ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

АНАЛІТЫКА

 

ЗМЕСТ ДРУКАВАНЫХ МЕДЫЯ І ЗАПАТРАБАВАННІ АЎДЫТОРЫІ

Даклад 1

 

Уводзіны

Рэзюме

Тэкставы аналіз і вынікі апытання

Высновы і рэкамендацыі

ДАКЛАД 2

Высновы і рэкамендацыі

1. Аналізаваныя недзяржаўныя газеты выразна адрозніваюцца адна ад адной паводле меры сваёй палітычнай заангажаванасці/незаангажаванасці. З аднаго боку, гэта выданні, што падкрэсліваюць сваю апалітычнасць, а з другога (з прычыны адсутнасці палітычнага дыстанцыянавання), некаторыя з іх можна разглядаць як друкаваныя органы апазіцыйных партый і аб’яднанняў;

2. Структурная выбудова (агранізацыя) зместавай прасторы застаецца важнай праблемай, вырашэнне якой палягае ў стварэнні выразнай сістэмы рубрыкацыі і пэўнай “спецыялізацыі” падрубрык, адмыслова прызначаных для чытачоў розных узроставых груп і рознага адукацыйнага ўзроўня;

3. Большасці аналізаваных недзяржаўных выданняў відавочна не хапае медыйнага “драйву” — то бок стаўлення да сваіх тэкстаў як да прадукта, які мусіць быць энергетычным, атракцыйным, драматургічным і зробленым як сапраўдны “гіт” — ад загалоўка да фінальнай кропкі. Тэхналогіі “спакушэння” — моцны рэсурс пашырэння аўдыторыі;

4. Пэўная колькасць матэрыялаў, друкаваных у недзяржаўнай прэсе, уяўляюць з сябе інсэст несумяшчальных дыскурсаў: савецкага, постсавецкага, адраджэнскага, беларусацэнтрычнага і дэмакратычнага. Гэта безумоўна сведчыць пра пераходны стан беларускага грамадства. Каб пазбавіцца гэткай мяшанкі, патрэбнае шырокае культываванне крытычнага стаўлення да рэчаіснасці і яе праяваў (замест апазіцыйнасці). Апошняя задача ёсць надзвычай актуальнай і важнай для недзяржаўнай прэсы;

5. Сур’ёзнай з’яўляецца таксама і праблема якасных узораў: большасць даследаваных выданняў выглядае (з пункту гледжання структуры прасторы, якасці тэкстаў і дызайну) як клоны рэгіянальных расейскіх выданняў — то бок працуе на абсалютна “засмечанай” глебе. Ратуе рэгіянальная фактура. Але ў гэткім фармаце развівацца збольшага немагчыма. Патрэбны новыя далягляды (у тым ліку, сыходзячы і з досведу заходніх суседзяў);

6. Хаця ўсе аналізаваныя недзяржаўныя газеты з’яўляюцца беларусацэнтрычнымі, аднак відавочны “перабор” у сістэме спасылак на карысць расійскай культуры (зразумела, — вынік аднабаковай адукацыі і русіфікацыі). Дарэчы адзначыць, што гэтая выснова добра карэлюецца з адзначаным вышэй завузкім кантэкстам суседзяў, што не з’яўляецца выпадковым. Бо погляд на “усход”, які культываваўся за саветамі, быў насамрэч адным з ідэалагічных сродкаў усталявання жалезнай заслоны ды герметычнасці заходніх межаў былога СССР;

7. Поліфанічнасць пазіцый і меркаванняў рэпрэзентаваных у змесце недзяржаўнай прэсы — звужаная, што можна патлумачыць як яе прымусовай гетаізацыяй (штучна створаныя перашкоды на шляху распаўсюду і эканамічная дыскрымінацыя), так і некаторай (непераадоленай) апазіцыйнасцю;

8. Нягледзячы на тое, што практычна ўсе газеты імкнуцца падтрымліваць зваротную сувязь, недзяржаўнай прэсе бракуе шырокай інтэрактыўнасці, чытацкіх дыскусій і абмеркавання грамадскіх, культурных, эканамічных ды іншых праблемаў па-за межамі “традыцыйнай” мадэлі — “што мы надрукавалі, тое вы і будзеце чытаць”. Гэтую праблему можна праінтэрпрэтаваць і так: чытачы жадаюць бачыць у газеце не больш журналісцкіх матэрыялаў, а больш “саміх сябе”. Высокі адсотак тых, хто лічыць, што газета мусіць цікавіцца меркаваннямі звычайных людзей, паказвае: у недзяржаўнай прэсы ёсць вялікі рэсурс узбагачэння зместу і, адпаведна, пашырэння сваіх аўдыторый;

9. З апытання чытачоў практычна ўсіх недзяржаўных выданняў вынікае, што прапанаваны ім “кантэкст суседзяў” — завузкі. Адсутнасць шырокага кантэксту адназначна прыводзіць да правінцыялізацыі прэсы (яшчэ ў большай ступені гэта тычыцца дзяржаўных медыа), робіць яе чытачоў “закладнікамі” апрычонай беларускай сітуацыі і тым самым падтрымлівае стан закрытасці беларускага грамадства;

10. Паказальнымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца пажаданні чытачоў адносна больш шырокага асвятлення такіх тэмаў, як “навука і навуковы прагрэс”, “культура” ды “гісторыя”. Відавочна, што гэтыя тэмы не толькі разбураюць стан правінцыйнасці, але і істотна пашыраюць культурніцкі і нтэлектуальны кантэкст, выбудоўваючы тым самым зусім іншыя перспектывы ўспрыняцця сітуацыі як навонкі, так і ўнутры Беларусі;

11. Аналізаваная дзяржаўная прэса відавочна ёсць інструментам рэалізацыі ініцыятываў улады ды палітычнай індактрынацыі, што цалкам вызначае яе змест і спосабы падачы інфармацыі. Селектыўны падыход да інфармацыі мае на мэце зрабіць чутным толькі адзін голас і тым самым маргіналізаваць, перадусім, палітычных апанентаў рэжыму, але таксама і шмат якіх іншых актораў, што існуюць па-за межамі вызначанай уладамі прасторы.

Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, Максім Жбанкоў

Мінск, Беларусь

24 красавіка 2009 г.

 

 

Высновы і рэкамендацыі

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY