наяўныя крыніц не дазваляюць казаць пра гэта напэўна. Тым не менш, характэрная для беларускай міфалогіі жорсткая апазіцыя дабра і зла, аб якой ішла гаворка вышэй — сведчыць, што такое было цалкам магчымым. Беларуская міфалогія выразна належыць да ліку этычных, г.зн. такіх, дзе на першае месца ставіцца маральныя эпісталагемы вырашэння міфалагічных сітуацый. Прынцып добры/дрэнны дамінуе ў беларускай міфалагічнай этыцы. Гэта міфалогія агульнай маралі, заснаванай на традыцыйнай этыцы, дзе галоўнае — аксіялагема працавітасці і чалавечай шчырасці. Падобны канцэпт стаіць досыць далёка ад хрысціянкай асксіялогіі з яе адмоўным стаўленнем да ўсяго матэрыяльна-фізічнага, калі абраныя Богам не жнуць і не сеюць, але жывуць, як птушкі нябесныя. З пункту гледжання экстатычнасці, мы можам казаць аб медыятыўным характары беларускіх міфалогіі, дзе прысутнічаюць як экстатычныя міфалагемы — купальскія, ярыльскія, калядныя, так і досыць пасіўныя. У гэтым сэнсе можна казаць, што беларуская традыцыйная міфалогія (і рэлігія) ў асноўным адпавядае ўраўнаважанай поліэтнічнай паганскай сістэме быцця, дзе перыяды стрыманасці (пасты) змяняюцца псіхатэрапеўтычнымі па-сутнасці і карнавальнымі па характару (у сэнсе перш-наперш нонканфармісцкіх паводзінаў) святамі. Для беларускіх багоў, як і для міфалогіі ўвогуле, дамінантным з'яўляецца пазітыўнае стаўленне да свету. У нашым міфакосмасе адсутнічае апалогія летуценнасці зямнога, калі яно атаясамліваецца з матэрыяльным брудам, псаваннем кармы, як мы гэта бачым у індуізме, будызме, джайнізме, іншых усходніх рэлігіях і міфалагічных сістэмах. Адсутнічае ў беларускай традыцыі і апалогія абыякавасці да смерці, якую мы сустракаем у ваяўнічым старажытнагерманскім (скандынаўскім і нямецкім) эпасе, дзе сродак дасягнення Вальгалы — смерць на полі бою. Асноўным негатыўным фактарам, які робіць гэты свет непрывабным для беларуса — з'яўляецца наяўнасць нячысцікаў. “Усё было б добра, калі б не было чарцей да шатана, каторы заўжды працівіцца Богу да робіць усялякае ліха. Ён пад'юджвае людзей на ліха, а Бог злуе на людзей”, — так тлумачыць генезіс зла ў гэтым свеце беларуская традыцыя. “Часам ліхое і Бога перамагае, але гэта толькі на час, дзеля таго, каб потым паказаць, што мацней Бога няма нікога”, — тут мы бачым дыялектычны погляд на свет і месца ў ім Бога, рацыянальна цвярозы, дзе няма апалогіі вітальнага аптымізму, але таксама няма і адмаўлення гэтага свету. Рэальнасць выступае як арэна супрацьборства добрага і злога, калі асноўная інтэнцыя існавання — змаганне за дабро супраць зла. Між іншым, у адрозненні ад рэлігій, звязаных з паняццем кармы, дзе суадносіны добрага і злога вызначаюцца ўчынкамі чалавека, зло, паводле беларускай традыцыі, зададзена ў гэтым свеце ад яго пачатку — калі ўзніклі нячысцікі, што адпавядае біблейскай і зараастрыйскай міфілагемам. Яшчэ адна небяспека гэтага свету — смерць — мае ў беларусаў выразна адмоўны характар і прадстаўлена падкрэслена жахлівымі персанажамі — марай, халерай, паляндрай, трасцай смяротнай, чумой і г.