|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
АНАЛІТЫКА
ЗМЕСТ ДРУКАВАНЫХ МЕДЫЯ І ЗАПАТРАБАВАННІ АЎДЫТОРЫІ |
|
Тэкставы аналіз і |
Тэкставы аналіз і вынікі апытання 1. Народная Воля (НВ)Газета выходзіць чатырма (падвоенымі) нумарамі два разы на тыдзень. Наклад 11.000 асобнікаў. Было апытана 9 журналістаў і 83 чытача газеты. Паводле ўзроставага цэнзу 43,5 % — маладыя людзі, 38,5% — чытачы актыўнага працоўнага ўзросту і 18% — пенсіянеры [1]. Апытаныя — асобы з самым розным адукацыйным статусам [2]. Анкетаванне праводзілася ў Мінску, Магілёве, Берасці і Наваполацку ў перыяд з лістапада 2008 па сярэдзіну студзеня 2009 г. Аналіз зместу выдання рабіўся на падставе адвольна абраных 16 нумароў газеты (ад №№131—132 — 4 верасня 2008 г. па №№185—186 — 5—8 снежня 2008 г.). Структура выдання Паводле структуры выданне набліжана да фармату “штодзённай” агульнанацыянальнай газеты. З вядомых прычынаў рэклама ў газеце адсутнічае. Змест выдання фармуюць галоўным чынам два блокі: інфармацыя (падзеі і каментары да іх) агульнанацыянальнага характару (газета, вядома, закранае і рэгіянальныя праблемы) і інфармацыя з-за межаў краіны. Разам з тым заўважнае месца займаюць матэрыялы, прысвечаныя культуры Беларусі. Частка матэрыялаў — выразна апазіцыйнага характару, што сведчыць пра пэўную палітычную заангажаванасць выдання. Таму парадаксальна выглядае той факт, што газета не мае рубрыкі “Палітыка”(!). Арганізацыя зместу газеты (сістэма рубрыкацыі) надзвычай адвольная, што ўскладняе арыентацыю чытача і стварае ўражаннне інфармацыйнага хаосу. Разам з тым, нават і тая сістэма (вялікіх, палосных) рубрык, якую газета выкарыстоўвае, не з’яўляецца ўстойлівай. Напрыклад, рубрыка “Эканоміка” прысутнічае ў №№ 131—132, 141—143, 147—148 (трэцяя паласа газеты). Але ў №№ 163—164, 165—166,171—172, 181—182, 185—185 яе ўжо няма. У № 183—184 яна з’яўляецца зноў, аднак не на трэцяй, а на чацвёртай паласе. У шэрагу нумароў рубрыку “Эканоміка” замяняе рубрыка “Беларусь”, якая да таго ж можа займаць і другую, і чацвёртую палосы. Гэткім чынам, нават асноўныя рубрыкі газеты адвольна “мігруюць” з адной паласы на другую ці ўвогуле могуць знікаць. Варта паставіць пад сумнеў і назвы некаторых рубрык, а таксама тое, наколькі яны адэкватна адлюстроўваюць (рэпрэзентуюць) змест паласы. Напрыклад, возьмем рубрыку “Беларусь”. Ці можна наперад здагадацца, матэрыялы якога характару ў ёй будуць апублікаваныя? На эканамічную, палітычную, праваабарончую ці якую іншую тэму? Тое ж тычыцца і такіх рубрык, як “Розгалас” ці “Люстэрка”. Назва палоснай рубрыкі “Закуліссе” адсылае да тэатра, але ў ёй можна прачытаць пра мастацкія выставы, кіно, кошты на карэйскія аўто, італьянскі дызайн і новую традыцыю толькі што пабраных шлюбам маладых людзей наведваць Нацыянальны мастацкі музей (!). У газеце, якая арыентуецца на фармат штодзённай, алагічна выглядае адсутнасць і сістэмнай рубрыкі “Спорт”. У 16 аналізаваных нумарах яна з’яўляецца толькі 2 разы. Шматлікія падрубрыкі газеты ўяўляюць з сябе яшчэ больш заблытаную сістэму “навігацыі”. Усяго толькі ў трох нумарах газеты мы налічылі больш за 50 падрубрык (!). Прычым некаторыя з іх паўтараюць адна адну. Напрыклад, “Что там в Чехии?” і “Новости Чехии”, “Слышали?” і “Чулі?”. Да таго ж многія назвы падрубрык аніякім чынам не адсылаюць да зместу матэрыялаў, а толькі выяўляюць эмацыйную рэакцыю журналістаў. Напрыклад, “Ну і ну!”, “Наболелое”, “Дикость” і г.д. Пераважная большасць тэкстаў выдання — арыгінальныя. Гэта альбо журналісцкія матэрыялы, альбо лісты, допісы і артыкулы, прысланыя як “шараговымі” чытачамі, так і вядомымі публічнымі асобамі. Запазычаных матэрыялаў у газеце не вельмі шмат, хаця яны, безумоўна, разнастаяць яе змест. Нягледзячы на тое, што бальшыня ўласных матэрыялаў зроблена якасна, асвятленне газетай некаторых праблемных тэмаў вымагае больш прафесійнага падыходу. Звернемся, напрыклад, да тэмы рэстаўрацыі Нясвіжскага замка, якой газета (№№ 147—148) прысвяціла амаль цэлую паласу. Інфармацыйнай нагодай сталася ўрачыстае адкрыццё першага комплекса Нацыянальна-гістарычнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Аднак за гэтай урачыстай падзеяй, як высвятляецца, “хаваецца” праблема — якасць рэстаўрацыйных работ. Хаця скласці канкрэтнае ўяўленне пра сутнасць праблемы даволі цяжка. Бо замест інтэрв’ю з адмыслоўцамі і ацэнкі якасці праведзеных работ незалежнымі экспертамі, газета прапануе чытачу журналісцкі матэрыял “Экскурсія з чорнага ўваходу” пад рубрыкай “Уражанні”(?), што базуюцца на расповедах вартаўніка музея, дзядзькі Міхася, які экскурсіямі, як адзначае журналістка, зарабляе сабе на гарэлку. Асобныя матэрыялы газеты — залішне грувасткія. Яны хутчэй нагадваюць артыкулы часопіснага фармату, а не газетныя публікацыі. Напрыклад, матэрыял“Украина: близкая далёкая” надрукаваны з працягам у наступным нумары. Гэты цікавы (і на важную тэму) артыкул у скарочаным