|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | ЛЕКЦЫЯ 2
СЯРГЕЙ САНЬКО. ГЕНЭЗЫС ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ |
|
Лекцыя 2 |
Плян: 1. Уступныя заўвагі 2. Этнагенэз — ключ да глёта- й культурагенэзу беларусаў 3. Падставовыя складнікі традыцыйнай культуры Беларусі: балцкі й славянскі, паганскі й хрысьціянскі
1. Уступныя заўвагі Тэма сёньняшняй гутаркі колькі істотная й патрэбная для разуменьня генэзысу падставовых складнікаў нашай традыцыйнай культуры й культурнай традыцыі наагул, гэтулькі й небясьпечная. Істотная з аднае простае прычыны: этнагенэз — гэта насамрэч адзіны надзейны, прынамсі, у нашых варунках, ключ да разьвязаньня шмат якіх праблем глёта- й культурагенэзу, а значыць і да разуменьня таго, у якім стане знаходзяцца сёньня і нашая культура наагул, і традыцыйная культура паасобку, і якія адна й другая маюць пэрспэктывы на будучыню. Мінулы раз мы ўжо азначалі, што мноства элемэнтаў нашай традыцыйнай спадчыны бяруць вытокі ў гэткіх гістарычных відалях, далей за якія часта ўжо не сягаюць і самыя сучасныя рэканструктыўныя мэтады. Аднак не забываймася, што паміж тымі далёкімі эпохамі, калі нашымі продкамі й — ці ня скажам мы на традыцыйны лад? — багамі закладаліся першападваліны культуры, і цяперачыняй праляглі цэлыя тысячагодзьдзі, на працягу якіх былі і ўласнае эвалюцыйнае разьвіцьцё культуры, і выкліканыя вонкавымі прычынамі пакручастыя павароткі, падчас якіх шмат што адыходзіла ў нябыт назаўсёды. І ніякая рэканструкцыя тут ніколі ўжо ня дасьць рады. Бо тое, што заставалася, магло да непазнавальнасьці мяняць сваё аблічча, і ўжо ў гэтым новым абліччы даходзіла да нас. Усё названае непазьбежна спрыяла зьяўленьню “інфармацыйнага шуму” ў камунікацыі старажытных насельнікаў нашага краю з далёкімі нашчадкамі, і цяпер часам узровень гэтага “шуму” перавышае ўзровень самога сыгналю. І гэта — адна з прычын, чаму разгляданьне тэмы ёсьць крокам даволі рызыкоўным. Папросту мы ўжо ня можам некрытычна ставіцца ці да сьведчаньняў пісьмовых крыніц, якія, вядома ж, падаюць ня гэтулькі факты, колькі інтэрпрэтацыі (зрэшты, факт, як на сёньняшні споцем, і ёсьць так ці іначай праінтэрпрэтаванай падзеяй), ці да сьведчаньняў самой традыцыі, прынамсі, у тым выглядзе, як яны зафіксаваны этнографамі й фальклярыстамі ХІХ і ХХ стст. А таму, вылучыўшы мэтадалягічны прынцып “прэзумпцыі аўтахтоннасьці” ў якасьці рацыяналізацыі адной з асаблівасьцяў усялякай культурнай традыцыі, мы далей будзем змушаны дапоўніць і ўраўнаважыць яго іншым прынцыпам — прынцыпам “дэканструкцыі традыцыі”. Небясьпека тут палягае, паміж іншага, у тым, што гэтак пытаньне наагул ставіцца ўпершыню й, відавочна, мае інтэнцыю на чарговую пераацэнку таго, што, здавалася б, добра ўжо ўклалася ў пэўную гістарычную ці культуралягічную парадыгму альбо схему. Але рызыкоўнасьць уздыманай тут тэмы зьвязана ня толькі з тымі ці іншымі крытэрамі навуковай дасьціпнасьці й надзейнасьці рэканструкцый. Сталася гэтак — і тут, відаць, пазначаны лёс — што праблема нашага паходжаньня ледзь не ад самага пачатку сьведамленьня яе як праблемы набыла выразную ідэалягічную афарбоўку, якая зь бегам стагодзьдзяў выяўлялася ўсё выразьней і ярчэй. Прыгадайма: яшчэ гэтак званы “пачатковы летапісец” вагаўся ў славянскай атрыбуцыі (прынамсі, крывічоў), і ў пераліках народаў Усходняй Эўропы не ўлучаў іх ані ў шэраг тых, што маюць “словенеск язык”, ані ў шэрагі іншамоўных народаў. І апісваючы звычаі плямёнаў нашых продкаў, характарызаваў іх (гэтыя звычаі) як “зьвярыныя”. Зразумела, на якіх падставах. Гэтак, праблема нашай самаідэнтыфікацыі й індэнтыфікацыі нас нашымі суседзямі мае ўжо блізка тысячагадовую гісторыю. Ідэалягізму ж ёй надавала, апроч іншага, адмысловае геаграфічнае становішча нашай былой этнічнай тэрыторыі. І разьмешчанасьць на галоўным эўрапейскім водападзеле, дзе бяруць вытокі найбуйныя эўрапейскія рэкі Дняпро, Дзьвіна, Волга, Нёман, вядомыя нават антычным географам, і сярэдзіннае становішча на скрыжаваньнях колішніх гандлёвых шляхоў і шляхоў камунікацый Поўначы й Поўдня, з аднаго боку, і Захаду й Усходу, з другога, — усё гэта ў былыя часы вызначала асаблівы, сакральны, статус нашай зямлі. Пачаткова калізія тут узьнікае пасьля пераасэнсаваньня сакральнага цэнтру Сусьвету, якое паступова зацьвярджалася ў Эўропе з распаўсюджаньнем хрысьціянства. Актуальным становіцца паўднёвы, міжземнаморскі вектар геапалітычных арыентацый. І летапісныя расповеды пра шматвяковую спрэчку Полацку з Кіевам, а пазьней ВКЛ з Масквой як спадкаеміцай Бізантыйкай імпэрыі за гегемонію на ўсходнеэўрапейскіх абшарах — якраз адбітак той першай сур'ёзнай калізіі. Менавіта ў гэтай мэтапалітычнай плашчыне й трэба шукаць прычын высокай заідэалягізаванасьці