д. Разам з тым, смерць мае аптымістычную супрацьвагу ў канцэпцыі краіны нябожчыкаў, куды сыходзяць усе без выключэння і адкуль нябожчыкі сістэматычна вяртаюцца да людзей у выглядзе дзядоў. Сам прыход смерці мае ў беларускай традыцыі містычны, таямнічы характар. Каб людзі, ведаючы час сваёй смерці не разбэшчваліся, Бог зрабіў так, што чалавек не ведае, калі памрэ (“Чаму мы не ведаем, калі памрэм”). Такім чынам, характэрныя рысы багоў і сакральных істот, што вызначаюць, па сутнасці, адметнасць беларускай міфалогіі, а, калі браць шырэй, то і тэалогіі, адрозніваюцца палімарфізмам, сінкрэтычным спалучэннем розных па паходжанні субстрактаў. Для гэтай сістэмы ўласцівы антрапамарфічны палітэізм пры бінарнай этыцы (жорсткі падзел на дабро і зло). Беларускіх багоў і тэалогію адрозніваюць тэізм, гарманічны сінтэз экстатычнага і статычнага, пазітыўнае стаўленне да свету. 2. Багі і сакральныя істоты Тая міфалагічная сістэма, што зафіксаваная ў этнаграфічных матэрыялах 19 — пачатку 20 стст., складалася з якасна розных кампанентаў політэістычнага і монатэістычнага характару. Таму багоў можна класіфікаваць як па іх паходжанні, так і па функцыях. За аснову мы возьмем генетычна-функцыянальны падыход і выдзелім у беларускай міфалогіі індаеўрапейскі, старажытнаславянскі і балцкі пласты, а таксама біблейска-хрысціянскую плыню. Перш-наперш звернем увагу на багоў індаеўрапейскага паходжання, што маюць відавочныя аналагі ў найбольш старажытным індаеўрапейскім пантэоне. Перадусім гэта Пярун — мадыфікацыя старажытнаіндыйскага Індры (а калі браць яшчэ глыбей — яго папярэдніка Рудры). Пярун — традыцыйна ваяўнічы бог грому і маланкі, які жыве на небе і сваімі стрэламі вынішчае нячысцікаў. На Беларусі ён таксама бог нябеснага агню, які пасылае на зямлю каменныя стрэлы і вынішчальны агонь. Гэтыя эманацыі ён атрымлівае ад двух велізарных жорнаў, якія трэ і стукае адзін аб адзін. Сувязь Пяруна з каменнымі сякерамі і нажамі мае рацыянальныя вытокі: падобныя археалагічныя знаходкі — перш-наперш шліхтаваныя каменныя сякеры — з'яўляюцца адметнай рысай культуры індаеўрапейскіх плямёнаў бронзавага веку, што прыйшлі на Беларусь і, верагодна, прынеслі з сабой у сваім пантэоне бога Пяруна. Па адным з міфаў Пярун ездзіць па небу ў вогненнай калясніцы, яго атрыбуты — лук і стрэлы. Лук можа быць заменены каменным молатам, часам — вясёлкай. Пярун — адзіны з бостваў беларусаў, што сістэматычна вынішчае нячысцікаў і ўвогуле здольны гэта рабіць. Часам, калі нячысцік схаваецца ў хату ці чалавека, Пярун патрапляе ў іх сваімі стрэламі, хаця ў чалавека ён можа патрапіць з уласнай волі — тады душа забітага ідзе прама на неба. Беларусы не адважваліся нават ратаваць такога чалавека. Перад навальніцай шчыльна зачыняліся хаты, каб не ўпусціць туды нячысціка ў абліччы сабакі, ката, іншай жывёлы. Запаленую Пяруном хату, па адной з прыкмет, нельга было тушыць вадой — толькі малаком. Пярун мог запаліць хату выпадкова — тады ён шчодра ўзнагароджваў чалавека. Дрэва Пяруна — дуб. Лічылася, што калі ён пацэліць у дуб, дык дрэва становіцца магічным: яго абпаленыя трэсачкі выкарыстоўвалі, напрыклад, каб суцішыць зубны боль. Яшчэ адна функцыя Пяруна — барацьба з Чарнабогам і яго ваярамі, якія збіраюцца ў вялікія хмары. Пярун разбівае іх сваім молатам і тым самым дае зямлі ваду. Беларусы ўяўлялі Пяруна высокім, велічным мужчынай з чорнымі валасамі і залатой барадой. Сімвал Пяруна ў традыцыйным арнаменце — кола з шасцю пялёсткамі. А яшчэ Пярун увасабляецца ў выглядзе ромба з гарызантальна накіраванымі промнямі-стрэламі. З Пяруном звязаны таямнічы вобраз Грамавіка. Бінарна-жаночая палова Пяруна — Грамаўніца. Верагодна, гэта жаночае ўвасабленне святарнага агню, што пераўтварылася ў Грамніцы, грамнічную свячу, якую ўрачыста і асцярожна нясуць з царквы і затым выкарыстоўваюць у