|
ПАРТНЭРЫ



НАШ БАНЭР

НАДВОР'Е
 |
Галоўная >>> Студэнцкія праекты >>> Газэта "Анціпод" № 1-2002
КОНКУРС "АПРАНІ МІЛІЦЫЯНТА"
Калі я сустракаю каго-небудзь зь міліцыянтаў, то чамусьці адразу прыгадваю суседзкага далмацінца, а на языку ў мяне сам сабою пачынае круціцца “залаты шлягер” Барыса Майсеева “Голубая луна”. Асабіста я нічога ня маю супраць нашых праваахоўнікаў, але хто ж над імі так злосна пазьдзекаваўся, зрабіўшы лапістай іхную форму й пафарбаваўшы яе ў незразумелы для вока колер? Што праўда, на параўнаньне з далмацінцамі бальшыня ўладальнікаў падобнай формы ўжо нават і не рэагуе, бо звыклася, але калі нагадваеш ім пра “нетрадыцыйную” афарбоўку, некаторыя ўсё яшчэ крыўдзяцца: “Не блакітныя мы! Мы колеру дажджавых хмарак...”

Цікава, на што разьлічваў гэты супэрарыгінальны кутур'е, калі прыдумваў такога кшталту касьцюмчыкі? Можа, на тое, што апранутыя ў іх хлопцы падчас несанкцыяваных акцыяў будуць зьлівацца з колерам асфальту? А можа на тое, што ад лішку вольнага часу міліцыянты будуць блукаць па вуліцах, уяўляючы сябе казачнымі вожыкамі зь вядомага савецкага мультшэдэўру “Ёжик в тумане”? Калі так, то ён пралічыўся, бо на асфальце часьцей за ўсё аказваюцца не міліцыянты, а нястомныя актывісты з розных палітычных груповак. А цягацца па затуманеных вуліцах праваахоўнікам ня вельмі хочацца, ды й няма калі — працы па шыю.
Вось я й думаю, чаму б нам не пашкадаваць нашых абаронцаў і не дапамагчы ім? Абвяшчаецца конкурс на лепшую міліцэйскую форму. Галоўныя крытэры адбору — арыгінальнасьць і практычнасьць. Лепшыя эскізы будуць надрукаваныя на старонках нашай газэты. Праяві фантазію — апрані міліцыянта!
Куратар конкурсу Ксенія ЯЦУК
 |
|
Конкурс
"Апрані міліцыянта" |
|
 |
|
|