выглядзе чытаўся б больш дынамічна. Да таго ж значнасць праблемаў некаторых аб’ёмных матэрыялаў выклікае сур’ёзны сумнеў. Напрыклад, гэта тычыцца публікацыі ў №№171—172 пад “хэмінгуэеўскай” назвай “Старик и Президент”. У ёй (памерам амаль у паўтары паласы (!) — фрагменты перапіскі ветэрана савецка-нямецкай вайны з рознымі дзяржаўнымі інстанцыямі і журналісцкі каментар. Сутнасць праблемы ў наступным: ветэран моцна верыць прэзідэнту Лукашэнка і хоча, каб той купіў ці падараваў яму “Шуйскую гармонь”. (Сюжэт, між іншым, нагадвае пераднавагоднія пасланні маленькіх дзетак Дзеду Марозу, якія вераць, што той абавязкова выканае іхныя пажаданні). Асабліва “кранальная” дэталь — малюнкі гармоні, якую ветэран хацеў бы атрымаць у падарунак, зробленыя ім самім. (Гэтыя малюнкі газета таксама публікуе [3]). Аўтар артыкула (С. Ваганаў) чамусьці не заўважыў, што лісты ветэрана напісаныя ў савецка-дэмагагічнай, хоць і перакуленай на апазіцыйны лад, стылістыцы. (“Я люблю свою Родину и верю, как отцу, президенту и прошу одно — не растоптать моей Веры”).Гэта надае публікацыі абсурдысцкі характар. А яшчэ больш абсурдна выглядае тое, што журналіст спрабуе рэпрэзентаваць гэтую гісторыю як апазіцыйнае супрацьстаянне (пакрыўджанага) ветэрана (несправядлівай) уладзе. Некаторыя матэрыялы выдання ў ідэалагічным плане з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі. Напрыклад, у №№147—148 друкуецца матэрыял пад назвай “Как память и предостережение. В Варшаве открылся музей коммунизма”, “чтобы показать, как эта сумасшедшая утопия родилась, обрела власть над умами и государствами, как она разрушала экономику и каким является ее неизбежный и окончательный крах по причине собственной дегенеративности”. А ў №№183—184 з’яўляецца вялікі артыкул С. Ваганава, прысвечаны камуністычнаму лідэру Беларусі П. Машэраву, у якім той выглядае прасветленым кіраўніком і ледзве не дысідэнтам ці, прынамсі, антыподам “кремлёвской верхушки”, па якім дасюль настальгуюць самыя розныя людзі, у тым ліку і ў апазіцыйных колах. Як піша аўтар артыкула: “И в оппозиционной среде можно услышать: “Вот если бы Машеров был жив!” . Ці не азначаюць падобныя цверджанні, што наша апазіцыя дагэтуль так і не пераадолела ў сабе камуністычныя комплексы? Некаторыя матэрыялы газеты, зробленыя ў фармаце аналітычнага агляду, насамрэч такімі не з’яўляюцца. Гэта азначае, што тут аналітыка сваім вынікам мае не апісанне прыхаванай (невідавочнай) рэчаіснасці, а ўсяго толькі “прапаганду наадварот”. Напрыклад, у №№143—144 (ад 25 верасня 2008 г.) на трэцяй паласе два матэрыялы прысвечаныя росту цэн у Беларусі (другі матэрыял з’яўляецца “БелаПАН”аўскім). Агульная тэндэнцыя, якая “праглядаецца” з абодвух матэрыялаў — імклівы рост цэнаў на прадукты харчавання і паслугі. Аднак якую выснову з гэтага мусяць зрабіць чытачы “НВ”? Усё так кепска, што даводзіцца эканоміць на здароўі (як тое спрабуе давесці аўтар артыкула І. Грышан)? Але ці адпавядае гэта сапраўднасці? І чаму, напрыклад, у “аналітычным аглядзе” не пададзена дынаміка росту заработных плат і пенсій, каб ацаніць рэальнае становішча прадстаўнікоў розных сацыяльных групаў? Ці не супярэчыла б тады гэтае параўнанне стыхійнай выснове: “просто ужас, что делается”? Карацей кажучы, газеце часам бракуе выразна рацыянальнага (крытычнага) стаўлення да тых з’яваў і асобаў, якія з фармальнага пункту гледжання патрапляюць у кантэкст “апазіцыйнай” праблематыкі. Да таго ж у некаторых выпадках замест “погляду з боку” газета абірае пазіцыю “асабістай заангажаванасці”, што набліжае яе да партыйных выданняў і тым самым супярэчыць дэклараванаму статусу — “незалежная беларуская газета”. (Адзін з прыкладаў такой “заангажаванасці” — публікацыя заявы Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі (№№ 131—132). Адсутнасць хоць якога каментара да гэтага дакумента стварае ўражанне, што газета сама ёсць часткай АДС). Залішняя палітызаванасць некаторых тэмаў звужае поліфанічнасць рэпрэзентаваных пазіцый і меркаванняў. Перадусім у “НВ” слаба рэпрэзентаваныя меркаванні тых, хто не разглядае сябе ў межах палітычнага супрацьстаяння “мы — яны”. Тут маюцца на ўвазе не “пафігісты”, а значная колькасць звычайных беларусаў, для якіх ані ўлада, ані апазіцыя не з’яўляюцца вызначальнымі чыннікамі іхняга жыцця. У аналізаваных нумарах практычна адсутнічаюць апытанні сярод “простых людзей” датычна іх эканамічных і сацыяльных праблемаў , што дазволіла б вызначыць шырэйшы спектр меркаванняў, характэрных для прадстаўнікоў самых розных сацыяльных груповак. А таму часам складваецца ўражанне, што газета перадусім разлічаная на людзей, незадаволеных і пакрыўджаных рэжымам. З аналізу зместу рубрыкі “Свет” вынікае, што “НВ” дастаткова добра рэпрэзентуе палітычны кантэкст не толькі непасрэдных суседзяў Беларусі, але і некаторых іншых краінаў (напрыклад, ЗША). Разам з тым газета практычна не звяртае ўвагі на суседзяў. Чытачу