магічных абрадах. Грамаўніца на пачатку калядак (на Раство) нараджае новае сонца — бога Дажджбога. Яна лічылася жонкай Пяруна, багіняй лета і ўяўлялася мажной, прыгожай жанчынай з галавой у спелых каласах і пладамі ў руках. Дзень Пяруна — чацьвер, а Грамаўніцы — пятніца, якая традыцыйна звязваецца з жаночым пачаткам. Трэба адзначыць, што функцыі Пяруна на Беларусі не ўтрымліваюць яго старажытнаславянскай мадыфікацыі. Як вядома, Пярун быў зроблены вярхоўным богам кіеўскага пантэону — у першаю чаргу як бог ваеннай дружыны. Але ў нашай міфалогіі галоўным богам лічыўся Бялун (у аўтэнтычных касмаганічных міфах беларусаў Пярун сярод першых сакральных істот нават не ўзгадваецца. Да старажытнай індаеўрапейскай традыцыі належаць і Асвіны (Ашвіны) — досыць цмяныя беларускія парныя боствы, што маюць непасрэдныя аналагі ў старажытнаіндыйскай ведычнай міфалогіі, дзе ім прысвечаны 54 гімна Рыгведы. Там гэтыя боствы расчынялі і зачынялі неба. Астатнія персанажы беларускага пантэона маюць больш аддаленыя аналагі з індаеўрапейскімі. У беларускай міфалагічнай традыцыі прадстаўленыя далёка не ўсе багі, што складалі некалі старажытны славянскі пантэон. Не прысутнічае тут (ці не захаваўся) вышэйшы славянскі бог Род і яго спадарожніца Ражаніца, як і таямнічы старажытнаіндаеўрапейскі Дый (Д'яўс). Адсутнічаюць досыць высокія ў старажытнай пантэоннай іерархіі Хорс, Сімаргл, Стрыбог, Макош, інш. Сярод тых, хто функцыянальна застаўся ў нашай міфалагічнай спадчыне, перадусім трэба адзначыць Вялеса (Воласа) — апекуна хатняй жывёлы, бога, звязанага з падземным светам, а таксама мядзведзем і сузор'ем Плеяд — Валасынь. Да 20 ст. на Беларусі захаваўся звычай завіваць на полі вялесаву бародку, якую на дажынкі неслі гаспадару і ставілі ў кут. З сонцам звязаны бог Дажджбог, які, як ужо адзначалася, нараджаецца на Раство. Хутчэй за ўсё, самым папулярным “нізавым” богам на Беларусі (ён не ўваходзіў у пантэон, які стварыў князь Уладзімір) быў Ярыла — беларускі аналаг вавілонскага Мардука, егіпецкага Асірыса, фінікійскага Адоніса, фрыгійскага Атыса, грэчаскага Дыяніса (боствы, што паміралі і ўваскрасалі, сімвалізуючы неўміручую моц і плоднасць прыроды). Ярыла (ад ярь, ярыцца) ўвасабляе ўсеагульную плоднасць, экстатычную субстанцыю прыроды. Карыстаючыся тэрміналогіяй Ф.Ніцшэ, Ярыла ўвасабляў дыянісійскі — аргаістычны, “цьмяны” пачатак чалавека, дзе асоба зліваецца з іншымі людзьмі ў экстатычным жаданні лучнасці з богам. Ярыла — рытуальна шматфункцыянальны бог, але галоўная ягоная роля — стымуляцыя жыццёвай эратычнай патэнцыі. Як бога, што нараджаецца і памірае, Ярылу майстравалі ў выглядзе лялькі старога чалавека з выразным фалічным пачаткам, якую хаваюць з прытворна-здзеклівымі галашэннямі. Рытуал меў выразны карнавальны (паводле М.Бахціна) характар, што праяўлялася ў спецыфічнай слэнгавай лексіцы, гуллівым смеху і брутальных рухах цела, а таксама ў дазволе ненарматыўных паводзінаў — значнай выпіўцы і вольных адносінах паміж паламі. Свята ў гонар маладога Ярылы (абрад выезду ў поле) ладзілі з удзелам юнака (ці дзяўчыны) на белым кані ў белым плашчы, з босымі нагамі, вянком на галаве і з каласамі ў руках. Ярыла ехаў па засеяных нівах, а карагод, у які ўваходзілі ўсе жыхары вёскі, спяваў пра Ярылу песні. Валачыўся Ярыла Па ўсяму свету. Полю жыта радзіў, Людзям дзеці пладзіў. А дзе ж ён нагою, Там жыта капою. А дзе ж ён ні зірне, Там колас зацвіце. Святы ў гонар Ярылы мелі выразнае эратычнае адценне, якое не асуджалася грамадою і, як можна меркаваць, знаходзілася ў кантэксце міфалагемы рытуальна-магічнай эротыкі, асноўная мэта якой — магічная стымуляцыя плоднасці, што ў “класічным” выглядзе ўвасобілася ў індуісцкай рэлігійна-міфалагічнай сістэме. Яшчэ адной з асноўных старажытных функцый Ярылы было “па загадзе маці” адмыкаць браму неба (салярны культ). З Ярылам таксама было звязанае паганскае свята Ярылавіца, калі гойсаліся на арэлях і спявалі песні. Як і ўсе тыпалагічна падобныя багі, Ярыла шанаваўся вясной — у красавіку, калі, згодна з шматлікімі міфалагічнымі сістэмамі, пачынаўся новы гадавы цыкл, увасабленнем чаго і быў Ярыла. Звернем таксама ўвагу на андрагінны характар Ярылы — яго ўяўлялі як юнаком, так і дзяўчынай. Андрагіннасць уласцівая шматлікім сусветным боствам, у тым ліку і беларускім. Згодна з К.Юнгам гэтая асаблівасць паходзіць з матыву кастрацыі ці, дакладней, самакастрацыі боства, каб пазбегнуць пагрозы інцэсту. Так ці інакш, міфалагема андрагіннасці мае эратычныя вытокі, што адпавядае функцыянальнай спецыфіцы Ярылы. Яшчэ адно боства, якое звязанае з вясною, плоднасцю — Ляля, ці Лёля. У старажытнаславянскай традыцыі Ляля часта інтэрпрэтуюцца як дачка Лады. На Беларусі Ляля лічылася багіняй вясны. У траўні ў яе гонар ладзілася свята — ляльнік, калі абіралі маладзенькую, прывабную дзяўчыну, апраналі яе ў белы саван, абвязвалі галінкамі, надзявалі вянок з кветак і саджалі на дзярновую лаўку. Побач ставілі масла, яйкі, малако, смятану, сыр, хлеб, клалі вянкі па колькасці дзяўчат і пачыналі карагод з песнямі. Потым Ляля раздавала ўсім ежу і кідала вянкі, якія семантычна адсылалі да замужжа і захоўваліся працяглы час. Тэкст песен ізноў сведчыць пра крэатыўны характар боства: Дай нам жытцу Да пшаніцу, У агародзе — Сенажаць, Поўны грады, Роўны зрады. Асноўнае боства лета — Купала (магчыма ад кіпень, кіпець). Гэтае астранамічнае свята прыстасаванае да летняга сонцастаяння (23 чэрвеня), у цэнтры якога знаходзяцца культы бінарных супрацьлегласцяў — агню і вады. Як можна меркаваць, Купала — андрагінны персанаж, прадстаўлены фальклорнымі Купалінкай і Купалішам. Цэнтральнае міфалагема свята — дыхатамія і зліццё мужчынскага і жаночага пачаткаў (агню і вады). Мужчынскі пачатак прадстаўлены рытуальным “жывым” агнём купальскага вогнішча, а таксама салярным культам, жаночы — купаннем, дзе вада выконвае сваю традыцыйную эратычна-жаночую функцыю. З Купаллем, зыходзячы з фальклорных матэрыялаў, звязаны інцэстуальны міф пра сувязь брата і сястры, чым можна вытлумачыць эратычны (аргаістычны) характар свята. У купальскіх песнях таксама шмат ўзгадваецца скаціна. Апошняе дазваляе звязаць купальскую міфалогію з адным з цэнтральных міфаў індаеўрапейцаў — бойку бога грому (Індры, Пяруна) са змеем, у выніку чаго былі вызваленыя для быцця вада і скаціна. Купала як свята і як міфалагічны персанаж шмат у чым падобныя да Ярылы і таму нярэдка Купала брала на сябе функцыі Ярылы, у тым ліку абрадавыя. Побач з Купалай адзін з найбольш папулярных поліэтнічных міфалагічных персанажаў — Каляда. Свята, звязанае з яго імем, мела астранамічны характар — зімовае сонцастаянне (21—23 снежня). Семантыка гэтага персанажа функцыянальна адпавядае карнавальным міфемам: пераапрананне, культ ежы і весялосці, ігрышчы. Сюды стасуюцца і шлюбныя гульні — “Яшчур”, “Жаніцьба Цярэшкі”, што надае гэтай падзеі эратычнае адценне. А яшчэ Каляда цесна звязаная з культам дастатку, заможнасці. Сімвалам тут выступае каза (абрад “Ваджэння казы”). Яшчэ адзін персанаж беларускіх калядак — Шчадрэц, які шанаваўся ад пачатку цяперашняга Новага году цягам некалькіх дзён. Шчадрэц лічыўся богам бяседы, балявання. У яго гонар ладзілася пераапрананне, дзе цэнтральную ролю выконваў мажны дзяцюк, апрануты ў шырокі плашч, абвешаны званочкамі і з жазлом у руцэ. У суправаджэнні паплечнікаў Шчадрэц хадзіў па вуліцах, спыняючыся каля кожнага дому. Свята ў гонар гэтага боства, па сутнасці, ўяўляе сабой рымейк калядавання. Прадстаўлены ў беларускай міфалогіі і славуты Мароз, які на радасць людзям ладзіць санныя шляхі. Акрамя вышэй адзначаных, асноўных поліэтнічных язычніцкіх бостваў, меўся шэраг сакральных персанажаў, ужо ў большай ступені звязаных з уласна беларускай этнічнай традыцыяй. Самы галоўны сярод іх — Бялун, Белабог, бацька Пяруна, які займае ў нас досыць высокае месца ў сакральнай іерархіі і замяняе ўсходнеславянскага Рода. Як і большасць бостваў беларусаў гэта — сівы дзед з даўгой барадой, у белым адзенні і з кіем у руцэ. Бялун — добры бог, “бацька неба”, дзе ён і жыве. Па іншай версіі, Бялун жыве ў хаце каля дарогі. Ён з'яўляецца толькі ўдзень, што падкрэслівае яго “светлы”, апалонаўскі пачатак, і дапамагае людзям. У бедняка ці добрага працаўніка ён просіць уцерці нос і за гэта адорвае золатам з торбы. Вобраз Бялуна — тыповы прыклад архетыпа сакральнага старца, добрага продка, які шырока распаўсюджаны ў сусветнай міфалогіі. Экзатычны метад адорвання адпавядае міфалагічна-казачнаму прынцыпу: сакральнае ў прафанным, прыклад чаго мы бачым у старажытнагрэцкім сюжэце пра Геру і Ясона ці жабрака-Жыценя на Беларусі. Сістэматызацыю ўласна беларускіх багоў мы будзем працягваць па календарна-функцыянальным прынцыпе. Бог зімы — Зюзя — стары, сівы, з даўжэзнай барадой і жалезнай булавой. Вопратка яго цёплая, але галава і ногі нічым не прыкрытыя. Тут мы бачым характэрную для політэістычных багоў адсутнасць медыятыўнасці (абутак і галаўны ўбор — медыятары) паміж прыродай і персанажам: галава і ногі наўпрост адкрытыя небу і зямлі. Большаю частку зімы Зюзя праводзіць у лесе, але можа зайсці і ў вёску. Дзе знаходзіцца ўлетку — невядома. Да людзей у яго стаўленне амбівалентнае: можа на іх раззлавацца, а можа і дапамагчы, папярэдзіць пра маразы; у сваю чаргу, людзі адказваюць яму той жа паважлівай амбівалентнасцю. Гаспадыня лета, акрамя адзначанай вышэй Грамаўніцы, Цёця — мажная, поўная жанчына, што з'яўляецца на полі прыбраная ў каласы і з пладамі ў руках. Бог восені — Жыцень: стары невялікага росту з трэцім вокам на патыліцы. Ён аглядае прыбраныя палі, агароды, перакладае непрыбраныя снапы на палі добрых гаспадароў, пагражае абібокам, стымулюючы ўраджай першых і няўрод другіх. У беларускай міфалогіі існуе значная колькасць і арыгінальных бостваў, сярод якіх вылучым тых, што звязаныя з сямейнай абраднасцю. Гэта бог шлюбу Любмел, якога ў дзень шлюбу сімвалізуе прыгожы хлопчык ў белай кашулі, чырвоных ботах і вянку; тут мы сустракаемся з традыцыйнай каляровай апазіцыяй мужчынскае/жаночае. Гэта і апякунка дзявочай цнатлівасці Дзявоя (Гожа, Сева), з якой развітваюцца напярэдадні вяселля. Вельмі заўважным было радавое боства, якое ўвасабляла першапродка Чура (падобнага да старажытнарымскіх лараў і пенатаў). Чур — бог мяжы, абаронца, які прыходзіць на заклік: “Чур мяне!”