праблемы этнагенэзу беларусаў. Цікава азначыць: як бы гістарычныя ці палітычныя рэаліі ні складаліся надалей на абшарах Усходняй Эўропы, амаль падсьвядомая памяць пра колішнюю харызму насельнікаў “сакральнага цэнтру” так ці іначай захоўвалася й штурхала (дый штурхае) некаторых суседзяў да захадаў зрабіць “тутэйшых” сваімі, крэўнымі, “братамі”. І цяпер гэткая “братэрская” рыторыка абслугоўвае геапалітычныя амбіцыі апошняй імпэрыі. Нешта падобнае назіралася й назіраецца яшчэ й дагэтуль у былой Брытанскай імпэрыі дачынна рэштак аўтахтоннага валійскага, шатляндзкага ды іншых насельніцтваў — таксама, між тым, пазначаных харызмай прыналежнасьці да легендарнай выспы Туле. Там, як і тут, старадаўняя гэтая калізія яшчэ вельмі далёка ёсьць да развязаньня. Катэгарычнасьць і рэпрэсіўнасьць фармулёвак “братэрскай фразэалёгіі” могуць, канечне, зьмяняцца, адпаведна з часам і зьменамі ўрадаў. Мы ж памятаем: бальшавікі да гэтых пытаньняў былі дастаткова бесцырымоннымі й, да прыкладу, папросту забаранілі ў 1973 годзе навуковую канфэрэнцыю “Этнагенэз беларусаў”, якая мела адбыцца ў Менску з удзелам найвартых адмыслоўцаў з усяго Савецкага Саюзу. А нашыя “навуковыя тузы” наагул ніколі не заахвочвалі да сур'ёзнага дасьледаваньня праблем этнічнага паходжаньня, нават калі адкрыта гэта й не забаранялася. Няўжо гэтак адбывалася з чыста акадэмічных, навуковых прычын? Зразумела ж, не. Усё праглядаецца куды больш празрыста. Папросту ў мінулым стагодзьдзі высілкамі соцень дасьледнікаў — лінгвістаў, этнографаў, фальклярыстаў, антраполягаў, гісторыкаў ды іншых — было назапашана вялізнае багацьце дадзеных, якія адназначна сьведчылі: у этнагенэзе беларусаў значная — калі не вызначальная — роля мясцовых балцкіх плямёнаў, што спрадвек жылі на нашых землях і пазьней былі аславянены. Два дзесяцігодзьдзі мінуліся, перш чым рэпрэсаваная праблематыка дачакалася рэабілітацыі, дзякуючы, дарэчы, і актыўнасьці сяброў Цэнтру этнакасмалёгіі “Крыўя”, якія ў 1993 годзе ў Менску правялі адмысловую Міжнародную навуковую канфэрэнцыю “Балты й этнагенэз беларусаў”. Канфэрэнцыя ня вырашыла, вядома, цэлай плоймы праблем, а некаторыя зь іх нават не былі закрануты, і, тым ня менш, пасьля гэткай зьявы адмаўленьне ўдзелу балтаў у беларускім этнагенэзе стала папросту прылічвацца да “кепскай манеры”. 2. Этнагенэз — ключ да глёта- й культурагенэзу беларусаў 2.1. Праблемы з нашай беларускай самасьвядомасьцю добра вядомыя. Iмi ў значнай ступенi абумоўлiваюцца i “плаксiвасьць” беларускай iнтэлiгенцыi, якая нібыта праз усё жыцьцё адно й вучылася плакаць пра “гаротны лёс Бацькаўшчыны”, i пасьпешлiвасьць, зь якою тая ж iнтэлiгенцыя памыкаецца ўсiх беларусаў як найхутчэй зрабiць проста “беларусамi”. Аднак выдае на тое, што акурат iнтэлігенцыяй — “розумам” i “сумленьнем” нацыi — гэтыя праблемы так яшчэ дарэшты й неўсьвядомлены як праблемы, пры тым, праблемы экзыстэнцыйныя. Чым жа найперш выяўляюць сябе гэтыя праблемы? Перадусiм — той нясьпешнасьцю, зь якой сярэднестатыстычны “тутэйшы” бярэцца вызначаць сваю этнiчную й нацыянальную прыналежнасьць. Ён быццам адчувае, а то й папросту ведае ўсю канвэнцыйнасьць прапанаванага яму рэестру “самавызначэньняў”. Больш за тое, ён заўсёды напаўсьвядома ведае й пра iншакультурнасьць, неаўтэнтычнасьць, неўкарэненасьць іх у сваёй — вось тут iснай — глебе. А прапанавана яму дагэтуль была адзiная магчымасьць: пашукаць падвалiны свайго самавызначэньня, перадусім адсланіўшыся ад прычэплівай дыхатамii (апазыцыi) Усход—Захад, што ў нашых варунках неўнiкова мела азначаць фатальную прышпіленасьць да Расеi цi Польшчы. Але “тутэйшы”, з самога складу натуры, прынцыпова ня здатны на выбар, калi выбiраць, па праўдзе, няма з чаго. Гэтак жа, як ня здольны ён почасту самавызначыцца ў далёкіх ад ягонага разуменьня панятках градацый — “расейскасьць”, альбо “польскасьць”. Нібы прапаноўвае наш чалавек спынiцца, не сьпяшацца, паразважаць разам пра сутнасьць ягонай “тутэйшасьцi”, а заадно й перавесьцi гутарку зусiм у iншае рэчышча (параўн.: “Мы не палякі й ня рускія, а край наш забраны”). Але што iншае магла азначаць гэтая ўпартая “тутэйшасьць”, як не памкненьне вызначаць сваю iснасьць у адпаведнасьцi з iснасьцю сваёй зямлi, вось гэтага месца, гэтага тут, дзе спрадвеку жылi продкi й, дасьць бог, будуць жыць наступнiкi? Нажаль, не пачуты яшчэ гэтыя прапановы. I з падачы замежных “iдэолягаў”, i з ахвотнай згоды нашай iнтэлігенцыi ўсё ж замацоўваецца за “тутэйшым” мала значнае для яго найменьне “беларус”. А назва гэтая, паміж іншага, шмат да чаго абавязвае. Прынамсі, з гледзiшча нашае бела-рускасьцi атрымаць правы на існаваньне могуць адно адмысловыя формы этнагенэтычных дыскурсаў, якiя, як той казаў, заднiм днём апраўдвалi б самую гэтую бела-рускасьць. Аднак