дастаткова цяжка скласці ўяўленне пра сацыяльныя і эканамічныя праблемы (за выключэннем, бадай, Расіі), што існуюць у суседніх краінах. Далей звернемся да дадзеных апытання, каб канкрэтызаваць зробленыя вышэй высновы. Пададзеныя ніжэй Табліцы 1—3 выяўляюць пажаданні (меркаванні) чытачоў і журналістаў адносна аб’ёму асвятлення тэмаў, на якія піша альбо не піша выданне. Звернемся непасрэдна да табліцаў. З усіх трох табліцаў вынікае, што пажаданні чытачоў (друкаваць болей аналітычных матэрыялаў, газета мусіць болей цікавіцца думкамі людзей) маюць быць узятыя пад увагу. Сваё пазітыўнае стаўленне на карысць гэтых дзвюх названых пазіцый выказала большасць прадстаўнікоў усіх трох узроставых груп. Датычна першага пытання адказы чытачоў можна праінтэрпрэтаваць і такім чынам: газеце не хапае якаснай журналісцкай аналітыкі. Варта тут таксама зазначыць, што большасць чытачоў газеты — гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, а значыць, з больш высокім узроўнем крытычнага стаўлення да любых цверджанняў, што не базуюцца на рацыянальных аргументах. Адказы на пытанне, ці мусіць газета болей цікавіцца думкамі людзей выяўляюць традыцыйнаю няўвагу да грамадскай апініі ў нашай краіне, тады як культываванне такой ўвагі — відавочны спосаб пашырыць аўдыторыю. Зрабіць гэта можна ў тым ліку і праз выбудову іерархіі асвятлення тэмаў і праблемаў адпаведна крытэру чытацкіх інтарэсаў. Калі ж мы ў тых жа самых табліцах звернемся да адказаў журналістаў “НВ”, то ўбачым, што меркаванні апошніх хоць і блізкія пажаданням чытачоў па шэрагу пазіцый, аднак паводле іншых пазіцый маюць быць скарэктаваныя на карысць чытачоў. (Гл., напрыклад, пазіцыю — “друкаваць болей забаўляльных матэрыялаў”. Тут чытачы газеты “прадэманстравалі” больш вызначанае за журналістаў (адмоўнае) стаўленне). Табліца 1. Чытачы (36) узроставай групы да 30 гадоў
Табліца 2. Чытачы (32) узроставай групы 30—60 гадоў
Табліца 3. Чытачы (15) узроставай групы ад 60 гадоў
Кароткі каментар: Варта звярнуць увагу на тое, што прадстаўнікі ўсіх трох узроставых групаў выказаліся за больш шырокае асвятлення тэмы “Культура”. Прычым колькасць апанентаў мінімальная, што паказвае на “бесканфліктнасць” разгортвання гэтай тэмы. Падобная тэндэнцыя прасочваецца і датычна тэмы “Гісторыя”. Тэмы, прапанаваныя чытачамі Узроставая група да 30 гадоў. Прапанаваныя тэмы: — адукацыя — 4; — палітыка розных краін у дачыненні да Беларусі — 3; — агляды навінак літаратуры, кіно, музыкі, Інтэрнету — 2; — экалагічныя праблемы — 2; — праблемы рэстаўрацыі — 1; — беларускае войска — 1. Тэмы, прапанаваныя чытачамі Узроставая група 30—60 гадоў. Паводле меркавання чытачоў гэтай групы, газета мусіць пісаць таксама і на наступныя тэмы: — праблемы нацыянальнай ідэнтычнасці — 4; — прававыя праблемы — 3; — адукацыя — 2; — дзейнасць мясцовых уладаў — 1. Узроставая група 60 гадоў і болей. Прапанаваныя тэмы: — экалагічныя праблемы — 1; — судова-прававая сістэма краіны — 1. Кароткі каментар: Калі меркаваць па колькасці прапанаваных чытачамі тэмаў, дык змест газеты “найбольш” задавальняе людзей узроставай групы ад 60 гадоў і “найменей” — самых маладых чытачоў “НВ”. Рэгулярнасць чытання газеты
Афармленне выдання
Кароткі каментар: Як можна бачыць з табліцы “Рэгулярнасць чытання газеты”, аснову аўдыторыі “НВ” складаюць людзі актыўнага працоўнага ўзросту і сталага веку. Афармленне выдання “найбольш” задавальняе людзей узроставай групы ад 60 гадоў і “найменей” — самых маладых чытачоў “НВ”. Каб павялічыць наклад выдання неабходна (апытанне журналістаў): — дадаць іншыя тэматычныя накірункі — 8; — знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання — 7; — пашырыць рэкламную кампанію — 6; — палепшыць дызайн — 5; — трэба дачакацца палітычных і эканамічных зменаў у краіне — 3; — зрабіць змест выдання больш сур’ёзным — 1; — зрабіць змест выдання больш лёгкім — 1. Кароткі каментар: Варта адзначыць, што журналісты выдання зусім слушна (бо гэта добра карэлюецца з пажаданнямі чытачоў і некаторымі вынікамі апытання ў табліцах 1—3) аддалі перавагу пункту “дадаць іншыя тэматычныя накірункі”. Суадносны рэйтынг газет Паводле крытэру: поўнае і праўдзівае адлюстраванне агульнай сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне. (Заўвага: у частцы анкетаў для чытачоў “НВ” у прапанаваным спісе газет адсутнічала назва гэтага выдання (каля 40% анкетаў). Разам з тым рэспандэнты ў графе “Іншыя выданні” мелі мажлівасць адзначыць неназваныя газеты, у тым ліку і “НВ”. З тае прычыны, што гэтая акалічнасць выклікала рэзка негатыўную рэакцыю галоўнага рэдактара, ніжэй прыводзім таксама рэйтынгавую ацэнку “НВ” чытачамі іншых газет, у анкетах якіх названае выданне прысутнічала абавязкова). Чытачы “НВ” (узроставая група да 30 гадоў, 56 галасаванняў): “Наша Ніва”— 41% (23); “БелГазета”— 19,6% (11); “Народная Воля” — 16% (9); “Комсомольская правда в Беларуси”— 8,9% (5); “Новы час” — 