. Можна меркаваць, што ў часы паганскай даўніны гэта быў галоўны абаронца супраць нячысцікаў. Шэраг міфалагічных істот з'яўляюцца апекунамі працоўнай дзейнасці чалавека. Талака рупіцца пра жніво і ўрадлівасць. На дажынках яе сімвалізавала жанчына, упрыгожаная кветкамі, з дажынкавым снапом і вянком. Апякун коней — Вазіла — адна з рэдкіх антрапазааморфных істот у беларусаў, што сумяшчае рысы каня і чалавека. Зжатае збожжа беражэ Рай. Спарышка, калі яе папрасіць, дае поспех у любой працы. У лесе жыве своеасаблівы суддзя — бажок Дабрахочы, які спрыяе людзям добрым і карае злых. Асобна стаіць старажытны бог святарнага агню Зніч, успамін аб якім належыць глыбокай даўніне. У пазнейшы час ён, на думку этнографаў, стаў атаясамлівацца з Жыжам, Жыжалем — богам падземнага агню. Да спецыфікі беларускай міфалогіі належыць культ вужа, які з'яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам субстратнага балцкага ўплыву. Вуж выступае абаронцам хаты ад гадзюкі — ён вылівае атручанае малако, ратуе дзяцей. Воблік вужакі можа мець і змей, што носіць грошы заможнаму гаспадару, які, як лічылі, сам вырасціў сабе памагатага. У паданнях узгадваецца і вуж-дамавік. Карона вужынага князя — сімвал валодання багаццем. Са з'яўленнем хрысціянства, біблейскі Бог у абліччы добразычлівага дзядка захаваў сваю поліфункцыянальнасць і амаль пазбегнуў адаптацыі да нейкай функцыі паганскага бога. Хаця ў некаторых міфах сцвярджаецца, што, калі грыміць Пярун, дык гэта Бог сярдуе і кідае стрэлы. Тым не менш, біблейскі Бог збярог на Беларусі сваю монатэістычную адметнасць і паспрыяў усталяванню новай, пераходнай ад паганскай да хрысціянскай маралі. Яго па-беларуску адметная рыса — блізкасць да зямлі і людзей. Гэтаксама ў беларускіх міфалагічных інтэрпрэтацыях захавалі сваю хрысціянскую сутнасць Хрыстос і Дзева Марыя. Што да іншых хрысціянскіх персанажаў, дык яны фактычна набылі функцыі паганскіх багоў. Пяруна замяніў прарок Ілля, бога хатняй жывёлы Вялеса — св.Уласій і св.Мікола, Ярылу — св.Юрья, Купалле сумясцілася са святам св.Іана Хрысціцеля, Каляда апынулася паміж Раством і Вадохрышчам, св.Пётра зрабіўся апякуном земляробства, Кузьма і Дзям'ян (Кузьма-Дзям'ян) — кавальства, св.Андрэй — земляробства, Марыя Магдаліна — жанчынамі, Флор і Лаўр — канямі, пастухамі і г.д. Бадай самым папулярным хрысціянскім персанажам быў св.Мікола — апякун зеляробства, жывёлагадоўлі. Як і вышэйшыя персанажы хрысціянскай рэлігіі, апосталы і святыя на Беларусі актыўна стасуюцца з людзьмі, прычым не толькі дапамагаюць ім, але і шкодзяць (могуць скрасці ежу), спрачаюцца за першынство ў чалавечым свеце, карацей кажучы, паводзяць сябе досыць па-чалавечы ў самым шырокім разуменні гэтага слова. Такім чынам, пантэон багоў беларусаў, які мы імкнемся разглядаць як адзіны кангламерат, складаўся з розных па храналогіі і якасных характарыстык суб'ектаў ды міфа-рэлігійных сістэм, якія цягам стагоддзяў гуртаваліся разам і, структурна зарганізаваныя спецыфічным беларускім светаўспрыманнем, утварылі своеасаблівую плюралістычную сістэму. На пачатак 20 ст. яе можна ахарактарызаваць як політэістычную з тэндэнцыяй да монатэізму. Літаратура 1. Б. Рыбаков. Язычество древних славян. М., 1988. 2. Б. Рыбаков. Язычество Древней Руси. М., 1989. 3. Міфы Бацькаўшчыны. Укладальнік У.Васілевіч. Мн., 2001. 4. Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Этн. Очерк. Гродно, 1895.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||