праблем з самасьвядомасьцю гэта ўсё роўна не разьвязвае. Хутчэй, канчаткова зблуджвае тую кволую самасьвядомасьць у лябiрынтах, ды нагэтулькi, што “тутэйшы” ўжо гатовы вызнаваць сябе ці за рускага, ці за паляка, ці за каго-кольвечы яшчэ, абы не закранаўся ягоны аголены нэрв, абы не растулялася вонкі цяпер ужо мала чым ахаваная душа. Тым ня менш, калi назiраеш гэткага кшталту зьявы, накідаецца ўражаньне, што блiзка цэлая нацыя ў кожным чыне сустрэчы з сучаснай цывiлiзацыяй i ейнымі патрабаваньнямi быццам напаўсьвядома зьдзяйсьняе найгрунтоўнае epoche (затрымку, запын у вызначэньнi), якая, надараецца, пагражае самай радыкальнай рэфлексіяй падвалiн этнічнага iснаваньня. Праблемы паходжаньня беларусаў i этнiчнай гiсторыi Беларусi належаць да лiку выключна заблытаных i далёкiх ад свайго, хаця б некалі папярэдняга, разьвязаньня. Сярод вiдочных i ня надта вiдочных прычын гэтага — 1) праяўная недастатковасьць факталягiчнай базы, на якой засноўвалiся першыя канцэпцыi этнагенэзу беларусаў, блiзкая да фатальнай залежнасьці наступных тэорый ад тых першых этнагенэтычных досьведаў, i, як вынiк, нарошчваньне камяка “неадрэфлектаваных прыпушчэньняў”; 2) почасту вельмi некрытычнае прыцягненьне зьвестак пiсьмовых крынiц; 3) мэтадалягiчна неправамернае зьмешваньне этна, культура- ды глёта- генэтычных праблематык i адпаведных зь iмі працэсаў; 4) высокая iдэалягiчная нагружанасьць этнагенэтычных канцэпцый; 5) своеасаблiвая “рэпрэсіўнасьць” iнтэрпрэтавальнай рэтраспэкцыi, што адштурхоўваецца ад “наяўнага” (у нашым выпадку — усходнеславянскага) стану, праектуючы яго на вялікія храналягічныя зрэзы ў мінуласьць, i шэраг iншых. Менавiта гэткiх “падводных камянёў” пакуль ня здолелi пазьбегнуць усе тэорыi паходжаньня беларусаў. А мiж тым, у комплексе навук, што так цi iначай спрычынены да разьвязаньня этнагенэтычных праблем, назапашваецца даволi багаты й разнастайны матэрыял, тэарэтычную эксплiкацыю атрымлiваюць прынцыпы й мэтады, што непрыхавана вястуюць незаплянаваныя “выбухi” ў самым асяродку таго, што здавалася трывала ўжо ўсталяваным i засвоеным. Насамрэч “факты” аказваюцца адно iнтэрпрэтацыямi, непазьбежна залежнымi ад структур гэтак званага перад-разуменьня, што карэняцца ва ўласнай традыцыi iнтэрпрэтатара. Факт і ёсьць заўсёды ўжо нейкiм чынам вытлумачаным iсным (падзеяй, зьявай). У штудыях з мэтадалёгіі навуковага спазнаньня гэта часам разумеецца як “тэарэтычная нагружанасьць (наладаванасьць) досьведу”. Больш пэўна й катэгарычна пра гэта пiсаў М.Гайдэгер: “не iснуе навуковага дасьледаваньня якой-колечы прадметнай вобласьцi бяз выказанай цi нявыказанай анталёгii. Гэтаму навучыў нас ужо Кант”. У радыкальнай форме гэты кантаўскi тэзыс цьвердзіць: тэорыя ня гэтулькі з досьведу, колькі дзеля досьведу — гэта ўмова магчымасьцi самога досьведу. Але якi род таго досьведу, на якi нацэльваецца этнагенэтычнае дасьледаваньне? i якая, адпаведна, тая “фактычнасьць”, на якой паўстаюць этнаґенэтычныя канцэпцыi? Ня будзе перабольшаньнем меркаваньне, што прадмет этнагенэтыкi (тут — безадносна праблемы этнагенэзу беларусаў) канстытуюецца й сёньня яшчэ як прадмет клясычнай гнасэалёгii, паводле аналёгii з канстытуяваньнем прадметаў прыродазнаўчых навук. Гэта азначае, што без адмысловага абмеркаваньня прымаюцца пэўныя прыпушчэньнi адносна структуры прасторы магчымага досьведу. Нябачная падтрымка з боку эмпiрычных навук як быццам павiнна пры гэтым гарантаваць аб'ектыўнасьць ды iсьцiннасьць этнагенэтычнага дасьледаваньня. I гэта было б так, калi б сапраўды было справядлiва адно з падставовых няяўных прыпушчэньняў этнагенэтыкi, а менавiта — наiўная вера ў магчымую актуальную дадзенасьць прадмета ейных дасьледаваньняў. Але тут рыхтык і карэнiцца галоўная крынiца гнасэалягiчных iлюзій. Бо вiдочна, што акурат прадмет этнагенэтыкi анi ў якiм актуальным досьведзе дадзены быць прынцыпова ня можа. У лепшым выпадку ён можа быць дадзены рэканструктыўна. I ўжо дзеля гэтага ён зьяўляецца прадметам “неклясычнай гнасэалёгiі”. Калi ўжо этнагенэтыцы й параўноўвацца зь нейкай прыродазнаўчай дысцыплiнай, то, бадай, перадусiм, — з сучаснай тэарэтычнай фiзыкай, а дакладней — з сучаснай навуковай касмалёгiяй, прадмет якое прынцыпова спасьцігаецца адно рэканструктыўна (параўн. “Тэорыю Вялiкага Выбуху” або мадэль “Iнфляцыйнага Сусьвету”). Але што дае гэткае — пакуль папярэдняе — перавызначэньне прадмета дасьледаваньня? Першае й мiнiмальнае наступства гэтага — слушнае ўжо й для рэканструктыўна вызнач б нага прадмета — перавызначэньне iсьцiннасьцi й крытэру iсьцiны этнагенэтычнай канцэпцыi. Зразумела, пра слынны крытэр iсьцiны — практыку — тут папросту ня можа весьцiся гаворка: па-першае, з прынцыповай нядадзенасьцi прадмета дыскурсу ў актуальным