5,4%(3); “Звязда”— 3,6% (2); “Белорусы и рынок” — 2,75% (1); “Свободные новости” — 2,75% (1); “Советская Белоруссия”(СБ) — 0% (0); Узроставая група 30—60 гадоў, 52 галасавання: “Наша Ніва”— 40% (21); “БелГазета”—15% (8); “Народная Воля” — 13,5% (7); “Комсомольская правда в Беларуси”—13,5% (7); “Советская Белоруссия”(СБ) — 6% (3); “Звязда”— 4% (2); “Новы час” — 4%(2); “Белорусы и рынок” — 2%(1); “7 дней”— 2% (1); Узроставая група ад 60 гадоў, 22 галасавання: “Народная Воля” — 45,5% (10); “Наша Ніва” — 22,7% (5); “БелГазета” — 18% (4); “Комсомольская правда в Беларуси” — 9% (2); “Звязда” — 4,8% (1); Журналісты (18 галасаванняў): “Народная Воля” — 50% (9); “Наша Ніва” — 22,2% (4); “Комсомольская правда в Беларуси” — 22,2 % (4); “БелГазета” — 12,2% (2); “Белорусы и рынок” — (0); “Аргументы и факты” — (0); “Советская Белоруссия”(СБ) — (0); “Звязда” — 0; “Народная Воля” — 0; “7 дней” — 0; “Народная газета” — 0; “Мінская праўда” — 0; Чытачы газеты “Наша Ніва” Ва ўзроставай групе да 30 гадоў “НВ” у першай тройцы не прысутнічае. Узроставая група 30—60 гадоў, (109 галасаванняў): “Наша Ніва” — 36% (39); “Народная Воля” — 20% (22); “Комсомольская правда в Беларуси” — 11% (12); Узроставая група ад 60 гадоў, (44 галасаванні): “Наша Ніва” — 39% (17); “Народная Воля” — 34% (15); “БелГазета” — 5% (2); Чытачы “Рэгіянальнай газеты” У першых дзвюх узроставых групах “НВ” у першай тройцы не прысутнічае. Узроставая група ад 60 гадоў, (42 галасаванні): “Рэгіянальная газета” — 19% (8); “Комсомольская правда в Беларуси”— 16,66% (7); “Народная Воля” — 14,3% (6); Чытачы “Газеты Слонімскай” Узроставая група 14—30 гадоў (23 галасавання): “Комсомольская правда в Беларуси” — 44% (10); “Народная Воля” — 21% (5); “Советская Белоруссия”(СБ) — 9% (2); Узроставая група 30—60 гадоў (73 галасаванні): “Комсомольская правда в Беларуси” — 29% (21); “Советская Белоруссия”(СБ) — 23% (17); “Народная Воля” — 16% (12); Узроставая група ад 60 гадоў, (9 галасаванняў): “Народная Воля” — 22% (2); “Комсомольская правда в Беларуси”— 11% (1); “Советская Белоруссия”(СБ) — 11 (1); Чытачы “Intex-press” Ва ўсіх узроставых групах “НВ” у першай тройцы не прысутнічае. “Брестский курьер” Узроставая група да 30 гадоў (7 галасаванняў) “Комсомольская правда в Беларуси” — 29% (2); “7 дней” — 29% (2); “Народная Воля” 14% (1); Узроставая група 30—60 гадоў, (58 галасаванняў) “Комсомольская правда в Беларуси” — 22% (13); “Народная Воля” — 21% (12); “БелГазета” — 17% (10); Узроставая група ад 60 гадоў, (10 галасаваньняў) “Народная Воля” 20% (2); “БелГазета” 20% (2); Товарищ — 20% (2); Кароткі каментар: Відавочна, што сярод чытачоў недзяржаўнай прэсы “НВ” мае стабільна высокі рэйтынг. За выключэннем меркавання чытачоў “Intex-press” і “Рэгіянальнай газеты”, яна ўваходзіць у першую тройку найбольш вядомых і аўтарытэтных газет ва ўзроставых групах ад 30 да 60 і ад 60 гадоў. Другая відавочная заканамернасць палягае на тым, што ва ўзроставай групе ад 60 гадоў газета мае самы высокі рэйтынг. І, нарэшце, ва ўзроставай групе да 30 гадоў “НВ” не мае відавочнага лідэрства. Гэта дае падставу дапусціць, што ўзроставая структура аўдыторыі “НВ” ссунута ў бок людзей сталага веку. Адна з прычынаў гэтага, безумоўна, — штучна абмежаваны распаўсюд (ды іншыя цяжкасці, створаныя ўладай на шляху газеты да чытача). Таму ў ліку чытачоў засталіся самыя верныя прыхільнікі, якія старэлі, так бы мовіць, разам з газетай. Іншай прычынай такой структуры аўдыторыі можа быць і ідэалагічная скіраванасць выдання на падтрымку тытульнай апазіцыі, якая цягам апошніх дзесяці год устойліва губляла сваіх прыхільнікаў і сама “старэла”, губляючы прыхільнікаў з ліку маладых людзей. Што да меркавання журналістаў іншых недзяржаўных выданняў, дык суадносны рэйтынг “НВ” крыху ніжэйшы за рэйтынг чытацкіх прыхільнасцяў. У сваю чаргу, журналісты “Народнай волі” хаця ўсе без выключэння і выказаліся на карысць сваёй газеты, тым не менш дастаткова высока ацанілі працу сваіх калег з “НН” і “КП”. Дарэчы, нягледзячы на тое, што ні ў воднай анкеце для журналістаў “Народная воля” не фігуравала ў агульным спісе, ніхто з журналістаў гэтага выдання не прамінуў упісаць яе ў графе “Іншая газета”. 2. Наша НіваТыднёвік, наклад 5 520 асобнікаў. 1. Вынікі апытання У апытанні было задзейнічана 106 рэспандэнтаў (101 чытач і 5 журналістаў). Газету пераважна чытаюць асобы з сярэдняй спецыяльнай (11%), няпоўнай вышэйшай (24%) і вышэйшай адукацыяй (60%). Сярод чытачоў 78% знаёмяцца са зместам выдання рэгулярна, 19% — некалькі разоў на месяц. Прыхільнасці і прыярытэты чытачоў адлюстроўваюць наступныя табліцы. Табліца 1. Чытачы ўзроставай групы да 30 гадоў, 34 чалавекі
Прапанаваныя тэмы: — палітычная аналітыка (3, у тым ліку “больш якасных каментароў да палітычных і эканамічных падзей” ), — жыццё суседніх краін (3), — моладзь (2), — адукацыя (2), — экалогія (2), — жыццё рэгіёнаў (1), — андэграўдная культура (1). Рэйтынг выданняў: “БелГазета” — 17; “Наша Ніва” — 15; “Комсомольская правда в Беларуси” — 7; “Народная Воля” — 6; “Белорусы и рынок” — 4; “Народная газета” — 2; “Советская Белоруссия” (СБ) — 1 (акрамя тэм палітычных і грамадскіх); TUT.BY і іншыя Інтэрнет-рэсурсы — 1; “Газета Слонімская” — 1; “Экспресс-Новости” — 1; няма адказу — 2; Табліца 2. Чытачы (48) узроставай групы 30—60 гадоў
Дадатковых тэмаў не пазначана. Рэйтынг выданняў: “Наша Ніва” — 39; “Народная Воля” — 22; “Комсомольская правда в Беларуси” — 12; “БелГазета” — 12; “Звязда” — 8; “Свободные новости плюс” — 5; “Белорусы и рынок” — 4; “Советская Белоруссия”(СБ) — 1; “Народная газета” — 1; “Рэспубліка” — 1; “Экспресс-Новости” — 1; “Самвыдат” — 1; ніводная — 2; Табліца 3. Чытачы (19) узроставай групы ад 61 года і болей
Прапанаваныя тэмы: — заробкі простых людзей (асабліва з малых гарадоў і вёскі) (2), — аналітычныя высновы па ўсіх прынятых уладамі рашэннях з адлюстраваннем іх наступстваў, — сацыяльны і маральны стан грамадства ўвогуле і ў правінцыі ў прыватнасці, — алкагалізацыя насельніцтва, — рэальнае жыццё і інтарэсы эліт, правінцыйнай інтэлігенцыі, пралетарыяту, жыхароў вёскі, люмпэну і маргіналаў, — рубрыка “Беларускі Інтэрнет”, — арганізаваць інтэлектуальны двубой, як у “БелГазете”, — ахова навакольнага асяроддзя, інтарэсы і патрэбы простага люду, выказванні прыхільнікаў улады (усе — па аднаму голасу). Рэйтынг выданняў: “Наша Ніва” — 17; “Народная Воля” — 15; “БелГазета” — 2; “Советская Белоруссия” (СБ) — 1; “Комсомольская правда в Беларуси” — 1; “Брестский курьер” — 1; “Белорусы и рынок” — 1; “Наша слова” — 2; “Рэспубліка” — 1; “Интекс-пресс Барановичи” — 1; “Новы час” — 1; Ніводная — 1; Табліца 4. абагульненыя варыянты адказаў
У ацэнцы бальшыні структурных пазіцыяў погляды чытачоў і журналістаў газеты супадаюць. Але таксама прысутнічаюць даволі паказальныя разыходжанні. У “палітычным” блоку найбольшыя разыходжанні выявіліся стасоўна асвятлення “дзейнасці апазіцыі” і “дзейнасці прэзідэнта”. Больш за палову чытачоў (55%) лічыць, што пра апазіцыю трэба пісаць “меней”, а вось усе 100% журналістаў прытрымліваюцца цалкам супрацьлеглай думкі. Відавочна, гэта сведчыць пра сталае ўяўленне місіі незалежнага журналіста як “голаса апазіцыі” — і адначасова пра пэўную стомленасць чытачоў ад “апазіцыйнай” агітацыі, пазбаўленай крытычнага і аналітычнага падыходу. Эфект “дэмакратычнай салідарнасці” спрацоўвае ў грамадскіх акцыях, але наўрад ці з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю медыйнага (а не агітацыйнага) рэсурсу. Што да прэзідэнта, дык ім чытачы цікавяцца яшчэ менш — толькі 40% палічылі неабходным больш распавядаць пра ягоную дзейнасць. А ўсе 100% журналісты зноў выказаліся насуперак. Магчыма зрабіць выснову, што ў якасці “медыя-атракцыёну” прэзідэнт у вачах аўдыторыі “НН” выглядае ўжо даволі “адпрацаваным матэрыялам”. А вось для журналістаў ён захаваў вагу ў якасці галоўнага ньюсмейкера краіны. Таксама падаецца цікавым разыходжанне меркаванняў з нагоды асвятлення навукі і спорту. Чытачы жадаюць “больш навукі” (66%), але з імі пагадзіліся толькі 20% журналістаў. І наадварот — чытачы амаль не цікавяцца спортам (28%), а вось 80% журналістаў — за пашырэнне ягонай прысутнасці на старонках выдання. Гэтае разыходжанне можна тлумачыць, з аднаго боку, чытацкай прыхільнасцю да традыцыйнага “нашаніўскага” фармату — інтэлектуальнага клуба нацыянальна свядомай супольнасці, з другога — спробамі рэдакцыі наблізіцца да “народнага” фармату, каб прывабіць новых чытачоў. Дарэчы, “больш забаўляльных матэрыялаў” жадаюць бачыць 80% журналістаў — але толькі 16% чытачоў. Дадатковае пытанне тычылася вонкавага выгляду газеты. Яно было сфармуляванае наступным чынам: “Ці задавальняе вас: а) афармленне выдання, б) колькасць фотаздымкаў і ілюстрацый, в) якасць шрыфтоў”? Станоўча на яго адказалі (у адпаведнай узроставай паслядоўнасці) 92%, 87% і 84% чытачоў. Як вынікае, найбольш крытычна рэспандэнты паставіліся да якасці шрыфтоў, а таксама колькасці (2 рэмаркі “зашмат”) і, пэўна, якасці фотаздымкаў ды ілюстрацыяў. Асобна для журналістаў было прапанаванае пытанне наконт магчымых рэсурсаў павелічэння накладу выдання. На першае месца тут было вылучанае “пашырыць рэкламную кампанію” (100%), на другое — “зрабіць змест выдання больш лёгкім” (80%), на трэцяе — “знайсці дадатковыя крыніцы фінансавання” (60%). За пункт “зрабіць змест выдання больш сур’ёзным” не выказаўся ніводзін рэспандэнт. Гэта абсалютна дакладна адлюстроўвае наяўны стан “НН” пасля “легалізацыі” ў сістэме распаўсюду “Белсаюздруку”: выданне вяртаецца да шырокага чытача, якому патрабуецца адпаведны фармат. То бок “каляровы” ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Фінансы — сталая праблема “НН”, таму яны таксама цалкам натуральна трапілі ў топ-спіс. Заакцэнтуем яшчэ раз адну з ужо ацэненых пазіцый: ніводзін з журналістаў не выказаўся за “больш сур’ёзныя” тэксты — то бок у канфлікце глыбіні і забаўляльнасці пакуль перамагае менавіта “лёгкасць”. Для “НН” — тэндэнцыя незвычайная і, як падаецца, небяспечная. Цікава, што за паляпшэнне дызайну (“афармленне выдання”) выказалася толькі 8% чытачоў, але сярод журналістаў такіх 40%. Ясна, што адданы “НН” чытач, ведаючы пра яе няпросты лёс на працягу апошніх гадоў, схільны дараваць хібы дызайну. Бо выданне для яго (гл. наступнае пытанне) з’яўляецца “крыніцай праўды” і роднага слова (а не дызайну). Гэткае — кранальнае, але трохі старасвецкае — стаўленне да газеты супярэчыць прафесійнаму разуменню неабходнасці развіцця выдання. Адказваючы на пытанне “Якія, на вашу думку, газеты найбольш поўна і праўдзіва адлюстроўваюць сацыяльныя, палітычныя ды эканамічныя падзеі?” і чытачы, і журналісты аддалі перавагу “Нашай Ніве” (34 і 38% адпаведна). На другім месцы ў чытачоў “Народная Воля” (20,5%), на трэцім — “БелГазета” (15%). У журналістаў на другім месцы — “Комсомольская правда в Беларуси” і “Народная Воля” (па 23%), на трэцім — “БелГазета” і “Товарищ” (па 8%). Астатнія выданні — “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “7 дней”, “Народная газета” і “Мінская праўда” — маюць у журналістаў нулявы рэйтынг. (пазнака на адной з анкетаў — “поўна і праўдзіва не адлюстроўвае ніводная газета”). Ніякіх сенсацыяў: пазіцыя выдання і ягоных чытачоў стабільная і збольшага салідарная — недзяржаўная прэса, недзяржаўныя думкі. На факультатыўнае пытанне: “Пра якія іншыя тэмы і праблемы мусіць таксама пісаць газета?” адказала 58% чытачоў, што сведчыць аб іх неабыякавасці да развіцця ўлюбёнага выдання. Хаця збольшага прапановы ўкладаюцца ў тыя тэматычныя пазіцыі, што ўжо культывуе выданне. Сярод найбольш паказальных тэмаў былі агучаны наступныя: “Жыццё і побыт у суседніх краінах, заробкі людзей, гісторыі развіцця праваслаўя на Беларусі, чаму вымірае Беларусь, чаму называюць абыякавасць беларусаў талерантнасцю”, “Геапалітыка, месца Беларусі ў сённяшнім свеце, навіны суседзяў”, “Пра жыццё простых людзей у Беларусі і за яе межамі”, “Шляхі выхаду са складаных эканамічных і сацыяльных сітуацый, улічваючы досвед суседзяў (малы бізнес, медыцына, адукацыя, сям’я, стан дарог, могілак і т.п.) і як грамада ўключана ў іх вырашэнне”, “Нарысы пра постсавецкую гісторыю былых рэспублік сацлагеру”, “Аналітыка з параўнаннем з краінамі блізкага замежжа”, “Выказванні аўтараў іншых краінаў пра сітуацыю ў Беларусі і суседніх краінах”. 2. Тэматычная структура выдання Сталічны штотыднёвік на шляху сур’ёзных трансфармацый сэнсу: “НН” ўжо не першы год спрабуе пазбавіцца ад фармату інтэлектуальнага клуба “свядомай” інтэлігенцыі і імкнецца ператварыцца ў інфармацыйна-забаўляльнае выданне шырокага прызначэння. Відавочны і сляды сталай прысутнасці ў Інтэрнет-прасторы: сёння ўжо цяжка сказаць, што да чаго з’яўляецца дадаткам — сайт да газеты альбо hard copy да сайту. Гэта яскрава адбіваецца на структуры выдання: змястоўнага падзелу на тэматычныя блокі няма. Ёсць надзвычай абстрактная рубрыкацыя — “Люстра дзён”, “Фокус”, “Каментары”, “Эсэ”, “Рэпартаж”, “Культура”, “Гутарка”, “Аб усім патроху” — што дазваляе рэдакцыі працаваць у максімальна спрошчаным (у плане зместу матэрыялаў) рэжыме: у такую матрыцу можа змясціцца што заўгодна. І сама матрыца можа “гуляць” як заўгодна: сёння “Культура” — гэта рэпартаж на цэнтральным развароце, заўтра — перадапошняя старонка. У адным нумары “Гісторыя” займае дзве старонкі, у другім — ажно шэсць (з шаснаццаці). Альбо раптам пасярэдзіне выдання нечакана загучаць галасы чытачоў (рубрыка “Пішуць чытачы”), а напрыканцы, недзе побач з абвесткамі культурніцкіх падзеяў, з’яўляецца “палоснік” пра Нобелеўскіх лаўрэатаў гэтага года. Неабавязковае “Аб усім патроху” можа выкуліцца са звычайнай дванаццатай на пятую старонку (2.10.08). Выспамі стабільнасці з’яўляюцца хіба дзве апошнія старонкі “Дзе варта быць” ды “Абвесткі і жарты”. Яны больш-менш адбудаваныя: ясна, што там будуць Расінскі ды Ушкін. Усё астатняе — ад гістарычных нататак да скандальнай хронікі — з’яўляецца непрадказальна і хаатычна. І ў прынцыпе лёгка замяняе адно аднаго: не Сагановіч — дык Сідарэвіч, не Бабіна — дык Панкавец. “НН” не мае логікі рубрыкацыі. Але мае логіку аўтарскай прысутнасці: кожны нумар выдання адбываецца дзякуючы не канструкцыі зместаў і паслядоўнасці прыярытэтаў, а аўтарам-харызматыкам рознага ўзроўню і маштабу амбіцый, сярод якіх Віталь Тарас, Сяргей Харэўскі, Віталь Сіліцкі, Лёлік Ушкін, Андрэй Расінскі, Аляксандр Класкоўскі, з найноўшых — Павал Касцюкевіч. Тэматычныя — і даволі ўдалыя блокі — паўстаюць час ад часу з нагоды сур’ёзных падзей, накшталт мясцовых выбараў альбо эканамічнага крызісу. І тады маем пару моцных старонак з канцэптуальнай адбудовай. Але ў звычайным рэжыме выданне складаецца з “наяўнага матэрыялу”: што ёсць, тое і кладзецца на паперу. Таму побач могуць апынуцца скаргі