досьведзе, i па-другое, зь вiдочнай нерэкурэнтнасьцi этнагенэтычнага працэсу. Мы прынцыпова ня можам узнавiць умовы, што маглi б рэактуалiзаваць гэты працэс. Больш за тое, тут ня можа ўзьнікнуць і гаворка пра iсьцiну, разуметую як адпаведнасьць нейкаму рэальнаму стану рэчаў, бо апошні якраз-такi ня дадзены. Вiдавочна, падыходзячы да спакменю, якi даецца рэканструктыўна, мы трапляем у адмысловае “валадарства” мадэляў або эпiстэмiчных “магчымых сьветаў”. Самыя мадэлi мы можам разумець стандартным чынам як мноства ўсiх магчымых станаў рэчаў адносна пэўнага сэлектыўнага мноства. У нашым выпадку гэткiм сэлектыўным мноствам зьяўляецца сукупнасьць тых самых “фактаў”, на якiх мае грунтавацца любая этнагенэтычная канцэпцыя. Зразумела, гаварыць пра iсьцiннасьць або няiсьцiннасьць, забываючыся цi папросту замоўчваючы, што самая гэтая iсьцiннасьць вызначаецца цяпер як адпаведнасьць дыскурсу нейкаму магчымаму стану рэчаў, ужо нельга. Гэта, натуральна, рэчы даволi трывiяльныя. Але на iх таксама ня варта забывацца. Калi ж яны iгнаруюцца сьвядома, то ня будзе за цяжкасьць пазнаць за гэтым “асьлiныя вушы” iдэалёгii. Блiжэйшы прыклад — забарона этнагенэтычнай канфэрэнцыi 1973 г. Але й гэтага яшчэ мала, бо нас па-ранейшаму будзе перасьледаваць “цень iсьцiны”. Калi мы вызначылi iсьцiннасьць у дадзенай мадэлi як адпаведнасьць дыскурсу нейкаму магчымаму стану рэчаў, то насамрэч мы, хутчэй, выказалi адно тое, што хацелася б мець, але ня тое, што рэальна зьдзяйсьняльна нават у тэорыi. Яшчэ з часоў Арыстотэля канчальна было зразумета, што iсьцiннасьць нейкага дыскурсу ня можа быць даведзена ў асадах самога гэтага дыскурсу. Тэарэмы Гёдэля пазьней адно драматызавалi гэтую выснову, i менавiта сваёй спанявольнасьцю. Чаму тады мы ўсё ж аказваемся здатнымі ацанiць нейкае выказваньне як адпаведнае нейкаму магчымаму стану рэчаў, нават ня маючы магчымасьцяў спраўдзiць сваю ацэнку ў асадах гэтага ацэначнага дыскурсу? Перадусiм, дзякуючы дзеяньню ў нас адмысловага кагнiтыўнага мэханiзму, якi суадносiць нашыя мадэльныя рэпрэзэнтацыi з пэўным фондам нашых агульных ведаў пра сьвет, а таксама зь мiнулым досьведам (як пэрсанальным, так i калектыўным) — з традыцыяй. Але гэта вяртае нас да пачатковага пункту разваг, а менавiта да канстатацыi залежнасьцi любой iнтэрпрэтацыi ад структур перад-разуменьня. У радыкальным гермэнэўтычным дыскурсе падобныя структуры перад-разуменьня называюцца забабонамi (Х.-Г.Гадамэр). Забабона як крытэр iсьцiны — гэта гучыць, бадай, дастаткова радыкальна, а з гледзiшча навуковай прыстойнасьцi — нават i эпатажна. Але iстыблiшмэнт” — “iстыблiшмэнтам”, ды ад спакусы задаваць гранiчныя пытаньнi нiкуды не схаваесься. Нягледзячы на сваю актуальную нядадзенасьць у этнагенэтычным досьведзе, этнагенэтычны працэс ня ёсьць нечым цалкам трансцэндэнтным i з гэтага недасягальным. Хутчэй, ён сам ёсьць трансцэндэнцыяй. Што гэта азначае? Гэта азначае, перадусiм, што памянёны працэс уласьцiвым яму спосабам сам працiнае ўсялякi этнагенэтычны досьвед як заўсёды ў гэтым досьведзе ўжо наяўнае. I ня толькi з тае прычыны, што этнагенэтычны працэс усё яшчэ доўжыцца, хоць, магчыма, i ў нейкiм iншым модусе, i вынiкi яго гэтак жа зь цяжкасьцю могуць быць рацыянальна вылiчаны, як зь цяжкасьцю рэканструююцца ягоныя вытокi. Але й таму, што этнагенэз — найперш у модусе культурагенэзу — гэта заўсёды яшчэ й фiлягенэтычная гiсторыя самога суб'екта спазнаньня. Гэта гiсторыя станаўленьня яго самога як таго, хто спазнае й разумее сябе, i гiсторыя станаўленьня ягонага “жыцьцёвага сьвету”. Але гэта, сваiм парадкам, азначае, што этнагенэтычны працэс можа быць ня толькi дадзены праз рэканструкцыю (любая рэканструкцыя, як ужо было сказана, сама вельмi моцна залежыць ад структур перад-разуменьня), але яшчэ й нетэтычна дадзены (скажу больш за тое — за-дадзены) у любым магчымым этнагенэтычным досьведзе. Гэта значыць, што ў гэткай вiдалi галоўная задача этнагенэтычнага дасьледаваньня ў сваiм гранiчным выразе палягае ня гэтулькi на рэканструкцыi таго, як этнагенэтычны працэс адбываўся “на самой справе”, колькi на эксплiкацыi таго, што ўласная традыцыя дасьледнiка падказвае яму ўсякi раз яшчэ да ўсякага дасьледаваньня. Менавiта дзякуючы самой традыцыi, этнагенэтычны працэс заўсёды бывае папярэдне вытлумачаным да ўсялякага дыскурсіўнага цi навуковага яго вытлумачэньня. Галоўнай крынiцай гэтага перад-вытлумачэньня выступае традыцыя, а найперш ейнае ядро — у дадзеным выпадку этнагенэтычны мiт. Гэтым самым эксплiкацыя няяўных структур перад-разуменьня азначае адмысловую рацыяналiзацыю гэтага мiту традыцыi, якая мае крышталiзавацца як этнагенэтычная канцэпцыя. Хай ня дзiвiць падобная пэрспэктыва. Гэта добра спраўджаны ў досьведзе этнагенэтычных штудый “мэтадычны” прыём. За прыклад можна прыгадаць тут стандартную мадэль паходжаньня беларусаў у вынiку “магутнай мiграцыi славян” на землi на поўнач ад Прыпяцi, заселеныя перад гэтым балтамi. Вiдочная фатальная залежнасьць усiх падобнага роду канцэпцыый ад бiблейскай (мiталягiчнай з сваёй прыроды) традыцыi, нарматыўнай для сярэднявечных геаграфiчных i этнаграфiчных апiсаньняў. Але першае, што даводзiцца тут зацемiць: гэта — зусiм не “тутэйшая” традыцыя й зусiм не “тутэйшы” погляд на паходжаньне “тутэйшых”. Ня маючы магчымасьцi ўваходзiць тут у абмеркаваньне гэтага пытаньня, яшчэ раз азначу прыярытэтнасьць сваёй традыцыi ў этнагенэтычным дыскурсе. Але што зробiш — у розных дасьледнiкаў свая традыцыя й, як вынiк, свае забабоны. 2.2. Беларусам пашчасьцiла. Яны захавалi ў сваёй традыцыi свой этнагенэтычны мiт. Менш-больш поўная адмена яго апублiкавана (гл. “Легенды i паданьнi”, Мн., 1983, с. 78), i тут ёсьць сэнс падаць адно кароткi пераказ. Як i належыць ядраваму мiту традыцыi, ён адсылае да “першых часоў”, калi ня толькi ўсё ў сьвеце, але й сам гэты сьвет адно зачыналiся. Напачатку апавядаецца, як з пачатковых вод з удзелам Перуна ўтвараецца ўсё iснае, у гэтым лiку й расьлiны, зьвяры й сам чалавек. Першым насельнiкам нашай зямлi быў Бай (князь Бой, паводле iншай версіi мiту), якi меў трох сыноў i двох любiмых сабак — Стаўры й Гаўры. Па сьмерцi бацькi два сыны спадкаемілi ўсю бацькаву маёмасьць, а малодшаму — Белаполю, якi тым часам апынуўся на паляваньнi з бацькавымi сабакамi, — засталiся сабакi й бацькаў наказ: пусьцiць Стаўры й Гаўры па волi, i колькi зямлi яны аббягуць за дзень, гэтулькi яму спадчынна й дастанецца. Белаполь, злавiўшы дзьвюх птушак, пусьцiў адну на поўдзень, другую — на захад, а ўсьлед iм сваiх сабак. Куды пабеглi сабакi, — пацеклi найбуйныя нашыя рэкi: Дзьвiна — на захад, Дняпро — на поўдзень. З тых часоў мiж гэтых рэчак i пасялiўся Белаполь, ад якога й пайшлi ўсе пляменьнi беларусаў. Вiдочна, мiт гэты сьцьвярджае нешта зусім супрацьлеглае таму, што мы даведвалiся зь пiсьмовых крынiц пра расьсяленьне на нашым абшары славянскiх плямёнаў. Аднак ёсьць усе падставы палiчыць гэтае сьведчаньне самой традыцыi за больш грунтоўнае, падставовае i аўтарытэтнае ў абмеркаваньнi праблем паходжаньня беларусаў. У сваiм часе два вядомыя дасьледнiкi (А.Трубачоў, Ул.Абаеў) вылучылi тэзыс пра прыярытэтнасьць унутраных сьведчаньняў пэўнае традыцыi менавiта ў пытаньнях этнагенэзу. Адсутнасьць у народнай памяцi паданьняў пра маштабнае перасяленьне аднекуль з зусiм iншых мясьцiн яны схiльны былi лiчыць за галоўны паказьнiк аўтахтоннасьцi гэтага народу, спрадвечнага разьвiцьця яго на сваёй зямлi. Наш выпадак — гэта чыстая сытуацыя рэлевантнасьцi пададзенага тэарэтэчнага тэзысу. Але зь яго вынiкаюць зусiм не бестурботныя нават для “тутэйшых” дасьледнiкаў наступствы. I найпершае зь iх — цьверджаньне тэзысу пра аўтахтоннасьць беларусаў. Акрамя iншага, гэта азначае, што нiякiя мiграцыi не маглi ў гiстарычна аглядныя часы колькi-колечы важка паўплываць на станаўленьне беларускага этнасу. Пацьверджаньне гэтага найперш падае фізычная антрапалёгiя. У асадах апошняй было зроблена адкрыцьцё, якое ня можа быць пераацэнена. Гэта выснова пра старажытнасьць i адмысловую кансэрватыўнасьць антрапалягiчнага тыпу, прынамсi, вясковага насельнiцтва Беларусi. Аналiз розных сэрыяў паказьнiкаў дазволiў адмыслоўцам зрабiць выснову, што антрапалягiчны тып сучаснага насельнiцтва Беларусi практычна бязь зьменаў спадкуе тып яшчэ мэзалiтычнага насельнiцтва нашай тэрыторыi. А лябараторныя дасьледаваньнi дазваляюць нават ацанiць “бiялягiчны век” генафонду сучасных беларусаў сама мала ў 9 тысяч гадоў. Вынiкi фантастычныя. Але на згаданай вышэй канфэрэнцыi 1993 году яны яшчэ раз былi пацьверджаныя нашым вядомым антраполягам А.Мiкулiчам. У антрапалягiчнай лiтаратуры неаднаразова выказвалася думка, што кансэрватыўнасьць антрапалягiчнага тыпу насельнiцтва пэўнай тэрыторыi сьведчыць за тое, што ў яго разьвiцьцi мiграцыi не адыгралi колькi-колечы істотнай ролi. Як жа ж тады быць з слыннай “магутнай славянскай мiграцыяй” раньняга сярэднявечча? А нiяк. Бо магутнай мiграцыi якраз і не было. Не фiксуецца гэтая мiграцыя й археалягiчна, хаця, здавалася б, менавiта археалёгiя найперш давала доказы на карысьць стандартнай мiграцыйнай мадэлi. Нiхто з археолягаў пакуль ня змог прадэманстраваць, адкуль i як маглi прыйсьцi шматлікія славянскiя плямёны на будучую Беларусь. Дарэчы, акурат гэтая акалiчнасьць ёсьць падставаю некаторым дасьледнiкам адлічваць аўтахтоннасьць славянскага насельнiцтва на Беларусi сама мала пачынаючы з жалезнага веку (Л.Побаль, В.Булкiн ды iнш.). Але давесьцi гэту адмену аўтахтоннай мадэлi паходжаньня беларусаў не лягчэй за папярэднюю ёй мiграцыйную. Бо яна адразу ўваходзiць у супярэчнасьць з цэлай гаймай фактаў, якiя iначай, як тэрмiнамі балцкай прысутнасьцi на Беларусi з самых раньнiх, падлежных аналiзу, часоў, вытлумачыць нельга. Славянская ж аўтахтонная мадэль грунтуецца выключна на адным “неаспрэчным” факце — славянскiм характары гаворак Беларусi й беларускай лiтаратурнай мовы, прынамсi, за апошнiя некалькi стагодзьдзяў. Але гэта й ёсьць прыкладам тае самае “рэпрэсіўнасьцi” iнтэрпрэтатыўнай рэтраспэкцыi, гатовай без сумневаў перавытлумачваць мiнуласьць, зыходзячы з наяўнага сёньняшняга стану, а не наадварот — "расчытваць" сёньняшнi стан, адпаведна з разуменьнем мiнуўшчыны. Гэта ёсьць таксама й прыкладам зьмешваньня этна- й глётагенэтычнай праблематыкі, лягічнае quid pro quo. Паспрабуйма зусiм канспэктыўна прасачыць, якiя магчымасьцi дае этнагенэтычнаму дыскурсу так зразуметы тэзыс пра аўтахтоннасьць беларускага этнасу. Натуральна, багата што з падаванага нiжэй ня можа быць абмеркавана ў дэталях i, тым больш, у кожным выпадку адмыслова даведзена. Там, дзе гэта будзе магчыма, будуць давацца спасылы на працы адмыслоўцаў, хто даўней ужо выказваў тыя або iншыя думкi, рэлевантныя й у прыманым намi кантэксьце. 3. Падставовыя складнікі традыцыйнай культуры Беларусі: балцкі й славянскі, паганскі й хрысьціянскі Беларуская этнiчная тэрыторыя пачала складацца ў глыбокай старажытнасьцi. Неўзабаве па заканчэньнi апошняга ледавiковага пэрыяду адбываецца шырокае засяленьне паўночнае часткi Ўсходняй Эўропы першабытным чалавекам. На тэрыторыi будучай Беларусi з гэтага часу пачынаецца эпоха мэзалiту. Як сьведчаць дадзеныя археалёгii, засяленьне бальшынi тэрыторыi Беларусi ў мэзалiце адбылося ў вынiку мiграцый сюды нашчадкаў позьнепалеалiтычнага насельнiцтва з Паўднёва-Ўсходняй Беларусi й Рускай раўнiны. Верагодна, нейкая частка Паўднёва-Заходняй Беларусi была заселена нашчадкамi позьнепалеалiтычных плямёнаў Заходняй i Паўднёва-Заходняй Эўропы. Слабыя сувязi памiж рознымi групоўкамi адносна рэдкага яшчэ мэзалiтычнага насельнiцтва, ляндшафтавыя й клiматычныя асаблiвасьцi рэгiёнаў Беларусi, наяўнасьць цi адсутнасьць пэўных вiдаў сыравiны для вытворчасьцi прылад працы ды iншыя чыньнiкi паўплывалi на складваньне вiдочных лякальных асаблiвасьцяў мэзалiтычных культур на тэрыторыi Беларусi. Але наўрад цi гэта ёсьць сьведчаньнем рознаэтнiчнасьцi тагачаснага насельнiцтва. Iстотна, што з гэтага часу (позьнi мэзалiт) пачынаецца пэрыяд пераважна аўтахтоннага развою культур насельнiкаў Беларусi, і гэта цягам шэрагу наступных тысячагодзьдзяў будзе прадвызначаць адметнасьць этнакультурных працэсаў на нашай зямлi. Гэты — безумоўна, рызыкоўны з гледзiшча прыманых сёньня за абгрунтаваныя, этнагенэтычных канцэпцый — тэзыс падмацоўваецца, апроч дадзеных антрапалёгii, вiдочным супадзеньнем рэгiянальнага падзелу культур разьвiтага нэалiту Беларусi з арэаламi колiшнiх беларускiх мэзалiтычных культур, а таксама прыкметнай пераемнасьцю ў iхным развоi (Э.М.Загарульскi, 1977). Ня лiшне будзе заўважыць, што ўжо ў нэалiце (5—3 тыс. да н.э.) усталёўваецца пэўная аднароднасьць археалягiчных культур на тэрыторыi Беларусi (нарвенскай, нёманскай, днепра-данецкай, верхнедняпроўскай), якой, на думку некаторых дасьледнiкаў, магла адпавядаць i пэўная лiнгвiстычная (моўная) аднароднасьць (М.Чарняўскi, 1992). Разнастайныя факты дазваляюць суаднесьцi носьбiтаў гэтых нэалiтычных культур з рознымi групоўкамi iндаэўрапейцаў, пераважна — з “протабалтамi”. Нэалiтычная этна-культурная еднасьць Беларусi была часова парушана ў 3-iм тыс. да н.э. у вынiку пранiкненьня на Захад Беларусi з Усходняй Прыбалтыкi й Цэнтральнай Эўропы iндаэўрапейскiх плямёнаў, носьбiтаў культуры “шарападобных амфар”, якiя, верагодна, спрычынiлiся да фармаваньня некаторых асаблiвасьцяў позьняга этапу нёманскай культуры. Але ўжо на мяжы 3-га й 2-га тыс. да н.э. этна-культурная еднасьць Беларусi ўзнаўляецца ў вынiку распаўсюджаньня тут культуры “баявых сякер” або “шнуравой керамiкi”, якая, як, вiдаць, — слушна заўважае Э.М.Загарульскi — была ня гэтулькi этнiчнай азнакай, колькi азнакай новае эпохi (Э.М.Загарульскi, 1977). Сапраўды, гэтым часам звычайна датуецца пачатак беларускага бронзавага веку. На пачатку бронзавага веку бальшыня будучай этнiчнай тэрыторыi беларусаў характарызуецца досыць аднароднымi старажытнасьцямi сярэднедняпроўскае культуры (3 — пачатак 2-га тыс. да н.э.), якая, верагодна, дала асноўныя iмпульсы да ўтварэньня на пачатку 2-га тыс. да н.э. шэрагу амаль тоесных i, безумоўна, генэтычна роднасных культур (лубанскай у Паўднёва-Ўсходняй Латвii, паўночнабеларускай — у Беларускiм Паазер'i й частцы Смаленскай ды Пскоўскай вобласьцяў, мар'янаўскай — у Палесьсi й парэччы Дзясны, Сажа й Сейму, сосьнiцкай — у Верхнiм i часткова Сярэднiм Падняпроўi), якiм, на думку багата якiх дасьледнiкаў, ужо маглi адпавядаць пляменныя групоўкi ўсходнiх дняпроўскiх балтаў (В.В.Сядоў, I.I.Арцёменка, Э.М.Зайкоўскi, I.Лозэ ды iнш.). Блiзу тысячы гадоў доўжылася амаль бесьперапыннае разьвiцьцё гэтых культур, аж пакуль у пачатку — першай палове 1-га тыс. да н.э. на iхным грунце не паўсталi культуры жалезнага веку Беларусi — днепра-дзьвiнская, што ахапiла Смаленскае Падняпроўе, полацка-вiцебскую частку Падзьвiньня ды паўднёвую частку Пскоўшчыны; юхноўская ў басэйнах Дзясны й Сейму; верхнявокская ў вярхоўях Акi; мiлаградзкая ў басэйнах Прыпяцi й Дняпра й штрыхаванай керамiкi ў цэнтральнай Беларусi й паўднёва-ўсходнiх раёнах Лiтвы й Латвii. Нягледзячы на пэўныя адрознасьці першых трох згаданых культур ад дзьвюх апошнiх, ёсьць падставы лiчыць, што ўтвораны яны былi блiзкароднаснымi групоўкамi плямёнаў, што размаўлялi на блiзкiх адна адной мовах (адрозьненьнi — на ўзроўнi дыялектных). Бальшыня дасьледнiкаў не сумняецца, што носьбiтамi гэтых культур былi плямёны ўсходнiх, пераважна дняпроўскiх балтаў (напрыклад, Я.Шмiдт, 1992). Гэтая адносная этна-культурная й этналiнгвiстычная кантынуальнасьць была часткова парушана ў канцы 1-га тыс. да н.э. у вынiку мiграцыi ў раёны прыпяцкага Палесься й часткова ў Падняпроўе заходнебалцкiх (паводле В.Сядова), а, хутчэй, рознаэтнiчных, плямёнаў, якiя на нашых землях спрычынiлiся да ўтварэньня так званай зарубiнецкай культуры. У гэтым жа часе ў асноўным перапыняе сваё iснаваньне мiлаградзкая культура, носьбiты якое былi асымiляваны часткова “штрыхавiкамi”, а часткова “зарубiнцамi”. Але й сама зарубiнецкая культура праiснавала нядоўга, спынiўшы сваё разьвiцьцё ў 1-я стст. н.э. Верагодна, гэта было зьвязана з далейшай мiграцыяй носьбiтаў яе на ўсход i паўночны ўсход у арэал пражываньня юхноўскiх плямёнаў, дзе ў вынiку рознаскiраваных асымiляцыйных працэсаў паўстала мошчынская культура, якую атаесамляюць з культурай больш позьняй летапiснай голядзi (заходнiя балты). Днепра-дзьвiнская зона практычна не была закранута мiграцыяй зарубiнецкiх плямёнаў i працягвала сваё “бестурботнае” разьвiцьцё аж да канца 1-й паловы 1-га тыс. н.э. Сярэдзiна 1-га тыс. н.э. сталася пераломнай у этнiчнай гiсторыi нашых абшараў. Прыкладна ў гэтым часе адбываецца выключная ўнiфiкацыя культур блізка ўсяго разгляданага арэалу. Ёсьць падставы зьвязваць гэтую зьяву з далейшым расьсяленьнем плямёнаў дняпроўскiх балтаў у паўночназаходнiм i паўднёвым кiрунках. У вынiку гэтага пачынае складацца культура, якая па найбольш тыповых ейных помнiках атрымала назву банцараўска-тушамлiнска-калочынскай. Сярод найбольш выразных “культуралягiчных” адметнасьцяў гэтае культуры кiдаюцца ў вочы ейныя адмысловыя арэальныя характарыстыкi. Гэта бадай адзiная з раньнiх археалягiчных культур, межы максымальнага распаўсюджаньня якое амаль дакладна адпавядаюць больш позьнім межам расьсяленьня беларускага этнасу (лiнгвiстычным, этнаграфiчным, фальклёрным ды iнш.). Не выклiкае сумневаў дасьледнiкаў (за рэдкiм выняткам) балцкая моўная прыналежнасьць носьбiтаў гэтае культуры. Вiдочна, што культуру тыпу Банцараўшчыны-Тушамлi-Калочына можна з поўным правам лiчыць ужо ўласна “протабеларускай”. Пазьней, у канцы 1-га тыс. н.э., лякальныя адмены культуры тыпу Банцараўшчыны-Тушамлi-Калочына сталiся тым грунтам, на якiм паўсталi й разьвiлiся культуры летапiсных крывiчоў, радзiмiчаў i дрыгавiчоў. Сапраўды, дасьледаваньнi апошнiх дзесяцiгодзьдзяў выявiлi ці ня поўную генэтычную пераемнасьць банцараўска-тушамлiнскай культуры й культуры крывiцкiх даўгiх курганоў. Азначаецца ў лiтаратуры й пераемнасьць у разьвiцьцi калочынскае культуры й культуры летапiсных радзiмiчаў. Праблема генэтычных стасункаў банцараўскае культуры й дрыгавiцкiх старажытнасьцяў патрабуе новага паглыбленага вывучэньня. Зрэшты, на генэтычныя стасункi банцараўскай культуры з культурамi крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў абапiраўся за сваiм часам Л.Побаль, аднак выключна ў вiдалi аўтахтанiсцкай славянскай мадэлi. Прыкладна на мяжы 1-га й 2-га тыс. н.э. завяршаецца пераважна “балцкi” этап беларускага этнагенэзу. Адна з галоўных прычын гэтага — карэнная зьмена ў эканамiчным, палiтычным жыцьцi й iдэалёгii бальшынi тагачасных грамадзтваў Усходняй Эўропы. У гэтым часе адбываецца пераход да новых кшталтаў грамадзкiх аб'яднаньняў (на зьмену былым аб'яднаньням родавых i пляменных груповак паўстаюць першыя дзяржаўныя ўтварэньнi) i да новых кшталтаў грамадзкiх адносiн — фэадальных. Протагарадзкiя паселiшчы ранейшага часу ператвараюцца ў гарады — адмiнiстрацыйныя, культурныя, рамесьнiцкiя й гандлёвыя цэнтры. Гарады становяцца свайго роду кропкамi прыцягненьня для “шукальнiкаў лепшага жыцьця” з усiх куткоў тагачаснае айкумэны. Шчыльныя гандлёвыя сувязi гарадоў Усходняй Эўропы запачаткоўваюць тэндэнцыi да сьцiраньня рэгiянальных культурных асаблiвасьцяў i фармаваньня адносна аднароднай гарадзкой культуры, што ў лiтаратуры атрымала назву “старажытнарускай” (В.