рэдакцыі на “Белсаюздрук”, скандал у беларускім футболе, бадзёрая навіна “У Літве перамаглі кансерватары і акторы” і фота праекта будучага Музея вайны (16.10.08, с. 2). Альбо выбарчая аналітыка “Вачыма загнаных”, крымінальна-медыйная гісторыя “Жалезныя злачынцы” і лірычная замалёўка Сяргея Дубаўца пра нарачанскія сосны (2.10.08, с. 6). Аб кароткіх зацемках на першых “навінных” палосах і казаць няма сэнсу. Спорт, крымінал, палітычны бліц-каментар, скандалы, эканоміка і канцэрты — усё разам, усё побач. Выданне фактычна працуе як сеціўны інфа-рэсурс — яно рассыпае перад чытачом у фармаце “menu” адразу ўсё свае атракцыёны і пры гэтым дбаць не дбае пра зручную навігацыю. Але ўсё гэта разам пазбаўляе “НН” паслядоўнасці і ўцямнага наратыву. Выданне развальваецца на асобныя інфармацыйныя паведамленні рознай якасці. 3. Суадносіны арыгінальных і запазычаных матэрыялаў Асноўная частка матэрыялаў выдання — арыгінальны прадукт, зроблены на замову рэдакцыі. За рэдкімі выключэннямі (перадусім перакладаў з замежных крыніцаў і тэкстаў з “сяброўскіх” рэсурсаў накшталт ARCHE альбо gazetaby.com) “НН” робіць разгорнутыя тэксты ўласнымі намаганнямі. Але гэта не тычыцца кароткіх навінных паведамленняў і каментароў: тут рэдакцыя выкарыстоўвае акрамя ўласнай інфармацыі разнастайныя навінныя рэсурсы — ад “Тузіна гітоў” і радыё “Свабода” да БелТА і прыватных блогаў. У сярэднім — дзве старонкі перадруковак на нумар + прыкладна на старонку культурніцкай рэкламы, абвестак і лістоў да рэдакцыі. То бок амаль 20% дробнага запазычанага матэрыялу. 4. Якасць арыгінальных матэрыялаў (празрыстасць, драматургічнасць, паслядоўнасць) Выданне мае праблемы з якасцю журналісцкіх тэкстаў — менавіта журналісцкіх, бо з літаратурна-эсэістычнай часткай усё больш-менш прымальна. Калі вельмі абмежаваная колькасць журналістаў працуе ў абмежаваныя тэрміны над кожным нумарам 16-старонкавага выдання, дык гэта непазбежна адбіваецца на якасці. Інфармацыйнасць у прынцыпе не страчваецца. Але вось са стылем і кампазіцыяй тэксту ёсць праблемы. Мова інфармацыйных тэкстаў часцяком пазбаўлена асабістых рысаў, тэксты перыядычна спыняюцца зусім нечакана і без адпаведнага падсумавання. Гэта тычыцца як аўтарскіх матэрыялаў, так і інтэрв’ю. Загалоўкі збольшага шэрыя і невыразныя: “А Фронт наступаў”, “Каложу дабудуюць”, “Харчаваньне беларусаў у ХХ стагодзьдзі”, “Крызыс крочыць па плянэце” і г.д. Подпісы пад здымкамі альбо адсутнічаюць, альбо працуюць у фармаце простага маркера: “Прыгажуня Іва Мілітка”, “Смалявічы, “абласныя Дажынкі”, “Пол Кругман” і г.д. Слабая праца з графікай — табліцаў і схемаў амаль не знойдзеш. Асобная тэма — адбудова прасторы старонкі. Тут рэй вядуць альбо грувасткія “палоснікі”, альбо пярэстыя і таму нязручныя для чытання складанкі накшталт “два артыкулы, тры малюначкі ды яшчэ шэсць зацемак дробненькімі літарамі”. Але спрыяльнага чытачу фармату ў абодвух выпадках няма. Словы забіваюць дызайн і, адначасова, жаданне дачытаць чарговы беспамерны “трактат”. 5. Поліфанічнасць пазіцый і меркаванняў Цягам шэрагу гадоў “НН” апынулася выціснутай за межы афіцыйнай медыйнай прасторы і існавала ў якасці своеасаблівай “суполкі ментальнага супраціву”. Ясна, што пры такім раскладзе казаць пра поліфанічнасць пазіцый было магчыма адно ва ўмоўным плане. Бо, з аднаго боку, “голас улады” з выданнем не сябраваў (а таму прысутнічаў на ягоных старонках пераважна як нагода для з’едлівых каментароў). З другога, працавала апазіцыйная салідарнасць, якая дазваляла абыходзіць непажаданыя пытанні і спрачацца не паміж сабой, а са “злачынным рэжымам”. З гэтага самыя вострыя канфлікты на старонках “НН” разгортваліся выключна ў літаратурнай сферы, а самыя актуальныя спрэчкі тычыліся дыскусійных матэрыялаў пра дзівосны лёс сучасных беларускіх інтэлектуалаў. У сённяшняй “НН” ракурс погляду крыху змяніўся. Па-першае, “рэабілітацыя” выдання павялічыла колькасць інфармацыйных матэрыялаў з дзяржкрыніц. Па-другое, больш месца на старонках прысвечана канфліктам і разыходжанням апазіцыйных палітыкаў. Па-трэцяе, хаця выданне пакуль не замаўляе падвойных тэкстаў-спрэчак (накшталт “Візаві” ў “Белгазеце”), але ўжо друкуе разнастайныя рэакцыі на сваю “легалізацыю” ад Ірыны Халіп і Сямёна Букчына. 6. Сістэма культурных спасылак — коды маўлення “НН” традыцыйна робяць свядомыя беларускія гуманітарыі. Таму планка якасці тут даволі высокая і з мовай пераважна ўсё нармальна. Але праблема “НН” у тым, што навінныя тэксты, дзе не да культурных спасылак, робяць маладыя кадры — стрымана і інфарматыўна, з мінімальным адсоткам аўтарскай свабоды. А вось аналітыку пішуць “тыя, каму за 40”, — асобы са стабільным культурным бэкграўндам і сталым стылем, ветэраны Адраджэння і шушкевічаўскай “адлігі”. Гэта фактычна альтэрнатыўная эліта. Таму й тэксты ў іх зроблены якасна, з поўным усведамленнем сваёй нацыянальнай і гістарычнай прапіскі. Інакш кажучы, матэрыялы па-за фарматам “інфармашак” не выклікаюць спрэчак на ўзроўні чысціні культурных кодаў (“НН” якраз сама іх і канструявала) — але менавіта гэтая бездакорнасць выглядае спрэчнай і штучнай. Бо рэальнаму шматгалоссю культуры на старонках “НН” супрацьстаіць інтэлектуальная ўтопія — ідэальная Беларусь. У “НН” ёсць некалькі гульцоў з маскультам (у тым ліку і расійскім) — Касцюкевіч, Будкін. Часам такім выступае Расінскі. Усе астатнія празмерна акадэмічныя — нават у сваей лірычнасці. Высновы Вынікі апытання дазваляюць зрабіць выснову, што па галоўных пытаннях зместу выдання (палітычная і эканамічная аналітыка, сацыяльныя праблемы, культура, гісторыя) чытачы і журналісты займаюць вельмі блізкія пазіцыі. Разам з тым падаецца, што перспектывы “НН” гэтыя дзве супольнасці бачаць па-рознаму: чытач прагне “саліднасці”, а журналісты імкнуцца да “палягчэння” зместу выдання. Станоўчы бок выдання ў тым, што рэдакцыя газеты імкнецца працаваць дынамічна, аператыўна і змястоўна. Адмоўны ў тым, што пераважна гэта тычыцца блоку навінаў і палітычнай аналітыкі. Усё астатняе — асабліва гістарычны блок — даволі слаба спалучана з наяўнымі інфармацыйнымі нагодамі. Такім чынам, маем “тры ў адным”: складанку навінаў і абвестак, калекцыю эсэяў і разважанняў, а таксама літаратурна-гістарычны музей. Калі дадаць, што памеры блокаў перыядычна вагаюцца ад адной да шасці старонак, дык можна зрабіць выснову: “НН” — газета з празмерна мабільнай структурай. Агульны баланс свайго і запазычанага выглядае няблага. Але выданню дакладна не хапае сур’ёзных аналітычных матэрыялаў — яны сёння фактычна губляюцца паміж “лёгкай” плынню навінаў і не менш “лёгкім” забаўляльна-эсэістыстычна-гістарычным блокам. Рэагаваць на эканамічны крызіс размовай з Адамам Глёбусам, прынамсі, неяк дзіўнавата. Але праз гэта, хучэй за ўсё, рэдакцыя імкнецца да агульнага “палягчэння” стылю выдання; да таго ж, відаць, яно не мае магчымасці заахвоціць новых аўтараў, не звязаных з выданнем сантыментамі ды маральнымі абавязкамі. Таму тэкставыя пазыкі ёсць не “генератарам сэнсаў”, а дадатковым атракцыёнам — альбо навінным “смеццем”, альбо “скандальнымі” артыкуламі накшталт “Мілан Кундэра пачынаў як даносчык” (16.10.08, с. 10—11). З іншымі (замежнымі і “тутэйшымі”) інтэлектуальнымі дыскурсамі рэдакцыя не працуе і збольшага будуе бесканфліктную прастору лакальнай “нашаніўскай” салідарнасці. Выданне паціху адыходзіць ад “ідэалагічна вытрыманых” пазіцый на карысць больш нейтральнага і ўзважанага погляду на айчынную рэчаіснасць. Асобы з дзяржструктур як і раней фактычна адсутнічаюць як аўтары тэкстаў альбо героі інтэрв’ю. Але варта адзначыць змену інтанацыі ў прамовах пра ўладу — ад рамантычна-змагарскіх да скептычна-цвярозых. “НН” крок за крокам ператвараецца ў забаўляльна-аналітычнае (менавіта ў такой паслядоўнасці) выданне для сярэдняй класы. Якой цікавая перадусім яна сама. Яшчэ трохі — і будзе беларускі Wprost. Пэўная закрытасць сістэмы культурных спасылак, што засталася ад “дубаўцоўскай эпохі”, адпавядала інтарэсам старой нашаніўскай аўдыторыі — прасунутай беларускамоўнай меншасці з сур’ёзнымі амбіцыямі тытульнай нацыі. Цяпер яна ўжо не працуе. Але новай сістэмы кодаў, здольнай прывабіць іншага чытача, яшчэ няма. “НН” спрабуе аднавіцца, аднак пакуль не здольна параўнацца ні з блогамі айчынных дваццацігадовых, ні нават са старой “Студэнцкай думкай”. Яе актуальныя коды — гэта пераважна вокны, адчыненыя ў пустэчу. Бо новыя людзі старых схемаў не разумеюць — і, натуральна, не шануюць. “Палягчэнне” выдання патрабуе дадатковай адукацыі журналістаў. “НН” завісла паміж сваім старым іміджам “саліднага” выдання для прасунутых гуманітарыяў і не надта ўдалымі спробамі радыкальнага “апгрэйду”. Адсутнасць уцямнага разумення новага накірунку адбіваецца на стылі “нашаніўскага” праекта: з аднаго боку — маштабныя калянавуковыя тэксты на разварот (а то й з працягам у наступным нумары), з другога — гуллівыя зацемкі пра простыя рэчы (каб адначасова было і змястоўна, і весела). Але адсутнасць дакладнай мяжы паміж медыйнай інфармацыяй, навуковым даследаваннем і безадказнай белетрыстыкай пазбаўляе арыенціраў і аўтараў, і чытачоў. [1] 32 чытача маюць узрост ад 30 да 60 гадоў, 36 чытачоў — ад 18 да 30 гадоў і 15 маюць 60 гадоў і болей. [2] У першай групе 21,9 % чытачоў маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, 71,8% — вышэйшую, 3,15% — сярэднюю і 3,15% няпоўную вышэйшую адукацыю. У другой групе (ад 18 да 30 гадоў) 2,8% маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, 50% — вышэйшую, 13,9% — сярэднюю і 33,3% няпоўную вышэйшую адукацыю. У трэцяй групе (ад 60 і вышэй) 73% маюць вышэйшую адукацыю, 20% — сярэднюю спецыяльную, 7% — сярэднюю адукацыю. [3] Не будзем ацэньваць мастацкія якасці малюнкаў, але, на вялікі жаль, яны сведчаць пра тое, што няўмольны час ужо закрануў свядомасць ветэрана.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||