Сядоў, 1990). Апошняя была вiдавочным мэтаэтнiчным утварэньнем, яна ж патрабавала й пэўнае мэтаэтнiчнае лiнгвiстычнае неперарыўнасьцi ды аднароднасьцi. Ролю своеасаблiвага моўнага iнтэгратара з розных гiстарычных прычын пачалi выконваць розныя адмены славянскiх гаворак. Меншай цi большай унiфiкацыi іх паспрыяла распаўсюджаньне хрысьцiянства — ці не выключна ў асяродзьдзi гарадзкога насельнiцтва. Славянская мова на вялiкiм усходнеэўрапейскiм абшары стала функцыянаваць як свайго роду lingua franca, якая гарантавала ўзаемаразуменьне ня толькi славянам, але й балтам, германцам, фiна-вуграм i прадстаўнiком iншых этнасаў. Гэта зьява мела прыкметны эпахальны характар i была ў шчыльным зьвязку з адпаведнымi працэсамi ў астатняй Эўропе (прыгадайма адно ролю сярэднявечнае лацiны як культурнага iнтэгратара ў Заходняй Эўропе). Але адначасна гарады становяцца галоўнымi асяродкамi моўнай i культурнай асымiляцыi абарыгеннага насельнiцтва, на Беларусi — балцкага. Посьпеху асымiляцыйных працэсаў спрыялi дзьве акалiчнасьцi: 1) генэтычная роднаснасьць i заўважная структурная блiзкасьць балцкiх i славянскiх моваў; з прычыны большай эвалюцыйнай прасунутасьцi славянскiх моваў асымiляцыйныя працэсы маглi перакрыжоўвацца з эвалюцыйнымi, прычым, эвалюцыя тут была магчымай адно ў накiрунку “балцкiя мовы” —> “славянскiя мовы”, і нiколi наадварот; 2) перасяленьне на тэрыторыю Беларусi адносна нешматлiкiх груповак iншаэтнiчнага славянамоўнага насельнiцтва. Асымiляцыйны працэс доўжыўся некалькi стагодзьдзяў i, верагодна, сваёй крытычнай кропкi ён дасягнуў у ХIII—ХIV стст., пасьля чаго працэс славянiзацыi мясцовых балтаў стаў незваротным. У вынiку на вялiкiх абсягах, яшчэ нядаўна занятых носьбiтамi балцкай “банцараўскай” культуры, запанаваў пэўны кшталт славянскай гаворкi, якая з адпаведнымi дапушчэньнямі можа быць названа “старабеларускай”. Але балцкi лiнгвiстычны субстрат беларускай мовы яшчэ й сёньня выразна праяўляе сябе ў гайме лексычных балтызмаў, што захоўваюць i актыўна выкарыстоўваюць беларускiя гаворкi й лiтаратурная мова, у фанэтычным, марфалягiчным ды сынтаксычным ладзе беларускай мовы, у беларускай гiдра-, топа- й антрапанiмii. Як было заўважана на памянёнай канфэрэнцыi, агульная колькасьць беларускiх лексычных балтызмаў значна перавышае тыя некалькi соцень прыкладаў, што зазвычай фiгуравалi ў лiнгвiстычнай лiтаратуры (В.Мартынаў, I.Лучыц-Федарэц, С.Прохарава, С.Санько). Апублiкаваныя ўжо матэрыялы “Этымалягiчнага слоўнiка беларускай мовы” павялiчваюць вядомыя сьпiсы цi не ўдвая (В.Мартынаў). Выглядае пэрспэктыўным у гэтым сэнсе вывучэньне сынтаксычных балтызмаў, наагул вывучаных яшчэ надзвычай слаба (гэты прагал быў запоўнены хіба што працамi С.Прохаравай). Азначаныя акалiчнасьцi даюць падставы гаварыць не адно пра балцкi субстрат беларускай мовы, але й пра балцкi iнгрыдыент у ёй. Аднак гэты “пакрыёмы” плян беларускай мовы патрабуе больш мэтадычнай эксплiкацыi. Канчаткова ўласна беларускi этнас складаецца ў сваiх яшчэ дагiстарычных культурных межах (арэал банцараўскае культуры) за часамі Вялiкага княства Лiтоўскага — супольнае дзяржавы продкаў сучасных беларусаў i лiтоўцаў, а часткова — рускiх i ўкраiнцаў. У гэтых спрадвечных межах i застаюць беларускi этнас пазьнейшыя этноґрафы й дыялектолягi. Падсумоўваючы, можна сказаць, 1) што ў аснове беларускага этнагенэзу былi, безумоўна, мясцовыя балтамоўныя этнiчныя групоўкi, 2) што сапраўднай праблемай зьяўляецца тут ня столькi высьвятленьне ролi балтаў у беларускiм этнагенэзе (яна вiдочная), колькi ролi славян, а таксама таго, як, пры якiх умовах, калi адбывалася моўная асымiляцыя (славянiзацыя) мясцовага насельнiцтва, якая роля належала ў гэтым працэсе тым ня надта шматлiкiм, калi даваць веры археалягiчным крынiцам, славянскiм перасяленцам пераважна ў заходнiх раёнах Беларусi. Калi ж вывесьці формулу беларускага этнагенэзу каротка, то можна сказаць, што беларусы — гэта славянамоўныя балты. Якiя гэта можа мець культуралягiчныя наступствы, пакажа будучыня. Літаратура 1. Мядзьведзеў А. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку (VIII ст. да н.э. — VIII ст.н.э.) // Беларускі гістарычны агляд. 1994. Т. І. Сшыт. 1. С. 15—37. 2. Цветкова Н.Н. Антропологический материал как исторический источник // Славяне: Этногенез и этническая история (Междисциплинарные исследования). Л., 1989. С. 18—25.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||